УЦЁКІ НЕ АДБЫЛІСЯ

Ноч таемна шапацела сьнегам, ляпіла з вартавых, калі яны хаця на хвіліну выходзілі з вежаў, дзівосныя фігуры, падобныя да тых, якія спальваюць з прыходам Вясны-Лялі. Сьнег падаў і падаў, і варта ўжо з гадзіну нават і не спрабавала выходзіць з утульных, з цёплай печачкай, старожак, толькі час ад часу хто-небудзь высоўваў галаву і спрабаваў углядацца ў цемру, якую дарэмна спрабавалі разагнаць смалякі, што натужна трашчалі і шыпелі пад металічнымі, з адтулінай, накрыўкамі.

Начальнік другой зьмены ля Верхняе брамы Дрозд, які нядаўна зьмяніў варту Ваўка, нудзіўся. Цэлую ноч змагацца са сном нялёгка. І хаця ён добра выспаўся перад дзяжурствам, сёньня ў яго ламіла косьці і ныла ў вантробах. Чым і як лячыцца ад гэтае напасьці, ён добра ведаў. Але сёньня ў замку не было аніякіх баляваньняў, і наперадзе не сьвяціла нават глытка добрага цёмнага піва, ужо ня кажучы пра медавуху. Таму ён паныла сядзеў у куце і назіраў, як вартаўнікі робяць выгляд, нібы яны слухаюць ноч. Хутка ён зноў пагоніць іх аглядаць сьцены, перагукацца з ніжняй вартай і ўтоптваць сьцяжыны, па якіх раніцай першымі пабягуць кухары і пакаёўкі, а за імі малодшыя дружыньнікі, каб да таго часу, пакуль прачнецца вялікі князь, навокал усё было гладка і Альгерд мог пакрочыць па двары альбо ўніз, не баючыся замачыць свае тонкія юфтавыя боты.

Але калі маліцца багам ды слухацца іх, то шчасьце прыходзіць нібыта само сабой. У тым Дрозд пераканаўся, калі зарыпелі дзьверы і, здымаючы адной рукой з галавы башлык, у вартоўню зайшла памочніца малодшага кухара Бярозка. У другой яе руцэ гнулася лазовая ручка ад аплеценага лазой гляка, у якім — Дрозд імгненна вызначыў гэта па паху — штурхалася ў сьценкі вышэйшага гатунку медавуха.

Бярозка зьявілася ў замку ўсяго тыдзень таму, і бачыў яе Дрозд толькі некалькі разоў, калі яна прыносіла ежу для вартаўнікоў і для тых некалькіх вязьняў, якім быў аказаны гонар — сядзець у замкавых сутарэньнях. Адкуль жа медавуха?

— Што гэта? — асьцярожна запытаўся ён, старанна хаваючы радасьць. Раптам яна нясе гэты гляк кудысьці, і толькі зайшла да іх на якую хвіліну! Але Бярозка яго супакоіла:

— Вялікая княгіня загадала занесьці гэта вам. Табе… — паправілася яна, зьвяртаючыся да Дразда.

— Ну, калі ты, вядома, захочаш падзяліцца з іншымі.

І, апярэджваючы пытаньні, дадала:

— Яна не спадзяецца перажыць гэтую ноч. І помніць, што некалі ты ўратаваў ёй жыцьцё. Таму хоча разьвітацца з табою, пасылаючы гэтае пітво.

Дрозд з радасьцю перахапіў гляк, ад паўнаты пачуцьцяў ушчыкнуў дзяўчыну, а яна, лоўка вывернуўшыся, папярэдзіла:

— Вы ж толькі па глытку зрабіце тут, а то ўгледзіць хто, данясе ваяводзе. Зараз я і есьці прынясу.

Яна хуценька выскачыла за дзьверы, а Дрозд, адкаркоўваючы старанна засмалены лычык пасудзіны, апавядаў даўно вядомую стражнікам гісторыю аб тым, як летась княгіня Марыя, спускаючыся да брамы, пасьлізнулася, і яе па першым зімовым лядку панесла напрасткі на вострыя драўляныя, абабітыя жалезьзем калы, да якіх прывязвалі стражнікі коней. Аднак Дрозд перахапіў гаспадарыню і, штурхануўшы яе ў мяккі сьнег і адвёўшы ад калоў, сам не ўратаваўся і ўпіўся-такі плячом у жалезьзе, расьсекшы лапатку. Было шмат крыві, давялося клікаць шаптуху, якая, да жаху прыдворнага лекара Ганса, заматала рану павуціньнем, і яна на дзіва хутка зацягнулася. Вялікія ўладары дзячылі Дразду пастаянна. Адразу ж ваявода зрабіў яго старшым над вартай Верхняга замку, а княгіня адарыла выратоўцу вялікім срэбным талерам. Цяпер, бязьмерна расчулены, ён наліў у драўляны, выразаны з ясеню, ладны глячык напой, і з воклічам «За нашу гаспадарыню!» выліў яго ў свой губасты, прагны да пітва рот. Пасьля перадаў глячык іншым.

Калі Бярозка вярнулася з чарпаком і драўляным вядром з аўсянай кашай, адкуль патыхала парай, у старожцы стаяў гул і рогат. Дрозд адмахнуўся ад дзяўчыны, калі тая запрасіла іх павячэраць.

— Ты лепей бы салёных гуркоў прынесла!

— А што я буду рабіць з кашай?

— З кашай?

Дрозд падумаў. Хмель ужо віраваў у ім, туманіў галаву. Звычайна стражнікі каштавалі ежу, пасьля астаткі несьлі самым знатным вязьням. Рабілася так дзеля таго, каб, ратуй Пярун, не атруцілі па нейчым заказе кагосьці з іх. Бо некаторыя вязьні ўсё яшчэ захоўвалі таямніцы, пра якія хацелі даведацца як вялікі князь, так і яго акружэньне.

— Ат, занясі ты ім сама!

Звычайна варыва заносілі стражнікі, але сёньня, па ўсім відаць, ніхто не хацеў адрывацца ад медавухі. Пойдзеш — і нічога не пакінуць табе прагныя да напою хлопцы! Дразду ж хацелася сёньня быць добрым. Сама вялікая княгіня адзначыла яго!

— Глядзі толькі, каб яны ня зьелі цябе замест гэтай кашы! — п’яна крыкнуў ён і зноў прыпаў да гляка. Ноч на дварэ, сьнег шалясьціць па цагляных сьценах, трашчаць смалякі… Дарогу да Верхняй брамы праглядае ніжняя варта — чаго асабліва турбавацца!

…Дзяўчына пацягнула вядро ўніз, па вышчарбленых пляскатых прыступках, і, хаця яно было цяжкае, крокі яе паскараліся. Яна перадыхнула імгненьне і, пакінуўшы вядро ля дзьвярэй, упэўнена дайшла да чацьвёртае каморкі і зазірнула ў яе цёмную зяпу. Пасьля паклікала таго, хто павінен быў там знаходзіцца.

Спачатку было ціха, але прайшло некалькі імгненьняў, зазьвінела жалезьзе, і слабы голас, ад якога яна ўся задрыжэла, прашаптаў зьдзіўлена і недаверліва:

— Уна?!

— Гэта я, я. Кумец. Ты не чакаў мяне, канешне. Але я прыйшла. Прыляцела, каб вызваліць цябе адсюль.

Яна задыхалася, сэрца яе калацілася — не ад цяжкага вядра, якое яна только што правалакла па высокіх прыступках, а ад таго, што там, у каменнай пячоры, жывым азваўся да яе той, аб кім яна думала ўсе гэтыя пакутныя месяцы. Яна сама ніколі не прыйшла б да яго першаю, калі б ён ня быў бязьлітасна вырваны са свайго асяроддзя і ня кінуты ў шэрагі адрынутых і багамі, і ўладай, і людзьмі. Урэшце, так сталася і з ёю. І хто мог бы асудзіць яе цяпер?!

Ёй ужо не было месца ў Вільні, яна і зараз, застаючыся тут амаль ужо на два месяцы пасьля наведваньня іхняга дому Бурылам і шукаючы паратунку для Кумца, падстаўляла пад пятлю ня толькі сябе, але і галаву брата, які бязьмерна любіў яе і дапамагаў. Наўрад ці маглі б уратавацца і тыя, хто дапамог ёй зьявіцца ў замку, амаль усутыч з людзьмі, хто мог яе апазнаць, выдаць, затрымаць.

У яе ўжо не было нават часу. Небясьпека ішла па ейных сьлядах, як ішла за ёю нянавісьць аднаго з самых магутных людзей у сталіцы — вярхоўнага жраца Перуна.

Коратка, таропка яна перадала Кумцу сваю гісторыю.

— Цябе ўсюды шукае Бурыла, а ты прыйшла ратаваць мяне? — запытальна-недаверліва сказаў Кумец, і голас яго перарваўся.

— Не пытайся ні аб чым, бо пад замкавай гарою чакаюць Круглец і наш слуга Рамша з коньмі. Ты паімчышся куды хочаш: у Германію ці Рым, у Візантыю ці Чэхію. Ты будзеш свабодным!

— А Няжыла — ён таксама паедзе са мною?

— Вядома! Мы купілі каня і для яго.

— А іншыя?

— Хто пасьпее выскачыць — той уратуецца. Стражнікі наверсе ўсе сьпяць, і можна непрыкметна выпаўзьці ўніз, пад гару. Але я не змагу адчыніць усе замкі. Часу зусім мала!

— У мяне яго зараз стала замнога…

Яна амаль ня слухала:

— Вось абцугі — трэба хутчэй зьняць жалезьзе. Ты, відаць, нацёр ногі да крыві!

Яна тузала ланцугі, якія паблісквалі ў слабым чырванаватым сьвятле смаляка, запаленага ў калідоры, але рукі яе сутыкнуліся з ягонымі, цьвёрдыя пальцы абхапілі запясьце дзяўчыны.

— Уна, пачакай. Я хачу табе нешта сказаць…

— Брат, хто там з табою? — данёсься да іх устрывожаны голас Няжылы.

— Пачакай, брат, памаўчы!

У каморцы сьмярдзела потам і гнільлём. Салома пад нагамі Уны была вільготнаю. Са сьцяны тачылася вільгаць, у яе за колькі імгненьняў ужо скарчанелі ногі. Яна не разумела спакою Кумца. Чаму ён ня рвецца адсюль? Чаму абцугі, якія яна амаль сілком уклала ў ягоныя рукі, яшчэ не выварочваюць цяжкія ковы, якімі ён, гэты разумны, прыгожы хлопец, прыкаваны да сьцяны? Жаль да яго, што захапіў яе істоту тады, калі яна толькі дазналася аб ягоным арышце, а яшчэ жах быць злоўленай, небясьпека і захапленьне ўжо зьдзейсьненым прымушалі яе гарачкава гаварыць і пытацца.

— Ты можаш варушыццца?

Ён не адказваў, сядзеў у нейкім здранцьвеньні.

З кожным імгненьнем расло і мацнела нешта непапраўнае, тое, на што не разьлічвалі яны з братам, два месяцы рыхтуючы дзёрзкі і, як ім здавалася, беспамылковы план пабегу братоў з вязьніцы. Абое яны, добра ведаючы замак і ягоныя патаемныя хады, разьлічылі ўсё наперад: і службу Уны пад выглядам дачкі аднаго з віленскіх месьцічаў, і атручанае сонным парашком віно, якое зараз павінна было ўжо падзейнічаць на варту, і вераўчаную лесьвіцу, па якой вязьні вылезьлі б за муры замку і, асьлізнуўшы ўніз, селі б на коней, якія чакалі іх непадалёк, і нават пропускі беглякам, якія пад выглядам пасланцоў князя маглі без усялякіх перашкодаў выехаць праз Вострую браму пасярэдзіне начы… Адзінае, чаго яны не змаглі — гэта загадзя папярэдзіць Кумца і Няжылу аб сваіх планах. Але хто мог падумаць, што ён, той, да каго ірвалася ўся яе душа, замест таго каб сьпяшацца з вязьніцы, стаіць на сьмярдзючай саломе і спакойна глядзіць на яе, нібыта з нейкай далечы!

— Чаму ты не вызваляешся ад ланцугоў? — амаль выкрыкнула яна нарэшце. — Можа, на цябе навялі морак гарцукі? Ці сам Жыжаль?

Ён усё глядзеў на яе, міргаючы. Як асьлеплены слабым водсьветам недалёкага смаляка. Нарэшце ўстаў, патузаў жалезны пояс з замком, на якім мацаваўся ланцуг. Адарваць яго было немагчыма.

— Мяне трымае ня гэта, — сказаў ён нарэшце амаль бязгучна.

— А што?!

— Ня ведаю, як табе сказаць…

— Бяры абцугі, Кумец! Ці давай я сама раскую твой ланцуг!

— Пачакай, не сьпяшайся, — ён адвёў дзявочую руку. — Тут, у цямніцы… да мяне прыходзіў Усявышні… Я бачыў яго як зьзяньне. І гэта… дало мне такое сьвятло! Такую радасьць і такую моц!

– І… што?! — яна не разумела.

— Я ўзгадаў, што казаў мне аднойчы Лойка: такое сьвятло ідзе з далёкіх зорак, з самога Ірыю.

— Кумец, стражнікі хутка ачомаюцца, тады нам ня выбрацца!

— А ці стане Сьвятло прыходзіць да мяне… там? — ён паказаў рукой у накірунку лесьвіцы. — Там, дзе тлум, пагоня за багацьцем, за ласкаю князя… дзе няма калі думаць аб тым, навошта дадзенае нам жыцьцё? Думаю, яно мяне пакіне. Там я стану ранейшым — трохі веры, трохі ўцехаў. І ўсё як ва ўсіх.

— Чаму ж пакіне?… да цябе яно будзе прыходзіць усюды! Чаму ж не? — яна разгубілася, як губляюцца перад вялікім няшчасьцем. Гэта было так неспадзявана, так… несправядліва! Колькі яны з братам зрабілі дзеля таго, каб зьдзейсьнілася немагчымае: уцёкі з замкавае цямніцы, дзе днём амаль ні хвіліны двор не бывае пустым, дзе столькі варты, дружыньнікаў, гасьцей!

— А твой брат… Ты вырашаеш і за яго?

— Майму брату перабілі нагу, і я, тым болей ты, яго адсюль ня вынесу. Што ж — значыць, і яму, як і мне, варта падумаць над усім, што з намі адбылося, — раздумліва адказаў Кумец, і рука яго звыкла падклала пад плячо, да крыві нацёртае (цяпер яна бачыла гэта і ў скупым сьвятле) жалезьзем, кавалак таго, што засталося ад ягонага парчовага каптана. Дарагія некалі рэчы, што цяпер сталіся толькі рызьзём, глядзеліся на ім так, нібы ён усё жыцьцё насіў толькі гэтае: рызьзё, лахманы, бядноцьце, і не заўважаў таго. Але смуглявае маладое цела было ўсё тым жа — пругкім, цьвёрдым, нібыта і ня месяцы праседзеў ён тут без аніякага руху, а толькі ўчора прыйшоў з паляваньня альбо балю ў палацы князя. І пачуцьцё, што яе зашпурнулі ў бездань, што яна ляціць уніз, не адчуваючы пад сабою нават далёкага дна, прымусіла яе заплакаць і прагаварыць ужо з папрокам, з горыччу:

— Нас з Кругляцом павесяць на сьвяшчэнным дубе, калі зловяць і дазнаюцца, што мы спаілі варту…

– І хацелі вызваліць нас з братам? — дагаварыў Кумец. — Думаю, што Усявышні ахіне вас крысом свае літасьці, і ворагі вас ня выкрыюць. Ідзі адсюль, Уна, ідзі хутчэй, і забудзься на мяне. І твой брат няхай таксама забудзецца. Іначай нашае сваяцтва дорага вам абыдзецца. Дзякую за ўсё, і за тое, што клапоціцеся нават пра такіх далёкіх сваіх сваякоў, як мы…

Яна сьцялася, як ад удару. Не сваяцкае пачуцьцё вяло яе сюды, і не ад яго хацелася маладой дзяўчыне прыхінуцца да гэтага прыгожага, такога спакойнага ў сваіх няшчасьцях юнака. Яна адчула, што ён наўмысна загаварыў аб сваяцтве. Не сьляпы ж ён і не глухі, каб не адчуць, што вяло яе сюды, чаму яна, плачучы, ня хоча сыходзіць. А варта толькі каму-небудзь зайсьці да варты і пабачыць, як валяюцца гэтыя мацакі па вартоўні, сонныя і ачмурэлыя, як адразу ж уздымецца трывога, і тады яна ніколі ня выйдзе з гэтае страшнае цямніцы! Ён падштурхнуў яе:

– Ідзі ж!

— Я не пайду без цябе! Я… я застануся тут!

— Падумай пра Кругляца!

— А іншыя? Ім таксама патрэбнае тваё зьзяньне? Яны маглі б атрымаць свабоду!

— Тут два забойцы і тры злодзеі. Думаю, Бог ведаў, што ім трэба, таму яны ў вязьніцы, дзе падумаюць над тым, як і чым жыць. Віленскаму люду будзе бяз іх спакайней. Але рашай сама, Уна. Вызвалі іх замест мяне.

Тады яна пайшла, хістаючыся, да выхаду. Спатыкнулася аб вядро, якое глуха шмякнулася аб падлогу. Застыглая зьверху каша засталася гарачай і балюча абвалакла нагу. Ужо ступіўшы на першую прыступку лесьвіцы, дзяўчына азірнулася:

— Чаму?!

І пачула дзіўны адказ:

— Таму што люблю.

— Мяне?!

– І цябе таксама.

— Таксама?!

— Я люблю ўсіх людзей, Уна. І цябе сярод іх.

Дзяўчына кінулася ўверх па лесьвіцы, спатыкаючыся і плачучы ўголас. І пакуль адольвала прыступкі, усё чула трывожны голас Няжылы:

— Хто там, брат, хто там?

— Хто там? — крычалі і іншыя вязьні — хрыпата і адчайна, нібы глоткі іх зацягнула цінай доўгага маўчаньня, і яны адвыклі вымаўляць нават простыя словы.

І глуха-глуха, нібы з бездані, гучаў спакойны голас Кумца:

— Захавай, Божа, душы нашыя, а ня целы, пакінь нам сьвятло тваё, каб мы ачысьціліся…

Варта яшчэ спала — каго дзе застаў нечакана моцны і небясьпечны хмель, аднак Дрозд, што зваліўся на лаву, пачынаў пакутліва варушыцца, нават прыўзьняў галаву. Было ціха, адно трашчалі на сьценах смалякі. Уна асьцярожна дастала з вышытага скуранога футаралу, што вісеў на пасе аднаго са стражнікаў, шырокі блішчасты нож, вой таргануў нагой, павярнуўся на дубовым пяньку і тут жа зноў заплюшчыў вочы.

Яна асьцярожна, амаль ня дыхаючы, прайшла па сонным калідоры, прасьлізнула за сьпіной вартавога, што, аблеплены сьнегам, нерухома стаяў непадалёк ад дзьвярэй і глядзеў на дарогу наперадзе, дзе вялізным белым памазком бяліла і бяліла зямлю завіруха.

Тут, на вышыні, вецер завываў асабліва моцна, і ў яго злавесным завываньні патаналі іншыя гукі. Уне, абдзіраючы рукі і дзе-нідзе насякаючы зарубкі забраным нажом, удалося пралезці па ледзяным сьлізкім каменьні сьцяны да месца, дзе на ўбітым загадзя круку была замацаваная вяроўчатая лесьвіца. Перад тым як учапіцца за хрумсткія ад наледзі вяроўкі, яна зірнула на сьцяну высокай круглай вежы. Там, у вузкай шчыліне акна, слаба сьвяціўся жоўты агеньчык. Як савінае вока, цікаваў ён за Вільняй, за ўсім Вялікім Княствам.

Яна ня ведала — вялікі князь сядзеў над сталом, дзе ляжалі данясеньні віжоў аб тым, што кажуць пра яго вязьняў-хрысьціянаў замежныя паслы і купцы. Ён таксама думаў пра тых, хто пакутаваў унізе, і думкі яго былі надта невясёлымі…

Загрузка...