ВЕКША

Велізарны, з залатымі вусамі драўляны Пярун нерухома глядзеў удалячынь. Ён нібыта забыўся на людзей, якія корпаліся ля ягоных ног, мітусьліва прывязваючы да іх — тоўстых, абутых у чырвоныя ўсьмавыя боты — маладую дзяўчыну. Ён як бы думаў сваю адвечную думу, сягаючы ў далёкія, непадуладныя нікому пласты часу.

Дзяўчына была маладзенькай, яе тонкія рукі былі падобныя да маладых чарацінак, зламаных упэўненай, бязьлітаснай рукой. Залатыя валасы, акуратна заплеценыя ў касу і ўпрыгожаныя вянком са сьвежых рамонкаў, аздаблялі яе спалатнелы твар з роўным, прыгожым носам і вачамі, што былі той цёмнай, суцэльнай сінечы, якою цяжка адблісквае ў лістападзе ціхая лясная рэчка. Відавочна было, што яе напаілі адварам маку: яна не крычала, ня тузалася, а цьмяна глядзела, як пяньковыя вяроўкі абвіваюць ільняны падол ейнай сукні, як пяюць, ціха і працягла, жрацы ў белых нагавіцах і кашулях, паступова паскараючы сьпевы, як цьвёрда стаіць амаль насупраць яе ў канцы агромністае залы вялікі князь Альгерд.

Вярхоўны жрэц Перуна Бурыла ўзяў з блакітнае парчовае падушкі нож, які ярка і злавесна бліснуў у сьвятле безьлічы смалякоў, што зырка гарэлі па сьценах, упраўленыя ў сярэбраныя заціскі.

Лоўчы Кумец, стоячы ў багатай, бліскуча-вытанчанай купе прыдворных, адчуў, што ў яго сутаргай сьціснула горла. Дзяўчыну, якую зараз аддадуць у ахвяру Перуну, клікалі Векшай. Яна расла на суседняй з ім вуліцы, дзе жылі майстры, што абслугоўвалі вялікакняскі замак і багатае баярства Вільні. Ня раз яна прыносіла да ягонай маці, баярыні Людміліцы, сярэбраныя бранзалеты, колты і пярсьцёнкі, якія вырабляў ейны бацька, знаны залатых справаў штукар. Даўганогае, як бацянок, няўклюднае дзяўчо толькі ў апошнія два гады раптам акруглілася, заружавела маладым, прыгожым кветам, і вечна ўскудлачаныя ейныя валасы, таксама неяк раптоўна, зазьзялі колерам бледнага золата, а вочы сталі сінімі і глыбокімі. Ён часам думаў пра яе, калі маці, ласкава пасьміхаючыся, нагадвала, што хутка два ейныя сыны, як буслы ў вырай, адляцяць да іншых жанчын — такі закон жыцьця. Але думаў мімаходзь, бо хапала пры княскім двары і прыдворных дзяўчат, за кожнай з якіх стаяла багатая і магутная радня, і жанчын, якія згодныя былі падарыць мімалётную радасьць прыгажуну Кумцу. Віленскі Горні замак[1] ужо досыць даўно зрабіўся для яго месцам, дзе нямала куткоў было абазначана кароткімі, але надта салодкімі прыгодамі: то ў пустой параднай зале, за шэра-зялёнай тканаю шпалерай, то ў ваеннай вежы, дзе гулка аддаюцца крокі вартавога, які, атрымаўшы ў руку талер, адварочваецца і глядзіць удалячынь, нібы не заўважаючы пару, якая юрліва сьлізгае ў памяшканьне…

Цяпер жа, калі Векша назаўсёды адыходзіла ў Ірый, улагоджваючы багоў, ён адчуваў сябе абакрадзеным. Ніколі, ніколі не дакранецца ён да гэтых залатых валасоў, не абдыме тонкі стан, і рука ягоная не памацае грудзі, што высока ўздымаюцца пры кожным сутаргавым выдыху. Вочы Векшы раптам спыніліся на ім, яна, здаецца, пазнала яго, а можа, проста выдзеліла ягоны твар між чэлядзі, што абкружала князя Альгерда. Мабыць, нечым ён вызначаўся сярод іхніх вышытых золатам і серабром каптанаў, гладка голеных маладых і старых твараў. Ды не, наўрад ці яна пазнала яго здаля, толькі, можа, у сваім перадсьмяротным быцьці проста адчула нейкую спагаду ў твары высокага гожага хлопца: твар яе пакрывіўся, яна хацела нешта сказаць, але ў гэтую хвіліну нож з сілай ударыў у ейныя грудзі, і яна, спалохана выпрастаўшыся, тут жа абвяла, апала на вяроўкі, якімі была прывязаная да ног Перуна. Ногі божышча тут жа афарбавала ў густую чырвань кроў…

І адразу натоўп радасна загуў — агонь за сьпіной Перуна ярка ўспыхнуў, у сьвятле полымя пабляклі смалякі. Бог прыняў ахвяру, значыць, скончыцца страшны мор, які быў насланы злымі сіламі на свойскую скаціну, мор, ад якога здохла ледзь не траціна сьвіней і кароў у ваколіцах Вільні.

Людзі з воклічамі захапленьня сталі кідаць на вялікія тарэлы, якія тут жа зьявіліся ў руках жрацоў, каліты з манетамі, пярсьцёнкі, а некаторыя баярыні — уласныя колты, што, сьпяшаючыся, выцягвалі з вушэй. Колты тыя былі найбольш сьпіральныя — крывічоў сярод насельнікаў Вільні было непараўнальна болей, чым балтаў, дрыгавічоў ды яцьвягаў.

— Брат, ты што дрэмлеш? — пачуў Кумец голас старэйшага брата Няжылы, і схамянуўся. Выцягнуў з каліты, што вісела на паясным кручку, залаты пражскі грош і шпурнуў на тарэлу так, што ён адскочыў ад меднае паверхні і пляснуўся на яе другім бокам.

— Ты што, брат? — зьдзіўленыя вочы Няжылы трохі астудзілі полымя, што бушавала ў грудзях Кумца.

— Нічога! — буркнуў той. Няжыла зьдзівіўся яшчэ болей — ніколі яшчэ малодшы брат ня быў такім злосным. Наадварот — ягоны твар быў заўсёды вясёлым і прыветным, усьмешка амаль не сыходзіла з яго.

Браты любілі адзін аднаго. З таго часу, як у Нямеччыне загінуў іхні бацька, лоўчы Драмак, пакінуўшы чатырох дзяцей — двух сыноў і столькі ж дачок, яны ва ўсім дапамагалі маці. Баярыня Людміліца доўга і цяжка хварэла, і родзічы яе пачалі прыбіраць да рук багацьці, што засталіся пасьля мужа. Няжыла тады пайшоў у свой першы паход у войску Гедзіміна на Баербург, дзе загінуў вялікі князь і шмат ваяроў. Вярнуўся ён параненым, лячыўся барсучыным салам, часта езьдзіў у розныя сьвяцілішчы Віленшчыны ў пошуках найбольш магутных валхвоў. Шаснаццацігадовы Кумец тады неяк неўпрыкмет узяў усё ў свае рукі. Паціху, бяз звадаў і спрэчак, зьніклі з дому хцівыя родзічы, вярнуліся на свае месцы сярэбраныя келіхі, падораныя некалі бацьку за верную службу і Гедзімінам, і княжычам Альгердам. Сямейнікі Драмака ганарыліся, што ён служыў пры сыне вялікага князя Гедзіміна яшчэ тады, калі Альгерд толькі падрастаў і быў толькі спадчынным князем Крэва. Пры двары свайго бацькі тут, у Вільні, Альгерд вучыўся пазіраць на жыцьцё з вышыні ўладара, падпарадкоўваючы маладыя жаданьні няўмольнай сіле Неабходнасьці. Адсюль паехаў у багаты Віцьбеск, калі ажаніўся з князёўнай Марыяй і дзе прыняў тамтэйшы тытул пасьля сьмерці ейнага бацькі Яраслава.

За шэсьць гадоў, якія прайшлі пасьля гібелі Гедзіміна, шмат што зьмянілася ў Вільні. На сталец[2] спачатку сеў малодшы з братоў — княжыч Яўнут. Тады Няжыла так і ня змог стаць падчашым пры двары, хаця тая служба павінна была дастацца яму — так абяцаў Драмаку вялікі князь Гедзімін. Але Яўнут не зьбіраўся даваць ганаровую пасаду прыдворнага таму, хто служыў ягонаму брату і галоўнаму суперніку — Альгерду. Альгерд сядзеў у Віцьбеску, у родавым гнязьдзе сваёй жонкі Марыі, і Няжыла зусім ужо ўзбурыўся ехаць на службу да яго, але ўсё хварэла, ніяк не магла ачомацца іхняя маці, ды і сёстры падрасталі, трэба было шукаць ім добрых жаніхоў.

Але неўзабаве Альгерд і яго стрыечны брат Кейстут скінулі Яўнута — той падчас аблогі зьбег з замку ў адным кажушку, ледзь ня босы. Вярнуўшыся ў палац праз тыдзень пасьля ўкнязяваньня Альгерда, Няжыла адразу ж атрымаў месца хаця і ня чашніка, які адказваў за вінныя падвалы, але яго памочніка, што адразу паставіла яго ў трэці шэраг прыдворных. Першы, як усім вядома, займае маршалак, канцлер, земскі ды ваявода. Другі — кашталян і яго штат, уключаючы чашніка. А памочнікі — яны таксама могуць многае, і віленская знаць хіліцца перад імі часам ці ня больш, чым перад іхнімі чальцамі…

Узвышэньне Няжылы ня ўсе прынялі аднолькава. Яўнутавы стаўленік Кісель, які займаў раней гэтае месца, прыціх, стаіўся і болей не паказваўся нідзе — ні ў капішчах на сьвяты, ні ў дні народзінаў вялікага князя ці ягонай княгіні Марыі, калі на замкавым двары зьбіраецца ледзь ня ўся Вільня — купцы і рамесьнікі, баяры і сьмерды. А за Кісяля прасіў некалі сам ваявода Гаштольд, і цяпер ён непрыязна глядзеў на новага падчашага, калі той слугаваў за сталом вялікага князя.

А праз нейкі час Альгерд наблізіў да двара і малодшага брата, ды таксама на зайздроснае месца — памочнікам галоўнага лоўчага. Паляваньне — вялікая ўцеха амаль усіх валадароў, таму слугам толькі пасьпявай круціцца — даглядаць сокалаў, ганчакоў, выменьваць ды купляць лепшае ў краіне дый сачыць, ці ёсьць што вартае зайздрасьці пры іншых каралеўскіх ды княжых дварах. Узвышэньне братоў ашчасьлівіла іх маці, яна ўстала з ложка, і хаця з цяжкасьцю, але зноў узялася гаспадарыць у двары. Пайшлі ў хату адзін за адным і сваты. За апошні год выдалі замуж абедзьвюх сясьцёр — Бярозу і Радагосту. Адну — за гарадзенскага вознага, другую за віленскага купца Чура, і ў абедзьвюх сем’ях ужо чакаліся першынцы.

Няжыла, зьбіраючыся на сёньняшнюю ахвярную дзею, пачуваўся зусім шчасьлівым. Учора, калі князь прыехаў з ловаў і дужа хваліў сваіх лоўчых за ўдалае паляваньне, на яго брата Кумца ласкава паглядзела сама княгіня Марыя. Вечарам князь упадабаў аздабленьне стала, і зноў княгіня ласкавым позіркам аддзячыла памочніку падчашага Няжыле, а з-за яе сьпіны кінула на яго хітра-прывабны погляд ейная прыслужніца, дачка багатага купца Баравіка Рэчыца. Княгіня ўзяла дзяўчыну насуперак парадам старых прыдворных, якія ківалі, што дзяўчына не з баярскага роду.

Яе бабуля аказала некалі маладой Марыі важную паслугу, зьняла з яе твару вогнік[3], і ўдзячная княгіня ўзгадала пра яе, калі села разам з Альгердам на вялікакняскі пасад. Рэчыца — не прыгажуня, але ёсьць у ёй тое, што падабаецца Няжыле — надзейнасьць і моцнае здароўе. Магутныя клубы, румянак на шчоках, кроў, здаецца, ажно кіпіць… Вядома, калі яны пабяруцца, ён даможацца, каб жонка пакінула гэтую службу, хай і занадта шаноўную для яе радні. Занадта многа ласых да дзяўчат малойцаў ашываецца пры двары…

Невысокі, каржакаваты, Няжыла быў зусім не падобны да свайго прыгажуна-брата, але, можа, якраз таму і любіў яго, спадзяваўся, што Кумец атрымае некалі вялікую пасаду пры двары. Што ён у параўнаньні з братам, які страляе з лука лепей за ўсіх прыдворных? Хто і ўзімку пераплываў імклівую Вяльлю, хутчэй за ўсіх караскаўся на сьвяточны слуп перад замкам, калі зьняць галоўны прыз з немалой вышыні зьбіраліся лаўкачы ледзь не з усяго Княства?

Стаць бы першым памочнікам чашніка, потым, калі дазволіць Пярун, і самім чашнікам, мець добры двор, жонку і шмат дзяцей — пра што яшчэ марыць? А вось Кумец з яго прыгажосьцю мог бы… можа, нават ажаніцца з дачкой маршалка альбо кашталяна, а то і ваяводы, а з цягам часу і самому ўзьбіцца на адну з гэтых пасад. Ён разумны і разважлівы. Няжыла на свае вочы бачыў, як сястра знатнага баярына Кругляца, далёкага іх родзіча, глядзіць на брата закаханымі вачыма. Ды колькі іх, такіх юных дзяўчатак, зіркае на брата з надзеяй і зацікаўленьнем?

Тым часам чэлядзь расступілася, каб прапусьціць да выхаду вялікага князя Альгерда. Абапіраючыся на служку Кужаля, трохі пакульгваючы, ён павольна прайшоў пад аркамі з чырвонай цэглы да выхаду, дзе чакаў яго любімы конь Зьвер. Ні высокая шапка з тонкай скуры, аблямаваная собалем, ні вышыўкі з вялікімі жоўтымі і чырвонымі рубінамі на шаўковай зялёнай кашулі, ні пурпуровы аксамітавы плашч з залатой шнуроўкай па рукавах — нішто б ня вылучыла яго з гэтае самае гурмы чэлядзі (некаторыя былі апранутыя ня горш за самога гаспадара), калі б ня велічная пастава галавы і невыказная словамі, але надта ж адчувальная для навакольных сіла, якая зыходзіла ад усяе яго постаці.

Усё схілялася перад вялікім князем. Але былі сярод натоўпу вочы, якія глядзелі на яго з прыхаванай нянавісьцю. Мікша, цяперашні просты служка храма Макошы, усяго два гады назад быў галоўным жрацом капішча Рагуціса, разбуранага па загадзе княгіні Марыі Віцебскай дзеля таго, каб на яго месцы паўстаў храм Параскевы, нарачонай Пятніцай[4]. Тады гэта выклікала вялікае паўстаньне літоўцаў і жамойтаў, часткова задушанае, часткова шчодра аплочанае пасьля з казны вялікага князя, якому давялося прыкласьці шмат намаганьняў, каб ня даць скінуць сябе са стальца. Тое паўстаньне выкарысталі і прыхільнікі Яўнута — шмат каго з іх давялося вярнуць на княскую службу. Але хутка Альгерд спыніў пагадненьне з непрыяцелямі, бо на дапамогу брату-суправіцелю пасьпеў Кейстут з яго магутным войскам.

Мікша пасьля задушэньня паўстаньня не схаваўся ў дрымучых лясах, якімі была абкружаная Вільня, як тое зрабілі іншыя жрацы. Ён застаўся ў стольным горадзе, атабарыўся на дробнай, нязначнай пасадзе. Але ён чакаў свайго часу. Ня можа быць, каб князь Альгерд, з якім ён сябраваў з юначых гадоў, калі той яшчэ не пабраўся з гэтай хітрай віцяблянкай, гэтай ласіцай, што змагла акруціць самога вялікага Гедзіміна, так што той дазволіў ёй завесьці ўласны, хрысьціянскі двор са сваімі сьвятарамі — ня можа быць, каб князь урэшце не аднавіў храм Рагуціса! Калісьці малады Альгерд любіў той храм і адорваў яго часьцей за іншыя, можа, якраз таму, што мог пагаварыць са сваім аднагодкам Мікшам больш даверліва, чым з іншымі — хаця цалкам даверлівым Альгерд ня быў ні з кім. Можа, дзякуючы менавіта той даўняй юнацкай прыязьні вялікі князь заплюшчыў вочы на тое, што адзін з галоўных завадатараў вялікай калатнечы застаўся ў сталіцы. Але да сябе ён больш яго не набліжаў.

Мікша шмат разоў спрабаваў падлабуніцца да Альгерда, шукалі паразуменьня і іншыя жрацы. Былі і тыя, хто вырашыў змагацца да апошняга.

Але, нягледзячы на ўсё супраціўленьне жрацоў, месяц за месяцам царква Параскевы Пятніцы атрымлівала ад вялікай княгіні падтрымку і ахвяраваньні, багацела, уздымалася, і ўсё болей моладзі заходзіла туды, каб схіліць калені перад маляванымі дошкамі, з якіх глядзелі новыя, візантыйскія багі. А бронзавая статуя Рагуціса, ледзь не ў апошнюю хвіліну выратаваная ім і жрацом Молам, ляжала пад адным са сьвяшчэнных дубоў у Перуновым гаі, закапаная ўначы жрацамі.

Пры ўспамінах аб тых несправядлівасьцях нянавісьць усё болей авалодвала Мікшам. Ён стаяў, сьпіной адчуваючы холад чырвонай цэглы, і холад гэты працінаў ягоную душу.

— Як добра, што багі прынялі ахвяру! — пачуўся голас побач з ім.

— Мне шкада яе. Векша магла б жыць ды жыць! — адказаў другі, мяккі і ласкавы.

— Шкада?! Яна пойдзе адразу ў Ірый. А мы з табой яшчэ колькі нажывём, столькі награшым!

Гаварылі браты. Мікша пазнаў іх. Язычнікі, яны часьцяком прыносілі ахвяры і ягоным балцкім багам, а ня толькі сваім, славянскім. Асабліва шчыравала маці. Ейная бабка была жамойткай, таму ў маладосьці яна хадзіла найболей у храм багіні ранішняй зары Аўшры, якая падарыла ёй добрага мужа. Пасьля, калі стала ўдавой, тая ахвярнасьць згасла, жанчына прыносіла ахвяры да Рагуціса рэдка. З гадамі часьцей пакланялася Макошы і Роду з парадзіхамі — прасіла за сыноў і дачок.

І сыны ўдаліся на зайздрасьць усім. Абодва служылі пры двары. Іх ведаў і цаніў сам вялікі князь. І цяпер Мікша раптам пазайздросьціў ім — іхняй бестурботнасьці, весялосьці, лёгкасьці.

Нейкая патаемная, цёмная думка нараджалася ў былога жраца, калі ішоў ён за хлопцамі, якія бестурботна дзяліліся паміж сабой сваімі таямніцамі. Ды якія там былі і таямніцы!

— У Рэчыцы сярод пасагу ёсьць шапка з нямецкага аксаміту. Паверыш — якраз па маёй галаве! Нібыта на мяне шылі. А ты ж ведаеш, галава ў мяне — што той чыгунок! — рагатаў старэйшы.

Малодшы адказваў нехаця. Ён быў яўна прыгнечаны. Жрэц, які краўся ззаду, даведаўся з размовы, што ён заўтра ідзе да Кругляца. Здаецца, гэты Круглец таксама служыў у замку, бо размова ішла пра тое, каб паклікаць яго пасьля службы на бяседу, што ладзілася ў адной з мураванак пад замкам. Усё гэта былі дробязі, ня вартыя таго, каб іх слухаць. Аднак жа Мікша ведаў — чым болей дазнаешся пра набліжаных да валадароў людзей, тым больш моцным робішся сам. І праўда: у размове нарэшце прагучалі словы, які прымусілі Мікшу навастрыць вушы: Кумец прыязна ставіўся да хрысьціянства! А гэта ўжо была нагода, каб ісьці за братамі. Якраз таму, што жонка вялікага князя была хрысьціянкай, жрацы раўніва сачылі за кожным крокам самога Альгерда — ці моцна абараняе ён язычаства? Адна справа жонка — яна прынесла княжычу Альгерду Віцебскае княства, ён змушаны быў ахрысьціцца. Але тут, пры двары, хрысьціянам хадоў не было. Альгерд не ўтрымаўся б на стальцы, калі б жрацы ў свой час не падтрымалі яго, а найперш ягонага брата Кейстута, зацятага язычніка. Аднак і ў жрацоў не было сілы, каб узьвесьці на сталец самога Кейстута, больш любага ім, чымся Альгерд. Ды Альгерд валодаў вялікімі землямі на ўсходзе, куды большымі, чым былі ў Кейстута. А сутыкнуць стрыечных братоў значыла б разьвязаць вялікую калатнечу. І таму яны цярпелі Альгерда. Пакуль што, да лепшага часу…

Браты даўно схаваліся ў двухпавярховай пабеленай мураванцы, дзе яны жылі разам з маці, а былы вярхоўны жрэц Мікша стаяў ля вугла і пазіраў на высокія вокны, зацягнутыя не слюдой, як амаль ва ўсіх дамах у Вільні, а дарагім шклом. Твар яго крывіўся і зайздрасьцю, і бясьсільнай злосьцю.

Як спыніць новае вучэньне, чым выпальваць яго ў душах? Як змагацца за веліч багоў, якім пакланяліся спрадвеку?

Поўня, што адзінока і велічна плыла над Горнім замкам, на імгненьне кранула яго сваім серабрыста-жоўтым промнем, і ён пасьпешліва адхіснуўся ў цень, каб ніхто, нават поўня, не маглі пабачыць ягонага твару…

Загрузка...