ВЯРТАНЬНЕ

Пахкім сіняватым дымком цягнула ад курыльніц па кутках залі, ад чаго яна нагадвала паляну, зацягнутую лёгкім ранішнім туманам. Язычкі сьвятла ад лучынаў у срэбных зажымах матляліся па сьценах, размаляваных кветкамі. Маёлікавыя ўстаўкі на падлозе пераліваліся, успыхвалі, калі ўспыхвала лучына.

У залі ішло баляваньне. Дубовыя сталы гнуліся пад цынавым і срэбным посудам.

Ляталі над галовамі слуг вялізныя падносы з мядзьвежынай і вепручынай, тарэлы са смажанымі лебядзінымі тушкамі, паліваныя гаршкі з рэпай, рэдзькай і мочаным гарохам, глякі з квасам і медавухай.

Сівы лірнік сядзеў ля печы ў куце. Печ, з яе полымі трубкамі-кафлямі, падобная да вялізнага вожыка, дыхала цяплом, і лірніку было ўтульна ля яе, таму яго пальцы борзда перабіралі струны, а надтрэснуты, ды яшчэ моцны голас запаўняў залу.

Сьпяваў ён пра маладую дзяўчыну, што свой вяночак кінула ў Дунай, і, стараючыся яго злавіць, патануў малады вой, які вяртаўся дадому да маці і бацькі. Доўгая гэтая балада заканчвалася словамі, якімі хлопец перад сьмерцю гаварыў з канём:

Бяжы ж ты, косю, бітай дарогай,

К таму сялу, к татульку майму.

Не кажы, косю, што я ўтапіўся,

А кажы, косю, што я ажаніўся.

Мае дружкі — круты беражкі,

Мая сваціца — рыба-плаціца…

Яго амаль ня слухалі. Толькі вялікі князь час ад часу адварочваўся ад ваяводы, які бесьперастанна штосьці яму казаў, і глядзеў на лірніка, ды пасол з Чэхіі ўважліва сачыў за гнуткімі пальцамі музыкі.

— А што з вашымі братамі-хрысьціянамі? — запытаўся папскі нунцый у кашталяна Гаштольда, асьцярожна беручы з тарэлы кавалак белага птушынага мяса.

— Жывыя яны яшчэ? Ці olla male fervet?[50]

Кашталян у моманты, калі пры ім гаварылі на лаціне, якую так і не адолеў за школьныя гады, пачуваў сябе разьюшаным. Але ён стрымаўся, адказаў зычліва, ды ўсё ж з ледзь прыкметнымі ноткамі зласьлівасьці:

— Абодва жывыя. Але старэйшы адрокся ад вашага бога, і літасьцівы князь дараваў яму адступніцтва. Ды вунь ён, нясе да цьверычоў бочачку з грэчаскім віном. Бач, як стараецца! Больш за слуг працуе!

Нунцый уважліва ўгледзеўся ў твар падстольнічага, які, напружваючыся, нёс на плячы карычнева-шэрую бочку, у якой пялёхкалася духмяная густая вадкасьць. Ён акуратна паставіў яе на стол, лоўка выбіў корак і стаў разьліваць па брэцьяніцах цёмна-барвовы напой. Промень сонца на момант супыніўся ў срэбнай брэцьяніцы, зайчыкамі зайграў на скуластым голеным твары маладога хлопца, дзе вопытны італьянец яскрава ўбачыў сьляды бяссоных начэй і пакутлівага роздуму. Тужлівыя шэрыя вочы пазіралі на гасьцей, і было бачна, што думкамі той далёка адсюль, і што ўвесь тлум, крыкі вітаньняў і гоман гасьцей цяжкія для яго.

— Гэта твар хрысьціяніна, — цьвёрда сказаў нунцый хутчэй сабе, чым субяседніку, але ваявода пачуў яго:

— Усё роўна спажывы для цябе, сьвяты ойча, ня будзе: яго хрысьціў Нестар, а вера яго, як вядома, грэчаская. І думаю, што не захоча Няжыла вяртацца ў цямніцу. Ён паразумнеў…

— Is feliciter sapit, qui perikulo alieno sapit.[51] І яшчэ: хаця ты і прыхільнік вашых багоў, аднак хачу, каб ты ведаў, ваявода: яшчэ тры з паловай стагоддзі таму нашая вера была адзінай. І Хрыстос таксама адзін.

— Пра гэта ты мне не кажы, ойча. Не хачу і слухаць пра вашыя справы. Мне люба выкрасаць купальскі агонь і танчыць у скоках… Ось, добра, што я ўзгадаў пра скокі — нешта тут мала весялосьці!

І ваявода ўскочыў, загрымеўшы на ўсю залу:

— Ці дазваляеш, вялікі князь, проса пасеяць?

— О! Проса, проса сеяць! — разьнеслася вакол, і, калі Альгерд згодна кіўнуў галавой, мужчыны паўставалі з лаваў і, выбіраючы сабе хаўрусьніц, хутка наладзілі дзьве шарэнгі, што паўсталі адна супраць другой.

— А мы проса сеялі, сеялі, — па кіўку ваяводы пачала пані кашталянава, высокая, моцна зьбітая кабета ў сіняй аксамітавай сукні і чырвоным кабаце з залатой шнуроўкай, у белай намітцы з тонкага ўсходняга мусьліну, і жанчыны падхапілі:

— Ой, дзід Лада, сеялі, сеялі…

Мужчыны рашуча пасунуліся да жанчын, і бас ваяводы зноў загучаў, як абдымаючы ўсіх прысутных:

— А мы проса вытапчам, вытапчам!

Заціхлі ўсе размовы. Да скокаў далучаліся іншыя госьці, і хутка большая частка прысутных з захапленьнем сьпявала і танчыла, славячы багіню Ладу і Леля. Вялікі князь у рытм сьпеваў пастукваў доўгімі пальцамі па белым ільняным абрусе. Князёўны пляскалі ў далоні.

Няжылу раптам здалося, што бачыць і назірае за ўсім гэтым ён нібы з нейкай вышыні, дзе і гукі і фарбы мяняюцца, дзе з-пад звыклага праглядае нешта зусім іншае.

Яго любы брат сядзеў зараз у вязьніцы, жалезьзе ўпілося ў тонкія маладыя рукі, да струпоў нацёршы запясьці. Жоўтая сукравіца сачылася з каленяў, на якіх ён стаяў у час малітваў.

Няжылу здалося, што ён расьце, уздымаецца над усім тут і робіцца вялізным, як сама зала. Ніколі не адчутае ім, гарачае, п’янкое пачуцьцё ахапіла ўсю ягоную істоту. Ён дрыжэў, вочы яго гарэлі, а ўласны голас здаўся чужым і незнаёмым, калі на ўсю залю загаварыў ён якраз у тую хвіліну, калі змоўклі дудкі і спыніліся расчырванелыя танцоры, выціраючы рукавамі і хусьцінкамі спатнелыя твары:

— Вы, хто сьмяецца і танчыць, калі лепшы з вас усіх канае ў цямніцы…

Разгубленае маўчаньне. Раптоўная цішыня.

Няжыла ўбачыў: твар Альгерда спалатнеў, вочы сталі вялікімі і бяздоннымі. Але яшчэ болей зьмяніўся твар Бурылы: ён зжаўцеў, як быццам уся жоўць стала вокамгненна выступаць з кожнай ягонай поры.

— Вы, хто ліе чалавечую кроў на драўляныя калені ідалаў…

Ён задыхнуўся словамі. Але трэба было закончыць думку, і нехта зноў крыкнуў ягоным голасам так, што ва ўсёй вялізнай залі не засталося ніводнага куточка, дзе б ён ні прагучаў:

— Ваш час мінае!!

Вялікі жрэц коўтаў паветра, быццам яго стала не хапаць. Зьмяніліся твары і ў іншых — зьбялеў кашталян Нарбут, мабыць, адразу скеміўшы, што адказваць за раптоўнае здарэньне давядзецца яму. Зьніякавелі князёўны. Скамянелі жрацы.

Першым апамятаўся Бурыла:

— Двойчы адступніку няма месца ў княжым палацы! Мы выпрасілі табе дараваньне, але сабака ўсё роўна наступіць на ўласны хвост!

Тады Альгерд выпрастаўся, велічны і грозны:

— У цямніцу яго, злачынцу!

І гэта быў канец. Але Няжыла не змаўкаў. Ён крычаў, пакуль яму не заплішчылі рот і ня вынесьлі, сьпяшаючыся, подбегам, з залі і ня ўдарылі па галаве так, што ён захлынуўся недагаворанымі словамі, і сьвядомасьць яго не пакацілася некуды ў халодную, неспазнаную бездань…

Ды там раптоўна чорная немата зьмянілася на іншае. Яго ахутала залатое, мяккае сьвятло, закалыхала, суцішыла боль і ўдары. Ён раставаў у гэтым неспазнаным сьвятле і пачуцьці ўсеабдымнасьці і шчасьця. Там, побач, адчуў ён любага брата, пачуў ягоны голас і яшчэ іншыя галасы. Усе яны супакойвалі і лашчылі яго, як мяккія, несказальна пяшчотныя дотыкі.

— Я, відаць, у Ірыі, — пасьпеў падумаць Няжыла, перш чым растварыцца ў гэтым залатым зьзяньні і пажадаць больш ніколі не вяртацца назад, у суровы, змрочны і няшчыры сьвет, ад якога ён адступіўся па сваёй волі.

Каб заўсёды заставацца з братам.

Загрузка...