ПАХАВАНЬНЕ МАРЫІ

Трашчалі, аплываючы, дарагія васковыя сьвечкі. Роўна, не спыняючыся, гучаў у храме Параскевы Пятніцы голас сьвятара Нестара. Вялікаму князю здавалася, што ў яго садралі скуру, і таму кожны гук, кожнае трапятаньне сьвечкі было балючым і адчувальным.

Жоўтае, страшнае сваёй нерухомасьцю і незнаёмасьцю цела, што ляжала перад ім у дубовай калодзе, не магло быць княгіняй Марыяй. Яе ён кахаў, абдымаў і лашчыў кароткімі летнімі начамі ў віцебскім замку над Дзьвіной, да яе пругкага жывата прыціскаўся, слухаючы штуршкі свайго першынца Андрэя, яе плечы гладзіў, калі яна ўдзячна схілялася перад ім пасьля чарговага падарунка, якіх ён многа прывозіў ёй са сваіх паходаў. І заўсёды ён адчуваў нейкую асаблівую аксамітнасьць, мяккасьць і вабнасьць гэтай жаночай плоці, нават калі васільковыя вочы жонкі выцьвілі і маршчынкі пабілі некалі бела-ружовы твар. З таго далёкага ўжо 1318 году, калі ён пабраўся з Марыяй, прайшло амаль дваццаць сем гадоў. Праляцелі яны, як цяпер здаецца, у адно імгненьне…

І ён задаваў сабе спрадвечнае і заўсёды горкае для сьмяротнага чалавека пытаньне: што засталося пасьля яе? І хто гэта ляжаў тут замест яе, над кім схіляўся знаёмы да кожнага паклону хрысьціянскі сьвятар з доўгай сівой і шырокай, як рыдлёўка, барадой?

Малодшыя сыны і дочкі прыехалі ў Вільню. Шкада, што ня будзе тут Андрэя — ён ужо чатыры гады княжыць у Пскове, пасьля таго як яны з Кейстутам баранілі пскоўцаў ад новагародцаў. Пскоў — горад Даўмонта, ягоны меч ляжыць там у храме недалёка ад ягонага цела, і Андрэй кляўся пскоўцам у вернасьці якраз на Даўмонтавай лесьвіцы. Хто мог бы думаць, што стане той родзіч караля Міндоўга сьвятым Цімафеем?

Нялёгкім было жыцьцё Даўмонта, воўкам па глыбокіх сумётах скакаў ён з родавых земляў, забіўшы Міндоўга і тым змыўшы ганьбу, калі той гвалтам забраў ягоную жонку. Колькі ваяваў за пскавічоў, колькі праліў варожай і сваёй крыві! А мог бы тую сілу і імпэт пакласьці за княства Наваградскае, з якога, як з бутона, вырасла Вялікае княства Літоўскае, што набірае моц, як крэпкі, ужо пасталелы дуб, з кожным годам усё шырэй раскідаючы свае галіны… Лепей бы не забіваў, а дараваў ёй грэх і ўрэшце пахаваў Даўмонт сваю жонку, як пахавае заўтра ён, Альгерд, сваю Марыю ці тое, што ляжыць у гэтай дубовай калодзе. Жрацы патрабавалі спаліць яе, як зазвычай тут, у Вільні, ды не пайшоў на тое Альгерд, бо адразу ж узбунтуецца Віцьбеск, а за ім і Полцеск. Але нязгоду са жрацамі давялося аплочваць, падпісваць указы, дзе тым ці іншым сьвяцілішчам рабіліся саступкі. Праўда, усё яшчэ ня вырашанай была справа Кумца і Няжылы. Супраць пакараньня Кумца паўстаў Лойка і вярхоўны храм Ашвінаў. Няжылу абараняў ваявода Гаштольд. Мудрыя старцы не маглі сабрацца — двое з іх па старасьці зьляглі і ледзь ліпелі. Таму, нягледзячы на згоду Альгерда і высілкі Бурылы і Нары, справа пакуль ня рухалася.

Вялікі князь шкадаваў, што Кумец занатурыўся і сам, як муха, палез у сьмяротнае павуціньне багіні сьмерці Марэны, замест таго каб голасна пакаяцца ды пасьля патаемна насіць свой крыж. Альгерд сам зрабіў бы менавіта так. Усё жыцьцё ён, як і ягоны бацька, мусіў выбірацца з найцяжэйшых сітуацый і ўзважваць ня сэрцам, а розумам. А хіба і Міндоўг не хістаўся ўсё жыцьцё паміж язычніцтвам і праваслаўем, паміж каталіцтвам і наваградскімі баярамі? Калі ты гуляеш у хованкі са сьмерцю і няслаўем, палюючы на ўдачу і ўладу, мусіш чуйна сачыць за кожным павевам ветру, за шэптам каласкоў на полі і за здрадніцкім бляскам нібыта прыхільных да цябе вачэй.

А пасьля ён зноў вяртаўся думкамі да тых дзён, якія правёў разам са сваёй княгіняй. І вынікала — мала было тых дзён, агурных[41] і бесклапотных. Усё захілялі доўгія, моташныя гадзіны ў сядле, пад сьнежнай завеяй ці сякучым ліўнем, налогі[42] на ворагаў ды змаганьні, а паміж імі — цянёты для непрыяцеляў і намаганьні, каб не зацягнулі ў цянёты цябе самога. Колькі памятае сябе: то пры бацьку адбіваліся ад Полюша, за якім стаяў сам вялікі магістр Карл Трырскі, то зусім нядаўна — ад сьмяротных інтрыг хана Узьбека ды крыжакоў, ад сварак Цьверы і Масквы. А ён, гаспадар Вільні, — у цэнтры тых сварак. Старэйшая сястра Марыя была за цьвярскім князем Міхаілам, па-здрайску забітым у Залатой Ардзе з-за даносаў маскоўскага князя Юрыя. Пасьля ягоны наступнік Іван Каліта заліў Цьвер крывёй і за тое атрымаў ярлык на вялікае княжаньне ад татар. Сястра Аўгуста за Сімяонам Гордым, старэйшым сынам гэтага прагнага і подлага Каліты, з-за якога восем гадоў таму паклаў у той жа Залатой Ардзе сваю галаву Аляксандр Міхайлавіч з сынам Хведарам. І зараз Каліта цягне сквапныя лапы свае да Цьвярскога княства, ды Цьвер пакуль не здаецца маскоўскай ганарлівай і па-азіяцку вераломнай уладзе. Шукае падтрымкі ўсюды, а найперш тут, у Вільні, у крывічоў, аднапляменьнікаў. Гатовая прапанаваць яму, вялікаму князю, нявесту, — ужо з таго часу, як занядужыла Марыя, сачыліся ў гаворках паслоў намёкі на прыгажуню Юльяну, дачку Аляксандра Міхайлавіча. Узяўшы яе, ён умацаваў бы сувязі з Цьвярскім Княствам, і, магчыма, яны разам адолелі б Маскву, а землі разам з іншымі маглі б некалі стаць часткаю Вялікага Княства…

Задушлівы водар жоўтых сьвечак туманіў галаву. Сьцены маленькай цэркаўкі, з яе шэрымі сьценамі і багатым, у чырвона-залатых і сініх фарбах іканастасе, плылі, нібы стаяў ён, Альгерд, пасярэдзіне ладдзі, а грабцы штосілы граблі ў шэрым марыве зьвечарэлай ракі.

— Ня сьпі, вялікі князь, — перапыніўшы чытаньне, строга сказаў Нестар. Ліловая раса яго, абшытая залатой кручанай тасьмой, блішчэла, пералівалася ў жоўтым трапяткім сьвятле. І сьвяточнасьць адзеньня як разанула Альгерда, прымусіўшы яго яшчэ раз напоўніцу, да сьмяротнага холаду ў чэраве адчуць урачыстасьць і непаўторнасьць сьмерці. У кутах ціха зашалясьцелі гаворкай памочнікі Нестара і замкавыя слугі, што суправаджалі вялікага князя, — ім давялося колькі гадзін стаяць, гледзячы, як нерухома, сагнуўшы магутную сьпіну, колькі часу сядзіць немалады ўжо валадар ля цела жонкі. Ён сам зажадаў таго, а яны павінны былі з апошніх сіл трымацца, каб не зваліцца з ног і ня ўпасьці прама тут жа на каменную падлогу, засланую ля нябожчыцы карычневым тканым каберцам[43], а каля ног князя доўгай пушыстай дарожкай усходняга ткацтва.

— Я не засну, — азваўся Альгерд. — Ведаю, што малітвы нашы дапамогуць ёй падняцца да сьветлага Ірыю.

— Да царства Божага, колькі я ўжо казаў табе гэта, княжа! — гэтак жа строга запярэчыў Нестар, і доўгая ягоная барада нібы таксама выцягнулася, сівыя неахайныя пасмы раптам падаліся застыглымі клінкамі, а выцьвілыя старэчыя вочы бліснулі.

— Табе відней, Уладыка, — прымірэнча азваўся Альгерд. — Няхай ідзе ў царства Божае. Можа, і я спадоблюся некалі. Тады — сустрэнуся з ёю…

Ён ня гневаўся на япіскапа. Таму зараз нялёгка. Памерла яго заступніца, яго верная авечка, якая ўтрымлівала хрысьціянства пры двары нягледзячы ні на што. Яе накладам[44], яе клопатамі пабудаваны гэты храм, іканастас, упрыгожаны лепшымі майстрамі Вільні. А цяпер… Нябось, мяркуе сьвятар, прыкідвае — куды хісьнецца вялікі князь?

Сапраўды, Нестар думаў пра гэта і тады, калі ўпершыню занядужала Марыя Яраслаўна, думаў і цяпер, пры ейным целе. Рэчаіснасьць прымушала яго да вялікага роздуму аб тым, што станецца з ім і ягонай справай цяпер. Нават у час хваробы вялікай княгіні не ўдалося Нестару вызваліць з цямніцы братоў Кумца і Няжылу, а пасьля ейнай сьмерці наўрад ці стане яго трымаць пры двары і тым болей слухацца князь, якому патрэбная падтрымка насельнікаў Вільні, сярод якіх пераважная большасьць язычнікаў.

Нестар пачуваў сябе адзінокім. Тым даражэйшым рабіўся для яго малодшы з братоў, якія пакутавалі зараз у цямніцы. Антон, як цяпер называўся хрышчаны ім Кумец, сустракаў сьвятара, які штодзень наведваў яго, са спакойнай, нават радаснай прыязнасьцю, і з ім гаварыў Нестар так, як некалі, яшчэ ў полацкім Сьвята-Духавым манастыры, вёў бяседы са сваімі аднадумцамі — з гарачай верай у сваю місію, з надзеяй на ўваскрашэньне грахоўнай чалавечай душы і на тое, што менавіта яму, Нестару, і ягоным суразмоўцам удасца ўратаваць чалавецтва, якое, нібыта і не за іх быў расьпяты Хрыстос, упарта не хацела ратавацца. Гэтая юная душа слухала яго, яна трапятліва пыталася аб тым, аб чым ён, за штодзённымі клопатамі пры княскім двары, часам забываўся думаць: навошта прыйшоў у гэты сьвет чалавек? Ці нараджаўся ён калісьці, ці толькі аднойчы прыходзіць на зямлю? Ці маюць зоры над галавой якую-небудзь уладу над лёсам чалавека? Чаму арыяне паўставалі супраць ікон, і ці сапраўды на драўляных дошках Дух можа пакінуць свой вогненны сьлед?

Мігатлівыя сьвечкі разганялі па цёмных змрочных кутах царквы прывіды духаў, якія зараз змагаюцца за душу нябожчыцы там, у паднябесных высях. Мясцовы люд верыць, што душа пасьля сьмерці пакутліва паўзе на шкляную гару Меру, дзе яе чакае нябесны суд. Вось чаму кладуць у дубовую калоду зьвярыныя кіпцюры і ўсё зямное начыньне. Вераць, што душы трэба харчавацца, каб не стамілася яна паўзьці наверх, трэба прычэсвацца ды прыгожа выглядаць, каб ня надта строга судзілі яе паганскія багі. Нестар жа цьвёрда спадзяваўся на таго адзінага Бога, што там, наверсе, адразу ўбачыць усе грахі нябожчыка.

Альгерд і Нестар — яны абое думалі і пра нябожчыцу, і пра Вечнасьць. Міжволі прыходзілі ім у галовы думкі і пра тое, якую ролю ва ўсім гэтым адыграў крадзеж. Але калі Нестар ведаў толькі тое, што ляжала навідавоку, Альгерд цяпер ужо не сумняваўся, што зьнікненьне, а пасьля раптоўнае зьяўленьне смарагдаў было кімсьці прадумана. Для чаго? Ці не для таго, каб зьмяніць сітуацыю? А яе зьмяніць унутры Княства магла найперш сьмерць Марыі.

Яго жонка, магчыма, пераадолела б хваробу, пражыла б яшчэ, колькі ёй адвялі багі. Але хутчэй за ўсё падштурхнула яе да Ірыю гісторыя з любімымі каралямі. Украдзеныя, яны раптоўна знайшліся. І дзе? Пад сьвятліцаю вялікай княгіні, на кручку, куды вешала яна, не давяраючы таго нікому, клетку з любімай сінічкай, калі хацела паслухаць птушыныя сьпевы. Марыя цяжка нахілілася — і ад нечаканасьці клетка вываліся з ейных рук… Смарагды пераліваліся ў скупых праменьнях ранішняга сонца, як быццам былі тут заўсёды, нават паціху гайдаліся.

Паднялася вялікая калатня. Дапытвалі пакаёвых дзевак, варту на калідоры. Ніхто нічога ня бачыў, і, нягледзячы на катаваньні, дамагчыся хоць нейкага тлумачэньня ад абслугі не ўдалося.

Нестара папрасілі, каб ён апырскаў знойдзенае сьвятой вадой. Ён папярэдзіў вялікую княгіню, што каралі трэба яшчэ «адмольваць» — на іх можа быць чужая і варожая сіла. Але Марыя назвала яго словы забабонамі і надзела на шыю ўлюбёныя ўпрыгожаньні. І што ж? Праз два тыдні яна памерла ў вялікай гарачцы, не ачуняўшы нават для апошняга прычасьця.

Альгерд ня ведаў, з кім можна яму даверліва параіцца аб усім. Лойка ўсё яшчэ да канца не ачуняў. У яго хваробе таксама было шмат загадкавага. З кім перасякліся ягоныя шляхі ў загадкавым сьвеце, дзе ўсё адкрыта і ясна, дзе пабачыў ён злодзеяў і прывёў мечніка да іх? І калі ён страціў прытомнасьць — навошта і каму трэба было яшчэ і труціць вярхоўнага жраца? Ці не таму, што ён указаў на дом, дзе каралі сапраўды былі? І што стаіць за таямнічым замахам на Кругляца? Можа, у Вільні пачалося тое, чаго ён заўсёды баяўся — паляваньне на хрысьціян?

Наступае час, калі і яму, Альгерду, трэба выбіраць: Нестар альбо Бурыла, мудрыя старцы альбо хрысьціяне Цьверы і Ноўгараду, а найперш, вядома ж, Рыму. Вялікае княства — гэта разлом, мяжа між Захадам і Усходам, апошняя краіна, дзе пакуль што існуе двоеўладдзе. І калі ён адрыне хрысьціянства, то нібы замкне сваю краіну на моцны замок. Толькі вось — да якога часу?

— Але не язычніцтва, а хрысьціянства дапамагае ў зьнешняй палітыцы! — думаў Альгерд. — І найперш ва ўсходняй. І Цьвер, і гэтая самаўпэўненая Масква, што так неспадзявана набірае і набірае моцы, — яны ўспрымаюць Вільню ці як надзейнага саюзьніка, ці як сілу, з якою трэба лічыцца. І Папа, хаця хрысьціянства ўсходняга абраду яму не да спадобы, усе ж ня можа абыходзіцца з намі як з язычнікамі, чаго дамагаюцца крыжакі… Новую жонку будуць успрымаць як знак — куды, якім шляхам будзе далей ісьці Княства…

…І тады, схамянуўшыся, ён канчаткова зразумеў, што кавалак жыцьця, зьвязаны з Марыяй Віцебскай, назаўсёды ўжо адрэзаны, а ўсё астатняе, што яшчэ чакае — пахаваньне, жалоба, спачуваньні — гэта ўсё ззаду, ззаду. А яму, не спыняючыся, трэба ісьці наперад.

І усё ж ён дазнаецца, дзе былі смарагды, і хто хаваецца за ўсім, што здарылася. За войтам здаўна стаяў кашталян Нарбут, і ня дзіўна, што абодва цьвердзілі адно, а менавіта: у хаце Дзівейны абшукалі ўсе куткі, ды не знайшлі ніякіх сьлядоў караляў, а значыць, на яе ўзьвялі паклёп. Але вялікі князь верыў Лойку, верыў яго вешчаму дару, нягледзячы на хваробу, што навалілася на яго потым. Агулам жа за ўсё, што здарылася, асабліва ж за сваё шчырае сэрца заплаціў мечнік Сьвідрыгайла, — але ён таксама быў толькі адчэпным для жрацоў.

І Альгерд рашыў аддаць дазнаньне ў рукі ваяводы Гаштольда. Няўжо не разьбярэцца ва ўсім гэты надзвычай разумны і дасьведчаны чалавек, шчыра адданы дому Гедзіміна?

Загрузка...