Неяк вечарам ва Ўідпэтчскім лагеры, калі доўгія перыстыя аблокі навіслі над тым месцам, дзе за гарызонт апусцілася сонца, палымнеючы па краях ад яго водсветаў, сям'я Джоўдаў доўга не разыходзілася пасля вячэры, маці не адразу ўзялася за посуд.
— Нешта трэба рабіць, — сказала яна і вачамі паказала на Ўінфілда. — Зірніце на яго. — Усе павярнулі галовы да хлопчыка. — Ён тузаецца і круціцца ў сне. Бачыце, які бледны? — Усе сарамліва апусцілі галовы. — На адных праснаках сядзіць. Мы тут ужо месяц. Том папрацаваў усяго пяць дзён. А астатнія? Скрабяцеся недзе цэлымі днямі, а работы ніяк не знойдзеце. І шчыра пагаварыць баіцеся. Грошы канчаюцца. А вы баіцеся пагаварыць. Павячэраеце — і хто куды. Духу не хапае пагаварыць начыстату. А трэба. Разашарна ўжо хутка разродзіцца, а зірніце, якая яна бледная. Прыйшоў час пагаварыць. І няхай ніхто з вас не падымаецца з месца, пакуль мы не абмяркуем, як далей жыць. Сала засталося на адзін дзень, мукі — на два, і яшчэ ёсць з дзесятак бульбін. Вось і пасядзіце, паварушыце мазгамі!
Усе маўчалі, пазіраючы сабе пад ногі. Бацька счышчаў складаным ножыкам гразь з-пад сваіх тоўстых пазногцяў. Дзядзька Джон паторгаў адшчэпленую трэску на скрыні, на якой сядзеў. Том ушчыкнуў пальцамі ніжнюю губу і адцягнуў яе ад зубоў.
Ён адпусціў губу і ціха прамовіў:
— Мы шукаем, ма. Ходзім паўсюль пеша, бо бензіну не набярэшся. Заходзім у кожныя вароты, у кожны дом, хоць і ведаем — без толку. Цяжка на душы. Шукаць работу і ведаць — усё роўна нічога не знойдзеш.
Маці гнеўна сказала:
— Якое вы маеце права падаць духам? Сям'я гіне. Няма ў вас такога права.
Бацька ўважліва агледзеў выскрабены пазногаць.
— Давядзецца ехаць адсюль, — сказаў ён. — Вельмі не хочацца, а давядзецца. Лагер добры, і людзі тут добрыя. Усё баімся, што трапім у які-небудзь новы гувервіль.
— Раз трэба, дык трэба. Галоўнае — каб есці было што.
Умяшаўся Эл:
— Бензін у мяне ёсць — цэлы бак. Не хацеў толькі вам казаць.
Том усміхнуўся:
— Эл у нас хоць і шалапут, а, бывае, цяміць.
— Ну, думайце, — сказала маці. — Больш я не магу глядзець, як сям'я галадае. Сала ў мяне на адзін дзень. І ўсё. Разашарна абрадзіцца, яе трэба добра карміць. Думайце!
— Тут вада гарачая, туалеты… — пачаў бацька.
— Туалетамі сыты не будзеш.
Том сказаў:
— Сёння прыязджаў адзін, клікаў нас у Мэрысвіль. Фрукты збіраць.
— Чаму ж нам туды не паехаць? — рашуча запыталася маці.
— Сам не ведаю, — адказаў Том. — Нешта не спадабаўся мне гэты чалавек. Вельмі ўжо ўгаворваў. А плата якая, не сказаў.
Маці прамовіла:
— Едзем. Едзем у Мэрысвіль. Няважна, колькі заплацяць. Едзем.
— Вельмі ўжо далёка, — сказаў Том. — На бензін не хопіць. Не дабяромся. Вось ты, ма, кажаш — думайце. А я толькі і раблю, што думаю. Увесь час думаю.
Дзядзька Джон сказаў:
— Тут адзін гаварыў, быццам хутка пачнуць бавоўну збіраць у Туларэ. Ад лагера, кажа, недалёка.
— Трэба ехаць адсюль, і як мага хутчэй. Хоць лагер добры, а я тут усё роўна больш не застануся. — Маці падхапіла вядро і пайшла ў санітарны блок па гарачую ваду.
— Маці ў нас зусім нейкая незгаворлівая стала, — сказаў Том. — Даўно ўжо яе такой злоснай не бачыў. Аж кіпіць.
Бацька з палёгкай уздыхнуў:
— Што ж, яна хоць начыстую загаварыла. Я ўжо колькі начэй не сплю, галава разрываецца. А цяпер можна ўсё адкрыта абмеркаваць.
Маці вярнулася з поўным вядром вады, ад якой ішла пара.
— Ну што, падумалі? — патрабавальна запыталася яна.
— Усё яшчэ вырашаем, — адказаў Том. — А што, калі і праўда на поўнач рушыць — туды, дзе бавоўна? Тут мы ўжо ўсё абшнарылі. Нічога тут не знойдзеш, гэта ясна. Давайце, можа, адразу і пагрузімся, паедзем на поўнач. Якраз паспеем да самага збору. Мне так і карціць ужо адчуць пад рукой бавоўну. Бак у цябе поўны, Эл?
— Амаль поўны — дзвюх цаляў не хапае да верху.
— Думаю, даедзем.
Маці занесла талерку над вядром.
— Ну дык як? — запыталася яна.
Том сказаў:
— Тваё ўзяло, ма. Здаецца, едзем. Так, тата?
— Трэба, думаю, ехаць, — адказаў бацька.
Маці перавяла на яго позірк.
— Калі?
— Марудзіць нельга. Можна і заўтра рана.
— Раніцай і паедзем. Я ж сказала вам, колькі ў нас засталося.
— Ты, ма, не думай, што я не хачу. Я ўжо два тыдні дасыта не еў. Жывот набіваць — набіваў, ды толку ад такой яды мала.
Маці акунула талерку ў вядро.
— Раніцай едзем, — сказала яна.
Бацька хмыкнуў.
— Вось якія часы насталі, — з'едліва сказаў ён. — Раней мужчына ўсім распараджаўся. А цяпер жанчыны камандуюць. Відаць, самая пара прызапасіць дручок.
Маці паставіла на скрыню талерку, з якой яшчэ сцякала вада, і, не падымаючы галавы, усміхнулася:
— Што ж, бацька, прызапась. Вось будзем сытыя, займеем дах над галавой, тады, можа, палка табе і згадзіцца, будзеш пеўнем хадзіць. А цяпер ты сваёй справай не займаешся, не думаеш, не працуеш. Было б так, што ж, мог бы ўзяцца і за дручок, а жанчыны толькі насамі шморгалі б і хаваліся па кутках, як мышы. Думаеш, вось зараз возьмеш палку і наб'еш жанчыну? Не, даражэнькі! Табе давядзецца ўступіць з ёю ў бойку, бо ў мяне таксама палка прыхаваная.
Бацька атарапела ўхмыльнуўся.
— Ты хоць пры дзецях такога не гаварыла б, ім такія словы карысці не прынясуць.
— А ты спярша накармі іх, а пасля разважай, што ім на карысць, а што не, — адрэзала маці.
Бацька абурана падняўся і пайшоў ад палаткі, дзядзька Джон паплёўся за ім.
Рукі маці ўсё яшчэ плюхаліся ў вадзе, але позірк яе скіраваўся ў спіны мужчын, і яна з гордасцю сказала Тому:
— Ён малайчына. Трымаецца яшчэ. У яго рукі свярбяць даць мне лупцоўкі.
Том засмяяўся:
— Ты што ж гэта — наўмысна яго раз'ятрываеш?
— А што ж ты думаў? Мужчына іншы раз мучыцца, мучыцца, усе пячонкі сабе выгрызае, потым кладзецца і памірае з тугі. А калі яго як след раззлаваць, тады ўсё добра. Бацька слова грубага не вымавіў, але аж ашалеў ад злосці. Цяпер ён мне пакажа.
Эл падняўся са скрыні:
— Пайду крыху прайдуся па лагеры.
— Лепш машыну праверыў бы перад дарогай, — напомніў яму Том.
— Ужо ўсё праверана.
— Калі не так, маму на цябе напушчу.
— Ну праверыў я яе. — Эл пакрочыў між палатак.
Том уздыхнуў:
— А я нешта стаміўся, ма. Можа, і мяне ты раззлуеш?
— Ты разумнейшы, Том. Злаваць цябе без толку. Ты мая апора. Астатнія… што тыя госці… усе, акрамя цябе. А ты не здасі, Том.
Увесь цяжар клаўся на яго плечы.
— Не па нутры мне гэта, — сказаў ён. — Я пагуляць хачу, як Эл. І ўзлавацца хачу, як тата, альбо напіцца, як дзядзька Джон.
Маці пакруціла галавой:
— Нічога ў цябе не выйдзе, Том. Я ведаю. З тае пары ведаю, як ты яшчэ маленькі быў. У цябе не атрымаецца. Ёсць людзі, якія заўсёды застаюцца самі сабой, больш нічым. Вось Эл — малец, на ўме ў яго адны дзяўчаты. Ты ніколі такім не быў, Том.
— Быў, быў. І цяпер такі.
— Не. Што б ні рабіў, ты застаешся самім сабой. Я гэта заўсёды ведала. Ты толькі языком іншы раз любіш памалоць.
— Не, ма, ты гэта кінь. Усё не так. Табе толькі здаецца.
Маці паклала нажы і відэльцы на груду талерак.
— Магчыма. Можа, і здаецца. Разашарна, вытры посуд і прымі яго.
Ружа Сарона цяжка паднялася з месца, выпнуўшы свой вялікі жывот. Яна ляніва падышла да скрыні і ўзяла ў рукі памытую талерку.
Том сказаў:
— Так разадзьмулася, што нават вочы ў бакі палезлі.
— Не трэба пакепліваць з яе, — сказала маці. — Яна ў нас малайчына. А ты пайшоў бы развітаўся з кім трэба.
— Ага. І пайду даведаюся, ці далёка туды ехаць.
Маці сказала Ружы Сарона:
— Ён усё гэта кажа не з жадання пакрыўдзіць цябе. А дзе Руці з Уінфілдам?
— Я бачыла, яны пабеглі за татам.
— Ну і няхай.
Ружа Сарона ўпраўлялася з посудам. Маці непрыкметна прыгледзелася да яе.
— Як ты сябе адчуваеш? Шчокі ў цябе нешта запалі.
— Мне сказалі, малако трэба піць, а я не п'ю.
— Ведаю, што трэба. Ды яго няма.
Ружа Сарона паныла сказала:
— Каб Коні не пайшоў ад нас, мы б цяпер з ім жылі ў сваім доміку, ён вучыўся б і ўсё такое. І малако б мы куплялі. І дзіця здаровым нарадзілася б. А цяпер здаровым не будзе. Малако мне піць трэба. — Яна засунула руку ў кішэню фартуха і нешта паклала ў рот.
— Што ты там грызеш? Пакажы, — сказала маці.
— Нічога.
— Але ж ты нешта грызеш, паказвай.
— Проста драбочак вапны. Я знайшла вялікі кавалак.
— Гэта ж усё роўна, што зямлю есці!
— Мяне цягне на яе.
Маці доўга маўчала. Яна напяла каленямі спадніцу. Нарэшце сказала:
— Я гэта разумею. Неяк раз я з'ела кавалак вугалю, калі хадзіла цяжарная. Вялікі кавалак. Бабка сказала, гэтага нельга рабіць. А пра дзіця сваё ты такіх слоў не гавары. Нават думаць пра гэта ты права не маеш.
— Ні мужа. Ні малака.
— Калі б ты была здаровая, я ўсыпала б табе як след. Аплявуху заляпіла б. — Маці паднялася і пайшла пад брызент. Неўзабаве вярнулася, падышла да дачкі і працягнула руку. — Глянь! — У руцэ ў яе былі маленькія зялёныя завушніцы. — Гэта табе.
Вочы ў Ружы Сарона на момант пасвятлелі, але яна адразу адвяла іх убок.
— У мяне вушы не праколатыя.
— А мы іх зараз праколем. — Маці зноў паспешліва пайшла ў палатку і вярнулася з кардоннай скрыначкай у руках. Яна хуценька ўцягнула нітку ў іголку, здвоіла яе і завязала на ёй некалькі вузельчыкаў. Пасля прасунула нітку ў другую іголку, таксама завязала на ёй вузельчыкі і выняла са скрыначкі кавалак корка.
— Ой, забаліць, забаліць! — спужалася Ружа Сарона.
Маці падышла да дачкі, паклала корак ёй пад мочку вуха і пракалола яе, канец іголкі ўпёрся ў корак.
Ружа Сарона скурчылася:
— Ой, коле! Мне будзе балець.
— Мацней балець не будзе.
— Будзе, будзе!
— Ну добра. Давай спярша глянем з другога боку. — Маці падклала корак пад другое вуха і пракалола іголкай мочку.
— Балець будзе!
— Ціха! — сказала маці. — Гэта ўсё.
Ружа Сарона здзіўлена паглядзела на яе. Маці перарэзала ніткі, зняла іголкі і ўцягнула ў абедзве мочкі па вузельчыку.
— Ну вось, — сказала яна. — Цяпер будзем кожны дзень працягваць па вузельчыку, праз два тыдні загаіцца, і ты зможаш надзець завушніцы. Вазьмі, цяпер яны твае. Схавай пакуль дзе.
Ружа Сарона асцярожна памацала вушы і паглядзела на кропелькі крыві, што засталіся на пальцах.
— Зусім не баліць. Толькі крышачку ўкалола.
— Даўно трэба было гэта зрабіць. — Маці глянула дачцэ ў твар і пераможна ўсміхнулася. — Ну канчай з талеркамі. Дзіця будзе ў цябе добрае. Ледзь не забылася, што табе ўжо хутка, а вушы не праколатыя. Ну, цяпер не страшна.
— А хіба гэта мае якое-небудзь значэнне?
— А як жа. Вядома, мае значэнне.
Эл шпацырнай хадою ішоў між палатак у бок танцавальнай пляцоўкі. Каля адной палаткі ён ціхенька свіснуў і пакрочыў далей. За рысай лагера ён сеў на траву.
Чырвоная акаймоўка воблакаў, што сабраліся на захадзе, цяпер ужо пагасла, і асяродак у іх пачарнеў. Эл пачухваў ногі і пазіраў у вячэрняе неба.
Праз некалькі хвілін да яго падышла бялявая дзяўчына, мілавідная, з выразнымі рысамі твару. Яна моўчкі апусцілася на траву побач з Элам. Ён абняў яе за талію, і пальцы яго пачалі забірацца крыху вышэй.
— Кінь, — сказала дзяўчына. — Козытна.
— Заўтра мы едзем, — сказаў Эл.
— Заўтра? Куды? — Дзяўчына спалохана паглядзела на яго.
— Далей, на поўнач, — безуважна прамовіў Эл.
— Але ж мы збіраліся пажаніцца, ці ж не так?
— Ну і пажэнімся, калі-небудзь.
— Ты ж казаў, што зусім хутка! — занервавалася дзяўчына.
— Хутка бывае па-рознаму.
— Ты ж абяцаў! — Пальцы яго забраліся яшчэ вышэй. — Адчапіся, — крыкнула дзяўчына. — Ты казаў, што пажэнімся.
— Ну і пажэнімся.
— Але ж ты едзеш.
— Што ты захвалявалася так? Цябе на кісленькае пацягнула?
— Не.
Эл засмяяўся:
— Выходзіць, я марна час патраціў, га?
Дзяўчына задрала падбародак, ускочыла на ногі.
— Ідзі прэч, Эл Джоўд! І бачыць цябе больш не хачу.
— Ды кінь ты. Што з табой?
— Уявіў сябе ўдальцом залётным!
— Ды пачакай хвілінку.
— Думаеш, я пайду з табой? А як жа! Быццам у мяне іншых няма.
— Ну пачакай!
— Не, сэр! Ідзі прэч!
Раптам Эл ірвануўся наперад, злавіў яе за шчыкалатку і пацягнуў да сябе. Дзяўчына ўпала, ён схапіў яе, моцна абняў і заціснуў рукою яе скажоны злосцю рот. Яна спрабавала ўкусіць руку, але ён выгнуў далонь, а другой рукой прыціснуў яе да зямлі. І праз момант дзяўчына заціхла, а яшчэ праз момант яны ўжо хіхікалі, лежачы ў сухой траве.
— Мы хутка вернемся, — гаварыў Эл. — У мяне будуць поўныя кішэні грошай. Паедзем з табой у Галівуд, у кіно будзем хадзіць.
Яна ляжала на спіне. Эл нахіліўся над ёю. І ўбачыў у вачах у яе адбітак яркай вячэрняй зоркі, і ўбачыў у вачах у яе адбітак чорных воблакаў.
— Мы паедзем на цягніку, — сказаў ён.
— А калі, ты думаеш, гэта будзе? — запыталася яна.
— Ну, можа, праз месяц, — адказаў ён.
Апусціўся вячэрні змрок. Бацька і дзядзька Джон сядзелі на кукішках каля канторы разам з іншымі галовамі сем'яў. Перад вачамі ў іх была ноч і невядомая будучыня. Маленькі адміністратар у пацёртым бездакорна белым касцюме стаяў, абапёршыся локцямі на парэнчы ганка. Твар у яго быў зямлісты, асунуты.
Хастан глянуў на яго і сказаў:
— Вы пайшлі б трохі паспалі, містэр.
— Ага, не шкодзіла б. Мінулай ноччу ў трэцім аддзяленні былі роды. Яшчэ трохі, і я сапраўднай павітухай стану.
— Гэта таксама трэба ўмець, — зазначыў Хастан. — Жанатаму чалавеку ўсё трэба ўмець.
Бацька сказаў:
— Заўтра рана мы едзем.
— Ужо? Куды?
— Думаем падацца крыху далей на поўнач. Магчыма, якраз паспеем на збор бавоўны. Тут без працы сядзім. Есці няма чаго.
— Вы дакладна ведаеце, што там ёсць праца? — запытаўся Хастан.
— Не. Але ж тут яе ўжо напэўна няма.
— Будзе. Крыху пазней будзе, — сказаў Хастан. — Мы вырашылі чакаць.
— Не хочацца ехаць адсюль, — сказаў бацька. — Народ тут добры… і туалеты, і ўсё такое. Але ж ехаць трэба. У нас цэлы бак бензіну. Куды-небудзь дабяромся. Тут мы кожны дзень мыліся пад душам. Я ў жыцці ніколі такі чысты не хадзіў. Дзіўная рэч — раней мыўся раз на тыдзень, і ад мяне нічым не пахла. А цяпер — дзень прапусціш, і ад цябе смярдзіць. Што, гэта ад частага мыцця так?
— Раней вы, можа, не заўважалі, — сказаў адміністратар.
— Магчыма, і так. Вельмі хочацца тут астацца.
Маленькі адміністратар сціснуў скроні далонямі.
— Па-мойму, сёння ноччу ў нас тут будзе яшчэ адзін нованароджаны, — сказаў ён.
— У нас у сям'і таксама неўзабаве чакаецца, — сказаў бацька. — Лепш бы тут раджала. Тут было б лепш.
Том, Уілі і метыс Джул сядзелі на краі танцавальнай пляцоўкі, пакалыхваючы нагамі.
— У мяне цэлы пачак добрага тытуню, — сказаў Джул. — Пасмалім?
— Я б з ахвотай, — сказаў Том. — Чорт ведае калі я апошні раз паліў. — Ён акуратна скруціў цыгарку, стараючыся не рассыпаць карычневых табачынак.
— Так, сэр, шкада, што вы ўжо едзеце, — сказаў Уілі. — Вы людзі добрыя.
Том запаліў папяроску.
— Я многа думаў — ехаць, не ехаць. Госпадзі, хутчэй бы ўжо асесці дзе-небудзь.
Джул узяў у яго свой пачак.
— Нядобра нам жывецца, — сказаў ён. — У мяне дачка маленькая. Думаў, прыеду ў Каліфорнію, у школу яе пашлю. Ды дзе там! На адным месцы мы доўга не затрымліваемся. Пажывеш дзе-небудзь трохі, і трэба цягнуцца далей.
— Хоць бы нам у гэтыя гувервілі зноў трапляць не давялося, — сказаў Том. — Я ў адным нацярпеўся страху.
— А што, шэрыфавы памагатыя ганялі?
— Баяўся, каб не забіць каго з іх, — адказаў Том. — Мы і пабылі ў тым лагеры зусім нядоўга, але я проста кіпеў увесь. Прыехаў палісмен і забраў прыяцеля майго так, нізашто — ён фараону гэтаму слова ўпоперак сказаў. Я ўвесь кіпеў, ледзь стрымаўся.
— А ты баставаў калі-небудзь? — пацікавіўся Ўілі.
— Не, ніколі.
— Я ўсё думаю: чаму шэрыфскія агенты не пранікаюць у наш лагер, не арудуюць тут? Думаеш, гэты маленькі з канторы ім перашкода? Не, сэр!
— Тады што ж? — запытаўся Джул.
— Вось я табе і скажу: тое, што мы ўсе заадно. Калі палісмен захоча каго-небудзь загрэбці, ён павінен перабраць увесь лагер. А на гэта ў яго духу не хопіць. Бо варта нам толькі раз крыкнуць, і ўмомант чалавек дзвесце прыбяжыць. Нядаўна адзін арганізатар выступаў у нас тут, каля дарогі. Гэтак паўсюль можна рабіць, кажа. Трымайцеся толькі гуртам. З дзвюма сотнямі людзей жарты дрэнныя. Шэрыфавы людзі толькі адзіночак вылоўліваюць.
— Ну, а што, калі і будзе саюз? — сказаў Джул. — Трэба ж, каб у яго важакі былі. А схопяць важака, і куды дзеўся твой саюз?
— Што ж, — адказаў Уілі, — калі-небудзь давядзецца над гэтым падумаць. Я тут цэлы ўжо год, а заработная плата ўсё падае і падае. Цяпер сям'ю ніяк не пракорміш сваёй працай, і з дня на дзень усё горш робіцца. Што ж нам, сядзець склаўшы рукі і з голаду паміраць? Проста не ведаю, што рабіць. Гаспадар коней корміць, нават калі яны без работы стаяць, — як міленькі. А вось калі на яго людзі працуюць, пляваць ён на іх хацеў. Выходзіць, коні яму куды даражэйшыя за людзей. Не разумею я гэтага.
— Мне ўжо і думаць абрыдла, — сказаў Джул. — А думаць трэба. У мяне вось дачка маленькая. Самі ведаеце — прыгажуня. Ёй нават тут прыз за прыгажосць далі. А што з ёю далей будзе? На вачах худзее. Вынесці гэтага не магу. Такая прыгожая… Я не вытрымаю, учыню што-небудзь.
— Што? — запытаўся Ўілі. — Што ты ўчыніш? Пойдзеш красці? У турму сядзеш. Заб'еш каго? На шыбеніцу пойдзеш.
— Не ведаю, — сказаў Джул. — У галаве ўсё блытаецца, як падумаю. Проста ў галаве ўсё блытаецца.
— А мне запомняцца гэтыя танцы, — сказаў Том. — Нідзе яшчэ я такіх прыстойных не бачыў. Што ж, спаць ужо час класціся. Ну, будзьце здаровы. Дзе-небудзь яшчэ, можа, стрэнемся.
— Абавязкова, — сказаў Джул.
— Ну, усяго добрага. — Том пайшоў ад іх, і яго паглынула цемра.
У палатцы Джоўдаў Руці і Ўінфілд ляжалі ў цемры на адным матрацы, побач з маці. Руці прашаптала:
— Ма!
— Што табе? Ты не спіш?
— Ма… а там… ну куды мы едзем, кракет будзе?
— Адкуль я ведаю. Спі. Заўтра рана ад'язджаем.
— Лепш застанемся, тут ёсць кракет, а там?
— Ш-шш!..
— Ма, Уінфілд вечарам набіў аднаго хлопчыка.
— Дрэнна зрабіў.
— Ага, дрэнна. Я яму так і сказала. Ён яго па носе ляснуў. Кроў так і хлынула, а божа мой!
— Не трэба так гаварыць. Так гаварыць нядобра.
Уінфілд павярнуўся тварам да іх.
— Ён абазваў нас Окі! — з абурэннем сказаў ён. — А пра сябе кажа: я не Окі, я з Арэгона, а вы паганыя Окі. Ну я яму і даў.
— Ш-шш… Дрэнна зрабіў. Ад яго мянушак табе шкоды ніякай.
— А я не хачу, каб ён абзываў нас, — са злосцю сказаў Уінфілд.
— Ш-ш… Спіце.
Руці сказала:
— Ты бачыла б — кроў як хлыне, усю кашулю яму заліла.
Маці высунула руку з-пад коўдры і лёгенька ўдарыла Руці пальцам па шчацэ. Дзяўчынка замерла на міг, потым зашмыгала носам і ціха заплакала.
У санітарным блоку, у дзвюх суседніх кабінках, сядзелі бацька і дзядзька Джон.
— Хоць напаследак добра пасядзім, — сказаў бацька. — Добрая прыбіральня. Памятаеш, як малыя напалохаліся, калі першы раз ваду спусцілі?
— Я і сам адчуваў сябе ніякавата, — сказаў дзядзька Джон. Ён акуратна падцягнуў штаны да каленяў. — Кепска мне. Адчуваю, што хутка зноў саграшу.
— Не саграшыш. Ты ж зусім без грошай. Мацуйся. Грэх абыдзецца даляры ў два, не менш, а ў нас такіх грошай няма.
— Няма. Але ў мяне думкі грэшныя.
— Ну што ж. Думаць можна і бясплатна.
— Усё роўна грэх.
— Затое куды танней.
— Ты з грэхам не жартуй.
— Я не жартую. Давай грашы. Ты заўсёды носішся са сваімі грахамі, якраз калі чорт ведае што робіцца.
— Гэта праўда, — сказаў дзядзька Джон. — Са мной заўсёды так. Але вы і паловы маіх грахоў не ведаеце.
— Ну і трымай іх пры сабе.
— Вось і з гэтымі ўнітазамі так — сяджу, а сам адчуваю — грэх.
— Тады ідзі ў кусты. Ну, падцягвай штаны, і пойдзем хоць трохі паспім. — Бацька надзеў на плечы шлейкі камбінезона і зашпіліў спражку. Потым спусціў ваду і доўга стаяў, задуменна пазіраючы, як яна бурліць у ракавіне.
Было яшчэ цёмна, калі маці разбудзіла сваю сям'ю. Праз расчыненыя дзверы санітарных блокаў сачылася кволае святло дзяжурных начных лямпачак. З суседніх палатак даносіліся разнастайныя гукі пахрапвання.
— Падымайцеся, вылазьце з палаткі, — сказала маці. — Час ужо ехаць. Хутка развіднее. — Яна падняла скрыпучы шчыток ліхтара і запаліла кнот. — Уставайце ўсе, уставайце!
На зямлі пад брызентавым навесам ляніва заварушыліся, скінулі з сябе байкавыя і ватовыя коўдры, сонныя вочы жмурыліся на святло. Маці нацягнула сукенку на кашулю, у якой спала.
— Кавы няма, — гаварыла яна. — Ёсць некалькі бліноў. Іх можна з'есці ў дарозе. Ну, падымайцеся, будзем грузіцца на машыну. Давайце, давайце! Толькі цішэй, а то суседзяў пабудзім.
Прайшло яшчэ некалькі хвілін, перш чым Джоўды канчаткова стрэслі з сябе сон.
— Нікуды не бегаць! — папярэдзіла маці Ўінфілда і Руці. Усе апрануліся. Мужчыны знялі брызент з распоркі і пачалі грузіць рэчы на машыну. — Раўней кладзіце, каб было зручна, — сказала маці. Яны паклалі зверху матрацы і перакінулі брызент цераз папярочную жэрдку.
— Ну вось, ма, — сказаў Том. — Можна ехаць.
У маці ў руцэ была талерка з халоднымі блінамі.
— Добра. Бярыце па адным. Больш у нас нічога няма.
Руці і Ўінфілд схапілі па бліну і залезлі на паклажу. Там яны ўкрыліся коўдрай і заснулі, не выпускаючы з рук халодных зачарсцвелых бліноў. Том сеў за руль, націснуў на стартэр. Ён хрыпла загуў і праз момант сціх.
— Каб цябе чорт, Эл! — вылаяўся Том. — У цябе ж акумулятар сеў.
Эл прыйшоў у лютасць:
— А як яго, халеру, перазарадзіш, калі бензіну ў абрэз?
Том крыва ўсміхнуўся:
— Ну не ведаю, але гэта твая віна. Цяпер давядзецца заводзіць уручную.
— Кажу ж табе, не мая.
Том вылез з кабіны і дастаў з-пад сядзення завадную ручку.
— Выходзіць, мая, — сказаў ён.
— Давай сюды. — Эл схапіў завадную ручку. — Пастаў на позняе, а то руку мне адарве.
— Добра. Ну, задай жару.
Эл круціў з усяе сілы — адзін абарот, другі, яшчэ і яшчэ. Нарэшце матор завёўся, зафыркаў, потым зароў. Том асцярожна прыглушыў яго — пераставіў запальванне на больш ранняе і паменшыў падачу газу.
Маці села побач з ім.
— Гэтак увесь лагер перабудзім, — сказала яна.
— Нічога, зноў заснуць.
Эл улез у кабіну з другога боку.
— Тата з дзядзькам Джонам селі наверх, — сказаў ён. — Хочуць даспаць.
Грузавік пад'ехаў да галоўных варот лагера. Вартаўнік выйшаў з канторы і правёў промнем ліхтара па машыне.
— Хвілінку пачакайце, — сказаў ён.
— А што такое?
— Вы зусім адсюль едзеце?
— Зусім.
— Тады трэба вас выкрэсліць.
— Выкрэслівайце.
— Куды кіруеце?
— Хочам падацца крыху далей на поўнач.
— Ну, жадаю шчасця.
— І мы вам таксама. Бывайце.
Грузавік асцярожна абагнуў насып. Том вёў машыну па той самай дарозе, па якой яны прыехалі ў лагер, — міма гарадка Ўідпэтч і далей на захад, да шашы № 99, а там — на поўнач па шырокай шашэйнай дарозе, якая вяла да Бейкерсфілда. Ужо развіднела, калі яны пад'ехалі да гарадской ускраіны.
Том сказаў:
— Куды ні кінь вокам, усюды рэстараны. І ў кожным каву падаюць. А вунь, гляньце, начны рэстаран яшчэ працуе. Ручаюся, у іх хоць заліся гарачанькай!
— Заткніся ты! — сказаў Эл.
Том ашчэрыўся ўсмешкай:
— А ты, як я пагляджу, паспеў ужо падчапіць дзяўчыну ў лагеры.
— Ну і што?
— Сёння ён у нас нешта вельмі зласлівы. Дрэнная мне кампанія.
Эл раздражнёна буркнуў:
— Хутка я адаб'юся ад вас. Аднаму, без сям'і, нашмат лягчэй.
— Праз дзевяць месяцаў у цябе ў самога сям'я будзе, — сказаў Том. — Думаеш, не бачыў, як ты стараўся?
— Не дуры, — сказаў Эл. — Я ў гараж наймуся, буду ў рэстаранах есці.
— А праз дзевяць месяцаў абзавядзешся жонкай з дзіцем.
— Не, гэтага не будзе.
— Надта разумны ты стаў, Эл. Глядзі, каб па галаве табе добра не далі.
— Хто гэта?
— Заўсёды знойдзецца хто.
— Думаеш, калі ты сам…
— Ну хопіць, спыніся, — не дала Элу дагаварыць маці.
— Я першы пачаў, — сказаў Том. — Захацелася падражніць яго. Я гэта без злосці, Эл. Не ведаў, што ты так прывязаўся да гэтай дзяўчыны.
— Няма такой дзяўчыны, да якой я вельмі ўжо прывязаўся б.
— Ну не, дык не. Пасварыцца са мной табе не ўдасца.
Грузавік выязджаў з горада.
— Вунь колькі тут забягалавак з гарачымі сасіскамі — цэлая процьма, — сказаў Том.
Маці сказала:
— Я адзін даляр прыхавала, Том. Табе вельмі хочацца кавы? На, бяры.
— Не, ма. Я проста так, жартам.
— Бяры, калі табе ўжо так захацелася.
— Не, не вазьму.
Эл сказаў:
— Тады сціхні — кава, кава!
Том памаўчаў. Потым сказаў:
— Быццам толькі ўчора тут быў. Вось і дарога, па якой мы той ноччу ехалі.
— Спадзяюся, з намі нічога такога ўжо ніколі не здарыцца, — сказала маці. — Жахлівая была ноч.
— Ага, нядобрая.
Справа ад іх узыходзіла сонца, і вялікі цень ад грузавіка бег збоку па дарозе, скачучы па штыкетніку. Яны ехалі паўз адбудаваны нанава Гувервіль.
— Гляньце, — сказаў Том. — Тут зноў жывуць. Быццам нічога і не здарылася.
Кепскі настрой памалу пакінуў Эла.
— Мне адзін расказваў, што ў некаторых лагерах пятнаццаць ужо ці дваццаць разоў усё дашчэнту спальвалі. Людзі адседзяцца ў лазняку і зноў робяць сабе якую-небудзь буду з пустазелля. Як суслікі. Так ужо прывыклі да гэтага, быццам і гора ім мала. Ім гэта як непагадзь.
— Ага, мне тая ноч таксама як непагодлівая была, — сказаў Том. Яны ехалі ўсё далей і далей па шырокай шашы. Ад цеплаватых сонечных промняў па крыху астылым целе прабягалі дрыжыкі. — А раніцамі пачынае ўжо пашчыпваць. Хутка ўжо зіма. Хоць бы трохі грошай зарабіць да халадоў. Зімой у палатцы не пасядзіш.
Маці ўздыхнула, падняла галаву.
— Том, — сказала яна, — зімой трэба жыць у доме. Разумееш? Руці яшчэ нічога, а Ўінфілд зусім стаў слабенькі. Да прыходу дажджоў у нас павінен быць дом. У гэтых краях, кажуць, як з вядра лье.
— Знойдзем домік, ма. Ты не хвалюйся. Будзе табе дом.
— Абы дах над галавой быў і падлога пад нагамі, каб дзеткі не на голай зямлі спалі.
— Пастараемся, ма.
— Больш я даймаць цябе не буду.
— Зробім, ма.
— Мне проста іншы раз страшна робіцца. Усю храбрасць сваю губляю.
— Нешта не бачыў я, каб ты яе калі-небудзь згубіла.
— Начамі бывае.
Недзе наперадзе пачулася рэзкае шыпенне. Том моцна абхапіў рукамі абаранак руля і да канца націснуў на тормаз. Грузавік здрыгануўся і стаў.
— Ну вось і ўсё, — уздыхнуў Том і адкінуўся на спінку сядзення.
Эл выскачыў з кабіны і падбег да пярэдняга правага кола.
— Цвік! І які вялікі!
— Чым залатаць ёсць?
— Няма, — адказаў Эл. — Усё чыста ў ход пусцілі. Гума дык ёсць, а клею няма.
Том глянуў на маці і сумна ўсміхнуўся:
— Не трэба было табе пра свой даляр гаварыць. Мы як-небудзь і без яго адрамантавалі б. — Ён вылез з машыны і падышоў да спушчанага кола.
Эл паказаў на доўгі тоўсты цвік, што тырчаў у сплюшчанай пакрышцы.
— Вунь які!
— Калі ва ўсім наваколлі ёсць хоць адзін-адзінюткі цвік, мы абавязкова напорамся на яго, — сказаў Том.
— Што-небудзь сур'ёзнае? — крыкнула ім маці.
— Не, не вельмі, а ўсё ж рамонт.
Усе саскочылі з паклажы на дарогу.
— Пракол? — запытаўся бацька, убачыў спушчаную шыну і замаўчаў.
Том папрасіў маці падняцца і дастаў з-пад сядзення бляшанку з гумай для латання камер. Ён разгарнуў палоску гумы, узяў цюбік з клеем і лёгенька сціснуў яго пальцамі.
— Амаль зусім пусты, — сказаў ён. — Можа, і хопіць. Ну добра, Эл, падкладзі што-небудзь пад заднія колы. Будзем падымаць дамкратам.
Том і Эл працавалі дружна. Падклалі камяні пад заднія колы, падставілі дамкрат пад пярэднюю вось, паднялі правае кола і знялі з яго праколатую шыну. Потым знайшлі дзірку на камеры, намачылі ў бензабаку анучку і працёрлі камеру на месцы праколу. Эл туга расцягнуў камеру на каленях, Том разарваў цюбік напалам, сцізорыкам наклаў на гуму тонкі слой клею і старанна размазаў яго вакол дзіркі.
— Цяпер няхай падсохне, а я пакуль што латку выражу. — Том падраўняў краі і скасіў кант сіняй латкі. Эл зноў расцягнуў камеру, і Том асцярожна паставіў латку. — Вось так. Цяпер пакладзі яе на падножку, а я прыпляскаю. — Ён нямоцна ўдарыў некалькі разоў малатком, потым расправіў камеру і ўважліва агледзеў краі латкі. — Ну вось! Па-мойму, вытрымае. Надзявай на вобад, мы яе напампуем. Твой даляр, ма, здаецца, уцалее.
Эл сказаў:
— Вось каб была ў нас запаска! Трэба мець запасную камеру, Том, і каб яна была ўжо на вобадзе і надзьмутая. Тады ніякі пракол і ноччу не страшны.
— Калі ў нас будзе столькі грошай, што хопіць на запасны скат, мы купім на іх кавы і мяса, — сказаў Том.
Рэдкія ў гэты ранні час машыны шпарка праносіліся па шашы, сонца ярчэла і пачынала мацней прыграваць. З паўднёвага захаду лёгкімі, як дыханне, павевамі дзьмуў пяшчотны ветрык, і горы абапал шырокай даліны ледзь праступалі праз перламутравы туман.
Том пампаваў камеру, калі на другім баку дарогі раптам спынілася легкавая машына, што ішла з поўначы. З яе вылез чалавек у светла-шэрым касцюме і пайшоў цераз шашу да грузавіка. Капелюша на ім не было. Загарэлы твар яго расплыўся ў белазубай усмешцы. На безыменным пальцы левай рукі блішчаў масіўны залаты пярсцёнак. На тонкім ланцужку, прычэпленым да камізэлькі, матляўся маленькі залаты шарык у выглядзе футбольнага мяча.
— Добрай раніцы, — ветліва павітаўся чалавек.
Том адарваў вочы ад ручной помпы, падняў галаву.
— Добрай раніцы, — адказаў ён.
Чалавек правёў пальцамі па падстрыжаных «пад вожык» крыху ўжо пасівелых валасах.
— Вы, можа, работу шукаеце?
— Канешне, шукаем, містэр. Пад усе масніцы зазіраем.
— Персікі збіраць умееце?
— Ніколі яшчэ не збіралі, — адказаў бацька.
— Мы ўсё ўмеем, — паспешліва прагаварыў Том. — Усё, што толькі ёсць, умеем збіраць.
Чалавек пакратаў пальцам залаты мячык на ланцужку.
— Дык вось, міль за сорак адсюль на поўнач колькі хочаце работы.
— Мы б з ахвотай папрацавалі, — сказаў Том. — Растлумачце, як туды дабрацца, і мы наўскач панясёмся.
— Кіруйце да Пікслі — гэта трыццаць пяць ці трыццаць шэсць міль адсюль, там павернеце на ўсход. Праедзеце міль шэсць і спытаеце ферму Гупера. Працы там хоць адбаўляй.
— Так і зробім.
— Можа, вы ведаеце, дзе яшчэ ёсць людзі, што шукаюць працу?
— Канешне, ведаем, — адказаў Том. — У лагеры каля Ўідпэтча такіх шмат знойдзецца.
— Пад'еду туды. Набраць многа можам. Дык не забудзьцеся — ад Пікслі на ўсход і так трымаць да самай фермы Гупера.
— Так і зробім, — паўтарыў Том. — Вялікі вам дзякуй, містэр. Нам праца да зарэзу патрэбна.
— Добра. Едзьце і не марудзьце. — Чалавек перайшоў дарогу, сеў у сваю машыну і пакіраваў на поўдзень. Том налёг на ручку помпы.
— Па дваццаць разоў будзем, — сказаў ён. — Раз, два, тры, чатыры… — Пасля дваццаці за помпу ўзяўся Эл, за ім бацька, потым дзядзька Джон. Пакрышка разадзьмулася, стала пухлай і гладкай. Кожны браўся за помпу па тры разы. — Цяпер давайце апусцім, глянем.
Эл аслабіў дамкрат, пярэдняя вось апусцілася.
— Добра надзьмулі, — сказаў ён. — Можа, нават і залішне.
Яны пакідалі інструмент у кабіну.
— Ну, усе па месцах, паехалі, — крыкнуў Том. — Нарэшце работа ў нас будзе.
Маці зноў села пасярэдзіне. За руль цяпер узяўся Эл.
— Лягчэй, Эл. Не перагрэй матора.
Яны ехалі ўсцяж залітых ранішнім сонцам палёў. Туман падняўся ўжо над вяршынямі ўзгоркаў, і яны віднеліся цяпер выразна — бурыя, з цёмна-ліловымі складкамі. Дзікія галубы ўзляталі з агароджаў пры набліжэнні грузавіка. Эл мімаволі павялічыў скорасць.
— Не гані, — перасцярог яго Том. — Будзеш націскаць на газ, латка не вытрымае. Нам абы даехаць. Магчыма, ужо сёння пойдзем працаваць.
Маці ўсхвалявана загаварыла:
— Калі вы ўсе чацвёра сёння ўладкуецеся, магчыма, крама адразу дасць мне ў доўг. Перш-наперш вазьму кавы, бо вы ўжо згаладаліся па ёй, тады мукі, соды і мяса. Без костак браць не буду. Гэта як-небудзь потым. Можа, у суботу. І мыла. Мыла абавязкова. Не ведаю яшчэ, дзе паселімся. — Яна гаварыла, не сціхаючы. — І малака. Абавязкова вазьму малака Разашарне, ёй яно вельмі неабходна. Медыцынская сястра ў лагеры казала.
Перад машынай па нагрэтым сонцам бетоне шашы паўзла змяя. Эл крута павярнуў, пераехаў яе і зноў вярнуўся на сваю паласу.
— Земляная, — сказаў Том. — Дарэмна ты яе раздушыў.
— Цярпець іх не магу, — сказаў Эл. — Усялякіх. Ад аднаго іх выгляду мяне нудзіць.
Да поўдня рух на шашы зрабіўся больш інтэнсіўны — бліскучыя лімузіны коміваяжораў з маркамі кампаній на дзверцах; чырвона-белыя бензавозы з бразгатлівымі ланцугамі, якія цягнуліся ззаду: вялізныя, з квадратнымі дзверцамі, фургоны аптовых бакалейшчыкаў, што развозілі тавар. Мясцовасць абапал дарогі здзіўляла сваім багаццем. Фруктовыя сады ў густой лістоце, вінаграднікі, у міжраддзі якіх доўгія атожылкі лоз густым зялёным дываном усцілалі зямлю. Градкі з дынямі, збожжавыя палі. Сярод зелені бялелі дамкі, аплеценыя ружамі. І залатое, цёплае сонца над усім гэтым.
Маці, Том і Эл, седзячы ў кабіне, не памяталі сябе ад шчасця.
— Даўно ўжо я так не радавалася, — сказала маці. — Калі збяром многа персікаў, мы, можа, і дом сабе займеем, ну хоць ноймем месяцы на два. Без дома нам ніяк нельга.
Эл сказаў:
— Я буду грошы адкладваць. Збяру трохі, перабяруся ў горад і ўладкуюся ў якім-небудзь гаражы. Буду жыць на кватэры, есці ў рэстаранах. У кіно кожны вечар хадзіць. Білеты недарагія. На каўбойскія фільмы. — Рукі яго мацней абхапілі абаранак руля.
Вада ў радыятары забурліла, з яго з шыпеннем пачала вырывацца пара.
— Ты заліў радыятар вадой? — запытаўся Том.
— Заліў. Вецер у спіну, таму і кіпіць.
— Цудоўны сёння дзянёк, — сказаў Том. — У Макалестары, бывала, працуеш, а ў думках толькі адно: як я зажыву там, на волі. Ад жыцця ўсё вазьму, хай хоць зямля гарыць пад нагамі, ні перад чым не спынюся. Як даўно, здаецца, гэта было! Быццам шмат гадоў з тае пары мінула. Там адзін наглядчык усё прыдзіраўся. У мяне рукі на яго свярбелі. Таму я, пэўна, такую злосць вялікую на гэтых фараонаў маю. Усе яны быццам на адзін твар. А ў таго морда была чырвоная. Парсюк парсюком. У яго, казалі, брат жыве недзе тут, на Захадзе. Каго выпусцяць з падпіскай, ён накіроўвае яго да брата, і яны там занішто на яго працуюць. А заўпарціцца хто, яго хоп! — і назад у турму за парушэнне падпіскі. Так расказвалі.
— А ты не думай пра гэта, — мякка сказала маці. — Вось накупляю я ўсякай яды — мукі, топленага сала…
— Само думаецца. Адганяеш такія думкі, а яны ўсё роўна лезуць у галаву. Там быў адзін прыдурак. Я вам пра яго яшчэ не расказваў. Крыху хуліганісты такі. Але бяскрыўдны. Усё задумляў уцёкі. Яму мянушку далі — Хуліган, — Том ціха засмяяўся.
— Выкінь з галавы, — зноў папрасіла маці.
— Давай далей, — сказаў Эл. — Раскажы пра яго.
— А тут нічога такога няма, мама, — сказаў Том. — Ён увесь час рыхтаваўся да ўцёкаў. Бывала, план складзе, а маўчаць пра яго не можа, і неўзабаве ўсім ужо ўсё вядома, нават начальніку турмы. Толькі ён пачне ажыццяўляць свой план, а яго за ручкі і назад у камеру. І вось неяк раз ён намаляваў на паперы месца, дзе пералезці збіраўся. Вядома ж, паказаў нам усім, а мы — маўчок. Пасля прагулкі ён не вярнуўся, а мы маўчым. Аказваецца, ён дастаў недзе вяроўку і пералез цераз сцяну. А ўнізе шэсць ахоўнікаў — стаяць з вялізным мехам напагатове. Хуліган спакойненька сабе спускаецца і трапляе проста ў раскрыты мех. Завязалі яго з галавой і так, у мяху, прывалаклі ў камеру. Усе ледзь з рогату не памерлі. А ён пасля гэтага захандрыў. Плача ўсё і плача, зусім духам упаў і страшэнна затужыў. Вялікая яго крыўда ўзяла. Неўзабаве шпількай успароў сабе вены і крывёю сцёк. Не перанёс крыўды. А сам нікому зла не зрабіў. Якіх толькі вар'ятаў там не стрэнеш.
— Не кажы так пра людзей, — сказала маці. — Вось я памятаю Прыгажунчыка Флойда, я маці яго ведала. Нічога ў ім благога не было. Проста жыццё загнала яго ў кут.
Сонца набліжалася да зеніту, і цень ад грузавіка змізарнеў і бег пад коламі.
— Вунь ужо, відаць, і Пікслі, — сказаў Эл. — Толькі што праехалі ўказальнік з надпісам.
Яны праехалі гарадок і павярнулі на ўсход па вузейшай дарозе. Фруктовыя сады абапал шашы ператварылі яе ў калідор.
— Думаю, ферму знойдзем лёгка, — сказаў Том.
Маці сказала:
— Ён гаварыў, што ферма належыць Гуперу і што кожны пакажа дарогу. Відаць, там і крама паблізу ёсць. Магчыма, у доўг дадуць — усё ж чацвёра працуюць. Я згатавала б добрую вячэру, толькі каб у доўг далі. Можа, нават і мяса ўволю стушу…
— І кавы вазьмі, — сказаў Том. — І, можа, нават пачак «Дэрэма». Свайго тытуню я ўжо век, здаецца, не паліў.
Далёка наперадзе дарога была блакіравана скопішчам машын, а ўздоўж абочын ланцугом стаялі белыя матацыклы.
— Няйначай, аварыя, — вырашыў Том.
Калі яны набліжаліся да хваставой машыны, з-за яе выйшаў палісмен у высокіх шнураваных чаравіках і з афіцэрскай партупеяй. Ён падняў руку, і Эл спыніў грузавік. Палісмен спакойна прынік да акенца кабіны:
— Куды едзеце?
— Нам казалі, што недзе тут блізка збіраюць персікі, — адказаў Эл.
— На працу хочаце ўладкавацца?
— Ага, хочам, — адказаў Том.
— Добра. Пачакайце хвілінку. — Палісмен падышоў да краю дарогі і крыкнуў камусьці наперадзе:— Яшчэ адна машына! Цяпер усяго шэсць. Прапусцім усю калону.
Том крыкнуў яму:
— Гэй! Што тут такое?
Патрульны, не спяшаючыся, вярнуўся.
— Там нейкая затрымка. Вы не хвалюйцеся — праедзеце. Толькі без абгону.
Застракаталі матацыклетныя маторы. Машыны рушылі наперад, грузавік Джоўдаў ішоў апошні. Двое матацыклістаў ехалі наперадзе, двое ззаду.
Том затрывожыўся:
— Не разумею, у чым справа.
— Можа, аб'езд, — выказаў здагадку Эл.
— Дык навошта тады гэтыя матацыклісты? Не падабаецца нешта мне гэта.
Пярэднія матацыклы прыбавілі скорасць. Калона старых машын таксама пайшла шпарчэй. Эл стараўся не адстаць.
— У гэтых машынах такія ж людзі, як мы, — сказаў Том. — Не па нутры мне гэта.
Раптам матацыклы ў галаве калоны збочылі з шашы на пасыпаную жвірам пад'язную дарогу. Машыны павярнулі за імі. Матацыклы імчаліся з аглушальным трэскам. Уздоўж дарогі, у кювеце, Том убачыў людзей — усе мужчыны, убачыў іх раскрытыя раты — відаць, яны нешта крычалі, убачыў іх сціснутыя кулакі і гнеўныя твары. Нейкая тоўстая жанчына кінулася да машын, але адзін з матацыклістаў перарэзаў ёй дарогу. Высокія сеткаватыя вароты расчыніліся, усе шэсць машын заехалі ў іх, і вароты зачыніліся. Матацыклы развярнуліся і на вялікай хуткасці панесліся назад. Цяпер, калі грукат матацыклетных матораў сціх, сталі чутны крыкі людзей, што тоўпіліся ў прыдарожнай канаве. За варотамі, на ўсыпанай жвірам дарозе, былі двое з драбавікамі. Адзін з іх закрычаў:
— Далей, далей, давайце далей! Чаго сталі?
Машыны паехалі наперад, потым усе шэсць павярнулі налева і апынуліся ў лагеры для зборшчыкаў фруктаў. У ім было пяцьдзесят маленькіх домікаў, падобных да скрынь — пляскаты дах, адно акенца і дзверы. Гэтыя домікі-скрыні стаялі правільным прамавугольнікам. У канцы лагера ўзвышалася цыстэрна з вадой. З другога боку была маленькая бакалейная крамка. Уздоўж кожнага рада домікаў па двое расхаджвалі людзі з драбавікамі; на кашулях у іх былі вялікія сярэбраныя зоркі.
Машыны спыніліся. Двое канторшчыкаў абышлі ўсе шэсць па чарзе.
— На працу хочаце наняцца?
— Вядома, хочам. Але што тут такое робіцца?
— Вас гэта не датычыцца. Праца вам патрэбна?
— Ну я ж сказаў.
— Прозвішча?
— Джоўд.
— Мужчын колькі?
— Чацвёра.
— Жанчын?
— Дзве.
— Дзяцей?
— Двое.
— Працаваць усе могуць?
— Думаю, усе.
— Добра. Знайдзіце домік нумар шэсцьдзесят тры. Плата — пяць цэнтаў за скрыню. Пабітыя фрукты не прымаем. Ну едзьце. Адразу ж выходзьце на працу.
Машыны паехалі далей. На дзвярах кожнага доміка, афарбаванага ў чырвоны колер, быў намаляваны нумар.
— Шэсцьдзесят. Тут шасцідзесяты, — сказаў Том. — Значыць, крыху далей. Шэсцьдзесят адзін, шэсцьдзесят два… Вось і наш.
Эл падвёў грузавік да самых дзвярэй доміка. Верхнія пасажыры саскочылі з машыны і пачалі разгублена азірацца па баках. Да доміка падышлі двое шэрыфавых памагатых. Яны пільна ўглядаліся кожнаму мужчыну ў твар.
— Прозвішча?
— Джоўд, — нецярпліва адказаў Том. — Скажыце, што тут у вас адбываецца?
Адзін палісмен выняў з кішэні доўгі спіс.
— У мяне такое не значыцца. Табе яно ніколі на вочы не траплялася? Правер па нумары машыны.
— Не, такога ў мяне няма. Як быццам усё ў парадку.
— Цяпер слухайце. Не рабіце нам ніякіх непрыемнасцей. Займайцеся сваёй справай, не лезьце, куды вас не просяць, і ўсё будзе добра. — Абодва палісмены крута павярнуліся і пайшлі. У канцы пясчанай вулачкі яны селі на скрыні, адкуль маглі назіраць за ўсім радам домікаў.
Том доўга глядзеў на іх.
— Гэта каб мы адчувалі сябе як дома.
Маці адчыніла дзверы і ўвайшла ў домік. Падлога заплюхана салам. У адзіным пакоіку стаяла ржавая жалезная печка — і больш нічога. Ножкамі ёй служылі дзве цагліны, іржавы бляшаны комін быў прасунуты праз дзірку ў столі-даху. У пакоі моцна пахла падгарэлым салам і потам. Ружа Сарона стала каля маці.
— І тут мы будзем жыць?
Памаўчаўшы трохі, маці адказала:
— Ну а дзе ж? Памыем, і не так ужо і кепска будзе. Трэба тут добра паскрэбці.
— У палатцы лепш, — сказала Ружа Сарона.
— Тут падлога ёсць, — нагадала ёй маці. — А ў дождж працякаць не будзе. — Яна павярнулася да дзвярэй. — Разгружацца трэба.
Мужчыны моўчкі знімалі паклажу з грузавіка. Нейкае трывожнае пачуццё авалодала імі. Вялікі прамавугольнік домікаў-скрынь маўчаў. Па вулачцы прайшла жанчына, але нават не зірнула на прыезджых. Галава ў яе была апушчаная, падол бруднай сарпінкавай сукенкі абтрапаўся і вісеў шматкамі.
Агульная паныласць перадалася Руці і Ўінфілду. Яны не кінуліся разведваць новае месца — стаялі каля самага грузавіка, каля дарослых, і тужліва паглядалі на пыльную вулачку — то ў адзін бок глянуць, то ў другі. Уінфілд падабраў з зямлі кавалак пакавальнага дроту, перагнуў яго некалькі разоў і зламаў. Тады загнуў кароткі абломак каленцам і пачаў круціць яго ў руцэ.
Калі Том з бацькам пачалі пераносіць матрацы ў дом, да грузавіка падышоў канторшчык у зелянковых штанах і ў сіняй кашулі з чорным гальштукам. Праз тоўстыя шкельцы акуляраў у сярэбранай аправе вызіралі блізарукія, пачырванелыя вочы, зрэнкі іх глядзелі пільна, ва ўпор, як агеньчыкі начных ліхтароў. Канторшчык выцягнуў шыю, разглядаючы Тома.
— Трэба ўнесці вас у спіс, — сказаў ён. — Колькі чалавек пойдзе працаваць?
— Нас чацвёра мужчын, — адказаў Том. — А праца цяжкая?
— Збор персікаў. Аплата здзельная. Пяць цэнтаў за скрыню.
— Можна і дзецям збіраць?
— Чаму ж не. Толькі каб акуратна.
У дзвярах паказалася маці.
— Вось прыбяру і таксама пайду памагу. Нам няма чаго есці, містэр. Нам заплацяць адразу?
— Не, грошай адразу не дадуць. Але можна браць у крэдыт у краме на тое, што вам налічаць.
— Дык хадзем, чаго марудзіць, — сказаў Том. — Я сёння да ночы хачу мяса з хлебам паесці. Куды нам ісці, містэр?
— Я сам іду туды. Ідзіце са мной.
Том, бацька, Эл і дзядзька Джон пакрочылі следам за канторшчыкам па пясчанай вулачцы, увайшлі ў сад і апынуліся сярод персікавых дрэў. Вузкае лісце ўжо зажаўцелася. Персікі абсыпалі галіны маленькімі залаціста-чырвонымі шарыкамі. Сярод дрэў узвышаліся піраміды пустых скрынь. Людзі снавалі па садзе — рвалі персікі ў вёдры, з вёдраў перакладалі ў скрыні, адносілі поўныя скрыні на прыёмачны пункт, а там, каля грузавікоў, іх чакалі прыёмшчыкі, якія ставілі адзнакі супраць прозвішча зборшчыка.
— Яшчэ чацвярых прывёў, — сказаў канторшчык у акулярах.
— Добра. Раней калі-небудзь збіралі?
— Не, ніколі, — адказаў Том.
— Рабіце ўсё акуратна. Каб не было ні пабітых, ні ападу. А самі паб'яце — не прымем. Вунь вёдры, бярыце.
Том падняў трохгалонавае вядро і агледзеў яго.
— Усё дно дзіравае.
— Правільна, — сказаў блізарукі канторшчык. — Гэта каб не кралі. Ну, вунь ваш рад, пачынайце.
Чацвёра Джоўдаў узялі па вядру і пайшлі да персікавых дрэў.
— Яны тут марна час не трацяць, — сказаў Том.
— Прасвяты божа! — прастагнаў Эл. — Я лепш у гаражы працаваў бы.
Бацька пакорліва ішоў за Томам, але тут ён раптам рэзка павярнуўся да Эла.
— Кінь ты гэтыя штучкі! — сказаў ён. — І енчыш, і жалішся, і стогнеш. Працаваць трэба. Глядзі, не такі ты ўжо вялікі, магу і адлупцаваць.
Кроў кінулася ў твар Элу. Ён увесь кіпеў ад злосці.
Том падышоў да яго:
— Перастань, Эл. Хлеб і мяса. Трэба на іх зарабіць.
Яны абіралі з дрэў персікі і кідалі ў вёдры. Том вельмі спяшаўся — не хадзіў, а бегаў. Адно вядро да верху, яшчэ адно. З вядра ён высыпаў персікі ў скрыню. Трэцяе вядро. Скрыня напоўнілася да краёў.
— Пяціцэнтавік зарабіў, — сказаў Том весела, падняў на плечы скрыню і панёс на прыёмачны пункт. — Тут на пяць цэнтаў, — абвясціў ён прыёмшчыку.
Той зазірнуў у скрыню, перавярнуў некалькі персікаў.
— Стаў вунь туды. Не пойдуць, — сказаў ён. — Казаў табе — не пабі. Ты проста з вядра ў скрыню вывальваў? Амаль усе да аднаго пабітыя. Прыняць не магу. Іх трэба класці асцярожненька, а так толькі марна час траціш — ні цэнта не атрымаеш.
— Як гэта так?.. Во халера…
— Лягчэй, лягчэй. Цябе з самага пачатку папярэдзілі.
Том панурыўся.
— Добра, — сказаў ён. — Добра. — І паспешліва вярнуўся да сваіх. — Можаце ўсё выкідаць, што сабралі. У вас не лепшыя, чым у мяне. Такіх не прымаюць.
— Якога чорта… — пачаў быў Эл.
— З імі трэба асцеражней. Не кідаць у вядро, акуратна класці.
Джоўды пачалі ўсё спачатку і цяпер абыходзіліся з персікамі далікатна. Скрыні напаўняліся ўжо не так хутка.
— Зараз мы нешта прыдумаем, — сказаў Том. — Зробім так: Руці з Уінфілдам і, можа, яшчэ Разашарна будуць перакладаць іх з вёдраў у скрыні, і ў нас пойдзе як па заведзеным. — Ён панёс скрыню да прыёмшчыка. — Ну а гэтыя варты пяціцэнтавіка?
Прыёмшчык агледзеў персікі зверху, потым капнуў на глыбіню другога-трэцяга рада.
— Вось цяпер лепш, — сказаў ён і паставіў адзнаку ў спісе. — Галоўнае — не спяшайцеся.
Том шпарка пайшоў назад.
— Пяць цэнтаў ужо ёсць! — крыкнуў ён. — Ужо пяць цэнтаў! Дваццаць такіх скрынь — і даляр!
Дзеці прыселі каля скрынь і пачалі вымаць персікі з вядра і класці іх у скрыню. Неўзабаве каля іх выстраіліся некалькі вёдраў. Том насіў поўныя скрыні на прыёмачны пункт.
— Сёмая, — гаварыў ён. — А гэта восьмая. Сорак цэнтаў зарабілі. За сорак цэнтаў добры кавалак мяса можна купіць.
Было ўжо далёка за поўдзень. Руці паспрабавала ўвільнуць ад працы.
— Я змарылася, — захныкала яна. — Пайду адпачну.
— Нікуды ты не пойдзеш, застанешся тут, — строга сказаў бацька.
Дзядзька Джон працаваў марудна. Пакуль ён набіраў адно вядро, Том паспяваў напоўніць два. Шпарчэй у дзядзькі Джона не атрымлівалася.
У сярэдзіне дня цяжка прытупала маці.
— Я раней паспела б, — сказала яна, — але Разашарна самлела. Страціла прытомнасць. Вы, пэўна, наеліся гэтых персікаў, дзеткі, глядзіце, панос будзе.
Прысадзістае цела маці рухалася жвава. Яна амаль адразу адмовілася ад вядра і збірала фрукты ў фартух. Да захаду сонца Джоўды сабралі дваццаць скрынь.
Том апусціў дваццатую скрыню на зямлю.
— Даляр, — сказаў ён прыёмшчыку. — Да якой гадзіны працуем?
— Дацямна — пакуль відно.
— А цяпер у краме дадуць у доўг? Маці хоча якога-небудзь харчу купіць.
— Безумоўна. Я выдам вам квіток на даляр. — Прыёмшчык напісаў нешта на паперцы і даў яе Тому. Том панёс паперку да маці.
— Вось квіток. Можаш набраць у краме на даляр.
Маці апусціла вядро і расправіла плечы.
— З непрывычкі цяжка, праўда? — сказала яна.
— Дзіва што. Нічога, хутка прывыкнем. Ну давай, ідзі, купі чаго-небудзь паесці.
— А чаго б ты хацеў?
— Мяса. Мяса, хлеба і кавы, кавы з цукрам. Мяса вялікі кавалак.
Руці заныла:
— Мы змарыліся, ма.
— Дык ідзіце са мной.
— Яны, як толькі за працу ўзяліся, ужо стаміліся, — сказаў бацька. — Рады з імі няма. Трэба прыструніць іх як след, а то зусім распусцяцца.
— Вось паселімся дзе-небудзь стала, яны ў школу пойдуць, — сказала маці і пайшла стомленай хадой, Руці і Ўінфілд нясмела пацягнуліся за ёю.
— Мы кожны дзень будзем працаваць у садзе? — запытаўся Ўінфілд.
Маці спынілася, чакаючы, пакуль ён падыдзе, потым узяла хлопчыка за руку і павяла з сабой.
— Праца няцяжкая, — сказала яна. — Вам карысна. І нам падмога. Калі ўсе будзем працаваць, хутка ў сваім доме жыць будзем. Усе павінны, чым могуць, памагаць.
— Але я зусім стаміўся.
— Ведаю. Я таксама стамілася. Усім нялёгка. Трэба пра іншае думаць. Думай пра школу, пра тое, як ты хадзіць у яе будзеш.
— А я ў школу не хачу, ма. І Руці не хоча. Мы бачылі, якія тут дзеці вучацца. Смаркачы нахабныя! Дражняць нас — Окі, Окі! Мы іх бачылі. Я ў школу не пайду.
Маці з жалем глянула на яго белабрысую галаву.
— Не рабі нам непрыемнасцей, хоць пакуль што, — угаворвала яна. — Вось станем на ногі, тады, што ж, капрызь. Толькі не цяпер. Нам цяпер і без таго хапае.
— Я шэсць персікаў з'ела, — паведаміла Руці.
— Ну і панос будзе. А прыбіральні тут паблізу няма.
Крама, якая належала кампаніі, размяшчалася ў павеці з рыфленага жалеза. Вітрыны яна не мела. Маці адчыніла сеткаватыя дзверы і ўвайшла. За прылаўкам яна ўбачыла чалавека вельмі маленькага росту. Ён быў зусім лысы, і голая галава яго сям-там адлівала сінню. Густыя цёмныя бровы высокай дугой узнімаліся над вачамі, і ад гэтага твар яго здаваўся нейкім здзіўленым, крыху нават спалоханым. Доўгі, тонкі, кручкаваты, як птушыная дзюба, нос, ноздры, зарослыя рыжаватымі валаскамі. На рукавах сіняй кашулі чорныя сацінавыя нарукаўнікі. Калі маці ўвайшла, ён стаяў, аблакаціўшыся на прылавак.
— Добры вечар, — павіталася маці.
Прадавец з цікавасцю паглядзеў на яе. Дуга над яго вачамі паднялася яшчэ вышэй.
— Добры вечар, — адказаў ён.
— У мяне квіток на даляр.
— Можаце на даляр узяць, — сказаў прадавец і віскліва хіхікнуў. — Вось так. На адзін даляр. На цэлы даляр. — Ён павёў рукой, паказваючы на свой тавар. — Што хочаце бярыце. — Ён акуратна паправіў нарукаўнікі.
— Думаю мяса ўзяць.
— У нас мяса ёсць усякае. Вось, напрыклад, фарш. Возьмеце фаршу? Дваццаць цэнтаў фунт.
— Ці не завельмі дорага? Па-мойму, апошні раз я брала за пятнаццаць.
— Правільна, — зноў ціха хіхікнуў прадавец. — Але ў той жа час не так ужо і дорага. А паедзеце па фарш у горад, амаль галон бензіну спаліце. Выходзіць, не так у нас і дорага. І бензіну ў вас, відаць, няма.
Маці строга сказала:
— У вас жа не пайшоў галон бензіну, каб прывезці гэтае мяса сюды.
Прадавец весела засмяяўся:
— Вы ўсё дагары нагамі перавярнулі. Мы мяса не купляем, а прадаем. А каб куплялі, ну што ж, тады справа іншая.
Маці прыклала два пальцы да губ і засяроджана насупіла бровы.
— Тут адзін тлушч і храсткі.
— За гэтае мяса я не ручаюся, можа, яно і не зварыцца. І за тое, што сам еў бы яго, таксама не ручаюся. Ды мала чаго я не рабіў бы.
Маці гнеўна глянула на яго, але спакойным тонам запыталася:
— А таннейшае мяса ёсць?
— Булённыя косткі, — адказаў прадавец. — Дзесяць цэнтаў фунт.
— Тут жа адны косткі.
— Адны косткі, — пацвердзіў прадавец. — Смачны суп будзе. Наварысты.
— А супавае мяса ёсць?
— Безумоўна. Дваццаць пяць цэнтаў.
— Давядзецца, відаць, без мяса абысціся. Але і мяса хочацца. Прасілі мяса ўзяць.
— Мяса ўсім хочацца, яно ўсім патрэбна. Вось добры фарш. Сала вытапіце, пойдзе на падліўку. Добры фарш. Нічога ў глум не пойдзе. Костак выкідаць не давядзецца.
— А пачым… пачым бакавіна?
— Вунь куды махнулі! Гэта ядуць толькі на Каляды і ў Дзень дзякавання. Трыццаць пяць цэнтаў фунт. Каб у мяне была індзейка, я б вам яе танней прадаў.
Маці ўздыхнула:
— Дайце два фунты фаршу.
— Слухаю, мэм. — Прадавец лапаткай паклаў бледнага фаршу на навошчаную паперу. — Што вам яшчэ?
— Хлеба.
— Калі ласка. Вялікі бохан пятнаццаць цэнтаў.
— Цана яму дванаццаць.
— Зусім правільна. Едзьце проста ў горад і купляйце за дванаццаць. Галон бензіну. Што яшчэ возьмеце? Бульбу?
— Ага, бульбу.
— Чвэрць даляра пяць фунтаў. Маці пагрозліва пасунулася да яго:
— Наслухалася я ад вас тут — хопіць! Я ведаю, якія цэны ў горадзе.
Маленькі прадавец падціснуў губы:
— Тады едзьце ў горад.
Маці паглядзела на сваю сціснутую ў кулак руку.
— Што ж гэта такое? — ціха сказала яна. — Вы гаспадар крамы?
— Не. Я толькі прадавец.
Навошта ж вы падсмейваецеся? Вам лягчэй ад гэтага? — Маці глянула на свае сцёртыя да бляску маршчыністыя рукі. — Хто ж тут гаспадар?
— Акцыянернае таварыства «Ферма Гупера», мэм.
— Яна і цэны вызначае?
— Так, мэм.
Маці падняла на яго вочы і слаба ўсміхнулася.
— Усе, хто сюды прыходзіць, вось так злуюць на вас?
Прадавец памаўчаў крыху, перш чым адказаць.
— Так, мэм.
— І таму вы жарты строіце?
— Што вы маеце на ўвазе?
— Такім паганствам займаецеся. Вам і самому сорамна, га? Мусіце аджартоўвацца? — Голас у маці гучаў мякка. Прадавец, як зачараваны, пазіраў на яе і маўчаў. — Значыць, так, — сказала яна. — Сорак цэнтаў — мяса, пятнаццаць — хлеб, дваццаць пяць — бульба. Усяго восемдзесят цэнтаў. А кава колькі?
— Самая танная — дваццаць цэнтаў, мэм.
— Выходзіць даляр. Працавалі сямёра і вось на якую вячэру зарабілі. — Маці зноў глянула на свае рукі. — Запакуйце, — паспешліва прагаварыла яна.
— Слухаю, мэм. Дзякую вам. — Прадавец паклаў бульбу ў пакет і акуратна загнуў яго зверху. Потым пакасіўся на пакупніцу і хуценька перавёў вочы на прылавак. Маці сачыла, як ён пакуе, ледзь прыкметна ўсміхаючыся.
— Як жа вы пайшлі на такую работу? — запыталася яна.
— Чалавеку есці трэба, — адказаў прадавец і рашуча паўтарыў: — Чалавеку трэба есці.
— Якому чалавеку?
Прадавец паклаў на прылавак чатыры пакеты.
— Фарш, бульба, хлеб, кава. Роўна на даляр.
Маці падала яму квіток і пачакала, пакуль ён запіша прозвішча і суму ў журнал.
— Ну вось, — сказаў ён. — Цяпер мы ў разліку.
Маці ўзяла з прылаўка пакеты.
— Яшчэ вось што, — сказала яна. — У нас цукру няма да кавы. Сын мой Том хоча з цукрам. Слухайце, нашы цяпер працуюць у садзе. Адпусціце мне цукру, а квіток я потым прынясу.
Прадавец адвёў вочы ад маці, адвёў іх далёка ўбок.
— Не магу, — ціха прамовіў ён. — Такое ў нас правіла. Не магу. Мне ўляціць. Мяне звольняць.
— Нашы ж працуюць у садзе. Яны, пэўна ж, больш за дзесяць цэнтаў зарабілі. Дайце мне толькі на дзесяць цэнтаў. Тому хочацца салодкай кавы. Прасіў цукру купіць.
— Не магу, мэм. Такое правіла. Без квітка тавар не адпускаем. Аканом увесь час мне пра гэта дзяўбе. Не, не магу. Ніяк не магу. Мяне зловяць. Нас заўсёды на чым-небудзь ловяць. Заўсёды. Не магу.
— Нават на дзесяць цэнтаў?
— Ні на колькі не магу, мэм. — Прадавец умольна глянуў на яе. І раптам з твару яго знік страх. Ён выняў з кішэні дзесяціцэнтавую манету і са звонам апусціў у касу. — Вось, — з палёгкай сказаў ён, дастаў з-пад прылаўка маленькі папяровы мяшэчак, усыпаў у яго шуфлікам трохі цукру, узважыў і падсыпаў яшчэ крыху. — Калі ласка, — сказаў ён. — Усё ў парадку. Прынясеце квіток, і я вылічу свае дзесяць цэнтаў.
Маці не зводзіла з яго вачэй. Рука яе пацягнулася да мяшэчка з цукрам і паклала яго зверху на пакупкі.
— Дзякуй вам, — ціха сказала яна і пайшла да дзвярэй. На парозе абярнулася. — Адно я цвёрда завучыла. Увесь час вучуся гэтаму, з дня ў дзень. Калі ў цябе бяда, ці крыўда якая, або нястача — ідзі да беднякоў. Толькі яны памогуць, больш ніхто. — Сеткаватыя дзверы зачыніліся за ёю.
Маленькі чалавечак аблакаціўся на прылавак, пазіраючы ўслед пакупніцы сваімі здзіўленымі вачамі. Стракаты сыты кот ускочыў на прылавак, ляніва падышоў да прадаўца і пацёрся аб яго плячо. Ён выцягнуў руку і прыціснуў ката да шчакі. Кот гучна замурлыкаў, павільваючы кончыкам хваста.
Том, Эл, бацька і дзядзька Джон вярталіся з саду ўжо ў цемры. Яны ледзь валаклі ногі ад стомы.
— Хто б мог падумаць — усяго толькі руку працягваеш, персік зрываеш, а спіна проста разломваецца, — паскардзіўся бацька.
— Дні праз два пройдзе, — сказаў Том. — Паслухай, та, пасля вячэры я думаю пайсці разведаць, што там такое было перад варотамі. Спакою мне гэта не дае. Пойдзеш са мной?
— Не пайду, — адказаў бацька. — Хачу хоць трохі папрацаваць і ні пра што іншае не думаць. Апошні час толькі і рабіў, што мазгі сабе круціў, замучыў іх зусім. Не, пасяджу крыху і спаць залягу.
— А ты, Эл?
Эл адвёў вочы ўбок.
— Я, бадай што, пахаджу тут па лагеры, пагляджу, — сказаў ён.
— Дзядзька Джон, ясна, не пойдзе. Што ж, пайду адзін. Вельмі цікавасць разбірае.
Бацька сказаў:
— А ў мяне тады цікавасць разгарыцца, калі фараонаў тут паменшае.
— Ноччу, магчыма, іх там не будзе, — выказаў думку Том.
— Праверку ім рабіць я не збіраюся. Ідзі, толькі маці не кажы куды. А то яна месца сабе не знойдзе, так занепакоіцца.
Том павярнуўся да Эла:
— Табе што, зусім не цікава?
— Я лепш па лагеры пахаджу.
— Дзяўчат шукаць?
— Гэта мая справа, — агрызнуўся Эл.
— А я ўсё ж пайду, — сказаў Том.
Джоўды выйшлі з саду на пясчаную вулачку між двух радоў чырвоных халуп. Сям-там з дзвярэй сачылася цьмянае жоўтае святло газавых ліхтароў, а ўсярэдзіне, у паўзмроку кухань-пакояў рухаліся чорныя цені людзей. У канцы вулачкі ўсё яшчэ сядзеў каравульны, прыставіўшы драбавік да каленяў.
Параўняўшыся з ім, Том спыніўся.
— Тут ёсць дзе памыцца, містэр?
Каравульны прыгледзеўся да яго ў цемры, потым сказаў:
— Бачыш цыстэрну?
— Бачу.
— Там шланг ёсць.
— А вада гарачая?
— А ты хто такі? Джон Пірпант Морган?
— На жаль, не. Добрай ночы, містэр.
Каравульны пагардліва прабурчаў:
— Гарачая вада! Яшчэ чаго захацеў. Хутка, чаго добрага, ванну прыняць захочуць. — Ён змрочна паглядзеў услед чацвярым Джоўдам.
З-за вугла выйшаў другі каравульны.
— Ты што, Мак?
— Ды ўсё гэтыя Окі паганыя. Адзін тут пытаецца: «Гарачая вада ёсць?»
Другі каравульны апусціў прыклад на зямлю.
— Усё праз гэтыя ўрадавыя лагеры, — сказаў ён. — Той, хто пытаўся, ручаюся, таксама там пабыў. Не, пакуль з гэтымі лагерамі мы не пакончым, дабра не чакай. Не паспееш азірнуцца, у цябе чыстых прасцін запатрабуюць!
Мак запытаўся:
— Ну а за варотамі там як? Што новенькае?
— Цэлы дзень сёння гарлапанілі. Цяпер паліцыя штата за іх узялася. Пакажа гэтым малойчыкам, дзе ракі зімуюць. Кажуць, там нейкі цыбаты такі сукін сын усіх падбухторвае. Сёння ноччу, я чуў, яго схопяць, і тады ўсёй гэтай заварусе канец будзе.
— Калі ўсё так хутка ўладзіцца, мы без справы застанемся, — сказаў Мак.
— Не бойся, не застанемся. У нас жа гэтыя чортавы Окі. За імі трэба сачыць і сачыць. А калі ўжо завельмі ціхія стануць, можна і разварушыць іх трохі.
— Будзе нам што рабіць, калі плату ім зрэжуць.
— Будзе, вядома, будзе. Не, ты не бойся — без работы не застанемся, пакуль Гупер пад корань рэжа.
У доміку Джоўдаў гучна гуў агонь у печцы. На патэльні пырскалі салам і шыпелі катлеты, у кацялку з бульбай булькатала вада. У пакоі было поўна дыму, і жоўтае святло ліхтара кідала на сцены густыя чорныя цені. Маці завіхалася каля печкі, а Ружа Сарона сядзела на пустой скрынцы, падпіраючы каленямі свой цяжкі жывот.
— Ну як, цяпер табе трошкі лепш? — запыталася ў яе маці.
— Ад гэтага паху з пліты мяне муціць. І есці хочацца.
— Пайдзі ў дзвярах пасядзі. Мне ўсё роўна скрыню трэба разламаць.
Гурмой уваліліся мужчыны.
— Далібог, мяса! — усклікнуў Том. — І кава! Як смачна пахне! Ну і згаладаўся я! Колькі персікаў з'еў, а наедку ніякага. Памыцца дзе, ма?
— Схадзіце да цыстэрны. Там памыецеся. Толькі што я Руці з Уінфілдам туды паслала.
Мужчыны выйшлі.
— Ну ўставай, Разашарна, — загадала маці. — У дзвярах пасядзі або на матрацы. Мне скрыню трэба разламаць на шчэпкі.
Ружа Сарона паднялася, абапіраючыся на скрыню рукамі, цяжка пайшла да матраца і села на яго. У пакой ціхенька ўвайшлі Руці і Ўінфілд і моўчкі прытуліліся да сцяны, стараючыся быць як мага больш непрыкметнымі.
Маці паглядзела на іх.
— Чуе маё сэрца, вы радыя, што ў нас тут цемнавата, — сказала яна і раптам ступіла да Ўінфілда і памацала яго валасы. — Ну ясна — мокрыя, а гразь як была, так і засталася.
— Мы ж без мыла, — паскардзіўся Ўінфілд.
— Ага, без мыла. Не змагла яго купіць. Сёння не магла. Заўтра, можа, купім. — Маці зноў падышла да печкі, паставіла талеркі на скрыню і пачала раскладаць на іх вячэру. Дзве катлеты і адна вялікая бульбіна на кожную талерку і яшчэ тры скібкі хлеба. Потым разліла па талерках гарачае сала з-пад катлет. Мужчыны вярнуліся з мокрымі тварамі, валасы ў іх блішчалі ад вады.
— А падаць мне вячэру! — выгукнуў Том.
Усе ўзялі свае порцыі. Елі моўчкі, прагна і дачыста выціралі хлебам падліўку з талерак. Дзеці панеслі свае талеркі ў кут пакоя, паставілі іх на падлогу і, апусціўшыся на калені, як звяркі, прыпалі да ежы. Том праглынуў апошні кавалак хлеба.
— Яшчэ ёсць, ма?
— Няма, — адказала маці. — Гэта ўсё. Вы зарабілі даляр, на даляр і было.
— Толькі ўсяго?
— У іх тут гандлююць з надбаўкай. Трэба будзе ў горад з'ездзіць, як надарыцца магчымасць.
— Я не пад'еў, — сказаў Том.
— Заўтра цэлы дзень будзеце працаваць. Я вас добра накармлю… вячэрай.
Эл выцер губы рукавом.
— Пайду пахаджу тут трохі, — сказаў ён.
— Пачакай, і я з табой. — Том пайшоў за Элам. У цемры ён блізка падышоў да брата. — Дык пойдзеш са мной?
— Не. Я ж сказаў — тут пахаджу.
— Як хочаш. — Том павярнуўся і не спяшаючыся пакрочыў па вулачцы. Дым ад комінаў над дамкамі слаўся нізка, ліхтары вымалёўвалі на зямлі светлыя плямы вокнаў і дзвярных праёмаў. На прыступках ганкаў сядзелі людзі і пазіралі ў цемру. Том бачыў, як яны паварочвалі галовы, праводзячы яго позіркам. Ад апошняга доміка дарога пайшла па скошанай сенажаці, на якой у зорным святле чарнелі копы сена. Тонкі сярпок месяца нізка вісеў на заходнім небасхіле, а над галавой доўгім светлым воблакам цягнуўся Млечны Шлях. Ногі Тома мякка ступалі па пыльнай дарозе — цёмнай стужцы на жоўтай пакошы. Том засунуў рукі ў кішэні і пайшоў да ўязных варот. Уздоўж дарогі цягнуўся насып. Чутно было, як шапоча вада сярод травы ў арашальнай канаве. Том падняўся на насып, глянуў на цёмную ваду і ўбачыў у ёй расцягнутыя адлюстраванні зорак. А там, наперадзе, пралягала галоўная шаша штата. Яе выдавала мільгаценне аўтамабільных агнёў. Том пайшоў далей. Пры святле зорак відны былі высокія драцяныя вароты.
Збоку ад дарогі варухнулася нечая цёмная постаць. Пачуўся воклік:
— Стой! Хто ідзе?
Том замёр на месцы.
— А ты хто?
З зямлі падняўся чалавек і падышоў да Тома. У яго ў руцэ Том убачыў рэвальвер. Святло кішэннага, ліхтарыка ўдарыла яму ў твар.
— Куды гэта ты выправіўся?
— А так, пагуляць выйшаў. А што, забаронена?
— Гуляй дзе-небудзь далей адсюль.
Том запытаўся:
— Што, з лагера выходзіць нельга?
— Гэтай ноччу нельга. Ну, пойдзеш назад сам ці мне свістком падмогу паклікаць? Цябе сілай назад адвядуць.
— Чорт з ім, мне ўсё роўна. Нельга дык нельга, мне што. Ну, назад пайду.
Цёмная постаць адступіла. Ліхтарык пагас.
— Пра вас жа клапоцімся, разумееш? А то схопяць гэтыя вар'яты пікетчыкі.
— Якія пікетчыкі?
— Ну, гэтыя, халера на іх… чырвоныя.
— А-а… Я нічога пра іх не чуў.
— Ты ж бачыў іх, як сюды ехаў.
— Ну, бачыў нейкіх людзей, але там столькі было палісменаў, што не разабраў, хто дзе. Я падумаў — аварыя.
— Ну, давай, тупай назад.
— Што ж, назад дык назад. — Том павярнуўся і пайшоў. Ён няспешна прайшоў па дарозе ярдаў сто, потым спыніўся і прыслухаўся. Каля арашальнай канавы дзяўкаў янот, недзе далёка зласліва гыркаў на прывязі сабака. Том сеў на абочыне. Ён чуў ціхі клёкат начной птушкі-драпежніка і шолах сцяблінак ад падкрадлівых рухаў звяркоў у атаве. Ён абвёў позіркам няроўную лінію бачнага гарызонту перад сабой і ззаду — і там і тут цёмныя гарбы стажкоў, на іх фоне яго не ўбачаць. Ён падняўся з зямлі і асцярожна збочыў з дарогі направа, на скошаны луг, нахіліўшыся амаль упоравень са стажкамі. Том ішоў паволі, час ад часу спыняўся і прыслухоўваўся. Нарэшце дайшоў да агароджы — пяць радоў туга нацягнутага калючага дроту. Лёгшы на спіну, ён прасунуў галаву пад ніжні рад, крыху падняў дрот рукой і, адпіхваючыся нагамі, пралез на другі бок.
Том хацеў ужо ўстаць, але на краі шашы паказаліся людзі. Ён пачакаў, пакуль яны пройдуць далёка наперад, падняўся і пайшоў у тым самым кірунку. Ён уважліва прыглядаўся, ці няма дзе палатак. Па шашы зрэдку прабягалі машыны. Дайшоўшы да бетоннага мастка над рачулкай, што праразала луг, Том зазірнуў цераз парапет уніз. На дне глыбокага яра віднелася палатка, у якой гарэў ліхтар. З хвіліну ён узіраўся ў яе, убачыў чалавечыя цені на брызенце. Тады пералез цераз нейкую агароджу і пачаў спускацца ў яр, прадзіраючыся праз хмызняк і нізкае вербалоззе. Унізе, каля рэчкі, выйшаў на сцяжынку. Перад палаткай на скрыні сядзеў чалавек.
— Добры вечар, — павітаўся Том.
— А ты хто такі?
— Я… ну… так проста… міма ішоў.
— Каго-небудзь тут ведаеш?
— Не. Кажу ж, міма ішоў.
З палаткі высунулася нечая галава.
— Што там у цябе? — пачуўся голас.
— Кейсі! — усклікнуў Том. — Кейсі! Як ты тут апынуўся?
— А госпадзі! Ды гэта ж Том Джоўд! Ідзі сюды, Томі. Уваходзь.
— Ты яго ведаеш? — здзівіўся чалавек, што сядзеў на скрыні.
— Ці ведаю я яго? Пытанне! Колькі гадоў ужо знаемся. Мы з ім сюды, на Захад, разам прыехалі. Заходзь жа, Том. — Кейсі схапіў Тома за локаць і ўцягнуў у палатку.
У ёй вакол ліхтара сядзелі на зямлі чатыры чалавекі. Яны недаверліва паглядзелі на Тома. Адзін з іх, смуглы, суровы з выгляду мужчына, падаў яму руку.
— Вельмі рады, — сказаў ён. — Я чуў, як цёпла цябе Кейсі сустрэў. Дык гэта той хлопец, пра якога ты нам, Кейсі, гаварыў?
— Ён самы. Ах ты, госпадзі! Дзе ж усе твае? Што ты тут робіш?
— Ды вось, пачулі мы, што тут ёсць праца, — адказаў Том. — Пад'язджаем, а на шашы цэлая плойма палісменаў, ну і загналі нас на гэту ферму. Дацямна персікі збіралі. Перад варотамі нейкія людзі нам нешта крычалі ўслед. А ў чым справа, так мне ніхто і не сказаў. Вось я і пайшоў сюды, каб даведацца, што тут такое робіцца. Якім ветрам цябе занесла сюды, Кейсі?
Кейсі нахіліўся наперад, і жоўтае святло ліхтара асвятліла яго высокі бледны лоб.
— Дзіўнае месца — турма, — сказаў прапаведнік. — Вось адыходзіў я ў пустыню, як Хрыстос, каб там усё добра абдумаць і зразумець. І бывала, сёе-тое праяснялася. А па-сапраўднаму стала ўсё ясна толькі ў турме. — Вочы ў яго былі жывыя і вясёлыя. — Вялікая камера, увесь час поўная. Адны пакідаюць яе, другія прыходзяць. Я, канешне, з усімі гаварыў.
— Дзіва што! — сказаў Том. — Табе абы пагаварыць. Калі б цябе на шыбеніцы вешалі, і то ты паспеў бы з катам слоўцам перакінуцца. Такіх гаваркіх я ў жыцці не бачыў.
Усе пырхнулі ад смеху. Адзін — сухенькі стары з маршчыністым тварам — ляпнуў сябе па калене.
— Усё гаворыць і гаворыць, — сказаў ён. — А людзям гэта даспадобы — слухаюць.
— Ён жа ж прапаведнікам быў, — сказаў Том. — Ці гаварыў ён вам?
— А як жа — гаварыў.
Кейсі шырока ўсміхнуўся.
— Дык вось, — зноў загаварыў ён, — пачаў я ў сім-тым разбірацца. Розныя людзі ў турму трапляюць — хто за п'янства, хто за крадзеж, апошніх пераважная большасць. І крадуць галоўным чынам тое, без чаго нельга абысціся, а дастаць іншым спосабам яны не могуць. Разумееш?
— Не, — адказаў Том.
— Усе яны, па сутнасці, добрыя людзі. А што іх падбіла на злачынства? Нястача. І я пачаў разумець — усё зло ў нястачы. Але да канца яснасці ў мяне не было. І вось аднаго дня даюць нам перакіслыя бабы. Адзін падняў крык, а што толку? Крычыць-надрываецца. Дзяжурны зазірнуў у камеру і пайшоў. Тады другі пачынае крычаць. І тут мы ўжо ўсе падхапілі хорам, цягнем адну ноту, і, паверыш, сцены камеры, здавалася, раздаліся і вось-вось абваляцца ад нашага крыку. Бог ты мой, што тут усчалося! Наглядчыкі забегалі, замітусіліся і, як міленькія, прынеслі другую яду. Цяпер разумееш?
— Не, — адказаў Том.
Кейсі падпёр падбародак далонямі.
— Можа, я не магу табе ўтлумачыць, — сказаў ён. — Можа, табе самому трэба да гэтага дайсці. А дзе кепка твая?
— Пайшоў без яе.
— Сястра твая як?
— А! Растаўсцела, як карова. Ручаюся, двайнят народзіць. Жывот сама раз на колы ставіць. Усё яго рукамі падтрымлівае. А ты мне так і не растлумачыў, што тут такое адбываецца.
Сухенькі стары сказаў:
— Мы бастуем. У нас тут забастоўка.
— Канешне, пяць цэнтаў за скрыню малавата, але пракарміцца ўсё ж неяк можна.
— Пяць цэнтаў? — здзівіўся стары. — Пяць цэнтаў! Вам пяць цэнтаў плацяць?
— Пяць. Сёння мы паўтара даляра зарабілі.
У палатцы запанавала напружаная цішыня. Кейсі доўга моўчкі глядзеў праз уваходны праём палаткі.
— Слухай, Том, — нарэшце сказаў ён. — Мы прыехалі сюды працаваць. Нам паабяцалі пяць цэнтаў. Народу сабралася процьма. Прыходзім у сад, а нам кажуць: два з паловай цэнты. На гэта і адзін не пракормішся, а калі ў цябе дзеці… Мы адмовіліся. Нас выгналі. І тут наляцела цэлая зграя палісменаў. А цяпер вам плацяць па пяць. Калі разгоняць забастоўшчыкаў, думаеш, вам так і будуць па пяць цэнтаў плаціць?
— Адкуль я ведаю, — адказаў Том. — Пакуль што плацяць.
— Слухай. Мы хацелі спыніцца ўсе ў адным месцы, а нас разагналі, як свіней, у розныя бакі. Шмат каго добра пабілі. Як свіней, нас гналі. А вас, як свіней, загналі ў вароты. Мы доўга не пратрымаемся. Некаторыя два ўжо дні нічога ў роце не мелі. Ты сёння назад пойдзеш?
— Хачу сёння.
— Дык вось што… раскажы там людзям пра ўсё, Том. Растлумач ім, што яны мораць нас голадам, а сабе нож у спіну ўсаджваюць. Ясней яснага — як толькі з намі расправяцца, вам тут жа да двух з паловай збавяць.
— Паспрабую, раскажу, — сказаў Том. — Толькі як гэта зрабіць, не ведаю. Ніколі такой аховы не бачыў, усе ўзброеныя. Пэўна, і гаварыць між сабою не дазваляюць. Усе моўчкі міма праходзяць. Вочы долу і хоць бы «дзень добры» сказалі.
— А ты, Том, паспрабуй. Ледзь толькі мы пойдзем адсюль, плату адразу зрэжуць напалову. Ты ж сам ведаеш, што гэта такое — абабраць і перацягаць цэлую тону персікаў усяго за адзін даляр. — Кейсі панурыўся. — Не… так нельга. Так сыты не будзеш. Не пракормішся.
— Ну, паспрабую як-небудзь ім усё растлумачыць.
— А маці як твая?
— А так, нічога. Вельмі ўжо ёй спадабаўся ўрадавы лагер. Душавыя, вада гарачая…
— Ага, я чуў пра гэта.
— Добра было там. Толькі вось працы мы не знайшлі. Мусілі паехаць.
— Хацеў бы я пабыць у такім лагеры, — сказаў Кейсі. — Глянуць, як там і што. Палісмены туды, я чуў, носа не паказваюць.
— Людзі там самі сабе палісмены.
Кейсі здзіўлена падняў на Тома вочы.
— А непарадкі былі? Ну там бойкі, крадзеж, п'янства?
— Не, не было.
— Ну, а калі хто паводзіць сябе блага? Што ў такіх выпадках робяць?
— З лагера выганяюць.
— А часта такое здаралася?
— Не. Мы там месяц пражылі, а ўсяго адзін выпадак быў.
Вочы ў Кейсі заблішчалі. Ён павярнуўся да астатніх мужчын, што сядзелі ў палатцы.
— Во, бачыце? — усклікнуў ён. — Што я вам казаў? Палісмены не столькі непарадкі спыняюць, колькі самі іх разводзяць. Дык слухай, Том, паспрабуй з людзьмі пагаварыць, няхай яны таксама забастуюць. Гэта можна было б зрабіць дні праз два. Персікі ўсе паспелі. Растлумач ім.
— Не забастуюць, — сказаў Том. — Пяць манет атрымліваюць, а ўсё астатняе іх не хвалюе.
— Але ж як толькі гаспадару не патрэбны будуць штрэйкбрэхеры, плаціць ім па пяць цэнтаў не будуць.
— Я не ўпэўнены, што да іх гэта дойдзе. Пяць цэнтаў ім даюць, і больш яны ведаць нічога не хочуць.
— А ты ўсё ж паспрабуй.
— Бацька на гэта не пойдзе, — сказаў Том. — Я яго ведаю. Скажа, не яго справа.
— Яно так, — паныла пагадзіўся Кейсі. — Гэтак, бадай што, і зробіць. Спярша яму трэба, відаць, на сваёй шкуры ўсё зведаць.
— Мы галадалі. А сёння елі мяса на вячэру — трохі, але паелі. Бацька, думаеш, дзеля другіх ад мяса адмовіцца? Маці, думаеш, заморыць даччыно дзіця толькі таму, што за варотамі нехта там горла дзярэ?
Кейсі тужліва сказаў:
— Так хочацца, каб людзі зразумелі. Каб яны зразумелі, што забяспечыць сябе мясам можна толькі так… А, чорт! Падчас такая бярэ мяне стома… Страшэнная стома. Быў з намі ў камеры чалавек адзін. Пры мне яго пасадзілі. Усё хацеў саюз стварыць. У адным месцы ўдалося. Ды неўзабаве наляцелі малойчыкі з «Камітэта пільнасці». І ведаеш, што было? Тыя самыя людзі, якім ён хацеў памагчы, адштурхнулі яго. Не пажадалі знацца з ім. Баяліся паказацца разам з ім. «Ідзі ад нас, — сказалі. — З табой бяды не абярэшся». У турме ён моцна перажываў. А неяк раз кажа: «Не так ужо і кепска, калі гісторыю ведаць. Вазьмі французскую рэвалюцыю — усім, хто яе задумаў, галовы паадсякалі. І так заўсёды было, — кажа. — Зусім натуральна — як дождж з хмарнага неба. Але ж не дзеля забавы ўсё гэта робіш — іначай не можаш. Такая ўжо ў цябе натура. Вось Джордж Вашынгтон. Арганізаваў рэвалюцыю, а пасля ўся сволач на яго апалчылася. І з Лінкальнам тое самае — смерцю яму пагражалі. Натуральна, як дождж».
— Ніякавай забавы тут і блізка няма, — пагадзіўся Том.
— Ясна, няма. А яшчэ ён нам у турме гаварыў: «Ва ўсякім разе, ты стараешся як можаш. Галоўнае, кажа, каб кожны раз рабіць хоць адзін маленькі крок наперад; можа, калі крыху і адступіш, але ніколі не будзе поўнага вяртання назад. Гэта лёгка даказаць, кажа, і гэтым усё апраўдваецца. А значыць, дарэмна нічога не робіцца, хоць часам так можа здацца».
— Усё гаворыш, — сказаў Том. — Гаворыш, гаворыш… Вось вазьмі брата майго — Эла. Ён толькі і ведае, што за дзеўкамі ганяцца. Да астатняга яму справы няма. Дні праз два і тут падчэпіць якую. Цэлымі днямі ў яго толькі адно наўме, начамі можа гэтым займацца. Пляваць ён хацеў на нейкія там крокі — што наперад, што назад, што ўбок.
— Натуральна, — сказаў Кейсі. — Правільна. Ён робіць тое, што яму належыць. І ўсе мы так.
Чалавек, што сядзеў перад палаткай, адкінуў брызентавую полку.
— Нешта не падабаецца мне, каб на яго ліха, — сказаў ён.
Кейсі вызірнуў з палаткі.
— Што там у цябе?
— Ды сам не ведаю. Не па сабе мне. Раз-пораз насцярожваюся, як кошка.
— Дык што ж там такое?
— Сказаць не магу. Раптам здасца, быццам пачую нешта, а прыслухаюся — нічога.
— Проста пужлівы стаў, — сказаў сухенькі стары, падняўся на ногі і выйшаў. Праз момант ён усунуў галаву ў палатку: — Вялікая чорная хмара праплывае. Навальнічная. Вось ад чаго яму не па сабе — ад электрычнасці. — Ён знік у цемры. Астатнія двое ўсталі і выйшлі з палаткі.
Кейсі сказаў Тому:
— Усім ім не па сабе. Палісмены не перастаюць гразіцца дух з нас выбіць і выгнаць з іхняй акругі. А мяне важаком лічаць, бо я шмат гавару.
У палатку зноў зазірнуў маршчыністы твар:
— Патушы ліхтар, Кейсі. І выйдзі. Тут нешта нядобра.
Кейсі прыкруціў кнот. Агеньчык нырнуў у шчыліну, успыхнуў і патух. Прапаведнік навобмацак выйшаў з палаткі. Том — за ім.
— Што такое? — ціха запытаўся Кейсі.
— Не магу сказаць. Вось паслухай.
Безупыннае кваканне жаб злівалася з цішынёй. Сухі, рэзкі строкат цвыркуноў. Але на гэтым фоне чуліся і іншыя гукі — быццам крокі па дарозе, шэлест кустоў уздоўж рачулкі і пахрустванне пясчаных камякоў на яе беразе.
— Нешта нічога не разбяру. Падманліва. Гэта проста ад нерваў, — супакойваў людзей Кейсі. — У нас ва ўсіх нервы напружаныя. Не, нічога такога не чую. А ты, Том?
— А я чую, — адказаў Том. — Ага, чую… Па-мойму, нас акружаюць. Давайце лепш пойдзем адсюль.
Маршчыністы стары шапнуў:
— Пад мост… вунь туды. Шкада толькі палатку пакідаць.
— Пайшлі, — сказаў Кейсі.
Яны ціха пасунуліся па беразе рачулкі да моста. Перад імі паўстаў чорны пралёт — як пячора. Кейсі прыгнуўся і пайшоў пад арку, Том — следам. Ногі іх бязгучна ступілі ў ваду. Яны прайшлі футаў трыццаць, дыханне іх ціхім рэхам аддавалася пад скляпеннем. Яны выйшлі на другі бок і выпрасталіся.
Раптам крык:
— Вунь яны! — Два пучкі святла ад электрычных ліхтароў упалі на іх, уткнуліся ім у твары, асляпілі іх. — Стой, ні з месца! — Галасы ішлі з цемры. — Гэта ён! Лабасты вырадак. Ён самы.
Кейсі, як сляпы, глядзеў на святло. Ён цяжка дыхаў.
— Паслухайце, — сказаў ён. — Вы не ведаеце, што творыце. Вы дзяцей хочаце замарыць голадам.
— Маўчаць, чырвоная сволач!
На святло выйшаў грузны, прысадзісты чалавек. У руцэ ён трымаў новенькае белае дзяржальна ад кіркі.
Кейсі паўтарыў:
— Вы не ведаеце, што творыце.
Чалавек замахнуўся дзяржальнам. Кейсі нырнуў уніз. Цяжкая палка з глухім трэскам ударыла яго па скроні. Кейсі адваліўся ўбок, у цемру.
— Госпадзі, Джордж! Ты, няйначай, забіў яго!
— Пасвяці, — сказаў Джордж. — Таму як і трэба, сволачы. — Пучок святла ўпаў уніз, пашнарыў па зямлі і асвятліў размажджэраную галаву прапаведніка.
Том паглядзеў на Кейсі. Вузкі пучок святла выхапіў з цемры масіўныя ногі Джорджа і новую белую ручку ад кіркі. Том скокнуў моўчкі. Ён выхапіў палку ў Джорджа з рук. Першы ўдар — ён зразумеў адразу — не трапіў у цэль, прыйшоўся па плячы, але другі раз цяжкая палка з усяе сілы апусцілася на галаву, і, калі чалавек паваліўся, на яе абрынуліся яшчэ тры ўдары. Пучкі святла загойсалі з боку ў бок. Пачуліся крыкі, тупат ног, трэск кустоўя. Том стаяў над распластаным на зямлі целам. І раптам — слізгатлівы ўдар па галаве. Тома нібы працяло токам. Ён пабег уздоўж ручая, нізка прыгнуўшыся. Ззаду заплёхалі па вадзе ногі. Том крута збочыў і, прадзіраючыся між кустоў, забраўся ў самы гушчар яданоснага сумаху. Там, прыпаўшы да зямлі, замёр. Крокі набліжаліся, святло электрычных ліхтароў прасвечвала ручай да самага дна. Том паўзком падняўся па адхоне і апынуўся ў фруктовым садзе. Крыкі даносіліся і сюды. Яго шукалі ўнізе, каля ручая. Том нізка прыгнуўся і пабег напрасткі па садовых градах, і камякі зямлі расціскаліся пад яго нагамі, ляцелі ў бакі. Наперадзе ён разгледзеў кустоўе, якое акаймоўвала арашальную канаву. Ён пралез праз жываплот, прадраўся праз вінаграднік і кусты ажыны. Там, хрыпла дыхаючы, лёг на зямлю. Твар і нос у яго анямелі. Нос быў разбіты, па падбародку тонкім струменьчыкам сцякала кроў. Ён ляжаў ніцма, пакуль не праяснілася ў галаве. І тады паволі папоўз да краю канавы. Абмыў твар халоднай вадой, адарваў шматок ад падола сваёй сіняй кашулі і прыклаў да параненай шчакі і да носа. Востры боль апёк яго твар.
Навальнічная хмара адплыла ўжо на край небасхілу — чорная пляма на зорным небе. Зноў запанавала начная цішыня.
Том ступіў у ваду і адразу страціў апору пад нагамі. Разы два ўзмахнуўшы рукамі, ён пераплыў канаву і з цяжкасцю вылез на другі бераг. Мокрая адзежа прыліпла да цела. Ён з плёскатам зрабіў некалькі крокаў, у чаравіках хлюпала вада. Том сеў, зняў чаравікі, выліў з іх ваду. Потым выціснуў ваду ўнізе з калашын, зняў пінжак і выкруціў яго.
Наперадзе, каля шашы, па зямлі скакалі агні электрычных ліхтарыкаў — яго шукалі ў прыдарожных канавах. Асцярожна ступаючы, Том пайшоў па скошаным лузе. У чаравіках ужо не хлюпала. Ён наўздагад пакіраваў на другі край пакошы і нарэшце выбраўся на грунтавую дарогу. Крадучыся, ён падышоў да прамавугольніка лагера.
Вартавы, пачуўшы шоргат, крыкнуў:
— Хто ідзе?
Том упаў на жывот і замёр, промень святла слізгануў над ім. Том бясшумна падпоўз да свайго доміка. Рыпнулі завесы дзвярэй. Пачуўся голас маці — спакойны, цвёрды, не заспаны:
— Хто тут?
— Я, Том.
— Ты б ужо спаць клаўся. Эла яшчэ няма.
— Пэўна, дзеўку знайшоў.
— Ідзі кладзіся, — ціха сказала маці. — Вунь там, каля акна.
Том знайшоў свой матрац і раздзеўся дагала. Ён ляжаў пад коўдрай і калаціўся ўсім целам. Анямеласць у разбітым твары праходзіла, і боль цяпер разліваўся па ўсёй галаве.
Толькі праз гадзіну вярнуўся Эл. Ён асцярожна падышоў да Тома і наступіў на яго мокрую адзежу.
— Тсс… — прашаптаў Том.
Эл шэптам запытаўся:
— Не спіш? Дзе ты так прамок?
— Тсс… Раніцай скажу.
Бацька перавярнуўся на спіну, гучна запыхкаў і захроп.
— Які ты халодны, — сказаў Эл.
— Тсс… Спі. — Маленькае акенца шэрым квадратам выступала з цемры.
Тома сон не браў. Нервы на твары ажылі і занылі, балела скула, разбіты нос распух, у ім затахкаў такі моцны боль, ад якога, здавалася, усё цела скаланаецца і падскоквае. Том глядзеў на маленькі квадрат акна, бачыў, як паволі праслізгваюць і знікаюць за аконнай рамай зоркі. Час ад часу да яго слыху даносіліся крокі вартавых.
Нарэшце недзе далёка заспявалі пеўні, акно крыху пасвятлела. Том дакрануўся кончыкамі пальцаў да апухлага твару, і Эл, патрывожаны гэтым рухам, застагнаў і замармытаў у сне.
І вось стала віднець. У прыціснутых адзін да аднаго доміках абудзілася жыццё — пачуўся трэск сушняку, бразганне патэльняў. Маці раптам прыўзнялася і села на матрацы, і ў пашарэлым змроку пакоя Том разгледзеў яе твар, ацёклы ад сну. Яна скіравала позірк на акно і доўга глядзела. Потым адкінула коўдру і знайшла рукой сукенку. Седзячы, яна накінула яе на галаву, падняла рукі, і сукенка ўпала да пояса. Маці паднялася, апусціла сукенку да шчыкалатак і, асцярожна ступаючы босымі нагамі, падышла да акна. Так, гледзячы, як паступова святлее за акном, яна спрытнымі пальцамі распляла валасы, разраўняла пасмы і зноў запляла іх. Склаўшы рукі на грудзях, яна яшчэ крыху пастаяла нерухома. Святло з акна падала на яе твар. Яна павярнулася, бязгучна прайшла між матрацаў і ўзяла ліхтар. Скрыгатнуўшы, падняўся шчыток, і яна паднесла запалку да кнота.
Бацька павярнуўся на бок і, жмурачыся, глянуў на маці.
— Ты яшчэ што-небудзь атрымаў, та? — запыталася яна.
— Квіток на шэсцьдзесят цэнтаў.
— Тады падымайся, схадзі купі мукі і топленага сала. Не марудзь.
Бацька пазяхнуў.
— Крама, можа, яшчэ не адчынена.
— Дык няхай адчыняць. Трэба вас снеданнем накарміць. Ужо хутка на працу ісці.
Бацька нацягнуў камбінезон, надзеў парыжэлы пінжак і, пазяхаючы і пацягваючыся, ляніва выйшаў з доміка.
Малыя дзеці прачнуліся і, як мышаняты, вызіралі з-пад коўдры. Ад шэрага перадсвітальнага святла ў пакоі крыху парадзеў змрок. Маці паглядзела на матрацы. Дзядзька Джон ужо прачнуўся, а Эл яшчэ моцна спаў. Яе позірк спыніўся на Томе. З хвіліну яна прыглядалася да яго, потым паспешліва падышла. Твар у Тома быў апухлы, сіні, на губах і на падбародку чарнела запечаная кроў. Рваная рана на шчацэ туга сцягнулася па краях.
— Том, — прашаптала маці, — што з табой такое?
— Тсс… — сказаў Том. — Гавары цішэй. Я ўвязаўся ў бойку.
— Том!
— Так атрымалася, ма.
Яна апусцілася каля яго на калені.
— Ты трапіў у бяду?
Том доўга не адказваў ёй.
— Ага, — нарэшце вымавіў ён, — у бяду. На працу сёння мне нельга ісці. Трэба хавацца.
Дзеці падпаўзлі да іх на карачках, з прагнай цікаўнасцю пазіраючы на Тома.
— Што з ім, ма?
— Ціха! — загадала маці. — Ідзіце памыйцеся.
— У нас мыла няма.
— Ну проста вадой.
— А што з Томам?
— Зараз жа замаўчыце. І нікому ні слова.
Дзеці задам адпаўзлі да процілеглай сцяны і там прыселі на кукішках, упэўненыя, што на іх ніхто больш увагі не зверне.
Маці запыталася ў Тома:
— Што-небудзь сур'ёзнае?
— Нос разбіты.
— Я пра іншае пытаюся.
— Ага, вельмі.
Эл расплюшчыў вочы і глянуў на Тома.
— Госпадзі! Дзе гэта цябе так?
— А што такое? — пачуўся голас дзядзькі Джона.
Прытупаў бацька з крамы.
— Было адчынена. — Ён паклаў на падлогу каля печкі маленькі мяшэчак мукі і пакецік з топленым салам. — Што здарылася? — запытаўся ён у Тома.
Том прыўзняўся на локці і амаль адразу лёг.
— Эх і аслабеў я. Зараз раскажу. Так, каб усім адразу. А дзеці?
Маці глянула на малых, якія прыціснуліся да сцяны.
— Ідзіце хоць твары памыйце, — сказала яна ім.
— Не, — сказаў Том. — Няхай паслухаюць. Няхай таксама ведаюць. А то прагаварыцца могуць.
— Што ж усё-такі здарылася? — дапытваўся бацька.
— Зараз раскажу. Учора вечарам я пайшоў разведаць, чаго яны там за варотамі так крычалі. І сустрэўся з Кейсі.
— З прапаведнікам?
— З ім, та. З прапаведнікам. Ён забастоўкай кіраваў, і па яго прыйшлі.
— Хто прыйшоў?
— Не ведаю. Нейкія людзі — накшталт тых, што завярнулі нас назад, калі мы ехалі па шашы той ноччу. З ручкамі ад кірак. — Том памаўчаў. — Яго забілі. Размазджэрылі галаву. Я там блізка стаяў. Я быццам розум страціў. Я вырваў палку. — Перад вачамі ў Тома зноў паўстала ноч — цемра, агні ліхтароў. — Я… я біў яго палкай.
У маці перахапіла дыханне. Бацька быццам скамянеў.
— Ты забіў чалавека? — нарэшце прашаптаў ён.
— Я… не ведаю. У мяне ў галаве ўсё перакруцілася. Хацеў забіць.
Маці запыталася:
— Цябе бачылі?
— Не ведаю. Не ведаю. Напэўна, бачылі. Яны нас ліхтарамі асвятлялі.
Маці з хвіліну пільна глядзела яму ў вочы.
— Разламай скрынкі, та, — сказала яна. — Трэба снеданне прыгатаваць. Вам на працу хутка ісці. Руці, Уінфілд! Калі хто спытаецца — Том захварэў, чуеце? А балбатаць будзеце… яго… у турму пасадзяць. Зразумелі?
— Так, мэм.
— Ты, Джон, вачэй з іх не спускай. Пасачы, каб яны ні з кім не гаварылі. — Калі бацька пачаў ламаць пустыя скрынкі, у якіх раней ляжаў іхні скарб, маці распаліла агонь у печцы, развяла рэдкае цеста, паставіла на пліту кафейнік. Тонкія дошкі добра гарэлі, агонь з гулам рваўся ў трубу.
Бацька разламаў апошнюю скрынку і падышоў да Тома.
Том хмурна сказаў:
— Яны ехалі сюды працаваць за пяць цэнтаў са скрыні.
— Нам столькі і плацяць.
— Плацяць… Ведаеш, мы хто? Мы штрэйкбрэхеры. Ім плацілі два з паловай.
— На ежу не хопіць.
— Пэўна ж, — стомлена прамовіў Том. — Таму яны і забаставалі. Але з забастоўкай, здаецца, учора скончылі. І сёння нам, відаць, таксама заплацяць два з паловай цэнты за скрыню.
— Дык як жа яны, сволачы…
— Вось, вось, та. Цяпер дайшло? Кейсі як быў, так і застаўся добрым чалавекам. А чорт! Усё стаіць перад вачамі гэтая карціна. Ляжыць на зямлі… галава амаль расплюшчаная, і кроў з яе сочыцца… Госпадзі божа мой! — Том закрыў вочы далонню.
— Што ж нам цяпер рабіць? — запытаўся дзядзька Джон.
Эл пачаў падымацца з матраца.
— Ну, я, дзякуй богу, ведаю, што мне рабіць. Пайду адсюль, ад усяго гэтага.
— Не, Эл, не пойдзеш, — запярэчыў Том. — Без цябе нам цяпер ніяк нельга. Ісці давядзецца мне. Са мной вам небяспечна. Як толькі падымуся, пайду.
Маці завіхалася каля печкі, павярнуўшы крыху да іх галаву, каб лепш чуць. Яна паклала на патэльню сала і, калі яно зашыпела, стала апускаць у яго цеста з лыжкі.
Том гаварыў далей:
— Табе ісці нельга, Эл. На тваёй адказнасці грузавік.
— Але мне ўжо ўсё надакучыла.
— Што зробіш, Эл. Гэта ж твая сям'я. Ты адзін цяпер можаш ёй памагчы. Са мной вам цяпер небяспечна.
Эл сярдзіта забурчаў:
— Не разумею, чаму мне не даюць устроіцца ў гаражы?
— Можа, калі пазней. — Том глянуў міма Эла і ўбачыў Ружу Сарона. Яна ляжала на матрацы і пазірала на яго вялікімі, шырока расплюшчанымі вачамі. — Ты не хвалюйся, — сказаў ён. — Не хвалюйся. Сёння табе малака купяць. — Яна заморгала вачамі і нічога не адказала.
Бацька сказаў:
— Том, нам трэба ведаць праўду. Думаеш, ты забіў яго?
— Не магу сказаць. Цёмна было. І тут мяне нехта ўдарыў. Не ведаю. Хоць бы забіў. Хоць бы забіў я гэту сволач.
— Том! — павысіла голас маці. — Не гавары так.
З вуліцы пачуўся шум матораў — па ёй праязджалі машыны, іх было шмат. Бацька ступіў да акна, глянуў на вуліцу.
— Цэлая процьма новых прыбыла, — паведаміў ён.
— Забастоўку, відаць, задушылі, — сказаў Том. — Цяпер плаціць вам будуць па два цэнты з паловай.
— Гэта ж хоць бягом бегай, на ежу не заробіш.
— Зразумела, — сказаў Том. — Ападкі ешце. Усё ж трохі падтрымае.
Маці перавярнула блін на патэльні і памяшала каву.
— Слухайце, што я скажу, — прамовіла яна. — Сёння я куплю ў краме кукурузнай мукі, будзем мамалыгу есці. А як толькі заробім на бензін, адразу паедзем адсюль. Тут месца нядобрае. А Тома я аднаго не адпушчу. Вось так, панове.
— Не, ма, так нельга. Я ж кажу табе — са мной вам цяпер небяспечна.
Маці рашуча ўзняла падбародак:
— Вось так і зробім. А цяпер ідзіце ешце і — на працу. Я толькі посуд памыю і таксама прыйду. Трэба ж нешта зарабіць.
Бліны былі такія гарачыя, што апякалі рот. Яны хуценька праглынулі каву і налілі яшчэ па кубку.
Дзядзька Джон пакруціў галавою над самай талеркай.
— Відаць, нам так проста не выбрацца адгэтуль. Няйначай, праз мае грахі.
— Сціхні! — крыкнуў бацька. — Няма часу важдацца з тваімі грахамі. Пайшлі. Пара ўжо за працу брацца. Вы, малыя, нам падможаце. Маці правільна кажа. Трэба хутчэй выбірацца адсюль.
Калі яны пайшлі, маці паднесла Тому талерку і кубак.
— Ты пад'еў бы.
— Не магу, ма. Так усё баліць, што не змагу жаваць.
— А ты паспрабуй.
— Не, не магу, ма.
Яна прысела да яго на край матраца.
— Ты павінен мне ўсё расказаць. Я хачу зразумець, як усё было. Хачу ва ўсім разабрацца. Што Кейсі такога зрабіў? За што яго забілі?
— Ён проста стаяў у святле ліхтароў.
— Што ён гаварыў? Ты можаш прыпомніць?
— Вядома, магу. Кейсі сказаў: «Вы не маеце права марыць людзей голадам». Тады той таўстун абазваў яго чырвонай сволаччу. А Кейсі сказаў: «Вы не ведаеце, што творыце». І тут гэты малойчык з усяе сілы ўдарыў яго.
Маці апусціла вочы. Яна сціснула рукі.
— Так і сказаў: «Вы не ведаеце, што творыце»?
— Ну так!
Маці сказала:
— Вось каб наша бабка гэта пачула.
— Ма… усё зрабілася неяк само сабой, ну нібыта як дыхаеш. Я і падумаць не паспеў.
— Ну што цяпер зробіш. Шкада, што гэта здарылася. Шкада, што ты там апынуўся. Але ж іначай ты не мог. Я не бачу за табой віны. — Яна падышла да печкі і памачыла анучку ў вадзе, што грэлася ў кацялку. — На, вазьмі. Прыкладзі да твару.
Том прыклаў гарачую анучку да шчакі і носа і паморшчыўся ад болю.
— Я ноччу пайду, ма. Я не хачу, каб вы праз мяне пацярпелі.
Маці зазлавала:
— Том! Шмат чаго я, можа, і не разумею, але ад таго, што ты нас пакінеш, лягчэй нам не стане. Гэта нас зусім даканае. — І крыху спакайней працягвала: — Быў час — жылі мы на сваёй зямлі, і ўсё ішло сваім парадкам. Старыя паміралі, нараджаліся дзеці, і ўсе мы жылі разам, адной сям'ёй. Усё было зразумела і проста. А цяпер нічога не зразумела, нічога не проста. Цяпер усё перакруцілася. Эл затужыў, кудысьці імкнецца — хоча адбіцца ад нас. Дзядзька Джон нехаця цягнецца з намі. Бацька страціў сваё месца. Цяпер ён ужо не галоўны ў сям'і. Сям'я наша бурыцца, Том. Яе больш няма. А Разашарна… — Маці абвяла позіркам пакой і ўбачыла шырока расплюшчаныя вочы дачкі. — У яе народзіцца дзіця, а сям'і не будзе. Ну, не ведаю… Я стараюся хоць як-небудзь дух яе падняць. Уінфілд… што з яго выйдзе? Хутка зусім здзічэе, і Руці таксама… растуць, як звераняты. У каго мне апірышча шукаць? Не пакідай нас, Том. Застанься, памажы.
— Добра, — стомлена прамовіў Том. — Добра. Хоць і нельга мне, я ведаю.
Маці вярнулася да печкі, памыла ў тазе алавяныя талеркі і выцерла іх.
— Ты ноччу не спаў.
— Не.
— Дык паспі. Адзежа твая, я бачу, мокрая. Зараз павешу падсушыць каля печкі. — Маці ўсё зрабіла, прыбрала. — Ну цяпер я пайду. Абіраць буду. Разашарна, калі хто прыйдзе — Том захварэў, чуеш? Нікога не пускай. Чуеш? — Ружа Сарона кіўнула галавой. — Мы апоўдні вернемся. Ты паспі, Том. Магчыма, вечарам мы адсюль паедзем. — Маці паспешліва падышла да яго. — Том, ты не ўцячэш?
— Не, ма.
— Далібог? Не пойдзеш ад нас?
— Не, ма, я тут буду.
— Ну добра. Дык не забудзься, Разашарна. — Маці выйшла і шчыльна зачыніла за сабою дзверы.
Том ляжаў, не варушыўся, і раптам сон, нібы хваляй, падняў яго да той мяжы, за якой гасне свядомасць, паволі апусціў і зноў падняў.
— Том! Том!
— Га? Што? — Том прачнуўся, як ад штуршка. Ён скіраваў позірк на Ружу Сарона. Вочы яе гарэлі абурэннем.
— Ты забіў чалавека?
— Забіў. Не крычы! Хочаш, каб пачулі?
— Няхай чуюць! — крыкнула яна. — Тая жанчына мне ўсё сказала. Яна расказала, што бывае за грахі. Хіба ж дзіця здаровае народзіцца? Коні пайшоў ад мяне, ежы мне патрэбнай не даюць. Малака няма. — Яна істэрычна залямантавала: — А цяпер ты яшчэ чалавека забіў! Ці ж цяпер народзіцца здаровае дзіця? Я ведаю… яно будзе вырадкам… вырадкам! Я на танцулькі не хадзіла!
Том падняўся з матраца.
— Ціха! — сказаў ён. — Людзі пачуюць, збягуцца.
— Ну і няхай! Дзіця будзе вырадкам. У абнімку я ніколі не танцавала.
Том падышоў да Ружы Сарона.
— Сціхні.
— Не падыходзь да мяне. Ты ўжо не першага чалавека забіў. — Твар у Ружы Сарона пабарвавеў, словы яна вымаўляла невыразна. — Бачыць цябе не магу. — Яна ўкрыла галаву коўдрай.
Том пачуў задышлівыя, сутаргавыя рыданні. Ён закусіў ніжнюю губу і ўтаропіўся ў падлогу. Потым падышоў да бацькавага матраца. Пад матрацам з краю ляжала вінтоўка — доўгі цяжкі вінчэстэр трыццаць восьмага калібру з рычаговым затворам. Том узяў яго, адцягнуў затвор, каб праверыць, ці ёсць патрон у патронніку, паглядзеў, ці стаіць курок на засцерагальніку, і вярнуўся на сваё месца. Вінтоўку ён паклаў на падлогу каля свайго матраца прыкладам да ўзгалоўя. Ружа Сарона цяпер ціха ўсхліпвала. Том лёг, накрыўся коўдрай, закрыў ёю свой разбіты твар, пакінуўшы маленькую шчылінку, каб дыхаць. Ён уздыхнуў:
— Госпадзі, а госпадзі!
На вуліцы праездам спынілася некалькі машын, пачуліся галасы:
— Колькі мужчын?
— Ды вось мы, трое. А плата якая?
— Едзьце да дома дваццаць пяць. Нумар на дзвярах.
— Добра, містэр. А якая плата?
— Два з паловай цэнты.
— Ды так, чорт вазьмі, і на абед сабе не заробіш!
— Такая плата ў нас. З поўдня сюды дзвесце чалавек едуць — яны і такому заробку радыя будуць.
— Але ж, божа мой, містэр!
— Давайце, давайце. Згаджайцеся альбо едзьце, куды ехалі. Мне няма калі з вамі спрачацца.
— Дык жа ж…
— Слухайце. Я плату не прызначаю. Мая справа запісаць вас. Хочаце працаваць, згаджайцеся. Не хочаце — паварочвайце і гладкай дарогі.
— Дваццаць пяты, кажаце?
— Ага, нумар дваццаць пяць.
Том драмаў, лежачы на матрацы. Яго пабудзіў нейкі падкрадлівы шолах. Рука пацягнулася да вінчэстэра і моцна сціснула шыйку прыклада. Ён адкінуў з твару коўдру. Каля яго стаяла Ружа Сарона.
— Чаго табе? — запытаўся Том.
— Ты спі, — сказала яна. — Высыпайся. Я папільную дзверы. Ніхто не ўвойдзе.
З хвіліну Том моўчкі глядзеў ёй у твар.
— Добра, — сказаў ён і зноў нацягнуў коўдру на галаву.
Маці вярнулася дамоў, калі пачало змяркацца. Яна спынілася на ганку, пастукала ў дзверы і сказала:
— Гэта я, — каб не ўстрывожыць Тома. Тады адчыніла дзверы і ўвайшла. У руках яна трымала мяшэчак. Том прачнуўся і сеў на матрацы. Рана яго падсохла і так сцягнулася па краях, што скура на шчацэ блішчала. Левае вока ўсё заплыло і амаль не расплюшчвалася.
— Без мяне ніхто не прыходзіў? — запыталася маці.
— Не, ніхто, — адказаў Том. — Плату ўсё ж такі зрэзалі.
— Адкуль ты ведаеш?
— Чуў, як на вуліцы гаварылі.
Ружа Сарона паныла паглядзела на маці.
Том паказаў на яе вялікім пальцам:
— Яна тут такі гвалт падняла, ма. Думае, усе няшчасці на яе адну зваляцца. Калі яна так праз мяне расстройваецца, давядзецца мне ад вас ісці.
Маці павярнулася да дачкі:
— Што такое з табой робіцца?
Ружа Сарона з абурэннем сказала:
— Хіба ж народзіш здаровае дзіця, калі такое навокал?
Маці сказала:
— Сціхні! Замаўчы. Я разумею, што ў цябе на душы, я ведаю, гэта мацней за цябе, а ўсё ж трымай язык за зубамі. — Яна павярнулася да Тома: — Ты на яе не глядзі, Том. Ёй цяпер вельмі цяжка, я гэта па сабе памятаю. Калі чакаеш дзіцяці, усё, што б ні здарылася, здаецца, адну цябе закранае, у кожным слове табе чуецца абраза, і здаецца, усё накіравана супраць цябе. Яна не вінаватая, Том, гэта мацней за яе. Такі ўжо ў яе душэўны стан.
— Я не хачу, каб праз мяне яна расстройвалася.
— Замаўчы! Проста нічога не гавары. — Маці паклала мяшэчак на халодную пліту. — Сёння мы амаль нічога не зарабілі. Я ж сказала, трэба ехаць адсюль. Насячы, Том, мне трэсак. Не, табе ж нельга выходзіць. Вось, у нас яшчэ апошняя скрынка засталася. Разламай яе. Я сказала, каб яны хоць сушняку назбіралі па дарозе дамоў. На вячэру ў нас будзе мамалыга, і я яе трохі цукрам пасыплю.
Том падняўся з матраца і растаптаў нагамі апошнюю скрынку. Маці распаліла агонь збоку ў топцы, стараючыся, каб ён гарэў толькі пад адной канфоркай. Потым наліла вады ў кацялок і паставіла на пліту. Неўзабаве кацялок, які стаяў над самым полымем, забразгатаў, вада ў ім заклекатала і запыхкала.
— Як сёння працавалі? — пацікавіўся Том.
Маці зачарпнула кубкам кукурузнай мукі з мяшэчка.
— І гаварыць не хочацца. Прыгадалася мне сёння, як мы раней жартавалі. Усё цяпер не так, Том. Цяпер мы не жартуем. А калі хто і адпусціць жарт, дык ён нейкі зласлівы, горкі і зусім не смешны. Адзін сёння сказаў: «Дэпрэсія скончылася. Я бачыў зайца, але ніхто за ім не гнаўся». А другі кажа: «Правільна. Цяпер зайцоў не б'юць. Іх цяпер ловяць — падояць і адпусцяць. А твой, відаць, быў нядойны». Ну бачыш? Зусім не смешна, не так, як было тады, калі дзядзька Джон перавярнуў індзейца ў нашу веру і прывёў да сябе ў дом, а той з'еў у яго цэлы засек бабоў і, выпіўшы дзядзькава віскі, зноў вярнуўся ў язычніцтва. А ты, Том, вазьмі намачы анучку і прыкладзі да твару.
Вячэрняе сутонне гусцела. Маці запаліла ліхтар і павесіла яго на цвік. Яна падкінула трэсак у агонь і пачала патроху сыпаць у кіпень кукурузную муку.
— Разашарна, — сказала яна, — ты памяшаеш кашу?
На вуліцы пачуўся хуткі тупат ног. Дзверы раптам расчыніліся і з грукатам ударыліся аб сцяну. У пакой уляцела Руці.
— Ма! — крыкнула яна. — Ма, Уінфілда курчыць.
— Дзе ён? Кажы!
Руці ледзь пераводзіла дух.
— Увесь белы стаў і паваліўся. Ён сёння столькі персікаў з'еў, і ў яго зрабіўся панос. Так і паваліўся. Сам белы!
— Вядзі да яго! — загадала маці. — Разашарна, кашу глядзі.
Разам з Руці яна выбегла з доміка. Яна цяжка бегла па вуліцы, не паспяваючы за дзяўчынкай. У змроку насустрач ім ішлі трое мужчын, і той, што ішоў пасярэдзіне, нёс на руках Уінфілда. Маці кінулася да іх.
— Гэта мой, — крыкнула яна. — Дайце яго мне.
— Я данясу вам, мэм.
— Не, дайце мне. — Яна ўзяла хлопчыка на рукі і павярнула назад, але раптам спахапілася: — Дзякуй вам, канешне, — сказала яна мужчыну.
— Няма за што, мэм. Хлопчык зусім аслабеў. Мабыць, у яго глісты.
Маці шпарка пакрочыла назад з Уінфілдам на руках. Занёсшы яго ў дом, яна апусцілася на калені і паклала хлопчыка на матрац.
— Ну што, што з табой? Гавары.
Хлопчык млява расплюшчыў павекі, матнуў галавой і зноў заплюшчыў вочы.
Руці сказала:
— Я ж гаварыла табе, ма, у яго цэлы дзень быў панос. Ён персікаў аб'еўся.
Маці паклала яму пальцы на лоб.
— Не гарачы. Але твар бледны, і шчокі запалі.
Том падышоў бліжэй і пасвяціў уніз ліхтаром.
— Усё ясна, — сказаў ён. — Згаладаўся, аслабеў. Купі яму бляшанку малака, прымусь выпіць. Няхай кашы з малаком з'есць.
— Уінфілд, ну як сябе адчуваеш? — запыталася маці.
— Галава кружыцца, — адказаў хлопчык, — так і кружыцца.
— Такога паносу ты яшчэ ніколі не бачыла, — з важнасцю сказала Руці.
У пакой увайшлі бацька, дзядзька Джон і Эл, несучы ахапак ламачча і сушняку. Свае ношы яны скінулі каля печкі.
— Што тут у вас яшчэ? — запытаўся бацька.
— Уінфілд. Яму малака трэба.
— Божа літасцівы! Кожнаму з нас што-небудзь трэба.
— Ну, колькі зарабілі сёння?
— Даляр сорак два.
— Дык схадзі ў краму, купі малака Ўінфілду.
— Чаго гэта ён раптам захварэў?
— Чаго, я не ведаю, але захварэў. Ну ідзі! — Нешта прабурчаўшы сабе пад нос, бацька выйшаў за дзверы. — Ты там кашу мяшаеш?
— А як жа. — У доказ сваіх слоў Ружа Сарона пачала хутчэй працаваць лыжкай.
Эл пакрыўдзіўся:
— Госпадзі, ма! Няўжо адна каша пасля таго, як мы аж да самага цямна працавалі?
— Ты ж ведаеш, Эл, нам трэба ехаць. Усё, што ў нас ёсць, пойдзе на бензін. Ты і сам гэта ведаеш.
— Але ж, далібог, ма, каб працаваць, чалавеку трэба есці.
— Лепш пасядзі, памаўчы, — сказала маці. — Пра самае галоўнае трэба думаць. Ты ведаеш, пра што.
— Гэта пра мяне? — ажывіўся Том.
— Вось павячэраем і пагаворым, — адказала маці. — На дарогу, Эл, бензіну хопіць?
— Яго ў нас каля чвэрці бака, — адказаў Эл.
— Лепш скажы мне ўсё цяпер, — настойваў Том.
— Не, потым. Пацярпі трохі. А ты кашу памешвай, памешвай. Зараз я каву пастаўлю. Цукар пакладзяце ці ў кашу, ці ў каву. На тое і на другое не хопіць.
З высокай кансервавай бляшанкай вярнуўся бацька.
— Адзінаццаць цэнтаў, — паведаміў ён з абурэннем.
— Давай сюды. — Маці ўзяла бляшанку і пракалола яе нажом, тады наліла малака ў кубак і перадала Тому. — Дай Уінфілду.
Том апусціўся каля хлопчыка на калені:
— На, выпі.
— Не магу. Мяне вырве. Не прыставайце.
Том устаў.
— Ён цяпер не можа, ма. Крыху пазней.
Маці ўзяла кубак з малаком і паставіла на падаконнік.
— Каб ніхто не чапаў, — папярэдзіла яна. — Гэта Ўінфілду.
— Я малака зусім не п'ю, — панура прамовіла Ружа Сарона. — А яно мне вельмі патрэбнае.
— Ведаю. Але ж ты яшчэ на нагах, а брацік твой зваліўся. Каша ўжо загусцела?
— Ага. Цяжка ўжо лыжку паварочваць.
— Тады давайце есці. Вось цукар. Кожнаму амаль па лыжачцы. Хто як хоча — у кашу або ў каву.
Том сказаў:
— У кашу я б лепш солі і перцу ўсыпаў.
— Соль — вось, калі хочаш, — сказала маці. — А перац увесь выйшаў.
Скрынак ужо не было. Усе са сваімі талеркамі селі на матрацы і падкладалі сабе з кацялка, пакуль у ім не паказалася дно.
— Крыху Ўінфілду пакіньце, — сказала маці.
Уінфілд прысеў і выпіў малако, і адразу на яго напаў голад. Ён паставіў кацялок між каленяў, даеў рэшткі і саскроб лыжкай тое, што прыпяклося да сценак. Маці выліла астатняе малако з бляшанкі ў кубак і цішком усунула Ружы Сарона, каб тая выпіла дзе ў кутку.
— Ну дык раскажаце вы нарэшце? — запытаўся Том. — Я хачу паслухаць.
Бацька нерашуча сказаў:
— Руці і Ўінфілду лепш гэтага не ведаць. Можа б, яны выйшлі?
Маці сказала:
— Не. Яны хоць і малыя, але павінны цяпер ва ўсім быць як дарослыя. Нічога не зробіш. Руці і ты, Уінфілд, глядзіце не разбалбачыце тое, што пачуеце, а то ўсіх нас загубіце.
— Не разбалбочам, — запэўніла Руці. — Мы ўжо дарослыя.
— Добра, толькі маўчыце.
Кубкі з кавай стаялі на падлозе. Куртаты шырокі агеньчык ліхтара, падобны да каляровага крыльца матылька, кідаў цьмяны жоўты водсвет на сцены.
— Гаварыце ж, — сказаў Том.
Маці сказала:
— Бацька, ты гавары.
Дзядзька Джон сербануў з кубка кавы. Бацька загаварыў:
— Ну, плату знізілі, як ты і прадбачыў. І цэлая плойма новых зборшчыкаў прыехала, такія ўсе галодныя, што гатовыя за акраец хлеба працаваць. Толькі пацягнешся да персіка, а яго ўжо ў цябе з-пад рук выхопліваюць. Цяпер увесь ураджай мігам знімуць. Убачаць дрэва, яшчэ не абабранае, і бягом да яго бягуць. Нават бойкі бываюць — адзін кажа, гэта яго дрэва, а другі таксама лезе яго абіраць. Людзі здалёку прыехалі — з самага Эль Сентра. Як ваўкі, галодныя. За кавалак хлеба працуюць з рання да ночы. Я кажу прыёмшчыку: «Мы не можам працаваць за два цэнты з паловай за скрыню». А ён адказвае: «Дык звальняйцеся. Іншыя могуць». Я кажу: «Яны трохі падкормяцца і таксама кінуць». А ён мне: «Ха! Пакуль яны падкормяцца, мы ўсе персікі знімем». — Бацька змоўк.
— Чорт ведае што за людзі, — сказаў дзядзька Джон. — А кажуць, яшчэ дзве сотні іх сюды да ночы прыедзе.
Том сказаў:
— Так і будзе. Ну, а пра тое, што чуваць?
Бацька маўчаў.
— Том, — нарэшце сказаў ён, — здаецца, ты такі гэта зрабіў.
— Я так і думаў. Нічога не відаць было. Але я адчуваў, што так яно і ёсць.
— Усе амаль толькі пра гэта і гавораць, — сказаў дзядзька Джон. — Пасты ўсюды паставілі, некаторыя патрабуюць лінчавання… калі, вядома, схопяць таго чалавека.
Том глянуў на дзяцей. Яны пазіралі на яго вялікімі вачамі, амаль не маргаючы, быццам баяліся, што ў тое імгненне, калі вочы заплюшчацца, нешта здарыцца, а яны яе ўбачаць. Том сказаў:
— Але ж… чалавек той зрабіў гэта пасля таго, як забілі Кейсі.
Бацька перабіў яго:
— Цяпер расказваюць не так. Цяпер кажуць, ён першы зрабіў гэта.
— А-а!.. — глуха выдыхнуў Том.
— Яны ўсіх напускаюць на нас. Так людзі кажуць. Усіх лінчавальнікаў з камітэта пільнасці і валанцёраў. Шукаюць таго чалавека.
— А ў твар яны яго ведаюць? — запытаўся Том.
— У твар… наўрад ці… Але як я чуў, думаюць, што ён паранены. Думаюць, у яго…
Том паволі падняў руку і дакрануўся пальцамі да шчакі.
Маці ўсклікнула:
— Гэта ж усё было не так!
— Цішэй, ма, — сказаў Том. — Яны ўсе будуць гаварыць адно. Усё, што камітэтчыкі ні нагавораць на нас, будзе правільна.
Маці глядзела скрозь паўзмрок, прыглядаючыся да твару Тома, асабліва да яго губ.
— Ты абяцаў, — сказала яна.
— Ма, можа, мне… гэтаму чалавеку лепш пайсці? Калі б… гэты чалавек і праўда зрабіў што-небудзь кепскае, ён сказаў бы сабе: «Што ж, няхай вешаюць. Я зрабіў кепска і заслужыў кару». Але ж ён нічога кепскага не зрабіў. На душы ў яго не цяжэй, чым калі б ён смярдзючку прыкончыў.
Руці перабіла яго:
— Мы з Уінфілдам усё ведаем, ма. Яму няма патрэбы пры нас гаварыць «гэты чалавек, гэты чалавек».
Том рагатнуў.
— Ну дык вось, гэты чалавек не хоча вісець на шыбеніцы; бо калі што падобнае зноў здарыцца, ён тое самае зробіць. Але ж ён таксама не хоча, каб праз яго пацярпелі яго родныя. Мне, ма, трэба ісці ад вас.
Маці прыкрыла рот пальцамі і адкашлялася.
— Не, — сказала яна. — Дзе ты схаваешся? У чужых быць упэўненым нельга, а ў сваіх можна. Мы цябе схаваем, паклапоцімся, каб ты сыты быў, пакуль твар не зажыве.
— Але ж, ма…
Маці паднялася з матраца.
— Нікуды ты не пойдзеш. Мы павязём цябе адсюль. Эл, падгані грузавік задам да самых дзвярэй. Я ўжо ўсё абдумала. Адзін матрац мы пакладзём на дно, Том хуценька забярэцца туды, а другі паставім такім дашкам і збоку закрыем чым-небудзь. А дыхаць ён будзе праз адтуліны. Не пярэчце. Так і зробім.
Бацька незадаволена прабурчаў:
— Цяпер, аказваецца, мужчыну і слова вымавіць нельга. Самаўпраўная стала. Нічога, прыйдзе час, асядзем дзе-небудзь, я табе ўсыплю.
— Як прыйдзе такі час, тады і ўсыплеш, — адрэзала маці. — Падымайся, Эл. Ужо добра сцямнела.
Эл выйшаў да грузавіка. Ён падумаў, як лепш зрабіць, і заднім ходам падвёў машыну да самага ганка.
Маці сказала:
— Ну, жывей! Вось той матрац кладзіце сюды.
Бацька з дзядзькам Джонам перакінулі матрац цераз задні борт.
— А цяпер гэты.
Яны скінулі другі матрац на першы.
— Ну, Том, лезь. Хутчэй.
Том хуценька палез цераз борт і скокнуў на дно грузавіка. Ён расправіў ніжні матрац, лёг, а верхні накінуў на сябе. Бацька сагнуў матрац пасярэдзіне, паставіў яго дашкам, і Том апынуўся як у будцы. Праз шчыліны між бакавымі планкамі борта можна было глядзець. Бацька, Эл і дзядзька Джон паспешліва грузілі на машыну — пакідалі на Томаву схованку коўдры, збоку паставілі вёдры, ззаду паклалі апошні матрац. Рондалі, патэльні, адзежу склалі кучай, бо скрынак ужо не было — усе спалілі. Калі ўжо амаль усё пагрузілі, да машыны падышоў вартавы з драбавіком на сагнутай руцэ.
— Што вы тут робіце? — запытаўся ён.
— Ад'язджаем, — адказаў бацька.
— Чаму раптам?
— Нам… прапануюць работу… добрую работу.
— Работу? Дзе ж гэта?
— Ну там… каля Ўідпэтча.
— Пачакайце, я на вас гляну. — Вартавы пасвяціў ліхтаром спачатку ў твар бацьку, потым дзядзьку Джону, тады Элу. — З вамі ж, здаецца, яшчэ адзін быў?
Эл сказаў:
— Гэта вы пра таго хлопца, якога мы падвезлі? Невысокі такі, бледны тварам?
— Ага, здаецца, так.
— Мы яго па дарозе падсадзілі. Ён яшчэ раніцай пайшоў, калі плату зрэзалі.
— Паўтары, які ён з сябе.
— Невысокі, бледны.
— А твар у яго сёння не быў разбіты?
— Я нічога такога не заўважыў, — адказаў Эл. — А бензазаправачная яшчэ адчыненая?
— Адчыненая. Да васьмі працуе.
— Усе садзіцеся ў машыну! — крыкнуў Эл. — Калі хочаце да раніцы паспець у Ўідпэтч, трэба спяшацца. Ты ў кабіну, ма?
— Не, я ззаду сяду, — адказала маці. — Бацька, ты таксама лезь сюды. А ў кабіне з Элам і дзядзькам Джонам паедзе Разашарна.
— Та, дай мне квіток, — сказаў Эл. — Вазьму на яго бензіну, калі размяняюць.
Вартавы глядзеў ім услед, пакуль машына не збочыла налева да бензакалонак.
— Два галоны, — сказаў Эл.
— Недалёка, відаць, едзеце.
— Ага, недалёка. Вы размяняеце мне гэты квіток?
— Ды не… не дазваляецца гэта.
— Паслухайце, містэр. Нам прапануюць добрую работу, трэба толькі паспець туды да ночы. А не паспеем, іншыя перахопяць. Будзьце ласкавы.
— Ну добра. Толькі перапішы яго на маё імя.
Эл выйшаў з кабіны і спераду абышоў свой «гудзон».
— Канешне, перапішу, — сказаў ён, адкруціў каўпачок і заліў у радыятар вады.
— Два, кажаш?
— Ага, два.
— Куды ж вы едзеце?
— На поўдзень. Там нам работу даюць.
— Сапраўды? Цяпер работы… сталай работы мала.
— У нас там прыяцель працуе, — сказаў Эл. — Там у нас пэўная работа. Ну, бывайце. — Грузавік развярнуўся і, падскокваючы на ўхабістай вулачцы, выехаў на гравійку. Жоўтае святло фар пагойдвалася над дарогай, правая фара паміргвала — недзе быў дрэнны кантакт. Пры кожным штуршку ў кузаве бразгаў і грукатаў нічым не замацаваны кухонны посуд.
Ружа Сарона ціха застагнала.
— Дрэнна сябе адчуваеш? — запытаўся дзядзька Джон.
— Ага. Увесь час сябе дрэнна адчуваю. Адпачыць бы дзе-небудзь у ціхім месцы. І чаго гэта мы паехалі, лепш дома засталіся б. Былі б дома, Коні з намі быў бы. Вывучыўся б на каго-небудзь і месца добрае атрымаў бы.
Эл і дзядзька Джон маўчалі. А што ёй скажаш пра Коні?
Каля пафарбаваных у белы колер варот фруктовай плантацыі да грузавіка падышоў вартаўнік.
— Зусім едзеце?
— Ага, — адказаў Эл. — Едзем на поўнач. Работу там атрымалі.
Вартаўнік накіраваў прамень ліхтара на машыну, падняў ліхтар вышэй і асвятліў брызентавы навес. Маці і бацька з халоднай абыякавасцю глядзелі проста на яркае святло.
— Добра. — Вартаўнік расчыніў вароты. Грузавік павярнуў налева і паехаў да шашы № 101, вялікай аўтастрады, што цягнулася з поўдня на поўнач.
— Ты ведаеш, куды ехаць? — запытаўся дзядзька Джон.
— Не, — адказаў Эл. — Еду абы-куды. Абрыдла мне ўсё гэта.
— У мяне ўжо хутка, — з пагрозай у голасе сказала Ружа Сарона. — Хоць бы добрае месца знайшлі.
У халодным начным паветры чулася ўжо дыханне першых замаразкаў. З фруктовых дрэў абапал дарогі пачынала ўжо ападаць лісце. Маці сядзела на паклажы, прыхіліўшыся спінай да бакавога борта, бацька сядзеў насупраць, тварам да яе.
Маці гукнула:
— Ну як там табе, Том?
Пачуўся прыглушаны голас:
— Цеснавата. Плантацыю ўжо праехалі?
— Ты там асцеражней. Нас могуць спыніць.
Том крыху падняў край матраца. У цемры грузавіка брынкнуў металічны посуд.
— Закрыцца паспею, — сказаў Том. — Толькі не хачу, каб мяне схапілі ў гэтай пастцы. — Ён прылёг, абапёршыся на локаць. — Чорт, і халаднавата ж стала, га?
— Хмары збіраюцца, — сказаў бацька. — Зіма, кажуць, ранняя будзе.
— А што, вавёркі высока на дрэвы забраліся ці насенне з травы асыпаецца? — хмыкнуў Том. — Якіх толькі прыкмет не навыдумляюць! Знойдзецца і спецыяліст — па сподніках надвор'е прадкажа.
— Ну, не ведаю, — сказаў бацька. — Я, здаецца, зіму ўжо чую. А каб цвёрда сказаць, трэба тут доўга пажыць.
— Куды мы едзем? — запытаўся Том.
— Хто яго ведае. Эл налева павярнуў. Здаецца, едзем той самай дарогай, па якой прыехалі.
Том сказаў:
— Ніяк не вырашу, што лепей. Калі ехаць па галоўнай шашы, больш палісменаў нам стрэнецца. Як убачаць мяне з такім тварам, адразу сцапаюць. Можа, па прасёлках ехаць?
Маці сказала:
— Стукні там Элу ў сценку. Няхай спыніцца.
Том пастукаў кулаком па кабіне, грузавік стаў на краі шашы. Эл вылез з кабіны і падышоў да задняга борта.
Руці і Ўінфілд вызірнулі з-пад коўдры.
— Ну, што там у вас? — запытаўся Эл.
Маці сказала:
— Трэба параіцца, як далей быць. Можа, лепш прасёлкамі ехаць. Так Том кажа.
— Гэта праз мой твар, — паясніў Том. — Могуць пазнаць. Першы ж фараон затрымае.
— Дык куды ж тады? Я думаў, на поўнач. Мы былі на поўдні.
— Так і трымай, — сказаў Том. — Толькі прасёлкамі.
Эл запытаўся:
— Можа, спынімся дзе-небудзь тут, пераначуем, а ранкам паедзем?
Маці паспешліва прагаварыла:
— Не, рана яшчэ. Трэба далей ад'ехаць.
— Добра. — Эл сеў за руль, і машына паехала далей.
Руці і Ўінфілд зноў накрыліся з галавой коўдрай. Маці крыкнула:
— Як там Уінфілд, нічога?
— Ага, нічога, — адказала Руці. — Ён спіць.
Маці зноў прытулілася да борта.
— Нейкае дзіўнае пачуццё — быццам на цябе палююць. Я злая стала.
— Усе азлобіліся, — сказаў бацька. — Усе. Ты бачыла, якая бойка сёння была ў садзе? Мяняюцца людзі. Ва ўрадавым лагеры злых не было.
Эл збочыў на гравійную дарогу, і жоўтыя агні фар загайдаліся над яе палатном. Фруктовыя дрэвы нарэшце скончыліся, пайшлі баваўняныя палі. Яшчэ дваццаць міль праехалі між бавоўніку, круцячы і пятляючы палявымі дарогамі. Далей дарога пацягнулася ўздоўж зарослай хмызам рэчкі, потым павярнула на бетонны мосцік і на другім баку зноў пайшла берагам. Нарэшце фары асвятлілі доўгі рад чырвоных таварных вагонаў без колаў і каля дарогі — вялікі шчыт з надпісам: «ПАТРАБУЮЦЦА ЗБОРШЧЫКІ БАВОЎНЫ». Эл запаволіў ход. Том глядзеў праз шчыліну між бакавымі планкамі. Праз чвэрць мілі пасля апошняга вагона Том пастукаў у сценку кабіны. Эл затармазіў машыну на абочыне і выйшаў.
— Ну, што яшчэ?
— Выключы матор і лезь сюды, — сказаў Том.
Эл сеў за руль, з'ехаў у кювет, выключыў фары і заглушыў матор. Потым залез на грузавік цераз задні борт.
— Так спакайней, — сказаў ён.
Том перабраўся цераз кацялкі і патэльні да маці і стаў на калені.
— Слухайце, — сказаў ён. — Ім патрэбны зборшчыкі бавоўны. Я плакат бачыў. Я ўсё думаў, як так зрабіць, каб і з вамі мне застацца, і бяды на вас не наклікаць. Калі твар зажыве, тады, можа, усё добра будзе, а цяпер небяспечна. Бачылі вагоны? У іх зборшчыкі жывуць. Магчыма, і вам праца знойдзецца. Можа б, вы наняліся тут, а жылі б у вагонах?
— А з табой як? — строга запыталася маці.
— Ты бачыла каля рэчкі густое кустоўе? Там можна схавацца, ніхто мяне не ўбачыць. А пад ноч будзеце прыносіць мне есці. Непадалёк ёсць маставая труба. Я мог бы там спаць.
Бацька сказаў:
— Госпадзі, як мне ўжо хочацца хутчэй узяцца за гэту бавоўну! Праца знаёмая.
— У вагонах, напэўна, добра, — сказала маці. — Чыста, суха. А ты думаеш, Том, у кустах у тых можна схавацца?
— Канешне. Па дарозе сюды я да іх прыглядаўся. Выберу добрае месца і адседжуся там. А як толькі зажыве твар, выйду.
— Шрам застанецца, — сказала маці.
— Чорт з ім, у каго іх няма?
— Аднаго разу я сабраў чатырыста фунтаў, — сказаў бацька. — Тады, праўда, ураджай быў добры. Калі мы ўсе пойдзем на збор, можна крыху грошай зарабіць.
— І тады мяса купім, — сказаў Эл. — А цяпер што рабіць будзем?
— Вернемся крыху назад і пераспім ноч у грузавіку, — сказаў бацька. — А раніцай пойдзем на працу. Я каробачкі нават у цемры бачу.
— А з Томам як? — запыталася маці.
— Ты пра мяне не думай, ма. Я вазьму з сабой коўдру. Калі паедзеце назад, уважліва глядзіце. Там ёсць маставая труба. Будзеце мне туды прыносіць хлеба ці бульбы або кашы — прынесяце і пакінеце, а я буду прыходзіць і браць.
— Ай!
— Па-мойму, ён разумна гаворыць, — сказаў бацька.
— Вядома, разумна, — настойваў Том. — А калі твар крыху зажыве, я выйду і таксама збіраць бавоўну буду.
— Што ж, добра, — згадзілася маці. — Толькі будзь асцярожны. Не пападзіся каму-небудзь на вочы.
Том прабраўся ў задні канец грузавіка.
— Я вазьму вось гэтую коўдру. Як назад паедзеце, ма, шукайце тую трубу.
— Толькі глядзі, не рызыкуй, — сказала маці ўмольна. — Будзь асцярожны.
— Буду, — сказаў Том. — Абавязкова. — Ён пералез цераз задні борт і пайшоў берагам. — Добрай ночы! — гукнуў ён.
Маці бачыла, як яго постаць злілася з цемрай і знікла ў хмызняку каля рэчкі.
— Дай бог каб усё добра скончылася, — прамовіла маці.
Эл запытаўся:
— Цяпер назад паедзем?
— Давай, — сказаў бацька.
— Ты толькі едзь паволі, — папрасіла маці. — Хачу ўбачыць тую трубу, пра якую ён гаварыў. Абавязкова трэба ўбачыць.
Дарога была вузкая, і Элу давялося добра паманеўраваць, перш чым ён развярнуў машыну. Ён паволі павёў яе назад да таварных вагонаў. Святло фар выхапіла з цемры сходкі каля шырокіх дзвярэй. У вагонах было цёмна. Навокал нідзе ні душы. Эл выключыў фары.
— Вы з дзядзькам Джонам лезьце наверх, — сказаў ён Ружы Сарона. — А я буду спаць у кабіне.
Дзядзька Джон памог Ружы Сарона пералезці цераз борт. Маці ссунула ў кучу посуд. Усе ўлегліся ў задняй частцы машыны, цесна прыціснуўшыся адзін да аднаго.
У адным з вагонаў, захліпаючыся, зайшлося плачам дзіця. Аднекуль выбег сабака і, прынюхваючыся да слядоў і сапучы, памалу абышоў вакол грузавіка Джоўдаў. З рэчкі даносілася ціхае цурчанне вады.