ІНТРЫГА ЖРАЦОЎ

Вялікая жрыца Нара хуталася ў шэрую пушыстую хусту, ляніва варушыла пальцамі ног у мяккіх, мехам унутр, цёплых боціках. На ейных каленьках, абцягнутых доўгай ваўнянай спадніцай, ляжала белая вязаная падушачка, пасярэдзіне якой чырванела выява Лады. Размова доўжылася трэцюю гадзіну, і хаця печ напалілі з самай раніцы, ад вакна, зацягненага сьлюдой, дзьмула, і жанчына час ад часу закідвала назад галаву з пышнымі бялявымі валасамі, каб ня ныла шыя, а яе сінія вочы прымружваліся, як у вялікай, сытай кошкі, якая схавала пад пульхнымі падушачкамі лапак гострыя кіпцюры.

Толькі нядаўна стала яна адчуваць, што цела, здавалася б, яшчэ па-юначы маладое і пругкае, усё ж пачынае няўлоўна стамляцца як пасьля шалёных оргіяў у гонар багіні каханьня Лады, так і падчас сур’ёзных бяседаў, калі яна разам з іншымі вялікімі жрацамі Вільні вызначала агульную палітыку язычаства і ягоныя патрабаваньні да вялікага князя. У глыбіні сьвятога дубовага гаю, адрокшыся ад сьвету і яго спакусаў, сем вешчых старцаў вызначалі тую палітыку для вялікіх жрацоў, а ўжо тыя несьлі яе далей, да людства і ўлады.

Але сёньняшняя размова, хаця і ішла яна пра лёс Княства і вялікую палітыку, вялася ў храме Лады, у асабістых пакоях вялікай жрыцы, што дазваляла жанчыне паўляжаць у высокім крэсьле, сярод аксамітавых падушак. Звычайна ж у такіх выпадках даводзілася сядзець у сьвяцілішчы вешчуноў, выпрастаўшыся, высока ўзьняўшы галаву, сярод сьсівелых нямоглых старцаў. Замест утульнай хатняй адзежыны яна мусіла быць у доўгай белай сукні і сярэбраным вянку, з калінавым кіем у руцэ і ў жрэчаскім каўпаку, чаго жрыца моцна не любіла: каўпак той выразна старыў ейны твар.

У пакоі, дзе задушліва пахла сушанай мятай, і дзе лавы былі абцягнутыя зялёным сукном, а курыльніцы ледзь улоўна дыміліся пахкасьцямі, месьціліся, таксама зручна ўладкаваўшыся на лавах і абклаўшыся падушкамі, тыя, хто дапамагаў Нары ў яе нялёгкім жыцьці вялікай жрыцы: ейны дзядзька, кашталян Нарбут, вярхоўны служка Лады Лелюш і ягоная каханка Гайна — пакаёўка старэйшай князёўны, жрэц Мікша. Наводдаль, на такім жа высокім, як у Нары, крэсьле сядзеў галоўны жрэц Перуна Бурыла. Яго твар, плоскі і расьцягнуты, як у жабы-рапухі, быў сур’ёзны, вузкаватыя зялёныя вочы глядзелі ўладна і пагрозьліва. Ён зьвяртаўся да прысутных, нібыта папракаючы іх кожным сваім словам:

— Нашы сьвяцільні пачынаюць чадзець, а нашы старажытныя багі дзень за днём губляюць тое, што ім належыць ад веку — чалавечыя душы. Хрысьціянскі бог, бог мёртвых і нямоглых, авалодвае імі. Распаленымі сякерамі трэба адсякаць адступнікаў, каб гніль не пайшла далей!

— Чаму ж вы ўсе не адстоялі Рагуціса? — з горыччу прашаптаў як бы пра сябе Мікша. Але Бурыла не прамінуў і гэтага ціхага шэпту:

— Таму што ты тады не насьмеліўся на тое, чаго я патрабаваў у цябе перад галоўнымі жрацамі, і на што тады не рашыліся і яны!

— Атруціць вялікую княгіню?

— Цішэй вы! — выпрасталася ў крэсьле Нара. — Цяпер не даверышся і самым адданым служкам!

— Не атруціць, а адправіць яе ў Ірый! — амаль шэптам, але гэтак жа горача пранізаў Мікшу зялёнымі разьятранымі вачыма галоўны жрэц. — І тады ўсё зьмянілася б адразу. Тады заглухла б будаўніцтва царквы. І мы аднавілі б храм яшчэ больш велічным і прыгожым, чым ён быў раней.

— Але галоўныя жрацы адмовіліся…

— Хто менавіта? Гэты агаломшаны прывідамі Лойка, які даўно жыве ня ў гэтым сьвеце? Служка жамойцкага Лелевеля, які дрыжыць за сваё месца, як палахлівы заяц? Гэтыя браты — кастраты, што спавядаюць Ашвінаў[21]?

— Не далі згоду і вешчыя старцы…

— А нашто ў іх пытацца? Ня ўсё і яны могуць спасьцігнуць. Мы таксама нешта цямім. Морак накрые ўсё, што мы захочам, калі… калі мы возьмемся за гэта разам. С і л а ёсьць у яе, — ён кіўнуў на Нару, — ёсьць яна і ў цябе, Мікша. Я ўгавару яшчэ некалькіх. Мы правядзём патаемны абрад. І тады… тады ні вешчыя старцы, ні Лойка не здагадаюцца, чаму віцьбеская паляндра[22] ўзьнялася да продкаў раней, чым яны яе паклікалі…

— Ня варта гэтага рабіць, — знарок ляніва пацягнуўшыся, так што зазьвінелі сярэбраныя падвескі-колты ў вушах і бранзалеты з бомамі на доўгіх мускулістых нагах, прамовіла Нара.

— Яна ўсё роўна памрэ. Судзяніцы сказалі мне гэта ўчора ўначы.

— Ты гадала па зорках? — ускінуўся Бурыла.

— Не, па дыме з начнога кастрышча. А яшчэ па палёце арліцы, якую задзяўблі сьвяшчэнныя вараны.

— Памрэ… Але наколькі хутка? Тут дарагі кожны тыдзень! — усклікнуў Мікша.

— Памрэ! Тады… тады трэба хутка шукаць яму сапраўдную жонку. Не з Полцеску альбо Віцьбеску, не з Цьвяры ці Германіі. Усе яны там ужо хрышчаныя! — загарачыўся Лелюш.

— Нашу! Якая будзе ўсёй душой аддадзеная старым багам і перакрэсьліць у душы Альгерда ўсё, што заклала там гэтая… прышлая, — ускінуўся Нарбут.

— Але надзвычай важна, з якога яна роду. Ці наш гэта будзе род? Ці іншыя багі завалодаюць Альгердам, а мы будзем адсунутыя ад яго і ад самога княжага двара? — задумаўся Бурыла.

І яны сталі перабіраць усіх вятшых людзей Вільні і ўзгадваць пра іхніх дачок. У кожнай то адзін, то другі знаходзілі нейкія хібы, ажно пакуль Нара працяжна і як бы нехаця не прамовіла:

— Я ведаю, хто будзе найлепшай жонкай для Альгерда. На каго мы можам спадзявацца і хто дапаможа язычаству супрацьстаяць новым багам.

– І хто гэта? Якая-небудзь служка вялікай багіні? Дзеўка, якая аддавалася безьліч разоў усім зацным мужам Вільні? З-за якой нас падніме на сьмех усё Княства? — ускінуўся Бурыла.

Нара вытрымала паўзу, абводзячы ўсіх усьмешліва-няўлоўным позіркам, пад якім, аднак, праглядалася моцная воля і настойлівасьць.

— Няўжо вы, высакародныя мужы Вільні, можаце падумаць, што я лёгкадумна стаўлюся да такой важнай падзеі, як новая жонка князя? І што я не прадбачыла будучага, гледзячы, як друзьнее Марыя?

– І што, у цябе ёсьць нехта на прыкмеце? — нецярпліва ўсклікнуў Нарбут.

— Вядома, ёсьць. Гэта мая сястра Дзівейна.

— Сястра?! — разам усклікнулі ўсе, а грамчэй за ўсіх — Нарбут. Яны ўтаропіліся ў жанчыну, ня ведаючы, як успрымаць ейныя словы. А тая загадкава ўсьміхалася, вытрымліваючы паўзу.

— Так, у мяне ёсьць сястра. Праўда, толькі па бацьку, ведамаму вам усім высакароднаму Мікуле. Вырасла яна ў храме Ашвінаў на Нёмане і ніколі ня ведала мужчыны. У яе няма ворагаў… пакуль няма. За ёю, праўда, не стаіць нейчы магутны род, толькі галоўны храм і ўплывовыя вернікі іншых храмаў сьвятых братоў, але, думаю, што найперш станем апораю ёй мы. Ці ня праўда, тыя, хто сабраўся тут, нечага ўсё ж вартыя?

Прысутныя дружна захіталі галовамі.

— Але як нам зьвесьці іх? — задумаўся Лелюш.

— Яна ўзьнікне ў адпаведны час перад Альгердам, і багі падкажуць яму ўсё астатняе…

— Чаму ж мы нічога ня ведалі пра яе дасюль? І… і твой бацька да самае сьмерці ніколі ня згадваў яе! — падазрона ўпіўся ў вярхоўную жрыцу погляд Бурылы.

— Таму што ён сам даведаўся пра тое амаль што перад тым, як легчы ў дубовую калоду[23]. Ці мала высакародных мужчынаў, што, як браты Ашвіны, магутнымі жарабцамі апладняюць кабыліц — прыгожых жанчын? Парода, што ад іх нараджаецца каля храма Ашвінаў, лепшая ў нашым краі, больш магутная, чым нават пры храме багіні Лады. Мне сказаў тое ўсяго пяць гадоў таму сам бацька, і я апекавалася гэтай дзяўчынкай, рыхтуючы яе для служэньня Ладзе. Яе маці, жрыца боскіх братоў, памерла рана, і я перадала ў храм нямала падарункаў, пакуль яны аддалі яе мне і зьнялі з яе апеку Ашвінаў.

— З Ашвінаў… Гэта добра, вельмі добра. Найстарэйшыя багі, яшчэ ад арыяў. Але ці валодае яна старажытнымі ведамі? — усхвалявана пытаўся Мікша.

— На якія забываюцца сёньня нават жрацы? — ушпіліў яго Нарбут.

– І — дзе яна? — Бурыла ўпіўся зялёнымі вачыма ў Нару, погляд яго пацьмянеў. Сінявокая, ружова-белая прыгажуня адказала яму нявінным позіркам.

— Калі хочаце, я пакажу яе вам.

— Зараз?!

— Канешне. Яна ўжо некалькі дзён гасьцюе ў маім храме, і мы шукаем для яе будынак, каб тут, у Вільні, для будучай жрыцы Лады, а, магчыма, і вялікай княгіні, быў свой дом…

Яна лёгенька стукнула доўгім пальцам у вялікі пругкі бубен, што вісеў каля яе на сьцяне. Праз колькі доўгіх імгненьняў — такіх нясьцерпных, нібы ўсім прысутным разам казыталі пяткі, дзьверы расчыніліся.

Гнуткая і зграбная, як маладая аленіха, з доўгімі попельнымі валасамі, на якіх зіхацеў сярэбраны абруч са скроневымі колтамі-кругамі, з яснымі шэрымі вачамі і ледзь прыкметнымі ямачкамі на пругкіх і круглых, як рэпка, шчочках дзяўчына стала перад прысутнымі. Колты з тонкага срэбнага дроціку, закручанага ў прыхаматлівыя ўзоры, аздобленыя эмальлю, надавалі жывы бляск яе ружовай, амаль празрыстай скуры. На серабрыстай сукні і на лёгкіх скураных поршнях зьзялі аднолькавыя, золатам вышытыя выявы коней. Жрацы ведалі: гэта знак таго, што Ашвіны — дзеці кабыліцы, якая выганяе са сховішчаў Ноч і Дзень.

— Мая сястра Дзівейна, — з асалодай назіраючы за разгубленасьцю мужчын, прамурлыкала Нара.

«Цнатліўка», — адразу вызначыў надта вопытны ў гэтых справах Нарбут, «плоць у ёй яшчэ не прачнулася, ад таго такая моц і яснасьць, як у дзіцяці».

Ён неўпрыкмет зірнуў на Нару. «Яны трохі падобныя. Але ў пляменьніцы, якая зьведала мноства мужчынаў, сіла іншая. Сіла веданьня, а не чысьціні. Яна ўмее абудзіць у любым, нават у самым стрыманым мужчыне, таго зьвера, таго асьпіда, які знаходзіцца ўнутры кожнага, і якога мы так і ня можам да канца ўтаймаваць. Але і ў гэтай ёсьць свая перавага — у яе ўсё наперадзе. На шчасьце, я ня родзіч ёй, бо Нара пляменьніца мне па маці».

Бурыла маўчаў. Дзяўчына яго ашаламіла. І не сваёй прынадлівай, гарачай і неадольна — чараўнічай вабнасьцю. За свае гады ён пабачыў шмат прыгажунь. Заняты больш важнымі, чым уцехі з жанчынамі, рэчамі, ён браў кожную, якая хаця на імгненьне абуджала ў ім жаданьне, і тут жа забываўся на яе. І так доўжылася гадамі, пакуль да яго, немаладога ўжо мужчыны, прыйшло тое, што ён сам спачатку не разумеў — жаданьне мець адзіную, атрымаць ад яе дзіця. І такая знайшлася. Гэтая сьвежая, як ранішні гурочак на гародзе, бяляначка была надта падобная да той, якая трывожыла яго думкі, сама ня ведаючы аб тым.

Да Уны, дачкі пасла Леся.

Даўно зазіраўся ён на Уну — яшчэ з той памятнай хвіліны, калі пасол Лесь атрымліваў ад Гедзіміна залаты медальён за пасьпяховыя перамовы з Ватыканам. Было гэта ў вялікай дубовай зале, дзе сабралася ўся знаць Княства. Тады яркія, каляровыя, з зялёнымі вінаграднымі лістамі шпалеры на сьценах цьмянелі перад безьліччу парадных сукняў з атласу, парчы і адамашка, а сонца ўспыхвала ў зіхоткіх дыямантах прыдворных баярыняў. Былі там і вялікія жрацы ўсіх храмаў Вільні. Калі вяртаўся пасол ад трона, дзе вялікі князь сам начапіў на ягоную шыю зіхоткі кругляк са сваім родавым гербам Калумнамі, ён радасна і ўсьмешліва глянуў у кут, і, прасачыўшы за ягоным позіркам, пабачыў Бурыла дзяцей Леся Кругляца і Уну. Помніў іх круглатварымі, шэравокімі дзіцянятамі па тры-пяць гадкоў і цяпер бы нізавошта не пазнаў — так яны падрасьлі. Але калі Круглец яшчэ ня выцягнуўся ў юнака, то Уна ў свае трынаццаць-чатырнаццаць пераляцела праз тую нябачную, але адчувальную мяжу, што аддзяляе зялёнае, цыбатае дзеўчанё ад паненкі. І ён, абмацаўшы чэпкім, шматвопытным позіркам яе юную постаць у зялёнай ядвабнай сукні, з зіхоткім абручыкам на попельных валасах, адчуў не пажадлівае і ліпкае жаданьне, якое ня толькі задаволіць, але і выклікаць у сабе з гадамі рабілася яму ўсё цяжэй і цяжэй. Не — ён раптам успыхнуў, як смаляк, па жылах прабег жывы агонь. І дзіўна: увесь час, як жрэц непрыкметна назіраў за Унай, агонь ня толькі не згасаў, але і мацнеў, разгараўся. Даўняе пачуцьцё радасьці ахапіла яго душу, і ён радаваўся і грэўся ў гэтай радасьці, як трапяткі аўсянік у сонечным сьвятле.

Тады ж ён вырашыў завалодаць гэтым дзеўчанём. Але падступіцца да Уны было нялёгка — бацьку яе шанаваў і нават любіў Гедзімін, ёю апекаваўся сам жрэц Сварога Лойка. Бурыла змушаны быў чакаць. Чакаць і бесьперастанку сачыць за кожным крокам Леся і яго сям’і.

Пасьля сьмерці Гедзіміна ён паспрабаваў завабіць брата і сястру ў вернікі храма Перуна, але тыя не паддаліся, трымаліся абасоблена. Калі зьязджаў кудысьці па справах бацька, яны былі пад апекай маршалка, у доме вечна віравалі ахоўнікі і слугі. Усе яны хадзілі пераважна ў храм Сварога, бо любілі слухаць Лойку. Ішоў час, падрастаў Круглец, рабіўся мужным воем, якому падуладныя дзіда і меч, корд[24] і нож. Калі памёр бацька, юнак быў залічаны ў княжацкую дружыну. І Бурыла зноў ня мог падступіцца да гэтай сям’і і ўсё чакаў зручнае хвіліны.

Зьяўленьне Нарынай сястры ўскалыхнула ў ім тое, што за цягам дзён некуды нібы адышло. І ён стаяў, а яго вузкі рот сьціскаўся ў такую пажадлівую злосную і рашучую лінію, што нават Гайна зірнула на яго з няясным пачуцьцём трывогі. Толькі Нара нібыта не заўважала стану свайго блізкага сябра, хаця яе шматвопытны позірк імгненна адзначыў бледнасьць, якая на кароткі час пакрыла лоб служкі Перуна.

— Сядай з намі, ня бойся, — вялікая жрыца ляніва паказала госьці на зялёны покрыў лавы.

— Дзякуй, сястра. Але зараз час маленьня Ашвінам. Я не хацела б прапусьціць яго. Шкада, што ў цябе госьці — мы маглі б памаліцца разам.

— Я думаю, што мая дарога ў Ірый ужо тройчы ўсьцеленая малітвамі, — усьміхнулася Нара. Але Дзівейна не зразумела ці не захацела разумець іронію. Яна глядзела сур’ёзна і строга.

— Зараз я пазнаёмлю цябе з маімі сябрамі. Яны стануць і тваімі, дзіця, бо без сяброў ты ня знойдзеш у жыцьці правільнай сьцяжыны…

Жрыца па чарзе назвала ўсіх прысутных. Дзівейна глядзела на кожнага ўважлівым позіркам, нібы імгненна ацэньвала ўсе ягоныя вартасьці, пачціва схіляла галоўку кожны раз, калі называлася чыёсьці імя. Прысела за лаву, узяла прапанаваную Нарбутам падушку і паклала за сьпіну.

Тым часам слугі падалі прысутным залатыя краціры[25] з віном. Дзівейна асьцярожна пасмакавала густы чырвоны напой, пасьля стала піць яго маленькімі глыткамі, час ад часу праводзячы маленькім чырвоным язычком па краёчку кубка. Нарбут адчуў, як сьцёгны яго нібы кусаюць мурашкі, і хутчэй адвёў погляд ад пульхных вуснаў цнатліўкі.

– І чаму яна навучылася ў Ашвінаў? Што яна можа? — запытаўся Бурыла, як быццам дзяўчыны ў пакоі зусім не было.

— Можа лекаваць многія хваробы і разьбіраецца ў зёлках. А яшчэ… — зноў загадкава ўсьміхнулася вялікая жрыца. — Яна валодае Гукам.

Жрацы — Бурыла і Мікша — пераглянуліся.

Валоданьне Гукам давалася нямногім, для гэтага трэба былі здольнасьці, якія даюць багі толькі абраным, а менавіта: адчуваць сьвет як адзін агульны вялізны гук, дзе выказвае сябе ня толькі чалавек, але і кожная расьліна, нават камень ці простая пясчынка. Адрозьніваць кожны такі голас — валодаць вялізнай сілай, бо вышэйшыя жрацы ведалі і тое, што гук сам можа зьмяняць форму і абрысы існага[26].

— А… можа яна паказаць гэта? — запытаўся Мікша. — І… на якім яна ўзроўні?

— На простым, — коратка растлумачыла Нара. — На тым, дзе ня бураць цьвержы, а даюць асалоду і забыцьцё.

– І яна можа даць… гэтае? Ну, асалоду? — ажывіўся Нарбут.

— Можа.

Нара зірнула на сястру, тая ледзь улоўна ўсьміхнулася, так што паглыбіліся ямачкі на круглых шчоках. Пасьля, ня зводзячы вачэй з магутнага каржакаватага, падобнага да мядзьведзя мужчыны, выцягнула вусны, акругліўшы іх у выглядзе гарлачыка.

Ціхі, але такі нізкі, быццам нёсься з глыбокага падзямельля, гук прымусіў усіх уздрыгнуць. Дзівейна пачала і вяла яго бесьперастанку, як быццам залівала ў кожнага з прысутных гляк густога залацістага мёду. І гэты салодкі, вязкі, напоўнены водарам чабору мёд паступова запаўняў цела, цьмяніў галаву і расслабляў волю. Дзяўчына ўзмацніла голас — і Нарбут адкінуўся ў крэсьле, твар яго скрывіла грымаса, адначасна радасная і пакутлівая, а Гайна затрэслася, як у ліхаманцы. Жрацы не паддаліся насланьню, але і ў іх пачырванелі твары, і кроў хутчэй пабегла па жылах.

— Хопіць! — Нара махнула рукой, і гук замоўк.

Нарбут расплюшчыў вочы.

— Што гэта было? Падлога пада мною зыбалася, як кладка!

— А ў мяне ледзь не адваліліся грудзі, іх як быццам лашчыў дзясятак Лелюшаў! — паскардзілася Гайна.

— А я… — Лелюш махнуў рукой. — Ат, і казаць ня буду!

— Ну што, даволі? — Нара шматзначна зірнула на прысутных, усьміхнулася Дзівейне. Тая таксама ўсьміхнулася — яснай, нявіннай усьмешкай, і стала надта падобнай да вярхоўнай жрыцы нейкай уладна-халаднаватай цьвёрдасьцю, што прамільгнула ў ёй і гэтак жа раптоўна зьнікла.

Потым, пакланіўшыся, адступіла назад і імгненна зьнікла за дзьвярыма.

Стукнулі дзьверы, з калідора дыхнула пахам чабаровага мёду. Прысутныя моўчкі глядзелі адзін на аднаго. Нарбут апамятаўся першым.

— Ці не занадта… — ён пакруціў рукой у паветры. — Ці не занадта незвычайная яна для вялікай княгіні? Ды ад яе ўсё жывое трапеча!

– І маладая?

– І прыгожая? — раздаліся галасы.

– І ці можна будзе ёю… кіраваць? — выказаў самае галоўнае сумненьне Бурыла. — Яна, здаецца, да таго ж і бяз меры набожная?

Але Нара толькі засьмяялася.

— З самых зацятых цнатлівак, — сказала яна спакойна, — выходзяць самыя вялікія распусьніцы. Можаце мне паверыць. Хто-хто, а ўжо я ведаю гэта лепей за вас усіх. Але для таго, каб Дзівейна ўрэшце трапіла ў вялікакняскі палац, нам трэба мець там як болей сваіх людзей. Гэтая твая справа, крэўны, — кіўнула яна Нарбуту.

— Ня ўсё я магу. Вось, вазьмі, напрыклад, падчашага Няжылу, забі яго Стрыга! Гэта ня наш чалавек, а толькі Альгердаў. Ягоная нявеста прыслужвае вялікай княгіні. Брат — памочнік лоўчага, яго гаспадар цэніць больш за самога лоўчага. І іхнія сябры маюць там вялікі ўплыў. У гэтай чарадзе і Круглец, сын пасла Леся. І ўсіх іх трымае і любіць вялікі князь — ці сама гаспадарыня.

— Круглец сябруе з сынамі Драмака? — адразу ж азваўся Бурыла.

— Так. І Круглец, я чуў, хацеў бы выдаць за аднаго з братоў сваю сястру! — рады, што можа ўкласьці ў агульную гаворку і нешта сваё, азваўся Мікша.

— Гэта каторую?

— Здаецца… здаецца, яе клічуць Унай.

— Во як… — працадзіў вялікі жрэц. Яго вочы яшчэ болей звузіліся. — За каторага ж з братоў, цікава ведаць?

— За Кумца. Але той, пасьля таго як ахрысьціўся, можа, і не захоча ўзяць язычніцу! — з гатоўнасьцю дакладаў Мікша.

— Гэта цэлае ахрап’е[27], забі іх Стрыга! Гняздо павучынае! Разьмесьці яго хутчэй! — з гарачнасьцю стукнуў па стале Нарбут.

— Пачакай! — асьцерагла Нара. — Адразу толькі жабы скачуць. Трэба перачакаць, нагледзець за гэтымі хлопцамі, ну хаця б спачатку за Кругляцом, нейкую правіну ці грэх, каб валадар неўзьлюбіў яго. Тады і за яго, і за сястру, і за ейнага мужа (яна азірнулася на Бурылу) заступацца ён не стане.

Яна пільна паглядзела Мікшы ў вочы.

— Што пра яго кажуць віжы? Ці ты сам віжаваў?

— Не віжаваў, а назіраў, — пакрыўдзіўся той.

— Добра! — нецярпліва абарвала жрыца. — Што ты выгледзеў?

— Ды пакуль нічога такога не заўважыў. Гэты малойчык надта цікавіцца скрыптамі, таму часта бывае ў замкавым скрыпторыі. Пасьля гуляе са сваімі хартамі. Прымаюць гасьцей — найчасьцей Няжылу і Кумца. Сястра таксама ў яго адукаваная, ведае многія мовы, дзеці шмат езьдзілі з бацькам то ў Рым, то ў Візантыю. Цяпер яна вышывае модныя шпалеры…

— Да Стрыгі тыя шпалеры! — ня вытрымаў Нарбут. — Кажы нешта істотнае!

— Няхай дакладае ўсё. Кожная дробязь можа спатрэбіцца, — холадна абарваў яго Бурыла.

— Бавіцца з кветкамі… — працягваў Мікша. — У іхняй хаце ўсё цьвіце, як у капішчы Мілды. Ну, нядаўна Кумец з іхняе хаты тройчы хадзіў у хрысьціянскі храм. Праўда, адзін.

— У храм?! — узьвіўся Бурыла. — І ты не сказаў пра гэта адразу?

— Ну дык жа сама вялікая княгіня…

— Ёй можна, яна ня з нашай зямлі. А гэтым… гэтым мы не дазволім!

Яго расьцягнуты, з шырока расстаўленымі жабінымі зрэнкамі твар пацьмянеў, іскры, здавалася, так і пасыпаліся з вачэй:

— У храм Кумец ходзіць пастаянна. А нядаўна быў там са сваім братам. А нявеста брата — пакаёўка ў самой вялікай княгіні, яна і сваіх бацькоў у храм прыводзіла, калі там была гаспадарыня — уставіла сваё і Гайна.

— З братамі справіцца прасьцей, чым з Кругляцом. Яны пастаянна на вачах вялікага князя, і даказаць, што яны хрысьціяне, лёгка — задумаўся Бурыла. — А там і да Кругляца дабяромся.

– І да ягонай сястры, — нявінна ўставіла Нара, ды Бурыла так пагрозьліва зіркнуў на яе, што яна як падавілася — закашлялася, схавала твар у цёплую хусту. Мікша паслужліва паднёс ёй квасу з пазалочанай брэцьяніцы.

Бурыла задаволена пацёр свой калінавы жэзл.

— Калі ў замку будуць нешта сьвяткаваць, кашталян?

— Ну калі? Вядома, на Дажджбога.

— Ну так, так… На Вялічка-чырвона яечка.

Ён задумаўся. Вялікая жрыца нецярпліва хуталася ў накідку. Яна шкадавала, што дазволіла сабе пакпіць з Бурылы. Нара добра ведала гэтага чалавека. Гэта ён, упершыню паспытаўшы ейных уцехаў і адчуўшы ў дзяўчыне роднасную душу, некалі прывёў яе на месца галоўнай служкі храма Лады, пераканаўшы вешчых старцаў у тым, што менавіта гэтай бялявай гнуткай, як ласіца, жрыцы найбольш падуладнае Будучае. Яна была тады зусім нявопытнаю, і перад выпрабаваньнем Бурыла добра яе падрыхтаваў. Найперш расказаў пра падзеі, якія хутка павінны будуць адбыцца пры двары вялікага князя, — разумны і хітры, ён ведаў многае, што было схаванае ад простых людзей. Загадзя падказаў ёй, як трымацца перад старцамі, што казаць. Бурыла вучыў яе тым таемным ведам, якія вядомыя адзінкам, і ён жа ў галоўным сьвяцілішчы Перуна, падкупіўшы служак каго страхам, каго золатам, загадаў непрыкметна павыцэджваць яд у сьвяшчэнных зьмеяў якраз перад тым, як паміж імі пройдзе, выконваючы свой галоўны іспыт, будучая вялікая жрыца. Менавіта яе бясстрашша перад зьмеямі (у душы яна калацілася ад страху, ды змагла схаваць пачуцьці) найбольш і пераканала пяцёх вешчых старцаў. Два з іх, аднак, паўсталі супраць Нары, ды калі яна перамагла, абодва праз год памерлі таямнічай, загадкавай сьмерцю….

Бурыла пасьля ўсяго гэтага займеў жаночую душу, якая была яму аддадзеная да самых патаемных глыбіняў, якая разумела яго раней, чым ён пасьпяваў сказаць слова. І хаця на агульных жрэчаскіх нарадах яна заўсёды трымалася нібыта наводдаль, Бурыла ведаў: вялікая жрыца Лады дапаможа ў самых цьмяных і страшных справах, зможа тое, на што нават ён ня здольны, таму што ёй багі далі хараство і спакусьлівасьць, якія будуць дзейсныя датуль, пакуль будзе стаяць сьвет. Праўда, ня ўсе сьляды ўдалося схаваць. Заўважылі шматмудрыя вялікія жрацы іншых сьвяцілішчаў, што менавіта той вешчы старац, які першым падняў голас супраць новай служыцелькі Лады, чамусьці неўзабаве памёр, хаця быў рухавым і спрытным. І абставіны яго сьмерці былі дзіўныя: ён быў знойдзены мёртвым у адным з вясковых храмаў Каханьня, а сямнаццацігадовая прыгажуня-служка расказала на распачатым сьледстве, што сівы вяшчун так быў апантаны яе вабнасьцю і маладосьцю, што забыўся на ўсё, апроч яе цела, і таму памёр у самы непрыдатны для таго час… У нагавор спачатку не паверылі, бо мудры старац ніколі не грашыў на хоць, аднак Бурыла засьведчыў, што, прадчуваючы хуткі адлёт у Ірый, паддаўся-ткі вяшчун спакусе хоць аднойчы паспытаць уцехаў Лады і сам прасіў павезьці яго ў вясковы храм — далей ад сталіцы… Астатнія мудрыя старцы сабраліся былі на агульнае маленьне, каб спытацца ў нябожчыка, што ж здарылася на самой справе, ды цяжкім было тое маленьне. Маўчалі, не захацелі гаварыць з імі ні багі, ні душа іхняга сабрата. Да таго ж, вялікі князь Гедзімін якраз прапанаваў на месца памерлага свайго чалавека… На тым і скончылася ўсё, і заціхлі размовы, бо ўсіх урэшце ці то залагодзіла, ці то застрашыла вялікая жрыца, і праз гады ніхто і ня памятаў, як яно ўсё пачыналася. Не дазналіся і прычыны няўдалага звароту ў Іншы Сьвет.

Ведалі толькі Нара ды Бурыла, ды некалькі бязьмерна адданых ім служак, што на агульным тым маленьні ў сьвяшчэннае вогнішча падкінутыя былі сьцябліны чамярыцы, якая атуманьвае галаву, таму і не дайшоў агульны покліч да тых месцаў, дзе можна сустрэцца з мёртвымі, і дарэмна плакала на страшным скрыжаваньні двух сьветаў душа памерлага, не вінаватага ні ў якім граху…

І, калі б ведалі бесклапотныя маладыя людзі — Круглец, Кумец і Няжыла, якія цешыліся жыцьцём, павагай вялікакняскай сям’і ды рознымі іншымі зямнымі радасьцямі, што задумваецца зараз супраць іх у ціхім пакоі з высокімі вокнамі, яны, мабыць, здрыгануліся б калі і не ад страху, дык ад агіды і наіўнага недаўменьня, што такое можа быць на гэтым сьветлым, сонечным і пакуль што такім бязьмерна ласкавым да іх сьвеце…

Загрузка...