НЕСТАР

У маленькім, цёмнакарычневым пакойчыку пры новым віленскім храме Параскевы Пятніцы было душна. Пахла зёлкамі і ладанам. Вялікая княгіня Марыя цяжка сядзела на нізкім дубовым крэсьле, што стаяла ля сьцяны, пад выявай сьвятой Параскевы. Новая разьба на ім нібы ўгрызалася ёй у сьпіну, ногі, трохі апухлыя падчас службы, цяпер невыносна балелі, нібы тонкія юхтавыя боцікі ссохліся і сталі зацеснымі. Пакаёўка Рэчыца, сеўшы на невысокі зэдлік, церла тонкую чырвоную скуру абутку, намагаючыся аблегчыць пакуты сваёй гаспадыні. Стражнік Дрыгайла чакаў у калідоры, задуменна разглядаючы маляваныя дошкі з невядомымі яму тварамі зацных людзей і хрысьціянскага бога, і раздумваў над тым, што яны зусім нястрашныя, а значыць, няма ў іх сапраўднай моцы. Ці ж параўнаць іх з Перуном альбо Вялесам — вялізныя, яны ўзвышаюцца над усімі, і нават высокі князь Альгерд здаецца перад імі маленькім карузьлікам!

Архіерэй Нестар, высокі, ужо сутулы, з сівой барадой і пранізьлівымі шэрымі вачыма, прайшоў у пакой, вялікая княгіня, седзячы, схілілася перад ім. Пацалавала руку. Коратка загадала Рэчыцы:

— Выйдзі.

З-за нямогласьці княгіні быў дадзены дазвол не ўставаць перад духоўнікам, але яна кожны раз падчас споведзі адчувала няёмкасьць. Як расказаць пра тое, што найбольш мучыла — схаваную ад усіх трывогу за лёс мужа і дзяцей? Вядома, Альгерд любіць іх. Але ж і вялікі князь Гедзімін, яе магутны свёкар, таксама любіў дзяцей і ад Віды, і ад Вольгі. А вялікакняскі сталец пакінуў малодшаму, якога хітрая Еўна, яго апошняя жонка, дачка полацкага Івана Усеваладавіча, назвала сваім імем — Яўнут — і якога заўсёды пры розных нагодах падсоўвала старому ўжо бацьку, адцясьняючы іншых сыноў! І вось — у княстве звады, неспакой, выгнаны Яўнут бадзяецца па сьвеце, шукае падтрымку то ў немцаў, то ў маскавітаў. Што, калі яна неўзабаве памрэ? Альгерд, відавочна, ажэніцца зноў. Ён яшчэ поўны сілаў і жадны да ўцехаў жыцьця. Але калі будуць яшчэ дзеці, то што станецца з ейнымі сынамі?!

Нават зараз, хаця шмат гадоў яна пражыла ў Вільні нявесткаю Гедзіміна, а цяпер ужо пяць гадоў і вялікаю княгіняй, адчувае яна, якая моцная сіла, як раць, стаіць супраць яе і мужа. Гэта перш за ўсё староньнікі язычніка Кейстута: жрацы, вешчыя старцы, сваяк Гедзіміна апантаны прыхільнік Рагуціса Ерыдоне і ўся іхняя язычніцкая купа. А яшчэ ўдава Гедзіміна княгіня Еўна, амаль ейная равесьніца і былая вялікая княгіня, і яе дзеці, самы страшны з якіх — Яўнут. Бо якраз ён законны спадкаемца на вялікім стальцы! Альгерд і Кейстут перамаглі яго, але ж Еўна да самай сваёй сьмерці не прымірыцца з гэтым!

Небясьпечная яшчэ і іншая групоўка. Яе ачольвае ваявода Пётра Гаштольд, які спавядае хрысьціянства заходняга абраду і схіляе да таго гаспадара Княства. Ня варта верыць і Кейстуту, ягонай шляхетнасьці. Тут, у Вільні, моцныя карані жамойцкага князя. Яго, якога шалёны шал вайны нясе заўсёды да перамогі, любяць болей, чым разумнага, але стрыманага і халаднаватага Альгерда. Не было б за мужам ейнага пасагу — віцебскіх харугваў, ня ўзносіла б яна разам з нешматлікімі хрысьціянамі штодзённых гарачых малітваў за яго — невядома, ці стаў бы ён вялікім князем. А іншыя браты Альгерда — яны што, зьмірыліся з ягонай перамогай?

Яна не захацела ўзгадваць далей свае трывогі, і духоўнік Нестар стаў супакойваць вялікую княгіню, хаця ў яго самога было турботна на душы. Хаця Марыя была яшчэ зусім не старая — усяго васемнаццаць гадоў, як пабралалася з Альгердам, — але твар яе пайшоў дробнымі маршчынкамі, вялікія вочы нібыта паменелі на трохі азызлым твары, скура стала нібы мяккая вільготная гліна. Мучылі вялікая слабасьць, бяссоньніца і боль у грудзях. Доктар-іншаземец Ганс ня мог справіцца з хваробай, а люд шаптаўся, што гэта помсьцяць Марыі багі, якіх яна пакрыўдзіла, асабліва ж Рагуціс і Медзін[17].

Нестар з болем адчуваў — неўзабаве давядзецца несьці на сабе ўвесь цяжар праўдзівай веры тут, у Вільні, аднаму, бо Гаспадар рана прыбярэ вялікую княгіню, ня жыць ёй доўга. Апроч яе, саюзьнікаў тут няма — людзі, што ходзяць у царкву, ня маюць пры двары вялікага ўплыву. З Навагародку, дзе больш за чвэртку веку заснаваная метраполія[18], дапамога таксама ідзе невялікая, бо там думаюць, што яму, Нестару, пад крылом вялікага князя жывецца лягчэй, чым ім. Але ў Навагародку хрысьціян здаўна болей, чым у язычніцкай Вільні, жрацы там ня маюць значнага ўплыву. У тамтэйшым храме вернікаў прываблівае Замкавая ікона Багародзіцы, якая яшчэ сто гадоў таму ў цудадзейным сьне князя Войшалка натхніла яго на прыняцьце манашскага сану.

У Вільні ж усё трэба пачынаць самому. Япіскап Вільні няроўны са жрацамі, хаця і бліжэйшы да вялікакняскага стальца, чым яны. У яго ўсяго толькі нядаўна пабудаваны храм — а да іхніх капішчаў дарога пракаветная, пракладзеная прадзедамі і дзядамі, багацьці, сабраныя таксама не за адно пакаленьне…

Але пра гэта трэба думаць не цяпер. Зараз трэба ўважліва слухаць вялікую княгіню…

Расказаўшы пра свае трывогі, княгіня хацела ўжо прасіць дараваньня грахоў, але раптоўна ўзгадала:

— Пазаўчора, калі я пайшла ў скрыпторый, каб узяць там запісы аб шлюбных дамовах вялікіх князёў, да мяне падышоў Круглец, сын Леся.

— Ён часам прыходзіць у наш храм, — асьцярожна заўважыў Нестар.

— Мне цяжка запамінаць твары маладых, яны для мяне ўсе на адзін капыл. Але гэтага хлопца я добра ведаю, бо надта падобны да бацькі, — нецярпліва прамовіла Марыя. — Ён хоча пахрысьціць сваю сястру і папрасіў мяне быць ейнай хроснай маці.

— Гэта вялікая радасьць, — ажывіўся Нестар. — Яго любіць моладзь, ён разумны і рахманы. Але чаму не зьвярнуўся адразу да мяне?

— Ты для яго чужы. А мяне ён памятае яшчэ з дзяцінства. Здаецца, я яго нават трымала на руках, але зараз ужо і ня ўспомню, ці ён гэта быў. І зараз бачу яго рэдка. На баляваньні ў замак ён не сьпяшаецца, яго там я ня бачу. А на дружынныя трызны не прыходжу я.

— Дык ці зробіць ласку вялікая княгіня і ці стане хроснай маці для гэтай божай авечкі?

Марыя згодна кіўнула. У апошнія гады, калі Альгерд стаў вялікім князем у выніку змовы з Кейстутам, яна нездарма пачувала сябе тут, у даўно знаёмай Вільні, адзінокай. Колішні двор Гедзіміна, хаця і спрэс язычніцкі, абкружаў жонку княжыча пашанай: яна прынесла ў пасаг багатую Віцьбескую зямлю. Аднак пасьля таго, як памёр Гедзімін, усё памянялася. Былых прыхільнікаў засталося няшмат, а колішнія маўкліва асуджалі княгіню, бо ўважалі ўзвышэньне Альгерда за надкуртачаньне[19], ашуканства. Выгнаньне Яўнута і гвалтоўны захоп Вільні Альгердам і Кейстутам мучылі Марыю. Ёй усё здавалася, што, парушаючы запавет бацькі-нябожчыка, браты моцна саграшылі.

Адзінокім пачуваў сябе і Нестар. Часам, праходзячы па Вільні, чуў ён злавесны шэпт за сьпіной. Ня раз здавалася яму, што, каб ня страх перад Альгердам і не апека вялікай княгіні, язычнікі разьдзерлі б яго на кавалкі і без усялякай літасьці выкінулі сабакам.

Ён з трывогай паглядзеў на азызлы твар вялікай княгіні і, як клапатлівы бацька, беражліва накінуў на ейныя плечы цёплую вязаную хустку.

Рэчыца, стоячы ў калідоры разам са стражнікам, спакойна глядзела на дзьверы. Радасна думалася пра жаніха — надзейнага, дужага Няжылу, пра вясельле і будучых дзяцей. Але калі б зараз глянуў на яе самы вядомы ў Вільні празарліўца, вялікі жрэц Сварога Лойка, то са спачуваньнем пагладзіў бы яе па галаве і пашкадаваў бы. Ён бы ўгледзеў, што ля левага пляча дзяўчыны стаяла Нядоля, адштурхнуўшы сваю сястру, багіню шчасьця Долю, і ўсьміхалася зласьліва, таму што нічога з гэтых мараў не адбудзецца ў жыцьці высокай, белатварай, мажнай дзяўчыны, якая пяшчотна падносіць да вуснаў маленькую драўляную Мокаш, цалуючы багіню жытла і прадзіва з надзеяй хаця б на каліва шчасьця…

Загрузка...