АПОШНІЯ АХВЯРЫ

Перабітыя ногі не стаялі, яго падхапілі пад рукі і амаль вынесьлі з цямніцы. Кумец заплюшчыў вочы — так засьлязіліся яны на ясным красавіцкім сонцы. Няжыла ішоў сам, трымаючыся за бок, прабіты жалезным прутам, якім ад душы частаваў яго падручны ката.

Іх кінулі на сялянскую фурманку, на якой вазілі гной. Парэпаны конік ледзь цягнуў калёсы, яны грукаталі па камяністай дарозе, кожны штуршок на якой аддаваўся нясьцерпным болем у скатаваных целах братоў.

Кумец маліўся. Ён пачаў гэтую доўгую, несканчоную малітву тады, калі пабачыў фурманку і зразумеў, што зямны шлях яго і Няжылы вось-вось абарвецца. І паступова боль праходзіў, яго ахоплівала мяккае залацістае зьзяньне, якое сьцішала ўсе раны і рабіла цела лёгкім. Ён ужо зьведаў гэта, і цяпер хацеў толькі аднаго: каб залатое зьзяньне ахутала таксама старэйшага брата і супакоіла ягоны боль. Яны мусяць памерці дастойна. Гэтага чакаюць ад іх сотні людзей, якія прыходзілі пад сьцены ягонай цямніцы і чулі адсюль словы, што давалі ім надзею. Яны не дачакаліся гэтай надзеі ад жрацоў, і цяпер вераць, што новае вучэньне дасьць іх душам спакой і сэрцам адхланьне.

Сонца ярка, як быццам таксама вырваўшыся з нейкая нябеснай цямніцы, залівала Вільню сьвятлом, і сярод шэра-зялёнага мроіва кустоўя гэтак жа ярка, па-сьвяточнаму, жаўцелі каташкі вярбы. Дзумкалі першыя пчолы, мяккі пыл казытаў ноздры, і раптам, як прарваўшыся аднекуль, вецер уварваўся ў горла і нясьцерпна захацелася жыць… І з гэтым пачуцьцём вярнуўся боль і зьнікла залатое зьзяньне. Тады зразумеў: для яго жыцьцё і яго спакусы — гэта боль і сьмерць. Зерне павінна ўпасьці ў глебу, каб даць плён. Ён мусіў памерці, каб уратаваліся людзі, што тоўпяцца на ўсім шляху да Перуновага гаю і прагна ўглядаюцца ў твары братоў. Нехта з іх глядзеў з нянавісьцю, хтосьці — са зьдзіўленьнем. Было некалькі чалавек, якія, ня тоячыся, плакалі. Ён пабачыў сьлёзы таксама на твары Няжылы.

— Маліся, брат! Так, як не маліўся яшчэ ніколі, з усёй сілай, на якую здольны! — загадаў Няжылу, і той схамянуўся, вусны яго заварушыліся… Дарога ўздымалася ўгору, першыя дубы нібы расступаліся перад фурманкай, і ўжо сотні людзей тоўпіліся каля іх.

Сьвяшчэнны дуб, яшчэ толькі-толькі разбуджаны вясною, са сваімі яшчэ не разьвінутымі лістамі, быў відзён здалёку. Над усімі і ўсім тут раскідаў ён свае галіны-рукі. Кумец глядзеў на яго і бачыў у яркім сьвятле дзьве пятлі, што зьвісалі з ніжняе галіны. Можа, таму, што не адводзіў вачэй ад дуба, не адразу згледзеў новы жоўта-смалісты памост, на якім было разасланае чырвонае сукно. Наперадзе стаяла вялікае крэсла з пазалочанымі парэнчамі і княскім знакам наверсе, — мабыць, для вялікага гаспадара Альгерда, ззаду роўненька месьціліся каля двух дзясяткаў крэслаў менш пышных, але з прыгожымі разьбянымі сьпінкамі — відаць, для вешчых старцаў і вялікіх жрацоў. А ззаду хвалявалася, дыхала, кашляла, уздыхала адгароджаная ад памосту чалавечая маса, якая, пабачыўшы фурманку, загула, загалёкала, завыла на розныя галасы. Гэтае галёканьне, у якім спляліся праклёны і пагрозы, працягвалася да той хвіліны, калі вязьням дапамаглі вылезьці з калёсаў і яны ціха, ледзь перастаўляючы ногі, пасунуліся да Дуба, куды іх, паколваючы дзідамі, прымушалі ісьці вартаўнікі.

Ціхі ўздых пранёсься па натоўпе, калі людзі пабачылі неверагоднае: Кумец ішоў на вывернутых каленьмі назад нагах! Яго твар, узьняты ўверх, быў асьветлены дзіцячай усьмешкай, і ўсім на імгненьне здалося, што хлопец вось-вось уздымецца ўвысь. На Няжыле, які ішоў побач, вецер разгарнуў лахманы, і было бачна, што два пераломаныя яго рабры вытыркаюцца са страшна апухлай, чырвонай і разьедзенай струпамі скуры. І тады ўпершыню раздаліся іншыя галасы — галасы спачуваньня і жалю. Ім запярэчылі іншыя — грубыя і ненавісныя. Яшчэ хвіліна — і разгарэлася б бойка, але варта, якая кінулася была да людзей, спынілася і застыла, пачуўшы гучны і ясны покліч рогу. Гэта прыбываў вялікі гаспадар княства Альгерд.

У малінавым плашчы, шапцы, абітай лісіным мехам, з вялікім залатым змеявіком-медальёнам на грудзях ён, накульгваючы, падышоў да памосту, сеў у крэсла. Твар яго быў суровым і пахмурным, рукі сьцятыя ў кулакі. За ім, крэхчучы і вохкаючы, занялі месцы на лаве вешчыя старцы і прыдворныя, а таксама жрацы. Горка заплакалі ў натоўпе дзьве жанчыны — гэта былі сёстры асуджаных Бяроза і Радагоста.

Бурыла стаў наперадзе, яго высокі каўпак са стралой — знакам Перуна — быў горда ўзьняты над маленькай галавой, зялёныя вочы спакойна глядзелі на натоўп. Ён зьлегку адкашляўся, каб голас яго быў важкім і гучным. Якраз Бурылу было даверана ад імя вешчых старцаў і вялікага жрэчаства Вільні вынесьці вырак злачынцам. І ў гэтым таксама была незвычайнасьць і важнасьць таго, што тут адбывалася, бо заўжды выракі чытаў возны, у лепшым выпадку — войт места. І ніхто ня памятаў, каб пры пакараньні сьмерцю прысутнічаў сам гаспадар Княства.

Кумец глядзеў на вялікага князя. Яму чамусьці ўзгадалася ахвярапрынашэньне Векшы і ейная кроў на нагах у Перуна. Тады Альгерд стаяў спакойна, бо ўдзел у ахвярапрынашэньнях успрымаў як частку свайго вялікняскага становішча. Цяпер, як ні валодаў сабой вялікі князь, было бачна, што ён добра ўсьведамляе незвычайнасьць моманту і ненавідзіць усё, што адбываецца тут. Нават тое, што вялікі князь адводзіць вочы ўбок і не глядзіць на братоў, замест таго каб з нянавісьцю ўглядацца ў іх, сьведчыла пра нежаданьне Гаспадара караць сьмерцю сваіх былых прыдворных. Кумец жа пазіраў на валадара Княства са спагадай. Жыцьцё не такое ўжо і доўгае, а тое, што адбываецца паміж імі зараз, а менавіта забойства яго і брата — застанецца. А яшчэ дазнаўся ён, хаця і быў у цямніцы, што пад хатнім арыштам і пад сьледствам зараз знаходзіцца Круглец, якому таксама пагражае пакараньне.

Ад гэтага часу Альгерда заўсёды будуць узгадваць разам з ім, Кумцом, і яго братам Няжылам, а можа, і Кругляцом — што б ні зрабіў вялікага і выдатнага гэты валадар Княства. І абвостраным, ужо амаль вешчым позіркам, бо глядзеў адтуль, ён убачыў Альгерда праз многія гады — уладнага, славутага сваімі справамі вялікага князя, які ваюе за Княства і ўздымае яго, ды ня сьпіць па начах і пачувае сябе няшчасным…

— Пачынайце! — як адчуўшы гэтыя думкі і хочучы перарваць іх, грозна кінуў Альгерд.

— Ваша Мосьць, я казаў Вам, яшчэ няма вялікай жрыцы Нары! — таропка папярэдзіў Бурыла.

Гэта таксама было нечуваным парушэньнем векавых звычаяў: у сьвяшчэнныя гаі не дазвалалася нават набліжацца жанчынам. Але Нара дамаглася гэтай прывілеі ад вешчых старцаў, і яны пасьля доўгіх ваганьняў адступілі. Калі нельга пускаць яе, казала вялікая жрыца, тады нельга дапускаць да Дуба і вялікага князя, які меў жонку-хрысьціянку і сам з дзяцінства быў ахрышчаны. А пасьля, неяк неўпрыкмет, выйшла, што дазволам можа пакарыстацца і ейная сястра Дзівейна…

Альгерд на хвіліну завагаўся, ды яму не давялося перад усімі альбо паслухацца вялікага жраца, альбо запярэчыць яму: дзьве жанчыны на белых конях амаль разам вылецелі з-за дубоў і паскакалі да памосту. Натоўп вохнуў і, узбуджаны, зноў ледзь не прарваўся скрозь ланцуг варты. Ваявода ціха сказаў некалькі слоў мечніку, і колькасьць вояў ля месца, дзе сядзеў гаспадар і ягоная сьвіта, стала павялічвацца. Тым часам вершніцы саскочылі з коняў, і адна з іх нізка схілілася перад Альгердам, а другая коратка пакланілася кіўком галавы. Усё ў іх было вытанчаным і падкрэсьлівала іхнюю вабнасьць, такую розную і ў той жа час усемагутную: сукня зялёнага шоўку ў Дзівейны і белая, як аблокі, з усходняга мусьліну ў Нары. Белая, з таго самага мусьліну намітка ў Дзівейны і зялёны, з рыжай лісінай апушкай каўпак у яе сястры, з якога зьвісала, абдымаючы плечы, залацістая тонкая тканіна. Яны нібы дапаўнялі адна адну — у аднолькавых пантофліках з ласінае скуры і ў сукнях, чые колеры нібы плаўна пераходзілі з адной на другую.

Гэтыя дзьве жанчыны, самыя вядомыя ў Вільні, атаясамлівалі яе прыгажосьць, багацьце і славу. І натоўп любаваўся імі, асабліва ж углядаючыся ў маладую і, як лілея, пяшчотна-ўзьнёслую Дзівейну, ацэньваючы яе і амаль несучы на крылах захапленьня да яго — вялікага князя, гаспадара, воя.

І Кумец, які стаяў ля дуба і на якога разам з братам усе на кароткае імгненьне нібыта забыліся, ацаніў задуму вялікай жрыцы, якая па-майстэрску выплеснула на вялікага князя тое захапленьне, якое непазбежна павінны былі выклікаць у вільнян і яна, і ейная сястра. Пачуцьцё тое ўзрастала ў процівагу Сьмерці, страшнай Мары-Марэны, якая лунала над усім тут і абвастрала пачуцьці, а значыць, таксама павінна была паслужыць планам Нары. І калі яна нарэшце разам з сястрой села — не наверсе, а ўнізе, пад Альгердам, на лаву, што стаяла на зямлі, сьмяротнік убачыў наяве: гэта таксама прадумана загадзя, каб нават сьмерць яго паслужыла ейным планам.

Іхнія вочы сустрэліся. І ў гэтым усьмешлівым, але вострым, як лязо паглядзе Кумец таксама прачытаў сьмерць і перамогу.

Але перамогі ў яе не было. І ня будзе. Бо за ёю няпраўда, нянавісьць і насільле над суразмернасьцю і ладам, які даў людзям Усявышні, і чые законы яны скажаюць. І як жа хочацца спадзявацца, што можа якраз ён сваім жыцьцём, дакладней, сьмерцю, перапаліць іхнія чорныя грахі, каб ня мучылі яны людзей, ня клаліся чорным воблакам на іхнія думкі і справы і не атручвалі іх непрыкметна дзень за днём! І раптам ён здрыгануўся, захлынуўшыся ці то веснавым ветрам, ці то болем і радасьцю адначасна.

Ён угледзеў Уну. У шэрым каўтрышовым плашчы, у мехавым мужчынскім каўпаку, з-пад якога русымі пасмамі падалі яе падрэзаныя, як у хлопцаў-падлеткаў, валасы, яна неадрыўна глядзела на яго, і столькі любасьці, адданасьці і сьвятла было ў яе вачах, што, здавалася, яно ахінае ўвесь гэты натоўп, дзе разам сабраліся і цікаўнасьць, і страх, і надзея, і, адначасна нянавісьць да таго, што нясуць яны з сабою — новай веры, новага погляду на сьвет.

Яна вярнулася, рызыкуючы сваім жыцьцём, яна прыйшла сюды, дзе яе могуць убачыць, схапіць і таксама павесіць на гэтым жа дубе па падвойным абвінавачаньні: як парушальніцу забароны для жанчын і як злачынцу, якую шукаюць князевы слугі за тое, што ня выканала ягоны загад і не пайшла ў храм Перуна!

Любасьць да яе — тая вышэйшая любасьць мужчыны да жанчыны, у якой няма нічога зямнога, а толькі спалучэньне родных душаў і сэрцаў — ахапіла яго, ды ён пасьпешліва адвёў вочы — не навесьці б на яе падазрэньня, не зьвярнуць увагу катаў! Ён пашукаў вачыма брата Уны Кругляца (а раптам вырваўся хаця б на гэты час з-пад арышту?), але ня ўбачыў яго і пашкадаваў, што ня ўдасца разьвітацца з гэтым дарагім для яго чалавекам. А можа, яго ўжо схапілі і затачылі ў замкавую цямніцу?

Тым часам, невядома адкуль выйшаўшы, як вынырнуўшы з Вяльлі, да яго падышоў Нестар. Яму забаронена было сюды прыходзіць, яго перад самым пачаткам пакараньня ўжо двойчы не дапускала нават да першых дубоў гаю папярэджаная загадзя варта, ды духоўніку княгіні і пастыру віленскіх хрысьціянаў удалося пераадолець усе перашкоды. Момант для зьяўленьня быў выбраны ўдалы: уся ўвага перакінулася з сёстраў на асуджаных. Жрацы разам ускочылі. Бурыла памкнуўся паклікаць варту, але вялікі князь уладна падняў руку, і ўсё сьціхла, як перад вялікай навальніцай. Людзі глядзелі цяпер толькі на Нестара.

У гэты час, час найгоршага яго прыніжэньня перад усім Княствам і болю за любых яму людзей, сьвятар нібы састарэў на некалькі гадоў. Ішоў, як цягнучы ногі, нібыта яны былі перабітыя ў яго, а не ў Кумца. Рыза ягоная загнулася, з-пад яе бачныя былі белыя порты, а ў руцэ дробна дрыжэў завялікі для яго слабых і старых ужо рук крыж. Аднак з кожным крокам у яго нібыта прыбывала сіл. Ён бачыў асуджаных, бачыў іхні спакой і мужнасьць, і гэтая мужнасьць перадавалася і яму.

— Прэч хрысьціяніна! — пачуўся голас вешчага старца Капца.

— Прэч! — загудзеў натоўп, падаўшыся наперад, да Нестара.

Яшчэ імгненьне — і ён быў бы парваны на шматкі, скрываўлены ў невыразнае месіва. Ды тут, нібы ажылі дрэвы, з усіх бакоў выступілі з-за дубоў воі Альгерда з выстаўленымі наперад дзідамі, і натоўп адхіснуўся. Жрацы ўзьнялі крык, але воі роўна і зладжана адрэзалі іх ад людства, стаўшы за іхнімі сьпінамі, а іншыя хутка абкружылі натоўп.

Ізноў стала ціха. Жрацы вымушаныя былі сесьці.

Браты пацалавалі крыж, прынялі апошняе блаславеньне свайго нямоглага пастыра. І толькі тады Бурыла змог прачытаць прысуд. Ён зьдзівіў усіх, а Няжылу ашаламіў: яго не павесяць разам з братам, калі ён зноў адрачэцца ад хрысьціянства, ён можа застацца жыць! У гэтую хвіліну хлопец адчуў тое, аб чым ведаў, але неяк не задумваўся — мукі Юды, здрайцы, якому ў апошнюю хвіліну адкрылася ўся бездань адзіноты і граху… Ён упаў на калені перад братам, абняў яго, закрычаў:

— Я… Я не адракаюся! Я памру таксама! Я ня здраджу табе, ты верыш? Ты верыш?!

І, гледзячы на яго зьверху, Кумец адказаў ціха:

— Мы хутка сустрэнемся з табой. Я люблю цябе, брат. Ты заўсёды быў для мяне самым блізкім чалавекам на Зямлі. Я верыў табе нават тады…

І крыкнуў гучна, так, што голас яго рэхам пракаціўся па сьвяшчэнным гаі:

— Сьмерці няма! Мы будзем разам у Вечнасьці! У Хрысьце!!!

Служкі пры сьвяшчэнным Перуновым гаі кінуліся да іх, расьцягнулі ў розныя бакі і паспрабавалі накінуць на Кумца мяшок, каб закрыць яму рот і вочы. Але ўжо з нечалавечай сілай ён адкінуў іх і сам, на сваіх скалечаных нагах, пайшоў да пятлі. Сонца скрозь прагаліну ў галінах ахінула яго праменьнямі, і ўсім здалося, што хлопец сам стаў сонцам і зазьзяў. Натоўп упаў на калені, хтосьці загаласіў.

Бурыла са страхам пабачыў: калі цела Кумца павісла на галіне, магутны, у многія чалавечыя абхваты дуб здрыгануўся, нібыта сутарга болю і шкадаваньня прайшла і па ім.

— Цуд! Цуд! — прашалясьцела навокал.

— Няшчасьце!

І тады разам усталі вешчыя старцы і ў вялікім жалю таксама ўпалі на калені. Самы стары з іх ціха заплакаў і схіліў галаву перад дубам. Бурыла, аднак, стаяў непарушна і, гледзячы на яго, пагардліва выпрасталася і пазірала на вешчых старцаў Нара.

— Сьвяшчэнны дуб гневаецца! — пачуліся яе словы.

— Вы дазволілі тут быць хрысьціяніну! — падхапіў Бурыла. Прыгнечаныя горам старцы ня слухалі, ды зваротлівы жрэц прадбачыў з таго вялікую выгоду: ён нарэшце зломіць непадатлівых і незгаворных праціўнікаў! Ён выкарыстае цуд як мае быць!

— Што гэта за знак? — недаўменна запытаўся вялікі князь.

— Лепей пра гэта ня ведаць — сказаў Лойка, а на вачах у яго таксама паказаліся сьлёзы.

Служкі трымалі Няжылу, а ён крычаў пра тое, што яны з братам будуць апошнімі ахвярамі багоў, час якіх даўно прайшоў.

Да вечара па ўсёй Вільні разьнесьліся прароцтвы. Адно з іх пра тое, што апаганены забойствам пакутнікаў-хрысьціян сьвяшчэнны дуб хутка памрэ. Другое — што хрысьціянскі сьвятар зайшоў у запаветны гай, і таму трэба чакаць няшчасьця для ўсіх вільнян. А хто вінны ў тым?

— Жрацы! — даказвалі адны.

— Вялікі князь Альгерд! Ён дазволіў Нестару блаславіць братоў, — чаўплі сваё прыхільнікі жрацоў.

Плявузгалі рознае. І ўсе сыходзіліся на тым, што надыходзяць грозныя і неспасьцігальныя для простага люду часы…

Загрузка...