ВЯРТАНЬНЕ З ВЯЗЬНІЦЫ

Калі ён караскаўся па брукаванцы, што крута ўздымалася да замку, у ягоных вушах гучаў голас брата. Калі ў глыбокіх падземных сховішчах, высака ўзьняўшы вогненны смаляк, пералічваў глякі з медавухай і аплеценыя павуціньнем бочкі з віном, у яго вачах паўставаў брат. Брат прыходзіў па начах, калі Няжыла спаў, а душа яго блукала па тым сьвеце.

Не па гэтым.

Бо гэты сьвет, пасьля таго як яго выпусьцілі з цямніцы, ператварыўся ў нейкі іншы, нязвыклы і чужы.

У ім не было шмат чаго са звыклага і роднага.

Найперш — Рэчыцы.

Некалі вёрткая і гнуткая як плотка дзяўчына стала вялай і ціхай, яна пазнавала толькі бацькоў, а іншыя для яе былі прычынай бесьперапыннага жаху. Няжыла ня вытрымаў — пайшоў у некалі гасьцінны дом, пастукаўся ў запаветныя дзьверы. Ды бацькі Рэчыцы сустрэлі яго як злачынцу, разам выскачылі ў перадпакой і далей не пусьцілі.

— Гэта ж з-за цябе забраў розум у нашай дачушкі Лядашчык! — загаласіла Зайка. — Каб ня ты, яна б выйшла за Вепра, і дзеці былі б ужо!

– Ідзі ў храм Перуна і сатвары крывавую ахвяру, можа, дачка наша ачуняе ад ляку! — басіў прыгнечаны і хмурны Баравік.

Няжыла чуў — Рэчыца бесьперапынна хадзіла пад дзьвярыма, якія падпіралі бацькі, і слухала, аб чым гаворка. Калі ж ён узвысіў голас і паклікаў яе, яна азвалася такім страшным, нутраным выцьцём, што ён выбег з хаты і нёсься па вуліцы, пакуль не перацяла дых і не адняліся ногі.

Ягоныя сёстры парадаваліся вызваленьню, але ніводная не прыехала ў родную хату, каб даведацца, як жа цяпер ён там жыве: без матулі, бяз брата, толькі з двума служкамі, якія ні аб чым не пытаюцца ў гаспадара.

Не пыталіся пра тое і ў замку. Ды Няжыла адчуў: стаўленьне да яго цяпер іншае. Ён ня стаў зноў сваім. Хрышчэньне сьцяной аддзяліла яго ад сяброў, якія тады, калі гэта адбылося, глядзелі на яго ўжо як на іншага, на чужога… Гэтак жа насьцярожана глядзелі яны і цяпер. Няхай ён вярнуўся да старых багоў, раскаяўся ў сваім адступніцтве — усё роўна для іх ён быў ужо пярэваратнем.

— Княгінінай літасьці захацеў, ды не дачакаўся, га? Памерла яна, га? — захіхікаўшы, аднойчы сказаў яму Спор, княскі ключнік. — А мы як жылі, так жывем. Чужых багоў не шукаем…

Нестар, сустрэўшыся з ім у калідоры замку, моўчкі прайшоў міма, і ён, Няжыла, пабаяўся нешта яму казаць, нават павітацца. Ён ведаў: сьвятар пастаянна прыходзіць у вязьніцу, ён дапамагае Кумцу. А вось ад яго, Няжылы, варта не бярэ нічога для перадачы брату, хаця ён родны для яго, у адрозненьне ад гэтага чужога чалавека. Па начах ён падбіраўся пад акенца да Кумца і слухаў, спадзеючыся, што брат будзе на яго сварыцца, што зломлены пакутамі, ён абярэ той жа шлях, што і старэйшы. Жыць, а ня гніць у сырым падвале, — вось чаго жадаў ён Кумцу. Але той перастаў азывацца на імя «Кумец» і адгукаўся толькі на «Антон», а гэтым імем якраз і не хацеў яго называць Няжыла. Аднак брат на яго не сварыўся, гаварыў з ім мякка, толькі неяк адрачона, нібы яны былі ў розных сьветах, і ён глядзеў на ўсё тут як бы зьверху…

І самым дзіўным для Няжылы было тое, што ён, пракляўшы хрысьціянства і адрокшыся ад яго, раптам стаў як бы відушчым на ўсё, што адбывалася наўкол. Укленчваў на маленьнях у храме Перуна, Лады, Вялеса, але толькі ў жраца Лойкі адчуў гарачую, непадробную любоў да бога, якому той маліўся. Ашаламляльным стала раптоўнае адкрыцьцё, падказанае збалелай душой: Бурыла маліўся Вялесу так, нібыта гаварыў з ім пра сябе і прасіў толькі для сябе! Пакуты абвастрылі зрок і слых Няжылы, ён адчуваў фальш там, дзе раней бачыў веліч і прыгажосьць, адкрыўшы ў людзях, што адзін можа быць з мёдам, а другі — з чамярыцаю… Ён лавіў амаль незаўважныя для іншых інтанацыі ў голасе вялікага князя, калі той гаварыў пра язычнікаў, і адчуваў: Альгерд ненавідзіць сваю залежнасьць ад жрацоў і прагне ад яе выбавіцца. Вялікі князь моцна пакутуе яшчэ ад нейкага цяжару, і таксама хоча ад яго выбавіцца. Можа, ад дзяўчыны, пра якую ўсе шэпчуцца, што яна, як толькі пройдзе год, можа стаць новай жонкай Альгерда. І Няжыла ўзгадваў, як вялікая жрыца Нара на вялікім княскім прыёме, пры ўсіх, палезла сваімі доўгімі кіпцюрамі за каўнер ягонаму брату, нібыта дакладна ведала, што там — крыж. Адкуль жа ведала? Хто мог ёй сказаць? І хто так напалохаў і скруціў Рэчыцу, якая стала сьведчыць супраць яго чорную няпраўду?

Тады зразумеў, што далей так жыць ня можа. Яго думкі ўжо не вілялі хвастамі, яны сталі рашучымі і цьвёрдымі, так што ўжо ня трэба было бясконца выбіраць нарэшце, чаго ж ён хоча, з кім і чым зьбіраецца жыць.

У адну доўгую ноч, калі цурчала за вакном сакавіцкая вада, і туман ахутваў дрэвы тоўстым белым покрывам, ён адчуў: яго шлях разам з Кумцом. Толькі з ім, бо там, дзе малодшы брат, там няма Няпраўды. Яна — тут, з ім і вакол яго…

Загрузка...