ЗМУШАНАЕ ПАДАРОЖЖА

Круглец па загадзе князя скакаў у Хайдэльберг, і ажно тры дружыньнікі суправаджалі маладога баярына ў гэтай ганебнай для яго паездцы. Пастараўся Бурыла: ён паказваў, што ані не давярае баярыну і што яго, як таго вераб’я на мякіне, не правядзеш.

Малады вой усяляк стараўся затрымаць сваё падарожжа: у адным з селішчаў, толькі яны ад’ехалі, дружыньніку Ратшы давялося спыніцца і папрасіць усіх разам з ім сатварыць маленьне Перуну альбо вярнуцца: падкова ў ягонага каня зьляцела, і гэта было дрэннай прыкметай, азначала, што багі ня дужа падтрымліваюць падарожнікаў. Для іншых дружыньнікаў гэта стала неспадзяванкай, таму што, калі яны адпачывалі, падкова была, здаецца, надзейна замацаваная на конскім капыце. У другім селішчы ў дружыньніка Аўса схапіла жывот, ды так, што ён качаўся паўдня, ня маючы сіл падняцца.

Толькі Круглец ведаў, што і ў першым, і ў другім выпадку срэбныя абрубкі — рублі, употай сунутыя ім мясцоваму кавалю і гаспадыні карчомкі, забясьпечвалі час, за які сястра Уна магла зьнікнуць з Хайдэльбергу, бо пасланьнік ужо ляцеў недзе наперадзе іх, сьпяшаючыся з благой весткай. Брат жа быў удзячны Альгерду, які раскрыў і яму тое, што ўжо ведама Бурылу, і ў той жа час крыўда на вялікага князя грызла яго душу. Няўжо той ня мог ухіліцца ад прапановы Бурылы, абараніць сына свайго былога сябра? Ён мусіў збавіць ад такой нечуванай ганьбы: уласнымі рукамі аддаць сваю сястру таму, хто, як певень, патопча яе, а потым аддасьць назад, няхай пасьля дзяўчына знойдзе сабе адпаведнага, такога ж знатнага, як яна, жаніха. Круглец расказаў пра тое, як дамагаўся Бурыла Уны, аднак гэта не зрабіла на князя аніякага ўражаньня: кожны ў гэтым сьвеце жадаў нечага, і чым вялікі жрэц адрозьніваўся ад іншых? Прыгажуня, якую бяруць у храм для ўласнай хоці — гэта ўсё ўжо было старое, як сьвет. І не яму, Альгерду, дбаць пра чысьціню жрацоў, тым болей змагацца з Бурылам. Ён зьмяце Бурылу і сваіх ворагаў ня зараз. Ня зараз…

Цяпер важна, каб вялікі жрэц даў згоду на новы паход, які рыхтаваўся ў Вільні супраць татар. Каб ягонае маленьне было ўдалае, бо ня будзе добрых знакаў ад багоў — ня будзе духу перамогі ў вояў, а гэта абавязкова прывядзе да паражэньня. А яму, князю, патрэбныя перамогі. Патрэбна ўмацоўваць Княства і павялічваць яго. Якраз ён спадзяваўся, што Круглец таксама заўдзячыцца: яго ж папярэдзіў аб небясьпецы для Уны. Захіляць сабой баярына ад Бурылы вялікі князь не зьбіраўся — занадта гонару для маладзёна, і хто ён такі, урэшце, супраць усемагутнага жраца?

Круглец засяроджана скакаў і скакаў па вясновай, часамі яшчэ вязкай дарозе, з кожнай новай вярстой набіраючыся духу супраціву. Не прывязе ён сястру, нават калі яе знойдуць у Хайдэльбергу, нягледзячы на пасланца! Ён справіцца з гэтымі малойцамі, і яны ніколі ня вернуцца назад. Магчыма, ня вернецца ў Вільню і ён — нездарма да сядла каня была прымацаваная скураная торба. У ёй — мяшэчак з дынарамі і срэбнымі брускамі. А на ягоным поясе ў капшуку з барановай машонкі, там, дзе звычайна знаходзіцца крэсіва — залатыя манеты з Рыму, якія бацька прывозіў са сваіх паездак. Казаў: «Невядомае нам будучае, але заўсёды выручаюць гэтыя круглякі. Можа, і вам, дзеці, спатрэбяцца». І вось спатрэбіліся, як спатрэбіліся Уне яе залатыя ўпрыгожаньні і пярсьцёнкі дзеля таго, каб зьбегчы з Вільні і нават зьехаць у далёкую Нямеччыну, схавацца ад грознага перасьледу.

«І ад яго, свайго брата», — кальнула думка. Ён не абараніў яе як сьлед, не супраціўляўся вялікаму жрацу, гатовы быў нават саступіць, бо паспрабаваў яе ўгаворваць, каб сястра засталася. Але яна не захацела быць пацешкаю для старога памаўзьлівага мужчыны, выбрала небясьпеку, дарогу і невядомасьць.

Аднойчы, калі яны толькі пакінулі карчму-заначоўку і ўвайшлі ў малочную халадэчу вясновай раніцы, Круглец зацеміў, што конь Ратшы, пакуль той папраўляў стрэмя, пільна ўнюхваецца ў гаспадара ды круціць галавой. Астатнія коні паводзілі сябе як звычайна. Адразу ўзгадалася, што казаў у такім выпадку дзед: любячы коней больш чым кагосьці з людзей, ён ведаў усе іхнія павадкі і часам дзяліўся з унукамі сваімі ведамі. «Калі конь унюхваецца ў гаспадара больш, чым звычайна, можаш быць упэўненым: коньнік памрэ ў бліжэйшыя дні», — усплылі аднекуль з далечыні дзедавы словы. Хлопец адразу наструніўся, усё ў ім затрапятала ад прадчуваньня небясьпекі, няхай яна і скончыцца сьмерцю толькі аднаго. Чатыры коньнікі, няхай сабе яны і ўмеюць спраўляцца з мячамі, усё ж ня надта моцны баявы атрад. Хаця апошнім часам дарогі і ў Княстве, і ў Чэхіі, і ў Нямеччыне былі больш бясьпечнымі, усё ж у лесе маглі іх перастрэць рабаўнікі. Толькі яны і несьлі небясьпеку. На заставах і каля брамаў падарожнікі паказвалі ахоўную грамату Альгерда, што давала ім усе тыя правы, якія давалі ў Княстве ахоўныя граматы іншаземцаў. Што ж такое магло іх чакаць у сёньняшняй дарозе?

— Трэба быць надта асьцярожнымі, — пад’ехаўшы да Ратшы, папярэдзіў ён. Але каржакаваты, з магутнымі, як выварачаныя карані плячыма дружыньнік толькі зьняважліва засьмяяўся:

— Бачу, пан калоціцца ад страху. Колькі прашлёндалі — усё было спакойна. І далей так будзе. Ці мо пану Лядашчык паказаўся?

— Не, я самую Марэну ўбачыў! — пакрыўджана-злосна адпарыраваў Круглец. Авёс адразу запляваўся, замахаў рукамі:

— Чур мяне захавай! Каб яна на нас забылася як надаўжэй!

— Мяне! — перадражніў яго Ратша. — За ўсіх тады прасі, гарбуз печаны! Ды не калаціся! Нас ахоўвае сам Вялес, нездарма вялікі жрэц атрымаў ад яго добры знак.

— Але мы ўжо далёка, тут жывуць чужыя багі, — нясьмела запярэчыў яму трэці дружыньнік — кучаравы, русы, з залацістым пушком над вуснамі Трэпет.

А Круглец насьмешліва паддаў жару:

— Я Стрыгу, як цябе, бачыў, вунь там, за хатай, яна з цябе вачэй не спускала!

Відавочна ўстрывожаны, Ратша дакрануўся да грудзей, дзе на абярогу быў металічнай паласой навараны знак агню, зашаптаў словы замовы.

Ды толькі гэта не дапамагло.

Вясновы дзень, цяплейшы, чым на радзіме, з жоўтымі вочкамі дзьмухаўцоў і маладым пахкім лісьцем, з вільготным пяском на капытах коней і на ботах коньнікаў яшчэ толькі пачынаў сваю хаду, як на падарожных абрынулася няшчасьце.

Атрад рэйтэраў[48], што выпаўз з-за павароткі, спачатку не прадвяшчаў бяды. Недзе з пятнаццаць коньнікаў трусілі па дарозе роўна і амаль ляніва. Хутчэй за ўсё, гэта былі воі, што вярталіся ў горад. Круглец пакасіўся на скураную торбу, дзе ў футарале ляжаў ахоўны пергамент з малой пячаткай Альгердавай канцылярыі. Ратша паправіў на каптане знак ганца — металічны кругляк з трызубцам Гедзіміна. Авёс і Трэпет з цікавасьцю глядзелі на цяжкіх, крутагрудых нямецкіх коней, узгадваючы няхітрыя нямецкія словы, якіх яны нахапаліся пры двары і ў крамах нямецкіх купцоў.

Але нічога з усяго гэтага не спатрэбілася: пачулася гучная каманда, немцы, выхапіўшы мячы, паімчаліся насустрач чатыром коньнікам. Узьвіўся сьцяжок наперадзе, і вільняне ўбачылі чырвоны крыж на белым полі. Гэта былі крыжакі.

Трэба імгненна прымаць рашэньне, і Ратша яго прыняў: ён рэзка зьвярнуў у лес, на пясчаную дарогу, што адгаліноўвалася ад шляху. Можна было спадзявацца, што толькі там можна, адарваўшыся ад нападоўцаў, схавацца недзе на адной з бясконцых сьцяжынаў альбо затаіцца ў гушчары. Калі б рашэньне прымаў Круглец, ён паспрабаваў бы спыніць крыжакоў, падняўшы футарал з ахоўнай граматай. Аднак, падганяючы каня ўсьлед за Ратшам, ён раптоўна зразумеў, што ў такім разе гібель напаткала б іх тут жа і неадменна: мабыць, крыжакі выдатна ведалі, што чацьвёрка вояў начавала ў горадзе, бо на ажыўленай дарозе нападаць на падарожнікаў маглі толькі яны, што не баяліся ні каралёў, ні радцаў-гараджан, а толькі самога Папу.

Пазьней Круглец зразумеў, што іх перастрэлі не выпадкова. Хтосьці даклаў крыжакам пра іх. Хтосьці падказаў, што адзін з падарожных відавочна багаты чалавек. Хаця дарожны плашч ды вопратка Кругляца былі бяз срэбных фібул ды пушыстай аблямоўкі, усё ж напоі і стравы, якія ён заказваў у корчмах, дзе прыставалі на ноч, пакой, у якім начаваў, былі самымі дарагімі. Маглі нападоўнікі разважаць і так: чатырох адолець лягчэй, чым цэлы атрад. Крыжакі, калі яны ехалі ў далёкае падарожжа, часам палявалі на здабычу, бо калі і маглі паскардзіцца ў мясцовы магістрат ацалелыя, хто стане шукаць вецер у полі?

…Што і конь у яго хутчэйшы і лаўчэйшы, чым у спадарожнікаў, Круглец спасьціг таксама тут, на гэтай лясной дарозе. Разумны скакун, нібы зразумеўшы страх гаспадара і небясьпеку, імгненна, скіраваўшы паміж рэдкіх соснаў паабапал дарогі, абагнаў усіх і вырваўся наперад.

— Наперад! Хутчэй! — крычаў Ратша, і Круглец гнаў каня, заплюшчваючы вочы, калі галіны білі яго па твары, гнаў, скіроўваючы каня то ўлева, то ўправа — ажно пакуль зьнямоглы скакун ня ўпаў на калені, і коньнік, перакуліўшыся праз яго, з усяе сілы пляснуўся сьпіной аб зямлю.

Яму пашанцавала: зямля тут была мяккай, зялёны мох даўно нарасьціў на паляне пушыстае покрыва, і тонкія асінкі трапяталі па краях гнуткімі цельцамі. Ускочыўшы, Круглец прыслухаўся. Але нічога ўжо ня тупатала сьледам, не галёкала чужымі варожымі галасамі, ні сьвісьцела — нібыта ўся гэтая шалёная пагоня толькі прымроілася яму. Ён асьцярожна выглянуў з паляны на зарослую быльнягом і травой дарогу, хутчэй, сьцяжыну, з якое збочыў конь, але нікога і нічога не было ані відаць, ані чуваць і там.

Конь цяжка дыхаў, з храпы яго ішла пена. Няўжо загнаў свайго выратоўцу да сьмерці? Круглец агледзеўся, вызначаючы, ці можа быць недзе блізка вада. Можа, рэчка, а можа хоць якая калюжына дасьць каню тыя выратавальныя глыткі, што паднімуць яго з моху.

Выняў са скураных похваў корд — магчыма, давядзецца прасякаць сабе шлях праз кустоўе. Пасьлініў палец, падняў яго ўверх, каб вызначыць, адкуль вецер, і прынюхацца — ці ня пахне ён вільгацьцю. Апускаючы руку, заўважыў у кустах цікаўнае вока — імгненна кінуўся туды і ня даў уцячы клышаногаму, у сьвітцы іржавага балотнага колеру мужыку. На пытаньні той адно матляў галавой і са страхам касіўся на пояс Кумца з выявай Сварожага знаку.

— Ты хрысьціянін! — здагадаўся Кумец і загаварыў да чалавека па-нямецку. — Ня бойся, я не зраблю табе благога. Мне патрэбна вада, для яго, — паказаў на каня і дадаў: — Я заплачу, ня бойся.

Але чалавек яшчэ болей заматляў галавой, углядаючыся ў вочы Кругляца, як бы штосьці спасьцігаючы ў іх.

— Хай твой конь астыне, — сказаў нарэшце скрыпучым, як бы нават і не чалавечым голасам. — Я прынясу вады, яна тут недалёка. А ты натры яму вушы вось гэтым, — ён паказаў на нейкую непрыкметную зёлачку, якую Круглец ледзь разгледзеў у траве, і зьнік, як растварыўся ў зеляніне…

— Чакай, вазьмі мех! — крыкнуў ён усьлед, але чалавек не адгукнуўся, і хлопец падумаў: а ці не прывядзе той сюды пагоню? Але чым ёй перашкодзіць? Пакінуць каня, з грузам брысьці па невядомай дарозе невядома куды, дзе яго ўсё роўна высачаць гэткія вось лесавікі? Не, ён застанецца тут і будзе змагацца да апошняга!

Конь прыўзьняў галаву, чалавечым, праніклівым позіркам глянуў на Кругляца.

— Думаеш, кіну? Ня бойся! — хлопец агледзеўся і, нахіліўшыся над купамі травы на ўскрайку, стаў рваць сіняватыя зёлкі і націраць імі чуйныя конскія вушы, слухаючы адначасна, ці не зашалясьцяць дзе крокі альбо перагукнуцца варожыя галасы. Ды лясны чалавек зьявіўся за яго сьпіной так нечакана, што Круглец ажно здрыгануўся і ледзь ня выбіў з рук у таго бяроставы конус, у якім плёскалася вада. Конь прагна пацягнуўся да вады, ды лясны чалавек адхіліўся, спачатку памацаўшы гарачыя конскія вушы. Пальцы яго прабегліся па жываце, шыі, час ад часу спыняючыся, націскаючы на пукліны, і конь, які спачатку спуджана захроп і нават спрабаваў дастаць незнаемца капытом, сьціх і заплюшчыў вочы, нібы на яго напаў раптоўны сон. А пасьля, калі выпіў трохі вады, глыбока ўздыхнуў і як страціў прытомнасьць.

— Ён ачуняе, — праскрыпеў чалавек. — Пачакай і пасядзі побач, ён яшчэ паслужыць табе.

— Вазьмі, — Круглец працягнуў яму залаты дынарый. Чалавек спачатку адхіснуўся, пасьля твар яго загарэўся радасьцю. Ён схапіў кругляк, пацалаваў яго.

— Так любіш грошы? — зьдзівіўся Круглец.

— Дачка… я змагу забраць яе ў Шмідта, яна ў ягоным замку… за даўгі…

На каравым, нібы пасечаная калода, твары паказаліся сьлёзы.

— Хай Хрыстос паможа табе. Мне, бачыш, ён ужо дапамог праз цябе. А Шмідту не. Ягоныя госьці цябе не злавілі, а ў тых хлопцаў грошай было з дулю.

— Ты кажаш пра маіх спадарожнікаў?

— Ня ведаю, хто яны, але іх пералавілі як зайцоў.

— Дык іх усе ж дагналі! Дзе яны цяпер?

— Палеглі у Гансавым бары. Можа, іх ужо расьцягнула зьвяр’ё. А коней забралі, коні ў вас, славян, добрыя. Бачу, што і сэрцы таксама, — чалавек любоўна пагладзіў залатавік. Прадоўжыў тым жа скрыпучым, як у яловага карча ў навальніцу, голасам:

— Каб цябе таксама не пасеклі, едзь па гэтай сьцежцы. Праз паўдня яна выведзе на шлях да наступнай гарадской брамы.

Круглец азірнуўся, але нідзе ніякай сьцежкі ў накірунку, паказаным чалавекам, не пабачыў.

— Вось яна.

Сьцежка там сапраўды была. Захіленая ялінай, яна пачыналася ад самай гэтай паляны і вяла на захад. Чалавек ужо зьбіраўся нырнуць у гушчар, але Круглец яго затрымаў:

— Скажы, чаму ты мяне ня выдаў? Або… не забіў зьнянацку? Я ж бачу, у цябе нож на поясе. І дзяржальна там не такое, якія бываюць у простага селяніна…

Вочы ў ляснога чалавека ўспыхнулі, яго каравы твар асьвяціўся разумнай і іранічнай усьмешкай:

— Ты назіральны, славянін. Я не селянін, а калісьці быў ня проста рамесьнікам, а залатых спраў майстрам, і рабіў упрыгожаньні — разам з бацькам Шмідта. Бывала, разам з ім і іншымі ляснымі братамі вызваляў багацеяў па дарогах, каб набраць паболей круглячкоў, якія са сьмерда робяць сіньёра… Ды ён хітрыкамі забраў усё, што ў мяне было, і купіў сабе дом пад горадам і тытул. За тое яшчэ трэба даплаціць працэнты, вось гэты паганы корч і рабуе патроху падарожнікаў. А мяне ўзяў за лесьніка другі сеньёр, і я развучыўся гаварыць, бо ў лесе толькі зьвяр’ё, якое бывае лепшым за чалавека…

— Але ў нас ахоўныя граматы! Няўжо гэты Шмідт не баіцца самога імператара?

— Ягоныя сябры-крыжакі едуць на наступным тыдні ў Рым. У іх вялікі заступнік. А мёртвыя падарожнікі нічога не раскажуць.

— Я жывы, і я буду сьведчыць супраць твайго ворага!

— Цябе ўжо шукаюць па ўсім лесе. Ты ці ня першы, хто ўцёк. Але ж шлях твой ня скончаны, усё можа быць…

— Дык чаму ж ты ня выдаў мяне? Альбо не забіў сам?

— Таму што я стаў хрысьціянінам і раскаяўся. Таму што спадзяюся некалі ўсё ж павесіць Шмідта на сасьне ля замку. Нягледзячы на тое, што мая дачка мае ад яго байструка…

Ён павярнуўся і зьнік так раптоўна, нібы праваліўся скрозь зямлю, і адразу ж Круглец пачуў, як галёкаюць і крычаць недзе збоку, справа, гартанныя галасы чужакоў. Ён стаіўся, асьцярожна паклаў далонь на цёплую пысу свайго скакуна, каб той не азваўся іржаньнем. Пасьля, счакаўшы, пакуль крыкі аддаляцца, асьцярожна дапамог падняцца трохі ачуняламу каню і, паманіўшы за сабой, ціха, нетаропка паклыгаў па сьцяжыне.

Яліны білі Кругляца па твары, але ён не адчуваў таго, заняты няспынным цікаваньнем за кожным шолахам і скрыгатам навокал. Конь паволі ішоў за ім, і было бачна, што ён, нягледзячы на слабасьць, стараецца рухацца, нібыта добра разумее, што гаспадар ратуе яго і ня хоча пакінуць на здабычу лясному зьвяр’ю, чый пах прымушаў разумную жывёліну таксама сьцярожка ўзірацца ў захілены кустоўем шлях. Раптам коратка і зусім ціха скакун заіржаў, як бы падаючы гаспадару знак, і Круглец прыцішыў хаду, напружыў зрок, стараючыся зразумець, што ўстрывожыла жывёліну. Здаецца, вось яно! Сьвежасьсечаная галіна асіны зьнявечана хісталася ў гушчары, і там, за зеленавата-пярэстым целам пакалечанага мячамі дрэва нешта жахліва-чырвонае распырскала вакол рудыя плямы.

— Стой тут, — ціха прашаптаў хлопец і, тоячыся за бярозамі і ялінамі, пачаў набліжацца да асіны.

Чалавечае цела на прагаліне відавочна ўжо скарчанела і застыла ў нежывой страшнай позе, ніцма ўткнуўшыся ў траву. Яно было ў споднім, без карзна, паса і зброі. Толькі падышоўшы, Круглец убачыў, што галавы ў цела няма — яна, сьсечаная страшным ударам, валялася непадалёку. Гэта быў Ратша. Пакутлівая грымаса на сьсінелых вуснах і зажмураныя, нібы ў перадсьмяротным жаху, вочы рабілі гэтую страшную галаву прывіднай і нерэальнай, нібы яна сасьнілася Кругляцу ў жахлівым сьне. Конь ззаду зноў коратка і жаласьліва заіржаў, быццам просячы хутчэй ісьці адсюль, і хлопец, яшчэ раз азірнуўшыся вакол, падабраў тое, што ляжала ля цела. Гэта быў выразаны з ліпы, велічыней з паўдалоні Вялес. Яго вузкія, з цяжкімі павекамі вочы пагрозьліва зірнулі на Кругляца, і адразу ж перад хлопцам паўстаў твар Бурылы — халодны і ўладны позірк, цяжкія, нібы каменныя сківіцы.

Далонь нібы ўкалола нечым халодным і ліпкім. Імгненьне ён павагаўся. Пасьля шырока размахнуўся і шпурнуў драўлянага бога ў гушчар, адкуль з крыкам выляцела нейкая спалоханая птушка. Тады Круглец асьцярожна ўзяў галаву за заскарузлыя ад крыві валасы і прыклаў яе да цела, а пасьля закідаў тое, што засталося ад Ратшы, сабраным насьпех суччом. Павярнуўся. Узяў за повад каня, пагладзіў яго па цёплай шыі, разблытаў пальцамі жорсткае скалочанае ў камякі валосьсе. Трэба было як хутчэй выбірацца адсюль, ды двое вільнян знаходзіліся недзе тут, у гэтым лесе, і бягляк ня мог проста сысьці прэч. Нельга было і адпускаць каня, ды, калі, пабрыўшы далей па сьцяжыне, стомлена выпусьціў повад, той сам пакульгаў за ім. Так і ішлі яны, ажно пакуль наперадзе не паказаўся прагал. А за ім — шлях, відавочна, той, якім яны і ехалі на захад. Тут і спыніўся ў роздуме Круглец. Недзе ў лесе ляжаць яшчэ два ягоныя спадарожнікі. Няхай сабе яны і былі яму непрыяцелямі, ды… Як жа пакінуць сваіх людзей не пахаванымі? А раптам стануць іхнія душы, не дабрыўшы да Ірыя, вяртацца і вяртацца да яго?

— Не чакай нікога, славянін, едзь, пакуль рыцары ў Дубовым гаі ля ракі, — пачуўся знаёмы голас. Хлопец зноў уздрыгнуў усім целам ад нечаканасьці, але, пабачыўшы нядаўняга незнаёмца, супакоіўся: той глядзеў з прыязнасьцю і нейкім нават захапленьнем.

— Паслухай, можа ты, як хрысьціянін, пахаваеш маіх спадарожнікаў? Я заплачу табе яшчэ, бо я наўрад ці знайду іх, — Круглец памкнуўся да запаветнага мяшэчка, але лясны чалавек яго спыніў:

— Ты мне адзін раз заплаціў за ўсё. А яшчэ даў радасьць: Ота Шмідт лаецца на ўвесь лес, бо ня можа цябе адшукаць. Я дапамагу табе, славянін. Да таго ж ты сам хрысьціянін: я бачыў, як ты кідаў ідала ў кусты.

— Я не таму… — пачаў быў Круглец, але спыніўся. І язычнікі ня кідаюць сваіх, але дружыньнікі сваімі яму не былі. Чаму ж душа яго прагла дапамагчы ім, нават пасьля іхняе сьмерці? Чаму не прымала яна Вялеса? Ня толькі таму, што драўляны бог нагадаў яму вярхоўнага жраца, ненавіснага прагавітай пажадлівасьцю, з-за якой павінен быў Круглец ехаць у далёкі сьвет і па загадзе самога вялікага князя аддаць яе ў сквапныя, учэпістыя рукі.

Нечаканы напад вызваліў яго з-пад пагрозьлівай апекі дружыньнікаў, і, калі ён жывым выберацца з лесу, стане свабодным, прадоўжыць шлях і, можа быць, нават застанецца там, у Хайдэльбергу, калі яшчэ засьпее там сястру. Бо вяртацца ў Вільню значыла аддаць сябе на суд жрацоў альбо князя — а можа, на абодва суды, якія абвінавацяць яго ў тым, што дружыньнікі загінулі, а ён чамусьці застаўся жывым.

І, ужо выязджаючы на шырокі, высахлы за доўгі цёплы дзень шлях, ён зразумеў і яшчэ адно: гэта, несумненна, знак… Знак дапамогі ад хрысьціянскага бога. Ад таго, хто так пранікліва, нібы вызначыўшы яму будучае, глядзеў на яго ў храме сьвятой Сафіі ў Царградзе і даў яму ня толькі свабоду, але і надзею.

А гэта значыць і тое, што ён, сустрэўшыся з Унай, не застанецца ў Нямеччыне, а вернецца ў Вільню. Вернецца, каб праўдзіва расказаць пра тое, што з імі было і аддаць сябе пад ахоўніцтва таго бога, які ахвяруе сабою дзеля іншых. Вось і яму трэба ахвяраваць сабою дзеля таго, каб сьведчыць ісьціну — тую, якую, па ўсім бачна, перажылі Кумец і Няжыла, і якую цяпер нанова перажыў ён сам.

Загрузка...