МАЛЕНЬНЕ

Ласіныя рогі вытыркаліся паўсюдна, нібы цэлы статак гэтых лясных жыхароў пастаў навокал круглага стала, за якім сядзелі вярхоўны жрэц Лойка і мечнік Сьвідрыгайла. Але не — гэта толькі полымя сьвечкі пахіствала цені прыбітых да сьценаў касьцяных атожылкаў, на якіх віселі зялёна-шэрыя пукі сушаных зёлак, яркія стужкі і ручнікі.

Лойка быў без свайго звычайнага белага каўпака. Яго круглая галава з глыбокімі пралысінамі па скронях і рэдкімі валасамі, што тырчком стаялі на макушцы, хісталася ў такт словам, якія жрэц казаў павольна і разборліва, нібы ўбіваючы іх у лоб субяседніку:

— Выказаўшы жаданьне стаць хрысьціянінам, Няжыла сышоў з-пад апекі нашых багоў. Мне давядзецца шукаць яго душу ў іншых прасторах, а туды заходзіць я яшчэ не магу, дый гэта і небясьпечна.

— Нават табе, вялікі жрэц? Наймацнейшаму сярод усіх нашых мудрацоў?

— Нават мне. Нязьмерныя прасторы, куды сыходзяць чалавечыя душы, як жывыя, так і мёртвыя, бо сьмерці няма! Хрысьціянскі прастор для нас яшчэ невядомы, нам не было патрэбы прарывацца ў яго і там пытацца пра важныя, але зямныя рэчы. Язычніцкі Ірый — вось дзе мне лёгка і звыкла, але і там бываюць цёмныя сьцежкі…

— Але я не прашу цябе ўздымацца ў Ірый. Няжыла тут, сярод нас, і ён ня краў смарагдаў — іначай хай мяне неўзабаве павязуць у дубовай калодзе! Ды і які ён будучы хрысьціянін! Проста любіў брата — вось і вырашыў падтрымаць яго ў гэтай дурасьці.

Лойка строга глянуў на мечніка — маладога, натапырлівага, з чорнымі макавінамі шчэці, што праступала на шчоках, нягледзячы на галеньне.

— Сын мой, гэта ня дурасьць. Хрысьціянства — надта небясьпечнае вучэньне, яно залівае нашу зямлю гэтак жа няўхільна, як паводка — нізіну. Хай твой сябра лепей згніе ў вязьніцы, чым выйдзе на волю хрысьціянінам.

— Але гэта надта жорстка, вялікі жрэц. Няжыла — просты і добры хлопец, ягоны ж брат Кумец — стралок з лука, якога ніхто ня можа пераўзыйсьці ў Вільні.

— Бяз жорсткасьці мы не абаронім нашых багоў.

— А мне здаецца — і без справядлівасьці. Невінаваты чалавек немінуча пракляне багоў, якія яго не абаранілі ў цяжкі час.

— Ён адрокся ад іх! Сын мой, я любіў твайго бацьку, і таму згадзіўся сустрэцца з табой. Ды і цябе некалі трымаў на руках. Ваш дом заўсёды быў апорай нашага храму. Але ратаваць амаль што хрысьціяніна?!

— Вялікі жрэц, хаця я і мечнік, і сяку ў баях галовы, як качаны капусты, але мне шкада сябра. Ты сам казаў некалі ў школе, што літасьць сэрца — самы кароткі шлях да Ірыя.

— Тады быў іншы час — задуменна прамовіў Лойка. Ён вагаўся. Адчуваў, як няпроста ўсё сплялося ў гэтым загадкавым крадзяжы. Зьнешні вынік яго бачыўся ясна — на месцы Няжылы цяпер служыў чалавек, які быў чалавекам Нарбута і пакланяўся вялікай жрыцы Нары, што значна ўзмацняла ейную вагу. Значыць, сілы, якія даўно тайна варагавалі з ім, Лойкам, могуць хутка перайсьці ў наступ. Літасьці яму ня будзе, хаця і належыць Лойка да агульнага, як здавалася шараговым людзям, сьвету жрацоў.

Так, паміж жрацамі даўно не было міру. Некалі адзіныя ў сваёй магутнасьці і веры, яны, пакаленьне за пакаленьнем, страчвалі старажытныя веды і ад таго слабелі. Але каб схаваць ад простых сьмяротных гэтую сваю слабасьць, клапаціліся пра багацьце храмаў, песьцілі сваю асабістую ўладу і ўсімі сродкамі шукалі рычагі ўплыву на вялікага князя. Калі ж нехта, падобна Лойку, спрабаваў аднавіць даўняе, чыстае, шчырае вучэньне, яны казалі, што зараз трэба абараняць і багоў, і сябе ўсімі сродкамі. Сродкі ж тыя часта былі несумяшчальныя з Вучэньнем, і жрацу цяжка было бачыць тое, супраць чаго паўставаў ён усё сваё жыцьцё — агульнае пацямненьне чалавечага духу вакол. Усё было ўзаемазьвязанае: жрацы саступалі ў галоўным, цемра паступова залівала сьвет, сьвятло згасала з кожным новым пакаленьнем людзей… А гэта, у сваю чаргу, выклікала тое, што назіраў ён зараз, і што, як вучыла старажытнае вучэньне, некалі згубіла магутных волатаў — папярэднікаў сёньняшняга чалавецтва. Гэта была бязьмерная хцівасьць і самалюбства, суперніцтва за ўладу і багацьце. Страшны патоп абрынуўся на Зямлю, апошнія волаты дажылі свае жыцьці задоўга да сёньняшніх пакаленьняў, але зараз, вось ужо стагоддзе за стагоддзем, усё нібы пачынаецца спачатку.

Таму барацьба сярод служкаў, што ўзмацнялася з кожным годам, нагадвала Лойку сумны канец волатаў і прымушала яго напружваць усе сілы…

Выгнаньне маладых прыдворных са сваіх пасадаў закранала і ягоныя інтарэсы. Магчыма, яму сапраўды трэба ўмяшацца ў калатнечу вакол смарагдаў — можа, праўда аб іх выкраданьні высьвеціць цёмныя постаці, што стаялі за ўсім гэтым?

І другі вынік усяго, што адбылося, праглядалася Лойку: вялікі князь напалоханы. Ну, можа, лепей — занепакоены. Ён не паказвае таго, але на душы ў яго цяжка. Жрацы занадта напорыста вырвалі ў яго Кумца, і ён ня можа не разумець, што ўсё няпроста і з Няжылам. Навошта хлопцу красьці смарагды, якія ён наўрад ці зможа прадаць? І хто купіў бы іх? І дзе яны, нарэшце?

Вось аб гэтым — знайсьці сапраўднага злодзея — і прыйшоў прасіць вешчуна Лойку сябра маладога падчашага. Адмаўляючы яму, Лойка тым самым як бы адварочваўся ад таго, што важным было і для яго самога. І ён, ці то адмаўляючы, ці то згаджаючыся, нарэшце матлянуў галавой:

— Добра. Тады пачнём маленьне.

— Зараз? — ня верачы вушам, перапытаў Сьвідрыгайла.

— Зараз. Твой пыл удыхнуў у мяне новыя сілы. Я даўно не выходзіў да багоў. А гэта важна — часта гаварыць з імі. Іначай яны перастаюць цябе пазнаваць. А цяпер выйдзі. Я абмыю рукі і цела, а таксама пераапрануся. Табе таксама трэба абмыцца — тыя, хто прыдуць, не павінны загневацца.

І ён падрабязна расказаў мечніку, што той павінен рабіць.

…Рыпнулі ў скрэпах патаемныя дзьверы, што былі схаваныя за ласінымі рагамі і ручнікамі, і зачыніліся за Лойкам. Абмыўшыся з сярэбранага рукамыйніка, дзе вада лілася з рота разьбянога эмалевага Сварога, мечнік і служка сталі чакаць, пакуль там, за дзьвярыма, вымыўся і пераапрануўся сам вярхоўны жрэц. Яны чулі, як пасьля ён доўга маліўся багам, падняўшы рукі ўгору і, нарэшце, выпіў пьянкога пахкага адвару, ад водару якога мечнік, што стаяў непадалёку ад дзьвярной шчыліны, нібы ачмурэў.

У белым балахоне, белым, чысьцюткім, як сьнег, каўпаку, з арэхавым жэзлам[37] у руках, Лойка кінуў у круглую гліняную чашу-печ, што месьцілася пасярэдзіне схаванага ад усіх пакою, чырвоны вугаль. Быў ён прынесены ад цяпельца перад невялікай постацьцю меднага Сварога, што стаяў звонку перад дзьвярыма Лойкавага жытла. Агонь, што дакрануўся да сухіх пахкіх сьцяблін запаветных зёлак, узьвіўся так ярка і нечакана, што мечнік адхіснуўся. А Лойка спакойна акрэсьліў вакол яго, а потым вакол сябе кола і, перасьцярогшы мечніка, каб той нават палец ня высунуў з-за круга, пачаў чытаць заклінаньні.

Сьвідрыгайла так потым да канца жыцьця нікому ня змог расказаць, што ён убачыў у патаемным пакоі, і што за здані абкружалі жраца, цягнучы да яго то чорныя, то празрыстыя рукі, якія крыкі чуў ён там, хаця тросься як ліст, закрываючы вушы і заплюшчваючы вочы. Агонь кідаўся чырвонымі касьнікамі, то абпальваючы Лойку, то адхінаючыся ад яго, нібыта кіравалі ім нейкія сілы. А пасьля, прыціхлы, пеўнікавым грабеньчыкам лёг да ног галоўнага жраца, і той пагладзіў яго, нібыта сапраўднага пеўніка, зморанага ў бітве. Затым моўчкі, ня кажучы ні слова, пайшоў, як паляцеў са сьвяцілішча, не апранаючы ні футра, ні бабровай шапкі. А мечнік разгублена, трушком пасунуўся за ім, але таксама ня мовіў ані гуку — такая была папярэдняя дамова паміж імі. Ішоў і служка — танклявы худы дзяцюк, паклаўшы на плячо лісінае футра для гаспадара…

Начная Вільня была засьнежаная і нямая. Поўня, шчарбатая і ахінутая аблокамі, як галодная жабрачка лахманамі, скалілася над замкавай вежай, дзе адно ўнізе мільгацелі цьмяныя агеньчыкі, — там сядзела варта. Вокны мураванак сьлепа і цёмна глядзелі на вуліцу, па якой ішлі і ішлі тры чалавекі: жрэц у доўгай белай кашулі, нямы і доўгі, як навец, мечнік, разгублены і праставалосы, сутаргава сьціскаючы ў руцэ дзяржальна мяча. І даўганогі служка, спакойны і звыклы да ўсяго.

Нарэшце Лойка спыніўся. Спраўляючыся з дрыжыкамі на целе, мечнік пабачыў, што вялікі жрэц ішоў, не расплюшчваючы вачэй, як быццам вяла яго нейкая магутная сіла, а ён толькі не супраціўляўся. Працягваючы дрыготкія рукі наперад, Лойка нарэшце сказаў голасам, што, здавалася, ішоў аднекуль здаля:

— Яны тут. Смарагды на шыі ў дзяўчыны-цнатліўкі, і закляцьце ляжыць на іх. Закляцьце супраць вялікай княгіні. Шукайце праклятыя смарагды тут!

Ён расплюшчыў вочы, некаторы час няўцямна азіраўся навокал, пасьля падняў на мечніка атуманены твар. Сьвідрыгайла спалохаўся: звычайна цьвёрды і разумны погляд Лойкі цьмянеў, згасаў. Але ён ужо не глядзеў на яго, а прагна ўзіраўся ў вокны за плячыма жраца.

Яны ўсе стаялі перад аднапавярховым доўгім будынкам з разьбяной брамай. Мечнік ведаў яго. Як ведала ўся моладзь Вільні, што гатовая была зрабіць гэтую ўтульную мураванку з высокімі паўкруглымі вокнамі яшчэ адным храмам вечна маладой багіні каханьня Лады. І таму ён ня мог паверыць сваім вачам.

Гэта быў дом, дзе жыла сястра вярхоўнай жрыцы Нары Дзівейна.

Пачуўся глухі крык, мечнік зірнуў на Лойку і другі раз за гэты час аслупянеў: жрэц падаў на рукі спалоханага служкі, вочы яго закаціліся, белая пена выступіла на вуснах.

— Што з ім? — ускрыкнуў Сьвідрыгайла.

— Ударылі… яны ўдарылі… — мармытаў Лойка.

— Каралі… праклятыя каралі і яна… яна… На…

— Хто — яна?

Адказу не было. Вялікі жрэц Сварога абвяла і бездапаможна хіліўся долу, на сьнег, вытаптаны іхнімі нагамі, на вуснах у яго выступіла пена, а вочы страшна закаціліся пад лоб. Спалоханыя мечнік і служка, параіўшыся, сплялі рукі і, пасадзіўшы на іх зьнерухомелага жраца, пацягнулі яго назад, у храм…

Загрузка...