СЬВЯТА ДАЖБОГА

Разьбяныя галовы ільвоў на парэнчах загадкава і, як заўсёды, трохі адрачона выглядалі з-пад доўгіх парчовых рукавоў сьвяточнага кунтушу вялікага князя. Альгерд, адбыўшы вялікае служэньне ў храме, сядзеў на абедзенным крэсьле, над якім, здаецца, яшчэ бачыўся цень папярэдняга валадара, і госьці перашэптваліся, наколькі сёньня ён падобны да свайго бацькі Гедзіміна: нахмураны лоб, спакойная, абцяжараная многімі дзяржаўнымі клопатамі веліч, асабліва ж пастава галавы, на якой зьзяў залаты княскі абруч з каштоўнымі камянямі, што час ад часу адсьвечвалі чырвонымі, зялёнымі і малінавымі зіхоткімі іскрынкамі.

Гасьцей за вялікімі сьвяточнымі сталамі было шмат: замежныя паслы, паны-рада, зацныя людзі Вільні, купцы. На фоне чырвонай плінфы[31] сьценаў іхнія аксамітавыя, парчовыя, шаўковыя каптаны, залатыя і срэбныя фібулы, гаплікі, апухі рукавоў выглядалі ўпрыгожаньнямі самой залы, яе неад’емнымі складнікамі. Сярод іншых выдзяляліся жрацы. Яны сядзелі на асобнай лаве ў сваіх высокіх белых каўпаках, з жэзламі ў руках і белых ільняных кашулях, на якіх магічнымі ўзорамі былі нашытыя залатыя і сярэбраныя круглякі-абярогі. Адзіная жанчына сярод іх, Нара, вялікая жрыца Лады, на гэты раз уразіла ўсіх ярка-чырвонай сукняй, на якой золатам былі вышытыя трохкутнікі — на грудзях і на лоне. Сукня была з найтанчэйшага шоўку, таму ўсё зграбнае цела жанчыны, асабліва ейныя грудзі і выразныя гузічкі вялікіх смочкаў, былі як выстаўленыя на агляд, ад чаго жарсьцю, нягледзячы на строгую цішыню першых хвілінаў урачыстага абеду, запальваліся позіркі мужчынаў.

Жанчын было няшмат. Усё гэта былі жонкі самых зацных мужоў Вільні, і на кожнай было столькі ўпрыгожаньняў, што, як пажартаваў блазен Альгерда Костка, кожная коштам была з добры карабель, так што можна было пускаць іх уніз па Вяльлі.

Клопатамі як Лойкі, так і прыдворнага лекара Ганса ўстала са свайго ложа і цяпер цяжка сядзела побач з мужам вялікая княгіня Марыя, стараючыся, каб мноства цікаўных вачэй не ўпалявала таго, што рука, якою яна трымае лыжку, калодай ляжыць на стале і амаль ня рухаецца.

— Слухай, госьці пярэстыя, як птушкі ў матуліным пакоі, — шапнула старэйшая князёўна Ганна сястрычцы Еўне. Сапраўды, княгіня Марыя трымала ў сваіх пакоях мноства яркіх, як баяры ейнага двара, замежных птушак і часта раніцай ляжала ў ложку гадзінамі, разглядаючы сваіх улюбёнцаў і слухаючы іхнія галасы. Цяпер яна пачула голас дачкі і востра глянула ў ейны бок, адначасна скоса пазіраючы на свайго духоўніка Нестара, нібы баючыся прапусьціць кожны самы нязначны ягоны рух. Трывога была ў ейным паглядзе, і нешта задушлівае, як перад навальніцай, вісела ў вялізнай зале, хаця хіба маглі заўважыць высокія госьці, што сёньня не было дваіх звыклых для большасьці з іх княскіх слугаў: ні Рэчыцы, ні падчашніка Няжылы, які звычайна рабіў сервіроўку сьвяточнага абеду. А яна была няпростаю: трыста сорак сярэбраных тарэлаў стаялі на доўгіх, тканых княжацкімі, яшчэ Гедзімінавымі ініцыяламі настольніках, а паміж імі месьціліся велізарныя падносы з закусьсю: мочаным гарохам, яблыкамі, рэдзькай і іншай бацьвінай[32]. Кіраваў усімі слугамі стольнік: ён толькі паварочваў галаву — а тыя ўжо ляцелі да гасьцей, несучы то смажаных качак на срэбных падносах, то вялізных, з чалавека, шчупакоў, то наліваючы ў масіўныя кубкі з прыгожымі пукатымі ўзорамі медавіцу, настояную на руце і сьвятаяньніку.

Усе елі са смакам. Ежа ня лезла ў рот толькі аднаму Кругляцу, які сядзеў у канцы стала.

Учора вечарам Кумец прыбег да яго ў такім выглядзе, у якім, мабыць, ніхто ніколі ня бачыў прыгожага, заўсёды ўпэўненага ў сабе памочніка лоўчага: парваныя на грудзях брунатнага каптана аплікі, на бурскіх[33] дарагіх партах чорныя пырскі, лісіная шапка з зялёным аксамітавым верхам стаяла на галаве тырчком. Ён задыхаўся ад гора. Высьветлілася, што кашталян замку Нарбут, возны Сухта і земскі Капец дапытвалі ўчора Рэчыцу, і яна сказала, што ўкрала смарагдавыя каралі ў вялікай княгіні і аддала іх свайму жаніху Няжыле, якога тут жа схапілі і кінулі ў ніжняе падзямельле замку, дзе трымаюць толькі самых вялікіх злачынцаў.

— Яго, мабыць, катуюць там, а я нічога не магу зрабіць! Я рваўся да вялікага князя, але кашталян сказаў, што пасадзіць і мяне, калі я буду перашкаджаць сьледству. Я хацеў сустрэцца з Сухтам — мы добра знаёмыя, — але і ён мяне не прыняў!

— А можа, нячысьцікі сапраўды спакусілі дзяўчыну на гэткае злачынства? — асьцярожна запытаўся Круглец, зачыніўшыся з Кумцом у самым аддаленым пакоі, каб іх не падслухаў ніводны са слуг.

— Я магу прайсьці вялікі агонь праўды[34], каб даказаць, што брат мой ня злодзей і ня дурань, бо такую каштоўнасьць нават прадаць ня так проста! Ды і хіба патрэбныя яму гэтыя каралі! — гаварыў Кумец, захлынаючыся словамі. — І можа, Рэчыца таксама ня брала іх. Бо яе відавочна прымусілі паказаць на Няжылу! Але навошта?!

Яны доўга абмяркоўвалі, як і да каго трэба зьвяртацца, каб даведацца, што ж адбылося насамрэч. Цяпер, на гэтым сьвяточным абедзе, куды на вялікае зьдзіўленьне хлопца запрасілі і сына пасла Леся, Круглец абдумваў магчымасьць зьвярнуцца альбо да самой вялікай княгіні, альбо да земскага Капца, якога ён ведаў з дзяцінства. Як дазнацца пра вытокі гэтага незвычайнага крывапрысяжства, калі нявеста сьведчыла супраць свайго жаніха? Што стаіць за ўсім гэтым? Ён і сумняваўся, і верыў Кумцу, якога ведаў з дзяцінства. Ведаў яго праўдзівасьць і разам з тым лёгкадумнае жаданьне ўцехі, таму і ня надта хацеў для сваёй сястры Уны такога мужа. Захапляўся Кумцовым умельствам у стральбе — і зьдзіўляўся нежаданьню таго хоць зрэдку зазірнуць у скрыпторый і даведацца мудрасьці старажытных.

Толькі што скончылася агульнае маленьне ў гонар Дажбога — жрацы ўсіх віленскіх храмаў сьпявалі сьвяшчэнныя гімны так, што ледзь ня ўвесь горад сабраўся пад сьцены княжацкага Горняга замку, і ў чыстым веснавым паветры, здавалася, можна было ўбачыць, як ціхаструйным воблачкам паднімаліся да вечных багоў чалавечыя малітвы. Сьпевы доўжыліся ледзь ня тры гадзіны, і цяпер, усеўшыся за доўгія дубовыя сталы, усе згаладнела накінуліся на прысмакі так, нібыта ня елі цэлы год.

Паступова хрумст, чмоканьне, пыхценьне, з якім стараліся госьці спатоліць голад, сьціхалі. Нара пасьля кароткага роздуму ўсё ж загадала пакласьці сабе на тарэлу кавалак фаршыраванага шчупака. Яе пульхныя, заваблівыя вусны час ад часу сьціскаліся ў жорсткую лінію. Яна чакала перапынку, калі лоўчыя, па просьбе Бурылы, пакажуць на замкавым двары новага сокала, якога прыслалі ў дар Альгерду з двара цьвярскіх князёў. Там абавязкова будзе гэты прыгажунок Кумец. Ён і не здагадваецца, што нанесены брату ўдар хутка насьцігне і яго самога. Ня толькі Бурылу, але і ёй патрэбная помста: хлапец пасьмеў збегчы, калі сьвяткавалі Саракі і калі яна сама прыслала да яго знак асаблівай увагі. Пазьней яшчэ раз са служкай Вольхай вялікая жрыца перадала Кумцу запрашэньне ў храм. У адказ памочнік лоўчага ахвяраваў храму дарагі падарунак — скрутак парчы, але сам туды не зьявіўся. Разьятраная, яшчэ ажно два разы яна пасылала ганцоў, апошнім жа разам з пасланьнем на бяросьце, абвінаваціўшы ў тым, што ён зьневажае саму багіню каханьня, але Кумец нават не адказаў.

За ўсе тыя злачынствы пакараньне яго чакае ня меней жорсткае, чым Няжылу. І сьмерць тая лёгкаю ня будзе.

Нара раздумліва выпіла глыток медавухі. Неўпрыкмет абвяла вачыма залу.

Але гэта залежыць ад таго, ці будзе сёньня на ягонай шыі хрысьціянскі крыж. Праверыць гэта павінна Гайна, каханка Лелюша, вернага слугі вялікай жрыцы. Дзяўчына ўжо ціха шапнула Нары, што Кумец, чакаючы перапынку сьвяточнага абеду, разам з іншымі лоўчымі і з сокаламі сядзіць унізе, у каморы, побач з вялікім лоўчым.

Нара спадцішка ўглядалася ў румянкавы, з прыжмуранымі шэрымі вачыма і ледзь прыкметным шнарам на шчацэ твар вялікага князя — яму зараз давядзецца прымаць няпростае рашэньне, і яна ведала, што яно павінна быць на карысьць жрацоў. У яго проста няма іншага выйсьця!

Яна чакала сігналу. І вось Гайна, якая служыла князёўнам, падаючы ім то вышытыя бялюткія ручнікі, то мяняючы кубкі, ледзь прыкметна кіўнула галавой. Нара ўсьміхнулася, глянуўшы на Бурылу. Усё ішло так, як задумалі яны. Павуціньне было сплеценае. І яны цярпліва чакалі, пакуль туды патрапіць няшчасная маленькая муха. Спачатку адна, за ёю — яшчэ і яшчэ…

Нарэшце Альгерд зрабіў знак кашталяну, і той гучна абвесьціў гасьцям, што зараз, пакуль на сталах паставяць новыя заморскія прысмакі і пірагі, яны змогуць убачыць новага княскага сокала.

Забава гэтая, што завялася ва ўсіх княскіх дварах, каштавала нямала. За вывучанага сокала маглі заплаціць як за некалькі кніг альбо за цэлы табун коней. І таму ўсе валам павалілі ў двор, дзе ўжо стаяў галоўны лоўчы, а за ім яго памочнікі. Кумец, у жоўтай атласнай кашулі і аблямаванай вавёрчынай скуркай шапцы, трымаў на парчовай рукавіцы новага сокала. Галава ў птушкі была накрытая лёгкім скураным каўпачком, магутныя лапы спакойна і ўчэпіста трымаліся за рукавіцу.

Калі госьці ўладкаваліся ля замкавай сьцяны, і кашталян падаў знак пачынаць, усё сьціхла ў напружаным маўчаньні. Княгіні падставілі разьбяное крэсла, яна цяжка села ў яго, раўнадушна гледзячы перад сабой.

Галоўны лоўчы коратка крыкнуў, і адзін з падручных страсянуў мяшок, які трымаў у руках. Адтуль вываліўся брунатна-шэры заяц і, на імгненьне азірнуўшыся, ашалела скокнуў наперад і пайшоў бязладна сігаць туды-сюды па вялікім прасторным двары. Усе погляды гасьцей зьвярнуліся да Кумца і сокала, з якога хлопец не сьпяшаючыся зьняў каўпачок. Птушка імкліва, як сарваная са спрунжыны, узьляцела ўверх, і, не пасьпелі прысутныя апамятацца, як яна маланкай сьлізганула ўніз. Раздаўся тонкі заечы крык, сокал узьняўся далёка ўвысь, трымаючы ў сваіх вострых, як лезівы, кіпцюрах перапалоханага зьвярка, але, па кароткай камандзе Кумца, плаўна паруліў на ягонае плячо. Другі памочнік перахапіў зайца, з якога цурком сьцякала кроў, выдраў яго з сокалавых кіпцюроў і кінуў у мяшок. Паляваньне адбылося так хутка, што госьці нейкі час стаялі аслупянела, пасьля загучалі пахвальныя крыкі, і задаволены Альгерд паклікаў да сябе галоўнага лоўчага і Кумца — мабыць, каб узнагародзіць абодвух.

І тады вялікая жрыца, дачакаўшыся, калі Кумец будзе праходзіць міма, і ўсе погляды скіраваныя на яго, спыніла памочніка лоўчага, учэпіста-жорстка, але з лагоднай усьмешкай узяўшы таго за рукаў.

— Пакажы, Кумец, рысіныя зубы, якія табе, кажуць, падарыў брат-злачынца. Магчыма, некалі ён аддасьць табе і смарагдавыя каралі, на якія можна купіць палову Вільні!

Яна добра ведала, калі і пры якіх абставінах нават ціхія словы прагучаць аглушальна. Усё адразу сьціхла. Гаманліва-рознакаляровая купа прыдворных нібы скамянела. Круглец, які стаяў у купе прыдворных, адчуў, як глуха тахнула ягонае сэрца. Увесь час ён адчуваў набліжэньне бяды — і яна прыйшла спачатку да Кумца, якога, як ён здагадваўся, кахала Уна. А значыць, бяда прыйшла і ў іхні дом.

— Дык пакажы! — працягвала Нара.

Знарок ляніва, як бы гуляючы, яна пацягнулася да грудзей лоўчага, не адпускаючы яго (Кумцу здалося, што ейныя кіпцюры, нібы ў страшнай Стрыгі, імгненна вырасьлі і ўпіліся ў ягонае сэрца), расшпіліла аплік, другі… Нізкі яе голас прагучаў для хлопца аглушальна:

— Ды ў яго тут, аказваецца, крыж! Ты — хрысьціянін?

І амаль імгненна з купы жрацоў пачуўся гучны голас Бурылы:

— Якая ганьба!

І слугі, што стаялі за вялікім жрацамі, зладжана падхапілі:

— Ганьба!

— Якая ж гэта ганьба? — падаў голас Нестар. — Отрак сей спадобіўся Хрыста, як і вялікая гаспадарыня наша…

Але ягоны голас патануў у воклічах, што, здаецца, ляцелі з усіх куткоў вялізнага двара:

— Ягоныя дзяды ў сваіх дубовых калодах перавернуцца!

— Попел іх у пыл ператворыцца!

— Вось чаму і брат яго стаў злодзеем!

І, нарэшце, грозна і гучна раздалося з купы жрацоў:

— Ты абяцаў нам, князь Альгерд, што твая жонка і яе служка ня стануць спакушаць нашых вернікаў!

Вялікі князь, які стаяў сярод усяе гэтай мітусьні адзінока і спакойна, назіраючы за тым, што адбываецца, дачакаўся цішыні. Усе глядзелі на яго. Ён гэтак жа спакойна і велічна зьвярнуўся да Кумца, што той, падобны да толькі што злоўленага зайца, нібы здранцьвеў у кіпцюрах вялікай жрыцы:

— Я апекаваўся табой, як сынам, бо бацька твой шмат выручаў нас у паходах. І ведаю, што ты не адрокся ад старадаўняй веры. Дык скажы праўду: крыж ты носіш толькі з павагі да княгіні, ці ня так?

Гэта была падказка. Выратавальная вяроўка, па якой грэшнік з бездані выкараскваецца наверх. Бурыла пачырванеў так, быццам уся кроў ударыла яму ў галаву. Кумец паглядзеў на Марыю. Яе заступніцтва магло б дапамагчы. Яна бачыла яго ў храме. Значыць, для Альгерда ў тым таксама не было сакрэту. Але цяпер, выкрытае перад усімі, яго хрышчэньне сапраўды выглядала злачынствам.

Вялікая княгіня млява і няўцямна глядзела перад сабой. Яна, мабыць, нават не разумела, пра што ідзе гаворка. Уся яе пастава сьведчыла: ёй блага, яна вось-вось страціць прытомнасьць, але стараецца трымацца ў крэсьле, нібыта яно, крэсла, само жыцьцё, якое ёй так ня хочацца пакідаць.

Гурба людзей напружана чакала, што ж адкажа Кумец. І той, бледны, як мярцьвяк у дубовай калодзе, ня мог расьціснуць зьледзянелых вуснаў. Ён, які не ўздымаў вачэй на навакольных, а бачыў толькі Гаспадара і ягоную жонку, раптоўна нейкім неспасьцігальным чынам спасьціг бязьлітаснасьць зялёных вачэй Бурылы, старанна схаванае акруценства кашталяна Нарбута, аблуднае і халоднае лязо вуснаў Нары. Узгадаў вокамгненна, як два гады таму на ловах вялізны сякач са страшнымі паўмятровымі ікламі пратараніў і раскідаў ахову Альгерда. І ён, Кумец, кінуўся напярэймы, пасьпеўшы за якое імгненьне да непапраўнага ўсадзіць свой востры корд якраз у разьятранае сэрца кабана і выратаваць гаспадара Княства.

— Не маўчы — кажы!

Нешта ўсё ж паспрабавала выказаць вялікая княгіня, але рука Альгерда непрыкметна сьціснула яе так, што Марыя ледзь не закрычала.

— Твой брат злодзей, так, але ты… ты заўсёды верна служыў багам і мне. Я ведаю, што сьвяцілішча Лады заступіцца за цябе.

Маўчаньне запанавала пасьля гэтых слоў вялікага князя. Але доўжылася яно нядоўга.

— На Саракі ён абразіў маю багіню, ён адмовіўся ад абраду і зьбег. Куды? Цяпер я ведаю — у царкву. Не, я не заступлюся за яго, — цьвёрда сказала Нара, і ярка-сінія вочы яе заблішчэлі помстай.

— Тады жрэц Бурыла пацьвердзіць, што адна з самых верных прыхажанак ягонага сьвяцілішча — маці Кумца, — мерна казаў Альгерд.

— Маці — так, але ён пры ўсіх казаў свайму брату, што прыносіць ахвяры Перуну жорстка і неразумна. У мяне ёсьць сьведкі, — павольна-змрочна, ды вельмі выразна вымаўляючы склады, аспрэчыў князевы словы вярхоўны жрэц. — У цямніцу яго, гаспадар!

І, здалося, увесь двор разам ускрыкнуў:

— У цямніцу яго!

Але Альгерд не здаваўся. Ён нібыта хацеў удыхнуць у маладога лоўчага сваю сілу і ўпартасьць:

— Кажы: гэтага не было?

— Кажы! — уклаўшы ўсю сілу перакананьня ў свае словы, выгукнуў і Круглец. Трэба ратавацца зараз, бо праз імгненьне можа быць запозна. І ён яшчэ раз, перакрыўшы галас, што ўзьняўся пасьля ягонага крыку, паўтарыў:

— Гавары! Не было, не!

Круглец абвёў вачыма вялікі гурт людзей, што глядзелі на яго: хто са злосьцю і нянавісьцю, а хто і са спачуваньнем. Можа, варта ратавацца — прынамсі, хаця б паспрабаваць. Але тады… Чаго тады вартыя ягоныя словы, ягонае рашэньне прыняць хрост? Сумленны чалавек ня можа хлусіць, як многія з гэтых людзей, што вучаць людзей і кажуць ім прыгожыя словы, але самі ня вераць у іх.

І тады Кумец як страпянуўся. Ён вырваў рукаў з кіпцюроў вялікай жрыцы і сказаў гэтак жа гучна, як і Бурыла:

— Было.

І ў раптоўным здранцьвеньні натоўпу разьнесьліся ціхія, але вельмі спакойныя словы, зьвернутыя да жрацоў:

— Я даўно спавядаю Хрыста і люблю яго ўсім сэрцам. Ён ня жорсткі, як вы. Ён ня хцівы, як вы. І ён ніколі ня хлусіць, як хлусіце вы, вялікія жрацы, што даўно ашукалі сваіх багоў гэтак жа, як і сваю паству.

І тады ўсё зноў закружылася, завіравала, загаласіла — галасамі Нары і Бурылы, загадамі Альгерда і ваяводы, сьлязьмі Марыі, роспачным воклічам Кругляца.

Праз якую гадзіну закуты ў жалезьзе Кумец вісеў на сьцяне страшнай падземнай вязьніцы, страціўшы прытомнасьць ад нязвыклага і неспадзяванага болю. А брат яго Няжыла, пачуўшы, што некага таксама кінулі ў каменны мяшок, крычаў у сьмярдзючую цемру падзямельля, а драўляны ашыйнік бязьлітасна ўпіваўся ў яго надзьмутыя ад напружаньня жылы:

— Хто там, гэй! Хто там ёсьць? Перадайце вялікаму князю і майму брату, што я не вінаваты! Перадайце, чуеце?!

Загрузка...