Раздзел дваццаты

Малыя Джоўды, Коні з Ружай Сарона і прапаведнік засталіся сядзець, самлелыя ад спёкі, здранцвелыя, на версе грузавіка, які спыніўся перад канторай следчага ў Бейкерсфілдзе, а бацька, маці і дзядзька Джон зайшлі ў будынак. Неўзабаве з канторы вынеслі кош і паклалі ў яго доўгі скрутак, зняты з грузавіка. Усе сядзелі на самым санцапёку, чакаючы, калі скончыцца следства, будзе вызначана прычына смерці і падпісана пасведчанне.

Эл і Том хадзілі па вуліцах, зазіралі ў вітрыны крамаў, з цікаўнасцю паглядалі на прахожых.

І нарэшце бацька, маці і дзядзька Джон выйшлі з канторы, прыгнечаныя і маўклівыя. Дзядзька Джон палез наверх. Бацька з маці занялі свае месцы ў кабіне. Том з Элам вярнуліся, і Том сеў за руль. Ён моўчкі чакаў, што яму скажуць. Бацька глядзеў проста перад сабой, насунуўшы цёмны капялюш нізка на лоб. Маці пацірала пальцамі куткі губ, і позірк у яе быў адсутны, разгублены, мёртвы ад знясілення.

Бацька глыбока ўздыхнуў.

— Нічога не зробіш, — прамовіў ён.

— Я ведаю, — сказала маці. — А ўсё-такі ёй хацелася, каб яе пахавалі прыстойна. Яна заўсёды пра гэта гаварыла.

Том пакасіўся на іх.

— Як жабрачку? — запытаўся ён.

— Так. — Бацька матнуў галавой, нібы намагаючыся вярнуцца ў рэчаіснасць. — Грошай не хапіла. Не здужалі. — Ён павярнуўся да маці: — Ты не бяры так блізка да сэрца. Як ні выкручвайся, што ні рабі, усё роўна нічога не выйдзе. Няма грошай. Духмянасці, дамавіна, пастар, месца на могілках… Мы і дзесятай долі не наскрабём. А што маглі, тое зрабілі.

— Я ўсё разумею, — сказала маці. — Проста з галавы не выходзіць, як яна спадзявалася, што яе прыстойна пахаваюць. Трэба не думаць пра гэта. — Яна цяжка ўздыхнула і пацерла куток рота. — А начальнік гэты — чалавек добры. Фанабэрысты, а ўсё ж добры.

— Яно так, — сказаў бацька. — Ён адкрыта з намі гаварыў.

Маці адкінула рукой назад валасы. Моцна сцяла вусны.

— Трэба ехаць, — сказала яна. — Трэба выбраць добрае месца. Знойдзем работу, уладкуемся. Не марыць жа дзяцей голадам. Гэта не па-бабчынаму. Яна і на хаўтурах заўсёды добра наядалася.

— Куды едзем? — запытаўся Том.

— У лагер, — адказаў бацька. — Пакуль не знойдзем работы, апошняе траціць нельга. Выязджай за горад.

Том запусціў матор, і грузавік праехаў некалькі вуліц і пакінуў горад ззаду. Каля моста яны ўбачылі шмат палатак і халупак.

Том сказаў:

— Давайце тут спынімся. Паслухаем людзей, даведаемся, ці ёсць дзе работа. — Грузавік з'ехаў па крутым земляным спуску з шашы і спыніўся на краі лагернай стаянкі.

У лагеры не было ніякага парадку — маленькія шэрыя палаткі, халупкі, машыны стаялі дзе папала. Як выглядала крайняя халупка, цяжка апісаць словамі. Паўднёвы бок — тры лісты ржавага рыфленага жалеза, усходні бок — стары дывановы палавік, прыбіты да дзвюх дошак, паўднёвы — паласа толю і абрывак дзіравай парусіны, а заходні — шэсць кавалкаў мешкавіны. Над квадратным каркасам — пераплёт з вярбовага вецця, на які накідана трава, не разасланая, а наваленая кучай. З таго боку, дзе сценка была з мешкавіны, каля ўвахода, быў раскіданы ўсякі скарб. Пяцігалонавы бітон з-пад газы, пакладзены набок, служыў печкай, і з яго тырчала ржавая дымавая труба. Бак, каб кіпяціць ваду, ляжаў каля дзяружнай сценкі, а навокал — цэлы набор скрынак: скрынкі замест крэслаў, скрынкі замест сталоў. Побач з халупкай стаяў стары крыты «форд» мадэлі «Т» з двухколым прычэпам. Усё сведчыла пра тое, што людзі ў гэтым жытле апусціліся, заняпалі духам.

За халупкай стаяла маленькая палатка, пашарэлая ад часу і непагадзі, але чысценькая, акуратная; і скрынкі тут былі роўна расстаўлены каля пярэдняй сценкі. Між полак палаткі вытыркалася пячная труба, зямля каля ўвахода была добра падмецена і спырскана вадой. На адной скрынцы стаяла вядро з замочанай бялізнай. Тут панавала ахайнасць і грунтоўнасць. Каля палаткі — легкавая машына мадэлі «А» з маленькім самаробным прычэпам-спальняй.

А далей відаць была вялізная палатка, ірваная, пашкуматаная, прарэхі былі дзе-нідзе сцягнуты дротам. Полкі былі расхінутыя, усярэдзіне ляжалі на зямлі чатыры шырокія матрацы. На бялізнавай вяроўцы, нацягнутай уздоўж паўднёвай сценкі, сушыліся ружовыя баваўняныя сукенкі і некалькі пар камбінезонаў. Усяго ў лагеры было сорак палатак і халупак, і каля кожнага жытла стаяў аўтамабіль якой-небудзь маркі. Некалькі дзяцей высыпала з палатак. Спачатку яны здалёку разглядалі грузавік, які толькі што пад'ехаў, потым рушылі да яго ўсёй кампаніяй — басаногія маленькія хлопчыкі ў камбінезонах, з шэрымі ад пылу валасамі.

Том заглушыў матор і зірнуў на бацьку.

— Непрыгляднае месцейка, — сказаў ён. — Можа, далей паедзем?

— Чаго ехаць, калі мы не разведалі, што і як, — адказаў бацька. — Спытаемся, як тут з работай.

Том адчыніў дзверцы і выйшаў з машыны. Верхнія пасажыры саскочылі з паклажы на зямлю і сталі з цікаўнасцю аглядаць лагер. Руці з Уінфілдам, ужо прывыклыя за дарогу, адчапілі ад борта вядро і пайшлі ў вярбняк, за якім, як яны разумелі, была вада, і ланцужок дзяцей рассунуўся, прапускаючы іх, і зноў самкнуўся.

Мешкавіна крайняй халупкі расхінулася, і адтуль вызірнула жанчына ў брудным старамодным квяцістым капоце. Сівыя валасы, заплеценыя ў коскі, тупы твар, худы і маршчыністы, пад пустымі вачамі — вялікія шэрыя мяшкі, губы бязвольна адвіслыя.

Бацька запытаўся ў яе:

— Можна тут дзе-небудзь стаць на прывал?

Галава знікла. Якую хвіліну за дзяругай было ціха, потым полкі рассунуліся і з халупкі выступіў барадаты чалавек у камізэльцы. Жанчына выглядала з-за яго пляча, але за ім не выйшла.

Барадач сказаў:

— Дабрыдзень, — і яго неспакойныя вочы агледзелі спачатку людзей, кожнага па чарзе, потым грузавік і паклажу.

Бацька сказаў:

— Я вось пытаюся ў вашай жонкі, ці нельга нам дзе-небудзь у вас размясціцца.

Барадач пільна паглядзеў на бацьку, быццам той сказаў нешта дужа мудрагелістае, што патрабуе роздуму.

— Дзе-небудзь размясціцца ў нас? — перапытаў ён.

— Ну так. Ці, можа, тут ёсць гаспадар і трэба спярша схадзіць да яго?

Барадач прыжмурыў у шчылінку адно вока, не зводзячы позірку з бацькі.

— Вы хочаце зрабіць прывал?

Бацька пачаў траціць цярпенне. Сівая жанчына ўсё выглядала з-за дзяругі.

— Пра што ж я кажу, як па-вашаму? — сказаў бацька.

— Што ж, раз захацелі тут стаць, што вас трымае? Я вам не забараняю.

Том зарагатаў:

— Дайшло нарэшце.

Бацька стрымліваў сябе як мог:

— Я толькі хачу ведаць, ці ёсць тут гаспадар. Трэба плаціць ці не?

Барадач выпнуў падбародак:

— Ці ёсць гаспадар?

Бацька адвярнуўся ад яго.

— А халера з ім, — сказаў ён. Галава жанчыны нырнула ў халупку.

Барадач пагрозліва ступіў наперад.

— Ці ёсць гаспадар? — паўтарыў ён. — Хто пасмее выгнаць нас? Не, ты мне скажы.

Том загарадзіў сабой бацьку.

— Ідзі праспіся лепш, — сказаў ён. У барадача адвісла сківіца, і ён памацаў ніжнюю дзясну брудным пальцам. Хвіліну ён прыглядаўся да Тома, па-ранейшаму глыбакадумна і дапытліва, і раптам крута павярнуўся на абцасах і шмыгнуў у халупку ўслед за сівой жанчынай.

Том глянуў на бацьку:

— Што за д'ябальшчына?

Бацька паціснуў плячамі. Ён разглядаў лагер. Перад адной палаткай стаяў стары «б'юік» са знятым капотам. Нейкі малады чалавек прыціраў клапаны і, круцячы корбу, раз-пораз кідаў позірк на грузавік Джоўдаў. Яны заўважылі, што ён цішком пасмейваецца. Калі барадач схаваўся за дзяругай, малады чалавек кінуў працу і падышоў да Джоўдаў.

— Здарова! — павітаўся ён, і яго блакітныя вочы весела бліснулі. — Ну, пазнаёміліся з нашым мэрам?

— Што з ім такое? — запытаўся Том.

Малады чалавек хмыкнуў:

— Ды нічога. Ён такі самы чокнуты, як мы з табой. Можа, трохі горшы, хто ведае.

Бацька сказаў:

— Я толькі спытаўся ў яго, ці можна тут стаць на прывал.

Малады чалавек выцер замасленыя рукі аб штаны.

— Ну, канешне, можна. Чаму ж не? Вы нядаўна сюды прыехалі?

— Ага, — адказаў Том. — Толькі сёння раніцай.

— Першы раз у Гувервілі?

— У якім Гувервілі?

— Ды вось у гэтым самым.

— А-а… — працягнуў Том. — Мы толькі што пад'ехалі.

Уінфілд і Руці вярнуліся, несучы ўдваіх вядро вады.

Маці сказала:

— Давайце раскладвацца. Я зусім знемаглася. Можа, тут адпачнём.

Бацька і дзядзька Джон залезлі на грузавік і пачалі знімаць з яго брызент і матрацы.

Том падышоў да маладога чалавека і пайшоў з ім да машыны, якую той рамантаваў. Шліфавальны станочак ляжаў на блоку, а на вакуумным бачку прымасцілася бляшанка з наждачным саставам. Том запытаўся:

— А што з ім за чорт, з гэтым барадачом?

Малады чалавек узяў сваю корбу і зноў пачаў прыціраць клапан да гнязда.

— З мэрам? А бог яго ведае. Напэўна, ачмурэў.

— Як гэта — ачмурэў?

— Яго, пэўна, палісмены так заганялі, што яшчэ і цяпер у яго ў мазгах кручэнне.

— А нашто ганяць такога?

Малады чалавек адклаў убок корбу і глянуў Тому проста ў вочы.

— А бог іх ведае, — сказаў ён. — Ты толькі што прыехаў. Можа, ты разважыш, у чым тут справа. Адны так гавораць, другія гэтак. Вось пажывеш крыху на адным месцы, а там заявіцца шэрыфскі памагаты і пагоніць цябе далей. — Ён прыпадняў клапан і змазаў гняздо наждачнай масай.

— А навошта?

— Кажу ж табе — не ведаю. Некаторыя тлумачаць гэта тым, што яны нібыта не хочуць, каб мы ў выбарах удзельнічалі, вось і ганяюць з месца на месца. А іншыя кажуць — каб не даваць нам дапамогі. А яшчэ я такое чуў: каб мы не маглі разам сабрацца і арганізавацца. Я ўвесь час на колах — адусюль гоняць. Пачакай, на сабе адчуеш.

— Мы не бадзягі якія, — упарціўся Том. — Мы працы шукаем. Мы гатовыя на любую работу.

Малады чалавек на момант кінуў прыладжваць корбу да шліца клапана і здзіўлена глянуў на Тома.

— Працы шукаеце? А-а… шукаеце працы… А ўсе астатнія чаго, па-твойму, шукаюць? Алмазаў? Я сабе ўжо ўвесь зад ушчэнт сцёр, а чаго я шукаю, як ты думаеш? — Ён крутнуў корбу ўзад і ўперад.

Том паглядзеў на панылыя палаткі, на розную старызну і хлам каля іх, на дапатопныя машыны, на праляжаныя, камлякаватыя матрацы, вынесеныя на сонца, на закураныя бляшанкі над чорнымі ад дыму ямамі, дзе гатавалі ежу, і ціха запытаўся:

— Дык работы няма?

— Пакуль што не. Можа, пазней. Цяпер тут ніякіх ураджаяў не збіраюць. Вінаграду рана, бавоўне таксама яшчэ рана. Мы далей едзем, вось толькі клапаны прытру. У мяне жонка і дзеці малыя. Мы чулі, далей на поўнач праца ёсць. На поўнач і паедзем, да Салінаса, што недалёка ад узбярэжжа.

Том бачыў, як дзядзька Джон, бацька і прапаведнік нацягваюць на жэрдкі брызент, а маці, апусціўшыся пад ім на калені, змятае пыл з матрацаў. Новых суседзяў кальцом абкружылі людзі, басаногія, мурзатыя, і моўчкі сачылі, як яны асталёўваюцца. Том сказаў:

— Там у нас раздавалі лісткі — такія аранжавыя. У іх пісалася, што тут патрэбна многа народу на збор ураджаю.

Малады чалавек засмяяўся:

— Тут кажуць, трыста тысяч такіх, як мы, і іду ў заклад, што сярод іх не знойдзецца і адной сям'і, якая не бачыла гэтых лісткоў.

— Так, але калі ім не патрэбныя людзі, навошта яны друкуюць такое?

— А ты паварушы, паварушы мазгамі.

— Добра, але ўсё ж скажы.

— Слухай, — сказаў малады чалавек. — Дапусцім, ты прапануеш работу, а ахвотнік на яе знайшоўся толькі адзін. Значыць, колькі ён запросіць, столькі ты яму і дасі. А дапусцім, ахвотнікаў сотня. — Ён адклаў інструмент убок. Пагляд яго пасуравеў, голас загучаў рэзка: — Дапусцім, сто чалавек хочуць атрымаць гэту работу. І дапусцім, у іх ёсць дзеці, і дзеці сядзяць галодныя. За паршывы дзесяціцэнтавік іх можна накарміць маісавай кашай. Дапусцім нават, што і за пяць купіш дзецям міску чаго-небудзь. І такіх, як ён, цэлая сотня. Прапануй ім пяць цэнтаў, і яны з-за гэтай нікелевай манеты горла адзін аднаму перагрызуць. Ведаеш, колькі мне плацілі на апошнім месцы? Пятнаццаць цэнтаў у гадзіну. За дзесяць гадзін паўтара даляра, а жыць там паблізу не дазвалялі. На адну дарогу колькі бензіну перапаліш. — Ён душыўся ад гневу, вочы гарэлі нянавісцю. — Вось таму лісткі гэтыя і друкуюць. А на тыя грошы, якія гаспадары зэканомяць, плацячы па пятнаццаць цэнтаў за цяжкую працу ў полі, можна чортаву процьму такіх лісткоў навыпускаць.

Том сказаў:

— Во дзярмо.

Малады чалавек з'едліва засмяяўся:

— А ты пажыві тут крыху і, калі ўчуеш дзе водар ружаў, пакліч мяне, я таксама панюхаю.

— Але ж павінна дзе-небудзь тут быць работа, — не здаваўся Том. — Божа мой, колькі тут усяго — фруктовыя сады, вінаграднікі, агароды! Я ж бачыў. На ўсё гэта людзі патрэбныя. Я ўсё сваімі вачамі бачыў.

З палаткі, каля якой стаяла машына, пачуўся плач дзіцяці. Малады чалавек пайшоў у палатку, і за брызентам пачуўся яго ціхі голас. Том узяў корбу, прыладзіў яе да шліца клапана і пачаў прыціраць яго, водзячы рукой то ў адзін, то ў другі бок. Дзіця перастала плакаць. Малады чалавек выйшаў з палаткі і стаў каля Тома, сочачы за яго работай.

— А ты ведаеш справу, — сказаў ён. — Гэта добра. Яшчэ прыдасца.

— Ну а ўсё ж такі як наконт таго, што я гаварыў? — напомніў Том. — Я бачыў, колькі тут усяго расце.

Малады чалавек прысеў каля яго на кукішкі.

— Вось што я табе скажу, — пачаў ён ціха. — Ёсць тут паблізу персікавы сад — вялізны, канца-краю няма. Я ў ім працаваў. Круглы год яго даглядаюць дзевяць чалавек. — Ён шматзначна памаўчаў. — А калі персікі паспяваюць, туды патрэбны на два тыдні тры тысячы рабочых. Столькі не знойдуць — усё пагніе. Дык што яны робяць? Рассылаюць гэтыя лісткі, куды толькі могуць. Ім патрэбны тры тысячы, а прыязджае цэлых шэсць. І гаспадар колькі захоча, столькі і плаціць. А не хочаш працаваць за такую плату, воля твая — месца тваё гатова заняць тысяча чалавек. І вось ты рвеш і рвеш гэтыя персікі з дрэў, і нарэшце канец — усе дрэвы голыя. А там паўсюль адны толькі персікі і растуць. І паспяваюць яны адной парой. Калі фрукты ўжо знятыя, дык усе да апошняга. Больш ва ўсёй акрузе рабіць няма чаго. Гаспадары не хочуць, каб ты там цяпер тырчаў. А такіх, як ты, тры тысячы. Усё, праца скончылася. Хто цябе ведае — можа, ты злодзей, можа, ты п'яніца ці дэбашыр. Да таго ж і выгляд у цябе не вельмі самавіты — тулішся ў пашарпанай палатцы; край цудоўны, а ад цябе смурод ідзе. Няма чаго тут швэндацца. Ну і гоняць цябе ў шыю — далей, далей. Вось яно як.

Том глянуў у бок сваёй палаткі і ўбачыў маці — ледзь рухаючыся ад стомы, яна распальвала невялікае вогнішча і ставіла на агонь кацялкі. Кола дзяцей падступіла бліжэй, і спакойныя, шырока расплюшчаныя дзіцячыя вочы сачылі за кожным рухам яе рук. Зусім састарэлы згорблены дзядок выпаўз, як барсук, з адной палаткі і пайшоў да іх, на хаду прынюхваючыся да пахаў. Закінуўшы рукі за спіну, ён стаў разам з дзецьмі назіраць, што робіць маці. Руці з Уінфілдам не адыходзілі ад маці, ваяўніча пазіраючы на чужакоў.

Том рашуча сказаў:

— Персікі трэба адразу абіраць, так? Як толькі паспеюць?

— Ну вядома.

— А што, калі ўсім згаварыцца і заявіць: «Няхай гніюць»? Тады яны, як міленькія, плату адразу павысяць!

Малады чалавек адарваў вочы ад клапанаў і з'едліва глянуў на Тома.

— Нічога не скажаш, прыдумаў! Сваім розумам дайшоў?

— Я зусім выматаўся, — адказаў Том. — Усю ноч за рулём сядзеў. Не хочацца ўцягвацца ў спрэчку. Так стаміўся, што ад любой дробязі магу ўскіпець. Ты лепш не задзірайся. Адказвай, калі ў цябе пытаюцца.

Малады чалавек шырока ўсміхнуўся:

— Ды я проста так. Ты толькі што прыехаў. А людзі тут ужо ўсё зразумелі. І тыя, у каго персікавыя сады, таксама ўсё разумеюць. Вось паслухай: каб з'яднацца, важак патрэбен, без яго ніяк нельга — нехта ж павінен гаварыць і тлумачыць. А варта яму толькі рот раскрыць, яго зараз жа хоп! — і за краты. А вынырне хто другі, яны і яго раз! — і за краты.

Том сказаў:

— Што ж, арыштанта, прынамсі, хоць кормяць.

— А дзяцей яго — не. Табе б так падабалася — ты сядзіш сабе ў турме, а дзеці твае з голаду паміраюць?

— Во-о як, — працягнуў Том. — Во-о як…

— І яшчэ адно. Пра чорныя спісы ты чуў?

— І што гэта такое?

— А вось палезь у пастку — заікніся толькі наконт таго, каб усім дзейнічаць заадно, адразу пазнаеш. З цябе зробяць здымак і разашлюць ва ўсе канцы. Тады ўжо работы нідзе не знойдзеш. А калі ў цябе яшчэ і дзеці ёсць…

Том зняў з галавы кепку і пачаў камечыць яе ў руках.

— Хм… значыць, што падвернецца, тое і бяры або здыхай з голаду. А пасмееш хоць пікнуць — здохнеш як піць даць.

Малады чалавек абвёў рукою шырокі круг, паказваючы на падраныя палаткі і пабітыя ржой аўтамашыны.

Том зноў глянуў на маці — цяпер яна абірала бульбу. Дзеці падступілі да яе яшчэ бліжэй. Ён сказаў:

— Не, я на такое не згодзен. Мы, каб на іх чэрці, не авечкі. Вось вазьму і дух выб'ю з каго-небудзь.

— Можа, з палісмена?

— Ды хоць з каго.

— Ты чокнуты, — сказаў малады чалавек. — З табой умомант расправяцца. Ні імя ў цябе няма, ні маёмасці ніякай. Знойдуць цябе ў канаве, калі ўжо кроў на твары запячэцца. А ў газеце надрукуюць толькі адзін маленькі радочак — ведаеш які? «Знойдзены труп бадзягі».

Том сказаў:

— Каля гэтага бадзягі яшчэ аднаго мерцвяка знойдуць.

— Ты чокнуты, — паўтарыў малады чалавек. — І што ты гэтым дакажаш?

— Ну, а ты што наважыў? — Том паглядзеў на вымазаны тавотам твар; вочы ў маладога чалавека быццам туманам завалакло.

— Нічога. Вы адкуль?

— Мы? З-пад Саліса, Аклахома.

— Нядаўна прыехалі?

— Толькі сёння.

— І доўга тут думаеце заставацца?

— Хто ведае. Дзе знойдзем працу, так і асядзем. А што?

— А нічога, — адказаў малады чалавек, і вочы ў яго зноў затуманіліся.

— Пайду пасплю, — сказаў Том. — Заўтра зрання паедзем работу шукаць.

— Што ж, паспрабуйце.

Том павярнуўся і пакрочыў да сваёй палаткі.

Малады чалавек узяў бляшанку з наждачнай маззю для прыціркі клапанаў і запусціў у яе палец.

— Гэй! — раптам крыкнуў ён услед Тому. Той азірнуўся.

— Што табе?

— Хачу нешта сказаць. — Малады чалавек паманіў Тома пальцам, вымазаным маззю. — Проста хачу табе нешта сказаць. Ты не лезь на ражон. Памятаеш таго ачмурэлага?

— З той вунь халупкі?

— Ага… прыдуркаваты такі… нічога не цяміць.

— Ну і што?

— Калі сюды заявяцца палісмены, а яны часцяком да нас наведваюцца, і ты такім прыкінься. Маўчы — нічога не ведаеш, нічога не разумееш. Палісмены толькі такіх нас і церпяць. І рукам волі не давай — гэта проста самагубства. Зрабі выгляд, што ты ачмурэў ад страху.

— Дык што — няхай палісмен што хоча, тое і робіць з табой, а ты маўчы?

— Ды не, што ты. Я зазірну да цябе вечарком. Можа, і не след мне гэтага рабіць. Паўсюль шпікі. Я іду на рызыку, у мяне ж малое дзіця. Але ўсё роўна зайду. А ты, калі ўбачыш палісмена, прыкінься дурнем, гэткім Окі, зразумеў?

— Што ж, гэта можна, калі справу рабіць, — адказаў Том.

— Ты не хвалюйся. Мы без справы не сядзім, толькі на вочы не лезем. Дзіцяці многа не трэба — два-тры дні пагаладае, і канец. — Ён зноў узяўся за працу, змазаў гняздо клапана, узяў корбу, і рука яго шпарка захадзіла ўзад і ўперад. Пагляд у яго зрабіўся нейкі тупы, бяздумны.

Том няспешна пабрыў да сваёй палаткі.

— Ачмурэлы… — ціха прамовіў ён.

Бацька і дзядзька Джон падышлі да палаткі, несучы бярэмі сухога голля, скінулі яго каля вогнішча і прыселі на кукішкі.

— Тут блізка ўсё падабралі, — сказаў бацька. — Давялося далёка ісці. — Ён зірнуў на дзяцей, што абкружылі вогнішча і лупілі на яго вочы. — Божа літасцівы! — усклікнуў ён. — Адкуль вас столькі набегла? — І дзеці збянтэжана апусцілі вочы долу.

— Пэўна, пачулі пах ежы, — сказала маці. — Уінфілд, не круціся пад нагамі. — Яна адштурхнула хлопчыка. — Думаю стушыць трохі мяса. Гарачага мы з самага ад'езду не елі. Бацька, схадзі ты ў краму, вазьмі каркавіны. Я патушу яе, пальчыкі абліжаце. — Бацька падняўся з кукішак і пайшоў.

Эл адкінуў капот грузавіка і пачаў разглядаць запэцканы змазкай рухавік. Пачуўшы за спінай крокі Тома, падняў галаву.

— У цябе такі бесклапотны выгляд, як у птушкі, — сказаў Эл.

— Я проста скачу ад радасці, як жаба ў вясновы дожджык, — адказаў Том.

— Глянь на матор, — Эл паказаў пальцам пад капот. — Здорава, га?

Том зазірнуў усярэдзіну.

— Ага, як быццам нічога.

— Нічога? А па-мойму, цудоўна. Масла зусім не прапускае. Усё добра прыцёрта. — Ён выкруціў свечку і засунуў у адтуліну палец. — Нагар крыху ёсць, але сухая.

Том сказаў:

— Што ж, малайчына, правільна выбраў. Ты гэта хочаш ад мяне пачуць?

— Я ўсю дарогу баяўся: вось зараз рассыплецца ўсё, а вінаваты буду я.

— Не, ты правільна выбраў. А зараз правер усё як след, бо заўтра зранку паедзем працу шукаць.

— Яна яшчэ як пакоціць, — сказаў Эл. — Можаш не баяцца. — Ён выняў з кішэні ножык і пачаў ачышчаць электроды на свечцы.

Том завярнуў за палатку і ўбачыў Кейсі. Ён сядзеў на зямлі, засяроджана разглядаючы правую ступню босай нагі. Том цяжка апусціўся на зямлю каля яго.

— Ну як, працуе?

— Што? — не зразумеў Кейсі.

— Нага твая.

— Ага… Гэта я проста так. Сяджу і думаю.

— Ты, пэўна, толькі ў такой зручнай позе і можаш думаць, — сказаў Том.

Кейсі паварушыў пальцамі нагі — вялікі палец угору, суседні ўніз — і спакойна ўсміхнуўся.

— Думаць заўсёды нялёгка, як ні выкручвайся — хоць крукам.

— Даўно ўжо не чуў я твайго голасу, — сказаў Том. — Усё думаеш, думаеш?

— Ага, думаю.

Том зняў з галавы сваю баваўняную кепку, цяпер ужо брудную, заношаную, са зламаным пасярэдзіне брылём, адагнуў адварот і выняў доўгую вузкую пракладку з газетнай паперы.

— Збеглася ад поту, цеснаватая стала, — сказаў ён і паглядзеў на голыя пальцы, якімі не пераставаў варушыць Кейсі. — Можа, ты адарвешся на хвілінку ад сваіх думак і паслухаеш, што я скажу?

Кейсі павярнуў да яго галаву на доўгай, як сцябло, шыі.

— Я ўвесь час слухаю. Таму і задумваюся. Паслухаю, што людзі кажуць, і пачынаю разумець, што яны адчуваюць. Я іх увесь час чую, я адчуваю іх; людзі б'юць крыламі, як птушка, што заляцела на гарышча. Скончыцца тым, што паламаюць яны крылы аб пыльныя шыбіны, а на волю так і не вырвуцца.

Том доўга пазіраў на яго шырока расплюшчанымі вачамі, тады адвярнуўся і глянуў на шэрую палатку за дваццаць футаў ад іх. На яе адцяжках сушыліся памытыя штаны, кашулі і сукенкі. Том ціха сказаў:

— Пра гэта я і хацеў з табой пагаварыць. А ты, аказваецца, сам усё бачыш.

— Бачу, — пацвердзіў Кейсі. — Такіх, як мы, цэлая армія, а аброці на ёй няма. — Ён апусціў галаву і паволі правёў па лбе і па валасах рукою. — Я ўсюды гэта бачыў. Усюды, дзе мы ні спыняліся. Людзі згаладаліся, мараць пра кавалак мяса, а як дарвуцца да яго, наесціся не могуць. А калі ўжо дарэшты згаладаюцца, так згаладаюцца, што ўжо сілы няма трываць, тады просяць мяне памаліцца. І, бывае, я малюся. — Ён сашчапіў рукі вакол паднятых каленяў і бліжэй падцягнуў ногі. — Раней я думаў, што малітва памагае. Прачытаеш малітву — і ўсе нягоды наліпнуць на яе, як мухі на паперу-ліпучку, а малітва адляціць і ўсё панясе з сабой. Але цяпер ужо не так.

Том сказаў:

— Малітва мяса ніколі не давала. На гэта свіння патрэбна.

— Правільна. І гасподзь усемагутны за працу таксама не плаціць. Усе гэтыя людзі хочуць жыць прыстойна, дзяцей хочуць выгадаваць добрымі людзьмі. А на старасці год ім хочацца пасядзець на ганку і паглядзець, як сонца заходзіць. А маладым — патанцаваць, паспяваць і злюбіцца адно з адным. Усім хочацца пад'есці, калі-нікалі выпіць і працаваць. Так, так — задаць такую работу мускулам, каб адчуць прыемную стому. Госпадзі! Нашто я ўсё гэта гавару?

— Хто цябе ведае, — сказаў Том. — Слухаць прыемна. Толькі калі ты ўжо кінеш свае думкі хоць на кароткі час? Трэба ж нам і за працу брацца. Грошы канчаюцца. Бацька пяць даляраў аддаў, каб на бабчынай магіле дошку з надпісам паставілі. Зусім мала засталося.

Худы буры дварняк выбег з-за палаткі, прынюхваючыся да зямлі. Ён трымаўся з асцярогай, гатовы ў любы момант даць цягу. Апусціўшы нос долу і сапучы, ён падбег амаль ушчыльную да Тома і Кейсі, раптам учуў іх, падняў галаву, убачыў людзей, адскочыў убок і кінуўся прэч, прыціснуўшы вушы і падтуліўшы хвост. Кейсі праводзіў яго вачыма, пакуль ён не знік за палаткай, і цяжка ўздыхнуў.

— Нікому я дабра не прыношу, — сказаў прапаведнік. — Ні сабе, ні другім. Усё думаю: можа, мне лепш пайсці ад вас. Я ем ваш хлеб, месца займаю. А ўзамен нічога не даю. Можа, знайду дзе сталую работу, тады выплачу вам хоць частку свайго доўгу.

Том адкрыў рот, выпнуў ніжнюю сківіцу і пастукаў па зубах сухой сцяблінкай палявой гарчыцы. Вочы яго глядзелі за лагер — за шэрыя палаткі і халупкі з бляхі і кардону.

— Някепска было б цяпер пачак «Дэрэма» раздабыць, — сказаў ён. — Я не курыў ужо чорт ведае колькі. У Макалестары мы без курыва не сядзелі. Мяне часам назад туды цягне. — Ён зноў пастукаў сцяблінкай па зубах і раптам павярнуўся да прапаведніка. — Ты ў турме ніколі не сядзеў?

— Не, ніколі, — адказаў Кейсі.

— Ты так адразу ад нас не ідзі. Пачакай крыху.

— Чым раней пачну шукаць працу, тым хутчэй знайду.

Том пільна паглядзеў на яго прыплюшчанымі вачамі і зноў надзеў на галаву кепку.

— Слухай, — сказаў ён. — Прапаведнікі любяць пра малочныя рэкі з кісельнымі берагамі расказваць, а тут гэтым і не пахне. Тут нядобрыя справы робяцца. Мясцовыя жыхары баяцца тых, хто прыязджае сюды, на Захад, і напускаюць на іх паліцыю, каб напалохаць нас і назад павярнуць.

— Так і ёсць, — сказаў Кейсі. — Я гэта ведаю. А чаму ты пра турму пытаўся?

Том раздумліва загаварыў:

— Калі ў турме сядзіш… усё загадзя… нейкім чуццём… угадваеш. Там гаварыць многа між сабой не дазваляюць… з адным, з двума можна, а набярэцца больш — разганяюць. Вось і робішся такім, што ўсё востра ўспрымаеш. Калі што-небудзь наспявае… ну, скажам, звіхнецца твой сусед па камеры, стукне наглядчыка ручкай швабры па галаве… а ты загадзя ведаў, што так будзе. Уцёкі, бунт… цябе пра гэта папярэджваць не трэба. Сам здагадваешся. Прадчуваеш.

— І што ж?

— Пабудзь тут, — сказаў Том. — Хоць да заўтра пабудзь. Тут нешта наспявае. Я тут з адным хлопцам пагаварыў. Хітруе, віляе, як каёт, толькі, здаецца, крыху перабраў. Каёт каётам. Асцярожлівы такі, ціхманы, быццам у бязвінную гульню гуляе… а мне ўсё думаецца, нездарма курыца квокча.

Кейсі дапытліва паглядзеў на яго, адкрыў ужо рот, каб нешта сказаць, але раптам моцна сціснуў губы. Ён паволі перабіраў пальцамі нагі, потым зняў рукі з калень, крыху выставіў наперад адну ступню і паглядзеў на яе.

— Добра, — сказаў ён, — я пачакаю, адразу не пайду.

Том сказаў:

— Калі цэлы гурт людзей, добрых, ціхамірных людзей, не ведае, не разумее, што робіцца наўкол… значыць, трэба нечага чакаць.

— Я застаюся, — сказаў Кейсі.

— А заўтра зранку паедзем шукаць работу.

— Добра, — сказаў Кейсі і паварушыў пальцамі нагі, панура пазіраючы на іх. Том адкінуўся назад, абапершыся на локаць, і заплюшчыў вочы. З-за брызенту да яго слыху данесліся няясныя галасы Ружы Сарона і Коні.

Пад брызентам быў густы цень, і светлыя трохкутнікі з абодвух бакоў выступалі рэзка і выразна. Ружа Сарона ляжала на матрацы, а Коні сядзеў побач на кукішках.

— Трэба было б маці памагчы, — сказала Ружа Сарона. — Некалькі ўжо разоў я збіралася, але толькі варухнуся, адразу рвота.

Позірк у Коні быў пахмурны.

— Каб ведаў, што так будзе, не паехаў бы. Вывучыўся б дома вечарамі на трактарыста і меў бы тры даляры ў дзень. На тры даляры можна жыць яшчэ як, і ў кіно кожны вечар хадзіць.

Ружа Сарона насцярожылася.

— Вечарамі ты будзеш радыё вывучаць, — сказала яна. Коні доўга не адказваў ёй. — Ты ж будзеш? — патрабавальна запыталася яна.

— Ну, вядома. Як толькі на ногі стану. Крыху зараблю.

Ружа Сарона прыўзнялася на локці.

— Ты раздумаў?

— Н-не… не… вядома, не. Толькі я… я не ведаў, што прыйдзецца жыць у такіх месцах, як гэтае.

Пагляд у Ружы Сарона зрабіўся суровы.

— Значыць, так трэба, — прамовіла яна спакойна.

— Вядома, вядома. Сам разумею. Толькі перш на ногі стану. Зараблю трохі. А ўсё ж, відаць, лепш было б дома застацца, я вывучыўся б на трактарыста. Ім плацяць па тры даляры ў дзень, ды яшчэ прырабіць можна. — Ружа Сарона скіравала на яго пільны позірк, і, калі вочы іх сустрэліся, Коні зразумеў, што яна ўзважвае, вызначае яго вартасць. — А вучыцца я буду. Толькі спачатку трэба на ногі стаць.

Ружа Сарона рашуча, з выклікам сказала:

— Мы павінны дамок набыць, перш чым дзіця народзіцца. У палатцы раджаць не хачу і не буду.

— Ну зразумела, — сказаў Коні. — Але мне спачатку трэба стаць на ногі. — Ён выйшаў з-пад навеса і паглядзеў на маці — яна нахілілася над агнём, у якім гарэла сухое ламачча. Ружа Сарона лягла на спіну і ўтаропіла позірк у брызент над галавой. Потым заткнула вялікім пальцам рот, як кляпам, і ціха заплакала.

Маці ўкленчыла перад вогнішчам і ламала голле, падтрымліваючы агонь пад кацялком, у якім тушылася мяса. Языкі полымя то ўзнімаліся ўгору, то ападалі, то ўзнімаліся, то ападалі. Дзеці, іх было пятнаццаць, моўчкі стаялі вакол вогнішча і не зводзілі з яго вачэй. І калі да іх дайшоў пах тушанага мяса, насы ў іх крышачку зморшчыліся. Сонца паблісквала на іх пабурэлых ад пылу жоўтых валасах. Дзеці адчувалі, што няёмка так стаяць і пазіраць, але прэч не ішлі. Маці ціха гаварыла з дзяўчынкай, што стаяла ў самым цэнтры гэтага гурту дзяцей, якія з прагнасцю глядзелі на кацялок. Дзяўчынка была крыху старэйшая за астатніх дзяцей. Яна стаяла на адной назе, гладзячы лытку пад'ёмам голай ступні. Рукі яна сашчапіла за спінай. Маленькія шэрыя вочы спакойна глядзелі на маці. Яна прапанавала:

— Дайце наламаю вам сучча, мэм.

Маці падняла галаву ад кацялка:

— Відаць, хочаш есці папрасіць?

— Так, мэм, — спакойна адказала дзяўчынка.

Маці падсунула сучча пад кацялок, і агонь ціха загудзеў.

— Ты сёння не снедала?

— Не, мэм. Тут ніякай работы няма. Та хоча прадаць што-небудзь з пажыткаў, купіць бензіну і паехаць далей.

Маці зноў зірнула на яе:

— Астатнія таксама не снедалі?

Дзеці бянтэжліва пераступілі з нагі на нагу і адвялі вочы ад кацялка, ад якога ішла пара. Адзін маленькі хлопчык пахваліўся:

— Я снедаў… і брацік мой таксама… і вось гэтыя двое, сам бачыў. Мы добра пад'елі. Вечарам паедзем далей на поўдзень.

Маці ўсміхнулася:

— Значыць, вы не галодныя. А то на ўсіх не хопіць.

Хлопчык выпнуў ніжнюю губу.

— Мы добра пад'елі, — паўтарыў ён і раптам крута павярнуўся, пабег і нырнуў у сваю палатку. Маці так доўга глядзела яму ўслед, што дзяўчынка вырашыла напомніць ёй:

— Агонь зусім патух, мэм. Я распалю яго, калі хочаце.

Руці з Уінфілдам стаялі сярод дзяцей, стараючыся захаваць спакой і годнасць. Яны трымаліся адчужана і, разам з тым, як гаспадары. Руці глянула на дзяўчынку халоднымі, злоснымі вачамі, потым прысела каля агню і стала ламаць галінкі.

Маці зняла накрыўку з кацялка, памяшала мяса палачкай.

— Вось і добра, што вы не ўсе галодныя. Той маленькі хлопчык напэўна ж не галодны.

Дзяўчынка насмешліва ўсміхнулася:

— Хто — ён? Проста выхваляецца. Падумаеш, нос задраў! Калі ў іх на вячэру нічога няма, ведаеце, што ён выдумляе? Учора вечарам выйшаў з палаткі і кажа: мы курыцу елі. А як жа! Я яшчэ раней зазірнула да іх у палатку і бачыла, што ў іх было на вячэру: адны аладкі, як і ва ўсіх у нас.

— А-а… — Маці кінула позірк на палатку, у якую шмыгнуў маленькі хлопчык, і запыталася ў дзяўчынкі: — А вы даўно ў Каліфорніі?

— Ну, месяцаў шэсць. Спачатку мы жылі ва ўрадавым лагеры, потым паехалі далей, на поўдзень, а калі вярнуліся, там было ўжо поўна. Во дзе жыць добра, я вам скажу.

— Дзе гэта? — запыталася маці і, узяўшы з рук Руці наламаныя галінкі, паклала іх у агонь. Руці з нянавісцю зірнула на дзяўчынку.

— А там, каля Ўідпэтча. Там і прыбіральні добрыя, і душавыя ёсць, бялізну можна памыць у начоўках, вада блізка — добрая, пітная, па вечарах музыка іграе, а ў суботу вечарам танцы. О, вы нідзе такога не бачылі. І дзецям ёсць пляцоўка, а ў прыбіральнях папера. Пацягнеш ручку ўніз, вада туды льецца, і палісмены ніякія не лезуць у палаткі, а той дзядзька, што начальнікам там ходзіць, далікатны такі — зойдзе ў госці, добра пагаворыць і зусім не ганарысты. Хацела б я яшчэ там пажыць.

Маці сказала:

— Першы раз чую пра такі лагер. Я з радасцю памыла б бялізну ў такой пральні, далібог, праўда.

Дзяўчынка з захапленнем гаварыла:

— У іх, а божачкі, гарачая вада ідзе проста па трубах, станеш пад душ, і так цёпленька робіцца і прыемна. Такога лагера нідзе больш няма.

Маці запыталася:

— Там цяпер поўна, кажаш?

— Ага. Калі мы апошні раз заехалі, усё было занята.

— Вялікія, пэўна, грошы бяруць, — прамовіла маці.

— Так. Але калі грошай няма, дазваляюць адпрацоўваць — па дзве гадзіны ў тыдзень: на ўборку пасылаюць, скрынкі для смецця чысціць. Ну, усякае такое. А вечарам музыка іграе, людзі пагутарыць збіраюцца, а гарачая вада дык проста па трубах бяжыць. Вы такога лагера ніколі не бачылі.

— Хацела б я паехаць туды, — сказала маці.

Тут Руці ўжо не стрымалася і са злосцю выпаліла:

— А ў нас бабка памерла проста на грузавіку. — Дзяўчынка здзіўлена паглядзела на яе. — Так, так, проста на грузавіку, і следчы яе забраў. — Руці моцна сцяла губы і наламала яшчэ невялікую кучку сухіх сучкоў.

Уінфілд заморгаў вачамі, уражаны смелым выпадам Руці.

— Проста на грузавіку, — паўтарыў ён за ёю. — А следчы запіхнуў яе ў вялікі кош.

— Сціхніце вы абое, — умяшалася маці, — а то шугану вас адсюль, — і падкінула ў агонь сучча.

На другім канцы лагера Эл падышоў паглядзець на прыцірку клапанаў.

— Бачу, канчаеш ужо, — сказаў ён.

— Яшчэ два засталіся.

— А дзяўчаты тут ёсць?

— У мяне жонка, — адказаў малады чалавек. — На дзяўчат у мяне часу не хапае.

— А ў мяне заўсёды хапае, — сказаў Эл. — На што іншае — няма, а на гэта ёсць.

— А ты пагаладай, тады другое запяеш.

Эл засмяяўся:

— Усё можа быць. А пакуль што ў мяне такі настрой.

— Я тут разгаварыўся з адным. Ён з вамі прыехаў?

— З намі.. Гэта мой брат, Том. Ты з ім глядзі, не надта. Ён чалавека забіў.

— Забіў чалавека? За што?

— Між імі бойка была. Той пырнуў яго нажом. А Том яму па галаве рыдлёўкай.

— Праўда? А суд быў?

— Быў. Адпусцілі, бо здарылася гэта ў бойцы.

— На задзіраку ён не падобны.

— Ды не, які ён задзірака. Але Том нікому не спусціць. — У голасе Эла прагучаў гонар. — Том чалавек спакойны. І ўсё-такі будзь з ім асцярожны.

— Што ж… Мы з ім пагаварылі. Мне здалося, ён не зласлівы.

— Не, не зласлівы. Ён ціхі, пакуль яго не давядуць, а тады ўжо — сцеражыся! — малады чалавек узяўся за апошні клапан. — Давай дапамагу паставіць клапаны, і галоўку надзенем.

— Ну памажы, калі табе больш рабіць няма чаго.

— Някепска было б паспаць, — сказаў Эл, — ды толькі варта мне ўбачыць разабраную машыну, і рукі самі цягнуцца да яе. Не магу ўтрымацца.

— За дапамогу буду табе вельмі ўдзячны, — сказаў малады чалавек. — Мяне завуць Флойд Ноўлс.

— А я Эл Джоўд.

— Вельмі рады пазнаёміцца.

— Я таксама. Пракладку пакінеш старую?

— Давядзецца, — адказаў Флойд.

Эл дастаў з кішэні складны ножык і паскроб ім блок рухавіка.

— Эх, — сказаў ён, — нічога на свеце так не люблю, як пакапацца ў машыне.

— А дзяўчат?

— О, і дзяўчат! Вось каб разабраць «ролс-ройс», а потым зноў сабраць! Адзін раз удалося зазірнуць пад капот шаснаццаціцыліндравага «кадылака», і, божа мой, такога цуду ты ў жыцці не бачыў! Іду я па вуліцы ў нас, у Саліса, і бачу — стаіць шаснаццатка каля рэстарана, і я падняў капот. І тут выходзіць з рэстарана нейкі дзядзька і кажа: «Ты што тут робіш?» А я яму: «Проста гляджу. Цудоўная машына, праўда?» А ён стаў побач са мной і стаіць. Пэўна, сам ніколі ў яе не заглядаў. Стаў і стаіць. Багаты такі, у саламяным капелюшы. Кашуля ў палоску, акуляры. Нічога адзін аднаму не гаворым. Проста глядзім. А потым ён раптам пытаецца: «Хацеў бы павадзіць?»

Флойд сказаў:

— Так я табе і паверыў!

— Далібог, праўда. «Хацеў бы павадзіць?» А я ў джынсах, у брудных. Кажу яму: «Запэцкаю сядзенне». А ён: «Садзіся. Аб'едзем квартал». І, павер, я сем ці восем разоў вакол квартала аб'ехаў. Божа, што за машына!

— Шык?

— Яшчэ які! Разабраць бы яе ўсю на частачкі… я за гэта… не ведаю, што аддаў бы.

Рука Флойда перастала тузацца ўзад і ўперад. Ён выняў апошні клапан з гнязда і агледзеў яго.

— Ты лепш прывыкай да драндулетаў, — сказаў ён. — Шаснаццатку табе наўрад ці калі прыйдзецца вадзіць. — Флойд паклаў корбу на падножку і пачаў счышчаць стамескай нагар на галоўцы блока.

Дзве прысадзістыя жанчыны, проставалосыя, босыя, прайшлі паўз іх, несучы ўдзвюх вядро мутна-белай вады. Яны ледзь валаклі ногі пад цяжарам сваёй ношы і не падымалі вачэй ад зямлі. Сонца хілілася на захад.

Эл сказаў:

— Цябе, відаць, нічога асабліва не вабіць.

— Я тут ужо шэсць месяцаў, — сказаў ён. — Сную па ўсім штаце, на працы не шкадую сябе, хуценька шукаю новае месца, каб было на што купіць мяса і бульбы жонцы, сабе і дзецям. Носішся, як заяц… а толку мала. Тут хоць са скуры вылузвайся, сыты ўсё роўна не будзеш. Я проста стаміўся, і ўсё. Так стаміўся, што за ноч сілы не набіраюся. Што далей рабіць, розуму не дабяру.

— Няўжо нельга сталую работу знайсці? — запытаўся Эл.

— Не, сталай работы тут не знойдзеш. — Флойд саскроб рэшткі нагару з галоўкі блока і працёр цьмяны метал прамасленай анучкай.

Да лагера пад'ехала лядашчая легкавая машына. У ёй сядзела чацвёра мужчын — ва ўсіх твары загарэлыя, суровыя. Машына паволі рухалася між палатак. Флойд крыкнуў ім:

— Ну як, пашанцавала?

Машына спынілася. Чалавек, што сядзеў за рулём, адказаў:

— Усё навокал аб'ездзілі. Нідзе ніякай работы. Трэба ехаць адсюль.

— Куды? — крыкнуў Эл.

— Адзін бог ведае. Куды мы толькі не патыкаліся! — Вадзіцель адпусціў тормаз, і машына паехала далей.

Эл пазіраў ёй услед.

— Можа, лепш было б ездзіць па адным? Адзін хутчэй работу знойдзеш.

Флойд паклаў стамеску і нявесела ўсміхнуўся:

— Ты яшчэ не вучаны. На раз'езды бензін патрэбен. А галон бензіну каштуе пятнаццаць цэнтаў. Гэтыя чацвёра не могуць дазволіць сабе ездзіць на чатырох машынах.

Яны складваюцца па дзесяць цэнтаў і купляюць бензін. Табе яшчэ трэба павучыцца.

— Эл! — Эл павярнуўся і ўбачыў Уінфілда, які з важным выглядам стаяў каля яго. — Эл, ма ўжо мяса па талерках раскладае. Ідзі, яна кліча цябе.

Эл абцёр рукі аб штаны.

— Мы сёння яшчэ не елі, — сказаў ён Флойду. — Я пад'ем і прыйду памагу табе.

— Неабавязкова, але як хочаш.

— Сказаў жа — прыйду. — Эл пайшоў за Ўінфілдам да палаткі Джоўдаў.

Каля яе было цесна. Суседскія дзеці такой шчыльнай сцяной абступілі кацялок з варывам, што маці, завіхаючыся каля вогнішча, закранала іх локцямі. Том і дзядзька Джон стаялі каля яе.

Маці разгублена гаварыла:

— Не ведаю, як быць. Трэба сям'ю накарміць. А што мне з гэтымі рабіць? — Дзеці стаялі як укапаныя і пазіралі на яе. Твары ў іх былі абыякавыя, нібы застылыя, толькі вочы перабягалі з кацялка на алавяную талерку, якую маці трымала ў руцэ. Вочы ўпарта сачылі за лыжкай, што хадзіла ад кацялка да талеркі, і, калі маці перадала талерку, ад якой ішла пара, дзядзьку Джону, вочы ўпіліся ў яе. Дзядзька Джон зачарпнуў поўную лыжку, і вочы дружна падняліся разам з ёю. Ён адправіў у рот кавалак бульбіны, і вочы ўсе разам утаропіліся на твар, сочачы за яго выразам — ці смачна, ці спадабалася.

І тут дзядзька Джон быццам упершыню ўбачыў дзяцей. Ён вяла пажаваў і сказаў Тому:

— Вазьмі. Мне есці не хочацца.

— Ты ж сёння нічога ў рот не браў, — сказаў яму Том.

— Ага, у мяне з жыватом нешта. Не хочацца.

Том спакойна сказаў:

— Ідзі з талеркай у палатку, там пад'ясі.

— Нешта не хочацца, — упарціўся Джон. — І ў палатцы яны будуць перад вачамі стаяць.

Том павярнуўся да дзяцей:

— Ідзіце. Ану прэч адгэтуль! — Вочы ўсе разам адарваліся ад кацялка і разгублена ўставіліся яму ў твар. — Ідзіце, ідзіце адсюль. Так рабіць нядобра. Усё роўна на ўсіх вас не хопіць.

Маці раскладала па талерках порцыі мяса, вельмі маленькія, і ставіла талеркі на зямлю.

— Не магу я іх прагнаць, — сказала яна. — Проста не ведаю, што рабіць. Бярыце свае талеркі і ідзіце пад навес. А тое, што засталося, няхай яны даядуць. А гэту вось занясіце Разашарне. — Яна ўсміхнулася дзецям: — Паслухайце, дзеткі, знайдзіце дзе-небудзь шырокія трэсачкі, і я дам вам, што засталося. Толькі не сварыцеся.

Дзеці вокамгненна разляцеліся ва ўсе бакі без адзінага гуку. Хто пабег шукаць трэсак, хто ў свае палаткі па лыжку. Не паспела маці раскласці ежу па талерках, як яны ўжо зноў абкружылі яе, маўклівыя, галодныя, як ваўкі. Маці пакруціла галавой:

— Проста не ведаю, што рабіць. Не магу ж я сям'ю абдзяліць. Яе трэба накарміць. Руці! Уінфілд! — патрабавальна крыкнула яна. — Бярыце ж свае талеркі. Хутчэй! Ідзіце з імі пад брызент. — Яна вінавата паглядзела на дзяцей, якія моўчкі чакалі. — Там зусім мала, — сказала яна сарамліва. — Кацялок я пастаўлю на зямлю, а вы падбярыце рэшткі, хоць чарвяка заморыце. — Яна гаварыла запінаючыся. — Нічога я зрабіць не магу. І не даць не магу. — І, зняўшы кацялок з агню, паставіла яго на зямлю. — Пачакайце трохі. Яшчэ гарачае, — сказала яна і паспешліва пайшла пад брызент, каб вочы яе не бачылі таго, што будзе.

Сям'я Джоўдаў сядзела на зямлі, кожны са сваёй талеркай, і пад брызентам было чуваць, як дзеці скрабуць трэсачкамі, лыжкамі і ржавымі палоскамі бляхі. Яны з усіх бакоў закрылі сабой кацялок. Не перагаворваліся, не штурхаліся, але ў кожным іх руху адчувалася ўпартая настойлівасць і затоеная жорсткасць. Маці павярнулася спінай, каб усяго гэтага не бачыць.

— Больш так нельга, — сказала яна. — Давядзецца хавацца ад чужых вачэй. — Чутно было, як скрабуць у кацялку, потым цесны гурток дзяцей рассыпаўся, і яны разышліся, пакінуўшы на зямлі абскрэбены кацялок. Маці паглядзела на талеркі. — Ніхто з вас добра не пад'еў.

Бацька падняўся і, нічога не адказаўшы, выйшаў з-пад брызенту. Прапаведнік усміхнуўся і лёг на зямлю, падклаўшы пад галаву рукі. Эл таксама падняўся.

— Пайду памагу тут аднаму з машынай, — сказаў ён.

Маці сабрала талеркі і пайшла мыць.

— Руці, — паклікала яна, — Уінфілд! Хуценька прынясіце вядзерца вады. — Яна дала ім вядро, і дзеці пайшлі з ім да рэчкі.

Да палаткі Джоўдаў падыходзіла мажная жанчына. Сукенка на ёй была ў пыле і ў плямах ад змазачнага масла. Яна ішла, высока задраўшы падбародак. Спынілася за некалькі крокаў ад палаткі і ваяўніча глянула на маці. Тады падышла бліжэй.

— Дабрыдзень, — сказала яна холадна.

— Дзень добры, — адказала маці, паднялася з каленяў і падсунула госці скрынку. — Сядайце, калі ласка.

Жанчына падышла зусім блізка.

— Не, не хачу.

Маці запытальна глянула на яе:

— Вам што-небудзь трэба?

Жанчына падперла рукі ў бокі.

— Мне трэба, каб вы клапаціліся пра сваіх уласных дзяцей, а маіх пакінулі ў спакоі.

Маці зрабіла вялікія вочы.

— Я нічога такога… — пачала яна.

— Ад майго хлапчука так і тхне тушонкай. Гэта вы яму далі, ён мне сказаў. Тушаным мясам надумалі хваліцца. Няма чаго гэтым хваліцца. Я і так ледзь не разрываюся, а тут яшчэ мой блазан прыбягае і пытаецца: «А чаму ў нас няма мяса?» — Голас жанчыны дрыжаў ад шаленства.

Маці падышла да яе.

— Вы сядайце, — сказала яна. — Прысаджвайцеся, пагаворым.

— І не думаю. Я стараюся хоць як-небудзь накарміць сям'ю, а вы тут са сваёй тушонкай лезеце.

— Сядайце, сядайце, — запрашала маці. — Больш у нас мяса не будзе, аж пакуль мы работы не знойдзем. Вось каб вы варылі мяса і малыя дзеці абступілі вас з усіх бакоў, што б вы рабілі? Нам і самім было мала, ды хіба адмовіш дзецям, калі яны пазіраюць на цябе такімі вачамі?

Рукі жанчыны ўпалі з клубоў. Яна дапытліва паглядзела ў твар маці, потым павярнулася, шпарка пакрочыла прэч і, увайшоўшы ў сваю палатку, захінула за сабой полкі. Маці правяла яе позіркам і зноў апусцілася на калені перад горкай алавяных талерак.

Да палаткі паспешліва падышоў Эл.

— Том! — гукнуў ён. — Ма, Том тут?

Том высунуў галаву з-пад брызенту.

— Чаго табе?

— Хадзем са мной, — усхвалявана сказаў Эл.

Яны пайшлі разам.

— Што здарылася? — запытаўся Том.

— Пацярпі, зараз даведаешся. — Эл падвёў яго да машыны з разабраным блокам. — Гэта Флойд Ноўлс, — сказаў ён.

— Мы з ім ужо гаварылі. Ну, як справы?

— Ды вось канчаю, — адказаў Флойд.

Том правёў пальцам па галоўцы блока.

— Ну кажы, Эл, што там у цябе за тайна.

— Толькі што Флойд мне сказаў… Раскажы яму сам, Флойд.

Флойд пачаў:

— Можа, лепш было б памаўчаць… але добра, скажу. Тут адзін прыехаў, кажа, работа ёсць — далей на поўнач.

— На поўнач?

— Ага. Ёсць месца такое — даліна Санта-Клара. Далёка, чорт ведае дзе.

— А работа якая?

— Збор сліў, груш, кансерваванне. Кажа, хутка ўсё паспее.

— А ўсё ж, як далёка? — дапытваўся Том.

— А чорт яго ведае. Міль дзвесце, пэўна.

— Сапраўды чорт ведае дзе, — сказаў Том. — А чаму ты думаеш, што да нашага прыезду там будзе работа?

— Напэўна сказаць ніхто не можа, — адказаў Флойд. — Але ж тут усё роўна нічога не знойдзеш, а чалавек гэты кажа, што атрымаў ліст ад брата, і той ужо ў дарозе. Нікому казаў нічога не гаварыць, а то ўсе кінуцца туды. Давядзецца выязджаць ноччу. Раней прыедзеш, можа, работу дадуць.

Том уважліва прыглядаўся да Флойда.

— Нашто ж так, крадучыся?

— А на тое, што, калі ўсе рушаць туды, работы не хопіць.

— Усё ж далекавата, каб на яго чорт, — сказаў Том.

Флойд закрыўдаваў:

— Я з табой па-сяброўску падзяліўся. Можаш не ехаць. Твой брат тут мне памог, таму я і сказаў вам.

— Ты ўпэўнены, што ў гэтым наваколлі работы няма?

— Слухай, я тры дні тут кручуся, дзе толькі ні быў, і каб хоць што трапілася — нідзе нічога. Калі хочаш сам пашукаць і спаліць чорт ведае колькі бензіну, што ж, давай! Я не прашу вас ехаць са мной. Чым больш народу туды наедзе, тым меней шанцаў у мяне.

Том сказаў:

— Я нічога такога не гавару. Толькі вельмі ж далёка. Мы спадзяваліся папрацаваць тут, дамок арандаваць.

Флойд цярпліва сказаў:

— Вы толькі што прыехалі, я разумею. Вам яшчэ шмат чаму трэба павучыцца. Калі паслухаеце мяне, вы толькі выйграеце. А не — вучэнне абыдзецца вам даражэй. Асесці тут вы не спадзявайцеся, бо ў гэтых месцах сталай работы нідзе няма. Страўнік пагоніць вас далей. Ну вось, цяпер сказаў вам усё начыстую.

— Трэба ўсё ж пашукаць, — заклапочана сказаў Том.

Да суседняй палаткі пад'ехала закрытая легкавая машына. З яе вылез чалавек у камбінезоне і сіняй кашулі. Флойд крыкнуў яму:

— Ну як, добра з'ездзілі?

— Ніякай работы нідзе ў гэтым чортавым краі няма і не будзе, пакуль не саспее бавоўна. — І чалавек пайшоў у падраную палатку.

— Вось бачыш? — сказаў Флойд Тому.

— Ага, бачу. А ўсё ж дзвесце міль!

— Вы пакуль што яшчэ нідзе не прыстроіліся. Думайце — вырашайце.

— Лепш паехаць, — сказаў Эл.

— А тут калі будзе работа? — запытаўся Том у Флойда.

— Недзе праз месяц пачнецца збор бавоўны. Калі ў вас ёсць запас грошай, чакайце.

— Маці ехаць не захоча, яна вельмі стамілася, — сказаў Том.

Флойд паціснуў плячамі:

— Я вас на поўнач не ганю. Рабіце, як вам лепей. Што чуў, тое і перадаў вам. — Ён падняў з падножкі прамасленую пракладку, акуратна прыладзіў яе да блока і прыціснуў. — Ну, — сказаў ён Элу, — давай памажы паставіць крышку.

Том назіраў, як яны асцярожна насунулі цяжкую крышку блока на шпількі і мякка апусцілі.

— Трэба параіцца са сваімі, — прагаварыў ён.

Флойд сказаў:

— Толькі каб ніхто, акрамя вашых, нічога пра гэта не ведаў. Я толькі вам. Калі б твой брат не памог мне з машынай, я і з вамі не падзяліўся б.

— Што ж, вялікі табе дзякуй. Трэба ўсё добра абдумаць. Магчыма, і паедзем.

Эл сказаў:

— Паедуць туды нашы ці не, я ўсё роўна паеду, далібог. На спадарожных машынах дабяруся.

— А сям'ю кінеш? — запытаўся Том.

— І што тут такога? Я вярнуся з поўнымі кішэнямі грошай. А чаму і не?

— Маці на гэта згоды не дасць, — сказаў Том. — І бацька таксама.

Флойд паставіў гайкі на балты і закруціў іх, колькі мог, пальцамі.

— Мы з жонкай выехалі разам з усімі нашымі, — сказаў ён. — Там, дома, нам і ў галаву не прыйшло б ад сваіх адбівацца. Проста пра такое мы і думаць не маглі. Але калі мы ўсёй сям'ёй заехалі крыху далей на поўнач, я вярнуўся сюды, а яны рушылі далей, і цяпер адзін бог ведае, куды іх занесла. З таго часу я іх усё шукаю, паўсюль пра іх пытаюся. — Флойд абхопліваў гайкі ключом і раўнамерна падкручваў адну за адной.

Том апусціўся на кукішкі каля машыны і кінуў беглы позірк на рады палатак, між якіх была пратаптана ў траве сцяжынка.

— Не, даражэнькі, — сказаў ён, — маці цябе не адпусціць.

— А, па-мойму, аднаму лягчэй працу знайсці.

— Можа, і лягчэй, толькі яна згоды не дасць.

Да лагера падкацілі дзве перапоўненыя машыны, у людзей, што сядзелі ў іх, выгляд быў панылы. Флойд падняў вочы, але не спытаўся, ці добра з'ездзілі. На іх запыленых тварах адбіваліся смутак і адначасова ўпартасць. Сонца хілілася на захад, і жоўтае яго святло залівала Гувервіль і вярбняк за ім. Дзеці пачалі выходзіць з палатак і разбрыдацца па лагеры. Жанчыны таксама выходзілі і браліся распальваць маленькія вогнішчы. Мужчыны збіраліся невялікімі групамі і, прысеўшы на кукішкі, заводзілі гаворку.

Новенькі двухмесны «шэўрале» з'ехаў з шашы і пакіраваў у самы цэнтр лагера. Ён спыніўся сярод палатак. Том запытаўся:

— Каго гэта яшчэ прынесла. З выгляду яны не тутэйшыя.

— Не ведаю, — адказаў Флойд. — Можа, паліцыя.

Дзверцы адчыніліся, з машыны выйшаў чалавек і стаў каля яе. Яго спадарожнік застаўся ў кабіне. Мужчыны, што сядзелі на кукішках, скіравалі позіркі на прыезджых, і гутарка спынілася. Жанчыны, якія разводзілі агонь, употай зіркалі на бліскучую легкавушку. Дзеці пачалі падбірацца да яе самымі мудрагелістымі абходнымі шляхамі, кружачы сярод палатак.

Флойд паклаў ключ. Том падняўся на ногі. Эл выцер рукі аб штаны. Усе трое падышлі да «шэўрале». На чалавеку, які выйшаў з машыны, былі штаны колеру хакі і фланелевая кашуля. На галаве мяккі шыракаполы капялюш. У нагруднай кішэні за загарадкай з вечных ручак і жоўтых алоўкаў тырчаў стосік паперак, з задняй кішэні штаноў вытыркаўся блакнот у металічных вокладках. Ён падышоў да адной групы мужчын, што сядзелі на кукішках, і тыя ўзнялі на яго вочы насцярожана і моўчкі. Яны сачылі за ім, не зварухнуўшыся з месца; бялкі вачэй у іх паблісквалі пад зрэнкамі, бо яны глядзелі ўгору, не падымаючы галавы. Том, Эл і Флойд няспешна, быццам шпацыруючы, падышлі бліжэй.

Чалавек запытаўся:

— Хочаце атрымаць работу? — Усе пазіралі на яго па-ранейшаму моўчкі і насцярожана. А з усяго лагера сюды цягнуліся ўжо і іншыя мужчыны.

Нарэшце адзін з тых, што сядзелі на кукішках, адказаў:

— Вядома ж, хочам. А дзе яна, работа?

— Акруга Туларэ. Там пачынаецца збор фруктаў. Патрэбна шмат людзей.

Загаварыў Флойд:

— Вы самі наймаеце?

— Сам. Я ўзяў падрад.

Людзі збіліся вакол яго цеснай кучкай. Нейкі чалавек у камбінезоне зняў з галавы свой чорны капялюш і пальцамі зачасаў назад доўгія чорныя валасы.

— Колькі плаціць будзеце? — запытаўся ён.

— Цяпер дакладна сказаць не магу. Цэнтаў трыццаць, думаю.

— Чаму не можаце сказаць дакладна? У вас жа падрад, ці не так?

— Правільна, — адказаў чалавек у штанах колеру хакі. — Але ўсё залежыць ад цаны на фрукты. Можа, трохі больш, можа, трохі і менш.

Флойд выступіў наперад і спакойна сказаў:

— Я паеду, містэр. Вы падрадчык, у вас павінен быць патэнт. Пакажыце яго, а потым выпішыце нам нарад і каб там было сказана, якая работа, дзе будзем працаваць, калі і колькі будуць нам плаціць, і падпішыце яго. Тады паедзем.

Падрадчык кінуў на яго злосны позірк:

— Ты мяне не вучы, як мне справы свае весці.

Флойд сказаў:

— Калі мы едзем да вас працаваць, гэта і нашы справы таксама.

— Ты мяне не вучы. Я паведамляю вам, што патрэбны людзі.

— А колькі людзей і якая плата, пра гэта вы маўчок.

— Што за чорт! Ды я сам яшчэ не ведаю.

— Раз не ведаеце, значыць, не маеце права людзей наймаць.

— У мяне ёсць поўнае права весці свае справы так, як я лічу неабходным. Калі вам больш даспадобы адседжваць тут задніцы — воля ваша. Я наймаю на работу ў акругу Туларэ. Мне шмат рабочых там патрэбна.

Флойд павярнуўся да натоўпу мужчын. Цяпер ужо яны ўсе стаялі і моўчкі пераводзілі позіркі з падрадчыка на Флойда і наадварот. Флойд сказаў:

— Я ўжо два разы так нарываўся. Яму, можа, трэба тысяча чалавек. А ён набярэ туды тысяч пяць і будзе плаціць па пятнаццаць цэнтаў за гадзіну. І вы, бедалагі, згодзіцеся, бо жываты ў вас пустыя. Калі ён хоча наняць людзей, няхай наймае і няхай напіша ўсё на паперы і паставіць там плату. Папрасіце, няхай дакумент пакажа. Без патэнта наймаць людзей ён права не мае.

Падрадчык павярнуўся да «шэўрале» і крыкнуў:

— Джо!

Яго спадарожнік выглянуў з кабіны, адчыніў дзверцы і выйшаў. На ім былі верхавыя брыджы і высокія чаравікі на шнуроўцы. Збоку на поясе-патранташы вісела цяжкая рэвальверная кабура. Да карычневай кашулі быў прышпілены знак шэрыфскага памагатага — металічная зорка. Ён ступаў няспешна, уразвалку. На твары яго іграла рэдзенькая ўсмешка.

— У чым справа? — Кабура хадзіла ўзад і ўперад па бядры.

— Зірні, Джо, гэты малойчык трапляўся табе калі-небудзь на вочы?

Палісмен запытаўся:

— Каторы?

— Вось гэты. — Падрадчык паказаў на Флойда.

— А што ён зрабіў? — палісмен усміхнуўся Флойду.

— Ён чырвоны, агітацыю тут разводзіць.

— Гм… — шэрыфскі памагаты не спяшаючыся зайшоў збоку, каб паглядзець на Флойда ў профіль, і твар у таго пачаў залівацца чырванню.

— Бачыце? — закрычаў Флойд. — Каб ён рабіў усё сумленна, хіба ж прывёз бы з сабою фараона?

— Трапляўся ён табе раней на вочы? — паўтарыў пытанне падрадчык.

— Гм-м… як быццам было. На мінулым тыдні, калі ўзламалі гараж са старымі машынамі. Па-мойму, ён там круціўся. Ага, так! Ён самы і ёсць, магу пабажыцца. — Усмешка імгненна знікла з яго твару. — Лезь у машыну, — загадаў палісмен Флойду і адшпіліў раменьчык на кабуры аўтаматычнага пісталета.

Том сказаў:

— Без віны чалавека бераце.

Шэрыфскі агент крута павярнуўся да яго:

— Калі табе за кампанію хочацца, паспрабуй толькі яшчэ раз зяпу разявіць. Каля таго гаража двое шасталі.

— На мінулым тыдні мяне і не было ў гэтым штаце, — сказаў Том.

— Ну і што? Цябе, можа, у другім штаце шукаюць. Лепш заткніся.

Падрадчык зноў павярнуўся да натоўпу мужчын:

— Вы гэтых чырвоных падлюг не слухайце. Падбухторшчыкі — яны бяду на вас наклічуць. Я вас усіх вазьму на работу ў Туларэ.

Людзі маўчалі.

Шэрыфскі агент павярнуўся да іх.

— Вам ёсць рацыя паехаць, — сказаў ён, і рэдзенькая ўсмешка зноў засвяцілася ў яго на твары. — Аддзел аховы здароўя распарадзіўся ачысціць гэты лагер. А калі тут у вас яшчэ і чырвоныя завяліся — глядзіце, каб бяды з кім-небудзь не здарылася. Добра зробіце, калі паедзеце ў Туларэ. Тут усё роўна работай не пахне. Я вам па-сяброўску раю. А калі не паедзеце, сюды неўзабаве ўваляцца малайцы, ды яшчэ, можа, з кайламі.

Падрадчык сказаў:

— Я ж кажу вам, мне людзі патрэбныя. Не хочаце працаваць, што ж, воля ваша.

Палісмен усміхнуўся:

— Калі не хочуць працаваць, ім у нашым штаце не месца. Мы іх хутка справадзім адсюль.

Флойд нерухома стаяў побач з палісменам, вялікія пальцы рук кручком зачапіліся за пояс. Том скоса глянуў на яго і ўтаропіў вочы сабе пад ногі.

— У мяне ўсё, — сказаў падрадчык. — У акрузе Туларэ людзі патрэбныя, работы шмат.

Том паволі падняў вочы і ўбачыў рукі Флойда з напятымі на кісцях жыламі. Рукі Тома таксама пацягнуліся ўгору і вялікімі пальцамі зачапіліся за рэмень.

— Так, гэта ўсё, — сказаў шэрыфскі памагаты. — Каб заўтра да раніцы тут ні жывой душы не было.

Падрадчык сеў у машыну.

— А ты, — сказаў шэрыфскі памагаты Флойду, — лезь у машыну. — Ён падняў вялікую пяцярню і схапіў Флойда за левы локаць. Флойд крутнуўся і вырваўся, а правым кулаком ударыў у шырокі твар і кінуўся наўцёкі, пятляючы між палатак. Агент захістаўся, і тут Том даў яму падножку. Палісмен грымнуўся на дол і пераваліўся на бок, хапаючыся за пісталет. Флойд бег, то хаваючыся за палаткамі, то зноў паказваючыся. Лежачы, палісмен стрэліў. Нейкая жанчына каля адной з палатак пранізліва ўскрыкнула і глянула на сваю руку — костачак як не было, а пальцы віселі, быццам на нітачках, на далоні, якая стала белая, бяскроўная. У далёкім канцы лагера мільганула постаць Флойда, які імчаўся да вербняку. Шэрыфскі агент прыўзняўся, сеў на зямлі, зноў падняў пісталет, і тут раптам з натоўпу выступіў прападобны Кейсі. Ён ударыў палісмена нагой па шыі і адступіў назад, пазіраючы на грузнага чалавека, які ў непрытомнасці ляжаў на зямлі.

Пачулася выццё матора, і «шэўрале» памчаўся прэч, узнімаючы клубы пылу. Машына ўз'ехала на шашу і, як куля, знікла з вачэй. Жанчына ўсё яшчэ пазірала на сваю пакалечаную руку. З раны паволі сачылася кроў. З горла жанчыны вырваўся перарывісты крык, і яна зайшлася істэрычным смехам, які з кожным пераводам дыхання рабіўся ўсё гучнейшы.

Шэрыфскі агент ляжаў на баку, уткнуўшыся ротам у пыл.

Том падняў з зямлі пісталет, выняў магазін і шпурнуў яго ў кусты. Потым выкінуў з патронніка зарад.

— Такім нельга даваць у рукі зброю, — сказаў ён і кінуў пісталет на зямлю.

Жанчыну з раздробленай кісцю рукі абкружыў натоўп. У прыпадку істэрыкі, якая ўсё мацней авалодвала ёю, яна цяпер віскліва смяялася.

Кейсі падышоў блізка да Тома.

— Ты зараз жа ідзі адсюль, — сказаў ён. — Схавайся ў вербняку і перачакай там. Ён не бачыў, хто яго ўдарыў, а тваю падножку бачыў.

— Нікуды я не пайду, — адказаў Том.

Кейсі прашаптаў яму на вуха:

— У цябе возьмуць адбіткі пальцаў. Ты парушыў абавязацельства. Пашлюць назад у турму.

Том ледзь чутна перавёў дух.

— А чорт! Я і забыўся.

— Не марудзь, — сказаў яму Кейсі. — А то ён ачуняе.

— Прыхапіць бы яго пісталет, — сказаў Том.

— І не думай. Ні ў якім разе. Калі ўсё абыдзецца, я табе свісну чатыры разы.

Том няспешна адышоў убок, потым прыбавіў кроку і неўзабаве знік у вербняку, якім зарос бераг ракі.

Эл падышоў да палісмена, які ляжаў на зямлі.

— А божухна мой! — усклікнуў Эл у захапленні. — Здорава ж ты яго!

Людзі ў натоўпе ўсё яшчэ пазіралі на непрытомнага чалавека на зямлі. І раптам аднекуль здалёку пачулася сірэна, завыла і сціхла, потым зноў завыла ўжо бліжэй. Людзі затрывожыліся. Патапталіся на месцы і пачалі разыходзіцца ў розныя бакі — кожны ў сваю палатку. Засталіся толькі Эл і прапаведнік.

Кейсі павярнуўся да Эла:

— Ідзі адсюль. Ідзі ў сваю палатку. Ты нічога не бачыў і не ведаеш.

— Я? А сам ты як?

Кейсі ўсміхнуўся яму шырокай усмешкай:

— Трэба ж каму-небудзь браць віну на сябе. Дзяцей у мяне няма. Ну пасяджу я ў турме. Ад мяне ўсё роўна карысці вам ніякай, кручуся толькі тут пад нагамі.

— Гэта яшчэ не прычына, каб…

— Ідзі, ідзі, — рэзка перабіў Эла Кейсі. — Не ўблытвайся ў гэту справу.

Эл заўпарціўся:

— Я нікому не дазволю сабой камандаваць.

Кейсі спакойна сказаў:

— Калі ты ўліпнеш у гэта, пацерпяць усе вашы, уся ваша сям'я. Пра цябе ў мяне клопаты малыя. А вось маці твая і бацька праз гэта могуць зведаць гора. Тома зноў могуць адправіць у Макалестар.

Эл на хвілінку задумаўся. Потым сказаў:

— Добра. А ўсё ж ты дурны, як баран.

— Ну і няхай, — адказаў Кейсі. — Дурны дык дурны.

Сірэна не пераставала завываць, і з кожным разам выццё яе набліжалася. Кейсі апусціўся на калена каля палісмена і перавярнуў яго на спіну. Той застагнаў і залыпаў вачыма, сілячыся што-небудзь убачыць. Кейсі сцёр пыл з яго губ. Людзі сядзелі па сваіх палатках, апусціўшы крыссе ўвахода. Вячэрняе сонца афарбавала паветра ў чырвань, а шэрыя брызентавыя палаткі ў бронзу.

На шашы віскнулі шыны, з яе з'ехала адкрытая машына і падкаціла да лагера. З машыны выскачылі чатыры чалавекі з вінтоўкамі ў руках. Кейсі падняўся і падышоў да іх.

— Што тут у вас робіцца? — запытаўся адзін.

— Я збіў вашага чалавека, — адказаў Кейсі.

Адзін з тых, што прыехалі, падышоў да распасцёртага на зямлі палісмена.

— А што здарылася?

— Ды вось, — сказаў Кейсі, — ён тут разбушаваўся, і я яго ўдарыў. Ён страляць пачаў — параніў жанчыну. І я зноў яго ўдарыў.

— А з чаго ўсё пачалося?

— Я не вельмі далікатна з ім гаварыў.

— Давай у машыну.

— Добра, — сказаў Кейсі і залез на задняе месца.

Двое з прыезджых памаглі палісмену падняцца з зямлі. Ён асцярожна пакратаў пальцамі шыю.

Кейсі сказаў:

— Там у палатцы жанчына крывёю сцякае ад яго меткай стральбы.

— Пазней зоймемся ёю. Джо, хто цябе ўдарыў — гэты?

Яшчэ не ачуняўшы як след, палісмен тупа ўтаропіўся на Кейсі.

— Нешта не пазнаю.

— Гэта быў я, што тут хавацца, — сказаў Кейсі. — Ты памыліўся — не на таго напаў.

Джо паволі пакруціў галавой:

— Не, па-мойму, гэта быў не ты. Ай, божа мой, як мне млосна!

Кейсі сказаў:

— Са мной усё ясна. Вы лепш ідзіце паглядзіце, што з той жанчынай.

— А дзе яна?

— У той вунь палатцы.

Старшы з памагатых шэрыфа з вінтоўкай у руцэ пакрочыў да палаткі. Падышоўшы, нешта сказаў праз брызент і ўвайшоў. Неўзабаве ён выйшаў, вярнуўся да машыны і з налётам гордасці сказаў:

— Во, чорт, што можа нарабіць сорак пяты калібр! Ёй жгут наклалі. Мы доктара прышлём.

Двое палісменаў селі па баках Кейсі. Старшы націснуў на ражок сірэны. Лагер нібы вымер. Полкі палатак былі шчыльна захінутыя, людзі не паказваліся. Загуў матор, машына развярнулася і паехала з лагера. Кейсі сядзеў між канваірамі, высока ўзняўшы галаву на сваёй жылістай шыі. На губах у яго застыла слабая ўсмешка, на твары быў нейкі дзіўны трыумфальны выраз.

Калі палісмены паехалі з лагера, людзі павыходзілі з палатак. Сонца зайшло, і на лагер апусцілася сіняватае вячэрняе сутонне. Горы на ўсходзе яшчэ жаўцелі ў сонечных промнях. Жанчыны вярнуліся да сваіх патухлых вогнішчаў. Мужчыны зноў сабраліся купкамі і, седзячы на кукішках, ціха загаварылі.

Эл вылез з-пад брызентавага навеса і пашыбаваў да вербняку — свіснуць Тому. Маці таксама выйшла і зноў узялася распальваць вогнішча з голля.

— Бацька, — сказала яна, — я вам многа не дам. Сёння мы позна снедалі.

Бацька і дзядзька Джон, не адыходзячы ад палаткі, назіралі, як маці абірае бульбу і наразае яе тонкімі скрылікамі над патэльняй, густа змазанай топленым салам. Бацька сказаў:

— Чаго гэта прапаведнік так зрабіў?

Руці і Ўінфілд падкраліся зусім блізка да іх і прыпалі да зямлі, каб паслухаць, пра што яны гавораць.

Дзядзька Джон праводзіў у зямлі глыбокія барозны доўгім іржавым цвіком.

— Ён разумее, што такое грэх. Я пытаўся ў яго пра гэта, і ён мне ўсё растлумачыў. Толькі не ведаю, ці мае ён рацыю. Кажа: чалавек грашыць, калі думае, што ён саграшыў. — Вочы ў дзядзькі Джона былі поўныя стомы і тугі. — Я заўсёды ад усіх таіўся. Я такое рабіў, пра што нікому не расказваў.

Маці падняла галаву ад вогнішча і павярнулася да яго:

— І не расказвай, Джон. Раскажы ўсё богу. Не ўзвальвай цяжар сваіх грахоў на чужыя плечы. Гэта несумленна.

— Яны мне душу вярэдзяць, — сказаў Джон.

— Усё роўна другім не расказвай. Пайдзі на рэчку, акуні галаву ў ваду і шэптам скажы ўсё плыні.

Бацька паволі ківаў галавой у такт словам маці.

— Яна правільна кажа, — прамовіў ён. — Табе, канешне, палягчэе, калі падзелішся з іншымі, але тады грэх твой пойдзе кругамі.

Дзядзька Джон паглядзеў на пазалочаныя сонцам горы, і золата іх адбілася ў яго ў вачах.

— Я стараюся адолець сябе, — сказаў ён, — і не магу. Усё нутро выядае.

Ззаду яго Ружа Сарона, млявая, выйшла з палаткі.

— Дзе ж гэта Коні? — з раздражненнем запыталася яна. — Нешта даўно яго не бачу. Дзе ён прапаў?

— Ён мне на вочы не пападаўся, — адказала маці. — Убачу, пашлю да цябе.

— Мне нездаровіцца, — сказала Ружа Сарона, — а ён пакінуў мяне адну.

Маці паглядзела на апухлы твар дачкі.

— Ты плакала, — сказала яна.

Слёзы зноў нагарнуліся на вочы Ружы Сарона.

Маці рашуча сказала:

— Вазьмі сябе ў рукі. Ты не адна — нас многа. Вазьмі сябе ў рукі. Ідзі сюды абяры бульбу. Няма чаго шкадаваць сябе.

Ружа Сарона адступіла назад пад брызент. Яна старалася ўнікнуць строгага погляду матчыных вачэй, але ён прымусіў яе пабрысці да вогнішча.

— А чаго ён пайшоў? — сказала яна, але слёз ужо не было.

— Вазьміся за справу. А то сядзіш адна ў палатцы і шкадуеш сама сябе. Мне не было калі ўзяцца за цябе. Цяпер ужо вазьмуся. Вось табе нож і бярыся за бульбу.

Ружа Сарона паслухмяна апусцілася на калені каля вогнішча. Са злосцю сказала:

— Няхай толькі прыйдзе. Я яму ўжо задам.

Губы ў маці расцягнуліся ва ўсмешцы:

— Ён і набіць цябе можа. Сама на гэта напрошваешся — ныеш, песцішся. Калі ён і ўваб'е ў цябе крыху розуму, я толькі дзякуй яму скажу.

Вочы ў Ружы Сарона ўспыхнулі абурэннем, але яна змоўчала.

Дзядзька Джон сваім шырокім вялікім пальцам загнаў іржавы цвік глыбока ў зямлю.

— Я мушу ўсё расказаць, — прагаварыў ён.

Бацька сказаў:

— Ну і расказвай, каб цябе чэрці! Каго ты забіў?

Дзядзька Джон запусціў палец у кішэньку для гадзінніка на сваіх сініх джынсах і вывудзіў адтуль перагнутую папалам зашмальцаваную грашовую паперку. Расправіў яе і паказаў бацьку:

— Пяць даляраў.

— Украў? — запытаўся бацька.

— Не, яны мае. Утаіў.

— Яны ж твае, дык што?

— А тое, што я не меў права іх утойваць.

— Я тут нешта ніякага грэху не бачу, — умяшалася маці. — Яны ж твае.

Дзядзька Джон паволі загаварыў:

— Не ў тым справа, што я іх утаіў. Я ўтаіў іх, каб напіцца. Я ведаў, што прыйдзе час, калі мяне пацягне выпіць, так засмыліць нутро, што адно выйсце — напіцца. Думаў, яшчэ не пара, а тут… прапаведнік узяў і аддаўся паліцыі, каб выратаваць Тома.

Бацька зноў паківаў галавой, потым нахіліў яе набок, каб лепш чуць. Руці падабралася на локцях яшчэ бліжэй, паўзком, як шчаня, Уінфілд — за ёю. Ружа Сарона кончыкам нажа выкалупнула глыбокае вочка з бульбіны. Вячэрняе сутонне згусцілася і стала яшчэ сінейшым.

Маці рэзка, суха сказала:

— Не разумею, чаму гэта табе абавязкова трэба напівацца праз тое, што прапаведнік выручыў Тома.

Джон сумна адказаў:

— Сам не ўцямлю. Вельмі ўжо цяжка на душы. Ён так проста на гэта пайшоў. Ступіў наперад і кажа: «Гэта я зрабіў». І яго забралі і павезлі. А я пайду нап'юся.

Бацька ўсё пакручваў галавой:

— Ну навошта ўсё гэта гаварыць. На тваім месцы я проста пайшоў бы і напіўся, калі так ужо табе закарцела.

— Я даўно ўжо мог бы зняць грэх з душы, — тужліва сказаў дзядзька Джон. — Але ўпусціў выпадак. Не ўхапіўся за яго… прамаргаў. Паслухай! У цябе ёсць грошы, дай мне два даляры.

Бацька без ахвоты палез у кішэню і выцягнуў скураны мяшэчак.

— Каб напіцца, сямі даляраў мнагавата. Ты што, шампанскую вадзіцу жлукціць будзеш?

Дзядзька Джон падаў яму сваю пяцідаляравую паперку.

— Вось вазьмі, а мне два даляры дай. Я і з двух сп'янею. Не хачу браць яшчэ адзін грэх на душу — марнатраўства. Што ёсць, тое і патрачу. Заўсёды так раблю.

Бацька ўзяў брудную паперку і даў яму два сярэбраныя даляры.

— На, бяры. Раз чалавеку трэба, значыць, трэба. Ні ў кога няма столькі розуму, каб вучыць другога.

Дзядзька Джон узяў абедзве манеты.

— Ты не зазлуеш? Ты разумееш, што мне гэта трэба?

— Ну што ты, далібог, — сказаў бацька. — Ты сам ведаеш, што табе трэба рабіць.

— Іначай я ніяк не перабуду ночы, — сказаў дзядзька Джон і павярнуўся да маці. — Ты не пакрыўдзішся на мяне?

Маці не падняла галавы.

— Не, — мякка адказала яна. — Не. Ідзі ж.

Дзядзька Джон падняўся на ногі і як сам не свой пайшоў ад палаткі і знік у прыцемку. Ён падняўся на шашу і перайшоў яе каля бакалейнай крамы. Перад сеткаватымі дзвярамі ён зняў з галавы капялюш, шпурнуў яго ў пыл і прытаптаў абцасам у знак самаасуджэння. Так і пакінуўшы скамечаны, брудны капялюш на зямлі, ён увайшоў у краму і адразу пакіраваў да паліц, на якіх за драцяной сеткай стаялі бутэлькі віскі.

Бацька, маці і дзеці глядзелі ўслед дзядзьку Джону, пакуль ён не знік з вачэй. Ружа Сарона ў знак абурэння не падымала вачэй ад бульбы.

— Небарака Джон, — сказала маці. — Можа, лепш было… ды не… думаю, што не. Ніколі не бачыла, каб чалавек так гараваў.

Руці перавалілася на бок, бліжэй да Ўінфілда, прыцягнула яго да сябе за вуха і прашаптала:

— Я зараз буду п'яная.

Уінфілд пырхнуў і заціснуў рот далонню. Стрымліваючы дыханне, каб не рагатнуць, дзеці хуценька адпаўзлі з пабарвавелымі ад натугі тварамі. Апынуўшыся за палаткай, яны ўскочылі і з віскам пусціліся да вербаў. Схаваўшыся там, яны зайшліся ад смеху. Руці скасіла вочы, расслабіла цела, высунула язык і пачала пахаджаць, пахістваючыся з боку на бок і аступаючыся.

— Я п'яная, — сказала яна.

— Глядзі! — закрычаў Уінфілд. — Глядзі на мяне, я дзядзька Джон! — Ён замахаў рукамі, надзьмуў шчокі і вярцеўся ваўчком, пакуль у яго не закружылася галава.

— Не, — сказала Руці. — Вось як трэба. Вось як. Я — дзядзька Джон. Я зусім сп'янела.

Эл з Томам ціха ішлі праз вербалоз у лагер і раптам убачылі дзяцей, якія, віхляючыся, насіліся сярод кустоў як апантаныя. У згусцелым змроку Том, спыніўшыся, пачаў узірацца.

— Ці не Руці гэта з Уінфілдам? Што з імі такое?

Браты падышлі бліжэй.

— Вы што, адурэлі? — здзіўлена запытаўся Том.

Дзеці спыніліся, захопленыя знянацку.

— Мы… гуляем, — адказала Руці.

— Нейкая дурная гульня, — прабурчаў Эл.

Руці дзёрзка выпаліла:

— Не дурнейшая за што іншае.

Калі браты пайшлі далей, Эл сказаў Тому:

— Руці заробіць у мяне на арэхі. Яна даўно ўжо дабіваецца. Самая пара ёй усыпаць.

У яго за спінай Руці зрабіла грымасу, расцягнула рот пальцамі, высунула ўслед Элу слінявы язык, здзекуючыся з яго ўсімі вядомымі ёй спосабамі, але Эл не азіраўся. Яна павярнулася да Ўінфілда, позіркам запрашаючы зноў распачаць гульню, толькі ўсё ўжо было сапсавана, і яны абое ведалі гэта.

— Давай пойдзем на рэчку і акунёмся з галавой, — прапанаваў Уінфілд, і дзеці пайшлі праз кустоўе да берага, моцна злуючы на Эла.

А браты не спяшаючыся ішлі далей у змроку. Том сказаў:

— Дарэмна Кейсі так зрабіў. Але ад яго можна было гэтага чакаць. Усё гаварыў, што ад яго нам ніякай карысці. Дзіўны ён нейкі, Эл. Адно толькі думае і думае.

— Гэта таму, што ён прапаведнік. У іх ва ўсіх гармідар у галаве.

— Як ты думаеш, куды Коні пайшоў?

— Відаць, да ветру.

— Нешта вельмі далёка падаўся.

Эл з Томам ішлі па лагеры, трымаючыся бліжэй да палатак. Каля Флойдавай палаткі іх спыніў нягучны воклік. Яны павярнулі да ўвахода ў яе і прыселі на кукішкі. Флойд крыху падняў брызентавую полку.

— Ну як, едзеце?

Том адказаў:

— Не ведаю. Думаеш, лепш паехаць?

Флойд кісла ўсміхнуўся:

— Ты ж чуў, што гэты фараон сказаў. Не паедзеш — выпаляць агнём. Калі думаеш, што гэты малойчык хутка не з'явіцца сюды пасля мардабою, дык галава ў цябе проста качан. Яго грамілы сёння ж ноччу наляцяць на лагер і ўсё пусцяць з агнём.

— І сапраўды, відаць, лепш выбірацца адсюль, — пагадзіўся Том. — Сам куды едзеш?

— Як і казаў — на поўнач.

— Паслухай, — сказаў Эл, — тут мне адзін расказваў пра нейкі ўрадавы лагер. Дзе гэта?

— Напэўна, перапоўнены.

— А ўсё ж дзе ён?

— Кіруйце па дзевяноста дзевятай на поўдзень. Міль дванаццаць — чатырнаццаць праедзеце, звернеце на ўсход да Ўідпэтча. А там ужо рукой падаць. Але, думаю, там паўным-поўна.

— Ён казаў, лагер добры.

— Вельмі добры, нічога не скажаш. Абыходзяцца з табой як з чалавекам, а не як з сабакам. І фараонаў там няма. Толькі перапоўнены.

— Я аднаго не зразумею, — сказаў Том, — чаго палісмен гэты так разышоўся? Ён быццам спецыяльна лез у сварку, знарок распаляў людзей.

Флойд сказаў:

— Не ведаю, як тут, а на поўначы я неяк раз пагаварыў з адным з гэтых шэрыфскіх памагатых, чалавекам прыстойным. І ён прызнаўся мне, што ім абавязкова трэба арыштоўваць людзей. На кожнага арыштанта шэрыф атрымлівае семдзесят пяць цэнтаў у дзень, а на іх пракорм у яго ідзе толькі дваццаць пяць. Няма арыштантаў — няма і прыбытку. І яшчэ ён казаў, што ўжо цэлы тыдзень нікога не браў, і шэрыф сказаў яму: або прыводзь арыштантаў, або значок здымай. А сённяшні так і стараўся каго-небудзь згрэбці.

— Трэба ехаць, — сказаў Том. — Будзь здароў, Флойд.

— Будзь здароў. Можа, яшчэ стрэнемся. Спадзяюся, што так.

— Бывай, — сказаў Эл, і браты пайшлі па цёмна-шэрым лагеры да Джоўдавай палаткі.

Бульба на патэльні шыпела і пырскала гарачым тукам. Маці пераварочвала тоўстыя скрылікі лыжкай. Бацька сядзеў каля вогнішча, абхапіўшы калені рукамі. Ружа Сарона была пад брызентам.

— Том ідзе! — усклікнула маці. — Дзякуй богу!

Падышоўшы, Том сказаў:

— Трэба адсюль выбірацца.

— А што здарылася?

— Флойд кажа, ноччу лагер спаляць.

— Гэта яшчэ чаму? — здзівіўся бацька. — Мы ж нічога такога не зрабілі.

— Нічога такога, толькі фараона збілі, — адказаў Том.

— Мы яго не білі.

— Ён сам гразіўся, што нас пагоняць адсюль.

— Вы Коні нідзе не сустрэлі? — запыталася Ружа Сарона, выйшаўшы з палаткі.

— Сустрэлі, — адказаў Эл. — Ён пашыбаваў берагам рэчкі, толькі яго і бачылі. На ўсход кіруе.

— Ён… ён зусім пайшоў?

— Мы ў яго не пыталіся.

Маці павярнулася да дачкі:

— Ты, Разашарна, раскажы ўсё толкам, а то цябе не зразумееш. Гаварыў табе Коні што-небудзь?

Ружа Сарона насупілася:

— Гаварыў, што лепей было б яму дома застацца і на трактарыста вучыцца.

Усе прыціхлі. Ружа Сарона пазірала на агонь, і вочы яе паблісквалі ў святле вогнішча. Бульба на патэльні гучна шыпела. Ружа Сарона шмыгнула носам і ўцерлася тыльным бокам далоні.

Бацька сказаў:

— Коні чалавек нікчэмны. Я ўжо даўно гэта зразумеў. Занадта высока бярэ, а кішка тонкая.

Ружа Сарона паднялася і вярнулася ў палатку. Лягла на матрац, перавярнулася на жывот і ўткнулася тварам у сплеценыя рукі.

— Яго і даганяць, бадай, не варта, — сказаў Эл.

Бацька сказаў:

— Не, калі ён такі нікчэмнік, нам яго не трэба.

Маці зазірнула ў палатку, дзе ляжала Ружа Сарона. Сказала бацьку:

— Ш-ш!.. Навошта так гаворыш.

— Але ж ён нікчэмнік, — не сунімаўся той. — Толькі і чулі ад яго — я тое зраблю, я гэтае. А сам лайдачыў. Пры ім не хацеў гаварыць. А цяпер, калі ён даў драла…

— Ш-ш!.. — прашаптала маці.

— Што ты мне ўсё «ш-ш» ды «ш-ш»? Чаму я павінен маўчаць? Ён уцёк, ці ж не так?

Маці памяшала бульбу лыжкай, тук зашыпеў і пырснуў ва ўсе бакі. Яна падкінула голля ў агонь, языкі полымя шуганулі ўгору і асвятлілі палатку. Маці сказала:

— У Разашарны народзіцца дзіця, і яно напалову яе, а напалову Коні. Нядобра з маленства і да сталасці абзываць пры ім яго бацьку нікчэмнікам.

— Лепш, чым ілгаць, — буркнуў бацька.

— Не, не лепш, — запярэчыла маці. — А калі б ён памёр? Ці стаў бы ты гаварыць пра яго дрэнна, пра мёртвага?

У спрэчку ўмяшаўся Том:

— Ды што гэта вы! Адкуль мы ведаем, зусім ён пайшоў ад нас ці не? У нас часу няма размовамі займацца. Трэба паесці і выпраўляцца ў дарогу.

— У дарогу? Мы ж толькі што прыехалі! — Маці стала ўзірацца ў Тома скрозь разрэджаную вогнішчам цемру.

Той пачаў яе пераконваць:

— Лагер сёння ноччу падпаляць, ма. Ты ж ведаеш, я спакойна стаяць і глядзець не буду, як пачнуць паліць наша дабро, і бацька таксама, і дзядзька Джон. Палезем з кулакамі, а мне нельга пападацца ім у рукі і даць ім завесці на мяне новую справу. Я і сёння б уліп, каб не прапаведнік.

Маці ўсё пераварочвала і пераварочвала бульбу ў гарачым туку. Нарэшце прыняла рашэнне.

— Усе ідзіце сюды! — паклікала яна. — Будзем вячэраць. Трэба спяшацца. — Яна расставіла на зямлі алавяныя талеркі.

Бацька сказаў:

— Як быць з Джонам?

— А дзе дзядзька Джон? — запытаўся Том.

— Пайшоў выпіць.

— Госпадзі! — усклікнуў Том. — Выбраў час. Дзе яго шукаць?

— Не ведаю, — адказаў бацька.

Том падняўся з зямлі.

— Добра, — сказаў ён, — вы тут паешце і пагрузіце ўсё на машыну, а я пайду шукаць дзядзьку Джона. Ён, напэўна, у бакалейнай краме, што цераз дарогу.

Том шпарка пакрочыў да шашы. Перад палаткамі і халупкамі гарэлі невялікія вогнішчы, і водбліскі іх падалі на твары мужчын і жанчын у падранай адзежы, на дзяцей, што прыпалі да агню. Праз сценкі некаторых палатак прасвечвала святло газавых лямпаў, і па брызенце варушыліся чалавечыя цені.

Том выйшаў па пыльнай грунтавой дарозе да бетоннай шашы і перайшоў яе каля бакалейнай крамкі. Ён спыніўся перад сеткаватымі дзвярамі і зазірнуў усярэдзіну. Бакалейшчык, маленькі сівы чалавек з вадзяністымі вачамі і калматымі вусамі, чытаў газету, абапершыся локцямі на прылавак. На ім была падкасаная на худых руках кашуля і доўгі белы фартух. За спінай у яго ўзвышаліся горкі, піраміды і сценкі з кансерваваных прадуктаў. Калі Том увайшоў у краму, гаспадар адарваў галаву ад газеты і прыплюшчыў вочы, быццам цэлячыся з ружжа.

— Добры вечар, — сказаў ён. — Што-небудзь у вас выйшла, скончылася?

— Выйшаў мой дзядзька, — адказаў Том. — Выйшаў і як скончыўся.

Сівы гаспадар паглядзеў на яго з неўразуменнем і трывогай, дакрануўся ўказальным пальцам да кончыка носа і лёгенька пацерабіў яго, каб прагнаць сверб.

— Вечна вы каго-небудзь губляеце, — сказаў ён. — Дзесяць разоў на дні, а то і больш, заходзяць, і толькі і чуеш: «Калі ўбачыце чалавека — зваць яго так вось і так, на выгляд такі і такі, скажыце яму, калі ласка, што мы на поўнач паехалі». І гэта з дня ў дзень.

Том засмяяўся:

— Ну дык вось, калі ўбачыце сапляка па імені Коні, з выгляду накшталт каёта, скажыце, каб ішоў к чорту. Скажыце, што мы падаліся на поўдзень. Толькі не яго я шукаю. А вось ці не заходзіў да вас сюды выпіць віскі чалавек гадоў пад шэсцьдзесят, штаны чорныя, валасы з сівізной?

Вочы бакалейшчыка пасвятлелі:

— Так, так, заходзіў. У жыцці я нічога падобнага не бачыў. Падышоў да дзвярэй, шпурнуў капялюш на зямлю і наступіў на яго. Вось ён, капялюш, — у мяне. — Бакалейшчык дастаў з-пад прылаўка запылены, памяты капялюш.

Том узяў яго ў рукі.

— Так і ёсць, ён самы.

— Ну вось, купіў ён дзве пінты віскі і, ні слова мне не кажучы, выцягнуў корак з адной бутэлькі і тут жа перакуліў яе ў горла. А я прадаю толькі на вынас. Кажу яму: «Слухай, чалавеча, тут піць нельга. Выйдзі за дзверы». Так, так, сэр! Ён ступіў за парог і, даю галаву на адсячэнне, за чатыры разы выжлукціў усю пінту. Потым адкінуў пустую пляшку і прысланіўся да дзвярэй. Вочы ў яго зрабіліся цьмяныя. Тады кажа: «Дзякуй вам, сэр» і пайшоў сваёй дарогай.

— Сваёй дарогай? А куды? Мне яго абавязкова трэба знайсці.

— Ну, так атрымалася, што я магу сказаць. Мне яшчэ ніколі не даводзілася бачыць, каб так пілі, і я за ім пасачыў. Ён пакіраваў вунь туды, на поўнач. Па шашы праехала машына і асвятліла яго фарамі. Я бачыў, як ён спусціўся па насыпе. Ідзе, ногі падгінаюцца. А другая пляшка ў яго ўжо адкаркаваная. Ён недзе тут, недалёка, куды яму такому ісці?

Том сказаў:

— Дзякуй. Пайду пашукаю.

— А капялюш возьмеш?

— Ага, ага! Ён яму яшчэ згадзіцца. Ну, дзякуй.

— А што з ім такое? Ён піў без смаку.

— Ды так… часам на яго находзіць. Ну, добрай ночы. А калі ўбачыце гэтага шчанюка Коні, скажыце яму: мы паехалі на поўдзень.

— Мне ўжо столькі ўсялякіх прыкмет нагаварылі і панадавалі даручэнняў, усяго не запомніш.

— А вы не дужа старайцеся, — сказаў Том і выйшаў з крамы, трымаючы ў руцэ запылены чорны капялюш дзядзькі Джона. Ён перасек шашу і пайшоў па абочыне. Унізе, у лагчыне, ляжаў Гувервіль; мігацелі агеньчыкі вогнішчаў, скрозь брызент палатак прабівалася святло ліхтароў. Недзе ў лагеры брынкала гітара, запаволеныя акорды бязладна змянялі адзін аднаго — відаць, гітарыст практыкаваўся. Том спыніўся, прыслухаўся, потым няспешна пайшоў далей па абочыне. Праз чвэрць мілі ён раптам пачуў тое, што яму было трэба. Унізе, пад дарожным насыпам, хрыплы голас напяваў нешта нудна, без выразнага матыву. Том схіліў галаву набок, каб лепш чуць.

— «Аддаў Ісусу сэрца, ён мне прытулак даў. Аддаў Ісусу душу, ён да сябе ўзяў». — А далей пачулася няяснае мармытанне, потым усё сціхла. Том збег па насыпе, кіруючыся на гэты голас. Праз некалькі крокаў спыніўся і зноў прыслухаўся. Цяпер голас быў зусім блізка, ён спяваў, як і раней, цягуча, манатонна: — «Той ноччу ўжо пры смерці Мэгі мне адкрыла сэрца і дала свае мне споднікі чырвоныя з фланелі. Пузыры яны ўжо на каленях мелі…»

Том асцярожна пайшоў наперад. На зямлі ён разгледзеў цёмную постаць, падкраўся да яе і сеў побач. Дзядзька Джон перакуліў бутэльку, і віскі з булькатам палілося з рыльца ў рот.

Том спакойна сказаў:

— Стой. А мне?

Дзядзька Джон павярнуўся да яго:

— Ты хто такі?

— Забыўся? Ты ўжо чатыры разы глынуў, а я толькі разок.

— Не, Том. Ты дурня з мяне не строй. Я тут адзін сядзеў. Цябе не было.

— Але ж цяпер я тут. Можа, усё ж дасі пацягнуць?

Джон зноў паднёс бутэльку да рота, віскі зноў забулькала. Потым ён патрос бутэльку. Яна была пустая.

— Усё, — сказаў ён. — Так хочацца памерці. Страшэнна хочацца памерці. Паціху памерці. Так трэба. Як бы заснуць. Паціху памерці. Я вельмі стаміўся. Я стаміўся. Заснуць і не прачнуцца. — Ён замурлыкаў: — «На мне карона будзе… карона залатая».

Том сказаў:

— Слухай, дзядзька Джон. Мы едзем далей. Пойдзем са мной, ляжаш на паклажу і паспіш.

Джон пакруціў галавой:

— Не. Ідзі. Я не паеду. Адпачну тут. Што толку вяртацца? Якая з мяне карысць? Валачу за сабой грахі, як брудныя споднікі сярод добрых людзей. Не, не паеду.

— Хадзем. Без цябе мы не паедзем.

— Едзьце самі. Які з мяне толк? Ніякага. Валачу толькі свае грахі з сабою, пэцкаю другіх.

— Ты не большы грэшнік, чым усе іншыя.

Джон схіліў да яго галаву і хітравата падміргнуў. Том ледзь распазнаваў яго твар пры святле зорак.

— Маіх грахоў ніхто не ведае, ніхто, акрамя госпада бога. Вось ён ведае.

Том апусціўся на калені, памацаў у дзядзькі Джона лоб — гарачы, сухі. Джон нехлямяжа адштурхнуў яго руку.

— Хадзем, — угаворваў Том. — Ну хадзем, дзядзька Джон.

— Я з вамі не паеду. Стаміўся, і ўсё. Я адпачну. Вось тут.

Том падсунуўся да яго шчыльна. Ён паднёс кулак да дзядзькавага падбародка, прымерыўся, двойчы замахнуўся для пэўнасці і нарэшце, адвёўшы плячо назад, нанёс удар — нямоцны, але дакладны. Падбародак у Джона задраўся ўгору, і дзядзька паваліўся на спіну. Ён хацеў быў прыўзняцца, але Том, стоячы на каленях, нахіліўся над ім і, калі Джон абапёрся на локаць, ударыў яшчэ раз. Дзядзька Джон заціх.

Том устаў, падняў абмяклае цела і ўзваліў, як мех, сабе на плечы. Ён ішоў, хістаючыся пад гэтым мяккім цяжарам. Рукі дзядзькі Джона матляліся з боку ў бок і ляпалі Тома па спіне, ён часта дыхаў, марудна падымаючыся па насыпе. Праехала машына і асвятліла фарамі яго і груз, які ён нёс на плячах, на міг збавіла скорасць і потым, равучы, памчалася прэч.

Том ледзь пераводзіў дух, калі ішоў да Гувервіля па грунтавой дарозе туды, дзе стаяў грузавік Джоўдаў. Джон пачаў ачуньваць і слаба вырывацца з рук Тома. Той асцярожна апусціў яго на зямлю каля машыны.

Да яго вяртання стаянка Джоўдаў была ўжо разабраная. Эл падаваў клункі на грузавік. Брызент ляжаў побач напагатове — потым ім накрыюць паклажу.

Эл сказаў:

— Хутка ж ён набраўся.

Том прабачлівым тонам сказаў:

— Давялося лёгенька стукнуць яго, небараку, а то не хацеў ісці.

— Не нарабіў яму шкоды? — захвалявалася маці.

— Думаю, не. Вось ужо ачуньвае.

Дзядзьку Джона пачало нудзіць. Яго некалькі разоў званітавала.

Маці сказала:

— Твая бульба там у талерцы, Том.

Том хмыкнуў:

— Нешта не хочацца.

Бацька крыкнуў:

— Ну ўсё! Эл, прывязвай брызент!

Грузавік стаяў, гатовы да ад'езду. Дзядзька Джон заснуў. Том з Элам паднялі яго і ўзвалілі на самы верх. Схаваўшыся за грузавік, Уінфілд прытварыўся, што яго ванітуе, а Руці, стоячы побач, заціснула рот далонню, каб не віскнуць ад смеху.

— Гатова, — сказаў бацька.

Том запытаўся:

— Дзе Разашарна?

— Вунь яна, — адказала маці. — Ідзі сюды, Разашарна. Зараз паедзем.

Але тая сядзела моўчкі, апусціўшы галаву на грудзі. Том падышоў да сястры.

— Пойдзем, — сказаў ён.

— Я не паеду. — Ружа Сарона падняла галаву.

— Але ж трэба.

— Я хачу разам з Коні.

На дарогу, што вяла з лагера да шашы, выехалі тры машыны — старыя машыны, набітыя людзьмі і ўсялякім скарбам. Яны з бразгатам пакіравалі да шашы, асвятляючы цьмянымі фарамі дарогу.

Том сказаў:

— Коні нас знойдзе. Я папрасіў у краме, каб яму сказалі, куды мы паехалі. Ён нас знойдзе.

Маці падышла і стала побач з ім.

— Хадзем, Разашарна. Хадзем, дачушка, — мякка сказала яна.

— Я пачакаю яго.

— Чакаць нам няма часу. — Маці нахілілася, узяла дачку пад локаць і памагла ёй падняцца.

— Ён нас знойдзе, — паўтарыў Том. — Ты не хвалюйся. Коні знойдзе нас. — Ён разам з маці павялі Ружу Сарона пад рукі.

— Магчыма, ён кніжкі пайшоў купляць, — выказала меркаванне Ружа Сарона. — Можа, захацеў сюрпрыз нам зрабіць.

— Можа, і так, — сказала маці.

Ружу Сарона падвялі да грузавіка, памаглі падняцца на самы верх, і, забраўшыся пад брызент, яна нырнула там у цёмны куток.

Барадаты чалавек з крытай травой халупкі нясмела падышоў да машыны. Ён моўчкі таптаўся каля яе, сашчапіўшы рукі за спінай.

— У вас нічога такога не засталося, што магло б нам згадзіцца? — нарэшце запытаўся ён.

— Нават не ведаю, што вам сказаць. Не, пакідаць нам няма чаго.

— А вы хіба не едзеце? — пацікавіўся Том.

Барадач доўга пазіраў на яго.

— Не, — нарэшце вымавіў ён.

— Дык жа яны тут усё спаляць.

Вочы, у якіх мігцела нерашучасць, апусціліся долу.

— Ведаю. Такое ўжо з намі было.

— Дык якога ж ліха вы не едзеце?

Разгубленыя вочы адарваліся ад зямлі, потым зноў апусціліся, і ў іх на міг адлюстравалася чырвонае святло прыгаслага вогнішча.

— Што мне сказаць? Вельмі ўжо доўга збірацца.

— Калі спаляць, вы застаняцеся ні з чым.

— Яно так. У вас нічога такога не будзе, што нам можа згадзіцца?

— Не, усё з сабой забіраем, дарэшты, — адказаў бацька. Барадач нерашуча пабрыў да сваёй халупкі. — Што з ім такое?

— Фараоны розум з яго выбілі, — адказаў Том. — Мне тут адзін казаў — ён звіхнуўся. Яго моцна білі па галаве.

Яшчэ некалькі машын караванам выехалі з лагера, падняліся на шашу і рушылі наперад.

— Ну, та, давай паехалі. І вось што — ты і мы з Элам сядзем у кабіну. Ма няхай наверх забіраецца. Не, ты, ма, лепш садзіся паміж намі. Эл! — Том засунуў руку пад сядзенне і выцягнуў адтуль цяжкі гаечны ключ. — Эл, ты сядай ззаду. На, бяры. На ўсякі выпадак. Калі хто палезе — пачастуй яго не шкадуючы.

Том даў яму развадны ключ, Эл пералез цераз борт і сеў, падкурчыўшы пад сябе ногі і не выпускаючы ключа з рук. Том дастаў з-пад сядзення завадную ручку і паклаў побач з тармазной педаляй.

— Ну цяпер усё, — сказаў ён. — Садзіся, ма, пасярэдзіне.

Бацька сказаў:

— А я з пустымі рукамі.

— Калі што якое, возьмеш завадную ручку, — сказаў Том. — Дасць бог, не спатрэбіцца. — Ён націснуў на стартэр, махавік ляснуў, зрабіў абарот, матор затарахцеў і замёр, потым зноў запрацаваў. Том уключыў фары і выехаў з лагера на першай скорасці. Слабае святло фар нясмела абмацвала дарогу. Грузавік выбраўся на шашу і павярнуў на поўдзень. Том сказаў:

— У жыцці чалавека бывае так, што ён раптам азлабляецца…

Маці перапыніла яго:

— Том… ты ж мне сам казаў… ты абяцаў, што не дасі волі злосці. Ты ж абяцаў.

— Я не забыўся, ма. Стараюся. Але гэтыя шэрыфавы памагатыя… Бачыў хто-небудзь каго з іх, каб ён быў не таўстазады? Віхляюць тоўстымі азадкамі, смаляць з пісталетаў куды папала. Каб яны ўсё рабілі па закону, ма, што ж, мы б не супраціўляліся. Але ж тое, што яны ўчыняюць, незаконна. Яны стараюцца наш дух зламаць. Хочуць прымусіць нас поўзаць перад імі, скурчыўшыся, як пабітая сучка. Раздушыць нас хочуць. Далібог, ма, да таго дайшло, што ёсць адзін толькі спосаб застацца прыстойным чалавекам — добра ўляпіць катораму з гэтых фараонаў. Яны дамагаюцца таго, каб мы забыліся на сваю чалавечую годнасць.

Маці сказала:

— Ты абяцаў, Том. З нашым Красунчыкам Флойдам такое ўжо было. Я ведала яго маці. Яго ледзь не пакалечылі.

— Я стараюся стрымацца, ма, бог сведка. Ты ж не хацела б, каб я поўзаў перад імі брухам па зямлі, як пабітая сучка, га?

— Я малю бога за цябе. Стараніся іх, Том. Сям'я наша і так распадаецца. Абыходзь іх бокам, так трэба.

— Пастараюся, ма. Толькі цяжка мне будзе стрымацца, калі прычэпіцца які-небудзь таўстазады. Каб усё па закону, справа іншая. А паліць лагер — такога закону няма.

Машына ішла па шашы, падрыгваючы кузавам. Наперадзе ланцужок чырвоных ліхтароў перагарадзіў дарогу.

«Пэўна, аб'езд», — падумаў Том. Ён збавіў хуткасць і спыніўся, і ў тое ж імгненне машыну абкружыў натоўп людзей. Яны былі ўзброены хто кіркамі, хто драбавікамі. На іх былі каскі, на некаторых — фуражкі Амерыканскага легіёна. Адзін зазірнуў у кабіну, дыхнуўшы на Тома спіртным перагарам.

— Куды накіраваліся? — Чырвоны твар падсунуўся амаль да самага твару Тома.

Том замёр. Далонь яго слізганула пад ногі і намацала завадную ручку. Маці моцна сціснула яму локаць. Том сказаў:

— А вось… — і раптам у голасе яго пачуліся ўгодлівыя ноткі: — Мы не тутэйшыя. Нам сказалі, што можна на працу ўладкавацца ў акрузе — як яе… Туларэ.

— Дык ты ж, чарцяка, не ў той бок едзеш. Гораду нашаму ўсякія Окі не патрэбны.

Рукі і плечы ў Тома быццам скамянелі, па целе прабеглі дрыжыкі. Маці ўчапілася ў яго локаць. Нос машыны абступілі ўзброеныя людзі. Некаторыя з іх, строячы з сябе ваенных, былі ў фрэнчах з афіцэрскай партупеяй.

Том жаласна запытаўся:

— А ў які ж бок нам ехаць, містэр?

— Разварочвайся кругом і трымай на поўнач. А сюды не паказвайся да збору бавоўны.

Тома ўсяго скаланула.

— Ёсць, сэр, — сказаў ён, даў задні ход, развярнуўся і паехаў назад. Маці адпусціла яго локаць і лёгенька паляпала па руцэ. А Том ледзь стрымліваў слёзы.

— Не бяры да сэрца, — сказала маці. — Не бяры да сэрца.

Том высмаркаўся праз акенца і выцер вочы рукавом.

— Сволачы…

— Ты зрабіў усё правільна, — ласкава сказала маці. — Усё правільна зрабіў.

Том збочыў на палявую дарогу, праехаў ярдаў сто і выключыў матор і фары. Потым выйшаў з машыны з завадной ручкай.

— Куды ты? — занепакоілася маці.

— Пайду пагляджу. Мы на поўнач усё роўна не паедзем.

Чырвоныя ліхтары пасунуліся па шашы. Том бачыў, як яны мінулі паварот на палявую дарогу і рушылі далей. Неўзабаве з таго боку, дзе быў Гувервіль, пачуліся крыкі і лямант і ў неба шуганула яркае польмя. Яно падымалася ўсё вышэй і вышэй, і да слыху Тома данёсся сухі трэск. Ён вярнуўся да грузавіка, сеў за руль, развярнуў машыну і без агнёў праехаў па палявой дарозе назад да шашы. Там скіраваў на поўдзень і запаліў фары. Маці нясмела запыталася:

— Куды мы едзем, Том?

— На поўдзень. Мы не дазволім рознай поскудзі камандаваць намі. Не дазволім. Паспрабую аб'ехаць горад ускраінай.

— Ну, а далей куды? — Бацька загаварыў першы раз пасля выезду з лагера. — Вось што я хачу ведаць.

— Пашукаем гэты ўрадавы лагер, — адказаў Том. — Кажуць, там шэрыфавым памагатым вароты зачыненыя. Ма… мне трэба ад іх далей трымацца. Баюся, яшчэ заб'ю каго з іх.

— Супакойся, Том, — мякка прамовіла маці. — Супакойся, Томі. Адзін раз ты ўжо добранька зрабіў. Не дай бог, яшчэ раз так зробіш.

— Але ж так можна перастаць паважаць сябе.

— Астынь. Набярыся цярпення. Мы ж, Том… народ будзе жыць, калі ад гэтых людзей і следу не застанецца. Мы народ, Том, ён жыве. Нас не знішчыш. Мы народ — мы жывём і жывём.

— Нас увесь час б'юць.

— Яно так, — ціха засмяялася маці. — Можа, таму мы такія крэпкія. Багацеі пажывуць трохі і паміраюць, і дзеці ў іх нікудышныя, нежывучыя. А нас, Том, усё прыбывае і прыбывае. Не бядуй. Надыдзе і іншая часіна.

— Адкуль табе гэта вядома?

— Сама не ведаю адкуль.

Яны ўехалі ў горад. Том павярнуў на бакавую вуліцу, каб аб'ехаць цэнтр. Пры святле вулічных ліхтароў ён зірнуў на маці. Твар у яе быў спакойны, вочы глядзелі неяк па-новаму — быццам вечныя, непаддатныя часу вочы статуі. Том працягнуў правую руку і дакрануўся ёю да матчынага пляча. Ён не мог іначай. І адразу зноў узяўся за руль.

— Ніколі раней я не чуў, каб ты столькі гаварыла, — сказаў ён.

— Раней не было такой патрэбы, — адказала маці.

Том праехаў некалькі завулкаў і, калі горад застаўся ззаду, павярнуў машыну ў процілеглы бок. На скрыжаванні стаяў слуп з лічбай «99». Па гэтай шашы Том павёў грузавік на поўдзень.

— А ўсё ж на поўнач яны нас не завярнулі, — сказаў ён. — Куды нам трэба, туды і едзем, няхай нават і давялося падкурчыць дзеля гэтага хвост.

Цьмянае святло фар абмацвала чорную шашу перад машынай.

Загрузка...