ЭПІЛОГ

У каморцы на другім паверсе царквы Параскевы Пятніцы Нестар пісаў, сагнуўшыся над пергаментам:

«У 1345 лета ад Раства Хрыстова 14 красавіка павешаны быў на паганскім дубе пакутнік Антоній, а праз дзесяць дзён, 24 таго ж месяца, пакараны быў і ягоны брат, названы мною ў хрышчэньні Іяанам. А сёньня, 13 сьнежня таго ж году, гэтак жа закончыў сваё зямное жыцьцё і Яўстафій, у паганстве Круглец, які таксама спавядаў хрысьціянства і быў за тое павешаны.

Люд Вільні спачуваў новым пакутнікам, і за гэты год паствы ў храме прыбавілася ўтрая, а вялікі князь Альгерд патаемна ад жрацоў падарыў нам наступнае: залатую кадзільніцу, новую золатам тканую рызу баршчовага колеру, тры срэбныя чашы і чарнёны пацір.

На тым тыдні сватаўся вялікі князь Альгерд да цьвярской князёўны Юльяны Аляксандраўны, і брат яе, холмскі князь Усевалад Аляксандравіч, даў згоду на той шлюб».

Ён завагаўся, раздумваючы над іншымі падзеямі, якія здаліся ўрэшце нявартымі запісу ў кнізе, якая перажыве стагоддзі і данясе да далёкіх нашчадкаў усё, што адбылося тут, у стольным градзе Вільні, у час ягонага жыцьця.

Таму не напісаў, як нядаўна на сьвітанку ўгледзеў каля храму, на месцы, дзе некалі стаяў каменны ідал Рагуціс з вогненна-чырвонымі вачыма (гэтыя рубіны пасьля паклалі ў княжацкую скарбніцу) скурчанае ў пакутах цела і, павярнуўшы яго тварам дагары, пазнаў былога вярхоўнага жраца Мікшу. Было падобна на тое, што Мікша быў атручаны альбо атруціўся сам, прыйшоўшы на месца, дзе некалі меў і славу, і пашану, якіх цяпер пазбавіўся назаўсёды, бо страціў надзею на разбурэньне хрысьціянскага храму. Спалохаўшыся, што прыпішуць гэтую сьмерць хрысьціянам, Нестар паклікаў служку і разам з ім перацягнуў нябожчыка далей ад храму, туды, дзе на месцы высечаных дубоў падрасьлі маладыя бярозкі.

Не напісаў таксама і таго, што пасьля пакараньня брата немаведама куды зьнікла маладая сястра Яўстафія (Астапа), якая была зьбегла ў Нямеччыну і затым разам з братам, як казалі, вярнулася ў Вільню. Хадзілі чуткі, што жрацы шукалі яе ледзь ня болей, чым самога сына пасла Леся. Але схоплены імі Яўстафій ня выдаў, дзе знаходзіцца ягоная сястра, і таму катаваньні прыняў незвычайныя: яму адрэзалі нос і скалечылі так, што да віселіцы дайсьці сам ён ня мог. І ўсё ж пасьля, цудам божым, падняўся на ногі і тым даў незвычайную моц духу яму, Нестару. Ідучы да пакутніка на прычасьце і сабараваньне, чакаў ён сьмерці, аднак натоўп плакаў горкімі сьлязьмі ад жаласьці да маладога і прыгожага отрака, што сам дабраахвотна прымаў сьмерць, і толькі некаторыя крычалі з нянавісьцю да хрысьціян. І не было ўжо на тым пакараньні ні Альгерда, ні вярхоўных жрацоў…

І яшчэ аб адной падзеі не напісаў сьвятар, якога Вечнасьць назаўсёды прыкавала да трох маладых баяраў, што сталі вядомыя як Віленскія пакутнікі. Падзея гэтая адбылася тады, калі і ён лёг побач з княгіняй Марыяй у прыдзеле пабудаванай ім царквы: князь Альгерд нарэшце змог расправіцца з язычніцкімі жрацамі, што сваёй воляй учынілі забойства замежных купцоў-хрысьціян заходняга абраду. Тады была схопленыя і сьцятыя горлам Бурыла і Нара, а Дзівейна ўцякла з Вільні і навекі зьнікла ў наваградскіх лясах, — хадзілі чуткі, што яна жыла ў сьвяцілішчы братоў-блізьнятаў Ашвінаў.

Гэтая падзея страсянула ўсё Княства і нарэшце пераламіла валадарства жрацоў: па загадзе князя быў сьсечаны сьвяшчэнны Дуб, і ніхто, апроч купкі служкаў, не прыйшоў яго бараніць, хаця плачу і стогнаў было ў Вільні нямала. А яшчэ праз стагоддзе на месцы Дуба стаяла царква Сьвятой Тройцы — у памяць аб трох першых пакутніках за новую веру.

Яшчэ праз шэсьць стагоддзяў да гэтае царквы, у цэнтры сталіцы краю, прыходзілі вучыцца ў сваю гімназію нашчадкі тых старажытных крывічоў, што некалі плакалі тут, гледзячы на пакуты трох новаахрышчаных отракаў, а пасьля самі, пад наступам часу, прынялі крыж. І сама вуліца гэтая, названая Вострабрамскай, стала падобнаю да крыжа: у галаве яго — Герб Пагоня на старажытнай браме, у сэрцы — ікона Божай маці, прывезеная Альгердам з Корсуні, па адзін бок — Сьвята-Духаў манастыр, дзе ляжаць нятленныя мошчы отракаў, па другі — Базыльянскія муры, дзе і пасюль стаіць на месцы сьсечанага дуба Траецкая царква. А вуліца ідзе ўніз, выцягваецца ажно да даліны Сьвятарога, дзе пад брукам ляжыць попел як балцкіх, так і славянскіх прашчураў-князёў, што тут тысячагоддзі назад жылі і валадарылі…

Загрузка...