ПАГАДНЕНЬНЕ

Высокі, як заўсёды чыста паголены Бурыла ледзь не даставаў галавой вышыні дзьвярэй. Альгерд пайшоў яму насустрач, але не схіліўся перад вялікім жрацом, як бывала гэта раней, і госьць адзначыў тое з прыкрасьцю, але не паказаў сваіх пачуцьцяў.

— Заўсёды рады вітаць вярхоўнага жраца вялікага Перуна.

У голасе вялікага князя было ледзь улоўнае зьдзіўленьне — роўна настолькі, каб прымусіць нечаканага наведвальніка адчуць няёмкасьць ад таго, што прыехаў зьнянацку. Але той не варухнуў і брывом. Агледзеў залу, дзе ня быў з таго дня, як вялікі князь рабіў тут свой першы прыём для жрацоў усіх язычніцкіх капішчаў Вільні — першы пасьля яе гвалтоўнага захопу і ўцёкаў пастаўленага бацькам Гедзімінам на сталец брата Яўнута. З таго часу гаспадар княства часта мусіў ісьці да жрацоў, прыносячы багам багатыя і пышныя ахвяры, гадзінамі прастойваючы ў час вялікіх маленьняў перад іхнімі выявамі.

— Тут не было гэтых… тканак, — з цікаўнасьцю ўгледзеўся жрэц у сьцены. Сапраўды — вялікія тканыя шпалеры з кветкамі і падобныя на шары пладамі на зеленавата-шэрым фоне зусім нядаўна падарылі Альгерду паслы Папы. Ярка-аранжавыя нетутэйшыя плады рабілі залу ня гэткай змрочнай, як заўсёды. Зброя, што вісела на сьценах і раней, адзіная ўпрыгожвала сьцены, цяпер нібы страціла свой ваяўнічы і злавесны выгляд і мякка адблісквала ў промнях няяркага, яшчэ слабога сонца. Трашчалі дровы ў вялікім каміне, абкладзеным зялёнымі кафлянымі пліткамі, на якіх карычнева выдзяляўся трызубец — сямейны знак Гедзіміна.

Бурыла сеў на крэсла, пачціва падстаўленае яму служкам, расшпіліў аплікі багата аздобленага залатымі шнурамі суконнага каптана, з-пад якога паказаўся вялікі залаты медальён-зьмеявік, і строга зірнуў на князя.

— Пакараньне зламысьнікаў заўсёды прымушае простую чадзь схіляцца перад уладай і пачціва прымаць усе законы, якія мы даём людзям дзеля іхняй жа карысьці, — сказаў ён, выдзяляючы кожнае слова.

— Пра каго ты гаворыш, вялікі жрэц?

— Пра любога, хто не выказвае пакоры багам.

— Але ж ня дзеля таго, каб я пачуў тое, што добра ведаю, ты ўспароў мяне з ложку? Нешта здарылася, аб чым мне не сказалі?

— Табе і не маглі гэтага сказаць: толькі сёньня ў капішча прыйшла вестка аб тым, што бяглянка, якая адмовілася служыць багам, жыве сабе ў Нямеччыне і не зьбіраецца вяртацца.

— Ты гаворыш пра Уну, дачку пасла Леся, якая зьнікла колькі месяцаў таму? Адшукаў яе брат?

— Думаю, што гэты нягоднік сам дапамог ёй уцячы, хаця хлусьліва прыкідваўся, што для яго гэта таксама вялікая навіна.

— Мне якраз здаецца, што Круглец — шчыры і добры хлопец. Калі ён так гаворыць, значыць, сапраўды ня ведае, дзе ягоная сястра.

— Гаспадар, ты можаш яго праверыць: няхай ён сам прывязе сястру ў Вільню.

Альгерд раздумліва глядзеў на Бурылу.

— Але яна — знатная баярыня. Нягожа цягнуць яе сілком, як цёлку на вяроўцы. Бачыш, як ня хоча яна служыць Перуну. А ты, помніцца, казаў, што дзяўчына толькі і марыць аб тваім храме… Што ж — ёсьць сотні іншых, выберыце сабе. З Лесем мы сябравалі. Ён шмат зрабіў для Княства і для майго бацькі Гедзіміна, і я не хацеў бы…

— Вялікі гаспадар! — перабіў яго жрэц. — Калі ня будуць слухацца багоў знатныя баяры — ня стане таго рабіць і простая чадзь. Трэба добра пакараць зламысніцу — нягледзячы ні на заслугі бацькі, ні на знатнасьць ейнага роду. Як жа ты хочаш, каб у нашым Княстве быў парадак, калі людзі ня будуць ведаць цяжару сваіх абавязкаў і несьці іх, як належыць!

У голасе Бурылы Альгерд злавіў нязвыклую для таго гарачнасьць і насьцярожыўся. Але не паказаў таго. Наадварот, спытаўся як бы між іншым:

— А дзе жыве Уна?

Бурыла махнуў рукой, нібы падкрэсьліваючы тым, што гэта дробязь.

— Калі гэты мудрэц паедзе, мы яму скажам, дзе яна. І дадзім двух жрацоў, каб яны… дапамагалі.

— Але пакуль ты скажы гэта мне, — сьцішана прамовіў князь. Ён адчуваў размову, як гульню ў варцобы альбо паядынак на дзідах. Праціўнікі ходзяць адзін вакол другога, шукаюць слабое месца, каб пасьля сабраць усе сілы і перамагчы.

— Яна ў Хайдэльбергу, — спакойна мовіў Бурыла, толькі на імгненьне зялёным выбліснулі яго вочы.

— Яна што, купіла там дом? Ці здымае жытло?

— Ці не зьбіраешся ты, вялікі князь, сам паехаць за ёю? — з усьмешкай паглядзеў на яго жрэц.

— Я не хацеў бы, каб за ёю паехаў ты, — таксама нібыта жартуючы, усьміхнуўся і Альгерд. — Тут столькі ўсялякіх спраў, як жа мне спраўляцца без цябе?

— Якраз я і хачу пагаварыць пра справы, — Бурыла адразу перайшоў на заклапочаны тон, паказваючы, што ўсё, аб чым яны тут толькі што гаварылі, было ня самым значным.

— Кажы. Пра што ты?

— Пра тваю жаніцьбу, княжа, — цьвёрда гледзячы ў вочы Альгерду, адсек вярхоўны жрэц.

— Гэтым займаюцца паны-рада. Ды і ня час: усяго сорак сем дзён прайшло, як княгіня памерла.

— Гэтыя звычаі ўвялі хрысьціяне. Нашыя ж гавораць пра тое, што адразу пасьля трызны, калі праводзілі душу ў Ірый, кожны зноў можа выбіраць сабе спадарожніцу жыцьця. Яшчэ раней жонкі абавязкова ішлі ўсьлед за мужам, але ўжо Гедзімін пакінуў зямны сьвет без гаспадыні. Думаю, душы яго там няўтульна. Але так захацелі вы, ягоныя сыны, і мы, жрацы, праявілі слабасьць.

– І каго ж вы, жрацы, мне знайшлі? Ці яшчэ шукаеце?

Альгерд казаў гэта проста, як быццам гаворка была для яго сапраўды новаю. Бурыла страсянуўся:

— Ты ня раз чуў пра гэта!

– І ўсё ж скажы яшчэ раз.

— Я кажу пра сястру вялікай жрыцы Нары Дзівейну!

– І зноў жа: я ня раз адказваў табе. На гэта ня пойдуць паны-рада. Жонка павінна прыносіць дзяржаве землі, багацце, сувязі з саюзьнікамі.

— Гарачае пачуцьцё — гэта таксама скарб. Нашы продкі аб тым ведалі і карысталіся гэтым. Усё занядбаньне на зямлі ідзе ад таго, што сталі думаць, як выгадней. А трэба кіравацца запаветамі любові і сьвятла.

…Калі б гэта казаў Лойка! Лойку Альгерд верыў і, гаворачы з ім, скрушна думаў аб тым жа. А яшчэ аб тым, што ён, гаспадар Княства, ня можа кіравацца пачуцьцямі, нават калі б хацеў, а мусіць рабіць тое, што робіць увесь сьвет: наступае, абараняецца, захоплівае, захоўвае і прымнажае — землі, багацьце, скарбы, якімі купляецца ўсё наўкол. Не, ня ўсё, — паправіў ён сам сябе. — Але тое, што не купляецца, і ня цэніцца ў сьвеце…

Бурыла сам рабіў гэтак жа: цікаваў, дзе лаўчэй можна дабіцца свайго. Купляў, калі трэба было. Загадваў, але калі ня мог дамагчыся свайго сілай, то ўпрошваў, угаворваў, але і быў да супраціўнікаў бязьлітасным.

— Згодны з табою. Але менавіта за гарачае пачуцьцё да новага бога і сядзіць у цямніцы мой лоўчы Кумец. Ягоны брат Няжыла яшчэ не апраўданы.

— Гэта іншае. Няжыла пакаяўся ва ўсім, і таму я прашу выпусьціць яго на свабоду.

— Ты ня просіш за другога?

— Ён страшэнны злачынца, бо грашыць супраць багоў. У яго гарачае не пачуцьцё, а духоўнае асьляпленьне, і гэта тым болей небясьпечна. Але…

Бурыла спыніўся, нібы захрасла ў горле. Абяцаньне, якое ён гатовы даць, ня ўзгоднена са жрацамі. Ды што рабіць з нязломкам-князем?! І ён дакаўтнуў словы:

— Жрацы, калі ты так хочаш, нават даруюць яму грахі — у дзень твайго вясельля. Ён наўрад ці адмовіцца ад свайго хрысьціянства, але мы ведаем, як ты яго любіш, і нешта прыдумаем…

— Я б не хацеў сёньня гаварыць пра вясельле!

— Я не настойваю, гаспадар. Мы так цябе любім, што ня хочам брацца з табой у сутонкі…

Бурыла усё ж падлавіў яго на агаворцы «сёньня». Значыць, размова ня скончаная. Князь не адцураецца Дзівейны, тым супрацьпаставіўшы сябе жрацам!

Альгерд пабачыў, як задаволена бліснулі зялёныя вочы на твары жраца. Каторы раз супакоіў сябе: «Мне конча трэба выйграць час, каб пасьля ставіць свае ўмовы ім. Колькі ж мне яшчэ працягваць гэтую гульню!»

Бурыла ўстаў, тым паказваючы, што ён задаволены размоваю. Але ўсё ж напомніў:

— Загадай, гасудар, выпусьціць з вязьніцы Няжылу. Як бы добра было, каб ты ўзяў яго назад у замак. Гэта быў бы знак тваёй бязьмернай літасьці да ўсіх адшчапенцаў.

— Зламаны, ён вам ужо ня страшны? Добра, я вярну яго ў замак.

— Я рады, што мы паразумеліся, вялікі князь, — Бурыла падняў руку над галавою Альгерда, і таму, хоць і міжволі, давялося схіліць яе перад жрацом Перуна…

Загрузка...