ЛОЙКА

Магутным і суворым яго бачылі тыя, хто прыходзіў у храм на маленьні ці на ахвяры. Але вялікі князь Альгерд, часьцяком гаворачы з вялікім жрацом Сварога, ня раз суцяшаў гэтага жвавага, то вясёла-парыўнага, то маркотна-задуменнага саракагадовага чалавека, які даўно адчуваў, што багі ўсклалі яму на плечы занадта цяжкі груз.

Вось і сёньня, калі, скінуўшы шэры суконны каптан і застаўшыся ў кашулі-вышыванцы, сядзеў Альгерд у пакоі вялікага жраца, змагаючыся супраць таго касьцянымі выявамі варцобаў[28], гаварылі яны пра тое ж самае.

— За апошнія стагоддзі язычніцтва амаль страціла свой жывы і яркі агмень, застаюцца вугольлі, а мы, жрацы, замест таго, каб шукаць дровы, спрабуем на тых вугольлях засмажыць для сябе хто курапатку, а хто і быка — маркоціўся Лойка.

— Ці табе скардзіцца на лёс? Табе, якому багі адкрываюць болей за ўсіх астатніх жрацоў! — забіраючы з дошкі касьцянога гарцука-пешку, сарамаціў яго вялікі князь.

— Калі б не любілі мяне багі, то іншыя жрацы даўно прынесьлі б мяне самога ў ахвяру ці Перуну, ці Вялесу!

— Лепей тады Ладзе…

— Жартуеш, княжа! А між тым я кажу праўду. Жрэчаства абмялела душой, бы тая рэчка, страціла вешчы дух, і некаторыя храмы — сорамна сказаць! — падсылаюць да мяне пасланцоў, каб даведацца, ці будзе ўдалым твой будучы паход. Я ня раз раіў, як лячыць іхніх хворых, асабліва тых, у каго ўсяліліся злыя духі. А гэта ж павінны ведаць і яны самі!

— А нашто ты адгукаешся? Думай пра свой храм. Сварог жа некалі шанаваўся нароўні з Перуном, а цяпер больш занядбаны. Мяне яшчэ ў дзяцінстве вучылі, што ўсё жыцьцё трэба рыхтавацца да таго, каб цябе прыветна сустрэла Сварга[29], а цяпер пра тое ўжо нават ня ўзгадваюць у храмах, — казаў Альгерд, перастаўляючы пешку.

— Старажытныя запаветы забываюцца. Хто цяпер пасадзіць на даху маладзіла, каб адвесьці гнеў Тора[30]? Расьліну тую цяпер месьцяць там, дзе паляць цела, яна стала магільнай, а прызваньне яе — славіць і павялічваць жыцьцё. І так перайначваецца многае. А пра іншыя храмы… Як жа не адгукацца? Там жывыя людзі, ім блага. Калі і я перастану душой балець за кожнага, багі адвернуцца і ад мяне. Такі закон сьвету.

— А па-мойму, закон сьвету — кожны за сябе і сваю сям’ю. За сваё Княства.

– І ты так ня думаеш, бо цябе вучылі лепшыя, чым цяперака, жрацы, але ты жывеш зямным, грэшным жыцьцём. Ты ступаеш, як на купіны ў балоце, на слабыя чалавечыя месьцейкі — хцівасьць, зайздрасьць, нянавісьць — і выйграеш, таму што яны сёньня кіруюць сьветам.

— Ну, ёсьць жа і дабро, вернасьць, адданасьць…

— Яны другасныя сёньня, а трэба, каб былі наперадзе. Тады сьвет ня будзе перакрыўляцца. А зараз ён перакрыўлены, і нават мы, жрацы, ня можам яго вярнуць да асноваў, на якіх ён быў закладзены багамі.

Альгерд задуменна круціў у руках пацямнелую, выразаную з зубрынае косткі постаць Жыжаля, якою можна падчас пэўнай камбінацыі зьняць з дошкі самога Перуна. На грудзях боства ледзь віднеўся старажытны рунічны знак — калісьці гэта быў балцкі Патолс, бог падземнага агню і памерлых продкаў.

Зямля, якою Альгерд валодаў цяпер і дзе быў вяршыняю, куды сыходзіліся памкненьні і спадзяваньні мноства люду, яшчэ з тых глыбінных часоў, куды сягалі легенды, калісьці належала балтам-жамойтам і аўкштайтам. Пасьля сюды прыйшлі славяне, і ўжо іхнія боствы пачалі авалодваць чалавечымі душамі і змагацца са старымі багамі. Але наступіў пэўны час, і ўсе яны — і славянскія, і балцкія багі зараз аб’ядналіся, каб выстаяць супраць новага, яшчэ больш магутнага бога, якому пакланяецца ягоная жонка Марыя і яе спадчыннае Віцьбескае княства, а яшчэ самае вялікае з усіх Полацкае, і Тураўскае, і Заслаўскае…

Тут, на гэтай зямлі, яны ўсё яшчэ магутныя. Ды толькі і лепшыя са жрацоў — а Альгерд ведаў усе віленскія капішчы і тых, хто там валадарыў — адчуваюць сваю слабасьць. Яна ў замутненьні, у зацьменьні агульнага чалавечага, а значыць і жрэчаскага Духу.

— Скажы мне, мудры Лойка, — асьцярожна пачаў ён, — багі ўсё ж адкрылі табе, што пакуль я жывы, мая дзяржава будзе вялікай, ад мора да мора. Але Нестар кажа, што нельга чалавеку зазіраць у будучыню, а трэба адно спадзявацца на міласьць Божую. Ці ня значыць гэта, што ён проста ня хоча нічога казаць пра тое, што будзе пасьля маёй сьмерці? Ня хоча гнявіць мяне, бо весьніку благога недарэмна калісьці адсякалі галаву. Ды і ты мне ніколі не казаў, што ж будзе пасьля мяне?

Худы, з глыбокімі маршчынамі пад упалымі шэрымі вачыма і на высокім ілбе, у белай ільняной кашулі і воўчымі каралямі на высокай шыі Лойка замаркоціўся:

— Колькі я ні тлумачыў табе, валадар, што багі — ня служкі, якіх мы выклікаем, калі захочам, ты ніяк не паверыш маім словам. Скажу табе адно — ня ведаю! Калі я прашу багоў адкрыць мне будучае нашай краіны, я бачу пажарышчы і людзей сярод багны, што, учапіўшыся адзін у аднаго, адначасна нікому не даюць выкараскацца наверх. А разам з тым — вышыні, аблокі і сонца. Так што мне ўвогуле часам здаецца, што мы ўсе, разам з нашай краінай, аднойчы ўздымемся ў Ірый і растанем там…

— А ў чым жа прычына таго, што мы, людзі, так мучым адзін аднаго, што зайздрасьць душыць нас, хаця жыцьцё такое кароткае?

Лойка не пасьпеў адказаць. У дзьверы пакою ціха пастукаліся. Жрэц незадаволена ўстаў, лёгка ступаючы, падышоў да дзьвярэй. Там стаяў спалоханы служка. Адштурхнуўшы яго, у пакой уварвалася і адразу бухнулася на калені нейкая дзяўчына. Альгерд з глыбіні пакою адразу пазнаў яе — гэта была пакаёўка вялікай княгіні Рэчыца. Лойка не пасьпеў нахмурыць бровы, як служка таропка пачаў тлумачыць, што пусьціў дзяўчыну толькі таму, што… Але Альгерд перабіў яго, адразу зьвярнуўшыся да Рэчыцы:

— Што з Марыяй?

І тут жа паправіўся:

— З вялікай княгіняй?

— Вялікі гаспадар, Родам і парадзіхамі клянуся, ня брала! Ня крала! — закрычала дзяўчына і на каленях папаўзла да яго. Зачапілася сукняй за парог і, парваўшы яе, рухалася далей, бесьперапынна выціраючы спалатнелы, заліты сьлязьмі твар. Рознакаляровыя стужкі з вяночка на галаве падалі на ейныя вочы.

Альгерд, гледзячы на яе, грозна вымавіў:

— Ты з-за нейкага свайго глупства насьмелілася сюды ісьці?!

— Не з-за сябе… З вялікай княгіняй… вохці мне, бяда… ой, нашто мне тыя смарагды! Я чужога на макавае зерне не вазьму! — калацілася перапужаная да паўсьмерці Рэчыца.

— Што ты пляцеш? Якія смарагды?

— Смарагдавыя каралі! Княгініны!

— Дык што з імі?

— Яны прапалі, зьніклі, нібы сам Лядашчык вынес іх праз комін! А цьвердзяць, што гэта я… Але ж я макавінкі…

— Хопіць! А княгіня?

— Я ж і кажу, што яна зьнямела і рукой не варушыць…

Тады вялікі князь жвава, як малады, ускочыў з крэсла:

— Каня, хутчэй! — загадаў ён — Гэтую… пад варту. З крадзяжом разьбярэмся пазьней. Паедзеш са мной, вялікі жрэц?

— Паеду, калі твой лекар Ганс не пакрыўдзіцца.

— Апранайся!

Альгерд імгненна нацягнуў на сябе каптан, увесь адразу як падцягнуўся, пастражэў. Небясьпека падхліствала яго дух, у ёй, як некаторыя птушкі ў навальнічных перападах над зямлёй, адчуваў ён сябе тым, кім яго і стварыла жыцьцё — барацьбітом і ўрэшце пераможцам.

Сьпяшаючыся і, як заўсёды, не пасьпяваючы за вялікім князем, улазіў у прасторны жрэчаскі плашч вялікі жрэц Сварога, у той час як служка таропка падаваў яму жэзл і востраканечную шапку з белага лямца, абшытую собалем, а другі служка надзяваў гаспадару на шыю каралі з мядзьвежых зубоў — абярог супраць нечысьці.

Пакуль не прыбег стражнік, што падагнаў да дзьвярэй Зьвера, які неахвотна ішоў са стайні, яны абое зразумелі з плачу Рэчыцы галоўнае: паралюш разьбіў княгіню Марыю тады, калі яна даведалася, што зьніклі яе любімыя, падораныя бацькам, віцьбескім князем, смарагдавыя каралі. Яны былі надзвычай каштоўныя — некалі з самой Візантыі прывезьлі іх полацкія князі, вяртаючыся пасьля высылкі на радзіму. Тыя смарагды суправаджаліся рознымі паданьнямі. Казалі, што адзін з іх, самы вялікі, ярка-зялёнага зьзяньня, быў тым, праз які некалі глядзеў на падпалены ім Рым сам жахлівы кесар Нерон.

Вешчуны Вільні ведалі, што смарагд — вешчы камень, праз іх Саламон мог бачыць будучае, а Альберт Вялікі цьвердзіў, што смарагды палохаюць нячыстую сілу і супакойваюць сэрца. Лойка, якому аднойчы на цэлую ноч перадалі тыя каштоўныя камяні ў сьвяцілішча, каб выгнаў з іх усё благое, правёў абрад ачышчэньня, аднак усё ж ня раіў доўга насіць іх на целе. Ён нават адкрыў валадарцы таямніцу, што рэчы, якія пераходзяць ад аднаго чалавека да другога стагоддзямі і асабліва тысячагоддзямі, пачынаюць жыць сваім уласным, асобным ад іхніх уладальнікаў жыцьцём, а часам і дарэшты забіраюць клёк у новых гаспадароў. Аднак княгіня Марыя нібыта трапіла ў палон да любай ёй рэчы: трымала каралі ў разьбяным сандалавым куфэрку каля свайго ўзгалоўя і часта надзявала на шыю падчас вялікіх прыёмаў у палацы. Яны нагадвалі Марыі заручыны з Альгердам, першы погляд на яго і імгненную дзявочую захопленасьць. Яна памятала, як востры позірк будучага мужа дапытліва спыніўся на ейным твары, затрымаўся на белай сукні і шыі, дзе пераліваліся смарагды (ёй казалі, што яны ўдала адцянялі зеленаватасьць вачэй), і памякчэў, і нібы аддаўся ў палон ейнай маладой вабнасьці.

Вось чаму зьнікненьне бацькавага падарунку вострым сярпом падкасіла княгіню, адняло ў яе мову і спаралізавала. А здароўе і жыцьцё гаспадарыні Княства — гэта ўжо ня толькі справа княжацкай сям’і. Гэта — вялікая палітыка. Таму і Альгерд, і Лойка сьпяшаліся: кожная хвіліна сапраўды магла пераважыць шалі Лёсу у той ці іншы бок.

— Выклікаць кашталяна, а таксама вознага і земскага! — распараджаўся Альгерд, пакуль слуга нацягваў на яго падбіты мехам плашч. І тут жа, прапусьціўшы наперад жраца, разам з ім зьнік у зімовай віхуры, што шалёна крутанула дзьвярыма.

Ніхто не заўважыў, як упаў і адкаціўся пад лаву драўляны Пярун з шахматнай дошкі і застаўся ляжаць там, забыты ў мітульзе. Толькі Лойка, вярнуўшыся з палаца, узгадаў пра яго і пасьля доўга стаяў пасярэдзіне сьвятліцы, углядаючыся ў абрысы старажытнай, адпаліраванай пальцамі многіх папярэднікаў постаці вярхоўнага славянскага бога, нібыта тужліва ўглядаўся ў невядомае і неспасьцігальнае будучае…

Загрузка...