Раздзел дваццаць трэці

Вандроўны люд, які гойсаў па краіне, імкнучыся знайсці працу, імкнучыся выжыць, не забываў і пра ўцехі, упарта здабываў іх сам, прагна цягнуўся да забаў і хоць якіх радасцей. Іншы раз пазабаўляцца ўдавалася і ў гутарцы, а жарт палягчаў жыццё. І ўжо так павялося, што ў прыдарожных лагерах, уздоўж шашэйных дарог, каля арашальных канаў, пад яварамі, заўсёды знаходзіліся апавядальнікі, і людзі збіраліся вакол ужо прытухлых вогнішчаў паслухаць самага таленавітага. Яны слухалі, і іх маўклівая прысутнасць надавала гэтым расказам урачыстасць.

Я рэкрутам ваяваў супраць правадыра апачаў Джэраніма…

І людзі слухалі, і ў іх спакойных вачах адбівалася святло счахлага вогнішча.

Індзейцы — народ хітры, яны юркія, як змеі, падкрадлівыя. Паўзуць па сухім лісці — і шолаху не пачуеш. Паспрабуйце хто з вас — нічога ў вас не выйдзе.

Людзі слухалі і прыгадвалі, як шамаціць пад нагамі сухое лісце.

Лета змянілася восенню, неба завалаклі хмары. Не самы лепшы час для вайны. Вы калі-небудзь чулі, каб армія рабіла што-небудзь правільна? Дайце ёй дзесяць шанцаў, яна ўсё роўна на нечым спатыкнецца. З якой-небудзь сотняй храбрацоў расправіцца — і то пашле тры палкі, і так заўсёды.

Людзі слухалі, і твары ў іх былі спакойныя, задумлівыя. Апавядальнікі прымушалі слухаць сябе — рытм іх мовы быў урачысты, словы ўрачыстыя, бо сам расказ быў урачысты, і слухачы прасякаліся гэтай урачыстасцю.

Адзін смяльчак стаў ва ўвесь рост на скале, супраць сонца. Ведаў, што адусюль ён відаць. Раскінуў рукі і стаіць сабе. Зусім голы, як ранічка, на самым сонцы. Можа, у галаве ў яго памутнела. Не ведаю. Стаіць так, рукі ў бакі раскінуў, ну быццам распяцце. Ад нас ярдаў за чытырыста. А салдаты… што ж, накіравалі на яго ружжы, насліняць палец — прабуюць, ці ёсць вецер, ляжаць, страляць не могуць. Індзеец, пэўна, ведаў, што робіць. Ведаў, што мы страляць не будзем. Ляжым, куркі на ўзводзе, а прыкладаў да пляча не прыціскаем. Пазіраем на яго. Галаўная павязка, пяро ў ёй тырчыць. Нам усё як на далоні. А сам голы, як сонейка. Доўга мы так ляжалі і на яго глядзелі, а ён не зварухнецца. Нарэшце капітан асатанеў. «Страляйце, нягоднікі, страляйце!» — крычыць. Ну што ж… мы не спяшаючыся паднялі вінтоўкі — кожны чакае, што хто-небудзь іншы стрэліць першы. Ніколі ў жыцці мне не было так горка. Я прыцэліўся яму ў жывот — індзейца толькі так улажыць можна… і… тады… Ён паваліўся, як сноп, і пакаціўся з гары. Мы падышлі. Бачым, не такі ён ужо і рослы… а здаваўся веліканам… там, на скале. Увесь пашкуматаны і такі маленькі. Калі-небудзь бачылі фазана? Горды, прыгожы, пёрка да пёрка, як размаляваныя, і нават вочы быццам намаляваныя. І бац! Падымаеш яго… увесь у крыві, скурчаны… І адчуваеш, ты загубіў нешта лепшае за сябе; ясі яго, а радасці мала, бо ты загубіў нешта ў сабе, і ўжо нічым гэта не выправіш.

Людзі згодна ківалі галовамі, а калі ў вогнішчы ўспалыхваў язычок полымя, яго святло азарала вочы, задумлівыя, засяроджаныя.

Проста супраць сонца з раскінутымі рукамі. І здаваўся такі вялікі, высокі… як бог.

А бывала і так, што хто-небудзь урываў ад яды дваццаць цэнтаў і ішоў у кіно ў Мэрысвілі ці ў Туларэ, у Сірызы ці ў Маўнтын-В'ю. І вяртаўся ў лагер пры дарожным насыпе, поўны яркіх уражанняў. І расказваў, што бачыў.

Адзін малойчык быў багаты, а прыкінуўся, што бедны, і дзяўчына адна — таксама багатая, а выдавала сябе за бедную, і стрэліся яны ў закусачнай.

Чаму?

Адкуль я ведаю? Стрэліся, і ўсё тут.

Не, чаму яны прыкінуліся, што бедныя?

Ну, надакучыла ім багацце.

Лухта!

Ты хочаш паслухаць ці не?

Ну, добра, гавары. Канешне, хачу паслухаць, але каб я быў багацеем, каб меў такія грошы, я б столькі свіных адбіўных накупляў… Штабелямі наваліў бы вакол сябе, як дровы, а потым праеў бы праход. Ну, давай расказвай, што далей было.

Дык вось, кожны з іх думае, што другі бедны. А потым іх арыштавалі і ў турму пасадзілі, а на волю выходзіць яны не хочуць, бо тады другі даведаецца, што ён багацей. А турэмшчык іх за бедных лічыць і здзекуецца з іх. Ты паглядзеў бы на яго фізіяномію, калі праўда выходзіць наверх! Ледзь не абамлеў, во як.

А пасадзілі іх за што?

Ну, схапілі іх на нейкім палітычным сходзе, але ніякія яны не радыкалы — выпадкова там апынуліся. А толькі дзеля грошай каб з табой жаніліся ці за цябе замуж выходзілі, ніхто з іх не хацеў.

Во сукіны дзеці, з самага пачатку адно аднаму мазгі круцілі.

Не, у карціне было так, быццам яны з самых добрых намераў усё рабілі. І з людзьмі, разумееш, абыходзіліся добра.

А я вось раз бачыў карціну — ну быццам проста пра мяне, і не толькі пра мяне, а і пра жыццё маё, і не толькі пра маё — там неяк усё было паўней і шырэй.

Мне і майго гора хопіць. Хочацца хоць крышачку забыцца.

І забываешся… калі паверыш таму, што паказваюць у кіно.

І вось яны пажаніліся, і тады ўсё выйшла наверх, і тыя, хто з іх здзекаваўся, таксама пра ўсё даведаліся. Адзін пыхлівы малойчык раней і слова да іх сказаць не хацеў, а тут багацей гэты раптам заяўляецца да яго ў цыліндры, дык той ледзь не ўпаў непрытомны. Ну ледзь не абамлеў. А яшчэ кінахроніку паказвалі, як нямецкія салдаты ногі на маршы высока задзіраюць — смехата адна.


А калі ў каго было хоць трохі грошай, заўсёды можна было выпіць. Раздражненне мінала, па целе цяпло разлівалася. Знікала пачуццё адзіноты, бо цяпер было лёгка засяліць сваё ўяўленне сябрамі, лёгка ворагаў адшукаць і расправіцца з імі. Сядзіць каля канавы, і яму здаецца, што зямля стала мяккая, як пух. Няўдачы ўжо не так крояць душу, і будучыня не навісае так грозна над ім. І голад не падкрадаецца да яго, і ўвесь свет мяккі і ласкавы, і чалавек лёгка дасягае мэты свайго падарожжа. Зоркі надзіва блізкія, неба пяшчотнае. Смерць — прыяцелька, а сон родны брат смерці. Вяртаецца мінулае — дзяўчына са стройнымі нагамі, яна некалі танцавала там, дома… Конь… даўным-даўно… Конь і сядло. Скура на сядле ціснёная. Калі гэта было! Вось пашукаць бы якую-небудзь дзяўчыну, пагаварыць з ёю. Як было б цудоўна! Можа, нават і ноч разам правесці. А як цёпла тут… І зоркі зусім блізка, і смутак і радасць таксама блізка адно ад аднаго, зусім зліліся разам. Вось каб так і застацца п'яным на ўсё астатняе жыццё. Хто кажа, што гэта дрэнна? Хто смее такое сказаць? Прапаведнікі?.. Дык у іх жа ж сваё ап'яненне. Худыя, бясплодныя жанчыны?.. дык адкуль ім, няшчасным, ведаць. Староннікі рэформ?.. але ж яны не ўмеюць угрызацца ў жыццё і нічога пра яго не ведаюць. Не… зоркі цяпер такія блізкія, слаўныя, я парадніўся з усім светам. І ўсё на свеце святое — усё, нават я.

Губны гармонік заўсёды можна насіць з сабой. Выняў з задняй кішэні штаноў, пастукаў аб далонь, каб вытрасці смецце, кішэнную труху, тытунёвую пацяруху, — вось і гатова. На гармоніку ўсё можна — і тоненькі, як у трысняговай дудачцы голас, а вось акорды, а вось мелодыя з акампанементам. Сагнутымі пальцамі мяняеш гучанне, і гукі то стогнуць, то рыдаюць, як у валынкі, то робяцца густымі, глыбокімі, як у аргана, ці пранізлівымі і журботнымі, як у трысняговых дудачак горцаў. Пайграў і зноў схаваў гармонік у кішэню. Ён заўсёды з табой, заўсёды ў цябе ў кішэні. А калі іграеш, вучышся новым прыёмам, новым спосабам змяняць тон далонямі, сціскаеш яго губамі — і ніхто цябе гэтаму не вучыць. Практыкуешся ўсюды, дзе прыйдзецца, — часам дзе-небудзь на адзіноце з сабою ў цяні гарачым поўднем, часам каля сваёй палаткі пасля вячэры, калі жанчыны мыюць посуд. Нага лёгка адбівае такт. Бровы то лезуць угору, то зноў апускаюцца ўніз у лад рытму. А калі і згубіш свой гармонік ці паламаеш яго — бяда невялікая. За чвэрць даляра купіш сабе новы.

Гітара даражэйшая. На ёй трэба доўга вучыцца. На кончыках пальцаў левай рукі павінны быць мазольныя наросты. На вялікім пальцы правай — арагавелы мазоль. Расцягвай пальцы левай рукі, расцягвай іх, як павук ногі, каб дацягнуцца да цвёрдых накладак на ладах.

Скрыня гэтая ў мяне ад бацькі. Я быў яшчэ клапом, як ён паказваў мне «до». А калі я навучыўся і зайграў на гітары не горш за яго, ён ужо амаль ніколі за яе не браўся. Бывала, сядзе на парозе, слухае і такт нагамі адбівае. Прабуеш трэмала, а ён хмурыць бровы, пакуль у мяне не атрымаецца, а тады адкінецца на вушак і галавой ківае. «Іграй, кажа, старайся». Добрая гітара. Бачыш, як выскраблася дэка? А колькі на ёй было сыграна песень — мільён, вось і выдзеўблася ўся. Калі-небудзь трэсне і ўваліцца, як яечная шкарлупіна. А паправіць яе, нават крануць нельга — тон страціць. Вечарам пайграю на ёй, а вунь у суседняй палатцы ў аднаго ёсць губны гармонік. Разам добра выходзіць.

Скрыпка рэдка ў каго ёсць, на ёй цяжка навучыцца. Ні ладоў на ёй, ні павучыць няма каму.

Паслухаю вось таго старога, а потым сам падбіраю. Не паказвае, як браць двайныя ноты. Сакрэт, кажа. А я падгледзеў. Вось як ён гэта робіць.

Вішчыць, як вецер, жвавая, нервовая, пранізлівая.

Яна ў мяне не надта каб. Аддаў за яе два даляры. А тут адзін расказваў: ёсць скрыпкі, якім па чатырыста год, гук сакавіты, як віскі. Кажа, цана такім пяцьдзесят-шэсцьдзесят даляраў. Ну што я скажу? Мусіць, маніць. Вісклівая яна ў мяне, старая шэльма. Што вам сыграць? Хочаце танец? Толькі смычок натру каніфоллю. Вось запілікае, ого! За мілю чутно будзе.

Вечарам іграюць усе тры разам — гармонік, скрыпка і гітара. Іграюць кадрылю, б'юць абцасамі людзі падлогу, і тоўстыя гулкія струны гітары пульсуюць, як сэрца, хрыпла гучаць акорды гармоніка, высока забірае і вішчыць скрыпка. Вось зайгралі кадрылю «Куранё», ногі тупаюць па дошках, і цыбаты юнак робіць тры хуткія па, рукі свабодна вісяць уздоўж цела. Яго абступаюць з усіх бакоў, і пачынаецца танец — глухія ўдары падэшваў, давай прыстуквай абцасамі. Круцяцца парамі, абняўшы адно аднаго за талію. Валасы ўпалі на лоб, дыханне перарывістае. А цяпер паварот у другі бок.

Глянь на гэтага тэхасца — даўганогі, ухітраецца на кожным кроку танца чатыры разы чачотку адбіць. У жыцці не бачыў, каб такое вытваралі. Глянь, як ён круціць тую індыянку з племені чэрокі, шчокі ў яе аж гараць, пяткі разам, а наскі паасобку. А дыхае як, грудзі так і ходзяць. Думаеш, ад стомы? Думаеш, запыхалася? Дык я скажу табе, не. У тэхасца валасы звесіліся на вочы, рот разявіўся — прагна хапае ім паветра, а сам чачотку адбівае і ад сваёй індыяначкі ні на крок не адыходзіць.

Скрыпка павісквае, гітара бумкае. Чалавек з губным арганам увесь чырвоны ад натугі. Тэхасец і індыянка дыхаюць цяжка, як замучаныя сабакі, але прытупваюць, скачуць. Старыя стаяць, пляскаюць у далоні. Ледзь прыкметна ўсміхаюцца, адбіваюць такт нагамі.

Памятаю, дома… у школе… даўно ўжо гэта было. Па небе плыве поўня на захад. А мы з ім пайшлі пашпацыраваць… недалёка. Ідзём і маўчым, бо ў абаіх дыханне перахапіла. Ні слова не сказалі. А тут наперадзе сена стажок. Падышлі да яго і ляглі. Бачыла? Гэты тэхасец шмыгнуў са сваёй дзяўчынай у цемру — ніхто, думаюць, не прыкмеціў. О божа! З гэтым тэхасцам і я пайшла б. Хутка ўзыдзе месяц. Я бачыла — яе бацька памкнуўся быў за імі, але вярнуўся. Ён ведае. Восень не спыніш, усё роўна прыйдзе ў свой час, і сок на дрэвах не спыніш. Так і гэта. А месяц ужо хутка ўзыдзе.

Сыграйце яшчэ, сыграйце якую-небудзь старадаўнюю баладу… ну хоць «Як па вуліцах хадзіў я ў Ларэла».

Вогнішча патухла. Ну і хай, не трэба яго зноў распальваць. Неўзабаве месяц узыдзе.


Каля арашальнай канавы на ўсю моц стараўся прапаведнік, і людзі крычалі і лямантавалі. Прапаведнік пахаджваў сярод іх, як тыгр, падсцёбваў сваю паству голасам, і людзі качаліся па зямлі з рыкам і стогнам. Ён прыглядаўся да іх, ацэньваў позіркам, рабіў з імі што хацеў, і калі ўсе яны ў сутаргах валіліся на зямлю, ён падыходзіў да кожнага, нахіляўся, адным махам падымаў з зямлі і з крыкам «Прымі, госпадзі!» кідаў яго ў ваду. І калі ўсе яны стаялі па пояс у вадзе, спалохана пазіраючы на свайго настаўніка, ён падаў на калені на краі канавы і маліўся за іхнія душы, прасіў у бога, каб усе мужчыны і ўсе жанчыны маглі качацца па зямлі з рыканнем і енкам у славу боскую. А людзі ў наскрозь прамоклай адзежы выбіраліся на бераг і вярталіся ў лагер, да сваіх палатак, перамаўляючыся між сабой ціхімі, здушанымі галасамі, а чаравікі ў іх на нагах чмякалі і хлюпалі.

Цяпер мы выратаваныя, казалі яны. Цяпер мы чыстыя, як першы снег. Больш мы ніколі ўжо не будзем грашыць.

А дзеці — напалоханыя, мокрыя — перашэптваліся між сабой:

Цяпер мы выратаваныя. Больш ужо не будзем грашыць.

Добра было б даведацца, якія на свеце бываюць грахі. Я ўсе пераспрабаваў бы.


Вандроўнікі сціпла задавальняліся любой забавай у дарозе.

Загрузка...