Раздзел дзесяты

Калі грузавік паехаў, напакаваны даверху розным інвентаром, цяжкім інструментам, ложкамі, спружыннымі матрацамі — усёй рухомай маёмасцю, якую можна было прадаць, Том пачаў бадзяцца па ўчастку. Пастаяў у свірне, зазірнуў у апусцелыя стойлы, зайшоў у павець для гаспадарчага начыння, падчапіў нагой розны хлам, што застаўся, перавярнуў чаравікам адламаны зубец касілкі. Ён абышоў усе памятныя мясціны — чырвоны берагавы адхон, дзе гняздзіліся ластаўкі, вярбу, што навісала над свінушнікам. Дзве чорныя свінні, разамлелыя на сонцы, з рохканнем пацягнуліся да яго рыламі цераз перагародку. Тут яго паломніцтва скончылася, і ён вярнуўся да дома і сеў на прыступку, куды толькі што перакінуўся цень. За яго спінай на кухні завіхалася маці — мыла дзіцячую бялізну ў начоўках; з локцяў яе моцных вяснушкаватых рук падала мыльная пена. Як толькі Том сеў на прыступку, яна перастала церці, выпрасталася і доўга глядзела на яго збоку, а калі ён павярнуўся і ўставіўся на заліты сонцам двор, — на патыліцу. Потым зноў узялася за бялізну.

— Спадзяюся, Том, у Каліфорніі някепска, — сказала яна.

Ён азірнуўся і глянуў на маці.

— З чаго ты ўзяла, што там можа быць кепска?

— А ні з чога. Толькі неяк задужа ўсё цудоўна. Тут адзін чалавек раздаваў рэкламныя лісткі. Чаго толькі там не напісана — і працы шмат, і плата высокая, і ўсё такое іншае; потым прачытала ў газеце, колькі народу патрабуецца на зборы вінаграду, апельсінаў і персікаў. Работа прыемная, Том, — персікі збіраць. Нават калі не дазволяць ніводнага з'есці, усё ж такі які-небудзь гнілы ападак праглынеш. А пад дрэвамі добра працаваць — цень. Так ужо ўсё цудоўна, ажно жах бярэ. Не веру я. Баюся, нешта тут не так.

Том сказаў:

— Не заносся вышэй за арла, не будзеш поўзаць разам з чарвякамі.

— То праўда. Гэта са свяшчэннага Пісання?

— Здаецца, адтуль, — адказаў Том. — Як прачытаў кніжку «Перамога Барбары Ўорт», у мяне свяшчэннае Пісанне мігам з галавы выбіла.

Маці ціха засмяялася і зноў узялася церці і паласкаць бялізну ў начоўках. Пасля пачала выкручваць рабочыя камбінезоны і кашулі, і мускулы ў яе на руках напяліся, як вяроўкі.

— Дзед твой з бацькавага боку раней таксама ледзь што — выслоўі з Бібліі прыводзіў. Але блытаў страх як. Усё збіваўся на «Веснік доктара Майлса» — медыцынскі даведнік. Ён яго ад першага да апошняга слова чытаў нам уголас. Там было шмат пісьмаў ад бяссоннікаў і ад тых, у каго ламала паясніцу. Потым суседзям пераказваў ім на навуку і дадаваў: «Гэта прытча з Пісання». Твой бацька і дзядзька Джон на смех яго падымаюць, а ён з сябе выходзіць. — Яна кінула на стол выкручаную бялізну, як бярэмя дроў. — Кажуць, ехаць нам дзве тысячы міль. Гэта вельмі далёка, Том? Я бачыла карту — высокія горы, як на каляровых паштоўках, і прабірацца нам трэба проста праз іх. Як ты думаеш, Том, колькі часу датуль ехаць?

— Не ведаю. Тыдні два, а калі пашчасціць, дзён дзесяць. Паслухай, ма, кінь непакоіцца. Вось я раскажу табе, як людзі жывуць у турме. Пра тое, калі цябе выпусцяць на волю, думаць нельга. З розуму кранешся. Думаць трэба пра сённяшні дзень, пра заўтрашні, пра бейсбол які-небудзь у суботу. Так і трэба жыць. Так жывуць турэмныя старажылы. А навічкі — тыя лбом аб дзверы б'юцца. Усё лічаць, колькі ім яшчэ сядзець засталося. Навошта табе гэта? Жыві з дня на дзень.

— І праўда так лепш, — сказала маці, зняла з пліты і наліла ў начоўкі гарачай вады, кінула туды брудную бялізну і пачала мясіць яе ў мыльнай вадзе. — І праўда так лепш. А ўсё ж прыемна думаць, як добра, напэўна, будзе ў Каліфорніі. Халадоў там не бывае. Скрозь — фрукты, людзі жывуць у прыгожых мясцінах, у маленькіх беленькіх доміках сярод апельсінавых дрэў. Вось каб і нам так… я хачу сказаць: калі ўсім нам знойдзецца праца… можа, і мы зажывём у адным з гэтых беленькіх домікаў. Малыя выйдуць за парог і будуць рваць апельсіны проста з галін. Паспрабуй стрымай іх — зойдуцца ад плачу.

Том глядзеў, як яна важдаецца з бялізнай, і вочы яго смяяліся.

— Табе, я бачу, ад адных такіх думак лягчэй робіцца. Я ведаў аднаго з Каліфорніі. Ён гаварыў неяк інакш, чым мы. Па гаворцы адразу пазнаеш, што ён здалёку, не з нашых мясцін. Дык ён расказваў, што там дужа шмат народу набралася, усе працы шукаюць. І яшчэ казаў, што зборшчыкі фруктаў туляцца там у брудных старых халупах, жывуць надгаладзь. Плата малая, работу знайсці цяжка.

Па твары маці прабег цень.

— Не, гэта не так, — сказала яна. — У бацькі ёсць лісток з такой жоўтай паперы — і там надрукавана, што патрэбны работнікі. Ніхто ж не браў бы на сябе такі клопат, калі б работы не было. Лісткі гэтыя немалыя грошы каштуюць. Навошта ж маніць ды яшчэ плаціць за сваю ману?

Том пакруціў галавой:

— Што я магу сказаць, ма? Зразумець цяжка, чаму гэтак робяць. Можа… — ён глянуў на двор, на залітую гарачымі сонечнымі промнямі зямлю.

— Што — «можа»?

— Можа, усё добра будзе, як ты кажаш. А куды дзед знік? Дзе прапаведнік?

Маці пайшла з кухні, несучы ў абярэмку памытую бялізну. Том адсунуўся, даючы ёй прайсці.

— Прапаведнік сказаў, пахадзіць хоча. А дзед спіць у пакоі. Ён іншы раз сярод дня заходзіць у дом крышачку паляжаць. — Маці выйшла на двор і стала накідваць на дрот выцвілыя сінія камбінезоны і доўгія шэрыя споднікі і кашулі.

Том пачуў у сябе за спінай шаркатлівыя крокі і азірнуўся. Са спальні выходзіў дзед і, як і раніцай, вазіўся з гузікамі на штанах.

— Чую, тут гамоняць, — сказаў ён. — Сукіны дзеці, паспаць не дадуць. Калі ў вас, шчанюкоў, шэрсць абсохне, тады, можа, зразумееце, што старому чалавеку трэба даць паспаць. — Яго нецярплівыя пальцы ўхітрыліся расшпіліць два ўжо зашпіленыя гузікі, і ён забыўся, што хацеў зрабіць. Рука забралася ў прарэх і з задавальненнем паскрэбла пад пахвінай.

Маці вярнулася на кухню з мокрымі рукамі, далоні ў яе былі набрынялыя і зморшчаныя ад гарачай вады і мыла.

— Думала, ты спіш, — сказала яна. — Дай зашпілю. — І хоць дзед і адбіваўся, яна ўсё ж утрымала яго і зашпіліла яму ніжнюю сарочку, кашулю і штаны. — А то ходзіш — адна любата! — сказала яна і адпусціла старога.

Ён злосна замармытаў:

— Дажыў-ткі, дажыў чалавек — ужо зашпільваюць яго. Дайце мне самому зашпільваць свае штаны.

Маці жартаўліва сказала:

— У Каліфорніі не дадуць табе расхрыстанаму шпацыраваць.

— Не дадуць? Ха! Дык я ім пакажу! Вучыць яшчэ мяне там будуць, як жыць. Захачу — з голым перадам расхаджваць буду, калі ўжо на тое пайшло.

Маці сказала:

— Такі вольны стаў на язык! Год ад году ўсё горш і горш. Перад табой, відаць, казырыцца, Том.

Стары выпнуў шчаціністы падбародак і ўставіў на дачку хітрыя, калючыя, гарэзлівыя вочкі.

— Так, сэр, — сказаў ён, — хутка ўжо ў дарогу рушым. І, далібог, праўда, вінаград там проста гронкамі вісіць пры дарозе. Ведаеце, што я зраблю? Нарву яго поўны таз і сяду на яго прама ў штанах ды яшчэ патаўкуся, і няхай сок пацячэ па калашынах.

Том засмяяўся:

— Слова гонару, хоць дзвесце гадоў дзеду будзе, яго ўсё роўна не ўтаймаваць. Значыць, дзед, у дарогу пускаемся?

Стары падцягнуў да сябе скрынку і цяжка апусціўся на яе.

— Так, сэр, — сказаў ён. — Даўно пара. Брат мой сорак гадоў таму назад туды паехаў. З таго часу ад яго ні гуку. Прайдзісвет быў, сукін кот. Ніхто яго не любіў. Уцёк з маім адназарадным кольтам. Вось сустрэнуся з ім або з яго дзецьмі, калі ён імі абзавёўся ў Каліфорніі, і запатрабую назад свой кольт. Я яго ведаю, гэтую кукушку: калі дзеці ў яго і былі, дык жывуць яны ў чужых гнёздах, куды ён іх падкінуў, так у чужых і жывуць. Канешне, я з радасцю паеду ў Каліфорнію. Там, адчуваю, памаладзею. Як прыеду — адразу на збор фруктаў.

Маці кіўнула галавой:

— Дзед гэтак і зробіць. Ён толькі апошнія тры месяцы не працуе — з таго дня, як бядро сабе скруціў.

— Святая праўда, — пацвердзіў дзед.

Седзячы на прыступцы, Том паглядзеў праз двор.

— Вунь і прапаведнік ідзе, аднекуль з-за свірна.

Маці сказала:

— Ніколі не чула такой незвычайнай малітвы, як сёння раніцай. Гэта ж не малітва была. Проста гаварыў, але гучала, як малітва.

— Нейкі ён дзівакаваты. І гаворыць дзіўна. Быццам размаўляе сам з сабой. Але не дзеля таго, каб заваражыць і набіць сабе цану.

— А ты глянь на яго вочы, — сказала маці. — Быццам ласка боская на яго сышла. Словы яго проста ў душу даходзяць. Ён як богам блаславёны. Ходзіць, апусціўшы галаву, і ўсё пад ногі сабе пазірае. На ім нябеснае бласлаўленне. — Яна змоўкла, бо Кейсі падыходзіў ужо да дзвярэй.

— Сонечны ўдар схопіш — расхаджваеш па такой спёцы, — сказаў яму Том.

Кейсі адказаў:

— Ага… усё можа быць… — І раптам загаварыў, звяртаючыся да ўсіх разам, — да маці, да дзеда, да Тома. — Мне таксама трэба на Захад. Абавязкова трэба. Можа, вы возьмеце мяне з сабой? — Ён сам здзівіўся з сваіх слоў і застыў на месцы перад імі.

Маці пытальна паглядзела на Тома, бо адказваць павінен быў ён — мужчына, але Том маўчаў. Даўшы яму час скарыстаць сваё права, маці нарэшце сказала:

— Нам гэта вялікі гонар. Але цяпер, разумееце, я вам нічога абяцаць не магу. Бацька сказаў, сёння ўвечары мужчыны ўсё абгавораць і вырашаць, калі ехаць. Давайце лепш пачакаем, пакуль усе не збяруцца — і Джон, і бацька, і Ной, і Том, і дзед, і Эл з Коні. Усё і вырашаць, як толькі ўсе вернуцца. Калі месца будзе, нам гэта, вядома ж, вялікі гонар.

Прапаведнік уздыхнуў.

— Усё роўна я пакірую туды, — сказаў ён. — Што тут робіцца! Я пахадзіў — дамы пустыя, зямля пустая, усё наваколле апусцела. Тут я не застануся. Пайду туды, куды ўсе ідуць. Буду ў полі працаваць і, можа, зарадуюся.

— А прапаведаваць будзеш? — запытаўся Том.

— Прапаведаваць не буду.

— І хрысціць не будзеш?

— І хрысціць не буду. Я ў полі працаваць буду, на зялёных палях, увесь час з людзьмі буду. Вучыць іх болей не стану. Сам лепш павучуся. Дазнаюся, чаму людзі ходзяць у густую траву, прыслухаюся, як яны гавораць, паслухаю іхнія песні. Пачую, як дзеці ядуць маісавую кашу. Як муж з жонкай таўкуць матрацы па начах. Буду есці з людзьмі, вучыцца ў іх. — Вочы яго былі вільготныя і блішчалі. — І сам паваляюся ў траве з той, што пажадае легчы са мной, — адкрыта, без хітрыкаў. І клясціся буду, і бажыцца, і ўслухоўвацца ў паэзію людской мовы. Усё гэта святое — раней я не разумеў. Гэта ўсё — даброты жыцця.

Маці сказала:

— А-мін.

Прапаведнік ціхмяна сеў на калоду каля дзвярэй.

— Не ведаю, што яшчэ рабіць адзінокаму чалавеку.

Том далікатна кашлянуў.

— Калі чалавек вырашыў больш не прапаведаваць… — пачаў быў ён.

— Ат, я проста занадта гаваркі, — сказаў Кейсі. — Ніяк ад гэтага не магу збавіцца. Але прапаведаваць не буду. Прапаведаваць — гэта значыць нешта тлумачыць людзям. А я задаю ім пытанні. Хіба гэтак прапаведуюць?

— А я ведаю? — адказаў Том. — Пропаведзь — гэта і тон голасу, і пэўны погляд на рэчы. Пропаведзь — справа добрая, калі толькі пасля яе не хочацца забіць прапаведніка. У мінулыя Каляды прыйшлі да нас у Макалестар з Арміі Выратавання. Тры гадзіны бітыя ігралі на карнетах, а мы сядзім і слухаем. Абыходзіліся з намі ласкава, а паспрабуй хто з нас падняцца і пайсці, адразу карцэр заробіш. Вось табе і пропаведзь! Улагоджвалі людзей нявольных, якія не могуць даць ім па карку за такую пропаведзь. Не, які ты прапаведнік! Глядзі толькі не ўздумай тут на карнеце іграць.

Маці падкінула голля ў агонь.

— Зараз вы перакусіце, вось толькі малавата ў мяне.

Дзед выцягнуў на двор сваю скрыню, сеў на яе і прыхінуўся да сцяны. Цень ад дзённага сонца падаў ужо на двор.


Грузавік вярнуўся пад вечар, падскокваючы і грукочучы ў клубах пылу. Пыл пластом ляжаў на насціле кузава, і капот быў увесь укрыты ім, а фары слаба свяціліся, нібы зацярушаныя чырвонай мукой. Сонца садзілася, і ў яго апошніх промнях зямля была чырвоная, як кроў. Эл сядзеў, прынікшы да руля, горды, сур'ёзны і дзелавіты, а бацька з дзядзькам Джонам займалі ганаровыя месцы побач з вадзіцелем. Стоячы ў кузаве і трымаючыся за планкі бартоў, ехалі астатнія: дванаццацігадовая Руці і дзесяцігадовы Ўінфілд — мурзатыя і дзікія, вочы стомленыя, але поўныя захаплення, пальцы і куткі рота чорныя і клейкія ад лакрычных ледзянцоў, якія яны выкленчылі ў бацькі ў горадзе. Руці, у доўгай, за калені, сукенцы з ружовага міткалю, трымалася, як паненка. Але Ўінфілд быў яшчэ дзіця — з тых, што бегаюць смаркатыя, падоўгу бавяцца недзе за свірнам, падбіраюць і кураць чужыя недакуркі. Тады як Руці ўжо разумела, якую годнасць ёй надаюць, якую адказнасць на яе накладаюць пачаўшыя ўжо прыкметна выдавацца грудзі, Уінфілд быў яшчэ гарэзлівы і дурненькі, як цялятка, хлапчук. Побач з імі, лёгка абапіраючыся на дошкі борта, стаяла Ружа Сарона. Стараючыся захаваць раўнавагу, яна пагойдвалася на насках, прымаючы штуршкі грузавіка каленямі і бёдрамі. Ружа Сарона была цяжарная і таму вельмі асцерагалася. Яе валасы, заплеценыя ў косы, ляжалі светла-попельнай каронай вакол галавы. На круглявым твары, такім пачуццёвым і прываблівым яшчэ толькі некалькі месяцаў назад, цяпер паявілася ўжо адчужанасць цяжарнасці, самазадаволеная ўсмешка, упэўнены і горды выраз, і яе поўнае цела — налітыя мяккія грудзі і жывот, крутыя клубы і ягадзіцы, якія раней так спакусліва пагойдваліся, нібы запрашаючы пляснуць па іх далонню ці пагладзіць, — усё яе цела набыло адбітак стрыманасці і самавітасці. Усе яе думкі былі скіраваныя ў сябе ўнутр, на дзіця, ва ўсіх яе рухах выяўляўся клопат пра яго. Дзеля яго яна цяпер старалася захаваць раўнавагу, стоячы на насках. Ёй здавалася, што ўвесь свет носіць у сваім лоне плод, і мысліла яна толькі з пункту гледжання прадаўжэння роду і мацярынства. Яе дзевятнаццацігадовы муж, Коні, які ўзяў за жонку пухленькае і палкае дзяўчо-гарэзу, спалохана і недаўменна прыглядаўся да перамены, якая адбылася з ёю, бо цяпер не было ўжо ні кашэчай валтузні ў пасцелі, ні кусання і драпання, ні прыглушаных смяшкоў і заключных слёз. Ён бачыў перад сабой стрыманую, абачлівую і мудрую істоту, якая сарамліва ўсміхалася яму, але не ўступала. Коні ганарыўся Ружай Сарона і баяўся яе. Як толькі выпадаў момант, ён дакранаўся да яе рукой, стаяў блізка, зусім блізка, каб адчуць целам яе бядро ці плячо, і гэта жывіла пачуццё блізкасці, якое магло зусім пакінуць яго. Коні быў хударлявы, з рэзкімі рысамі твару юнак тэхаскай пароды, і яго блакітныя вочы то гарэлі пагрозаю, то свяціліся ласкаю, то цямнелі ад страху. Ён быў добры, старанны працаўнік і мог бы стаць добрым мужам. Ён выпіваў, але ў меру, пускаў у ход кулакі, калі інакш было нельга, ніколі не выхваляўся. На людзях паводзіў сябе ціха, і ўсё ж яго прысутнасць адчувалася, з ім лічыліся.

Калі б дзядзьку Джону не было пяцідзесяці і не быў бы ён па праву роднасці адным з важакоў сям'і, ён палічыў бы за лепшае адмовіцца ад пачэснага месца побач з вадзіцелем і з радасцю ўступіў бы яго Ружы Сарона. Але гэта выключалася, бо яна была яшчэ маладая, і да таго ж жанчына. Дзядзька Джон адчуваў сябе ніякавата, засяроджаныя, неспакойныя вочы яго глядзелі тужліва, і ў моцным хударлявым целе адчувалася напружанасць. Амаль усё жыццё адзінота адгароджвала яго ад людзей, ад натуральных чалавечых пачуццяў. Але пачуцці спелі, збіраліся ўсярэдзіне і нарэшце вырываліся вонкі. Тады ён прагна накідваўся на ежу і аб'ядаўся да рвоты, або глушыў самагон ці віскі, пакуль не ператвараўся ў бяссільнага паралітыка з чырвонымі слязістымі вачамі, альбо пажадліва распуснічаў з якой-небудзь шлюхай у Салісе. Пра яго расказвалі, што аднойчы ён дабраўся да самага Шоўні і паклаў адразу трох прастытутак у адну пасцель і цэлую гадзіну шумна валтузіўся з трыма абыякавымі жаночымі целамі. Але, чым-небудзь насыціўшыся, дзядзька Джон хадзіў сумны, прысаромлены і, як і раней, адзінокі. Хаваўся ад людзей і стараўся загладзіць сваю віну падарункамі. Крадком забіраўся ў дамы і засоўваў дзецям пад падушкі жавальныя гумкі, сек дровы і не браў за гэта грошай. Раздаваў другім усё, што ў яго было, — сядло, каня, пару новых чаравікаў. Тады нікому не ўдавалася пагаварыць з ім, бо ён уцякаў, а калі сутыкаўся з людзьмі твар у твар, ён сцінаўся і паглядаў на іх спалоханымі вачамі. Смерць жонкі і доўгія месяцы самоты, што настала пасля таго, далі свой плён — згрызоты сумлення і сорам, і адзіноту яго нішто не магло парушыць.

Але было і такое, чаго ён ніяк не мог пазбегнуць. І вось цяпер дзядзька Джон едзе побач з вадзіцелем, бо ён быў адным з галоў сям'і, а сям'ёй трэба кіраваць.

Тры чалавекі, што сядзелі ў кабіне, панура вярталіся дамоў па пыльнай дарозе. Эл, схіліўшыся над рулём, паглядаў то на дарогу, то на прыборны шчыток — сачыў за стрэлкай амперметра, якая падазрона падрыгвала, за індыкатарамі ўзроўню гаручага і нагрэву. І ён у думках адзначаў слабыя месцы ў паводзінах машыны. Прыслухоўваўся да падвывання — можа, у заднім мосце не хапае масла; чуйным вухам сачыў за работай клапанаў. Ён трымаў руку на рычагу пераключэння скорасцей, адчуваючы далонню работу механізма счаплення. Націскаў на педаль — правяраў тармазныя калодкі. Можа, Эл іншы раз і блудзіў, як казёл, але цяпер ён адчуваў сваю вялікую адказнасць — за грузавік, за яго ход, за яго стан. Калі што-небудзь разладзіцца, гэта будзе яго віна, і хоць ніхто не скажа яму і слова папроку, усе, і найперш сам Эл, будуць ведаць, што вінаваты ён. І Эл правяраў машыну, сачыў за ёю, прыслухоўваўся да яе. Твар яго быў сур'ёзны, поўны пачуцця адказнасці. І ўсе паважалі яго і тую адказнасць, з якой ён ставіўся да свайго абавязку. Нават бацька — галава сям'і — з ахвотай узяў бы гаечны ключ і выканаў бы распараджэнні Эла.

Усе на грузавіку былі змораныя. Руці і Ўінфілд стаміліся ад вулічнага тлуму, ад натоўпу, ад вымольвання ў бацькі лакрычных ледзянцоў; яны стаміліся ад таго захаплення, якое выклікаў у іх дзядзька Джон, калі ён употайкі соваў ім у кішэні жавальныя гумкі.

І людзі, што сядзелі побач з вадзіцелем, былі змораныя, узлаваныя і сумныя, бо ім удалося выручыць толькі васемнаццаць даляраў за ўсю рухомасць з фермы — за коней, за фургон, за інвентар і за ўсю мэблю. Васемнаццаць даляраў. Яны наваліліся на скупшчыка, спрачаліся з ім, але адступілі, калі інтарэс яго раптам звяў і ён заявіў, што яму нічога не трэба ні за якую цану. Тады яны зразумелі, што прайгралі, здаліся і атрымалі на два даляры менш, чым скупшчык прапанаваў ім спачатку. І цяпер яны ехалі стомленыя і запалоханыя, бо ім давялося сутыкнуцца з рэчаіснасцю, якую яны не разумелі, і рэчаіснасць гэтая перамагла. Яны ведалі, што запрэжка з фургонам каштуюць куды даражэй. Яны ведалі, што скупшчык выручыць за іх значна больш, але як зрабіць гэта самім, заставалася загадкай. Гандаль быў для іх таямніцай.

Пераводзячы вочы з дарогі на прыборны шчыток, Эл сказаў:

— Малойчык гэты не тутэйшы. Гаворка ў яго не мясцовая. І адзежа таксама нейкая не такая.

І бацька паясніў:

— Калі я заходзіў у скабяную краму, я гутарыў там са знаёмымі. І яны сказалі, што шмат такіх сюды наехала, скупляюць усё, што людзі вязуць на продаж перад ад'ездам. Заезджыя гэтыя парадкам нажываюцца на нас. А мы зрабіць не можам нічога. Можа, трэба было Томі з намі паехаць. Ён, магчыма, даражэй прадаў бы.

Джон сказаў:

— Але ж скупшчык і браць нічога не хацеў. Не назад жа цягнуць.

— Мае знаёмыя там, у краме, наконт гэтага мне гаварылі, — сказаў бацька. — Скупшчыкі заўсёды гэтак робяць. Запужваюць людзей. Мы проста не ведаем, як з імі справу весці трэба. Маці вельмі засмуціцца. Зазлуе і засмуціцца.

Эл сказаў:

— А калі ты, та, думаеш ехаць?

— Яшчэ не ведаю. Вечарам усё абмяркуем і вырашым. Я рады, што Том вярнуўся. З душы камень зваліўся. Том добры хлапец.

— Тут адзін казаў, што Том даў падпіску. І быццам бы праз гэта яму нельга адлучацца з нашага штата, а калі паедзе і пападзецца, дык яго на тры гады пасадзяць.

Бацька здрыгануўся:

— Так і сказалі? Як табе здалося — яны ведаюць, што кажуць? Можа, проста трэплюцца?

— Хто іх ведае. Яны гаварылі між сабой, а я не выдаў ім, што ён мой брат. Стаяў побач і слухаў.

Бацька сказаў:

— Божа мой, не думаю, што гэта праўда! Нам без Тома ніяк. Я спытаюся ў яго. Непрыемнасцей і без таго досыць — не хапае яшчэ, каб за намі гналіся. Спадзяюся, гэта няпраўда. Трэба з ім пагаварыць начыстую.

Дзядзька Джон сказаў:

— Том сам ведае, як яму быць.

Усе змоўклі. Грузавік грукатаў па дарозе. Матор барахліў, стукацеў, тармазныя цягі бразгаталі. Колы парыпвалі, як драўляныя, са шчыліны ў каўпачку радыятара струменьчыкам вырывалася пара. За грузавіком віўся чырвоны слуп пылу. Ён з грукатам адолеў апошні пад'ём, калі палова сонечнага дыска яшчэ вісела над рысай гарызонту, і, нырнуўшы ўніз, пад'ехаў да дома, калі сонца зусім схавалася. Тармазы завішчалі, і гук гэты адціснуўся ў Элавым мазгу словамі: «Усё — пракладка паехала».

Руці і Ўінфілд з віскам пералезлі цераз борт і саскочылі на зямлю. Яны крычалі:

— Дзе ён? Дзе Том? — І раптам убачылі яго каля дзвярэй і збянтэжана спыніліся, потым паволі падышлі і нясмела зірнулі на брата.

І калі Том сказаў: — Вітанне, малыя, як справы? — яны адказалі:

— Вітанне! У нас усё добра, — і, стаўшы ўбаку, пачалі разглядаць свайго вялікага брата, які забіў чалавека і сядзеў за гэта ў турме. Ім прыгадалася, як яны гулялі ў турму ў куратніку і ваявалі між сабой за права быць арыштантам.

Коні Рыверс зняў з задняга борта высокую папярэчыну, саскочыў з грузавіка і памог Ружы Сарона злезці; і яна з годнасцю прыняла яго дапамогу і ўсміхнулася сваёй усёведнай, самазадаволенай усмешкай, неяк манерна скрывіўшы куткі губ.

Том сказаў:

— Ды гэта ж Разашарна! А я не ведаў, што ты разам з імі прыедзеш.

— Мы ішлі пеша, — сказала яна. — Машына нас дагнала і падвезла. — І дадала: — Пазнаёмся з Коні, маім мужам. — Яна прамовіла гэта, як велікасвецкая дама.

Том і Коні павіталіся за руку, змерыўшы адзін аднаго позіркам, уважліва прыглядаючыся адзін да аднаго, і засталіся задаволеныя гэтым аглядам. Тады Том сказаў:

— Я бачу, ты часу марна не траціў.

Ружа Сарона апусціла вочы на свой жывот:

— Нічога ты не бачыш, рана яшчэ.

— Мне мама сказала. Калі ж гэта будзе?

— О, не хутка. Зімой, не раней.

Том засмяяўся:

— Значыць, народзіш яго на апельсінавым ранча, га? У беленькім доміку сярод апельсінавых дрэў?

Ружа Сарона памацала жывот абедзвюма рукамі.

— Нічога ты не бачыш, — сказала яна, усміхнуўшыся сваёй самазадаволенай усмешкай, і пайшла ў дом.

Вечар быў спякотны, з захаду ўсё яшчэ напорыста праменілася святло. І, не чакаючы клічу, уся сям'я сабралася каля грузавіка, і сямейны з'езд, сямейная рада пачала сваё паседжанне.

У вэлюме вячэрняга святла чырвоная зямля здавалася празрыстай, быццам яна раздалася ва ўсе бакі, і кожны камень, слуп і будынак набылі аб'ёмнасць і цэльнасць, не прыкметныя воку пры дзённым святле; і ўсе прадметы неяк больш, чым удзень, вылучаліся з астатніх. Слуп быццам стаяў сам па сабе, аддзяліўшыся ад зямлі і ад кукурузных палёў, што рассцілаліся за ім. А кожнае кукурузнае сцябло нібы расло паасобку, не зліваючыся з астатнімі; і касматая вярба стаяла сама па сабе, асобна ад другіх дрэў. Зямля нібы падсвечвала вячэрняе сутонне. Заходняя сцяна шэрага, нефарбаванага дома серабрылася, як месяц. У гэтым святле шэры, зацярушаны пылам грузавік, што стаяў на двары насупраць дзвярэй, прывідна выступаў з прыцемак, быццам у таямнічай далечы стэрэаскопа.

Вечарам з людзьмі таксама адбылася перамена. Яны зліліся з бессвядомым жыццём прыроды. Яны падпарадкоўваліся імпульсам, што пакідалі толькі лёгкі след у іх свядомасці. Вочы іх глядзелі засяроджана і спакойна, і вочы гэтыя таксама здаваліся празрыстымі і яснымі ў вячэрнім прыцемку — празрыстыя і ясныя вочы на запыленых тварах.

Сям'я сабралася на самым галоўным месцы — каля грузавіка. Дом быў мёртвы, палі былі мёртвыя, але грузавік уяўляўся ім нечым жывым, асновай іх далейшага існавання. Дапатопны «гудзон» з памятым, абабітым кажухом радыятара, са зношанымі хадавымі часткамі, скрозь аблепленымі масляністымі згусткамі пылу, з нашлёпкамі чырвонага пылу на месцы каўпакоў на ўтулках колаў — гэтая паўлегкавая, паўгрузавая машына, няўклюдная, з высокімі бартамі, цяпер была іх новым сямейным ачагом, асяродкам іхняга жыцця.

Бацька абышоў наўкол грузавіка, агледзеў яго з усіх бакоў, тады апусціўся на кукішкі і падняў з пыльнай зямлі пруток — прыладу пісьма. Адна нага яго ўсёй ступнёй стаяла на зямлі, другая, адстаўленая крыху назад, апіралася на пальцы, так што адно калена было вышэй за другое. Левая рука ляжала на левым калене — на тым, што было ніжэй, локаць правай рукі ўпіраўся ў правае калена, а далонь падпірала падбародак. Так седзячы, бацька пазіраў на грузавік. Дзядзька Джон падышоў да яго і прысеў на кукішкі побач з ім. Вочы ў іх былі задумлівыя. Дзед выйшаў з дома, убачыў іх, зашкандыбаў да грузавіка і сеў на падножку тварам да іх. Гэта было ядро сям'і. Том, Коні і Ной паволі падышлі і таксама апусціліся на кукішкі, і цяпер усе яны сядзелі паўколам насупраць дзеда. Потым з дома выйшлі маці і бабка, за імі, асцярожна ступаючы, паявілася Ружа Сарона. Жанчыны занялі месца ззаду мужчын — стаялі, упершы рукі ў бокі. А дзеці — Руці і Ўінфілд — скакалі з нагі на нагу за спінамі ў жанчын, таўкучы пальцамі босых ног чырвоны пыл, але голасу не падавалі. Не было толькі прапаведніка. З далікатнасці ён сядзеў на зямлі за домам. Ён быў добры прапаведнік і ведаў сваю паству.

Вячэрні прыцемак рабіўся ўсё мякчэйшым, і нейкі час члены сям'і — тыя, што сядзелі, і тыя, што стаялі, — маўчалі. Нарэшце бацька, звяртаючыся не да каго-небудзь аднаго, а да ўсіх разам, пачаў сваю справаздачу:

— Абадралі нас як ліпку. Шэльма той ведаў, што чакаць нам часу няма. Выручылі ўсяго васемнаццаць даляраў.

Маці неспакойна калыхнулася, але змоўчала.

Старэйшы сын, Ной, сказаў:

— Колькі ж усяго ў нас грошай?

Бацька пачаў выводзіць лічбы ў пыле, мармычучы сабе нешта пад нос. Потым сказаў:

— Сто пяцьдзесят чатыры. Але Эл вось кажа, што трэба пакрышкі змяніць. Гэтыя, кажа, доўга не паслужаць.

Эл першы раз у жыцці прымаў удзел у сямейнай радзе. Раней ён заўсёды стаяў за спінамі жанчын. Даклад яго гучаў салідна:

— Машына старая, барахляная. Я ўсю яе агледзеў, перш чым купіць. Гаспадар мне зубы загаворваў, усё хваліў яе, але я яго не слухаў. Запусціў палец у дыферэнцыял — пілавіння няма. Адкрыў каробку перадач — таксама няма. Праверыў счапленне, пракруціў колы — ці ёсць васьмёрка. Падлез пад кузаў — рама не скошаная. Відаць, ніколі не выгіналася. Заўважыў: адзін акумулятар з трэшчынай, сказаў замяніць. Пакрышкі ні к чорту не вартыя, затое размер распаўсюджаны — такія заўсёды дастанеш. Ход не вельмі рэзвы, затое масла не працякае. Чаму я сказаў купляць? Таму што мадэль самая хадавая. Гэтых «гудзонаў супершэсць» на аўтамабільных звалках хоць гаць гаці, і запасныя часткі танна прадаюцца. Можна было б выбраць за тыя грошы і большую машыну, і прыгажэйшую, але часткі да іх цяжэй знайсці, ды просяць за іх дорага. Вось як я тады разважаў. — Апошняя фраза азначала, што ён аддае сябе на суд сям'і. Ён змоўк, чакаючы, што скажуць.

Дзед усё яшчэ быў намінальным галавой сям'і, але ўлады ўжо не меў. Становішча, якое ён займаў, было ганаровым, асвячоным звычаем. Аднак права на першае слова, незалежна ад таго, якое глупства ён можа сказаць, у яго засталося. І мужчыны, што сядзелі на кукішках, і жанчыны, што стаялі ззаду, чакалі яго слова.

— Усё правільна, — сказаў ён. — Я быў такі ж шчанюк, як ты, бегаў, задраўшы хвост, але ад справы ніколі не адвільваў. Ты робішся дарослым. — Заключныя словы прагучалі як блаславенне, і Эл паружавеў ад задавальнення.

Бацька сказаў:

— Гучыць пераканаўча. Каб гэта быў конь, мы б не звальвалі віну на Эла. Але ж сярод нас толькі адзін ён аўтамабіліст.

Том сказаў:

— Я крыху разбіраюся. Вадзіў грузавік у Макалестары. Эл правільна зрабіў. Усё як трэба. — Цяпер ужо Эл зусім расчырванеўся ад пахвалы. Том гаварыў далей: — І вось што я хацеў яшчэ сказаць… ну, прапаведнік… ён просіцца з намі. — Том змоўк. Яго словы дайшлі да людзей, што сядзелі і стаялі, але яны сустрэлі іх маўчаннем. — Ён чалавек добры, — дадаў Том. — Мы даўно яго ведаем. Іншы раз загаворваецца, але словы яго разумныя. — І ён пакінуў гэтае пытанне на вырашэнне сям'і.

Святло паступова ўбывала. Маці адышла ад групы і зайшла ў дом, з якога неўзабаве пачулася, як бразнулі дзверцы пліты. Праз момант яна вярнулася да рады, паглыбленай у роздум.

— Тут усяляк можна вырашыць, — сказаў дзед. — Некаторыя думаюць, што прапаведнікі могуць наклікаць бяду.

Том сказаў:

— Ён кажа, што ўжо больш не прапаведуе.

Дзед памахаў рукой:

— Хто ўжо быў прапаведнікам, той прапаведнікам і застанецца. Ад гэтага нічым не адгародзішся. Некаторыя лічаць за гонар трымаць сабе прапаведніка. Калі хто памрэ, прапаведнік пахавае. Вяселле, своечасовае ці запозненае, — прапаведнік тут як тут. Дзіця народзіцца — хрысціцель у вас пад дахам. Я заўсёды казаў: прапаведнікі ёсць розныя. Да іх з разборам падыходзіць трэба. Гэты мне даспадобы. Ён без гонару.

Бацька ўваткнуў пруток у пыл і, пакручваючы яго між пальцаў, вырыў у пыле ямку.

— Тут не ў тым справа, добры ён ці дрэнны, а прынясе ўдачу ці няшчасце, — сказаў ён. — Трэба ўсё добра разлічыць. Радасці мала. Зараз паглядзім. Дзед з бабкай — двое. Я, Джон і маці — пяцёра. Ной, Том і Эл — восем. Разашарна з Коні — дзесяць. Руці з Уінфілдам — дванаццаць. А яшчэ сабак трэба ўзяць, як іх тут пакінеш? Сабакі добрыя, прыстрэліць рука не паднімецца, а аддаць няма каму. Усяго чатырнаццаць.

— Гэта не лічачы курэй, якія яшчэ засталіся, і дзвюх свіней, — уставіў Ной.

— Свіней засолім на дарогу, — сказаў бацька. — Без мяса не паедзеш. Павязём саланіну ў бачурках. Вось і не ведаю, куды ж мы ўсіх пасадзім, а тут яшчэ прапаведнік. І ці зможам мы пракарміць лішні рот. — Не павярнуўшы галавы, ён запытаўся: — Як ты думаеш, маці?

Тая адкашлялася і цвёрда сказала:

— Хіба справа ў тым — ці зможам? Вось ці захочам? Змагчы мы нічога не зможам — да Каліфорніі нават не даедзем ці куды. А калі добра захочам, дык так і зробім. І калі ўжо на тое пайшло, дык нашы сем'і даўно ўжо жывуць у гэтых краях, але я не чула яшчэ, каб хто-небудзь з Джоўдаў або Хэзлітаў адмаўляўся накарміць, прытуліць ці падвезці чалавека, калі ён просіць. Сярод Джоўдаў пападаліся жмінды, але такіх яшчэ ніколі не было.

Бацька перабіў:

— А калі месца няма? — Выкруціўшы шыю, ён глянуў на яе, і яму зрабілася сорамна. Яму стала сорамна ад яе слоў. — Ну праўда ж, а калі месца не хопіць у грузавіку, што тады?

— Месца і так не хапае, — адрэзала маці. — Месца ёсць толькі шасцярым, а нас дванаццаць. Адным больш ці менш — невялікая розніца. Моцны, здаровы мужчына ніколі не будзе абузай. І другі раз, калі так здарыцца, што ў нас будуць дзве свінні і больш за сто даляраў грошай і мы задумаемся, ці зможам пракарміць чалавека… — Яна не дагаварыла, і бацька адвярнуўся ад яе, пакрыўджаны такой праборкай.

Умяшалася бабка:

— З прапаведнікам нам будзе лепш. Сёння раніцай ён добрую малітву прачытаў.

Бацька пераводзіў позірк з аднаго твару на другі, шукаючы прыкмет расколу, і нарэшце сказаў:

— Можа, пойдзеш, Томі, паклічаш яго. Калі ўжо ён едзе з намі, яго месца тут.

Том падняўся з кукішак і пайшоў да дома, на хаду клічучы:

— Кейсі! Гэй, Кейсі!

З-за дома пачуўся прыглушаны голас. Том завярнуў за вугал і ўбачыў прапаведніка, які сядзеў на зямлі, прыхінуўшыся спінай да сцяны, і глядзеў на вячэрнюю зорку, што мігцела на бязважкім небе.

— Ты клікаў мяне? — запытаўся Кейсі.

— Цябе. Мы вырашылі: раз ты едзеш з намі, дык мусіш з намі і быць — паможаш усё абдумаць.

Кейсі падняўся на ногі. Ён ведаў, што такое сямейная рада, і зразумеў, што яго прынялі ў сям'ю. Становішча, якое ён цяпер заняў, было высокае, бо, калі ён падышоў, дзядзька Джон адсунуўся ўбок, аслабаніўшы яму месца паміж сабой і братам. Кейсі па прыкладу астатніх мужчын таксама сеў на кукішкі тварам да дзеда, які засядаў, як на троне, на падножцы грузавіка.

Маці зноў пайшла ў дом. Пачуўся ляск металічнай крышкі ліхтара, і ў цёмнай кухні ўспыхнула жаўтаватае святло. Калі яна падняла накрыўку вялікага рондаля, з дзвярэй патыхнула вараным мясам і бацвіннем. Усе чакалі, калі маці выйдзе на цёмны двор, бо сярод гэтай купкі людзей яе голас многа што значыў.

— Трэба абдумаць, калі нам ехаць, — сказаў бацька. — Чым хутчэй, тым лепш. Засталося забіць свіней, засаліць мяса і ўпакавацца. Чым хутчэй усё зробім, тым лепш.

— Калі энергічна ўзяцца за справу, дык заўтра ўсё будзе гатова і паслязаўтра, як развіднее, можна выпраўляцца, — падтрымаў бацьку Ной.

Дзядзька Джон запярэчыў:

— Днём, у гарачыню, мяса не астыне. Што з цёплай свежанінай рабіць будзем?

— Тады зоймемся гэтым сёння. За ноч астыне. Крышачку ж астыне. Павячэраем і зарэжам. Соль у нас ёсць?

Маці адказала:

— Ёсць. Солі многа. Дзве добрыя бочачкі.

— Тады так і зробім, — сказаў Том.

Дзед заёрзаў на падножцы, намагаючыся падняцца.

— Зусім сцямнела, — сказаў ён. — Есці хочацца. Вось прыеду ў Каліфорнію, увесь час буду хадзіць з вялізнай гронкай вінаграду ў руцэ і — у рот, і — у рот, далібог! — Нарэшце ён падняўся; паўставалі і ўсе астатнія мужчыны.

Руці і Ўінфілд, як апантаныя, скакалі ў пыле. Руці сіпла прашаптала брату:

— Заб'ём свіней і ў Каліфорнію! Заб'ём і паедзем — усе адразу.

А Ўінфілд зусім ашалеў — прыставіў палец да горла, страшна скрывіў твар і завіхляўся, ціха ўскрыкваючы:

— Я старая свіння. Глянь! Я свіння. Бачыш, колькі крыві, Руці! — Ён пахіснуўся, грымнуўся на зямлю і слаба задрыгаў рукамі і нагамі. Але Руці была крыху старэйшая за яго і адчувала незвычайнасць таго, што адбываецца.

— І ў Каліфорнію! — паўтарыла яна. Яна ведала: такіх вялікіх падзей у яе жыцці яшчэ не было.

Дарослыя пайшлі ў густым прыцемку да асветленай кухні, і маці падала ім на алавяных талерках мяса з бацвіннем. Але перш чым самой сесці за ежу, яна паставіла на пліту вялікі круглы чан і распаліла яркі агонь у топцы. Потым прынесла некалькі вёдраў вады, наліла чан даверху і паставіла вакол яго яшчэ некалькі поўных вёдраў. Усе спехам паелі і выйшлі з кухні, каб пасядзець на прыступцы каля дзвярэй, пакуль не закіпіць вада. Яны сядзелі, пазіраючы ў цемру і на светлы квадрат, што падаў ад ліхтара на зямлю праз праём дзвярэй; пасярэдзіне гэтага квадрата чарнеўся згорблены цень дзеда. Ной старанна калупаў саломінкай у зубах. Маці і Ружа Сарона мылі талеркі і ставілі іх горкай на стол.

І раптам усе як адзін узяліся за справу. Бацька падняўся і запаліў другі ліхтар. Ной дастаў са скрынкі на кухні крывы мясніковы нож і падвастрыў яго на крэмніевым бруску. Тады паклаў нож і скрэбла на калоду, што стаяла каля дзвярэй на двары. Бацька прынёс дзве тоўстыя палкі тры футы даўжынёй, завастрыў іх з абодвух канцоў сякерай і абвязаў пасярэдзіне моцнай вяроўкай косым крыжам.

Ён прабурчаў:

— Дарэмна прадалі ворчыкі, ніводнага не засталося.

Вада на пліце клекатала, над ёю клубілася пара.

Ной запытаўся:

— Ваду туды панясём ці свіней сюды пацягнем?

— Свіней сюды, — адказаў бацька. — Свіння не кіпецень, яе не расплюхаеш і не апарышся. Вада ўся закіпела?

— Амаль уся, — адказала маці.

— Добра. Ной, і вы, Том з Элам, пойдзем са мной у хлеў. Я ліхтар панясу. Там зарэжам і прыцягнем сюды.

Ной узяў з калоды нож, Эл — сякеру, і ўсе чацвёра пакіравалі да хлява; ногі іх то вынікалі з цемры ў святле ліхтара, то знікалі ў ёй. Руці і Ўінфілд панесліся подскакам за імі. Падышоўшы да свінушніка, бацька нахіліўся над загарадкай і падняў ліхтар. Сонныя маладыя свінні, насцярожана рохкаючы, падняліся на ногі. Дзядзька Джон і прапаведнік падышлі памагчы.

— Добра, — сказаў бацька. — Біце іх. Потым пацягнем да дома, там спусцім кроў і апарым.

Ной з Томам пераступілі цераз загарадку і зрабілі сваю справу спрытна і хутка. Том ударыў два разы абухом, а Ной нахіліўся над паваленымі свіннямі, намацаў артэрыю, успароў яе сваім крывым нажом і пусціў кроў. Потым свіней, якія яшчэ пранізліва вішчалі, перавалілі цераз загарадку. Адну свінню пацягнулі за заднія ногі прапаведнік і дзядзька Джон. Другую — Том з Ноем. Бацька ішоў за імі з ліхтаром, і ў пыле працягнуліся дзве дарожкі чорнай крыві.

Каля дома Ной аддзяліў нажом сухажылле на задніх нагах, ногі развялі ў бакі распоркамі і павесілі тушы на бэлькі, што выступалі з-пад навеса даху. Тады мужчыны прынеслі вар і апарылі чорныя свіныя тушы. Ной успароў іх удоўжкі і выпатрашыў вантробы на зямлю. Бацька завастрыў яшчэ дзве распоркі, каб лепш правялілася мяса, а Том скрэблам і маці тупым канцом нажа счысцілі шчацінне. Эл прынёс пустое вядро, укінуў туды рыдлёўкай вантробы і пайшоў выкінуць іх далей ад дома; за ім, гучна мяўкаючы, пабеглі дзве кошкі, сабакі таксама кінуліся за ім, ціха пагыркваючы на кошак.

Бацька сядзеў на прыступцы, паглядваючы на свіныя тушы, на якія падала святло ліхтара. Шчацінне ўсё саскрэблі, і цяпер толькі рэдкія кроплі крыві падалі ў чорную лужыну на зямлі. Бацька падняўся, падышоў да падвешаных туш і памацаў іх рукамі, тады зноў сеў каля дзвярэй. Дзед з бабкай пайшлі спаць у свіран, у руцэ ў дзеда быў ліхтар са свечкай. Астатнія моўчкі сядзелі каля дзвярэй. Коні, Эл і Том — проста на зямлі, прыхінуўшыся спінамі да сцяны, дзядзька Джон на скрыні, бацька на прыступцы. Толькі маці і Ружа Сарона яшчэ круціліся на кухні. Руці і Ўінфілд ледзь змагаліся са сном. Яны вяла спрачаліся ў цемры. Ной і прапаведнік прыселі побач на кукішкі тварам да дома. Бацька неспакойна пачухаўся, зняў капялюш і запусціў пальцы ў валасы.

— Заўтра ўранні засолім свініну, потым пагрузім усё на грузавік, акрамя ложкаў, і паслязаўтра раніцай пусцімся ў дарогу. Работы і на дзень не хопіць, — сказаў ён няцвёрда.

Том перабіў яго:

— Вось і будзем цэлы дзень сланяцца, шукаючы, што б такое зрабіць. — Астатнія мужчыны неспакойна заварушыліся. — Можна было б скончыць зборы да світання і ехаць, — выказаў думку Том. Бацька пацёр далонню калена. І раптам усіх ахапіла нецярплівасць.

Ной сказаў:

— Можа, мясу нічога не зробіцца, калі яго проста зараз і засаліць. Парэжам на кавалкі, гэтак яшчэ хутчэй астыне.

Дзядзька Джон першы загаварыў рашуча:

— Чаго тут сядзець, чаго чакаць? Хутчэй скончым з гэтым. Ехаць дык ехаць.

Перамена адбылася і ў настроі астатніх.

— Чаму не паехаць як хутчэй? Адаспімся ў дарозе. — Ім ужо не сядзелася на месцы.

Бацька сказаў:

— Кажуць, туды — дзве тысячы міль. Гэта ж чорт ведае як далёка! Трэба ехаць. Ной, давай мы з табой парэжам тушы, потым пагрузім рэчы на машыну.

Маці высунула галаву з дзвярэй:

— А раптам што-небудзь забудземся? У цемры не відаць.

— Заднее, праверым, — сказаў Ной. Усе крыху пасядзелі моўчкі — думалі. Раптам Ной падняўся і пачаў вастрыць свой крывы нож на сцёртым тачыльным бруску. — Ма, — сказаў ён, — ачысці стол, — і, падышоўшы да свіной тушы, правёў нажом уздоўж хрыбта і пачаў зразаць мяса з рэбраў.

Бацька рашуча падняўся з прыступкі.

— Трэба ўсё сабраць, — сказаў ён. — Хадзем, хлопцы, са мной.

Цяпер, калі ўжо цвёрда было вырашана ехаць раніцай, усе заспяшаліся. Ной занёс свініну на кухню і стаў наразаць яе невялікімі квадратамі, а маці націрала кожны буйной соллю і складала іх у бачуркі, стараючыся, каб з бакоў кавалкі мяса не датыкаліся адзін да аднаго без солі. Яна клала іх, як цагліны, і засыпала ў прамежкі соль. Пакуль Ной адсякаў бакавіну і ножкі, маці падтрымлівала агонь у пліце, і, калі Ной зняў мяса з рэбраў, з хрыбта і з ног, яна засунула косткі ў духоўку, каб потым іх можна было аб'есці.

Тым часам на двары і ў свірне перамяшчаліся кругі святла ад ліхтароў — мужчыны збіралі ўсё, што было вырашана ўзяць з сабой, і складалі каля грузавіка. Ружа Сарона вынесла з дома верхнюю вопратку і абутак — камбінезоны, чаравікі на тоўстых падэшвах, гумавыя боты, паношаныя святочныя касцюмы, швэдары і курткі, падбітыя аўчынай. Усім гэтым яна шчыльна напакавала вялікую драўляную скрыню, ды яшчэ стала зверху і ўтаптала нагамі. Пасля прынесла паркалёвыя сукенкі, хусткі і шалі, чорныя баваўняныя панчохі і дзіцячую адзежу — маленькія камбінезоны, танныя паркалёвыя сукеначкі, паклала іх у скрыню і таксама прытаптала нагамі.

Том пайшоў у павець і прынёс адтуль інструмент, які наважылі ўзяць з сабой, — ручную пілу, гаечныя ключы, малаток і скрынку з наборам цвікоў, абцугі, рашпіль і камплект тонкіх напілкаў.

А Ружа Сарона прыцягнула вялікае палотнішча брызенту і расклала на зямлі за грузавіком. Яна ледзь пралезла ў дзверы з матрацамі — трыма двухспальнымі і адным вузкім, зваліла іх на брызент, тады прынесла яшчэ абярэмак складзеных ірваных коўдраў і кінула на матрацы.

Маці з Ноем усё яшчэ ўвіхаліся на кухні, з духоўкі цягнула прыемным пахам смажаных свіных костак. Позняй ноччу дзяцей змарыў нарэшце сон. Уінфілд скруціўся абаранкам проста ў пыле каля парога, а Руці, якая пайшла на кухню паглядзець, як разбіраюць тушы, заснула, седзячы на скрынцы, прыткнуўшыся галавой да сцяны. Яна дыхала лёгка і роўна, крыху растуліўшы губы.

Сабраўшы ўсе прылады, Том з ліхтаром у руцэ ўвайшоў у кухню, следам зайшоў прапаведнік.

— Ой, як здорава! — усклікнуў Том. — Ты толькі панюхай, як пахне! А чуеш, костачкі патрэскваюць?

Маці ўсё складала кавалкі свініны ў бачуркі, пасыпала іх соллю — і зверху, і з бакоў — і прымінала кожны рад рукою. Яна глянула на Тома і слаба ўсміхнулася яму вуснамі, але вочы яе былі сур'ёзныя і стомленыя.

— На снеданне добра пагрызці свіных костачак, — сказала яна.

Прапаведнік падышоў да яе.

— Дайце, я буду саліць, — прапанаваў ён. — Я ўмею. У вас, акрамя гэтага, яшчэ спраў шмат.

Маці адарвалася ад работы і неяк дзіўна паглядзела на яго, быццам ён прапанаваў ёй нешта недарэчнае. Рукі ў яе пакрыліся скарынкаю солі, ружовай ад свежага мяснога соку.

— Гэта жаночая работа, — сказала яна нарэшце.

— Работа ёсць работа, — адказаў прапаведнік. — Яе шмат — хопіць і мужчынам, і жанчынам. У вас ёсць чым заняцца. Дайце, я буду саліць.

Яна пільна паглядзела на яго, потым наліла вады з вядра ў алавяны ўмывальны тазік і памыла рукі. Прапаведнік браў кавалкі свініны і націраў іх соллю, а маці назірала. Ён клаў мяса ў бачурку, акурат як рабіла гэта маці, старанна пасыпаў соллю і расціраў далонямі. Яна выцерла свае пабялелыя ад солі, апухлыя рукі.

Том запытаўся:

— Ма, а што адсюль ўзяць?

Маці абвяла хуткім позіркам кухню.

— Вядро, — сказала яна. — Увесь посуд — талеркі, кубкі і нажы, лыжкі, відэльцы. Складзі ўсё ў шуфляду і нясі да грузавіка. Яшчэ вялікую патэльню, кацёл, кафейнік. Калі астыне духоўка, вымеш адтуль рашотку — на ёй зручна смажыць на вогнішчы. Добра было б узяць з сабой ночвы, толькі наўрад ці месца хопіць. Давядзецца мыць бялізну ў вядры. Драбязу браць не варта. У вялікім катле можна і менш згатаваць, а калі трэба многа, у малой пасудзіне не згатуеш. Бляхі з духоўкі бяры ўсе. Яны ўлазяць адна ў адну. — Маці яшчэ раз азірнула кухню. — Усё, што я сказала, збяры, Том. Пра астатняе я сама паклапачуся. Каб не забыць вялікую бляшанку з перцам, соль, мускатны арэх і тарку на яго. Гэта я пад самы канец вазьму. — Яна ўзяла ліхтар і стомлена пайшла ў спальню, яе босыя ногі бясшумна ступалі па падлозе.

Прапаведнік сказаў Тому:

— Відаць, выбілася з сілы.

— Жанчыны заўсёды з сілы выбіваюцца, — адказаў Том. — Такая ўжо ў іх доля, толькі калі-нікалі на маленнях расслабляюцца.

— Так, але ж яна зусім з ног падае. Быццам занядужала.

Маці яшчэ не пераступіла парога спальні і чула яго словы. Мускулы на яе расслабленым твары напружыліся, маршчыны зніклі, позірк зрабіўся цвярдзейшы, плечы расправіліся. Яна абвяла вачамі голыя сцены. Пуста, нічога не засталося, адзін толькі хлам. Матрацы, што яшчэ днём ляжалі на падлозе, вынесены. Камода і столік прададзены. На падлозе валяюцца зламаны грабянец і пушачка з-пад тальку, некалькі мёртвых мышэй. Яна паставіла ліхтар на падлогу. Прасунула руку за адну са скрынак, што служылі крэсламі, і дастала адтуль кардонную каробку, залапаную, з падранымі куткамі. Яна села на скрынку, адкрыла вечка кардонкі. Там ляжалі пісьмы ў канвертах, газетныя выразкі, фотакарткі, пара завушніц, залаты пярсцёнак з пячаткай і сплецены з валасоў ланцужок для гадзінніка з залатымі зачэпкамі на канцах. Яна дакранулася пальцамі да пісьмаў, ледзь дакранулася да іх, разгладзіла газетную выразку са справаздачай аб судзе над Томам. Доўга трымала кардонку на каленях, і пальцы яе перабіралі пісьмы і зноў ставілі на месца. Потым яна сядзела, закусіўшы ніжнюю губу, аддаўшыся роздуму і ўспамінам. І нарэшце наважылася — выняла з кардонкі пярсцёнак, ланцужок, завушніцы, засунула руку на самае дно і знайшла там залатую запінку. Зняла канверт з аднаго пісьма, ссыпала туды ўсе гэтыя дрындушкі, склала канверт удвая і паклала ў кішэню сукенкі. Потым беражліва, з любасцю закрыла каробку і пяшчотна правяла па ёй пальцамі. Губы ў яе крыху растуліліся. Тады раптам устала са скрынкі, падняла з падлогі ліхтар і вярнулася на кухню. Зняла канфорку з пліты і асцярожна паклала кардонку на вуголле. Кардон адразу пацямнеў. Затрапятаўся язычок полымя і лізнуў каробку. Маці апусціла канфорку на месца, і ў тое ж імгненне агонь нібы выдыхнуў і абдаў каробку жарам.

На цёмным двары бацька і Эл пры святле ліхтара грузілі рэчы на машыну. Інструмент на самы ніз, але так, каб лёгка можна было дастаць у выпадку паломкі. На яго — скрыні з адзежай і джутавы мяшок з кухонным начыннем; нажы, відэльцы і талеркі асобна ў скрынцы. Вядро прывязалі ззаду. Ніжні рад пастараліся ўкласці як мага раўней і ў прамежкі паміж скрынямі засунулі скачаныя коўдры. Зверху паклалі матрацы, запоўніўшы машыну да бартоў, і ўсю паклажу зацягнулі брызентам. Эл прарэзаў па яго краях дзіркі за два футы адна ад адной, прасунуў у іх вяроўкі і прывязаў брызент да сярэдніх планак борта.

— У дождж, — сказаў ён, — падвяжам яго да верхніх планак, няхай лезуць пад ніз, там не прамокнуць. А нам у кабіне дождж не страшны.

Бацька пляснуў у далоні:

— Во галава!

— Гэта яшчэ не ўсё, — сказаў Эл. — Вось знайду доўгую жэрдку, падапру ёю брызент. Будзе як палатка, не пячыся ж на сонцы.

Бацька зноў ухваліў:

— Во галава! Чаму раней не прыдумаў?

— Не было калі, — адказаў Эл.

— Не было калі? А валачыцца па ўсім наваколлі было калі? Адзін бог ведае, дзе ты прападаў апошнія два тыдні.

— Трэба ж было перад ад'ездам усё закругліць — без гэтага не бывае, — прамовіў Эл ганарыста. Потым неяк звяў і запытаўся: — А ты рады, та, што мы едзем?

— Га? Ну… рады, канешне. Ва ўсякім разе… так. Тут нам цяжка даводзілася. А там усё будзе інакш — работы хоць заваліся, усё такое прыгожае, зялёнае, і домікі беленькія, навокал — апельсінавыя дрэвы.

— Там што, усюды апельсіны растуць?

— Ну, можа, і не ўсюды, але ж шмат дзе.

Неба пашарэла ў перадсвітальным святле. Зборы скончыліся — бачуркі з саланінай стаялі напагатове, клетку з курамі заставалася толькі паставіць на самы верх грузавіка. Маці адкрыла духоўку і выняла адтуль засмажаныя косткі, на якіх было яшчэ даволі мяса, падрумяненага, хрусткага. У паўсне Руці спаўзла са скрынкі і зноў моцна заснула. Але старэйшыя стаялі каля дзвярэй, зябка пакурчваліся і грызлі хрусткія косткі.

— Бадай, час ужо бабку з дзедам будзіць, — сказаў Том. — Бярэцца на дзень.

Маці сказала:

— Не хочацца іх падымаць, пабудзім перад самым ад'ездам. Няхай яшчэ паспяць. Руці з Уінфілдам таксама як след не выспаліся.

— Адаспяцца ў дарозе, — сказаў бацька. — Там, наверсе, добра і ўтульна.

Сабакі раптам ускочылі з пыльнай зямлі і навастрылі вушы. Потым шалёна забрахалі і кінуліся ў цемру.

— Каго чорт нясе? — здзівіўся бацька. Праз момант пачуўся нечы голас, які заспакойваў сабак, і тыя, хоць яшчэ і брахалі, але ўжо не так злосна. Нехта ішоў, падыходзіў. Гэта быў М'юлі Грэйуз з насунутым на самыя вочы капелюшом.

Ён нясмела падышоў бліжэй і павітаўся:

— Добрага ранку, людзі.

— А, М'юлі! — Памахаў бацька бядровай косткай. — Заходзь, М'юлі, частуйся свежанінкай.

— Не, — сказаў М'юлі, — я не галодны.

— Давай, М'юлі, частуйся. Пагрызі. — Бацька ўвайшоў у кухню, вярнуўся і падаў яму цэлую жменю свіных рабрынак.

— Я не есці вашы косткі сюды завітаў, — сказаў М'юлі. — Ішоў міма, прыгадаў, што вы едзеце, дай, думаю, зайду, развітаюся.

— Хутка рушым, — сказаў бацька. — Праз гадзіну ты ўжо нас тут не знайшоў бы. Усё ўпакавана — бачыш?

— Усё ўпакавана, — М'юлі паглядзеў на нагружаную машыну. — Часам і мне хочацца паехаць, сваіх пашукаць.

Маці сказала:

— А яны пісалі табе з Каліфорніі?

— Не, — адказаў М'юлі. — Нічога не пісалі. Праўда, на пошце я не пытаўся. Калі-небудзь схаджу.

Бацька сказаў:

— Эл, пайдзі пабудзі бабку з дзедам. Скажы, каб прыйшлі паелі. Неўзабаве едзем. — І калі Эл пакрочыў да свірна, сказаў: — А не хацеў бы ты, М'юлі, залезці з намі на грузавік і паехаць? Мы як-небудзь пацяснімся.

М'юлі адкусіў мяса ад краю рабрыны і пачаў жаваць.

— Часам і мне самому здаецца, паехаў бы, — сказаў ён. — Але знаю, не паеду. Я сябе ведаю: у апошнюю хвіліну ўцяку і затаюся, як здань на могілках.

Умяшаўся Ной:

— Калі-небудзь памрэш проста ў полі, М'юлі.

— Сам ведаю. Ужо думаў пра гэта. Бывае вельмі тужліва аднаму, ніштавата бывае, а бывае і зусім добра. Ды што гаварыць! Калі вам стрэнуцца мае — я гэта прыйшоў сказаць, — калі вам хто з іх стрэнецца ў Каліфорніі, скажыце, што мне добра. Скажыце, у мяне ўсё добра. Не выдавайце ім, як я жыву. Скажыце: вось заробіць грошай і прыедзе.

— І праўда прыедзеш? — запыталася маці.

— Не, — ціха адказаў М'юлі. — Не, не прыеду. Мушу тут заставацца. Раней, можа, і паехаў бы. А цяпер не. Я шмат што перадумаў, шмат што зразумеў. Цяпер ужо нікуды не паеду.

Пачало крыху віднець. Агонь ліхтароў пабляк. Вярнуўся Эл з дзедам, які ледзь цягнуўся, накульгваючы, за ім.

— Ён не спаў, — сказаў Эл. — Сядзеў адзін за свірнам. З ім нешта не ў парадку.

Вочы ў дзеда былі нейкія цьмяныя, зласліва задзірлівы агеньчык у іх патух.

— Са мной нічога, — сказаў ён. — Проста ехаць не хачу.

— Ты не паедзеш? — здзівіўся бацька. — Як гэта так, не паедзеш? У нас усё ўжо сабрана, усё гатова. Трэба ехаць. Тут нам нельга заставацца.

— Хто кажа, каб вы заставаліся? Садзіцеся і едзьце сабе. А я… я застаюся. Я ледзь не ўсю ноч прадумаў. Гэта мой край. Маё месца тут. І начхаць мне на вінаград і на апельсіны, хоць там імі заваліся. Я не еду. Гэта мой край, хоць шчасця тут мала. Вы давайце едзьце. А я дзе жыў, там і буду жыць.

Усе стоўпіліся вакол старога. Бацька сказаў:

— Так нельга, дзед. Усю гэтую зямлю хутка зааруць трактарамі. А хто гатаваць табе будзе? Як ты жыць будзеш? Не, заставацца табе тут ніяк нельга. Не будзе каму клапаціцца пра цябе, ты з голаду памрэш.

Дзед усклікнуў:

— Во, сказаў! Я хоць і стары, але змагу сам пра сябе паклапаціцца. А як тут М'юлі жыве? І я гэтаксама буду. Я сказаў — не паеду, і ўсё. Бярыце бабку з сабой, калі хочаце, а мяне пакіньце — і справе канец.

Бацька разгублена сказаў:

— Паслухай, дзед. Ну паслухай хвілінку!

— І слухаць не хачу. Я ўжо сказаў табе, як будзе.

Том крануў бацьку за плячо:

— Та, зойдзем у дом. Хачу табе нешта сказаць. — І калі яны пайшлі да дома, Том на хаду крыкнуў: — Ма, ідзі сюды на хвілінку!

На кухні гарэў адзін ліхтар, на стале стаяла талерка, яшчэ поўная свіных костак. Том сказаў:

— Паслухайце. Дзед, вядома, мае права вырашаць — ехаць ці не ехаць, але яму нельга тут заставацца. Гэта ж ясна.

— Ясна, — сказаў бацька.

— Дык вось што. Калі яго ўзяць сілай і звязаць, можна яго пакалечыць альбо ён так ашалее, што сам сябе знявечыць. Добра было б напаіць яго, тады ўсё ўладзіцца. У вас ёсць хоць крышачку віскі?

— Няма, — адказаў бацька. — Ні кроплі. У Джона таксама няма. Калі ён не ў запоі, спіртнога дома не трымае.

Маці сказала:

— У мяне, Том, засталася бутэлька снатворнага, яшчэ з тае пары, як Уінфілду вушы балелі. Думаеш, падзейнічае? Я давала яму глынуць, і ён адразу засынаў.

— Можа, і падзейнічае, — сказаў Том. — Нясі сюды, ма. Ва ўсякім разе, праверым.

— Я выкінула яе на сметнік, — сказала маці, узяла ліхтар, выйшла на двор і неўзабаве вярнулася з бутэлькай, напалову налітай чорнай вадкасцю.

Том узяў бутэльку і паспрабаваў вадкасць на смак.

— Не гідка, — сказаў ён. — Згатуй кубак чорнай кавы, чым гусцейшай. Колькі ж наліць яму? Ну, скажам, адну чайную лыжку. Не, лепш больш — дзве сталовыя.

Маці наліла ў кафейнік вады, усыпала кавы, тады адчыніла пліту і паставіла кафейнік блізка да вуголля.

Том з бацькам выйшлі на двор.

— Кожны мае права сам сабой распараджацца, — не сунімаўся дзед. — Хто тут еў свіныя рэбры?

— Мы, — адказаў Том. — Зараз ма налье табе кавы і дасць і свініны.

Дзед пайшоў на кухню, выпіў каву і з'еў мяса. Людзі стаялі на двары, на якім пачало ўжо святлець, і праз адчыненыя дзверы кухні пазіралі на дзеда. Яны ўбачылі, як ён раптам пазяхнуў і пахіснуўся на крэсле, потым паклаў рукі на стол, апусціў на іх галаву і заснуў.

— Ён і так быў вельмі змораны, — сказаў Том. — Раней часу не чапайце яго.

Нарэшце ўсё ўжо было зусім гатова да ад'езду. Заспаная, млявая бабка ўсё пыталася:

— Што тут у вас дзеецца? Чаго ўскочылі ў такую рань? — Але яна была апранутая і паводзіла сябе мірна.

Руці і Ўінфілд таксама прачнуліся, але былі вялыя і сонныя. Ранішняе святло імкліва разлівалася па зямлі. А людзі знерухомелі. Яны стаялі пасярод двара, і ніхто не адважваўся зрабіць рашучы крок. Цяпер, калі надышоў час пускацца ў дарогу, ім стала страшна, не менш страшна, чым дзеду. Яны бачылі, як паступова на фоне пасвятлелага неба выступаюць абрысы свірна, як блякнуць агеньчыкі ліхтароў і ўжо больш не адкідаюць на зямлю жоўтых кругоў святла. Адна за адной, з усходу на захад, тухлі зоркі ў небе. А людзі стаялі, здранцвелыя, як лунацікі, і вочы іх глядзелі ўдалячынь, не заўважаючы таго, што было блізка, і бачылі адразу ўвесь абсяг світальнага неба, усю шыр палёў, усю зямлю да самага гарызонту.

Адзін толькі М'юлі неспакойна снаваў па двары, зазіраў праз шчыліны між бартавых планак у грузавік, стукаў кулаком па запасных шынах, прывязаных ззаду. Нарэшце ён падышоў да Тома.

— Пяройдзеш мяжу штата? — запытаўся ён. — Парушыш падпіску?

І Том строс з сябе здранцвенне.

— Бог ты мой, хутка ўжо сонца ўзыдзе! — сказаў ён гучна. — Час ехаць. — І ўсе таксама выйшлі з анямення і пакіравалі да грузавіка.

— Пайшлі панясём дзеда на грузавік, — сказаў Том.

Бацька, дзядзька Джон, Том і Эл увайшлі ў кухню, дзе, уткнуўшыся лбом у рукі, складзеныя на стале побач з лужынкай разлітай кавы, спаў дзед. Яны ўзялі яго пад локці і паставілі на ногі, а ён бурчаў і лаяўся хрыплым голасам, як п'яны. За дзвярамі паднялі яго на рукі і панеслі. Том з Элам залезлі на грузавік, перагнуліся цераз борт, падхапілі старога пад пахі і асцярожна пацягнулі наверх. Эл адвязаў адзін канец брызенту, накрыў ім дзеда і падставіў побач скрынку, каб на яго не ціснуў цяжкі брызент.

— Абавязкова пастаўлю жардзіну, — сказаў Эл. — Сёння ж вечарам, на першым прыпынку.

Дзед усё яшчэ нешта бурчаў, чапляючыся за сон, і ледзь толькі яго паклалі, зноў моцна заснуў.

Бацька сказаў:

— Ма, вы з бабкай сядзеце з Элам. Потым будзем мяняцца — не так стомімся ў дарозе, але пачнём з вас.

Маці з бабкай залезлі ў кабіну, астатнія — Коні і Ружа Сарона, бацька і дзядзька Джон, Руці і Ўінфілд, Том і прапаведнік — усе забраліся наверх. Ной стаяў унізе, глядзеў, як яны ўладкоўваюцца там, на высокай паклажы.

Эл абышоў вакол грузавіка, зазіраючы пад ніз, на рысоры.

— Госпадзі, рысоры зусім праселі, — сказаў ён. — Шчасце, што калодкі падставіў.

Ной запытаўся:

— А з сабакамі як, та?

— Я і забыўся пра іх, — адказаў бацька і пранізліва свіснуў. Але на свіст прыбег толькі адзін сабака. Ной злавіў яго і падкінуў на грузавік, і там сабака быццам здранцвеў, баючыся вышыні. — Астатніх двух давядзецца кінуць тут, — сказаў бацька і крыкнуў: — Гэй, М'юлі, ты, можа, прыгледзіш за імі? А то з голаду паздыхаюць.

— Добра, — сказаў М'юлі. — Ад сабак адмаўляцца не буду. Няхай сабе, бяру іх.

— Бяры і курэй, — сказаў бацька.

Эл сеў на сваё месца ў кабіне. Завішчаў, загуў стартэр, на міг уключылася запальванне, зноў закруціўся стартэр. І раптам усімі сваімі шасцю цыліндрамі завыў матор на халастых абаротах, ззаду машыны заклубіўся сіні дымок выхлапу.

— Пакуль, М'юлі! — крыкнуў Эл.

Усе астатнія члены сям'і крыкнулі хорам:

— Бывай, М'юлі!

Эл адпусціў ручны тормаз і ўключыў счапленне. Грузавік здрыгануўся і цяжка папоўз па двары. Уключылася другая скорасць. Машына паволі пачала падымацца на невысокі ўзгорак, і ўсіх завалакло чырвоным пылам.

— Ого як нагрузіліся! — сказаў Эл. — Рэкорда хуткасці не паставіш.

Маці хацела паглядзець назад, але паклажа не давала ёй бачыць. Тады яна падняла галаву і стала глядзець проста перад сабой на пыльную грунтавую дарогу. У вачах у яе была вялікая стома.

А тыя, што сядзелі на паклажы, пазіралі назад. Яны бачылі свіран, дом і лёгкі дымок, які ўсё яшчэ выбіваўся з коміна. Яны бачылі, як запунсавелі вокны, азораныя першымі промнямі сонца. Бачылі М'юлі — ён самотна стаяў пасярод двара, праводзячы іх вачамі. А потым усё знікла за грэбенем узгорка. Абапал дарогі цягнуліся палі бавоўніку. Грузавік марудна прабраўся скрозь пыл да шашы і пайшоў на Захад.

Загрузка...