ШЛЯХІ СПАСЬЦІЖЭНЬНЯ

Дні рабіліся кароткімі, як быццам укарочвалася жыцьцё. Ды так яно, відаць, і было: Кумец жыў у цемры і адзіноце, і толькі Нестар час ад часу прыходзіў да яго. Тады гадзіны рабіліся такімі, як спаконвеку, яны ўкладваліся ў звыклае вымярэньне часу, якім жыў усе свае кароткія гады малады прыдворны і якім прывык давяраць. Але цяпер ён давяраў і новаму адчуваньню, калі жыцьцё пераходзіла ў трызьненьні, і карціны, што прыходзілі да яго, былі больш яркімі і рэальнымі, чым усё, што зьведваў дагэтуль. Расказваў пра іх Нестару, і той, згорблены і яшчэ больш пастарэлы, тлумачыў хлопцу, што ён прарываецца ў іншы сьвет — той, адкуль прыходзіць чалавек для нараджэньня.

— Гэта Ірый? — пытаўся Кумец. — І сьпевы, і сьвятло, і адчуваньне шчасьця, і нікчэмнасьць ранейшых мараў — усё адтуль?

— Так называеце вы Рай, хай так і будзе, — Нестар ківаў. Расказваў пра сьвятых, што спасьцігалі вышэйшы сьвет праз катаваньні і пакуты.

— Чаму праз пакуты? — не разумеў Кумец. — Няўжо чалавек ня можа прыйсьці да сьвятла праз роздум? Праз душу?

— Грахі… — казаў Нестар. — Чалавеку было падараванае ўсё, але ён захацеў большага. Ён дзёрзка і самачынна замахнуўся на тое, чаго ня мог па тым часе спасьцігнуць, а гэта было небясьпечна для Быцьця. Усявышні даў бы яму ўрэшце ўсё веданьне і ўсю задуму Сусьвету — але для гэтага трэба было пачакаць і зразумець хаця б тое, што дадзена… Сьвет праз грэх пайшоў у іншым накірунку, але як было вярнуцца на раздарожжа, з якога ўсё пачалося? Таму Бог паслаў Хрыста, якому трэба было пераплавіць сваёй крывёй і ахвярнасьцю ўсю чарнату сьвету і тым адчыніць вароты пекла, адкуль не было выйсьця грэшным чалавечым душам.

Кумец і сам адчуваў, што сьвет кіруецца зусім іншымі памкненьнямі, чым, мабыць, было загадана багамі. Гэта падказваў нават ягоны пакуль яшчэ невялікі жыцьцёвы досьвед.

Мячом можна было прыдбаць у сотні, а мо і тысячы разоў болей багацьця, чым сабраць яго працай — на ральлі, у лесе, у пчэльні.

Выгадны шлюб цаніўся ў людзей куды болей, чым самае моцнае, палкае каханьне. А яны ж ведалі, што толькі шчырае каханьне дае моцных здаровых дзяцей. Нашто ж чалавек, беручы нялюбую жонку, з якою кожны дзень трэба было дзяліць ложак, сам падрываў карэньні ўласнага роду, сваіх будучых нашчадкаў?

Дабіваючыся ласкі Гаспадара, многія трацілі сумленьне і гатовыя былі на любую подласьць, — ён сам паспытаў тое на сабе. Раз за разам узгадваючы зялёныя вочы Бурылы і ілжывыя вусны Нары, курчыўся, як ад болю — зразумеў, што яны згаварыліся загубіць яго і брата дзеля нейкіх сваіх, адным ім вядомых мэтаў. Аднак жа не праклінаў іх, бо адчуў, што цямніца зрабіла яго іншым. Вера ў тое, што сьвет трэба мяняць, іначай ён загіне, мацнела ў ім нягледзячы на здзекі і пакуты — а можа, якраз дзякуючы ім.

Ранейшыя жаданьні, якія некалі віравалі ў душы і сэрцы, па якія гатовы быў кідацца вопрамецьцю, цяпер страцілі сваю вартасьць, здаваліся нікчэмнымі. Нават ласка князя, які аддаў яго на катаваньні, таму што яму самому трэба было абараняцца, бачылася яму цяпер вартай аднаго жалю… Кумец, чыё хрысьціянскае імя было цяпер Антон, спасьціг пасьля доўгіх роздумаў — забіваць свайго былога прыдворнага, як таго патрабавалі жрацы, Альгерд не хацеў. Хаця дзеля ўлады і выратаваньня Княства яму ня раз даводзілася забіваць нявінных, ды надта моцнаю рабілася ў ім нянавісьць да людзей, што аспрэчвалі ў яго тое, дзеля чаго быў абраны ён Судзяніцамі — самую вялікую ўладу ў гэтай зямлі. Можа, таму гаспадар, як аб тым гаварылі, сапраўды адпрэчваў высілкі Бурылы аб хутчэйшым пакараньні важкім довадам: няхай яшчэ пасядзяць, бо сьмерць для хлопцаў будзе лягчэйшаю, чым замкавая вязьніца.

І так сапраўды думаў Няжыла, старэйшы з братоў.

Ён хацеў сьмерці, прасіў яе ў багоў. Нават Заяц стаў спачуваць чалавеку, які так прагнуў небыцьця, бо сьвет стаў яму нямілым. А нашто яму было жыць? Каханая Рэчыца, чый кожны рух лавіў ён з замілаваньнем і шчасьцем, абылгала яго, ейны бацька адрокся ад самага сватаўства, а князь і княгіня паверылі ў нагаворы і адвярнуліся ад яго. Брат, якога ён так любіў, быў таксама ў цямніцы — з-за яго, Няжылы. Маці іхняя ад ганьбы памерла. Сёстры ж, Бяроза і Радагоста, ні разу не адгукнуліся ні словам, ні хаця б кавалкам вепручыны, які маглі б перадаць брату і яму ў цямніцу. Ад голаду ён гатовы быў грызьці сьцены, калі б яны былі з дрэва, але камень, да якога быў прыкуты ланцугом, не паддаваўся нават яго моцным кіпцюрам, калі ў шаленстве драпаў яго пасьля таго, як ачуньваў ад катаваньняў. Вільготныя ад сырасьці лахманы церліся аб сьпіну, калі ён клаўся на падлогу, каб заснуць і забыцца на ўсё, што было вакол, і раны смылелі, сьвярбелі і адгукаліся невыносным — у тысячы голак — болем.

Нават гаворкі-спрэчкі з любым братам ня надта расьцярушылі той жывёльны стан адчаю, у якім курчылася душа Няжылы.

Браты нібы сталі па абодва бакі ад быцьця, у якім месьцілася чалавечае жыцьцё: Кумец усё болей узвышаўся душой і радаваўся кожнай праяве існаваньня. Няжыла адварочваўся нават ад промню — пасланца Ярылы, што зрэдзь зазіраў у вузкае вакенца наверсе.

Першыя дні, што браты правялі разам, былі надта цяжкімі. Замест чаканай радасьці між імі стаў адчай і нянавісьць Няжылы да ўсяго, аб чым бы ні загаворваў Кумец. Калі б Няжыла мог раздумваць, ён здагадаўся б, што для яго невыносны ня брат, а той стан, у якім той апынуўся: замест вытанчанага, у барвовым плашчы з залатымі абярогамі маладзёна з доўгімі русымі кудзерамі, заўсёды чыста паголенага, перад ім, прыкаваны да вялізнага шэрага валуна, сядзеў змучаны, худы, у пацерлым рызьзі аброслы барадой чалавек, які амаль зьліваўся з шэраньню каменю. І гэта было нясьцерпна, гэта казеліла вочы, як самае горшае пакараньне.

Як радаваўся некалі старэйшы брат, калі малы падрос і стаў лепшым у школцы! Як ганарыўся, разглядаючы братавыя васковыя дошчачкі ці кавалкі бяросты, на якіх амаль не відно было сьвярдзёлка настаўніка, што выпраўляў памылкі! А калі Кумца ўзялі ў замак, і той надта спадабаўся самому вялікаму князю Гедзіміну і ягонаму сыну Альгерду, ён ажно спаць ня мог ад радасьці! Марыў: ажэніцца з Рэчыцай, а пасьля знойдзе і для брата лепшую дзеўчыну з якога-небудзь багатага альбо знатнага роду, — і тады можна жыць, ні аб чым болей ня думаючы.

І што цяпер? Хлусьлівы нагавор, цямніца, і няма болей дарогі назад. Хіба здарыцца нейкі цуд, дапамогуць багі. Але ён сам, сам здрадзіў ім, сам захацеў яшчэ больш падлабуніцца пад міласьць княгіні, згадзіўся хутка ахрысьціцца ў новую веру. І вось вынік: жыцьцё закончылася, яшчэ не пачаўшыся.

— Не кажы мне нічога пра Хрыста! — крыкнуў ён, як толькі Кумец зьвярнуўся да яго імем гэтага бога, які так падмануў усе спадзяваньні і мары Няжылы.

І больш ня слухаў нічога, толькі біўся галавой аб камень і, дарэшты зьнясілены, заснуў тут жа, на кіпе гнілой саломы.

Праз тыдзень ён папрасіў Зайца, каб той паклікаў да яго вярхоўнага жраца Лойку.

— Ты што, думаеш, што вялікі жрэц і сапраўды прыйдзе да цябе ў гэтую гніль? — расьсьмяяўся яму ў твар турэмшчык.

— Калі яго папросіць Круглец, наш родзіч, ён не адмовіцца.

— Кругляцу не да вас.

Убачыўшы, як наструніўся Кумец, Заяц загыгыкаў, выстаўляючы гнілыя зубы:

— Ягоная сястрыца — кугу! Зьбегла, як лісіца з пасткі, нават хвост прышчаміць ей не пасьпелі.

— Куды? — ускочыў з саломы Кумец. Яго худыя рукі затрэсьліся, ён задыхаўся ад хваляваньня. Няжыла глядзеў на яго са зьдзіўленьнем. Ён ніколі ня бачыў брата ў такім узбуджэньні.

— Спачатку дай грош, тады скажу! — пацьвельваўся Заяц.

— Ты ў мяне ўсё выбраў, сьлізень! Заплачу, як толькі родзічы перададуць мне сюды яшчэ штосьці.

— Калі клянешся Родам і парадзіхамі, што аддасі грошы, тады…

— Кажы! — крыкнуў Кумец, трацячы цярпеньне.

— Ніхто ня ведае, куды, — гыгыкаў Заяц. — Адно толькі вядома, што за ёй прыязджаў сам вялікі Бурыла, каб забраць у капішча. Кажуць, што схаваў яе брат, за што трапіў у няміласьць ня толькі да жрацоў, але і да двара. За нечуванае сьвятатацтва!

— Я дам табе дэнарый — раптам сказаў Няжыла. — З умовай — калі прывядзеш сюды кагосьці са жрацоў з храма Вялеса альбо Перуна. Ён мне паможа.

— Цэлы дэнарый! — захлынуўся радасьцю Заяц. — Калі толькі мяне ня кінуць сьвяшчэнным зьмеям, я выпрашу ў яго гэтую міласьць! Мой дзядзька вартуе капішча Перуна… Але што яму казаць? Навошта ён табе?

— Скажы, што ён не пашкадуе.

— Добра, лізун замкавай медавухі! Загадчык чашаў і брэцьяніц! Я зраблю гэта!

— Брат, скажы шчыра: навошта табе жрэц? — як толькі са скрыгатаньнем зачыніліся цяжкія, акаваныя меддзю дзьверы вязьніцы, запытаўся Кумец.

— Дазнаешся заўтра, — коратка адказаў Няжыла. Яго шырокі, круталобы твар пабляднеў, вусны падцяліся. Вялікае рашэньне, якое ён падспудна насіў у сабе, зараз высьпела ў рашучасьць. Ён павінен ратаваць брата, калі той ня хоча ратавацца сам. І хаця Кумец заўсёды быў разумнейшым за яго і знаходзіў лепшыя рашэньні, Няжыла быў упэўнены, што ў бязвыходнай сітуацыі трэба не маліцца, не пакорліва чакаць, пакуль іх павесяць на сьвяшчэнным дубе, а дзейнічаць…

Калі пасланы Бурылам Лелюш выслухаў Няжылу, ён зразумеў: пакараньне Няжылы можна адкласьці, таму што ня сьмерць яго, а жыцьцё лепей паслужыць жрацам. Такую ж думку выказаў і Бурыла:

— Марыя памерла, і гэты пахолак нам нястрашны. Наадварот — мы пакажам Альгерду, які так яго шкадуе, што мы не крыважэрныя, і што мы лічымся з пачуцьцямі вялікага князя. Хай пакуль пажыве…

Загрузка...