У ЧАКАНЬНІ

…У той дзень княжацкі скарбнік надта дзівіўся: загадаў вялікі князь прынесьці наверх у асабістыя пакоі дзьве грэцкія чашы, запісаныя ў рэестры як «кратэры», адну — з бронзы, другую — з серабра з чорнай чаканкай, а каму аддаў іх — невядома. Было ў той дзень у яго шмат народу, ды толькі пасланец ад князя Сьвят маўчаў, як вады ў рот набраўшы, а чашы былі запісаныя як «падарункі за асабліва важныя паслугі князю», а за якія — ведаў толькі Гаспадар ды ягоны служка. Ды яшчэ тыя, хто тыя падарункі атрымлівалі. Калі расказваў тое скарбнік Гайне, якая прагна слухала ўсё, што магло спатрэбіцца яе гаспадарам, то выказаў меркаваньне, што пайшлі тыя каштоўныя чашы вярхоўнаму жрацу Лойку, з якім гаспадар доўга гаварыў у той дзень і якому, як выказаўся прыслужнік, што насіў у пакоі пачастунак, шмат дзякаваў. Вядома, чашы пайшлі Лойку! Ну не Сухце ж і не ваяводзе, што таксама доўга сядзелі ў троннай залі і, мабыць, раіліся пра злодзеяў, якіх нядаўна выкрылі ў сталіцы, было даваць такія падарункі, што прысталі толькі асабліва важным асобам! А гэтыя — і ваявода, і возны — былі проста слугамі, якія шчасьлівыя ўжо добрым словам, якое ім падарыць гаспадар княства! З тым пагадзілася і Гайна, а пасьля і Нара, якая слухала ўсе навіны, што сарокай на хвасьце прынесла каханка Лелюша. Ацэньвала навіны вялікая жрыца, лежачы аголенай на чорных і бурых мядзьвежых скурах. Пакуль яна зьнешне ляніва, ды насамрэч вельмі чуйна ацэньвала сказанае, дзьве ўмелыя жрыцы спрытнымі рухамі ўбівалі ў яе пругкае і цьвёрдае, як жалеза, цела пахкія алеі з Эгіпту. Нара глядзела на слугоўніцу, якая пасьля хуткага пахаваньня Марыі мусіла пакінуць сваю службу, і, хітаючы галавой, раздумвала, ці варта пакідаць яе жывою? Занадта важныя рэчы ведае яна, а жаночы язык легкаважкі, любіць ён матляцца памялом…Але, разважыла яна потым, Гайна зьвязаная гэтымі таямніцамі, яна правераная на іх, і такіх людзей трэба заахвочваць і трымаць каля сябе. Да таго ж, яе яшчэ могуць і вярнуць у замак, а тады яна захавае сваё значэньне… І вялікая жрыца літасьціва падарыла дзяўчыне шкляны з залатымі знакамі слоічак, з якога асьцярожна выбірала яе слугоўніца пахкую жаўтаватую мазь і дзе ладна яшчэ яе аставалася. Гайна выбралася з ейнага жытла ашчасьліўленаю, беражліва прыціскаючы да сябе падарунак. Дасьць Пярун, ніхто не дазнаецца пра тое, што гэта яе доўгі язык распавёў вознаму важныя таямніцы!

Праз кароткі час пасьля паховінаў Марыі княжацкі скарбнік выдаў ёй дзесяць шэлегаў — тое, што зарабіла яна за сваю службу ў нябожчыцы княгіні. Аднак у замку яна не засталася, хаця надта імкнулася зачапіцца за яго хаця адным кіпцюрком.

Яе ўзяла да сябе Дзівейна, якая жыла ў Вільні асобна ад сястры, і дзе новая служка стала вучыцца майстэрству рабіць вабнаю любую жанчыну, нават калі багі ўзнагародзілі яе брыдкаю абалонкай.

Выкладалі тыя сакрэты вышэйшыя жрыцы храма Лады, і вядомыя яны былі ў храме з самых пракаветных часоў. Нездарма жанчыны ўсёй Вільні, асабліва ж найбольш заможныя, не шкадавалі для храма падарункаў, калі выходзілі адтуль пахарашэлымі, з бляскам у вачах і патаемнымі парадамі для радасьці сужонка ці каханка, а часам і пасылалі сваіх мужчын да багіні каханьня дзеля таго, каб і яны дазналіся пра сакрэты цела і спаталеньне пажадлівасьці.

Дзівейна такімі ведамі не валодала: у храме Ашвінаў галоўным было высьпяваньне душы, а цела лічылі толькі ейным храмам.

Таму жрацы імкнуліся, каб дзяўчына як хутчэй стала жывым увасабленьнем самой багіні і зацьміла ўсіх жанчын Вільні, нават сваю славутую сястру. Мэта апраўдвала ўсе высілкі: Дзівейна мусіла стаць выратаваньнем для ўсяго язычніцтва ў краі! Таму сам Бурыла прыязджаў у дом Дзівейны, каб вучылася яна разуменьню, што ёсьць вялікая палітыка, і зьвяртаўся да яе з пачцівасьцю, якая кружыла дзяўчыне галаву.

Месяцы ляцелі хуткамгненна, і неўзабаве дзяўчына павінна была зьявіцца ня толькі перад маладымі прыдворнымі, якія атабарыліся ў храме і ў доме ейнай сястры, часта прыходзячы ў дом Дзівейны, але і перад усёй Вільняй.

Альгерд, слухаючы бясконцыя размовы прыдворных пра гэтую надзвычайную прыгажуню, пра яе голас, думаў, што жрацы прымеркавалі ўсё як мае быць: такой дзяўчынай мог бы сапраўды зацікавіцца і сам гаспадар Княства. Мог бы, каб ня тая размова ў троннай залі, перад самым пахаваньнем жонкі, і ня досьвед, з якім ён ужо добра бачыў усю тонкую гульню вярхоўных жрацоў, што рыхтавалі яго да Вялікай Сустрэчы.

Калі ж яны выплюхнуць на яго сваю красуню? Мабыць, на завіваньні вянкоў, калі Маці Сырая Зямля абуджаецца ад зімовага сну і маладая бурлівая сіла бяжыць па жылах нават сівых старцаў? А ён жа ня быў старцам, а быў мужчынам у поўным росквіце сілаў, і нездарма вакол яго двара ўжо, нягледзячы на тое, што па звычаях хрысьціян трэба было трымаць гадавую жалобу па княгіні, пачыналі віраваць залёты замежных паслоў…

Ён ужо нават чакаў Дзівейну. Хацеў памерыцца сілаю са жрацамі, абдурыць іх, пераўзысьці розумам і хітрасьцю. Адчуваў: яму патрэбна гэтае процістаяньне, яму патрэбная перамога. І ніхто ня мог яму дапамагчы ў тым процістаяньні. Нават Лойка. Нават Лойку ня мог ён давяраць болей. І ён з горыччу думаў, што «яны» (так называў у думках жрэчаства Вільні) адабралі ў яго адзінага мудраца, у якога вучыўся таму, што ўсё яшчэ заставалася сілаю язычніцтва — тонкаму адчуваньню прыроды і яе таямнічай магутнасьці, уменьню слухаць навакольны сьвет і ісьці па шляху лёсу. У Лёс ён верыў неадменна: Судзяніцы, што прадуць прадзіва жыцьця, адразаюць яго кавалкі кожнаму і пасьля запісваюць у Кнігу Жыцьця, што каму дасталася — яны часта прыходзілі ў ягоныя дзіцячыя сны. Якраз жрацы Судзяніц прадказалі, што менавіта ён з усіх сыноў Гедзіміна стане вялікім князем — і гэтае прароцтва павяло яго разам з братам Кейстутам на Вільню, прымусіла пасягнуць на запавет бацькі і перайначыць яго — не, ня дзеля сябе толькі, і нават зусім ня дзеля сябе, а дзеля Княства, чыім абаронцам абраў яго Лёс…

Аднак ён ня толькі не паверыў, нават пра сябе пасьмяяўся з прароцтва, што зрабілі яму ў храме Перуна: што ягоная абраньніца выратуе старых багоў і ўзвысіць край сярод усіх іншых менавіта старою верай. «Ты, вялікі сын Гедзіміна, прызваны ўмацаваць Княства праз старую веру», — казаў яму малады жрэц, які торгаўся і матляў галавой, нібы нехта гаварыў ягоным голасам і валодаў ягоным целам. Альгерд падзякаваў і аддаў храму належныя ахвяры, але ён выразна бачыў, што гэтыя прароцтвы — не сапраўдныя, што жрацы ілгуць, бо гэта адпавядае іхнім задумам. Яму было горка, што некалі любімы ім храм робіцца чужым і варожым, але, відаць, трэба было прайсьці праз вялікі Агонь і Ваду, каб дазнацца, дзе праўда, а дзе хлусня…

За некалькі тыдняў, што прайшлі пасьля сьмерці жонкі, сьвет вакол яго як згусьціўся. Дыхаць яму рабілася ўсё цяжэй.

Быў Гаспадаром Княства — але ня меў улады над сьмерцю, над моракам, над вышэйшымі сіламі, якія кіравалі і ім, і ўсімі людзьмі. Не ўтрымаў на гэтым сьвеце Марыю. Ня быў гаспадаром над Рэчыцай, якая страціла розум і ў сваёй багатай хаце, пры служках, білася ў сутаргах, калі бачыла нешта круглае, падобнае да караляў, і праводзіла свае дні ў іншым сьвеце, больш літасьцівым да яе. І над Баравіком і Зайкай, якія чарнелі і сохлі ўсе болей, назіраючы за любай дачкой. І над мечнікам, які быў цяпер у Ірыі і час ад часу ў сьне прыходзіў да яго і глядзеў ясным нявінным позіркам. І над многімі іншымі людзьмі, якія трапілі пад калясьніцу вялікай палітыкі і вялікай улады, — калясьніцу, лейцы ад якой ён, сьмяротны чалавек, трымаў з усяе свае моцы…

Аднак на Завіваньні вянкоў Дзівейна не зьявілася, і ён парадаваўся таму. Ды жрацы не адступіліся — прыдатная для ўдалых зьдзяйсьненьняў часіна была іншаю, чым меркаваў вялікі князь…

Загрузка...