У суботу вечарам у пральні было поўна жанчын. Яны мылі сукенкі — ружовыя з сарпінкі, квяцістыя з паркалю і вешалі іх на сонцы, расцягваючы тканіну рукамі па вяроўцы, каб не моршчыліся. Да полудня жыццё ў лагеры пачало віраваць, людзі заклапочана мітусіліся. Узбуджэнне перадалося і дзецям, і яны шумелі больш чым звычайна. У сярэдзіне дня іх сталі купаць, і па меры таго як іх аднаго за другім вылоўлівалі, утаймоўвалі і вялі мыцца, шум на пляцоўцы для гульняў паступова сціхаў. Да пяці гадзін з дзяцей адскрэблі бруд і наказалі не пэцкацца, і дзеці сноўдаліся па лагеры як адзеравянелыя ў сваім чысценькім адзенні, няшчасныя ад неабходнасці ўсяго асцерагацца.
На вялікай танцавальнай пляцоўцы пад адкрытым небам завіхалася спецыяльная камісія. Кожны абрывак электрычнага проваду ішоў у ход. У пошуках яго абследавалі гарадскую звалку, ізаляцыйную стужку ахвяравалі з кожнай інструментальнай скрынкі. І вось залатаны, зрошчаны з некалькіх кавалкаў провад правялі да танцпляцоўкі, падвесіўшы яго на бутэлечных рыльцах замест фарфоравых ізалятараў. Гэтым вечарам над танцпляцоўкай упершыню загарэлася святло. Да шасці гадзін мужчыны вярнуліся ўжо з працы ці з пошукаў яе, і душавыя запрацавалі з новай сілай. Да сямі паспелі паабедаць, і мужчыны ўбраліся па-святочнаму: свежапамытыя камбінезоны, чыстыя сінія кашулі, а сёй-той нават у добрым чорным гарнітуры. Дзяўчаты прыбраліся ва ўзорыстыя паркалёвыя сукенкі, чысценькія, без ніводнай маршчынкі, заплялі валасы ў косы, перавязалі стужкамі. Жанчыны заклапочана паглядалі на сваіх сямейнікаў і мылі посуд пасля абеду. На танцпляцоўцы струнны аркестр, абкружаны двайной сценкай дзяцей, рэпеціраваў сваю праграму. Усе былі засяроджаныя, усхваляваныя.
У палатцы Эзры Хастана, старшыні цэнтральнай камісіі, якая складалася з пяці чалавек, ішло пасяджэнне. Хастан — высокі, хударлявы чалавек з цёмным абветраным тварам і вачамі, як вастрыё клінка, гаварыў з членамі камісіі, прадстаўнікамі ад усіх пяці санітарных аддзяленняў.
— Нам страшэнна пашанцавала, — сказаў ён, — што нас папярэдзілі аб намеры ўчыніць скандал на танцах.
Загаварыў тоўсты карантыш, прадстаўнік ад блока нумар тры:
— Трэба з іх дух выбіць вон, правучыць як след.
— Не, — сказаў Хастан. — Яны таго толькі і чакаюць. Не, сэр. Калі ім удасца распачаць бойку, яны паклічуць палісменаў і заявяць, што ў нас тут буяняць. У іншых лагерах так ужо было. — Ён павярнуўся да смуглявага юнака з сумным тварам — прадстаўніка санблока нумар два: — Ну, ты сабраў хлопцаў, выставіў ахову ўздоўж агароджы, каб ніхто ў лагер не пралез?
Юнак з сумным тварам кіўнуў галавой:
— Зрабіў. Дваццаць чалавек. Загадаў нікога не біць. Выпхнуць — і ўсё.
Хастан сказаў:
— Схадзі, калі ласка, знайдзі Ўілі Ітана. Ён сёння, здаецца, распарадчык на вечарынцы?
— Ага.
— Скажы яму, нам трэба з ім пагаварыць.
Юнак выйшаў з палаткі і неўзабаве вярнуўся ў суправаджэнні жылістага тэхасца. Падбародак у Ўілі Ітана быў вузкі, тонкі, валасы попельна-шэрыя, рукі і ногі доўгія і быццам расхлябаныя, а вочы светла-шэрыя, апаленыя сонцам, як у тыповага жыхара Тэхаскага выступу. Ён увайшоў з усмешачкай у палатку і стаў, нецярпліва пакручваючы кісцямі рук.
Хастан запытаўся ў яго:
— Ты чуў, што вечарам рыхтуецца?
Уілі шырока ўсміхнуўся:
— Ага!
— Зрабіў што-небудзь?
— Ага!
— Раскажы нам што.
Уілі Ітан усміхнуўся на ўвесь рот:
— Значыць, так, сэр: звычайна ў суботнюю камісію ў нас уваходзяць пяць чалавек, а я набраў яшчэ дваццаць — надзейныя ўсе хлопцы. Яны будуць танцаваць, але вочы іх і вушы будуць усё бачыць і чуць. Ледзь толькі дзе гучней загавораць ці заспрачаюцца, яны раз! — і кружком. Чыста будзе зроблена. Ніхто нічога не заўважыць. Будзе так, быццам усе яны з пляцоўкі ідуць, і скандаліст хочаш не хочаш з імі пойдзе.
— Скажы ім, каб рукам волі не давалі.
Уілі весела засмяяўся:
— Казаў.
— Не, ты так скажы, каб да іх дайшло.
— Дайшло. Пяцёх пастаўлю каля варот, няхай прыглядаюцца да тых, што ўваходзяць. Паспрабуем адразу іх высачыць, яшчэ да таго, як пачнуць.
Хастан падняўся з месца. Вочы яго сталёвага колеру глядзелі сурова.
— Паслухай, Уілі. Біць іх нельга. Каля пярэдніх варот будуць шэрыфавы агенты. Калі вы пусціце каму-небудзь кроў, вас забяруць.
— Мы і гэта абмазгавалі, — сказаў Уілі. — Выведзем іх задамі проста ў поле. А там хлопцы прасочаць, каб яны пайшлі туды, адкуль прыйшлі.
— Што ж, на словах выходзіць усё добра, — не супакойваўся Хастан. — Але глядзі, Уілі, каб нічога такога не было. Ты адказваеш за ўсё. Біць іх нельга. Ні кіёў, ні кулакоў ці яшчэ там чаго ў ход не пускаць.
— Ёсць, сэр! Мы слядоў не пакінем.
Хастан насцярожыўся:
— Нешта не давяраю я табе, Уілі. Калі ўжо вам так і карціць іх збіць, біце так, каб крыві не было.
— Ёсць, сэр!
— У хлопцах сваіх ты ўпэўнены?
— Так, сэр!
— Ну добра. На той выпадак, калі самі вы не справіцеся, я буду сядзець там на танцпляцоўцы, з правага боку.
Уілі аддаў яму жартам чэсць і выйшаў з палаткі.
Хастан сказаў:
— Проста не ведаю. Каб хоць яго хлопцы нікога не забілі. Якога чорта шэрыфавым памагатым абавязкова хочацца нашкодзіць нашаму лагеру? Чаму яны не пакінуць нас у спакоі?
Сумны юнак ад блока нумар два сказаў:
— Я жыў у лагеры Зямельна-жывёлагадоўчай кампаніі каля Сандлэнда. Дык, бог сведка, там на кожныя дзесяць чалавек па фараону. А водаправодны кран адзін чалавек на дзвесце.
Каратканогі таўстун усклікнуў:
— Госпадзі, ён мне расказвае! Я сам адтуль. Там палаткі стаяць блокам — трыццаць пяць у даўжыню і пятнаццаць у шырыню. А сарціраў усяго дзесяць на ўсю араву. Смярдзіць — за мілю пачуеш, далібог, праўда. Адзін шэрыфскі памагаты неяк раскрыў нам усю паднаготную. Мы гэтак кружком сядзім, і ён кажа: «Каб яны праваліліся, гэтыя ўрадавыя лагеры! Дай людзям хоць раз гарачай вады, і яны потым патрабаваць яе будуць. Дай ім прамыўныя прыбіральні, дык яны ўжо без іх ніяк. Праклятым Окі што ні пакажы, яны ўжо без таго абысціся не могуць. У іх, кажа, у лагерах чырвоныя мітынгі. Усё прыдумляюць, як дапамогу атрымаць».
Хастан запытаўся:
— І ніхто яго не ўзгрэў за гэта?
— Не. Адзін, такі маленькі ростам, пытаецца ў яго: «Якая такая дапамога?» Палісмен адказвае: «Ну грашовая — тая самая, у якую мы, падаткаплацельшчыкі, свае кроўныя ўсаджваем, а дастаюцца яны вам — усялякім там Окі. А той, маленькі, кажа: «Мы таксама плацім падаткі і на прадукты, і на бензін, і на тытунь. Урад плаціць фермерам чатыры цэнты за фунт бавоўны — ці ж гэта не дапамога? Чыгуначныя і параходныя кампаніі атрымліваюць ад урада пазыку — гэта не дапамога?» А шэрыфскі агент адказвае: «Яны патрэбную справу робяць». А маленькі кажа: «А калі б не мы, хто б вам ураджаі збіраў?» — Таўстун абвёў позіркам прысутных.
— Ну, а што фараон? — запытаўся Хастан.
— Ён проста раз'юшыўся. Кажа: «Гэтыя чырвоныя ўвесь час народ падбухторваюць. А ты пойдзеш са мной, давай, не марудзь». Забраў малойчыка, і далі яму два месяцы за бадзяжніцтва.
— А калі б у яго была праца? — запытаўся Цімаці Ўолес.
Таўстун засмяяўся:
— На гэты конт мы вучоныя. Цяпер мы ведаем: каго палісмен неўзлюбіў, той і бадзяга. Таму яны і не церпяць наш лагер, што паліцыі тут уваходу няма. Тут Злучаныя Штаты, а не Каліфорнія.
Хастан уздыхнуў:
— Добра было б пажыць тут даўжэй. Але хутка прыйдзецца ехаць. Мне тут даспадобы. Жывуць усе дружна. Госпадзі, пакінулі б нас у спакоі, дык не — рознае паскудства робяць, у турму саджаюць. Далібог, калі будзе так далей, нас да таго давядуць, што мы адпор дадзім. — Тут голас яго крыху паспакайнеў, і Хастан сам сабе нагадаў: — Не, трэба паводзіць сябе мірна. Камісія не мае права зрывацца з прывязі.
Таўстун з трэцяга блока сказаў:
— Тыя, хто думае, што працаваць у камісіі адно задавальненне, няхай самі паспрабуюць. У мяне сёння была калатня — жанчыны расхадзіліся. Пачалі лаяцца і давай кідацца рознай дрэнню. Жаночая камісія не справілася, прыбеглі да мяне, просяць, каб мы разабраліся. А я ім кажу: «Жаночыя сваркі ўладжвайце самі. Яны будуць кухоннымі адкідамі шпурляцца, а наша камісія іх разнімай!»
Хастан кіўнуў галавой:
— І вы правільна зрабілі.
Пачало змяркацца, і, па меры таго як згушчалася вячэрняе сутонне, гукі струннага аркестра, які рэпеціраваў танцы, рабіліся ўсё гучнейшымі. Над танцпляцоўкай успыхнулі лямпачкі, двое мужчын уважліва агледзелі зроблены з абрыўкаў дроту провад. Дзеці шчыльна абступілі музыкантаў. Падлетак з гітарай нягучна напяваў і найграваў блюз «Родныя палеткі», і на прыпеве другога куплета мелодыю падхапілі тры губныя гармонікі і скрыпка. Да пляцоўкі з усіх бакоў падыходзілі людзі — мужчыны ў чыстых сініх камбінезонах, жанчыны ў сарпінкавых сукенках. Яны абкружылі пляцоўку і спакойна чакалі пачатку танцаў, электрычныя лямпачкі асвятлялі іх уважлівыя, поўныя радасных прадчуванняў твары.
Уся зона лагера была абнесена высокай драцяной агароджай, і ўздоўж яе, праз кожныя пяцьдзесят футаў, сядзелі на траве вартавыя.
Пачалі на машынах з'язджацца госці — дробныя фермеры з сем'ямі, перасяленцы з іншых лагераў. У варотах кожны называў прозвішча знаёмага, ад якога было атрымана запрашэнне.
Аркестр зайграў карагодны танец — цяпер ужо зусім гучна, бо рэпетыцыя скончылася. Праведнікі сядзелі каля сваіх палатак і хмурна, пагардліва пазіралі на танцпляцоўку. Яны не перагаворваліся між сабой, яны пільна высочвалі грэх і самім выглядам сваім выказвалі асуджэнне ўсёй гэтай блюзнерскай забавы.
Каля палаткі Джоўдаў Руці і Ўінфілд наспех праглынулі, што там было на абед, і кінуліся да пляцоўкі. На воклік маці дзеці вярнуліся, і яна задрала ім угору падбародкі, праверыла, ці не брудныя ў іх насы, пацягнула за вушы, зазірнула ў іх і загадала ісці ў санітарны блок і яшчэ раз памыць рукі. Малыя схаваліся за будынкам, пакруціліся там, потым сіганулі да танцавальнай пляцоўкі і змяшаліся з гуртам дзяцей, што абкружылі аркестр.
Эл паабедаў і паўгадзіны галіўся Томавай брытвай. Потым памыўся, надзеў шарсцяныя штаны, якія шчыльна аблягалі яго сцёгны, змачыў вадой свае прамыя валасы і зачасаў іх назад. Выбраўшы момант, калі ва ўмывальнай нікога не было, ён абаяльна ўсміхнуўся сам сабе ў люстра, потым павярнуўся бокам, стараючыся ўбачыць, як гэта ўсмешка выглядае ў профіль. Пасля надзеў на кашулю чырвоныя нарукаўныя гумкі і апрануў свой шчыльна падагнаны пінжак, працёр жоўтыя чаравікі кавалкам туалетнай паперы. Раптам ва ўмывальную нехта зайшоў. Эл выскачыў з яе і зухавата пакрочыў да танцпляцоўкі, зіркаючы вачамі па баках у пошуках дзяўчат. Каля адной палаткі блізка ад пляцоўкі сядзела прыгожанькая бландзіначка. Эл нібы незнарок падышоў да яе і расшпіліў пінжак, каб відаць была яго сіняя кашуля.
— Пойдзеш на танцы? — запытаўся ён.
Дзяўчына адвярнулася і нічога не адказала.
— Што, з табой і словам перакінуцца нельга? Можа, пойдзем патанцуем? — І нібы між іншым дадаў: — Я вальс умею.
Дзяўчына нясмела падняла на яго вочы і сказала:
— Падумаеш. Вальс усе танцуюць.
— Толькі не як я, — сказаў Эл. На пляцоўцы зноў зайгралі, і ён пачаў прытупваць у такт нагой. — Пойдзем, — сказаў ён.
З палаткі высунула галаву таўшчэзная жанчына і глянула на яго грозным вокам.
— Ідзі сваёй дарогай, праходзь, — зласліва сказала яна. — Дачка мая даўно заручаная. Яна замуж выходзіць — хутка жаніх прыедзе.
Эл гарэзліва падміргнуў дзяўчыне і пайшоў далей, прытупваючы на хаду пад музыку, паводзячы плячамі і памахваючы рукамі. Дзяўчына пазірала яму ўслед.
Бацька паставіў талерку на скрыню і ўстаў.
— Ну, хадзем, Джон, — сказаў ён і растлумачыў маці: — Хочам пагаварыць тут з аднымі людзьмі, даведаемся, можа, дзе работа ёсць. — Разам з Джонам ён пайшоў да доміка адміністратара.
Том падабраў кавалкам куплёнага хлеба рэшткі мяснога соўсу на талерцы і адправіў яго ў рот. Тады падаў талерку маці, і тая апусціла яе ў вядро з гарачай вадой, памыла і дала выцерці Ружы Сарона.
— А ты хіба на танцы не пойдзеш? — запыталася ў Тома маці.
— А як жа, пайду, — адказаў Том. — Мяне выбралі ў камісію дзяжурыць. Трэба пазабаўляць сяго-таго з гасцей.
— У камісію ўжо выбралі? — здзівілася маці. — Гэта, відаць, таму, што ты работу маеш?
Ружа Сарона нахілілася, каб пакласці талерку ў скрыню. Том, паказваючы на яе, сказаў:
— А божа, як яна таўсцее!
Ружа Сарона залілася чырванню і ўзяла ў маці яшчэ адну талерку.
— Чаму ж ёй не таўсцець, — сказала маці.
— І прыгажэе, — дадаў Том.
Ружа Сарона яшчэ гусцей пачырванела і апусціла галаву.
— Сціхні ты, — прашаптала яна.
— Чаму ж ёй не прыгажэць, — сказала маці. — Маладзенькія, што носяць дзіця пад сэрцам, заўсёды прыгажэюць.
Том засмяяўся:
— Калі яна і далей будзе так пухнуць, ёй давядзецца жывот на тачцы вазіць.
— Ды сціхні ты, — сказала Ружа Сарона і схавалася пад брызентам.
Маці ўсміхнулася:
— Не дражні яе.
— Ёй гэта даспадобы, — сказаў Том.
— Я ведаю, што ёй даспадобы, і ўсё-такі гэта яе трывожыць. Яна і так па Коні тужыць.
— Ну, на Коні даўно пара рукой махнуць. Ён не іначай як на прэзідэнта Злучаных Штатаў вучыцца.
— Пакінь яе, не чапай. Яе доля і так незайздросная.
Да палаткі, шырока ўсміхаючыся, падышоў Уілі Ітан.
— Ты Том Джоўд? — запытаўся ён.
— Я.
— Я старшыня святочнай камісіі. Ты нам будзеш патрэбны. Мне пра цябе гаварылі.
— Што ж, мы з табой разам пацешымся, — сказаў Том. — Пазнаёмся, гэта мая ма.
— Добры вечар, — сказаў Уілі.
— Вельмі прыемна, — адказала маці.
Уілі сказаў:
— Мы паставім цябе спачатку каля варот, а потым пяройдзеш на танцпляцоўку. Прыглядайся да тых, хто ўваходзіць, і, можа, адразу і высачыш іх. З табой будзе яшчэ адзін хлопец. А крыху пазней пойдзеш танцаваць і будзеш пільна прыглядацца.
— Добра, гэта я магу, — пагадзіўся Том.
— А хіба можа што здарыцца? — устрывожылася маці.
— Не, мэм, — адказаў Уілі. — Нічога такога.
— Зусім нічога, — сказаў Том. — Ну пайшлі. Убачымся з табой, ма, на танцах. — Том і Ўілі шпарка пакрочылі да галоўных варот.
Маці паставіла памыты посуд на скрыню.
— Выходзь! — крыкнула яна і, не пачуўшы адказу, паўтарыла: — Выходзь, Разашарна.
Ружа Сарона выйшла з-пад брызенту і зноў узялася выціраць талеркі.
— Том проста жартаваў, — сказала маці.
— Ведаю. Няхай сабе. Толькі мне непрыемна, калі на мяне глядзяць.
— Ну, тут ужо нічога не зробіш. Глядзець будуць. Людзям прыемна ж палюбавацца на маладзенькую, калі яна дзіця чакае — прыемна і весела. А ты на танцы не збіраешся?
— Збіралася… А цяпер не ведаю. Хачу, каб Коні вярнуўся. — Ружа Сарона гучна паўтарыла: — Я хачу, ма, каб Коні вярнуўся. Больш так я не магу.
Маці пільна паглядзела на яе.
— Я разумею. Толькі глядзі, Разашарна, не асарамаці сям'ю.
— Ну што ты, ма.
— Не асарамаці нас. Нам і так цяжка, не хапае яшчэ сораму.
У Ружы Сарона задрыжалі губы.
— Я… я на танцы не пайду. Не хачу… Ма, памажы мне! — Яна апусцілася на скрыню і закрыла твар сагнутымі ў локцях рукамі.
Маці выцерла рукі аб кухонны ручнік, прысела перад дачкой на кукішкі і паклала абедзве рукі ёй на валасы.
— Ты, дачушка, у мяне добрая, — сказала яна. — Заўсёды была добрай дзяўчынкай. Я пра цябе паклапачуся. Ты не бядуй. — Маці ажыўлена загаварыла: — Ведаеш, што мы з табой зробім? Пойдзем разам на танцы, сядзем убаку і падзівімся. Калі хто запросіць цябе на танец, я скажу, табе нельга, у цябе здароўе слабае. А ты музыку паслухаеш, на людзей паглядзіш.
Ружа Сарона падняла галаву:
— А танцаваць не пусціш?
— Не пушчу.
— І не дазваляй нікому да мяне дакранацца.
— Не дазволю.
Ружа Сарона ўздыхнула і роспачна прамовіла:
— Не ведаю, ма, як далей будзе. Проста не ведаю.
Маці лёгенька паляпала яе па калене:
— Ну глянь на мяне. Паслухай, што я скажу. Ты пацярпі яшчэ крышачку, а там палягчэе. Яшчэ толькі крышачку. Я праўду кажу. А цяпер падымайся. Мы з табой зараз памыемся, надзенем усё самае прыгожае і пасядзім на танцах. — Яна павяла Ружу Сарона да санітарнага блока.
Бацька, дзядзька Джон і яшчэ некалькі чалавек сядзелі на кукішках каля ганка канторы.
— Мы сёння ледзь на працу не ўладзіліся, — сказаў бацька. — На некалькі хвілін спазніліся. Перад намі дваіх ужо нанялі. І вось што дзіўна, скажу я вам, — вярбоўшчык кажа: «Па дваццаць пяць цэнтаў мы нанялі дваіх. А па дваццаць цэнтаў яшчэ можам узяць. Па дваццаць мы многа рабочых можам узяць. Вы паедзьце ў лагер, скажыце там, што па дваццаць набор будзе вялікі».
Мужчыны неспакойна заварушыліся. Адзін — шыракаплечы мужчына, твар якога хаваўся ў цяні ад чорнага капелюша, пляснуў далонню па калене.
— Я гэтыя іхнія штучкі ведаю! — крыкнуў ён. — І набяруць, колькі ім трэба. Галодных людзей набяруць. За дваццаць цэнтаў у гадзіну сям'ю не пракорміш, але ты пойдзеш на што заўгодна. Як ні круціся, ты ў іхніх руках. Яны прадаюць працу, як з таргоў. Далібог, хутка яшчэ і прыплачваць ім прымусяць, каб работу ў іх атрымаць.
— Мы б згадзіліся, — сказаў бацька. — У нас ні ў кога няма ніякай работы. Абавязкова згадзіліся б, але на нас людзі такімі вачамі пазіралі, што мы пабаяліся.
Чалавек у чорным капелюшы сказаў:
— Крануцца з розуму можна, як падумаеш. Я ў аднаго працаваў, дык ён свайго ўраджаю сабраць не можа. На збор больш грошай пойдзе, чым ён ад продажу атрымае. Проста не ведаю, што рабіць.
— Вось калі б… — Бацька замяўся. Усе моўчкі чакалі. — Ну, я проста падумаў, калі б у мяне хоць акр зямлі быў… жонка гародніну б развяла, парачку свіней гадавалі б, курэй трохі. А мы, мужчыны, працавалі б недзе і дамоў вярталіся. Дзеці, можа, у школу хадзілі б. Я такіх школ, як тут, нідзе не бачыў.
— Дзецям нашым у тутэйшых школах нясоладка даводзіцца, — сказаў чалавек у чорным капелюшы.
— А чаму? Яны даволі добрыя, гэтыя школы.
— Ну сам падумай… Прыйдзе вось такі абадранец босы, а іншыя дзеці, у шкарпэтках, у добрых штанах, дражняць яго — «Окі, Окі». Мой хлопчык хадзіў у такую школу. Кожны дзень з кім-небудзь біўся. Малайчына, не ўступаў. Наравісты, шальмец. Што ні дзень, то бойка. Дамоў прыйдзе — адзенне пашкуматанае, нос у крыві. А маці яго лупцуе. Пад канец я заступіўся. Што ж, усе будуць яго, беднага, таўчы? А далібог, ён здорава іх лупіў, гэтых сукіных сыноў у добрых штоніках. Ну, не ведаю, не ведаю…
— Што ж нам усё-такі рабіць? — задаў пытанне бацька. — Грошай у нас няма. Адзін сын атрымаў кароткачасовую работу, але гэтым не пракормішся. Пайду і на дваццаць цэнтаў. А што рабіць?
Чалавек у чорным капелюшы падняў галаву, і на святло выступіў яго шчаціністы падбародак і гладка, як поўсцю, зарослая па баках жылістая шыя.
— Ага, ты гэтак зробіш, — з горыччу сказаў ён. — А мне плацяць дваццаць пяць. Ты забярэш у мяне маю працу за дваццаць. Я пахаджу галодны і забяру яе ў цябе за пятнаццаць. Ну дык ідзі, наймайся.
— Што ж тады рабіць мне? — дапытваўся бацька. — Не паміраць жа мне з голаду, каб табе плацілі дваццаць пяць?
Чалавек у чорным капелюшы апусціў галаву, і яго падбародак зноў схаваўся ў цяні.
— Не ведаю, — адказаў чалавек. — Ну не ведаю. Працуеш па дванаццаць гадзін у дзень і ўсё роўна дасыта не ясі, а тут яшчэ галаву ламай, як быць далей. Хлопчык мой жыве надгаладзь. Не магу я ўвесь час аб адным толькі думаць, хай яно праваліцца. Звар'яцець можна.
Людзі, што кружком сядзелі на кукішках, неспакойна заварушыліся.
Том стаяў каля варот і ўглядаўся ў гасцей, якія з'язджаліся на танцавальны вечар. Яркае святло пражэктара падала на іх твары.
Уілі Ітан сказаў Тому:
— Глядзі пільна. Зараз прышлю сюды Джула Вітэлу. Ён чэракез-паўкровак. Хлапец добры. Ва ўсе вочы глядзі. Магчыма, прыкмеціш каго.
— Добра, — адказаў Том.
Ён глядзеў на фермерскія сем'і, што пад'язджалі да варот, на дзяўчат, якія заплялі валасы ў косы, на падлеткаў, якія навялі на сябе глянец дзеля танцаў. Падышоў Джул і спыніўся каля яго.
— Я буду з табой, — сказаў ён.
Том узняў на яго вочы — арліны нос, скуласты смуглы твар, кароткі, нібы зрэзаны, падбародак.
— Кажуць, ты напалову індзеец. А па-мойму, ты поўны індзеец.
— Не, — адказаў Джул. — Я паўкровак. Лепш быў бы чыстакроўны. Мог бы ўчастак мець у рэзервацыі. Там жыць можна, некаторым.
— Зірні, колькі народу, — сказаў Том.
Госці праходзілі праз вароты: сем'і фермераў, перасяленцы з прыдарожных лагераў. Дзеці стараліся хутчэй вырвацца з-пад апекі дарослых, але паважныя бацькі стрымлівалі іх.
Джул сказаў:
— Неяк забаўна ў нас выходзіць з гэтымі танцамі. Людзі ў лагеры бедныя, нічога за душой у іх няма, а ходзяць гордыя, бо могуць запрашаць сюды на танцы знаёмых. І тыя іх за гэта паважаюць. Я тут у аднаго гаспадара на маленькай ферме працаваў. Правёў яго сюды неяк раз на танцы. Запрасіў яго, і ён прыехаў. Потым кажа: нідзе ва ўсёй акрузе не бывае такіх прыстойных танцавальных вечароў — сюды можна і дочак, і жонку з сабой браць. Гэй, глянь!
Праз вароты праходзілі трое маладых людзей — трое рабочых у джынсах. Яны трымаліся разам. Вартаўнік каля варот спыніў іх, яны адказалі на яго пытанні і прайшлі ў лагер.
— Пасачы за імі, — сказаў Тому Джул і падышоў да вартаўніка. — Хто іх запрасіў?
— Нейкі Джэксан, сектар нумар чатыры.
Джул вярнуўся да Тома.
— Відаць, яны самыя і ёсць, — сказаў ён.
— Адкуль ты ведаеш?
— Ды так — здаецца. У іх нейкі выгляд насцярожаны. Ідзі за імі, пакажы іх Уілі Ітану, і няхай ён знойдзе Джэксана з чацвёртага аддзялення. Трэба праверыць іх. А я тут пабуду.
Том пайшоў следам за трыма маладымі людзьмі. Яны падышлі да танцавальнай пляцоўкі і спакойна сталі з краю натоўпу. Каля аркестра Том убачыў Уілі і паманіў яго рукою да сябе.
— Ну, што ў цябе? — запытаўся Ўілі.
— Вунь тыя трое — бачыш?
— Ага.
— Сказалі, што іх запрасіў нейкі Джэксан з чацвёртага.
Уілі выцягнуў шыю, адшукаў вачамі Хастана і падазваў яго.
— Вунь тыя трое, — сказаў ён. — Трэба знайсці Джэксана з чацвёртага аддзялення і даведацца, ці запрашаў ён іх.
Хастан павярнуўся на абцасах і пайшоў; праз некалькі хвілін ён падвёў да Ўілі і Тома сухарлявага, з шырокай косцю, тэхасца.
— Вось ён, Джэксан, — сказаў Хастан. — Паслухайце, Джэксан, бачыце тых трох хлопцаў?
— Ну.
— Вы іх запрашалі сюды?
— Не.
— Раней калі бачылі іх?
Джэксан прыгледзеўся больш уважліва.
— Ну бачыў. Разам у Грэгорыё працавалі.
— Значыць, прозвішча ваша ім вядомае?
— Ну так. Мы працавалі побач.
— Добра, — сказаў Хастан. — Вы, хлопцы, да іх не падыходзьце. Калі нічога дрэннага не зробяць, мы не будзем іх выправоджваць. Дзякуй вам, містэр Джэксан. — Тому ён сказаў: — Добра зроблена. Думаю, яны самыя і ёсць.
— Гэта Джул іх запрыкмеціў, — сказаў Том.
— Дзіва што! — усклікнуў Уілі. — Індзейская кроў, чуццём бярэ. Ну, пайду пакажу іх сваім хлопцам.
З натоўпу выскачыў падлетак гадоў шаснаццаці і спыніўся перад Хастанам, ледзь пераводзячы дух.
— Містэр Хастан, — загаварыў ён, — я зрабіў усё, як вы загадалі. Адна машына стала каля эўкаліптаў — у ёй шасцёра, а яшчэ адна з чатырма пасажырамі спынілася на дарозе з паўночнага боку. Я падышоў да іх, папрасіў даць прыпаліць. У іх рэвальверы. Сам бачыў.
Позірк у Хастана зрабіўся суровы, жорсткі.
— Уілі, — сказаў ён, — у цябе ўсё гатова, ты праверыў?
Уілі ашчэрыўся вясёлай усмешкай:
— Будзьце спакойныя, містэр Хастан. Усё будзе зроблена як належыць.
— Толькі нікога не біць. Запомні. Калі зможаце — толькі па-добраму, спакойна, прывядзіце іх да мяне. Я буду ў сваёй палатцы.
— Пастараемся, — сказаў Уілі.
Танцы яшчэ фармальна не пачаліся, і Ўілі падняўся на пляцоўку.
— Разбірайцеся па чацвёра! — крыкнуў ён.
Аркестр замаўчаў. Юнакі і дзяўчаты, маладыя мужчыны і жанчыны забегалі па вялікай танцавальнай пляцоўцы і нарэшце выстраіліся ў восем чацвёрак — выстраіліся і чакалі пачатку. Дамы стаялі, падняўшы рукі перад сабой і сашчапіўшы далоні. Кавалеры нецярпліва пераступалі з нагі на нагу. Старыя і пажылыя сядзелі вакол пляцоўкі, ледзь прыкметна ўсміхаючыся, не адпускалі ад сябе дзяцей, якія рваліся на сярэдзіну пляцоўкі. А там, каля палатак, сядзелі праведныя хрысціяне і з асуджэннем на суровых тварах высочвалі грэх.
Маці і Ружа Сарона селі на лаўку. І калі кавалеры запрашалі Ружу Сарона на танец, маці гаварыла: — Не, яна нешта дрэнна сябе сёння адчувае. — А Ружа Сарона кожны раз залівалася чырванню, і вочы ў яе загараліся.
Распарадчык танцаў Уілі Ітан выйшаў на сярэдзіну і падняў рукі:
— Усе гатовыя? Пачалі!
Грымнуў аркестр, гулка і пранізліва зайграў вірджынскую кадрылю «Куранё» — завішчала скрыпка, хрыпла загугнілі гармонікі, заракаталі на басах гітары. Распарадчык выкрыкваў фігуры, чацвёркі паварочваліся, сходзіліся, адступалі.
— Бярыцеся за рукі, кружыце дам. — Разгарачыўшыся, Уілі сам адбіваў такт нагамі, важна хадзіў узад і ўперад, снаваў сярод танцораў, паказваючы новую фігуру. — Кружыце дам, і далікатней. Цяпер кола, шырэй! — Музыка то грымела на ўсю моц, то заціхала, а падэшвы адбівалі такт, як барабанны дробат. — Паварот направа, паварот налева, рукі адпусціць, паварот кругом! — высокім голасам энергічна выкрыкваў Уілі. І ўжо прычоскі ў дзяўчат сталі не такія гладзенькія, у кавалераў на лбе выступілі кроплі поту. І вось ужо хвацкія танцоры пачалі выкідваць адмысловыя каленцы. А старыя і пажылыя, што сядзелі па краях пляцоўкі, захопленыя рытмам танца, нягучна пляскалі ў далоні, прытупвалі нагамі, мякка ўсміхаліся адзін аднаму, ківалі галовамі.
Маці прашаптала на вуха Ружы Сарона:
— Хочаш вер, хочаш не, але тата твой быў хвацкі танцор у маладыя гады, лепшага я не бачыла. — Маці ўсміхнулася: — Не хочучы, старыя часы прыгадаеш. — Усмешкі на тварах астатніх гледачоў таксама былі народжаныя ўспамінамі пра даўнейшае.
— У нас там, у Аклахоме, каля Маскагі, гадоў дваццаць назад быў сляпы скрыпач…
— Я некалі бачыў аднаго хвата — падскочыць і чатыры разы абцасамі прыстукнуць паспее.
— А шведы ў Дакоце, ведаеце, што робяць? Насыплюць перцу на падлогу, жанчынам пад спадніцу трапіць, і яны такія жвавыя, такія рэзвыя робяцца, што тая кабылка ўвесну. Шведы часам так робяць.
А верныя паслядоўнікі Хрыста здаля сачылі за танцамі і трымалі пры сабе дзяцей, якім не сядзелася на месцы.
— Гляньце, вунь які грэх учыняюць, — гаварылі яны. — Гэтыя людзі так і ўедуць у пекла на качарзе. Проста сорам набожным бачыць такое. — Дзеці іх слухалі і трывожна маўчалі.
— Яшчэ адно кола, і перадышка, — нараспеў прагаварыў распарадчык Уілі Ітан. — Задайце жару напаследак. — Распараныя, расчырванелыя дзяўчаты танцавалі, растуліўшы вусны, з урачыстым, пачцівым выразам на твары, а хлопцы адкідалі з ілба доўгія валасы і выраблялі курбеты, разводзячы ногі ў бакі, прыстуквалі абцасамі. Чацвёркі выходзілі наперад, перасякалі пляцоўку наўскасяк, адступалі назад, кружыліся пад гучную, вісклівую музыку.
І раптам аркестр змоўк. Танцоры застылі на месцы, прагна хапаючы ротам паветра. Дзеці, быццам сарваўшыся з ланцуга, кінуліся на пляцоўку і сталі бегаць, ганяцца адзін за адным, коўзацца па падлозе, зрываць адзін у аднаго кепкі, цягаць за валасы. Танцоры селі, абмахваючыся рукамі. Музыканты падняліся, расправілі плечы і зноў селі. Ціха забрынкалі гітарысты, падцягваючы струны.
Нарэшце Ўілі крыкнуў:
— Разбірайцеся зноў па чацвёрках, хто яшчэ можа.
Танцоры цяжка адарваліся ад лавак, і кавалеры зноў кінуліся запрашаць дам. Том стаяў блізка ад траіх маладых людзей, за якімі сачыў. Ён бачыў, як яны праціснуліся на танцпляцоўку і накіраваліся да адной з чацвёрак. Скрыпач ірвануў смычком па струнах. Дваццаць чалавек лянівай паходкай выйшлі на сярэдзіну пляцоўкі. Тыя трое ўжо падышлі да чацвёркі. Адзін з іх сказаў:
— Я буду танцаваць з гэтай дзяўчынай.
Бялявы хлапец здзіўлена падняў на яго вочы:
— Гэта мая дама.
— Ты мне яшчэ пагавары, сапляк.
Аднекуль з цемры пачуўся рэзкі свіст. Траіх гасцей імгненна ўзялі ў кола. І кожны з іх адчуў на сабе моцныя рукі. Цеснае кола людзей пасунулася з пляцоўкі.
Уілі крыкнуў танцорам:
— Пачалі! — Зайграла музыка, Уілі нараспеў называў фігуры танца, ногі танцораў гулка тупалі па дашчанай падлозе.
Да варот лагера падкаціла легкавая машына. Вадзіцель крыкнуў:
— Адчыняйце! Нам паведамілі, што ў вас тут бясчынства.
Вартаўнік не зрушыў з месца.
— Ніякага бясчынства ў нас няма, — сказаў ён. — Чуеце, музыка іграе? А вы хто такія?
— Шэрыфавы памочнікі.
— Паўнамоцтва ёсць?
— Якое тут паўнамоцтва, калі ў вас бясчынства?
— Няма ў нас бясчынства, — паўтарыў вартаўнік.
Людзі ў машыне прыслухаліся да музыкі, да выкрыкаў распарадчыка, і машына паволі ад'ехала ад варот і спынілася на скрыжаванні.
Трох паломнікаў, якія ішлі ў сярэдзіне цеснага кола людзей, моцна трымалі за рукі, раты ім заціснулі далонямі. Калі ўсе апынуліся ў цемры, кола разамкнулася. Том сказаў:
— Чыстая работа. — Ён трымаў сваю ахвяру ззаду за рукі.
Іх дагнаў Уілі.
— Здорава! — сказаў ён. — Цяпер вас і шасцярых хопіць. Хастан хоча глянуць на гэтых малойчыкаў.
З цемры выступіў Хастан.
— Вось гэтыя?
— Яны, — адказаў Джул. — Адразу палезлі з кулакамі. Толькі замахнуцца ім так і не давялося.
— Ану глянем, што за людзі, — сказаў Хастан.
Затрыманых павярнулі да яго тварам. Яны стаялі, унурыўшыся. Хастан накіраваў святло кішэннага ліхтарыка на іх хмурныя твары — на кожнага па чарзе.
— Навошта вам гэта спатрэбілася? — На яго пытанне адказу не было. — Хто вас падаслаў сюды?
— Што вы прычапіліся? Нічога мы дрэннага не зрабілі. Проста патанцаваць захацелася.
— Не мані, — сказаў Джул. — Ты хацеў ударыць таго хлопца.
Том сказаў:
— Містэр Хастан, як толькі яны падняліся на пляцоўку, нехта свіснуў.
— Ага, ведаю. Фараоны пад'ехалі да самых варот. — Хастан зноў павярнуўся да затрыманых. — Біць вас мы не будзем. Ну, кажыце — хто вас паслаў? — Адказу так і не было. — Вы такія самыя людзі, як і мы, — з горыччу сказаў Хастан. — Ваша месца з намі. Як жа ж так атрымалася? Мы ўсё ведалі, — дадаў ён.
— Есці ж нешта чалавеку трэба?
— Дык хто ж вас падаслаў? Хто заплаціў вам?
Адзін з затрыманых сказаў:
— Што хочаце рабіце. Мы нічога не скажам.
Хастан апусціў галаву і ціха прамовіў:
— Ну добра. Не трэба. Толькі вось што. Не лезьце з нажом на сваіх людзей. Мы стараемся ўсё як найлепш тут зрабіць, і пазабаўляцца хочам, парадак падтрымліваем. Не губіце ўсё гэта. Добра падумайце. Толькі самі сабе шкодзіце. Ну вось што, хлопцы, выправадзіце іх задамі. Біць не трэба. Яны самі не разумеюць, што робяць.
Маленькі атрад паволі пасунуўся ў глыб лагера. Хастан праводзіў яго позіркам.
Джул сказаў:
— Давайце ўсыплем ім трохі.
— Не, не трэба, — сказаў Уілі. — Я слова даў.
— Ну дык хоць выспятка дадзім, — маліў Джул. — Хоць цераз агароджу перакінем.
— Не, сэр! — стаяў на сваім Уілі. — А вы слухайце, — звярнуўся ён да палоннікаў: — На першы раз мы адпусцім вас цэлымі. А вы перадайце там каму належыць: калі яшчэ хто сюды паткнецца, мы так надаём пад бакі, касцей сваіх не збярэ. Так і перадайце. Хастан кажа, вы такія самыя людзі, як і мы. Магчыма, і такія самыя, толькі мне думаць пра гэта агідна.
Яны падышлі да агароджы. Двое з аховы падняліся з зямлі і накіраваліся да іх.
— Праводзім гасцей — рана дадому сабраліся, — сказаў ім Уілі.
Усе трое пералезлі цераз агароджу і зніклі ў цемры.
Маленькі атрад шпарка пакрочыў назад, да танцавальнай пляцоўкі. А насустрач яму неслася жаласнае падвыванне і віск аркестра, які іграў: «Стары Дэн Тэкер».
А каля канторы мужчыны ўсё яшчэ гутарылі, седзячы на кукішках, гукі аркестра даносіліся і да іх.
Бацька сказаў:
— Перамены мусяць быць. Не ведаю толькі якія. Нам, можа, і не дажыць да таго часу. Але яны будуць. Навокал нейкі неспакой. Толкам ні да чога не дадумаешся, і ўжо вельмі трывожна на душы.
Чалавек у чорным капелюшы зноў падняў галаву, і яго шчаціністая барада трапіла ў паласу святла. Ён падабраў з зямлі некалькі каменьчыкаў і раскідаў іх вялікім пальцам, як у гульні ў шарыкі.
— Што я магу сказаць? — загаварыў ён. — Перамены павінны быць, гэта правільна. Мне адзін расказваў, што было ў Акране, у штаце Агаё. На каўчукавых заводах. Рабочых там набралі з горцаў, бо яны ішлі за любую плату. А горцы гэтыя ўзялі ды ў саюз уступілі. Ну, панове, што тут усчалося! Крамнікі, легіянеры і да іх падобныя ваенную муштру праходзяць, гарлапаняць: «Чырвоныя!» Патрабуюць выгнаць саюз з Акрана. Прапаведнікі супраць яго пропаведзі чытаюць, газеты лямант паднялі, каўчукавыя заводчыкі дубінкі вырабляюць, бомбамі са слёзатачывым газам запасаюцца. Можна было падумаць, што горцы гэтыя не людзі, а д'яблы нейкія. — Ён памаўчаў і падняў з зямлі яшчэ некалькі каменьчыкаў, каб потым імі пастраляць з пальца. — Вось так, шаноўныя панове… гэта ўсё было ў сакавіку… І вось неяк у нядзелю пяць тысяч горцаў выправіліся за горад — папрактыкавацца ў стральбе па мішэнях. Так усе пяць тысяч і прайшлі праз горад, і ва ўсіх у руках стрэльбы. Пастралялі — і назад. Толькі і ўсяго. З тае пары ціха стала. Гарадскія апалчэнцы здалі дубінкі назад, крамнікі сядзяць па сваіх крамах, нікога не збілі, нікога ў смале і пер'і не выкачалі, усе засталіся цэлыя і здаровыя. — Запанавала доўгае маўчанне. Нарэшце чалавек у чорным капелюшы сказаў: — Тут яны ўжо нешта дужа разышліся. Лагер спалілі, людзей нашых б'юць. Я ўсё думаю… Стрэльбы ёсць ва ўсіх. Можа, і нам завесці клуб аматараў стральбы па мішэнях і збірацца ўсім кожную нядзелю?
Людзі паглядзелі на яго, зноў апусцілі вочы долу і неспакойна заварушыліся на кукішках, пераносячы цяжар цела з адной нагі на другую.