ЗЬЗЯНЬНЕ

Залатыя яблыкі схіляліся да ягонай галавы. Цела яблыні было зіхотка-срэбным, пералівалася, вабіла спакоем і адвечнай магутнасьцю быцьця. У ім, яблыневым ствале, на кароткія імгненьні ажывалі, усьміхаліся абліччы, чамусьці знаёмыя яму, і ўсеабдымнае, амаль нясьцерпнае пачуцьцё асалоды і замілаваньня ахоплівала душу, ён схіляўся перад дрэвам, а залаты яблык раптам ператварыўся ў гало і накрыў цемя, і ён паляцеў па вузкім цёмным жарале, набіраючы хуткасьць…

Лойка прыйшоў, калі затуманеная болем Кумцова сьвядомасьць трохі праясьнілася, мроя зьнікла. Тады замест вялізнага цёмнага калідора, у канцы якога зьзяла жоўта-залацістае сьвятло і клікала да сябе, пабачыў звыклыя сьцены камяніцы і адчуў, што ад сырасьці і пранізьлівага холаду валуна, да якога ён быў прыкуты заіржавелым ланцугом, нібы скамянела сьпіна, якую расьціралі чыесьці моцныя і гарачыя рукі. Азірнуўся — і тузануўся ад нечаканасьці: на яго глядзелі сінія, па-дзіцячы наіўныя і па-старэчы мудрыя вочы вялікага жраца Сварога. Доўгая апранаха з белага сукна, падбітая белай аўчынай, рабіла яго шчуплую постаць велічнай, а высокі лямцавы каўпак з вышытай над ілбом залатой кветкай яшчэ болей узвышаў яго над вязьнем, амаль скручаным у стручок ад начной сырасьці.

— Нашто ты тут, вешчы старац?

— Ты нават не захварэў, хаця закачанеў, як калядная гусь на кірмашы, — са зьдзіўленьнем і нават нейкім абурэньнем прагаварыў той, працягваючы расьціраць застыглую сьпіну вязьня.

— Я не адчуваю холаду.

— Гэтага ня можа быць. Няўжо праўда?

— Ну ведама ж, я кажу як ёсьць.

— Тады раскажаш мне, як табе ўдаецца ашукаць Зюзю.

Кажучы гэта, жрэц даволі бадзёра тузаў лапаткі вязьня, і неўзабаве той адчуў, як цяпло пацякло па целу, вогненнымі струменямі ахінаючы плечы. Жрэц адступіў, выцягнуў са скураной торбачкі невялікі глячык, паднёс да вуснаў Кумца.

— Пі!

Пітво было з мядовым смакам, ад яго канчаткова сагрэлася схуднелае і ад таго чуйнае да холаду Кумцовае цела.

— Я хацеў бы выратаваць цябе. З вашым бацькам мы разам хадзілі ў школку пры храме, пакуль вешчыя старцы сярод усіх высакародных вучняў не абралі мяне для служэньня Сварогу.

— Памятаю, што бацька сапраўды казаў, што ты і тады, яшчэ дзіцем, мог бачыць Бога… багоў і пытацца ў іх пра будучае.

— Ну вось бачыш, ты і зараз не цураешся нашых багоў.

— Я сказаў так па старой завядзёнцы. Ня буду ж я называць іх…

— Параджэньнем д’ябла, чорнай сілай, як кажа табе Нестар? — падхапіў Лойка. — Ня бойся спрачацца са мною, тым больш што я прыйшоў сюды, каб пагаварыць з табой і дапамагчы табе.

— Як майму брату? Я чуў, што яму зараз даводзіцца несалодка.

— Табе пра тое сказалі людзі, што тоўпяцца каля акенца гэтай цямніцы? Сёньня іх разганяла варта. Іх сапраўды прыходзіць сюды ўсё болей і болей.

– І гэта трывожыць жрацоў? Ці вялікага князя? Ці іх усіх разам?

— А калі б ты сам быў вялікім жрацом, няўжо ты глядзеў бы спакойна, як чужая, бязьлітасная сіла прыходзіць сюды і разбурае ўсё, на чым трымаецца наш народ?

— Яна не бязьлітасная, а міласэрная, як нішто на зямлі.

— Праўда? А што ты скажаш пра кіяўлян, якіх забівалі тысячамі, каб яны забыліся на сваіх багоў? І Уладзімір, які рабіў гэта, названы царквою вялікім. Ты ж супраць таго, каб у чалавека адбіраць жыцьцё, ці ня так? У аднаго! А там быў не адзін! Ці, можа, Нестар табе таго не расказваў?

— Я ведаю пра тое. Я чытаў у скрыпторыі сьпіскі з летапісаў. Але я веру сабе і сваім пачуцьцям. Хрысьціяне не забілі тут, у Вільні, ні аднаго чалавека. І чаму я павінен верыць таму, што пісалі незнаёмыя мне людзі? Я ня ведаю, ці пісалі яны праўду, ці ілгалі, як ілжэм сёньня і мы — ілжэ нашая ўлада, нашыя жрацы, ілгуць людзі адзін аднаму. І іх ня стрымлівае ні Пярун, ні Вялес, ні Дажбог, ні Мокаш.

— Ты думаеш, іх стрымае Хрыстос?

Кумец паварушыў плячыма, устаў. Нага, на якой бразгаў цяжкі ланцуг, пакутліва ныла.

— Ці ня мог бы ты, вялікі жрэц, паклапаціцца, каб на мне хаця б у час нашай размовы раскавалі кайданы?

Лойка ўскочыў, затупаў нагамі:

— Які ж я забыўлівы! Гэта, відаць, праклятая атрута! Князь дазволіў мне прынесьці табе добрай ежы, а зараз цябе вызваляць ад кайданоў.

Ён пляснуў у ладкі, і за дзьвярыма каморкі пачуліся крокі. Отрак увайшоў з ладнай торбай, азірнуўся ў недаўменьні: у вязьніцы, апроч саломы ды ланцуга, не было нічога. Ён паклаў торбу на падлогу, выйшаў і неўзабаве прынёс дошку і два сухія пянькі, з якіх зрабіў нешта накшталт стала, дзе расклаў прынесенае: хлеб, сыр і мёд, яйкі і вялікі кавалак вепручыны. А яшчэ гляк квасу, ад якога ў вільготнае, з цьвільлю, паветра ўварваўся сьвежы і чысты духмень мяты. Вязень адпіў крыху квасу, сеў на салому сьпіной да ежы і жэстам прапанаваў Лойку таксама сесьці на падлогу. Отрак ускочыў спалохана, скінуў з сябе карзно і беражна паклаў на спарахнелыя сьцябліны. Лойка апусьціўся побач з Кумцом, яшчэ раз прапанаваў яму падмацавацца.

— Баюся, што пасьля вечнай рэдзькі ды гароху я спруцянею ад гэткае раскошы, — усьміхнуўся Кумец. — Ведаеш, вялікі жрэц, я ўжо часам прымушаю сябе есьці. У мяне ўжо няма той прагавітасьці і асалоды, з якою я некалі піў чырвонае грэцкае віно, еў прысмакі. І мне дзіўна ўяўляць сябе таго, ранейшага, калі толькі зараз, у цямніцы, я адчуў сапраўдны смак жыцьця і яго бязьмерную прыгажосьць.

— Хрысьціяне адмаўляюць само жыцьцё! Самы вялікі і страшны іхні грэх у гэтым адмаўленьні! Калі ўсе стануць жыць як манахі — што застанецца ад людзей? Хто будзе ўзносіць маленьні, калі перавядзецца ўвесь чалавечы род?

— А ён і так вось-вось перавядзецца. Чарната апаноўвае сьвет. Мы ідзём ня шляхам праўды, дабрыні і спагады, а нянавісьці, хцівасьці і зайздрасьці. Людзям няма выратаваньня, апроч як прыняць закон ахвярнасьці, што даў нам праз Хрыста Усявышні. Усяго дзесяць законаў! Яны такія простыя — і такія неверагодна цяжкія! А што прапануе сёньня язычніцтва?

— Ты кажаш — сёньня. Так, сёньня і язычніцтва ўжо не дасканалае. Але і ў ім жыве спагада, і галоўнае — у ім радасьць жыцьця, паўната чалавечага існаваньня і пакланеньне прыгажосьці прыроды!

Яны сядзелі на гнілой саломе, гаварылі і спрачаліся. Нясьмелы прамень яшчэ неакрэплага сонца паволі поўз па сьцяне, і Лойка зноў адчуваў бездапаможнасьць — тую самую, з якою ён думаў пра будучае, пра жрэчаства, якое пакуль што вяло народ па духоўнай сьцяжыне, але непазбежна павінна было страціць уладу і магутнасьць, таму што даўно страціла глыбінную чысьціню сапраўдных ведаў і сувязі з Небам. Ён ведаў, што скажэньне ісьцін, дадзеных некалі сёньняшняй расе чалавецтва, даўно перасягнула ўсе межы, але бачыў, што і новае вучэньне, дадзенае людзям трынаццаць стагоддзяў таму, ужо таксама абрасло скажэньнямі, разьдзялілася на дзьве вялікія галіны, што варагуюць паміж сабой. Вось і крыжакі лезьлі на зямлю Княства, даказваючы, што тут жывуць ня толькі язычнікі, але і несапраўдныя хрысьціяне, якіх таксама трэба перахрышчваць. Дзе ратаваньне?

І яму цяпер хацелася выратаваць хоць гэтага — чыстага і наіўнага ў сваёй новай веры хлопца. Ён бачыў і адчуваў яго. У ім было сьвятло, была сіла любові і гарачага перакананьня ў сваёй праўдзе. І гэта было самае галоўнае. Толькі гэта і магло ўратаваць сьвет. І жрэц шкадаваў, што ад язычніцтва адышлі і гэтае сьвятло, і гэтая любоў, бо ён, Лойка, не адчуваў такога ні ў кім, з кім сустракаўся штодня на набажэнствах, углядаючыся найбольш у маладых.

— Бачу, гэта непазбежна: цябе павесяць на сьвяшчэнным дубе, — сумна сказаў ён у канцы пятай гадзіны іхніх гарачых спрэчак. — На вялікай радзе я ня змог цябе абараніць, ды гэта і не дало ніякіх вынікаў. Цябе магла б уратаваць хіба Нара альбо ейная сястра Дзівейна. Не для захаваньня твайго жыцьця, не! А хаця б дзеля таго, каб не азмрочваць вясельля нашага гаспадара. Але Нара чамусьці асабліва ненавідзіць цябе. З-за гэтай нянавісьці, мабыць, зламала лёс і твайму брату. Ды і вясельле вялікага князя пакуль што ня надта зладжваецца…

Кумец здагадвўся, у чым прычына таго, што вялікая жрыца прысьпешвала з ягоным пакараньнем і сачыла за кожным крокам Няжылы, які атрымаў свабоду. І ён шкадаваў яе, як і ўсіх, хто загнаў свой бесьсьмяротны дух у твань зайздрасьці і помсты, хто ненавідзеў бліжняга і прагнуў сьмерці. Цяпер ён ведаў, што нішто не заканчваецца са сьмерцю, а наадварот — толькі пачынаецца: заблытваюцца ніты лёсаў, зацягваюцца вузлы будучых сутыкненьняў.

— Адкуль ты пра гэта дазнаўся?!

Лойка не хаваў зьдзіўленьня. Глядзеў на Кумца, шырока раскрыўшы вочы.

— Хто адкрыў табе жрацовыя таямніцы? Хто расказаў пра няспыннасьць і несьмяротнасьць жыцьцяў у плыні часу? Хрысьціяне ведалі тое, але іх прымусілі забыцца, і Нестар ня мог табе расказаць пра Калачакру[49]!

— Я нічога ня ведаю пра кала… Калачакру. Але я адчуў гэта, калі стаяў ля срэбнай яблыні з залатымі яблыкамі.

— Ты быў у Сварзе? Ты стаяў ля Дрэва Жыцьця? Але гэта дуб, сьвяшчэнны дуб, а ня яблыня!

— Я ня ведаю ні пра Дрэва Жыцьця, ні пра гэтую… Сва…сва… я кажу толькі пра тое, што бачыў…

Лойка ўзьняўся і ва ўсе вочы глядзеў на маладога хлопца. Было відно, як дрыжаць у яго вусны.

— Над табой зьзяньне. І гэта сьведчаньне, што ты быў там.

— Пра што ты, вялікі жрэц? Дзе — там?

— Ты быў там, і вялікія багі дазволілі табе дакрануцца да Дрэва, хаця ты хрысьціянін! Нават я… я, які… Значыць, канец жрэчаства зусім блізка!

Доўгімі гнуткімі пальцамі ён закрыў твар. Отрак вытарашчыў вочы, ня верачы ва ўбачанае.

Вялікі жрэц плакаў.

Загрузка...