САРАКАВІНЫ. МОРАК

Карчажка з хмельным мёдам стаяла на магіле вялікай княгіні Марыі, што месьцілася ля самай царквы Параскевы Пятніцы, побач на ручніках ляжалі яйкі, кавалкі жытняга хлеба і дзічыны. Паабапал, накрытыя ручніком, стаялі брэцьяніцы, аднак краўчы трымаў у руках залатую з эмальлю грэцкую чашу, з якой будзе піць вялікі князь. Хлопчыкі-памагатыя выстаўлялі наперад чашы меншыя, з серабра, аздобленага пярлінамі — для вярхоўных жрацоў. Вецер ірваў шытыя золатам павязкі на галовах прыдворных жанчын, уздымаў полы сініх, жоўтых, зялёных корзнаў іхніх мужоў, загаляў доўгія рукавы на жрэчаскіх каптанах. Беглі аблокі, адчынялі час ад часу сіні крышталь недасяжна-вечнага неба, адкуль глядзелі на трызну па мёртвай княгіні Марыі тыя, хто прымаў дары і паднашэньні.

Вялікі жрэц Бурыла чытаў маленьне да ўладаркі сьмерці Марэны, якая, як верылі ўсе прысутныя, прынесла сюды, на саракавіны, душу вялікай княгіні, каб магла яна пабачыць усіх дарагіх яе сэрцу людзей і суцешыць іх у вялікай жальбе.

Япіскап Нестар не выходзіў з храму — там зараз рыхтавалася паніхіда па памерлай, і князь Альгерд, пасьля таго як ён праводзіць душу нябожчыцы назад, у чысьцец перад Ірыем, прыйдзе ў храм, каб папрасіць для яе спакою і добрага адказу перад тым, Адзіным, хто судзіць усе справы яе і думкі.

Нямногія маглі здагадацца, колькі жарсьцяў і вузлоў закруцілася вакол гэтай нечуванай для Вільні падзеі, калі вярхоўныя жрацы прыйшлі да хрысьціянскага храму, хай нават і на магілу вялікай княгіні.

— Для нас гэта не царква — для нас гэта найперш сьвяцілішча Рагуціса, хай і разбуранае, — сказаў урэшце на вялікай радзе сьвяшчэнных старцаў і вярхоўных жрацоў стомлены ад шматгадзінных пярэчаньняў і састарэлых крыўдаў Бурыла. — Ягоны дух там, бо стагоддзі запар пакаленьне за пакаленьнем прыходзілі да яго, каб узьнесьці яму пахвалу і маленьні. І калі мы будзем паводзіць сябе абачліва і мудра, можа, неўзабаве верне сабе Рагуціс сваё законнае месца? І каменьне з нечасьцівай будыніны будзе раскрышана маланкамі Перуна?

Тое самае адразу ж загаварыла, як засьпявала, Нара:

— Нам не выпадае сварыцца з вялікім князем, які цяпер у скрусе. Падтрымаем яго зараз — ён падтрымае нас у цяжкую хвіліну. А вы бачыце: вакол нас змыкаецца кола хрысьціянства. Ды і ўнутры: уся усходняя частка Княства паддалася гэтай заразе, хаця і гвалціў сын рабыні князёўну Рагнеду перад бацькам і братамі! І што ж? Хіба адпомсьцілі палачане так, як гэта належала б воям? Хіба не здрыганулася рука ў Рагнеды? Яна ўрэшце сама стала рабыняй, прыняўшы схіму ў Ізяслаўлі!

— Што згадваць старыя часы! — падняўся з месца Лойка. — Страшнейшае тое, што мы — мы, хто ведае! — прыйдзем да апаганенага чарвямі цела — былога сасуду сьвятла і высокай сілы. Ня вам казаць пра тое, што, спальваючы цела, мы дапамагаем вызваліць з цямніцы полымя Духу, якое павінна падняцца ў Сваргу! І як я ўздыму там, ля апаганенай зямлі брэцьяніцу, як буду вітаць дух, які, можа, усё яшчэ ня можа выбрацца з тае цямніцы, ажно пакуль яна не згніе да костак!

Усе доўга маўчалі. Пасьля падняўся адзін з вешчых старцаў імем Вецер. Быў некалі вялікім празарліўцам, ды даўно зацьменіўся спакусамі жыцьця і каханьнем да простай жанчыны, з якою прыжыў сына. Нара, якая даведалася пра тое выпадкова, ня толькі захавала таямніцу, але і вылечыла сына ад цяжкай хваробы. За тое старац быў бязьмерна ўдзячны ёй і падтрымліваў, дзе і як мог. Востры розум дапамагаў яму захоўваць сваё высокае становішча, і ягоныя парады слухалі заўсёды з пашанай.

— Мы можам выклікаць там новы агонь[45] і такім чынам ня будзем апаганеныя, — прапанаваў ён.

Шэлест прайшоў па прысутных. Выклікаць на кавалку сьвяшчэннага ясеню альбо вярбы новы агонь каля магілы вялікай княгіні, як вышмароўвалі яго сьвярдзёлкам каля магіл высокіх духам старцаў, каб людзі пасьля несьлі той агонь да сябе ў хаты, значыла паказаць князю высокую пашану да ягонай жонкі, і разам з тым ачысьціць сябе ад непажаданага абраду. Гэта быў добры выхад, і ўсе згадзіліся з тым.

У той жа вечар, сабраўшыся ўтраіх у капішчы Перуна, вырашылі Бурыла, Нара і Вецер упершыню паказаць вялікаму князю Дзівейну. Цяпер было гэта надта няпроста: Лойка і яго маленьне моцна сапсавалі ім задуму. Бо, хаця і не знайшліся смарагды ў Дзівейны, усё ж цьмянае падазрэньне вісела над ёю, а значыць, і над ейнай сястрой. І ўсё ж трэба было працягваць — назад шляхоў ужо не было…

…І цяпер, калі маленьне завяршалася, збоку ад магілы вешчы старац Ар з нашытай на белым плашчы знакам Сваргі — рагатым чатырохкутнікам сонцазвароту — стаў шморгаць ясеневым цурбалкам па палене сухой вярбы, якое моцна трымалі з аднаго боку хлопчык у белай кашулі, а з другога — дзяўчына ў празрыстым покрыве, які закрываў ейны твар. Тое, што гэта была маладая дзяўчына, выдавалі яе рукі — тонкія, белыя, далікатныя. Народ, што тоўпіўся ля храму, спачатку не зьвяртаў увагі на старца і яго памагатых. Але паступова агульная ўвага засяродзілася як на Бурыле, так і на старцы, які раўнамерна рухаў сваім цурбалкам па палене. Сьпіна яго ўзмокла, цёмныя пляміны распаўзаліся па кашулі. Бурамір паскараў чытаньне, і ў рытм яму рухаўся цурбалак.

Толькі Нара магла заўважыць, што вопытны Бурыла доўжыў маленьне якраз да той хвіліны, калі з-пад рук Ара ўпершыню паказаўся нясьмелы сіняваты, амаль нябачны ў дзённым сьвятле матылёк агню. Натоўп ахнуў, хлопчык памагаты імгненна падкінуў да матылька пук сухіх сьцяблінак, а памочніца старца схапіла сваімі далікатнымі пальцамі палову таго пучка і кінула сабе ў чашу, дзе ляжала загадзя падрыхтаваная спажыва для агню, ад чаго ён успыхнуў ярка і весела. Яна адкінула пакрывала, і вакол раздаўся яшчэ адзін агульны ўздых: гэта была Дзівейна, пра якую віленцы і гаварылі, і слухалі на працягу апошніх тыдняў ці ня болей, чым пра самога вялікага князя.

З новым, толькі што народжаным агнём у руках яна пайшла проста да яго, і ўсім здалося — дзяўчына ня рухаецца, а плыве ў паветры. Цёмныя хмары пераддожжа надалі агню ў ейных руках асаблівую значнасьць: яго чырвоныя пасмачкі здаваліся большымі, а твар Дзівейны — таемным і велічным.

— Вазьмі, вялікі гасудар, гэты чысты і сьвяты агонь, няхай затуліць ён цябе ад чорнай сілы і немачы, — сказала яна рытуальныя словы, і вочы яе — сьветлыя, з чорнымі доўгімі вейкамі, сустрэліся з зеленаватымі, ледзь пачырванелымі на рэзкім ветры вачыма Альгерда. Гук ейнага голасу як абарваў у ім нейкую струну, сэрца вухнула і застыла, пасьля забілася шалёна, быццам хацела выскачыць з грудзей.

Захоплены зьнянацку, ён адразу, усёй істотай, спасьціг тое, пра што ня раз чуў як пра выраз, якому не надаюць асаблівага значэньня: «увайшла ў душу».

Ды яна не проста ўвайшла — уляцела. Уся, дашчэнту — высокая, гнуткая, з белым лілейным тварам, з румянкам на шчоках і чорнымі прамымі брывамі, з выразнымі, як намаляванымі, вуснамі і гэтым сваім нявінным выразам вачэй, адначасна наіўных і мудрых. Уляцела і, нібы заняўшы належнае ёй месца, тут жа ўладкавалася там, у ім, і нават скруцілася ў клубочак, як котка ці… зьмяя?

Пасьля, калі ён узгадваў гэты момант, спасьціг, што ня толькі голас, які абарваў нешта ў душы, і агонь, які яна несла, паслужылі задуме: яны дашчэнту спапялілі нешта ўнутры яго — можа, гэта была абярожная сьцяна, што ёсьць у кожнага чалавека, а можа, гэта было гало ўлады, што абкружае толькі гаспадара краіны. Іначай чаму ж, прыняўшы агонь, ня мог адвесьці погляду? Ня памятаў, як падхапіў чашу нехта з прыдворных, як сам ён падзякаваў дзяўчыне і ўзьняў брэцьяніцу з хмельным пітвом, каб памянуць нябожчыцу жонку.

І ўвесь той дзень ён быў як апоены нечым: яна, толькі яна стаяла перад ім — цнатліва-белая, як яблыня ў квецені. Недзе па баках ад яе хаваліся погляды, якія ён заўважыў і схаваў глыбока ў памяці: затоена-зласьлівы Бурылы і радасна-дзёрзкі Нары. А яшчэ — чамусьці разгублены — ваяводы.

Ваявода сапраўды разгубіўся: вялікае ўражаньне ад Дзівейны, стаўленьніцы жрацоў, было ў Альгерда настолькі відавочным, што гэта магло скончыцца для яго самога кепска. Ён раскрыў клубок змовы, але пра гэта ведалі толькі тры чалавекі. Калі ж вялікі князь, зачараваны дзяўчынай, раскрые ёй таямніцу, яго, ваяводу, можна толькі пашкадаваць. Ён зьнікне ці то ў водах Вяльлі, ці то ў страшных сховішчах храмаў, і ніхто ніколі не даведаецца пра яго…

Такое ж адчуваньне было і ў вознага Сухты. Гэта ён ставіў бяссонную варту ля камяніцы Дзівейны і ля храму багіні Лялі. Ён падкупляў прыслугу і там, і там. І як толькі штосьці стане вядома гэтай прыўкрасна-страшнай у сваёй нялюдскай гожасьці дзеўцы — яго, менавіта яго абяруць чарговай ахвярай, якую трэба аддаць багам, каб яны ня гневаліся на вільнянаў. Гарэць яму тады на сьвятым вогнішчы, з вырваным языком, каб ня выкрыкнуў у апошнюю хвіліну якую-небудзь таямніцу, якую ведаюць толькі яны, сапраўдныя гаспадары Вільні! Возны ня быў прыхільнікам хрысьціян, але паступова агіднымі рабіліся яму оргіі ў багіні каханьня, а таксама тое, што высокія баяры-язычнікі мелі па некалькі жонак і мноства наложніц. Ён любіў сваю жонку і не хацеў больш нікога, нават у Купальскую ноч. Цяпер яму заставалася адно — служыць вялікаму князю, і малады чалавек за гэтыя тыдні паступова прыходзіў да высновы, што гаспадар у краі павінен быць адзін. Тое, што калісьці вялікі Гедзімін і жрацы былі заадно, цяпер мянялася. Альгерд іншы, і іншыя цяпер стасункі паміж уладай і багамі.

Альгерд адчуў і іхнія настроі, і тых, хто радаваўся яго мораку: Мікша там, далёка ад магілы, глядзеў на яго змрочна і з надзеяй. Князь ведаў і адчуваў Мікшаву, а разам з ім і многіх іншых надзею: а можа ўсё вернецца на ранейшы кон? Калі замест хрысьціянкі Марыі вялікай княгіняй стане ня прышлая, не заморская, а свая?

Але гэта ўсё асэнсаваў ён пасьля.

А цяпер ледзь вытрымаў Гаспадар заканчэньне маленьня, а пасьля і паніхіду ў хрысьціянскім храме. Змушаны быў загадаць Нестару скараціць яе. Плылі ў ягоных вачах сьвечкі, жоўтымі плямамі клаліся на маелікавую падлогу. Твар Марыі, калі спрабаваў яго ўявіць, таксама струменіўся і мяняўся да непазнавальнасьці, а замест яго ўсплываў іншы — яе, Дзівейны! Вогнішча чыстага, толькі што створанага агню клалася на яе аблічча, яно трапятала, сьвяцілася. Ільняная сукня вымалёўвала абрысы прыўкраснага цела…

Так доўжылася тры дні. Ён не выходзіў са сваёй лажніцы, толькі піў ваду і адвар карэньняў дзівасілу, як пасьля моцнай атруты. Паслоў прымаў за яго ваявода Гаштольд.

Альгерд дакараў сябе: выходзіць, жрацы мацнейшыя за яго, вялікага князя! Ён зноў і зноў уяўляў сабе велізарнае сьвяцілішча Перуна: дзесяцімятровыя сьцены, трохпавярховая цагляная будыніна, каля якой, пад неймаверна старадаўнім дубам, стаяла медная постаць вярхоўнага бога, чые маланкі забівалі непакорных. Дваццаць прыступкаў, што вялі да алтара, мелі выявы месяца ва ўсіх яго квадрах, па іх можна было прадугледзець зацьменьні на сотні гадоў наперад. Гэтак жа можна было і прадбачыць будучае кожнага — але жрацы ўжо не маглі адолець старадаўняй навукі, як тое рабілі іхнія папярэднікі для знатных людзей Вільні, ня кажучы ўжо аб простай чадзі. Можа, таму, што рабіліся ўсе больш цяжкімі для падарожжаў у нязнаны сьвет, там, дзе ўсе рэчы, падзеі і думкі знаходзяцца ўсе разам, не разьдзеленыя ні часам, ні лёсамі.

Выходзіць, будучае існавала, але як угадаць яго нават на некалькі крокаў наперад?

Вялікі князь таксама ня ведаў свайго будучага. Адно ён вызначыў цьвёрда: ніколі, ніколі ня возьме ў жонкі Дзівейну. І нават не таму, што за ёю стаялі Бурыла, Нара і вешчыя старцы, а яны, хаця яшчэ моцныя, усё ж адыходзілі, як адыходзіць час язычніцтва.

Дзівейна — гэта сьмерць вялікай княгіні Марыі, гэта здрада і морак. Гэта жаночая сіла, якая накіраваная не на стварэньне і сьвятло, а на захоп і валадараньне. З-за гэтай сілы давялося ў пракаветныя часы вырываць уладу з рук Жанчыны і ўтаймоваць яе сілай. Аднак, як помсьцячы за тое, яна часам вырываецца з усіх путаў і авалодвае мужчынам. Варта яму толькі аднойчы саступіць.

Яму ж на тыя гады, што засталіся, патрэбная спадарожніца. І, апроч таго, саюзьніца. За ёю павінен стаяць нейчы меч, войска, сіла, якая дапаможа яму ў цяжкі час.

Такой сілай маглі б быць цьверычы. Ён ня раз дапамагаў ім у барацьбе з маскавітамі. Разам яны маглі б выстаяць і перад маскавітамі, і перад крыжакамі. Тыя лезьлі ў край, як клапы: тачыліся ў кожную шчыліну, шукалі кожную зачэпку. Зноў і зноў зьвярталіся да Папы, да іншых гасудароў, схіляючы іх на свой бок. І ўсё дзеля таго, каб захапіць чарговы кавалак зямлі, пашырыць свае ўладаньні. Ім усё мала. Кажуць, іхні замак у Мальбарку расьце ледзь не да неба. Вялікі магістр, калі адчыняе акно, утыкаецца ў аблокі. Вядома, гэта росказьні, але лазутчыкі сапраўды расказвалі пра гэтую цьвержу крыжакаў цуды. Казалі пра добра прадуманую сістэму пропуску, пры якой у замак ня мог пралезьці нават пацук, пра сістэму абпаленых гліняных трубак, што гнала з падполу цяпло ажно на самую вышыню цьвержы, пра тое, што абведзены ракой, замак супрацьстаіць любой хваробе, што прыносяць вецер і непагадзь. Яму, Альгерду, пакуль што такое недаступна. Замак у Вільні нашмат бяднейшы, чым у Мальбарку, бо абапіраецца князь толькі на сваю зямлю ды на тое, што назьбіраў і назапасіў ягоны бацька, вялікі Гедзімін.

Раніцай чацьвёртага дня да яго папрасіўся Нестар. Альгерд прыняў яго з неахвотай. Отрака, што перадаў просьбу, выкінуў з лажніцы, толькі праз паўгадзіны паклікаў яго зноў і загадаў прывесьці сьвятара ў малую тронную залу. Адчуваў перад ім няёмкасьць — шанаваньне саракавін пасьля сьмерці Марыі прайшло больш урачыста па язычніцкім, а не хрысьціянскім абрадзе. Здагадваўся, што ўжо ўсе паслы адпісалі ў свае краіны тое, што пры двары Альгерда існуе вялікая згода паміж князем і язычніцкімі жрацамі, — а гэта ўзмацняла пазіцыі крыжакоў і Масквы, Цьвер жа, як і Ноўгарад з Псковам, тым былі прыніжаныя. Прыніжаны быў і Нестар — усе ведаюць, што хрысьціянскаму храму аддаў вялікі князь куды меней часу, чым жрацам.

Таму сустрэў Нестара насьцярожана, загадзя рыхтуючыся да спрэчкі і доказаў сваёй праўды. Аднак сьвятар ня стаў узгадваць пра саракавіны. Сказаў адразу, як толькі блаславіў князя:

— Адпусьці, мой сын, з цямніцы Антонія.

— Гэта каго? — не адразу зразумеў Альгерд. Ён не цярпеў, калі сьвятар называў яго «сынам», і той казаў так вельмі рэдка, калі быў настроены рашуча і гатовы быў спрачацца з князем да апошняга.

— Кумца, — патлумачыў Нестар. — Ён пакутуе толькі за тое, што хрысьціянін. Гэта несправядліва. У Вільні шмат купцоў заходняга хрысьціянства, яны маюць свае храмы. І ўсходняга абраду таксама. Цьверычы, якія сюды пастаянна прыязджаюць, таксама ўжо спадобіліся ісьціннай веры. А хлопец у дадатак і твой былы прыдворны. Няўжо ты не шкадуеш маладое жыцьцё? Я дзень і ноч малюся дзеля таго, каб зьмякчыць тваё сэрца.

— Але ж ты колькі разоў ужо прасіў за Кумца, і я табе адмаўляў. Дык як ты асьмельваешся малаціць дзясяты раз адно і тое ж?!

— Ня злуйся, вялікі князь. На гэты раз ёсьць і зьмены. Цябе прыйдуць прасіць за Няжылу. І ты яго адпусьціш. Хаця ён злодзей і ўкраў смарагды.

— Якія зьмены?

Твар Дзівейны плыў перад Альгердам, і не было сіл адмовіцца ад яго. Князь паматляў галавой.

— Няжыла адмовіўся ад хрысьціянства, якое спавядае ягоны брат. Жрацы прыйдуць да цябе з просьбай зноў узяць падчашага да цябе на службу. Розгалас аб гэтым ужо ідзе па Вільні.

І дадаў з горыччу:

— Бурыла ўжо абвясьціў, што Пярун і Вялес даруюць адступленьне ад ісьціннай веры. Кажуць, гэта адбылося па маленьню гэтай… дзяўчыны, якая падносіла табе агонь.

— А прычым тут дзяўчына?

— Яны ўсё робяць, каб паказаць, што могуць дамагчыся болей, чым хрысьціяне. Каб проціпаставіць свае дзівосы ісьціннаму Богу. І таму мне так цяжка змагацца з гэтай цемрай.

Альгерд раздумваў. Вярнуць Няжылу ў замак? Сапраўды, ніхто не даказаў, кім жа ўкрадзеныя смарагды. Ніхто ня ведае ісьціны, і ці ня зьдзівяцца людзі, чаму ўвогуле застаўся жывым такі страшны злачынца? І ён дакараў сябе, што адклаў рашэньне аб лёсе гэтага хлопца. Трэба было ўсё ж пакараць яго. Тады не давялося б зноў гуляць па правілах жрацоў, а не паводле сваіх меркаваньняў…

У пакой нячутна сунуўся бледны отрак, ён чакаў, пакуль вялікі князь зьверне на яго ўвагу, і толькі пасьля дазваляльнага знаку прашаптаў:

— Да гаспадара просіцца вялікі жрэц Перуна Бурыла.

— Ну што я казаў? — падняўся з крэсла сьвятар.

— Я пакуль што не дазволіў табе ісьці, — сурова мовіў Альгерд.

— Ты забыўся: я ня твой слуга, княжа.

— Але ты прыйшоў да мяне з просьбай.

— Ня дзеля сябе. Дзеля літасьці і сьвятла для юнака, якому адкрылася ісьціна.

— Наконт ісьціны мы шмат з табой спрачаліся яшчэ ў раньнія гады. Я памятаю, якім ты быў у Віцьбеску. Ты цяпер стаў куды больш згаворлівым, Нестар, але і зараз ты ня хочаш разумець, што я не магу рабіць так, як загадвае мне сэрца. Я — гаспадар княства!

— Гэта значыць, што ты не адпусьціш Антонія? Але адпусьціш злодзея, які ўкраў каштоўную рэч, толькі таму, што аб гэтым будуць прасіць жрацы?

— Ён ня злодзей, — глуха адказаў Альгерд. — Ты, ойча, многага ня ведаеш. Таму — не асуджай мяне. Ідзі з мірам. Я ня выканаю тваёй просьбы, колькі б ты яе ні паўтараў.

— Я таксама жадаю табе міра. Але яго няма ў тваёй душы. Што ж, я заўсёды гатовы дапамагчы табе, толькі пакліч.

— У мяне няма патрэбы клікаць цябе. Пакуль што.

— Я паўтару табе, княжа, безьліч разоў: калі табе патрэбна будзе дапамога, я ўсё роўна прыйду да цябе.

— Ты, выходзіць, на мяне, як сапраўдны хрысьціянін, ня крыўдзішся, хаця я і адмовіў табе, ойча?

— Я — толькі служка Госпада. Гэта яму ты адмовіў сёньня. Памятай пра гэта, вялікі гаспадар…

Загрузка...