ДАРЭМНЫ ВЫШУК

– Імем вялікага князя і войта Вільні! Адчыняйце!

У дзьверы грукалі ўладна і груба. Дзівейна разгублена стаяла пасярод пакою, малінавы ваўняны плашч зваліўся з ейных плячэй, твар пабялеў і выцягнуўся.

Служка чакала загаду, але маладая гаспадыня ня ў сілах была вымавіць ні слова, і таму грукат мацнеў і нарастаў.

— Затрымай іх каля парога — нарэшце прашаптала Дзівейна. — І пашлі каго па сястру. Хай едзе хутчэй сюды…

Здранцьвеньне яе паступова праходзіла, і калі служка, тупаючы драўлянымі калодкамі, стала спускацца ўніз, дзяўчына як ачуняла. Яна кінулася ў лажніцу, садрала з драўлянае рагаціны насупраць ложку тое, з-за чаго ламіліся ў ейны дом стражнікі, абгарнула каштоўнасьць у парчовую хустку і, хуткамгненна адчыніўшы разьбяную дзьверку пад бажніцай, запіхала скрутак у сакрэтную схованку. Калі падняліся наверх стражнікі і з імі сам войт Вільні, яна ўжо зноў стаяла пасярэдзіне пакою — у малінавым плашчы з залатой фібулай пад точаным падбародкам, і яркі румянак на яе моцных круглаватых шчоках гожа адцяняў чорныя вейкі і лазуровае адценьне вялікіх вачэй.

— Няўжо ў мой дом трэба ўрывацца так, нібыта тут жывуць таці? — наіўна ўсьміхаючыся, яна зірнула на войта і апусьціла вочы, нібы саромеючыся мужчын, што запоўнілі пакой, і ўсе разам глядзелі на яе як на дзіва. Войт Тачыла трохі сумеўся. Сярдзіты ад таго, што давялося доўга стаяць пад дзьвярыма, ён разам ахалануў і сьцішана прамовіў, гледзячы на дзяўчыну:

— Я ведаю, які гэта дом і чыя ты сястра. Але загад вялікага князя… У тваім доме схаваныя каралі вялікай княгіні, а гэта злачынства. Таму…

— Каралі вялікай княгіні?! — Дзівейна пахіснулася, пашукала вачыма крэсла, села на яго. Вялікія вочы яе былі шырока расплюшчаныя. — Ты кажаш: каралі вялікай княгіні? Тыя, смарагдавыя, пра якія гаворыць уся Вільня?!

Тачыла сумеўся. Ён чакаў іншае рэакцыі. Не аднойчы даводзілася яму весьці да дубовай калоды зламысьнікаў спачатку Гедзіміна, цяпер жа ягонага сына Альгерда, заўсёды гатовы ён быў сьцяць горлам[39] таго, на каго ўкажа яму гаспадар. Але цела ягонае добра памятала тую нечуваную асалоду, якую час ад часу меў ён у храме багіні Лады, асабліва ж тады, калі выбірала яго сама вялікая жрыца Нара. І хаця ейная сястра была цнатліўкай, міжволі, увайшоўшы ў пакой, прамацаў ён поглядам мужчыны, які разьбіраецца ў жаночай прыгажосьці, тонкі выгіб клубоў і высокую шыю, белыя рукі і моцныя, шчодрыя вусны маладой гаспадыні. Ён ведаў такія вусны — адзін дотык іх адпраўляе ў Ірый, дзе існуе вечная насалода і вечнае жаданьне…

Таму ён адказаў больш мякка і памяркоўна, чым зьбіраўся раней:

— Ты лепей скажы мне, дзе яны. І я буду прасіць для цябе літасьці ў вялікага князя. Бо мае паслугачы больш хітрыя, чым сабакі, яны пранюхаюць кожную палавіцу і кожную шчыліну ў сьценах.

— Але чаму яны павінны быць у маім доме? Хто навёў на мяне і маю вялікую сястру гэтую нечуваную хлусьню?

Замест адказу войт абвёў поглядам пакой. І Дзівейна, апярэджваючы яго, прымірэнча сказала:

— Хай яны шукаюць, калі так. Але што перашкаджае табе, гаспадар Вільні, выпіць тут са мною салодкага грэцкага віна? Калі вы знойдзеце тое, што шукаеце, я нікуды ня дзенуся ад цябе. Калі ж ня знойдзеце…

У ейным мяккім, нізкаватым голасе прагучала ледзь улоўная перасьцярога. Войт перасмыкнуўся. Ня меней, чымся гневу гаспадара, баяўся ён гневу багоў. Вялікая жрыца Лады, як ведалі ўсе, магла накіраваць гнеў багіні супраць вінаватага. А што, калі ён, гаспадар гораду, будзе раптам пазбаўлены мужчынскай сілы? Што яшчэ дасьць яму ў жыцьці асалоду, якую хаця аддалена можна параўнаць з тым любоўным шалам, якую атрымлівалі ў храме Лады? Таму ён прымірэнча згадзіўся на прапанову Дзівейны і разам з ёю сеў за разьбяны бліскучы столік з пярлінавымі ўстаўкамі, на які служка паставіла карчагу віна і два вялікія шкляныя келіхі, а таксама паклала жаўтаватыя кавалкі заморскага ласунку — цукру, а яшчэ гарэхі і фінікі. Тым часам войтавыя стражнікі расьціснуліся па пакоях, каб шукаць тое, на што ўказана ім было з усёй строгасьцю і пагрозамі. Сам жа Тачыла нібыта забыўся на тыя пагрозы. Ён сядзеў насупраць найпрыгажэйшай дзяўчыны стольнага гораду, якім кіраваў паводле даверу Альгерда і, гледзячы на шаўковыя попельныя валасы, прамы прыгожы нос, сустракаючы ясны лазуровы позірк красуні, адчуваў, што галава ў яго пачынае кружыцца. Ці віно аказалася такім моцным, ці чараваў погляд Дзівейны, але калі праз нейкі час ля мураванкі зарыпелі палазы санак і пачуўся знаёмы ўсёй Вільні голас вялікай жрыцы Нары, слуга вялікага князя пачуваў сябе расчуленым і разьмяклым, нібыта кавалак воску. А калі, гнеўная і невыказна — прыгожая, нібыта сама багіня (толькі вопытнае вока магло разгледзець на твары Нары румяны і старанна ўцерты белы парашок, што хаваў зморшчыны[39]), гэтая вялікая жанчына Вільні ўвайшла ў пакой, войт адчуў, што ён нібыта трапіў у рукі бязьлітаснага, але выдатнага майстра, які пачне з яго, воску, ляпіць нешта, вядомае толькі самому гэтаму майстру.

— Ты шукаеш смарагдавыя каралі вялікай княгіні тут?!

Яе голас запоўніў пакой.

— Такі загад вялікага князя… — слаба прамармытаў Тачыла, ужо разьмяклы ад віна і слодычы.

— Яго зачаравалі вялікім моракам, — упэўнена і гнеўна сказала Нара. Яна сьлізганула запытальным поглядам па сястры, і тая адказала ёй ясным нявінным поглядам. Тады прасьвятлеў і погляд вялікай жрыцы.

— Вы шукаеце тут, дзе іх ніколі не было і быць не магло, у той час як зламысьнікі чакаюць сьмерці вялікай княгіні!

— А яна сапраўды памрэ? Ці адкрылі табе гэта багі? — наіўна, нібыта ня быў ён шматмудрым войтам, а юным хлопцам, які разгублена стаіць ля дзьвярэй храму, запытаўся Тачыла.

— Адкрылі. Жыць ёй сапраўды нядоўга. Такая воля багоў. І морак, што напаў на вялікага князя, пройдзе. А нам з табою яшчэ ня раз сустракацца, Тачыла, так? — на ейных вуснах зазьмяілася і тут жа прапала ўсьмешка, ад якой войт ачмурэў нанова, і ўжо не Дзівейна, а Нара здавалася яму прыўкрасьнейшай жанчынай на сьвеце.

— Так, гэта морак… — нечакана для сябе згадзіўся службовец. — Але ж шапталіся ў замку, што багі ўказалі менавіта на гэты дом…

— Багі? — яна наморшчыла лоб. — Няўжо гэта праўда, Тачыла? Няўжо нехта з багоў мог памыліцца? Але багі не памыляюцца, толькі людзі, што тлумачаць іхнюю волю. Дык хто з людзей мог навесьці на гэты дом?

Яна знарок падрэсьліла голасам «людзей».

— Ня ведаю, вялікая жрыца.

— Але хто аддаў табе загад? Хто быў пры тым?

— Загад аддаў сам вялікі князь.

— Вялікі князь… І што ён казаў?

— Ды нічога асаблівага… Як звычайна: абшукайце дом, каралі там.

— А яшчэ што? Узгадай, Тачыла. Толькі ты можаш дапамагчы…

Яна глядзела на яго, і, п’ючы маленькімі глыткамі медавуху, раптам адставіла брэцьяніцу, павольна аблізала вусны тонкім, як у зьмяі, ружовым языком. Ён назіраў за тым нібы зачараваны.

— Ты ж хочаш… сябраваць з нашым храмам?

Сябраваць! Ён пачынаў задыхацца ад нясьцерпнага жаданьня ўпіцца ў гэтыя чырвоныя вусны, дабрацца да цела, якое ведаў ад гнуткай шыі да кончыкаў нафарбаваных заморскімі фарбамі пальчыкаў і якое па-ранейшаму цягнула да сябе.

— Ён сказаў… сказаў адзін толькі незразумелы сказ… — войт мармытаў, нібыта ён быў злачынцам, а яна, гэтая прыўкрасная жанчына — абвінаваўцам. Спыніўся. Прысяга і страх перад князем стрымалі яго.

— Які? Скажы, і нашая падзяка будзе бязьмернай!

Яна паклала руку на калена Тачылы — як прапаліла яго.

— Вялікі князь вымавіў… вымавіў: «Спадзяюся, мой сябра не памыліўся!» А больш я нічога ня ведаю!

— Сябра? Хто? Хто сябра вялікага князя? — прашаптала яна, раздумваючы, і раптам вусны яе сьціснуліся. Імя, пра якое яна ўзгадала, гатовае было прагучаць у паветры, але нездарма яна ўмела валодаць сабой, і таму ўстрымалася, пранікліва зірнула на войта.

– І я хачу табе даверыцца, — пачала яна. — Хаця і ня варта раскрываць сакрэты храмаў, — голас яе быў даверлівым і шчырым, — але я ведаю, што толькі нядаўна вялікі жрэц Лойка трохі акрыяў ад атруты. Малады служка выпадкова даў яму сому, якою паліваюць вогнішча, але якую піць нельга. Шчасьце, што багі ўвогуле выратавалі Лойку, ды толькі пакуль душа яго толькі напалову вярнулася ў цела… Я баюся, што ягоныя прароцтвы недакладныя, атрутныя…

— Дык ты… ведаеш, што гэта Лойка прыходзіў сюды, пад дом тваёй сястры? — ашаломлена ўсклікнуў войт.

— Багі мяне любяць… — загадкава ўсьміхнулася Нара. — Хаця ты сказаў мне ня ўсё, але я хацела цябе праверыць. Ці ты наш… па-ранейшаму? Дык пра што яшчэ ты не сказаў?

— Я толькі чуў… што мечнік прыбег да вялікага князя і даклаў яму пра Лойку. Сам жрэц нібыта моцна захварэў…

— А… мечнік… Гэта той, высокі, са шнарам… Як яго?

— Не, у Сьвідрыгайлы няма шнара…

— Будзе… Бо Сьвідрыгайла памрэ на гэтым тыдні, і нішто не ўратуе таго, хто наводзіў морак на вялікага князя…

— А скажы, вялікая жрыца… калі памрэ Марыя? — прашаптаў, азіраючыся па баках, зусім спалоханы і ўжо прыніжана-лісьлівы войт.

— А гэта я не адкрыю табе. Бо і так, памятаючы нашыя… сустрэчы, замнога расказала табе, Тачыла. Дык ці скончылі твае стражнікі шукаць у доме маёй сястры тое, чаго тут няма?

— Я зараз праверу, — мармытнуў той і хуценька выскачыў з пакою. Сёстры ізноў моўчкі абмяняліся поглядамі. Вочы Нары прасачылі позірк сястры, і яна супакоена прымружыла вочы.

Войт вярнуўся даволі хутка. Адзін са стражнікаў, які шныпарыў у лажніцы маладой жанчыны, вінавата выглянуў адтуль:

— Нідзе нічога няма!

Войт абвёў вачыма пакой, дзе яны знаходзіліся. Позірк яго сьлізгануў па гладкіх сьценах, абабітых зялёным з залатымі разводамі адамашкам, ён, па чэпкай звычцы наглядчыкаў, зачапіў пальцамі ручнік, які спадаў з бажніцы. Цяжкае яго дыханьне паварушыла чырвоныя кутасы, якія зачапіліся за разьбу ўнізе бажніцы. Учэпістыя мужчынскія пальцы памацалі разьбу, зачапіліся пазногцем за чорны злакіраваны завіток. Адзін рух направа, і… У Дзівейны здрыгануліся тонкія пальцы, але тут Нара засьмяялася звонка і весела:

— Ну вось і праверыў! Можаш сьмела адказаць вялікаму князю, што кожная дошка і палавіца тут прамацаная тваімі малайцамі. І давай скончым непрыемную справу тым, што павячэраем разам… ня тут і ня зараз, а пазьней, там… у нашым храме.

— Сёньня?! Удваіх… з табой… — войт радасна ўскінуўся, і тут жа, спахапіўшыся, пакасіўся на стражніка, якому рукой даў знак выйсьці. І, ужо амаль забыўшыся на Дзівейну, прагна глядзеў на вялікую жрыцу, тоўстыя яго пальцы пацягнуліся да яе. А Нара, сьмеючыся, адступіла назад і скінула лісінае футра, што ахутвала яе малочна-белыя плечы. Белая, амаль празрыстая, як з камкі[40], сукня шчыльна абхоплівала тонкі стан, пругкія плечы і вялікія грудзі служкі Лады, і чамусьці ізноў здалося войту, што гэта сама багіня стаяла перад ім, запрашаючы ўвайсьці ў яе вабнае цела, дзе ён рабіўся маленькім і нібыта патанаў у абвострана-балючай, бясконцай і адначасна нясьцерпна-кароткай асалодзе…

Загрузка...