Раздзел дваццаць пяты

Вясна ў Каліфорніі прыгожая. У далінах на фруктовых дрэвах духмяная, бела-ружовая квецень — як хвалі на марскім мелкаводдзі. Першыя вінаградныя вусікі на старых вузлаватых лозах каскадам спадаюць па ствалах. Шырокія зялёныя ўзгоркі робяцца акруглымі і пяшчотнымі, як жаночыя грудзі, а ў нізінах на агародных участках міля за міляй цягнуцца градкі бледна-зялёнай салаты, верацёнападобнай цвятной капусты і нейкіх вычварных, быццам незямных, шэра-зялёных артышокаў.

А потым на фруктовых дрэвах распускаецца лісце, пялёсткі ападаюць з кветак на зямлю і ўсцілаюць яе бела-ружовым дываном. Кветаножка набракае, расце, набывае колер: вішні і яблыкі, персікі і грушы, інжыр, які замыкае кветку ў сваім плодзе. Уся Каліфорнія наліваецца сокам, фрукты цяжэюць, галіны пакрысе згінаюцца пад іх грузам, і тады пад кожную падстаўляюць падпорку.

Пра ўрадлівасць клапоцяцца людзі ўдумлівыя, дасведчаныя і ўмелыя, яны праводзяць доследы з насеннем, безупынна ўдасканальваюць тэхніку атрымання высокіх ураджаяў раслін, карэнне якіх павінна адолець мільённую арду ворагаў зямлі: кратоў, насякомых, іржу і цвіль. Людзі гэтыя працуюць старанна і няспынна, паляпшаюць насенне і карані. А ёсць яшчэ хімікі — яны апырскваюць дрэвы, аберагаючы іх ад шкоднікаў, абкурваюць серай вінаградныя лозы, змагаюцца з грыбком, гніллю, з мучністай расой і з іншымі хваробамі раслін. Ёсць яшчэ і медыкі-прафілактыкі, пагранічныя інспектары, якія высочваюць пладовую муху і японскага жучка; каранцінныя наглядчыкі, якія вырываюць хворыя дрэвы з карэннем і паляць іх; усе яны спецыялісты ў сваёй справе. А тыя, хто прышчэплівае маладыя дрэўцы і тонкія вінаградныя лозы, — самыя ўмелыя, бо іх работа — гэта работа хірурга, такая ж далікатная і беражлівая: трэба мець рукі хірурга і сэрца хірурга, каб зрабіць надрэз на кары, укласці прышчэпак, перавязаць рану, ахаваць яе ад доступу паветра. Гэта выдатныя людзі.

Уздоўж радоў ідуць культыватары — падымаюць вясновы дзёран, пераварочваюць яго, каб зямля стала ўрадлівай, праразаюць арашальныя канаўкі, знішчаюць карэнне пустазелля, каб яно не высмактала вады, прызначанай дрэвам.

А плады набракаюць сокамі, і на вінаградных лозах паяўляюцца доўгія гронкі кветак. І па меры таго як вясна пераходзіць у лета, спёка мацнее, лісце робіцца цёмна-зялёным. Слівы становяцца падобныя на маленькія птушыныя яйкі зялёнага колеру, і галіны ўсім цяжарам асядаюць на падпоркі. Пачынаюць акругляцца маленькія цвёрдыя грушы, паяўляецца першы пушок на персіках. Вінаградны цвет губляе свае малюсенькія пялёсткі, і цвёрдыя пацеркі ператвараюцца ў маленькія зялёныя мячыкі, і мячыкі гэтыя цяжэюць. Людзі, што працуюць на палях, гаспадары невялікіх фруктовых садоў, прыглядаюцца да ўсяго гэтага і робяць разлікі. Год выдаўся ўраджайны. І людзі ганарацца сабой, бо іхнія веды дапамаглі ім дамагчыся добрага плёну. Веды іхнія ператварылі свет. Нізенькая, кволая пшаніца вырасла і налілася зернем. Маленькія кіслыя яблыкі сталі вялікімі і салодкімі, а вунь той дзікі вінаград, што віўся сярод дрэў, сваімі маленечкімі ягадкамі кормячы птушак, цяпер нарадзіў тысячу гатункаў — чырвоны і чорны, зялёны і бледна-ружовы, ліловы і жоўты, і ў кожнага гатунку свой смак. Людзі, што працуюць на доследных фермах, вывелі новыя фрукты — нектарыны, сорак сартоў сліў і грэцкія арэхі з тонкай, як папера, шкарлупінай. І людзі безупынна працуюць — селекцыяніруюць, робяць прышчэпкі, перайначваюць, не шкадуючы сябе, не шкадуючы зямлі.

Першай выспявае вішня. Паўтара цэнта фунт. А ці варта нам абіраць яе дзеля такіх грошай? Чорныя вішні, чырвоныя вішні — наліўныя, салодкія, і птушкі напалову здзёўбваюць іх, а ў ямкі, зробленыя імі, з гудзеннем упіваюцца жоўтыя восы. І костачкі падаюць на зямлю і засыхаюць разам з чорнай мякаццю.

Слівы робяцца мяккімі і салодкімі. Госпадзі, мы ж не можам іх абіраць, сушыць, абкурваць серай! Няма чым плаціць зборшчыкам нават па самай нізкай цане. І шаравата-ліловыя слівы густым дываном усцілаюць зямлю. Спачатку скурка збіраецца маршчынкамі, і раі мух злятаюцца на баль, і па даліне разносіцца саладжавы водар тлення. Мякаць цямнее, і ўвесь ураджай псуецца на зямлі.

А ўжо жаўцеюць і наліваюцца сокам грушы. Пяць даляраў тона. Пяць даляраў за сорак скрынь, пяцьдзесят фунтаў кожная. А дрэвы ж трэба было падразаць, апырскваць, сад старанна даглядаць, а цяпер — абірай грушы, пакуй іх у скрыні, грузі на машыны, адвозь на кансервавы завод. За сорак скрынь — пяць даляраў. Не, мы гэтак не можам. І мяккія плады цяжка падаюць на зямлю і сплюшчваюцца ў блін. Восы ўпіваюцца ў салодкую масу, і ў паветры стаіць пах браджэння і гнілі.

На чарзе вінаград. Мы не можам вырабляць добрае віно. Добрае віно пакупніку не па кішэні. Рвіце вінаград з лоз — і цэлы, і гнілы, і аб'едзены восамі. Пад прэс пойдзе ўсё — і галінкі, і гразь, і гніль.

Але ў чанах утвараецца мучністая раса і мурашыная кіслата.

Дадайце серы і таніну.

Браджэнне вылучае даўкі водар віна, ад якога патыхае гніеннем і хімікаліямі.

Ну і што? Ва ўсякім разе, у ім ёсць алкаголь. Напіцца можна.

Дробныя фермеры бачаць, што даўгі падпаўзаюць да іх, няўхільна, як марскі прыліў. Яны апырсквалі сад, а ўраджаю не прадалі, яны падразалі і прышчэплівалі дрэвы, а сабраць ураджай не змаглі. Вучоныя людзі працавалі, стараліся, думалі, а плён іхняй працы гніе на зямлі, і смуроднае месіва ў вінных чанах атручвае паветра. Паспытайце гэтага віна — вінаградам і не пахне, адна серная і танінавая кіслата і алкаголь.

У наступным годзе гэты маленькі фруктовы сад увойдзе ў склад вялікага ўладання, бо гаспадара яго задушаць даўгі.

А гэты вінаграднік пяройдзе ва ўласнасць банка. Выжыць могуць толькі буйныя ўласнікі, бо ў іх ёсць кансервавыя заводы. А чатыры грушы, абабраныя і парэзаныя на паловы, звараныя і закансерваваныя, па-ранейшаму каштуюць пятнаццаць цэнтаў. Кансерваваныя грушы не псуюцца. Гадамі могуць стаяць.

Тленнем патыхае ўвесь штат, і ў гэтым саладжавым паху — вялікае гора зямлі. Людзі, што ўмеюць прышчэпліваць дрэвы, выводзіць усходжае буйное насенне, не ведаюць, што трэба зрабіць, каб галодныя маглі есці тое, што яны вырасцілі. Людзі, што стварылі новыя плады, не могуць стварыць грамадскага ладу, пры якім плады гэтыя былі б спажытыя людзьмі. І атмасфера паражэння навісае над штатам, як цяжкае гора.

Плён каранёў вінаграднай лазы і дрэў трэба вынішчаць, каб не падалі цэны, — і гэта самае сумнае, самае горкае, што можа быць на свеце. Апельсіны цэлымі вагонамі ссыпаюць на зямлю. Людзі едуць за некалькі міль, каб падабраць выкінутыя фрукты, але ж гэтага нельга дапусціць. Хто ж будзе плаціць за апельсіны па дваццаць цэнтаў тузін, калі можна з'ездзіць за горад і ўзяць іх дарма. І тут прыязджаюць іншыя людзі і абліваюць апельсінавыя россыпы газай са шлангаў і кіпяць гневам самі на сябе за такое злачынства, кіпяць гневам на тых, хто прыязджае падбіраць фрукты. Мільёны галодных маглі б пад'есці імі, а залацістыя горы абліваюць газай.

І над краем стаіць пах гніення.

Паліце каву ў параходных топках. Паліце кукурузу замест дроў — яна гарыць гарачым полымем. Скідайце бульбу ў рэчкі і стаўце ахову на берагах, каб яе не вылавілі галодныя. Каліце свіней і закопвайце іхнія тушы ў зямлю, і няхай зямля насыціцца тленнем.

Гэта злачынства, якому няма апраўдання. Гэта гора, якога нельга вымераць ніякімі слязьмі. Гэта паражэнне, якое зрынае ў прах усе нашы дасягненні. Урадлівая глеба, роўныя рады дрэў, моцныя ствалы і спелыя фрукты. А дзеці паміраюць ад пелагры, яны павінны памерці, бо апельсіны не прыносяць прыбытку. І следчыя выдаюць даведкі — смерць у выніку недаядання; таму што ежа павінна гніць, таму што ежу гнояць наўмысна.

Людзі прыходзяць з сеткамі вылоўліваць бульбу з рэчкі, але ахоўнікі гоняць іх прэч; людзі прыязджаюць на бразгатлівых аўтамабілях па выкінутыя апельсіны, але яны ўжо апырсканыя газаю. І людзі анямела стаяць, пазіраюць на бульбу, што праплывае міма, чуюць віск свіней, якіх колюць і засыпаюць вапнай у ямах, глядзяць на апельсінавыя горы, што апаўзаюць, ператвараючыся ў гнілую жыжу; і ў вачах у людзей — паражэнне; у вачах галодных дзяцей нарастае гнеў. У душах людзей наліваюцца і спеюць гронкі гневу — цяжкія гронкі, і яны ўсё наліваюцца і цяжэюць.

Загрузка...