Раздзел дваццаць другі

Было ўжо зусім позна, калі Том Джоўд збочыў на грунтавую дарогу, шукаючы лагер Уідпэтч. Агні трапляліся рэдка. Толькі зарыва, што палыхала ззаду на небе, паказвала, дзе быў Бейкерсфілд. Грузавік ішоў павольна, дробна трасучыся кузавам, перад яго коламі з дарогі ўцякалі кошкі, якія выйшлі на начное паляванне. Каля скрыжавання дарог стаяла купка белых драўляных дамкоў.

Маці спала, седзячы паміж Томам і бацькам, а той маўчаў усю дарогу, аддаўшыся сваім думкам.

Том сказаў:

— Дзе яго шукаць, не ведаю. Можа, пачакаем тут світання і спытаемся ў каго-небудзь з тутэйшых жыхароў? — Ён спыніў грузавік каля дарожнага знака, і ў гэты момант яшчэ адна машына пад'ехала да скрыжавання. Том высунуў галаву з кабіны:

— Гэй, містэр, можа, ведаеце, дзе тут вялікі лагер?

— Трымай прама.

Том пераехаў скрыжаванне і праз некалькі соцень ярдаў спыніўся. Наперадзе відаць былі высокая драцяная агароджа і шырокія вароты, да якіх вяла пад'язная дарога. За варотамі стаяў маленькі дамок з адным асветленым акном. Том павёў машыну да варот. Раптам грузавік падскочыў і з грукатам асеў на зямлю.

— Бог ты мой! — сказаў Том. — Я і не заўважыў, што тут нейкі насып.

Вартаўнік падняўся з ганка, падышоў да машыны і прыхінуўся да борта.

— Паспяшаўся, вось і стукнуўся, — сказаў ён. — Другі раз паберажэшся.

— А што гэта такое, скажы, калі ласка?

Вартаўнік засмяяўся:

— Тут дзеці цэлы дзень носяцца. Просім людзей ехаць цішэй, а яны забываюць. А як стукнецца хто разок, дык ужо павек не забудзе, што тут насып.

— А-а… вунь яно што. Спадзяюся, што абышлося без паломкі. А як тут у вас… месца нам знойдзецца?

— На адну палатку. Колькі вас?

Том пачаў лічыць па пальцах:

— Я, бацька, маці, Эл, Разашарна, дзядзька Джон і Руці з Уінфілдам. Апошнія двое — дзеці.

— Ну што ж, думаю, уладкуем вас. Палатка і ўсё астатняе ёсць?

— Ёсць брызент і матрацы.

Вартаўнік стаў на падножку.

— Кіруй па гэтым радзе да канца, а там — направа. Прыпішам вас да санітарнага блока нумар чатыры.

— А што гэта такое?

— Там туалеты, душавыя і пральня.

Маці запыталася:

— У вас пральня ёсць… і водаправод?

— А як жа.

— Слава табе, госпадзі! — вырвалася ў маці.

Том вёў грузавік у цемры паўз доўгі шэраг палатак. У санітарным блоку гарэў няяркі агонь.

— Сюды вось кіруй, — сказаў вартаўнік. — Месца добрае. Адсюль толькі што выехалі.

Том спыніў машыну.

— Тут?

— Ага. Цяпер няхай твае разгружаюцца, а ты ідзі са мной, я запішу вас. І кладзіцеся спаць. Раніцай да вас прыйдзе лагерная камісія і ўсё вам растлумачыць.

Том апусціў вочы долу.

— Фараоны? — запытаўся ён.

Вартаўнік засмяяўся:

— Палісменаў тут няма. У нас свая ахова. Людзі самі выбіраюць. Хадзем.

Эл саскочыў з грузавіка і падышоў да іх.

— Тут застаёмся?

— Застаёмся, — адказаў Том. — Вы з бацькам разгружайцеся, а я пайду ў кантору.

— Толькі цішэй, — папярэдзіў вартаўнік. — Шмат хто ўжо спіць.

Том пакрочыў услед за вартаўніком па цёмным лагеры і падняўся па прыступках у маленечкі пакойчык, дзе стаялі стары пісьмовы стол і крэсла. Вартаўнік сеў да стала і дастаў з шуфляды чысты бланк.

— Зваць як?

— Том Джоўд.

— Стары — гэта твой бацька?

— Ага.

— Як яго зваць?

— Таксама Том Джоўд.

Пытанні сыпаліся адно за адным. Адкуль прыехалі, колькі ўжо часу ў гэтым штаце, дзе працавалі. Вартаўнік падняў галаву і глянуў на Тома:

— Я не з цікаўнасці. У нас так заведзена.

— Зразумела, — сказаў Том.

— Ну, а грошы ёсць?

— Трохі ёсць.

— Можа, вы зусім без сродкаў?

— Не, трохі ёсць. А што?

— А тое, што стаянка каштуе даляр на тыдзень, але можна адпрацоўваць — вываз смецця, прыбіранне лагера… ну рознае такое.

— Мы адпрацуем.

— Заўтра да вас прыйдзе камісія. Раскажуць вам, як тут усім карыстацца, і растлумачаць правілы, якія тут у нас заведзены.

Том сказаў:

— Слухай, а што гэта такое? Што за камісія такая?

Вартаўнік адкінуўся на спінку крэсла:

— Яна добра працуе. У лагеры пяць санітарных аддзяленняў. З кожнага выбіраюць сваіх прадстаўнікоў у цэнтральную камісію. Яна тут усім распараджаецца. Яе слова — закон.

— А калі хто з іх вельмі крута загне?

— Ну што ж, адклікаць яго можна таксама лёгка, як і абраць. Ды не, усе добра працуюць. Нядаўна ў нас вось што было. Ведаеш гэтых прапаведнікаў з секты трасуноў? Ледзь дзе збярэцца народ, яны тут як тут — пропаведзі чытаюць і бляшанку па крузе пускаюць. Ну, наважыліся яны і сюды пранікнуць. Шмат хто са старэйшых захацеў іх паслухаць. Слова за цэнтральнай камісіяй. Склікалі сход і вырашылі так: «Прапаведаваць у лагеры дазваляецца ўсім. Збіраць ахвяраванні не дазваляецца нікому». Старыя нашы зажурыліся, бо з таго дня ніводзін прапаведнік тут больш носа не паказвае.

Том засмяяўся і спытаў:

— Значыць, тыя, што запраўляюць лагерам, тут і жывуць?

— Ну так. І гэта толькі на карысць справе.

— А яшчэ ты гаварыў пра палісменаў…

— Цэнтральная камісія сочыць, каб быў парадак, і ўводзіць правілы. А яшчэ ёсць жаночая камісія. Заўтра яны зойдуць да тваёй маці. Яны за дзецьмі наглядаюць і сочаць за чысцінёй у санітарных блоках. Калі маці твая куды-небудзь на працу не пойдзе, ёй даручаць дзяцей, чые бацькі ходзяць на працу, а калі яна сама дзе ўладкуецца, што ж, на яе месца знойдуцца іншыя. Жанчыны і шыццём займаюцца, тут да нас медыцынская сястра прыходзіць, вучыць іх. Заняткі ёсць розныя.

— Дык што, у вас зусім фараонаў няма?

— Няма, сэр. Без ордэра на арышт палісмен сюды не паткнецца.

— Ну, а калі хто наскандаліць ці нап'ецца і кулакі ў ход пусціць, што тады?

Вартаўнік праткнуў алоўкам прамакатку:

— Пасля першага разу цэнтральная камісія папярэджвае яго. Пасля другога яму даюць строгае папярэджанне. А пасля трэцяга — выганяюць з лагера.

— Госпадзі, проста не верыцца! Сёння пад ноч шэрыфскія памагатыя і гэтыя малойчыкі ў форменных фуражках цэлы лагер каля рэчкі спалілі.

— Да нас яны не ходзяць, — сказаў вартаўнік. — Іншы раз вечарам нашы хлопцы выстаўляюць дазоры ўздоўж агароджы, асабліва калі ў нас тут танцы вечарам у суботу.

— Кожную суботу танцы? Божачка літасцівы!

— Ва ўсёй акрузе лепшых вечарынак не бывае.

— Вось яно як! Чаму нідзе больш такіх лагераў няма?

Вартаўнік насупіўся:

— Давядзецца табе самому дадумацца. Ідзі паспі трохі.

— Добрай ночы, — сказаў Том. — Маці маёй тут вельмі спадабаецца. З ёю даўно ўжо па-чалавечы не абыходзіліся.

— Добрай ночы, — адказаў вартаўнік. — Кладзіся спаць. У нас тут рана ўстаюць.

Том ішоў па праходзе між двума радамі палатак. Вочы яго ўжо прывыклі бачыць пры святле зорак. Ён заўважыў, што рады палатак усе прамыя і што смецця каля іх няма. Зямля між імі падмецена і апырскана вадой. З палатак чулася роўнае храпенне. Увесь лагер спаў. Том ішоў не спяшаючыся. Ён падышоў да санітарнага блока нумар чатыры і з цікавасцю агледзеў яго: непафарбаваны будынак, нізенькі і груба скіданы, пад паветкай — некалькі радоў балеяў мыць бялізну. Непадалёк ён убачыў свой грузавік і ціхенька падышоў да яго. Брызент быў ужо нацягнуты, пад ім не чулася ні гуку. Падышоўшы бліжэй, ён убачыў, як з ценю, што падаў ад грузавіка, аддзялілася нечая постаць і пасунулася ў яго бок. Гэта была маці. Яна ціха запыталася:

— Гэта ты, Том?

— Я.

— Ш-ш!.. — прашаптала яна. — Усе спяць. Вельмі знясілелі.

— Табе таксама не шкодзіла б паспаць.

— Я цябе чакала. Усё добра?

— Парадак, — адказаў Том. — Але нічога расказваць не буду. Раніцай сама пра ўсё даведаешся. Табе тут падабаецца?

Маці зноў прашаптала:

— Кажуць, у іх тут гарачая вада ёсць.

— Ага, ёсць. А цяпер спаць кладзіся. Я ўжо не прыпомню, калі ты апошні раз спала.

Але маці дапытвалася:

— А што ты такое не хочаш мне расказаць?

— Ды нічога. Ідзі спаць.

І тут яна сказала тонам капрызнай дзяўчынкі:

— А як я засну, калі ўвесь час толькі і думаць буду, чаму ён расказваць не хоча.

— А ты не думай, — сказаў Том. — Раніцай, як устанеш, надзень свежую сукенку і… тады сама пра ўсё даведаешся.

— Не, я з такімі думкамі заснуць не змагу.

— А трэба. — Том весела хмыкнуў. — Трэба паспаць.

— Добрай ночы, — ціха прамовіла маці, прыгнулася і юркнула ў цемру пад брызент.

Том залез цераз задні борт на машыну. Ён лёг дагары на драўляную платформу і, падклаўшы сплеценыя рукі пад галаву, прыціснуў локці да вушэй. Ноч рабілася халаднейшай. Том зашпіліў пінжак на грудзях і зноў закінуў рукі за галаву. Над ім ззялі яркія, колкія зоркі.


Том прачнуўся яшчэ зацемна. Яго пабудзіла нягучнае бразганне. Ён прыслухаўся і зноў пачуў ціхі ляск жалеза аб жалеза. Ён расправіў зацёклыя рукі і ногі і зябка пакурчыўся. Лагер яшчэ спаў. Том прыўзняўся і стаў глядзець цераз борт грузавіка. Горы на ўсходзе былі сінявата-чорныя, але за імі, на вачах у яго, занялося кволае святло, кранула абрысы гор бледнай чырванню і, расцякаючыся па небе, рабілася ўсё халаднейшым, шарэла і меркла, пакуль зусім не злілося з непрагляднай ноччу над заходнім гарызонтам. А ўнізе, у даліне, зямлю завалакло лілаватае перадсвітальнае сутонне. Зноў нешта бразнула. Том правёў позіркам уздоўж шэрагу палатак, крыху святлейшых за шэрань зямлі. Каля адной з іх бліснуў чырванавата-жоўты агеньчык, які прабіваўся праз шчыліны прапаленай бляшанай печкі. Над куртатай трубой віўся шэры дымок.

Том пералез цераз борт і саскочыў на зямлю. Не спяшаючыся, ён пайшоў да печкі. Каля яе ўбачыў маладзенькую жанчыну, убачыў, што на сагнутай у локці руцэ яна трымае грудное дзіця і што яно ссе, схаваўшы галаву пад кофтачку маці. Маладзіца хадзіла каля печкі, падпраўляла сушняк у топцы, перастаўляла канфоркі, каб была лепшай цяга, адчыняла засланку; а дзіця не пераставала смактаць, і маладая маці спрытна перакідвала яго з рукі на руку. Дзіця не замінала ёй завіхацца каля печкі, не парушала лёгкасці і зграбнасці яе рухаў. А чырванавата-жоўтыя язычкі полымя выбіваліся са шчылін у печцы і кідалі трапяткія блікі на палатку.

Том падышоў бліжэй. У нос ударыў прыемны пах смажанай свіной грудзінкі і гарачага хлеба. На ўсходзе хутка святлела. Том падышоў да самай печкі і выцягнуў над ёю рукі. Маладзіца паглядзела на яго, кіўнула яму галавой, і дзве яе касы тузануліся ў бакі.

— Добрай раніцы, — павіталася яна і перавярнула скрылік грудзінкі на патэльні.

Полка ў палаткі задралася, і з яе выйшаў малады мужчына, а за ім старэйшы за яго гадамі чалавек. Абодва былі ў сініх, новых з выгляду рабочых баваўняных штанах і ў такіх самых куртках са шчыльнай набіўкай, на якіх блішчалі медныя гузікі. Абодва мужчыны былі вельмі падобныя адзін да аднаго — рысы твару рэзкія, вострыя. У малодшага падбародак зарос цёмнай шчэццю, а ў старэйшага — сівой. Галовы ў іх былі мокрыя, з валасоў сцякала вада, збіраючыся кроплямі на шорсткіх бародах. Шчокі вільготна паблісквалі. Яны сталі поплеч і моўчкі пазіралі, як святлее неба на ўсходзе. Потым адначасова пазяхнулі і перавялі позірк на светлыя краі ўзгоркаў. І тут яны заўважылі Тома.

— Добрага ранку, — прамовіў старэйшы, і на яго твары не адбівалася ні прыязнасці, ні варожасці.

— Добрай раніцы, — адказаў Том.

Малодшы таксама павітаўся:

— Добрага ранку.

Кроплі вады на іх тварах высыхалі. Абодва падышлі бліжэй і сталі грэць над плітою рукі.

Маладая жанчына не пераставала ўвіхацца каля печкі. Толькі на хвілінку яна пасадзіла дзіця і завязала косы шнурком на патыліцы, і цяпер яны матляліся ў яе за спінай. Яна паставіла на вялікую скрыню алавяныя кубкі і талеркі і каля іх паклала нажы і відэльцы, вылавіла з густога сала скрылікі свініны і паклала на алавянае блюда, дзе яны, крыху яшчэ пасквірчэўшы і пашыпеўшы, ператварыліся ў хрумсткія скваркі. Потым яна адчыніла дзверцы духоўкі і выняла з яе бляху з вялікімі пышнымі праснакамі.

Калі ад бляхі пацягнула пахам гарачых праснакоў, мужчыны глыбока ўдыхнулі носам паветра. Малодшы ціха ўсклікнуў:

— А божачкі!

Старэйшы мужчына павярнуўся да Тома:

— Ты снедаў?

— Яшчэ не. Мае вунь там. Не падняліся яшчэ. Адсыпаюцца.

— Дык садзіся з намі. У нас, дзякуй богу, яды хапае.

— Ну дзякуй, — адказаў Том. — Такі смачны дух, што цяжка адмовіцца.

— А што, хіба няпраўда? — сказаў малодшы мужчына. — Ты калі-небудзь чуў пах прыямнейшы? — Абодва падышлі да скрыні і прыселі адзін супраць аднаго на кукішкі.

— Працуеш тут? — пацікавіўся малодшы.

— Толькі збіраюся, — адказаў Том. — Мы сёння пад ноч толькі прыехалі. Я яшчэ не паспеў агледзецца.

— А мы дванаццаты ўжо дзень працуем.

Ад печкі пачуўся голас жанчыны:

— Нават новую адзежу ўжо купілі. — Мужчыны глянулі на свае каляныя курткі і крыху збянтэжана ўсміхнуліся. Жанчына паставіла на скрыню талерку са смажанінай, пышныя, румяныя праснакі, міску з растопленым салам, кацялок з кавай і таксама прысела на кукішкі каля скрыні.

Абодва мужчыны напоўнілі свае талеркі, палілі праснакі гарачым салам і пасаладзілі каву.

Старэйшы напхаў поўны рот праснака, жаваў, жаваў, сёрбаў каву і глытаў.

— Божа мой, якая смаката! — сказаў ён і зноў напхаў рот.

Малодшы сказаў:

— Мы дванаццаты ўжо дзень добра ядзім. Ні разу не было так, каб не пад'елі — і снеданне, і абед, і вячэра. Працуем, атрымліваем грошы і добра харчуемся. — Ён зноў, ледзь не як ашалелы, накінуўся на ежу, наклаўшы сабе поўную талерку. Потым абодва мужчыны выпілі пякучай кавы, выплюхнулі гушчу на зямлю і зноў налілі ў кубкі.

— Ну, час ісці, — сказаў старэйшы.

Малады павярнуўся да Тома:

— Слухай, мы тут трубы пракладаем недалёка. Хочаш, пойдзем з намі, можа, і цябе гаспадар возьме.

Том сказаў:

— О, вельмі вам удзячны. І за снеданне дзякуй вялікі.

— Калі ласка, — сказаў старэйшы. — Мы паспрабуем табе памагчы ўладзіцца на працу, калі хочаш.

— Вы проста наскрозь мяне бачыце — вядома, хачу, — адказаў Том. — Толькі пачакайце хвілінку. Я сваіх папярэджу. — Ён паспешліва пайшоў да сваёй палаткі, нагнуўся і зазірнуў пад брызент. У прыцемку ўбачыў няясныя постаці на матрацах. Пад адной коўдрай нехта раптам заварушыўся. З-пад яе, выкручваючыся, як змяя, выбралася Руці, валасы падалі ёй на вочы, сукенка была памятая, уся скручаная. Дзяўчынка асцярожна выпаўзла на жываце з палаткі і стала на ногі. Шэрыя вочы яе са сну глядзелі спакойна і ясна, без гарэзлівасці. Том адышоў ад палаткі, кіўком галавы паманіў яе за сабой, вочы іх стрэліся.

— Госпадзі, як ты расцеш! — сказаў Том.

Руці сумелася і адвяла позірк.

— Вось слухай, — сказаў Том. — Нікога цяпер не будзі, а як падымуцца, скажы, што я пайшоў — можа, на працу ўладкуюся. Маме скажы, я ў суседзяў снедаў. Зразумела?

Руці кіўнула галавой, што зразумела, і зноў адвярнулася, пагляд вачэй яе быў зусім дзіцячы.

— Не будзі іх, — яшчэ раз папярэдзіў Том і паспешліва пакрочыў да сваіх новых знаёмых. А Руці апасліва падышла да санітарнага блока і крадком зазірнула ў адчыненыя дзверы.

Абодва мужчыны чакалі Тома. Ён вярнуўся. Маладая жанчына выцягнула з палаткі матрац і пасадзіла на яго дзіця, а сама ўзялася мыць бялізну.

Том сказаў:

— Мне трэба было сказаць бацькам, куды я пайшоў. Яны яшчэ спяць. — Усе трое пакрочылі па праходзе між палатак.

Лагер пачынаў ажываць. Каля толькі што разведзеных вогнішчаў завіхаліся жанчыны, рыхтавалі снеданне — рэзалі мяса, мясілі цеста на праснакі. А мужчыны пахаджвалі каля палатак і каля машын. Неба было ўжо ружовае. Перад канторай высокі худы стары клапатліва разраўноўваў граблямі дарожку. Ён так вадзіў граблямі, што вузкія баразёнкі выходзілі простыя і глыбокія.

— Нешта ты сёння рана падняўся, бацька, — сказаў яму малады чалавек, калі яны ўсе трое праходзілі міма.

— Ага, так. За пастой адпрацоўваю.

— За пастой! — усміхнуўся малады. — Ён напіўся ў суботу вечарам і дапазна гарланіў песні ў сваёй палатцы. Камісія ў пакаранне прымусіла яго папрацаваць. — Яны ішлі цяпер па краі чорнай ад мазуту дарогі, абсаджанай з аднаго боку арэхавымі дрэвамі. З-за гор вызірнуў абадок сонца. Том сказаў:

— Дзіўна неяк. Я паснедаў у вас, а як зваць мяне, не сказаў, і вы таксама не назваліся. Я — Том Джоўд.

Старэйшы глянуў на яго і слаба ўсміхнуўся:

— Ты, відаць, у гэтых краях нядаўна?

— Усяго некалькі дзён.

— Так я і думаў. Проста дзіўна — і хутка ж тут адвыкаеш імя сваё называць… так шмат народу. Адзін аднаго тут клічуць проста «прыяцель». Дык вось, сэр, зваць мяне Цімаці Ўолес, а гэта сын мой — Уілкі.

— Вельмі прыемна, — сказаў Том. — А вы самі тут даўно?

— Дзесяць месяцаў, — адказаў Уілкі. — Мы прыбылі сюды ў самым хвасце леташняга патоку бежанцаў. А госпадзі! Ну і часіна была, ну і часіна! Ледзь з голаду не памерлі. — Іх чаравікі пастуквалі па грунтавой дарозе. Міма прайшоў грузавік, поўны людзей, паглыбленых у свае думкі. Яны трымаліся за барты і панура пазіралі на дарогу.

— Гэтыя працуюць на газавую кампанію, — сказаў Цімаці. — Добра зарабляюць.

— Я мог бы ўзяць наш грузавік, — прапанаваў Том.

— Не, не варта. — Цімаці нахіліўся і падабраў з зямлі зялёны грэцкі арэх. Калупнуў яго пазногцем і шпурнуў у чорнага дразда, які сядзеў на драцяной агароджы. Дрозд успырхнуў і, калі арэх праляцеў пад ім, зноў апусціўся на дрот і пачысціў дзюбкай бліскучае чорнае пер'е.

Том запытаўся:

— А ў вас машыны няма?

Абодва Ўолесы змоўчалі, і, глянуўшы на іх, Том убачыў збянтэжанасць на іх тварах.

Уілкі сказаў:

— Туды, дзе мы працуем, недалёка — усяго адна міля, вось па гэтай дарозе.

Цімаці сярдзіта загаварыў:

— Не, няма ў нас машыны. Прадалі. Вымушаны былі. Есці не было чаго, хоць зубы на паліцу кладзі. Працу таксама не маглі знайсці. А тут кожны тыдзень прыходзяць скупшчыкі. Прыйдзе такі, убачыць, што ты галодны, і бярэцца купіць тваю машыну. І калі ты досыць ужо згаладаўся, ён у цябе яе за бясцэнак купляе. А мы… мы былі ох якія галодныя. За дзесяць даляраў прадалі. — Цімаці плюнуў на дарогу.

Уілкі спакойна сказаў:

— На тым тыдні я ў Бейкерсфілдзе быў. Бачыў яе… выстаўлена на продаж… стаіць сабе наша машына, а на бірцы цана — семдзесят даляраў.

— У нас выйсця не было, — зноў загаварыў Цімаці. — Вырашылі: лепей няхай нас абрабуюць, чым мы іх. Да крадзяжу мы яшчэ не дайшлі, але ох як былі мы блізка да яго!

Том сказаў:

— А мы, ведаеце, перад ад'ездам чулі, што работы тут да чорта. І яшчэ лісткі такія чыталі, у якіх людзей сюды заклікалі.

— Так, — сказаў Цімаці, — мы іх таксама чыталі. А работы тут мала. І плата ўвесь час падае. Галава баліць ад думак, як пракарміцца.

— Цяпер жа ў вас праца ёсць, — нагадаў яму Том.

— Ёсць, толькі гэта ненадоўга. Гаспадар у нас добры. Участак у яго невялікі. Разам з намі працуе. Але ненадоўга ўсё гэта.

Том сказаў:

— Нашто ж вам мяне ўладкоўваць? Утраіх з работай яшчэ хутчэй справімся. Вы ж самі сабе да горла нож падносіце, чаму так робіце?

Цімаці пакруціў галавой:

— Не ведаю. Відаць, па дурноце. Мы думалі купіць сабе капелюшы. Толькі наўрад ці ўдасца. Вунь яго ўчастак, направа. Праца выгадная. Трыццаць цэнтаў у гадзіну. І гаспадар добры, з намі па-прыяцельску.

Яны збочылі з дарогі і прайшлі па пасыпанай жвірам дарожцы цераз невялікі агародчык; за прысадамі стаялі белы дамок сярод купкі цяністых дрэў і адрына; за адрынай віднеўся вінаграднік і баваўнянае поле. Калі яны параўняліся з дамком, сеткаватыя дзверы на ганку грукнулі, і па прыступках спусціўся загарэлы каржакаваты чалавек у кардонным шлеме. Ён ішоў па двары, падкасваючы на хаду рукавы кашулі. Яго густыя, абсмаленыя сонцам бровы пахмурна ссунуліся. Шчокі былі чырвоныя ад загару.

— Добрага вам ранку, містэр Томас, — павітаўся Цімаці.

— Добрага, — раздражнёна буркнуў той.

Цімаці сказаў:

— Гэта Том Джоўд. Можа, вы знойдзеце магчымасць узяць яго на працу?

Гаспадар сярдзіта глянуў на Тома і раптам рагатнуў, але бровы ў яго так і засталіся насупленымі.

— О, вядома, вядома. Я яго вазьму. Я ўсіх, каго хочаце, вазьму. Можа, і цэлую сотню вазьму.

— Мы проста думалі… — прабачлівым тонам пачаў быў Цімаці.

Томас перабіў яго:

— Ага, і я таксама думаў. — Ён крута павярнуўся тварам да іх. — Мне трэба з вамі пагаварыць. Я плачу вам трыццаць у гадзіну, так?

— Так, містэр Томас… але мы…

— І за трыццаць цэнтаў вы робіце, што мне трэба. — Томас пераплёў пальцы сваіх вялікіх агрубелых рук.

— Мы стараемся добра працаваць.

— Ну дык вось, хопіць. З сённяшняга дня я плачу вам дваццаць пяць у гадзіну, хочаце — заставайцеся, не хочаце — ідзіце. — Чырвань на яго твары пацямнела ад гневу.

Цімаці сказаў:

— Мы добра працавалі. Вы самі казалі.

— Казаў. Але цяпер усё так павярнулася, што, здаецца, я не магу наймаць людзей. — Томас глынуў сліну. — Вось слухайце. У мяне шэсцьдзесят пяць акраў зямлі. Пра Асацыяцыю фермераў вы калі-небудзь чулі?

— Ну, вядома, чулі.

— Дык вось, я ў яе ўваходжу. Учора вечарам у нас быў сход. А хто верхаводзіць у Асацыяцыі, ведаеце? Зараз скажу. Заходні банк. Банку гэтаму належыць ледзь не ўся наша даліна, а што не яго, на тое ён мае вэксалі па пазыках. І ўчора адзін банкаўскі прадстаўнік сказаў мне: «Вы плаціце трыццаць цэнтаў у гадзіну. Давядзецца вам збавіць да дваццаці пяці». Я кажу яму: «У мяне добрыя работнікі. Такім не шкада і трыццаць даць». А ён мне: «Не ў гэтым справа. Цяпер устаноўлена плата дваццаць пяць цэнтаў. Калі будзеце плаціць трыццаць, узнікне незадавальненне. І дарэчы, кажа, вам, напэўна ж, зноў спатрэбіцца пазыка ў наступным годзе пад новы ўраджай, ці ж не так?» — Томас замаўчаў. Ён цяжка і хрыпла дыхаў. — Цяпер ясна? Стаўка — дваццаць пяць цэнтаў — і за гэта дзякуй скажыце.

— Мы старанна працавалі, — разгублена прамовіў Цімаці.

— Да вас яшчэ не дайшло? Пан Банк наймае дзве тысячы чалавек, а я ўсяго толькі вас траіх. У мяне даўгавыя абавязацельствы. Вось і паварушыце мазгамі. Калі знойдзеце выйсце, я, бог сведка, пярэчыць не буду. Яны мяне ў кут загналі.

Цімаці пакруціў галавой:

— Не ведаю, што і казаць.

— Хвілінку пачакайце. — Томас шпарка падняўся на ганак. За ім з грукатам зачыніліся дзверы. Праз момант ён вярнуўся з газетай у руцэ. — Вось, бачылі? Я вам прачытаю. «Грамадзяне, абураныя дзейнасцю чырвоных агітатараў, спалілі перасяленчы лагер. Мінулай ноччу група грамадзян, выведзеная з цярпення агітацыяй, якая праводзілася ў мясцовым лагеры перасяленцаў, спаліла датла палаткі і запатрабавала ад агітатараў пакінуць нашу акругу».

Том пачаў быў:

— Ага, я… — і раптам асекся і сціснуў губы.

Томас акуратна склаў газету і засунуў яе ў кішэню. Ён ужо авалодаў сабой. Спакойна сказаў:

— Людзей гэтых паслала туды Асацыяцыя. Вось я іх і выдаў. І калі там даведаюцца, што я вам сказаў, дык у наступным годзе фермы ў мяне ўжо не будзе.

— Проста розуму не дабяру, што сказаць, — паўтарыў Цімаці. — Калі там на самай справе былі агітатары, тады зразумела, чаму ў Асацыяцыі так раз'юшыліся.

Томас сказаў:

— Я даўно да ўсяго гэтага прыглядаюся. Перад кожным зніжэннем платы абавязкова паяўляюцца чырвоныя агітатары. Абавязкова. Каб на іх чорт, яны завабілі мяне ў пастку. Дык як, што вы вырашылі? Дваццаць пяць цэнтаў?

Цімаці апусціў вочы долу.

— Я згодзен, — вымавіў ён.

— І я, — сказаў Уілкі.

Том сказаў:

— Ну, здаецца, мне пашанцавала як на першы раз. Канешне, я таксама буду працаваць у вас. Мне адмаўляцца нельга.

Томас выцягнуў з задняй кішэні штаноў стракатую шаўковую насоўку і выцер ёю губы і падбародак.

— Проста не ведаю, колькі яшчэ так будзе далей. І як вы толькі ўхітраецеся сям'ю пракарміць на такія грошы, не магу зразумець.

— Пакуль працуем — кормімся, — сказаў Уілкі. — А вось як работы няма…

Томас глянуў на свой наручны гадзіннік.

— Ну хадзем, выкапаем канаву. А бог з ім, — раптам сказаў ён рашуча, — так і быць, скажу. Вы жывяце ва ўрадавым лагеры, так?

Цімаці насцярожыўся.

— Так, сэр.

— І кожны суботні вечар у вас там танцы?

Уілкі ўсміхнуўся:

— А як жа.

— Дык вось што. У наступную суботу будзьце асцярожныя.

Цімаці раптам ускінуў галаву і падступіў бліжэй да Томаса.

— Што вы маеце на ўвазе? Я член цэнтральнай камісіі. Я павінен ведаць.

Томас паглядзеў на яго з асцярогай.

— Нікому не кажыце, што ад мяне даведаліся.

— А што такое?

— У Асацыяцыі цярпець не могуць гэтых урадавых лагераў. Шэрыфавых падручных туды не пашлеш. Там, я чуў, людзі самі сабе законы пішуць, і без ордэра нікога нельга арыштаваць. Дык вось, калі ў вас распачнецца бойка ці там страляніна, тады да вас заявяцца шэрыфавы падручныя і ачысцяць лагер ад усіх вас.

Цімаці раптам неяк перамяніўся. Ён расправіў плечы, вочы ў яго сталі халодныя.

— Вы хочаце сказаць, што…

— Толькі нікому не расказвайце, што ад мяне чулі, — прамовіў Томас з трывогай у голасе. — У суботу вечарам у вашым лагеры выбухне бойка. А шэрыфавы агенты будуць напагатове.

Том недаўменна запытаўся:

— Навошта ўсё гэта? Людзі ж нікому не перашкаджаюць.

— Я скажу табе навошта, — адказаў Томас. — Людзі ў гэтым лагеры прывыкаюць да чалавечнага абыходжання. А потым трапіць з іх хто ў лагер перасяленцаў, і з ім будзе цяжка справіцца. — Ён зноў сцёр насоўкай пот з твару. — Ну ідзіце, працуйце. Далібог, дагаварыліся мы з вамі да таго, што я без фермы застануся. Але вы мне як людзі падабаецеся.

Цімаці павярнуўся да яго і падаў яму сваю худую мазолістую руку, і Томас паціснуў яе.

— Ніхто не даведаецца, хто нам сказаў. Дзякуй вам ад нас. Бойкі не будзе.

— Бярыцеся за справу, — сказаў Томас. — І памятайце: дваццаць пяць цэнтаў у гадзіну.

— Папрацуем і за столькі… — сказаў Уілкі, — на вас.

Томас пакрочыў да дамка.

— Я праз хвілінку таксама прыйду, — сказаў ён. — А вы бярыцеся за справу. — Сеткаватыя дзверы зачыніліся за ім.

Том і Ўолесы мінулі выбеленую вапнай адрыну і па ўскрайку поля падышлі да доўгай вузкай канавы, уздоўж якой ляжалі секцыі бетоннай трубы.

— Вось тут мы і працуем, — сказаў Уілкі Тому.

Яго бацька адчыніў адрыну і вынес адтуль дзве кіркі і тры рыдлёўкі. Ён сказаў Тому:

— На, бяры сваю красуню.

Том узважыў кірку ў руцэ.

— Ого! Якраз мне да пары.

— Пабачым, што ты ў адзінаццаць гадзін запяеш, — усміхнуўся Ўілкі. — Паглядзім, якая яна табе пара.

Яны падышлі да канца няскончанай канавы. Том зняў пінжак і кінуў яго на груду выкапанай зямлі. Ён адсунуў кепку з ілба і ступіў у канаву. Папляваў на далоні. Кірка ўзляцела ў паветра і апусцілася, бліснуўшы на сонцы. Том ціха кракнуў. Кірка ўзвівалася ўгору і падала, і краканне чулася якраз у той момант, калі лязо ўгрызалася ў зямлю, рассякаючы грунт.

Уілкі ўсклікнуў:

— Вось гэта я разумею! Ну і землякоп нам, та, трапіўся! Ён з кіркай, як з роднай.

Том адказаў:

— Я намахаўся ёю, дзе трэба — ух! Так, так, сэр, — ух! Не адзін год — ух! Прыемна лашчыць далонь — ух! — Пад яго ўдарамі адколвалася глыба за глыбай. Сонца паднялося ўжо над фруктовымі дрэвамі, і вінаграднае лісце адлівала золатам на лозах. Разрыхліўшы шэсць футаў канавы, Том ступіў убок і выцер з ілба пот. Яго месца заняў Уілкі. Рыдлёўка падымалася і апускалася, і груда выкінутай зямлі абапал канавы расла ў даўжыню.

— Я ўжо нешта чуў пра гэту цэнтральную камісію, — сказаў Том. — Значыць, вы ўваходзіце ў яе?

— Так точна, сэр! — адказаў Цімаці. — На нас ляжыць вялікая адказнасць. На ўсіх нас. Мы стараемся, як можам, і людзі ў лагеры, як могуць, памагаюць нам. Каб толькі буйныя фермеры не так нам дапякалі. А то спакою не даюць.

Том скочыў у канаву, і Ўілкі стаў з краю. Том загаварыў:

— А што з гэтай бойкай на танцах — ух! пра якую ён казаў? — ух! Што яны задумалі?

Цімаці ішоў следам за Ўілкі, і яго рыдлёўка скрэбла і падчышчала дно канавы, рыхтуючы яе пад трубу.

— Відаць, хочуць выжыць нас з лагера, — гаварыў ён. — Баяцца, што мы арганізуемся, думаю. Магчыма, яны маюць рацыю. Лагер наш — гэта і ёсць арганізацыя. Людзі клапоцяцца самі пра сябе. Струнны аркестр у нас найлепшы ў акрузе. Тым, хто галадае, адкрылі ў краме невялікі крэдыт. Пяць даляраў — на такую суму можаш узяць харчу, і лагер за цябе ў адказе перад крамнікам. З уладамі ў нас непрыемнасцей ніякіх не было. Відаць, гэта і палохае багатых фермераў. Не могуць засадзіць нас за краты — вось і страшна ім. Яны, пэўна, думаюць: тыя, што могуць самі сабой кіраваць, здольныя і на іншыя справы.

Том адышоўся ад канавы і выцер пот, які заліваў яму вочы.

— Вы чулі, што напісана ў газеце пра агітатараў у лагеры на поўнач ад Бейкерсфілда?

— Чулі, не глухія, — адказаў Уілкі. — Такое ўжо не першы раз.

— Дык вось, я адтуль. Ніякіх агітатараў там не было. Людзей, якіх яны называюць чырвонымі. І наогул, што гэта за людзі такія — чырвоныя?

Цімаці зрэзаў рыдлёўкай невялікі грудок на дне канавы. Белае шчацінне ў ягонай барадзе паблісквала на сонцы.

— Шмат хто цікавіцца чырвонымі, — усміхнуўся Цімаці. — І вось адзін тут у нас дазнаўся. — Ён прыпляскаў рыдлёўкай насыпаную на край канавы зямлю. — Ёсць тут у нас такі Гайнс. У яго ледзь не трыццаць тысяч акраў зямлі: персікі і вінаград — кансервавы завод і вінаробня. Дык ад яго толькі і чуеш пра чырвоных: «Гэтыя праклятыя чырвоныя давядуць краіну да пагібелі» і «Трэба гнаць адсюль гэтых чырвоных вырадкаў». А тут адзін хлапец, навічок у нас, аднаго дня слухаў, слухаў, пачухаў патыліцу ды кажа: «Містэр Гайнс, я ў гэтых краях нядаўна. Хто яны, тыя праклятыя чырвоныя?» А Гайнс адказвае: «Чырвоны — гэта той сукін сын, які патрабуе трыццаць цэнтаў у гадзіну, калі мы плацім дваццаць пяць». Хлопец падумаў, падумаў, зноў паскроб патыліцу і кажа: «Але ж, містэр Гайнс, я не сукін сын, а калі чырвоныя вось такія… дык я таксама хачу атрымліваць трыццаць цэнтаў у гадзіну. Кожны хацеў бы. Мы, містэр Гайнс, усе чырвоныя, каб на яго ліха». — Цімаці падраўнаваў рыдлёўкай дно канавы, і цвёрдая зямля заблішчала на зрэзе.

Том засмяяўся:

— І я б не ад таго. — Яго кірка высока ўзляцела і апусцілася, і грунт даў трэшчыну. Пот заліваў яму лоб, сцякаў каля носа і пабліскваў кроплямі на шыі. — А, чорт, — сказаў ён, — кірка — добрая рэч — ух! калі ты з ёю ў ладах — ух! А прыладзішся — ух! — і разам з ёю праца спорыцца — ух!

Яны ішлі адзін за адным, і канава паступова расла ў даўжыню, а сонца, усё вышэй падымаючыся ў ранішнім небе, абдавала іх спёкай.


Калі Том пайшоў, Руці яшчэ крыху паглядзела праз адчыненыя дзверы ў санітарны блок. Без Уінфілда, перад якім можна было павыхваляцца, храбрасць яе звяла. Яна ступіла босай нагой на цэментавую падлогу, але праз момант адхапіла нагу назад. З палаткі ў далёкім канцы праходу выйшла жанчына і пачала распальваць паходную жалезную печку. Руці зрабіла некалькі крокаў да яе, але свая палатка пацягнула яе назад. Яна ціхенька падкралася да яе і зазірнула пад брызент. Збоку, проста на зямлі, ляжаў дзядзька Джон, рот у яго быў адкрыты, з горла вырываўся булькатлівы, захлёбісты храп. Маці і бацька спалі, укрытыя коўдрай з галавой, — ад святла. Эл ляжаў у процілеглым ад дзядзькі Джона баку палаткі, прыкрыўшы вочы сагнутай у локці рукой. Каля пярэдняй сценкі палаткі ляжалі Ружа Сарона і Ўінфілд, а месца побач з Уінфілдам было пустое — месца Руці. Яна прысела на кукішкі і пачала ўзірацца. Позірк яе спыніўся на кудзелістай галоўцы Ўінфілда, і, адчуўшы яго, хлопчык расплюшчыў павекі і глянуў на сястру сур'ёзнымі вачамі. Руці прыклала палец да вуснаў і паманіла яго рукой. Уінфілд пакасіўся на Ружу Сарона. Яе расчырванелы твар быў зусім побач, яна дыхала, крыху растуліўшы губы. Уінфілд асцярожна прыўзняў коўдру і вышмыгнуў з-пад яе. Потым ціхенька вылез з палаткі да Руці.

— Ты даўно ўстала? — шэптам запытаўся ён.

Руці бясшумна, з асцярогай азіраючыся, павяла яго ад палаткі і, калі адышліся на бяспечную адлегласць, сказала:

— Я і не клалася. Усю ноч на нагах.

— Няпраўда, — сказаў Уінфілд. — Ты манюка.

— Няхай так, — адказала Руці. — Толькі калі я манюка, дык нічога табе не раскажу. Аднаго дзядзьку нажом зарэзалі, а потым прытупаў мядзведзь і звалок дзіцяня. А я табе пра гэта не раскажу.

— Ніякага мядзведзя не было, — няўпэўнена запярэчыў Уінфілд. Ён прыгладзіў валасы пальцамі і адцягнуў штаны ў кроку.

— Добра, няхай не было, — з'едліва сказала Руці. — І тых белых гаршчочкаў з таго самага, з чаго пасуду робяць, — памятаеш, у каталогах бачылі?

Уінфілд вылупіў на сястру вочы. Ён паказаў рукой на санітарны блок і запытаўся:

— Там?

— Я ж манюка. Ты ўсё роўна не паверыш, дык я і расказваць не буду.

— Пойдзем паглядзім.

— Я там ужо была. Пасядзела на іх. Нават папікала туды.

— А вось і не, — сказаў Уінфілд.

Дзеці пайшлі да будыніны, у якой быў санітарны вузел, і Руці цяпер ужо нічога не баялася. Яна смела ўвайшла туды першая. Уздоўж адной сцяны прасторнага памяшкання былі туалеты — адсекі з дзвярамі спераду. Белы фаянс у іх ззяў чысцінёй. Уздоўж процілеглай сцяны выстраіліся ўмывальныя ракавіны з кранамі, а насупраць увахода былі чатыры душавыя кабінкі.

— Вось, глядзі, — сказала Руці. — Гэта ўнітазы — як у каталогу. — Дзеці падышлі да аднаго туалета. Руці з паказной храбрасцю задрала спаднічку і села на ўнітаз. — Казала ж табе, я тут была, — сказала Руці, і ва ўнітазе пачулася цурчанне.

Уінфілд адчуў няёмкасць. Рука яго націснула на спускны рычажок, і раптам равучы палілася вада. Руці спалохана падскочыла і шарахнулася ўбок. Яны стаялі пасярод памяшкання і пазіралі на ўнітаз. Вада ў ім усё яшчэ булькатала.

— Гэта ты ўсё, — сказала Руці. — Падышоў і зламаў. Я бачыла.

— Не, я не ламаў. Далібог, гэта не я.

— Я ж сама бачыла. Да добрых рэчаў цябе і блізка падпускаць нельга.

Уінфілд паныла апусціў галаву. Потым глянуў на Руці, і вочы ў яго наліліся слязьмі, падбародак задрыжаў. І Руці пашкадавала яго.

— Ну нічога, — сказала яна. — Я не паскарджуся на цябе. Мы скажам — так і было. Скажам, мы сюды і не заходзілі нават. — Дзеці пайшлі з памяшкання.

Сонца ўжо ледзь дакраналася да краю гор і свяціла на жалезныя рыфленыя дахі пяці санітарных блокаў, на шэрыя палаткі і на чыста падмеценыя дарожкі між імі. Лагер прачнуўся. У паходных печках гарэў агонь, у печках, зробленых з газавых бітонаў і ліставога жалеза. У паветры цягнула дымком. Полкі палатак былі адкінутыя, і людзі расхаджвалі па лагеры. Перад Джоўдавай палаткай, паглядаючы па баках, стаяла маці. Убачыўшы дзяцей, пайшла ім насустрач.

— Я ўжо не ведала, што і падумаць, — сказала яна. — Не ведала, дзе вас шукаць.

— А мы проста так хадзілі, глядзелі, — адказала Руці.

— А Том дзе? Вы яго не бачылі?

Руці напусціла на сябе важны выгляд.

— Так, мэм, бачылі. Ён пабудзіў мяне і сказаў, што перадаць. — Дзяўчынка замаўчала, каб падкрэсліць сваю значнасць.

— Ну, што? — нецярпліва запыталася маці.

— Ён прасіў перадаць табе… — Руці зноў замаўчала і глянула на Ўінфілда, ці бачыць ён, якая ў яе важная роля.

Маці падняла руку, нібы замахваючыся:

— Ну што?

— Ён работу атрымаў, — выпаліла Руці. — Пайшоў працаваць. — Яна з апаскай паглядзела на паднятую руку маці. Рука апусцілася, потым пацягнулася да дзяўчынкі. Маці абняла Руці за плечы, парывіста прыціснула да сябе і адпусціла.

Руці ў замяшанні ўставілася ў зямлю і загаварыла пра іншае:

— У іх там унітазы. Беленькія.

— А ты ўжо збегала туды, — занепакоілася маці.

— Мы з Уінфілдам пабылі там, — адказала Руці і адразу ж учыніла вераломства: — Уінфілд сапсаваў прыбіральню.

Хлопчык пачырванеў. Ён бліснуў вачамі на Руці.

— А яна туды папікала, — сказаў ён помсліва.

Маці захвалявалася:

— Што вы там нарабілі? Пакажыце. — Яна сілай павяла малых да дзвярэй санітарнага вузла і ўштурхнула ўсярэдзіну. — Дык што вы тут натварылі?

Руці паказала на ўнітаз:

— Тут як засвішча, зашыпіць, потым як забулькоча! Цяпер сціхла.

— Пакажыце, што вы зрабілі, — патрабавала маці.

Уінфілд нехаця падышоў да ўнітаза.

— Я толькі слабенька так націснуў на вось гэта, — сказаў ён. — Проста ўзяўся рукой вось так, і… — Зноў зашумела вада, і хлопчык адскочыў.

Маці закінула галаву назад і засмяялася; Руці і Ўінфілд пакрыўджана пазіралі на яе.

— Так яно і павінна быць, — сказала маці. — Я некалі бачыла такія. Калі скончыш, трэба націснуць.

Дзеці адчулі вялікі сорам за сваю недасведчанасць. Яны выйшлі за парог і пайшлі праходам паміж палатак — падзівіцца на шматлікую сям'ю, што сядзела за снеданнем.

Маці праводзіла дзяцей позіркам. Потым агледзела памяшканне. Падышла да душавой кабінкі і зазірнула ў яе. Падышла да ўмывальных ракавін і правяла далонню па белым фаянсе. Крыху адкруціла кран, падставіла пад струмень палец і паспешліва адхапіла руку, калі пайшла гарачая вада. З хвілінку разглядала ракавіну, потым уторкнула затычку і напусціла ў ракавіну вады, крыху з гарачага крана і крыху з халоднага. Тады яна памыла рукі ў цёплай вадзе, умыла твар і ўжо прыгладжвала мокрымі рукамі валасы, як за яе спінай раптам пачуліся нечыя крокі па цэментавай падлозе. Маці крута павярнулася. Перад ёю стаяў пажылы чалавек і глядзеў на яе з зусім зразумелым абурэннем. Ён строга запытаўся:

— Як вы сюды папалі?

Маці сутаргава глынула сліну, адчуваючы, як вада сцякае з падбародка і праз сукенку дабіраецца да цела.

— Я не ведала, — прамовіла яна прабачлівым тонам. — Думала, тут для ўсіх.

Пажылы чалавек насупіўся.

— Тут для мужчын, — сказаў ён сурова. Тады падышоў да дзвярэй і паказаў на дошчачку: ДЛЯ МУЖЧЫН. — Ну вось, больш доказаў не трэба. Вы што, не бачылі?

— Не, — пачырванеўшы ад сораму, адказала маці. — Не заўважыла. А ёсць, дзе мне можна?

Абурэнне пажылога чалавека астыла.

— Вы толькі што прыехалі? — запытаўся ён больш прыязным тонам.

— Уночы.

— Значыць, камісія яшчэ з вамі не гаварыла?

— Якая камісія?

— Ну як жа — жаночая камісія.

— Не, са мной не.

Пажылы чалавек важна сказаў:

— Хутка яна да вас зойдзе і ўсё растлумачыць. Мы клапоцімся аб навічках. А калі вам патрэбна жаночая прыбіральня, абыдзіце будынак. Той бок — ваш.

Маці няўпэўнена запыталася:

— Вы кажаце, што жаночая камісія… прыйдзе да нас у палатку?

Чалавек кіўнуў галавой:

— Так, павінна хутка прыйсці.

— Дзякуй вам, — сказала маці, паспешліва выйшла за дзверы і ледзь не бягом кінулася да сваёй палаткі.

— Бацька! — крыкнула яна. — Джон, падымайцеся! І ты, Эл. Уставайце ўсе, памыйцеся. — Яе сустрэлі няўцямнымі, соннымі позіркамі. — Уставайце, ідзіце твары памыйце. І валасы прычашыце.

Дзядзька Джон быў бледны і з выгляду нездаровы. На падбародку ў яго чарнеў кровападцёк.

Бацька запытаўся:

— Што здарылася?

— Камісія! — выгукнула маці. — У іх тут камісія… жаночая камісія… хутка прыйдзе да нас. Уставайце ж, ідзіце мыцца. Пакуль мы тут спалі і храплі, Том на працу ўладкаваўся. Падымайцеся, ну!

Усе выйшлі з-пад брызенту яшчэ сонныя. Дзядзька Джон пахіснуўся на хаду, і па твары яго прабегла хваравітая грымаса.

— Ідзіце ў той дамок і памыйцеся, — загадала маці. — Хуценька паснедаем, бо прыйдзе камісія. — Маці прынесла трэсак, што ляжалі кучкай за палаткамі, развяла агонь і дастала кухонны посуд. — Кукурузныя аладкі, — сказала яна сама сабе. — Аладкі з падліўкай. Так хутчэй. Трэба спяшацца. — Яна гаварыла сама з сабой, а Руці з Уінфілдам стаялі побач і здзіўлена пазіралі на яе.

Над лагерам пацягнуўся дымок ранішніх вогнішчаў, адусюль чулася гамонка.

Ружа Сарона, раскудлачаная, заспаная, вылезла з-пад брызенту. Маці, мераючы прыгаршчамі кукурузную муку простага памолу, павярнулася да дачкі. Паглядзела на пакамечаную, нясвежую сукенку, на зблытаныя, нечасаныя валасы.

— Прывядзі сябе ў парадак, — вымавіла яна скорагаворкай. — Зараз жа пайдзі і памыйся. Надзень чыстую сукенку, я яе памыла. Прычашыся, пратры вочы. — Маці вельмі хвалявалася.

Ружа Сарона панура буркнула:

— Я сябе дрэнна адчуваю. Хачу, каб Коні прыйшоў. Без яго я рабіць нічога не буду.

Маці крута павярнулася да дачкі. Далоні яе і запясці былі ў жоўтай кукурузнай муцэ.

— Разашарна, — строга сказала яна, — вазьмі сябе ў рукі. Досыць табе хныкаць. Сюды хутка з'явіцца жаночая камісія, што ж, мы на іх спадылба глядзець будзем?

— Дык жа ж мне нездаровіцца.

Маці ступіла да яе, выставіўшы наперад зацярушаныя мукой рукі.

— Ідзі памыйся, — загадала яна. — Бывае так, што свае хворасці трэба трымаць пры сабе.

— Мяне нудзіць, — жаласліва паскардзілася Ружа Сарона.

— Дык адыдзіся ўбок, і няхай вырве. Канешне, цябе будзе нудзіць. Усіх нудзіць. Адыдзіся ўбачок, потым прывядзі сябе ў парадак, ногі памый і туфлі надзень. — Маці зноў вярнулася да вогнішча. — І косы запляці, — дадала яна.

На гарачай патэльні сквірчэла сала, і тук зашыпеў і пырснуў у бакі, калі маці апусціла ў яго цеста з лыжкі. Падліўку яна згатавала ў кацялку — развяла муку ў растопленым сале, дадала вады, пасаліла і разбоўтала. Кава пачала падымацца ў вялікай, на галон, бляшанцы, і ад яе пацягнула кававым водарам.

Бацька не спяшаючыся вяртаўся да палаткі, і маці агледзела яго крытычным вокам. Ён запытаўся:

— Ты кажаш, Том атрымаў працу?

— Так, сэр. Пайшоў, яшчэ як мы спалі. Ану, адчыні гэту скрынку, вазьмі чысты камбінезон і кашулю. І вось яшчэ што, самой мне зусім няма часу, дык ты памый вушы Ўінфілду і Руці. Там ёсць гарачая вада. Зробіш? Добра патры ім вушы і шыю. Каб дзеткі ў нас былі свежанькія і аж блішчалі.

— Во расшчабяталася, такой цябе я яшчэ ніколі не бачыў, — сказаў бацька.

— Трэба, каб у сям'і быў прыстойны выгляд! У дарозе не было як. А цяпер можна. Свой брудны камбінезон пакінь у палатцы, я яго потым памыю.

Бацька пайшоў пад навес і неўзабаве паявіўся ў злінялым ад мыцця сінім камбінезоне і кашулі. Ён павёў пасумнелых і ўстрывожаных дзяцей да санітарнага блока.

Маці крыкнула ім наўздагон:

— Добра патры ім вушы!

Дзядзька Джон паказаўся ў дзвярах мужчынскага аддзялення, вызірнуў, потым вярнуўся, сеў на ўнітаз і доўга сядзеў там, падпёршы балючую галаву рукамі.

Маці зняла з патэльні румяныя аладкі і толькі паспела апусціць у гарачае сала некалькі лыжак рэдкага цеста, як на зямлю каля вогнішча ўпаў нечы цень. Яна азірнулася цераз плячо. Ззаду стаяў маленькага росту чалавек з худым, загарэлым, зрэзаным маршчынамі тварам і вясёлымі вачамі. Ён быў тонкі, як жэрдка. Яго беленькі чысты пінжак дзе-нідзе распоўзся ў швах. Чалавек усміхнуўся ёй і сказаў:

— Добрай раніцы.

Маці глянула на яго белы касцюм, і твар яе падазрона нахмурыўся.

— Добрай, — адказала яна.

— Вы місіс Джоўд?

— Я.

— Мяне зваць Джым Роўлі. Я адміністратар лагера. Зайшоў паглядзець, як тут у вас, ці ўсё ў парадку. Вам, можа, што-небудзь трэба?

Маці недаверліва разглядала яго.

— Не, — адказала яна.

Роўлі сказаў:

— Калі вы прыехалі, я ўжо спаў. На шчасце, у нас аказалася вольнае месца. — Голас яго гучаў ветліва.

Маці прастадушна адказала:

— Тут усё вельмі добра. Асабліва там, дзе мыюць бялізну.

— Пачакайце, хутка жанчыны збяруцца на мыццё. Вось будзе весела! Як на малітоўным сходзе. Ведаеце, місіс Джоўд, што яны ўчора зрабілі? Хорам заспявалі. Пяюць гімны і труць бялізну ў такт. Было што паслухаць, паверце.

З твару маці паступова сходзіў недавер да гэтага чалавека.

— Відаць, сапраўды прыемна было слухаць. Вы тут за начальніка?

— Не, — адказаў Роўлі. — Народ тут у нас такі, што пазбавіў мяне неабходнасці начальстваваць. Падтрымліваюць чысціню ў лагеры, глядзяць, каб быў парадак — самі з усім спраўляюцца. Такіх людзей я зроду не бачыў. У зале, дзе ў нас бываюць сходы, адзежу шыюць, цацкі робяць. Зроду такіх людзей не бачыў.

Маці паглядзела на сваю нячыстую ўжо сукенку.

— А мы яшчэ ў брудным ходзім, — сказала яна. — Цяжка сачыць за сабой у дарозе.

— Хіба я не ведаю? — сказаў адміністратар лагера і пацягнуў носам. — Скажыце… гэта ў вас кава так смачна пахне?

Маці ўсміхнулася:

— Праўда, смачна? На паветры заўсёды ўсё лепш пахне. — І з пачуццём уласнай годнасці прамовіла: — Мы палічым за гонар, калі вы паснедаеце з намі.

Ён падышоў да вогнішча, апусціўся на кукішкі і гэтым канчаткова абяззброіў маці.

— Нам такі госць вялікая пачэснасць, — сказала яна. — Снеданне ў нас, праўда, не надта каб, але сардэчна запрашаем.

Карантыш усміхнуўся:

— Я паснедаў ужо, дзякуй. Але ад кубачка кавы не адмоўлюся. Цудоўны пах.

— Ага, ага, калі ласка.

— Вы толькі не ўвіхайцеся так праз мяне.

Маці наліла ў алавянны кубак кавы з вялікай кансервавай бляшанкі і сказала:

— Цукру мы яшчэ не дасталі. Сёння, можа, купім. Калі вы п'яце з цукрам, вам будзе нясмачна.

— З цукрам я не п'ю, — сказаў Джым Роўлі. — Ён толькі смак добрай кавы перабівае.

— А я люблю крыху з цукрам, — сказала маці. Яна раптам пільна паглядзела на яго, каб зразумець, чым ён так лёгка і хутка заваяваў яе прыхільнасць. Яна шукала разгадкі ў яго на твары і не знаходзіла ў ім нічога такога, акрамя прыязнасці. Потым зірнула на яго белы пінжак з пасечанымі швамі і зусім супакоілася.

Ён папіваў каву з кубка дробнымі глыткамі.

— Жанчыны, напэўна, зойдуць да вас гэтым ранкам.

— Мы яшчэ не прыбраліся, — сказала маці. — Добра было б, каб яны прыйшлі, калі мы ўжо крышачку спарадкуемся.

— Ну, яны ведаюць, як бывае, — адказаў адміністратар. — Самі так прыехалі. Не, што вы, камісіі ў нас тут добрыя — усё разумеюць. — Ён дапіў каву і падняўся на ногі. — Мне трэба ісці далей. Калі што вам спатрэбіцца, заходзьце ў кантору. Мяне там заўсёды знойдзеце. Цудоўная кава, дзякуй. — Ён паставіў свой кубак побач з іншымі на скрыню, памахаў рукой і пайшоў уздоўж палатак. Маці чула, як ён загаворваў з людзьмі, што сустракаліся яму па дарозе. Яна апусціла галаву, ледзь стрымліваючы слёзы.

Бацька падышоў да палаткі, ведучы за сабой дзяцей. У вачах у іх яшчэ стаялі слёзыад перанесеных пакут — бацька няшчадна пацёр ім вушы. Яны ішлі прыціхлыя і чысценькія. Скура на асмаленым сонцам носе Ўінфілда аблупілася.

— Вось, — сказаў бацька. — Разам з брудам саскроб яшчэ і два пласты скуры. Давялося крышачку патузаць іх — ніяк стаяць спакойна не хацелі.

Маці акінула дзяцей крытычным позіркам.

— Цяпер на іх і паглядзець прыемна, — прамовіла яна. — Ешце аладкі з падліўкай. Трэба паспець яшчэ прыбраць і тут, і ў палатцы.

Бацька паставіў на скрыню талеркі, сабе і дзецям.

— Дзе гэта Том уладкаваўся на працу, хацеў бы я ведаць.

— Не магу сказаць.

— Ну раз ён знайшоў месца, дык і мы знойдзем.

Да палаткі вярнуўся радасна ўзбуджаны Эл.

— Вось гэта лагер! — усклікнуў ён, узяў аладку і наліў сабе кавы. — Ведаеце, чым тут адзін чалавек займаецца? Прычэп сабе майструе пад жыллё. Вунь там, за тымі палаткамі. У прычэпе ў яго ложкі і печка — усё, што трэба. Жыві сабе ў ім. Вось гэта жыццё! Дзе спыніўся, там і жыві.

Маці сказала:

— Я хацела б лепш жыць у доміку. Як толькі ў нас будзе на што, адразу купім домік.

Бацька сказаў Элу:

— Скончым снедаць, возьмем грузавік і паедзем шукаць працы — ты, я і дзядзька Джон.

— Ага, — сказаў Эл. — Вось каб устроіцца дзе-небудзь у гаражы, калі б знайшлося свабоднае месца. Нічога мне больш не трэба. І каб дастаць яшчэ стары ўцэнены «фордзік». Афарбую ў жоўты колер і буду сабе раз'язджаць прыпяваючы. Бачыў тут прыгожанькую дзяўчынку. Перамаргнуўся з ёю. Прыгожанькая, як чорт ведае што.

Бацька строга сказаў:

— Спярша ты на працу ўладкуйся, а потым ужо катом хадзі.

Дзядзька Джон выйшаў з туалета і паволі падыбаў да палаткі. Маці зірнула на яго і нахмурылася.

— Ты ж не памыўся… — пачала яна і раптам убачыла, што ён зусім хворы, слабы, сумны. — Ідзі пад брызент, паляжы там, — сказала яна. — Ты нездаровы.

Дзядзька Джон пакруціў галавой:

— Не. Я саграшыў, і гэта мне кара. — Ён паныла прысеў каля скрыні, наліў сабе кавы ў кубак.

Маці зняла з патэльні апошнія аладкі і, нібы мімаходзь, сказала:

— Прыходзіў адміністратар лагера, пасядзеў трохі, выпіў кавы кубак.

Бацька паволі падняў на яе вочы:

— Прыходзіў? А што было яму трэба?

— Проста так, час прабавіць, — манерна адказала маці. — Прысеў, выпіў кавы. Сказаў, добрую каву нячаста даводзіцца яму піць, а ў нашай вельмі смачны пах.

— Што ён хацеў? — дапытваўся бацька.

— А нічога не хацеў. Прыйшоў глянуць, як мы тут.

— Нешта не верыцца, — буркнуў бацька. — Напэўна, выведвае, вынюхвае ўсё навокал.

— Ды не! — засердавала маці. — Я адразу разбяру, хто чаго прыходзіць, мяне вучыць не трэба.

Бацька выплюхнуў на зямлю кававую гушчу з кубка.

— Ты пакінь гэту прывычку, — выгаварыла яму маці. — Глянь, якая тут чысціня.

— Тут яшчэ такую чысціню навядуць, што і жыцця не будзе, — прабурчаў бацька, зачэплены за жывое. — Ну канчай, Эл. Паедзем шукаць працу.

Эл выцер рот далонню.

— Я гатовы, — сказаў ён.

Бацька павярнуўся да дзядзькі Джона:

— Ты з намі едзеш?

— Еду.

— Табе ж нездаровіцца.

— Нездаровіцца, але я паеду.

Эл залез у кабіну.

— Трэба недзе гаручага дастаць, — сказаў ён і завёў матор. Бацька і дзядзька Джон селі побач з ім, і грузавік пакаціўся па шырокім праходзе між палатак.

Маці правяла іх позіркам, потым узяла вядро і пайшла з ім да балеяў пад паветкай санітарнага блока. Там яна наліла ў вядро гарачай вады і панесла да палаткі. І калі Ружа Сарона вярнулася з туалета, маці ўжо мыла посуд у вядры.

— Вунь тваё снеданне, на талерцы, — сказала маці і пільна паглядзела на дачку. Валасы ў Ружы Сарона былі мокрыя і гладка прычасаныя, твар чысты, ружовы. На ёй была сіняя сукенка ў маленькія белыя кветкі. На нагах — лодачкі, купленыя яшчэ да вяселля. Ад матчынага позірку яна пачырванела.

— Ты, я бачу, прыняла душ, — сказала маці.

Ружа Сарона хрыплавата загаварыла:

— Я стаю там, раптам прыходзіць жанчына і пачынае мыцца. Ведаеш, як гэта робіцца? Заходзіш у такую загарадку, ну як стойла ў хляве, паварочваеш ручкі, і на цябе вада льецца — гарачая і халодная, якая хочаш. І я памылася!

— Я таксама зараз пайду, — ажывілася маці. — Толькі вось прыбяру тут. Ты мне пакажаш як.

— Я кожны дзень буду мыцца, — не змаўкала Ружа Сарона. — А жанчына гэтая… яна паглядзела на мяне, убачыла мой жывот… і ведаеш, што сказала? Сказала, што сюды кожны тыдзень медыцынская сястра прыходзіць. І што мне абавязкова трэба да яе схадзіць, і яна раскажа мне, што рабіць, каб дзіця было здаровае. Усе жанчыны, кажа, ходзяць да яе. І я таксама пайду. — Яна проста захліпалася ад узрушэння. — І ведаеш яшчэ што? На мінулым тыдні тут адна нарадзіла, і ўвесь лагер урачыста адзначаў гэта, нанеслі дзіцяці бялізны і розных падарункаў… нават калыску… такую плеценую. Не зусім новую, але яе пафарбавалі ў ружовы колер, і яна стала як новенькая. І далі маленькаму імя, торт спяклі. О госпадзі! — Уздыхнуўшы на поўныя лёгкія, яна змоўкла.

Маці сказала:

— Хвала богу, нарэшце мы зажылі сярод сваіх людзей. Зараз пайду прыму душ.

— О, там цудоўна, — сказала Ружа Сарона.

Маці выцірала алавяныя талеркі, ставіла іх адна на адну і гаварыла:

— Мы Джоўды. Нікому ў вочы не зазіраем. Дзед нашага дзеда змагаўся ў рэвалюцыю. Мы былі фермеры, пакуль не запазычыліся банку. І тыя… тыя людзі… яны нядобрае рабілі з намі. Кожны раз, як хто з іх прыходзіў, мне здавалася, быццам плёткай мяне б'юць… і нас усіх. А ў Нідлсе той палісмен?.. Ён нібы што зрабіў са мною, я азлобілася. Мяне самую сорам узяў. А цяпер мне няма чаго саромецца. Народ гэты — наш народ… наш. А адміністратар… прыйшоў, пасядзеў, выпіў кавы… і ўвесь час кажа: «Місіс Джоўд тое, місіс Джоўд гэтае» і «Як вашы справы, місіс Джоўд?» — Маці змоўкла і ўздыхнула. — Я сябе зноў чалавекам адчула. — Яна паставіла на горку талерак апошнюю, пайшла пад брызент і там, пакапаўшыся ў скрыні, дастала з яе свае туфлі і чыстую сукенку. Потым знайшла ў той жа скрыні папяровы пакецік з завушніцамі. Выйшаўшы з-пад брызенту, яна сказала Ружы Сарона: — Як прыйдуць жанчыны, скажы, я хутка вярнуся, — і знікла за вуглом санітарнага блока.

Ружа Сарона цяжка апусцілася на скрыню і глянула на свае вясельныя туфлі — лакіраваныя лодачкі з чорнымі банцікамі з матэрыі. Яна працерла наскі лодачак пальцам і выцерла яго аб спод падола. Нагінаючыся, яна адчула свой жывот, а калі выпрасталася, памацала яго і слаба ўсміхнулася.

Па дарозе да пральні ішла высокая поўная жанчына са скрынкай з-пад яблыкаў — у ёй ляжала нямытая бялізна. Твар у жанчыны быў цёмны ад моцнага загару, вочы чорныя, пільныя, дапытлівыя. Паверх паласатай баваўнянай сукенкі на ёй быў прасторны фартух з мешкавіны, на нагах мужчынскія паўчаравікі са скуры двух колераў. Яна прыкмеціла, як Ружа Сарона пагладзіла сабе жывот, убачыла слабую ўсмешку на яе вуснах.

— Ну! — крыкнула жанчына і весела засмяялася. — Хто, ты думаеш, будзе?

Ружа Сарона зачырванелася і апусціла вочы долу, потым глянула на жанчыну спадылба і злавіла на сабе позірк яе бліскучых чорных вочак.

— Не ведаю, — прамармытала Ружа Сарона.

Жанчына шлёпнула скрынку на зямлю.

— Жывая пухліна, — засмяялася яна, заквактала, як квактуха. — Каго б ты лепш хацела? — дапытвалася яна.

— Сама не ведаю… можа, хлопчыка… Ага, хлопчыка.

— Вы нядаўна прыехалі, га?

— Ноччу… позна ноччу.

— Застаяцеся тут?

— Не ведаю. Калі знойдзем працу, напэўна, застанемся.

Па твары жанчыны прабег цень, і яе маленькія чорныя вочкі наліліся злосцю.

— Калі знойдзецца праца… Так мы ўсе кажам.

— Брат мой сёння раненька ўжо ўладкаваўся.

— Ужо, га? Ну, магчыма, вам і пашчасціла. Толькі будзь асцеражней са шчасцем. Яму нельга давяраць. — Жанчына падышла да Ружы Сарона амаль ушчыльную. — Шчасця толькі ў адным шукай. Другога табе не трэба. Паводзь сябе прыстойна, — з нейкім шаленствам сказала яна. — І бездакорна. Учыніш грэх, глядзі, каб з дзіцем чаго не здарылася. — Жанчына прысела на кукішкі перад Ружай Сарона. — Ганебныя справы творацца ў нашым лагеры, — прамовіла яна злавесна. — Кожную суботу вечарамі ў нас тут танцы бываюць, і не толькі кадрылю тут скачуць. Некаторыя ў абнімку, у прыціск. Сама бачыла.

Ружа Сарона асцярожна сказала:

— Я люблю танцы… кадрылю. — І цнатліва дадала: — А іначай ніколі не танцую.

Жанчына роспачна пакруціла галавой:

— А вось некаторыя танцуюць. Але гасподзь гэтага не даруе, не. І не думай, не даруе.

— Ага, мэм, — ціха падтакнула Ружа Сарона.

Жанчына паклала загарэлую маршчыністую руку ёй на калена, і Ружа Сарона здрыганулася ад яе дотыку.

— А цяпер я хачу цябе папярэдзіць. Хто ў Хрысце жыве, такіх цяпер мала засталося. Кожны вечар у суботу ў нас пачынае гэты іхні струнны аркестр іграць, і, замест таго каб псалмы спяваць, усе пад яго скачуць, віхляюцца… так, так, любачка, віхляюцца. На свае вочы бачыла. Блізка я туды не падыходжу, ні сама, ні сваім не дазваляю. Танцуюць у абнімку, упрытык, так, упрытык. — Жанчына адкінулася назад і нахіліла галаву набок, каб паглядзець, як Ружа Сарона прарэагуе на такі абуральны факт.

— Акторы? — пацікавілася тая трапятліва.

— Не, любачка! Не акторы — тыя даўно ўжо богам праклятыя. Свае ж людзі, з лагера. І дзетак малых, яшчэ неразумных, уцягнулі ў гэта, прымусілі іх прыкідвацца, строіць з сябе немаведама каго. Я туды і блізка не падыходзіла. Але чула ўсё, што яны там гавораць. Сам д'ябал тады гуляе па лагеры.

Ружа Сарона слухала, раскрыўшы рот, шырока расплюшчыўшы вочы.

— У нас у школе аднойчы паказвалі спектакль пра Хрыста-дзіцятка… на Каляды.

— Ну, я не кажу, добра гэта ці дрэнна. Многія прыстойныя людзі лічаць, што пра Хрыста-дзіцятка можна. Толькі… толькі я так прама сказаць не бяруся. Але ў нас тут Хрыста-дзіцяткі не было. Тут грэх быў, падман і д'ябальскае насланнё. Так фанабэрыста расхаджваюць, манернічаюць, гавораць чужымі галасамі. І танцуюць у абнімку, упрытык.

Ружа Сарона ўздыхнула.

— І такіх не адна-дзве парачкі, а шмат, — не змаўкала жанчына. — А чыстых, як ягня, добрапрыстойных можна на пальцах пералічыць. Толькі не думай, што гэтым грэшнікам так усё бог і даруе, ні ў якім разе. Не, любачка! Ён іхнія грахі запісвае на дошку — грэх за грахом, потым падводзіць рысу і складае грэх за грахом. Гасподзь бог наш за ўсімі сочыць, і я таксама сачу. Дзвюх ён ужо з іх пакараў.

Ружа Сарона, ледзь не задыхнуўшыся, вымавіла:

— Пакараў?

Жанчына загаварыла з яшчэ большым жарам:

— Сама бачыла. Была тут адна маладзенькая такая, дзіця насіла, ну якраз, як ты. У п'есе іграла. І яшчэ скакала ў абнімку. І раптам… — голас жанчыны загучаў сурова і злавесна, — яна пачала худнець, сохнуць — скура ды косці… і выкінула дзіця, мёртвае.

— Ой, што вы! — Ружа Сарона збялела.

— Мёртвае і ў крыві. З ёю пасля гэтага ніхто гаварыць не хацеў. Давялося ёй з'ехаць адсюль. Бо даткнешся да граху і сама яго набярэшся, вось так, любачка. І яшчэ адна была, гэтаксама сябе паводзіла. Высахла — скура ды косці, а пасля, ведаеш, што было? Вечарам раптам прапала і няма. Праз два дні паяўляецца. У госці, кажа, ездзіла. А жывата як не было. І ведаеш, што я думаю? Яе, напэўна, адміністратар наш завёз куды-небудзь, там яна і збавілася ад дзіцяці. Ён грахоў не прызнае. Сама ад яго чула. Грэх, кажа, — гэта калі людзі ў голадзе жывуць. Грэх, кажа, — гэта калі людзі ў холадзе жывуць. І яшчэ кажа, — паверыш, сам мне сказаў, — у гэтым ён не бачыць боскай рукі. Гэтыя дзве дзяўчыны, кажа, таму так высахлі, што есці ім не было чаго. Ну і прабрала ж я яго! — Жанчына паднялася і адступіла на крок назад. Вочы ў яе гарэлі. Яна тыцнула напятым указальным пальцам ледзь не ў самы твар Ружы Сарона. — Я кажу яму: «Адыдзі!» Кажу: «Я ведала, што ў нас тут у лагеры д'ябал лютуе. А цяпер ведаю, хто ён, гэты д'ябал. Адыдзі, сатана!» — кажу. І Хрыстом-богам прысягаю, ён адступіў! Закалаціўся ўвесь, пачаў выдыгацца. Кажа: «Калі ласка!» Кажа: «Прашу вас, не прычыняйце людзям няшчасця». А я яму: «Няшчасця? А як наконт душы іхняй? А што вы скажаце пра мёртвых дзіцянятак, пра тых дзвюх няшчасных грэшніц, што пагубілі сябе праз вашыя тэатры?» Ён толькі паглядзеў на мяне, выскаліў зубы, нібы яго занудзіла, і пайшоў прэч. Зразумеў, што перад ім сведка богава. Кажу яму: «Я госпаду нашаму памагаю сачыць за тым, што тут творыцца. Кары яго ніхто не міне — ні ты, ні ўсе іншыя грэшнікі». — Жанчына падняла скрынку з бруднай бялізнай. — Беражыся. Я папярэдзіла цябе. І дзіцятка беднае беражы, што ў цябе ў чэраве, унікай граху. — Яна велічна пакрочыла прэч, і вочы яе ззялі дабрачыннасцю.

Ружа Сарона правяла яе позіркам, уткнулася тварам у далоні і ціхенька заплакала. Раптам пачула побач мяккі голас. Яна засаромлена падняла галаву. Перад ёю стаяў маленькі чалавечак у белым — адміністратар лагера.

— Не хвалюйся, — сказаў ён. — Ты не хвалюйся.

Слёзы заслалі ёй вочы.

— І я так рабіла, — сказала яна. — Я танцавала ў абнімку. Толькі ёй не прызналася. Я ў Саліса так танцавала. З Коні.

— Не хвалюйся, — зноў сказаў адміністратар.

— Яна кажа, я выкіну.

— Ведаю, што яна кажа. Я з яе вока не спускаю. Наогул жанчына яна нядрэнная, толькі людзям ад яе жыцця няма.

Ружа Сарона шмарганула носам:

— Тут, у лагеры, пры ёй дзве жанчыны, кажа, выкінулі.

Адміністратар прысеў перад ёю на кукішкі.

— Вось што, — сказаў ён. — Паслухай, што я табе скажу. Гэтых маладых жанчын я ведаю. Яны вельмі галадалі і вельмі стамляліся. Праца ў іх была цяжкая. І яшчэ яны трэсліся на грузавіках па ўхабістай дарозе. Здароўе ў іх было няважнае. Віны за імі ніякай няма.

— А яна казала…

— Супакойся. Жанчына гэтая любіць людзей трывожыць.

— Але яна кажа, вы — д'ябал.

— Ведаю. Гэта таму, што я не дазваляю ёй атручваць людзям жыццё. — Ён падняўся на ногі і лёгенька паляпаў Ружу Сарона па плячы. — Ты не хвалюйся. У яе словах праўды няма, — сказаў ён і шпарка пайшоў прэч.

Ружа Сарона доўга глядзела яму ў спіну; хударлявыя плечы яго паторгваліся ў такт крокам. Яна ўсё яшчэ праводзіла вачамі яго тонкую постаць, калі вярнулася маці — чыстая, ружовая, з вільготнымі яшчэ валасамі, закручанымі на патыліцы вузлом. На ёй была ўзорыстая сукенка, на нагах старыя, патрэсканыя туфлі, у вушах маленькія завушніцы.

— Памылася, — сказала яна. — Стаю пад душам, цёплая вада так і льецца, так і залівае мяне ўсю. Адна жанчына там была і кажа, калі хочаш, хоць кожны дзень хадзі мыцца. А жанчыны з камісіі… яшчэ не прыходзілі?

— Не, — адказала Ружа Сарона.

— А ты так і сядзіш без справы, зусім нічога не прыбрала! — Маці падхапіла талеркі са скрыні. — Трэба парадак навесці. Жвавей паварочвайся! На, мяшок бяры, падмяці тут хоць трохі. — Яна сабрала ўсё кухоннае начынне, паклала патэльню і кацялок у скрыню, а скрыню засунула пад брызент. — Пасцелі прыбяры, — загадала яна. — Ну і вадзіца, скажу я табе, ніколі я большай асалоды не адчувала.

Ружа Сарона вяла выконвала яе загады.

— Як ты думаеш, ма, Коні сёння вернецца?

— Можа, вернецца… а можа, і не. Сказаць не магу.

— А ён ведае, дзе нас шукаць?

— Пэўна ж, ведае.

— Ма… а не можа так быць… што яго забілі там, калі лагер палілі?

— Каго-каго, толькі не яго, — упэўнена адказала маці. — Ён, калі толькі захоча, адкуль заўгодна выберацца — спрытны, як заяц, і хітры, як ліс.

— Хутчэй бы ўжо прыйшоў.

— Калі прыйдзе, тады і прыйдзе.

— Ма…

— Ты б лепш справай занялася.

— Як ты думаеш, танцаваць і ў п'есах іграць — грэх? Праз гэта я не выкіну?

Маці спыніла ўбіранне і падперла рукі ў бокі.

— Гэта яшчэ што за размовы? Ты ні ў якіх п'есах не іграла.

— А некаторыя тут іграюць, і адна маладая выкінула… мёртвае… і ў крыві, і нібыта гэта быў суд божы.

Маці ўтаропілася на дачку.

— Хто табе такое нагаварыў?

— Адна жанчына, што міма праходзіла. А гэты маленькі, у белым, падышоў і сказаў, што ўсё зусім не ад таго.

Маці нахмурылася.

— Разашарна, — сказала яна, — кінь сама сябе грызці. Табе, відаць, захацелася да слёз сябе давесці. Што з табой такое стала, проста не магу зразумець. У нас у сям'і такіх ніколі не было. Няйначай, гэта Коні цябе так настроіў. Яму заўсёды былі цесныя яго штонікі. — І сурова дадала: — Ты, Разашарна, не адна тут. Акрамя цябе яшчэ людзі ёсць. Знайдзі сваё месца сярод іх. Я сустракала некаторых — яны так паверылі ў свае грахі, што інакш як нікчэмнасцямі сябе перад богам не ўяўлялі.

— Але ж, ма…

— Ну хопіць. Закрый рот і бярыся за што-небудзь. Не такая ты ўжо важная персона, не такая ты распусная, каб гасподзь бог за цябе вельмі хваляваўся. А калі не перастанеш без дай прычыны мучыць сябе, дык я табе так заляплю! — Маці змяла попел у ямку пад ачагом і абмахнула камяні, пакладзеныя па краях. Тут яна ўбачыла, што па дарожцы да іх ідзе камісія. — Рабі што-небудзь, — сказала яна дачцэ. — Вунь жанчыны ўжо да нас ідуць. Што-небудзь рабі, каб я магла паганарыцца сваёй дачкой. — Яна больш не глядзела на дарожку, але адчувала, што камісія набліжаецца да іх.

А што гэта камісія, сумненняў быць не магло. Тры дамы — чысценькія, у прыгожых сукенках: адна сухарлявая, з прамымі валасамі, у акулярах у металічнай аправе; другая нізенькая, сівая, кучаравая, з маленькім далікатным роцікам; а трэцяя — вялізная, як слон, грудастая, шыраказадая, з тоўстымі сцёгнамі, на выгляд уладная і ўпэўненая ў сабе. Камісія ступала між палатак з пачуццём уласнай годнасці.

Маці падгадала так, што, калі яны падышлі, яна стаяла да іх спінай. Жанчыны спыніліся, развярнуліся і выстраіліся ў рад. І вялізная дама прагула:

— Добрай раніцы! Місіс Джоўд, гэта вы?

Маці крутнулася да іх, быццам захопленая знянацку.

— Ага, так, так. Адкуль вам вядома маё прозвішча?

— Мы — камісія, — абвясціла веліканка. — Жаночая камісія санітарнага аддзялення нумар чатыры. Нам паведамілі ваша прозвішча ў канцылярыі.

Маці замітусілася:

— Мы яшчэ не паспелі як след прыбрацца. Вы пасядзіце, калі ласка, пакуль я згатую каву. Я пачастую вас — мне гэта вялікі гонар.

Таўстушка сказала:

— Джэсі, адрэкамендуйце нас. Скажыце гаспадыні, як нас зваць. Джэсі — наша старшыня, — паясніла яна.

Джэсі прамовіла афіцыйным тонам:

— Місіс Джоўд, гэта Эні Літлфілд, гэта — Эла Самерс, а я — Джэсі Буліт.

— Вельмі радая пазнаёміцца, — сказала маці. — Вы, можа, прысядзеце? Хоць, праўда, сесці няма на што, — спахапілася яна. — Усё ж каву я прыгатую.

— Не, не, — цырымонна сказала Эні. — Не турбуйцеся. Мы зайшлі паглядзець, як вы тут уладкаваліся. Хацелася б, каб вы адчувалі сябе як дома.

Джэсі Суліт строга спыніла яе:

— Эні, не забывайцеся, калі ласка, хто тут старшыня.

— Добра, добра. Але наступны тыдзень старшынёй буду я.

— Вось і чакайце наступнага тыдня. Мы кожны тыдзень мяняемся, — растлумачыла Джэсі маці.

— Можа, вы ўсё ж вып'еце кавы? — збянтэжана запыталася маці.

— Не, дзякуй. — Джэсі цвёрда ўзяла ўладу ў свае рукі. — Спярша мы пакажам вам санітарны блок, а потым, калі пажадаеце, запішам вас у жаночы клуб, даручым якую-небудзь работу. Запісвацца, канешне, неабавязкова.

— А за гэта… трэба шмат заплаціць?

— Нічога плаціць не трэба, толькі працаваць. А калі з вамі тут пазнаёмяцца бліжэй, тады, магчыма, і ў камісію выберуць, — умяшалася Эні. — Вось, напрыклад, Джэсі — яна ўваходзіць у лагерную камісію. Яна — уплывовы член гэтай камісіі.

Джэсі горда ўсміхнулася.

— Абралі аднагалосна, — паведаміла яна. — Ну дык, місіс Джоўд, зараз мы раскажам вам, якія ў нас тут у лагеры парадкі.

Маці сказала:

— А гэта дачка мая — Разашарна.

— Добрага здароўя, — прагаварылі ўсе тры жанчыны разам. — Хадзем і вы з намі.

Па дарозе веліканка Джэсі пачала тлумачыць, і ў голасе яе гучала годнасць і лагода. Яна загадзя адрэпеціравала сваю прамову.

— Не падумайце толькі, місіс Джоўд, што мы ўмешваемся ў вашы справы. У нас у лагеры шмат месцаў агульнага карыстання. І мы ўвялі некаторыя правілы. Вось зараз мы зойдзем у санітарны блок. У ім усе бываюць, і ўсе абавязаны захоўваць там чысціню. — Яны падышлі да паветкі, дзе знаходзіліся балеі — іх было дваццаць. Восем былі занятыя — схіліўшыся над імі, жанчыны мылі бялізну, і на чыстай цэментавай падлозе кучкамі ляжалі выкручаныя рэчы. — Сюды можаце прыходзіць у любы час, — тлумачыла Джэсі. — Адно толькі — прыбірайце за сабой.

Жанчыны каля балеяў з цікаўнасцю паглядалі на іх. Джэсі голасна сказала:

— Гэта місіс Джоўд і Разашарна. Прыехалі да нас жыць.

Жанчыны хорам прывіталіся з маці, і яна крыху прысела ў паклоне і прамовіла:

— Вельмі радая пазнаёміцца.

Джэсі павяла камісію ў прыбіральню і душавую.

— Я ўжо тут была, — сказала маці. — І памылася нават пад душам.

— Душы на тое і зробленыя, каб пад імі мыцца, — прагаварыла Джэсі. — Тут такія ж правілы — трэба прыбіраць за сабой. Кожны тыдзень прызначаюцца новыя дзяжурныя, і яны наводзяць тут поўную чысціню. Магчыма, і вам давядзецца падзяжурыць. Толькі трэба з сабой мыла браць.

— Прыйдзецца купіць, — сказала маці. — У нас усё скончылася.

Голас Джэсі прагучаў амаль са свяшчэнным захапленнем:

— А гэтым вы калі-небудзь карысталіся? — Джэсі паказала на ватэрклазеты.

— Ага, мэм. Сёння раніцай.

Джэсі ўздыхнула:

— Што ж, добра…

Загаварыла Эла Самерс:

— Тут у нас на мінулым тыдні…

— Місіс Самерс, пра гэта раскажу я, — строга абарвала яе Джэсі.

Эла ўступіла:

— Добра, добра.

Джэсі сказала:

— На мінулым тыдні, калі вы старшынствавалі, усё расказвалі вы. А цяпер я была б вам вельмі ўдзячная, каб вы памаўчалі.

— Добра, самі раскажыце пра тую жанчыну, — згадзілася Эла.

— Уласна кажучы, — пачала Джэсі, — нашай камісіі не пасуе пляткарыць, але імёнаў я называць не буду. На мінулым тыдні сюды зайшла адна новенькая — камісія не паспела яшчэ з ёю пагаварыць. Прыходзіць, упіхвае мужавы штаны ва ўнітаз і кажа: «Нешта вельмі занізка і зацесна. У тры пагібелі гнешся. Няўжо не маглі прыладзіць вышэй?» — Члены камісіі ўсміхнуліся з пачуццём уласнай перавагі.

Эла ўставіла:

— Кажа: «Сюды зараз шмат не ўлезе». — Эла стойка вытрымала суровы позірк Джэсі.

Джэсі расказвала далей:

— У нас вечныя непрыемнасці з туалетнай паперай. Па нашых правілах, выносіць яе адсюль не дазваляецца. — Яна гучна прыцмокнула языком. — На туалетную паперу скідаецца ўвесь лагер. — Памаўчаўшы момант, яна паведаміла: — Блок нумар чатыры пераводзіць паперы больш за ўсіх. Яе, пэўна, нехта крадзе. Пра гэта на агульным сходзе жанчын гаварылі: «У жаночым аддзяленні блока нумар чатыры пераводзяць занадта шмат паперы». І гэта пры ўсіх!

Маці слухала стаіўшы дыханне.

— Крадуць паперу?.. Нашто?

— Ну, такія непрыемнасці здараліся і раней, — сказала Джэсі. — Апошні раз яе ўзялі тры дзяўчынкі, каб выразаць з яе папяровыя лялькі. Што ж, мы іх злавілі. Але куды прападае папера цяпер, невядома. Не паспееш павесіць рулон, а ўжо нічога няма. Пра гэта на сходзе гаварылі. Адна жанчына прапанавала правесці званок, каб ён званіў кожны раз, як крутнецца рулон. Тады можна было б прасачыць, хто колькі бярэ. — Джэсі пакруціла галавой: — Проста не ведаю, як быць. Увесь тыдзень мне гэта спакою не дае. У блоку нумар чатыры нехта ўвесь час крадзе паперу.

З парога пачуўся жаласны голас:

— Місіс Буліт!.. — Члены камісіі павярнулі ў той бок галовы. — Місіс Буліт, я ўсё чула, што вы тут гаварылі. — У дзвярах стаяла жанчына, уся чырвоная і спатнелая. — На сходзе я не адважылася прызнацца, місіс Буліт. Ну не магла. Абсмяялі б ці яшчэ што.

— Пра што гэта вы? — Джэсі пайшла да яе.

— Ну, можа… мы… усё гэта мы… Але ж мы не крадзём, місіс Буліт. — Джэсі падступала да яе ўсё бліжэй, і твар усхваляванай жанчыны, якая прызналася ў сваёй віне, цяпер усыпалі буйныя кроплі поту. — А што нам было рабіць, місіс Буліт?

— Скажыце толкам, у чым справа, — патрабавала Джэсі. — Наш блок абняславіўся праз гэту туалетную паперу.

— Цэлы тыдзень, місіс Буліт. Цэлы тыдзень мы не ведаем, што з гэтым рабіць. А ў мяне, вы ж ведаеце, пяць дачок.

— Дык што ж яны з паперай робяць? — грозна запыталася Джэсі.

— Толькі карыстаюцца ёю. Слова гонару, толькі карыстаюцца.

— Як жа яны могуць! Чатырох-пяці кавалкаў зусім дастаткова за дзень. Што з імі такое?

Жанчына прамямліла:

— Панос. Ва ўсіх пяці. Мы амаль зусім без грошай. Яны наеліся няспелага вінаграду. У іх страшэнны панос. Кожныя дзесяць хвілін бегаюць. — І заступілася за сваіх дачок:— Але паперу яны не крадуць.

Джэсі перавяла дух.

— Дык трэба было адразу нам сказаць. Проста вы абавязаны былі сказаць. Праз ваша маўчанне ганьба лягла на блок нумар чатыры. А панос можа быць у кожнага.

Жанчына жаласна заныла:

— Не слухаюцца — ядуць яшчэ зялёны вінаград. А панос з дня на дзень робіцца ўсё мацнейшы.

Эла Самерс выпаліла:

— Медпункт. Ёй трэба звярнуцца ў медпункт.

— Эла Самерс, — прамовіла Джэсі, — я вам апошні раз нагадваю — вы не старшыня. — Яна зноў павярнулася да маленькай разгубленай жанчыны: — У вас грошай няма, місіс Джойс?

Жанчына засаромлена апусціла вочы:

— Няма. Але мы, магчыма, хутка знойдзем працу.

— Чаго вы галаву апусцілі? Нічога процізаконнага тут няма, — супакойвала яе Джэсі. — Збегайце ў Уідпэтчскую краму і вазьміце сабе прадуктаў. Лагер мае там крэдыт на дваццаць даляраў. Можаце ўзяць на пяць. А калі атрымаеце працу, вернеце доўг у цэнтральную камісію. Вам гэта было вядома, — строга прамовіла яна. — Як жа вы давялі да таго, што дочкі вашы галадаюць?

— Дабрачыннасцю мы ніколі не карысталіся, — адказала місіс Джойс.

— Гэта не дабрачыннасць, вы добра ведаеце, — угневалася Джэсі. — Ужо не раз было гаворана. У нашым лагеры дабрачыннасці няма. Мы яе не пацерпім. Дык збегайце ў краму і вазьміце сабе прадуктаў, а рахунак прынясіце мне.

Місіс Джойс нясмела запыталася:

— А калі так здарыцца, што мы не зможам выплаціць? У нас даўно няма працы.

— Як будзе магчымасць, выплаціце. А не будзе — гэта ні вас, ні нас не датычыцца. Адзін чалавек паехаў з лагера, а праз два месяцы грошы прыслаў. Вы не маеце права дапускаць, каб вашы дзяўчаткі галадалі ў нас у лагеры.

Місіс Джойс спалохана пазірала на Джэсі.

— Слухаю, мэм, — вымавіла яна.

— Абавязкова вазьміце ім сыру ў краме, — загадала Джэсі. — Гэта добра ад паносу.

— Слухаю, мэм. — І місіс Джойс шмыгнула за дзверы.

Джэсі разгневана павярнулася да членаў камісіі:

— Яна не мае права так фанабэрыцца. І перад кім? Перад сваімі людзьмі.

Эні Літлфілд сказала:

— Яна тут нядаўна. Можа, проста не ведала. Можа, раней ёй даводзілася карыстацца дабрачыннасцю раз ці два. І не затыкайце мне, калі ласка, рот, Джэсі. Я маю права гаварыць. — Эні зрабіла паўпавароту да маці. — Калі чалавек адчуў на сабе, што такое дабрачыннасць, гэта як кляймо застанецца на ім на ўсё жыццё. Наша дапамога не дабрачыннасць, а ўсё-такі яе ніколі не забудзеш. Ручаюся, Джэсі не паспытала гэтага на сабе.

— Не, — пацвердзіла Джэсі.

— А мне давялося, — гаварыла Эні. — Мінулай зімой. Мы пакутавалі ад голаду — я, муж мой і малыя. А тады заладзілі дажджы. Нехта нам параіў звярнуцца да Арміі выратавання. — Вочы ў Эні загарэліся лютасцю. — Мы галадалі… а яны прымусілі нас поўзаць перад імі дзеля абеду. Яны прынізілі нас. Яны… Ненавіджу іх! Можа, і місіс Джойс карысталася дабрачыннасцю. Можа, яна не ведала, што ў нас тут зусім не тое. У нашым лагеры, місіс Джоўд, мы нікому не дазволім займацца дабрачыннасцю. Не дазволім, каб хто-небудзь дапамагаў другому. Можна аддаваць адміністрацыі лагера, а яна ўжо раздасць каму трэба. А дабрачыннасці мы не дапусцім! — Голас у Эні зрываўся ад шаленства. — Ненавіджу іх! — паўтарыла яна. — Я ніколі не бачыла свайго мужа прыбітым, а гэтыя… гэтыя з Арміі выратавання дамагліся свайго.

Джэсі кіўнула галавой.

— Я чула пра такое, — ціха прамовіла яна. — Людзі расказвалі… Ну, павядзём місіс Джоўд далей.

Маці сказала:

— Як тут усё добра.

— Пойдзем у швейную, — прапанавала Эні. — У іх там дзве машыны. Яны і коўдры прашываюць, і сукенкі шыюць. Вам, напэўна, самой захочацца там папрацаваць.


Як толькі да маці прыйшла камісія, Руці і Ўінфілд непрыкметна рэціраваліся далей ад вачэй дарослых.

— Можа, лепш пайсці з імі, паслухаць? — сказаў Уінфілд.

Руці схапіла яго за локаць:

— Ну не! Нас праз гэтых сволачаў вымылі. З імі я не пайду.

Уінфілд сказаў:

— Ты на мяне нагаварыла пра прыбіральню. А я нагавару, як ты абазвала гэтых цётак.

Па твары Руці прабег цень страху:

— Не трэба. Я ведала, што ты не зламаў, таму і нагаварыла.

— Нічога ты не ведала, — адрэзаў Уінфілд.

Руці сказала:

— Давай паглядзім усё, што ёсць тут. — Яны пайшлі ўздоўж палатак і, бянтэжліва азіраючыся, заглядалі ў кожную. У канцы праходу на роўным месцы была расчышчана пляцоўка для кракета. З паўтузіна дзяцей былі сур'ёзна занятыя гульнёй. На ўслончыку каля крайняй палаткі сядзела пажылая жанчына і сачыла за імі. Руці з Уінфілдам прыпусцілі трушком.

— Прыміце нас у гульню! — крыкнула Руці. — Мы таксама будзем гуляць.

Дзеці ўзнялі на яе вочы. Дзяўчынка з коскамі, як парасячыя хвосцікі, сказала:

— Калі новую пачнём.

Руці пагрозліва ступіла на пляцоўку.

— А я хачу цяпер. — Парасячыя хвосцікі моцна ўчапіліся за малаток. Руці падскочыла да яе, ударыла далонню, штурхнула і вырвала малаток з рук дзяўчынкі. — Сказала, што буду гуляць, значыць, буду, — пераможна абвясціла яна.

Пажылая жанчына паднялася з услончыка і падышла да пляцоўкі. Руці люта насупілася і мацней абхапіла рукамі малаток. Жанчына сказала:

— Няхай гуляе. Зрабіце, як на мінулым тыдні з Ральфам.

Дзеці пакідалі малаткі і моўчкі пайшлі з пляцоўкі. Непадалёку спыніліся і сталі глядзець на Руці абыякавымі вачамі. Правёўшы іх позіркам, Руці ўдарыла малатком па шары і пабегла за ім.

— Уінфілд, давай сюды! Бяры малаток! — крыкнула яна і са здзіўленнем уставілася на брата. Уінфілд стаяў разам з дзецьмі збоку ад пляцоўкі і глядзеў на яе такімі ж, як у іх, абыякавымі вачамі.

З дзёрзкім выклікам Руці зноў ударыла па шары. Над пляцоўкай узняўся пыл. Дзяўчынка прыкінулася, што ёй вельмі весела. А дзеці ўсё стаялі і пазіралі на яе. Руці паставіла побач два шары і ўдарыла адразу па абодвух, стала спінай да гледачоў, потым зноў павярнулася тварам да іх. І раптам пайшла на дзяцей з малатком у руцэ.

— Ідзіце гуляць! — скамандавала яна.

Дзеці моўчкі адступілі перад ёю. Яна крыху пастаяла, утаропіўшыся на іх, тады кінула малаток і з плачам пабегла да сваёй палаткі. Дзеці вярнуліся на пляцоўку.

Парасячыя хвосцікі крыкнулі Ўінфілду:

— Калі пачнём новую, можаш з намі гуляць.

Пажылая жанчына сказала:

— Калі яна вернецца і будзе добра сябе паводзіць, няхай і яна гуляе з вамі. Ты, Эла, сама была такая.

Гульня ўзнавілася, а Руці ляжала ў палатцы і горка плакала.

Грузавік ехаў па прыгожых мясцінах, міма фруктовых садоў, дзе пачалі ўжо ружавець персікі, міма вінаграднікаў, дзе на лозах ледзь зазелянеліся гронкі, пад арэхавымі дрэвамі, што працягнулі сваё вецце да сярэдзіны дарогі. Каля кожных варот у сад ці вінаграднік Эл прытарможваў, і на кожных варотах вісела аб'ява: «Рабочыя не патрабуюцца. Уваход забаронены».

Эл загаварыў:

— Калі фрукты паспеюць, та, праца тут будзе. Але як у іх дзіўна тут — ты і спытацца яшчэ не паспеў, а яны ўжо адказваюць, што працы няма. — Ён вёў грузавік на малой скорасці.

Бацька сказаў:

— Можа б, нам усё ж зайсці спытацца? Можа, яны ведаюць, дзе праца ёсць? Давай паспрабуем.

Па краі дарогі ішоў чалавек у сінім камбінезоне і сіняй кашулі. Эл параўняўся з ім і затармазіў.

— Гэй, містэр! Можа, ведаеце, дзе тут праца ёсць? — крыкнуў ён.

Чалавек спыніўся і шырока ўсміхнуўся; у роце ў яго не было пярэдніх зубоў.

— Не, — адказаў ён. — Можа, вы ведаеце, дзе яна ёсць? Я цэлы ўжо тыдзень тут кружу і яшчэ ні на што не натрапіў.

— Вы з урадавага лагера? — запытаўся Эл.

— Ага, з яго.

— Дык залазьце ў кузаў. Пашукаем разам.

Чалавек пералез цераз борт і саскочыў на насціл.

Бацька сказаў:

— Нешта мне падказвае, што нічога мы не знойдзем. Але пашукаць усё ж трэба. Толькі вось дзе, невядома.

— Шкада, не распыталі ў лагеры, — уздыхнуў Эл. — Ну, як адчуваеш сябе, дзядзька Джон?

— Баліць, — адказаў Джон. — Кругом усё баліць, а будзе яшчэ горш. Трэба мне ісці ад вас, а то толькі няшчасце вам, усёй сям'і, прыношу ў пакаранне за свае грахі.

Бацька паклаў руку яму на калена.

— Слухай, — сказаў ён, — не рабі глупстваў. У нас і так вялікія страты — дзед з бабкай памерлі, Ной і Коні ўцяклі, а прапаведніка засадзілі ў турму.

— У мяне такое адчуванне, што прапаведніка гэтага мы яшчэ ўбачым, — сказаў дзядзька Джон.

Эл пакратаў булавешку на рычагу пераключэння перадач.

— Табе нездаровіцца, вось ты і адчуваеш рознае такое, — сказаў ён. — Ну хопіць, к чорту! Паехалі назад, з людзьмі пагаворым, даведаемся, дзе, можа, праца ёсць. А то ўсё роўна, што баброў пад вадой лавіць. — Ён спыніў машыну, высунуўся з кабіны і крыкнуў, павярнуўшы галаву назад: — Гэй! Паслухай! Мы вяртаемся ў лагер, там спытаемся, дзе яны працуюць. А так толькі бензін дарэмна палім.

Пасажыр перагнуўся цераз борт.

— Гэта мне якраз, — сказаў ён. — Я свае капыты па самыя шчыкалаткі змуляў. І сёння нават макавай расінкі ў роце не было.

Эл развярнуў машыну пасярод дарогі і паехаў назад.

Бацька сказаў:

— Маці наша вельмі расстроіцца — вунь Том уладкаваўся ж адразу.

— Можа, ён нідзе нічога не знайшоў, — сказаў Эл. — Можа, таксама, як і мы, шукае. Мне каб куды-небудзь у гараж. Я хутка навучуся, такая работа па мне.

Бацька нешта прабурчаў, і да самага лагера ніхто больш ні слова не прамовіў.

Калі камісія пайшла, маці села на скрыню каля палаткі і разгублена глянула на Ружу Сарона.

— Вось яно як… — прагаварыла яна. — Вось яно як… даўно ўжо я сябе так добра не адчувала. Бачыла, якія яны далікатныя ў абыходжанні?

— Я буду працаваць у дзіцячым пакоі, — сказала Ружа Сарона. — Яны мне прапанавалі. Пагляджу, як даглядаць маленькіх, і сама буду.

Маці здзіўлена паглядзела на яе і паківала галавой. Потым сказала:

— Вось было б добра, каб мужчыны нашы працу знайшлі, га? Працавалі б і хоць трохі грошай у дом прыносілі… — Вочы яе ўставіліся кудысьці ўдалячынь. — Яны недзе працавалі б, а мы тут, і людзі кругом добрыя. А як крыху збяром грошай, куплю сабе пліту кухонную — невялічкую, але добрую. Яны недарагія. Потым купім сабе палатку — вялікую, ну такую, каб цесна не было, і, можа, ужываныя спружынныя матрацы. А пад гэтым брызентам будзем толькі есці. Па суботах на танцы хадзіць будзем. Кажуць, і знаёмых можна ў госці запрашаць. Шкада, у нас тут нікога няма. У мужчын, магчыма, прыяцелі завядуцца.

Ружа Сарона акінула позіркам дарогу між палатак.

— Гэта жанчына, якая сказала, што я не данашу дзіця… — пачала яна.

— Перастань, — перарвала яе маці.

Ружа Сарона ціха сказала:

— Вунь яна ідзе. Сюды, здаецца. Ага! Ма, не дазваляй ёй…

Маці абярнулася і ўбачыла жанчыну, якая падыходзіла да іх.

— Добрага вам, — павіталася жанчына. — Я — місіс Сандры. Лізбет Сандры. Раніцай з вашай дачкой я ўжо бачылася.

— Дзень добры, — павіталася і маці.

— Ці шчаслівыя вы ў бозе?

— Нічога, шчаслівыя, — адказала маці.

— Ці сыходзіла на вас ласка боская?

— Сыходзіла. — Твар у маці быў зацяты, насцярожаны.

— Вось і добра, — сказала Лізбет. — Грэшнікі ўвабраліся тут у вялікую сілу. Вы трапілі ў жудаснае месца. Кругом тут адно паганства. Паганыя людзі, паганыя ўчынкі. Шчырым хрысціянам няма ўжо як цярпець. Навокал адны грэшнікі.

Маці крыху пачырванела, сцяла вусны.

— А як я пагляджу, людзі тут прыстойныя, — суха прамовіла яна.

Місіс Сандры вылупіла на яе вочы.

— Прыстойныя? — закрычала яна. — Хіба ж прыстойныя людзі будуць танцаваць у абнімку? Кажу вам: у гэтым лагеры душу не выратуеш. Учора я была на малітоўным сходзе ва Ўідпэтчы. Ведаеце, што прапаведнік нам гаварыў? Ён сказаў: «Лагер гэты — гнездзішча бязбожнікаў. Беднякі захацелі жыць, як багатыя! Ім, кажа, трэба лямантаваць і енчыць, замольваючы грахі, а яны танцуюць у абнімку!» Вось што ён гаворыць. «Хто цяпер не з намі тут, той закаранелы грэшнік», кажа. Як прыемна было яго слухаць. Мы ведалі, што нам не пагражае кара, мы ж не танцуем.

Маці была ўся чырвоная. Яна памалу паднялася са скрыні і стала тварам у твар з місіс Сандры.

— Ідзі! — загадала яна. — Ідзі прэч зараз жа, пакуль я грэху на душу не ўзяла, не паслала цябе, куды трэба. Ідзі — лямантуй і енчы.

Місіс Сандры разявіла рот, потым падалася назад і раптам злосна прагаварыла:

— Я думала, вы добрыя хрысціяне.

— А мы і ёсць такія.

— Не, вы грэшнікі, вам толькі ў пекле гарэць, усім вам! Я ўсё раскажу на малітоўным сходзе. Я ўжо бачу, як вашы чорныя душы гараць у пякельным полымі. І нявіннае дзіця ў яе чэраве таксама гарыць.

З вуснаў Ружы Сарона сарваўся працяглы немы крык. Маці нахілілася і падняла з зямлі палку.

— Ідзі прэч! — сурова сказала яна. — І каб духу твайго тут не было. Такіх, як ты, я ведаю. Вы ўсё стараецеся апошнюю радасць у чалавека забраць. — Яна ішла проста на місіс Сандры.

Тая адступала перад ёю і раптам закінула галаву і завыла. Вочы ў яе закаціліся, плечы ходырам захадзілі, рукі заматляліся па баках, з кутка рота выступіла густая, цягучая сліна. Яна абазвалася яшчэ і яшчэ раз дзікім, нечалавечым крыкам. З палатак выйшлі людзі, падышлі і абступілі яе, перапалоханыя, прыціхлыя. Жанчына паволі асела на калені, і яе крыкі перайшлі ў перарывістыя булькатлівыя стогны. Яна павалілася на бок, рукі і ногі ў яе сутаргава закалаціліся. Між расплюшчаных павек віднеліся бялкі вачэй.

Адзін мужчына ціха сказаў:

— Святы дух. На яе сышоў святы дух.

Маці стаяла, пазіраючы на цела, што білася на зямлі ў сутаргах.

Да палаткі няспешна падышоў маленькі адміністратар.

— Што здарылася? — запытаўся ён. Натоўп расступіўся, прапускаючы яго наперад. — Вось бяда! — сказаў ён. — Хто-небудзь памажыце аднесці яе ў палатку.

Людзі моўчкі пераступалі з нагі на нагу. Нарэшце двое мужчын паднялі жанчыну з зямлі — адзін падхапіў яе пад пахі, другі ўзяў за ногі — і панеслі. Натоўп паволі пасунуўся за імі. Ружа Сарона пайшла пад брызент, лягла на матрац і закрыла твар коўдрай.

Адміністратар глянуў на маці, убачыў палку, якую яна трымала ў руцэ, і слаба ўсміхнуўся:

— Вы набілі яе?

Маці ўсё яшчэ пазірала ўслед натоўпу. Яна паволі пакруціла галавой:

— Не… толькі збіралася. Сёння яна ўжо другі раз дачку маю пужае.

Адміністратар сказаў:

— Не трэба, не біце яе. Яна хворая, — і ціха дадаў: — Хутчэй бы ўжо паехала адсюль, і ўся яе сям'я. Ад яе адной больш непрыемнасцей, чым ад усіх астатніх разам.

Маці ўжо авалодала сабой.

— Хай толькі зноў заявіцца сюды, я наб'ю яе. За сябе не ручаюся. Я не дам ёй страшыць дачку.

— Не хвалюйцеся, місіс Джоўд. Больш вы яе тут не ўбачыце. Яна толькі навічкоў апрацоўвае. Да вас ужо больш не прыйдзе. Яна лічыць вас грэшніцай.

— Я і ёсць грэшніца, — спакойна сказала маці.

— Правільна. Усе мы грэшнікі, толькі не ў тым сэнсе, як яна думае. Яна хворая, місіс Джоўд.

Маці з удзячнасцю глянула на адміністратара і крыкнула дачцэ:

— Ты чуеш, Разашарна? Яна хворая. Вар'ятка. — Але Ружа Сарона не падняла галавы. Маці сказала: — Я папярэджваю вас, містэр: калі яна яшчэ раз прыйдзе, мне давяраць нельга. Я наб'ю яе.

Адміністратар крыва ўсміхнуўся:

— Я разумею вас. І ўсё ж пастарайцеся стрымаць сябе. Большага ад вас я нічога не прашу — толькі пастарайцеся стрымацца. — Ён няспешна пайшоў да палаткі, у якую занеслі місіс Сандры.

Маці зайшла пад навес і села каля Ружы Сарона.

— Ну, глянь на маці, — сказала яна, але Ружа Сарона не варухнулася. Маці асцярожна адкінула коўдру з галавы дачкі. — Жанчына гэтая амаль вар'ятка. Ты ёй не вер.

Ружа Сарона прашаптала ў жаху:

— Яна як сказала пра пекла… я адчула, быццам у мяне ўсярэдзіне ўсё гарыць.

— Гэтага быць не можа, — сказала маці.

— У мяне зусім сілы няма, — прашаптала Ружа Сарона. — Колькі ўжо ўсяго здарылася, я так стамілася… Спаць хачу. Хачу спаць.

— Ну дык спі. Месца тут добрае. Можаш паспаць.

— А раптам яна зноў прыйдзе?

— Не прыйдзе. Я сяду каля палаткі і блізка яе не падпушчу, калі яна сюды паткнецца. Ты паспі, табе трэба адпачыць, бо неўзабаве пойдзеш працаваць у дзіцячы пакой.

Маці цяжка паднялася на ногі, выйшла з-пад брызенту, села на скрыню, абаперлася локцямі аб калені і паклала падбародак на далоні. Яна бачыла людзей, што хадзілі па лагеры, чула галасы дзяцей, стук малатка па жалезным вобадзе, але вочы яе глядзелі кудысьці далёка.

Падышоўшы да палаткі, бацька так і застаў яе ў гэтай позе. Ён апусціўся каля яе на кукішкі. Маці паволі перавяла на яго позірк.

— Ну, знайшлі што? — запыталася яна.

— Не, — збянтэжана адказаў бацька. — Дзе мы толькі не шукалі.

— А Эл дзе і Джон? Дзе грузавік?

— Эл нешта рамантуе ў машыне. Давялося ў людзей папрасіць інструменту. Сказалі, каб Эл рабіў усё там, на месцы.

Маці сумна сказала:

— Добра тут. Можна было б тут пажыць хоць крыху.

— Калі знойдзем працу.

— Ага. Калі знойдзем працу.

Бацька адчуў яе смутак і пільна паглядзеў на яе твар.

— Чаго ты так засмуцілася? Сама ж кажаш, добра тут. Чаго ж засмучацца.

Маці глянула на яго і паволі заплюшчыла вочы.

— Дзіўна ўсё неяк, праўда? Колькі ўжо дзён мы ў дарозе, перабіраемся з месца на месца, і ні разу я не задумвалася. Людзі тут добра мяне прынялі, проста вельмі добра. А я што раблю? Прыгадваю ўсё самае сумнае: тую ноч, калі памёр дзед і мы яго пахавалі. У мяне тады адна толькі дарога была ў галаве — цэлымі днямі трэсліся ў машыне, усё едзеш і едзеш, і я нічога ўжо такога дрэннага не адчувала. А цяпер, калі сюды прыехалі, цяпер у мяне горш на душы стала. Бабка… і яшчэ Ной пайшоў ад нас. Узяў і пайшоў уніз па рацэ. Усё было неяк паасобку, а цяпер разам на мяне навалілася. Бабка памерла, як жабрачка, і яе, як жабрачку, пахавалі. Цяпер ад гэтага балюча мне. Ной пайшоў уніз па рацэ. Не ведаў, што яго там можа чакаць. Адкуль яму ведаць? І мы таксама не ведаем. І так і не будзем ведаць, ці жывы ён, ці мёртвы. І ніколі не даведаемся. А тут яшчэ Коні ўпотайкі пакінуў нас. Раней не было ў мяне часу пра ўсё гэта думаць, а цяпер думкі роем налятаюць на мяне. А мне ж бы толькі радавацца, што мы трапілі ў такое добрае месца. — Бацька глядзеў, як варушацца яе губы. Яна гаварыла, заплюшчыўшы вочы. — Я памятаю, якія былі горы каля той рэчкі, дзе Ной нас пакінуў, — вышчарбленыя, вострыя, як зубы старога. Памятаю, якая калючая была трава там, дзе пахавалі дзеда. І калоду на ферме — пяро да яе прыстала, уся пасечаная, чорная ад курынай крыві.

Бацька падхапіў ёй у тон:

— А я сёння бачыў дзікіх гусей. На поўдзень цягнуліся… высока ў небе. Так прыгожа было глядзець. І чорных драздоў бачыў — сядзяць сабе на дроце. І галубы на агароджах. — Маці расплюшчыла вочы і глянула на яго. А ён гаварыў: — Яшчэ віхор бачыў — усё роўна як чалавек, круціцца, носіцца па полі. А гусі ляцелі клінам, спяшаліся на поўдзень.

Маці ўсміхнулася:

— А ты памятаеш, як мы дома гаварылі: «Гусі ляцяць, значыць, зіма будзе ранняя». Заўсёды так гаварылі, а зіма надыходзіла, калі ёй была пара. А мы ўсё: «Зіма будзе ранняя». Сама не ведаю, чаму мы так гаварылі.

— Я бачыў чорных драздоў на дроце, — гаварыў бацька. — Сядзяць сабе адзін каля аднаго. І галубоў. Так спакойна, як голуб, не сядзіць ніводная птушка… на драцяной агароджы… Сядзяць па двое, зусім блізка. А віхор — у рост чалавека, скача, круціцца па полі. Як дзіця, толькі ростам з дарослага мужчыну.

— Лепш не ўспамінаць пра дом, — сказала маці. — Цяпер у нас свайго дома няма. Лепш зусім забыцца пра яго. І пра Ноя забыцца.

— Ён няправільна зрабіў… ну, а я хачу сказаць… гэта мая віна.

— Колькі разоў я ўжо казала табе — кінь пра гэта. Можа, ён і не выжыў бы.

— Але павінен быў прадугледзець.

— Кінь зараз жа. Ной быў не такі, як усе. Магчыма, так яму лепш будзе. Нам нельга бясконца гараваць. Месца тут добрае, і праца, можа, знойдзецца.

Бацька паказаў на неба:

— Глянь… зноў гусі. Вялікі клін. Вось, ма: «Зіма будзе ранняя».

Маці ціха засмяялася:

— Бывае, зробіш што-небудзь, скажаш, а чаму, не ведаеш.

— Вось і Джон ідзе, — сказаў бацька. — Хадзі сюды, Джон, пасядзі з намі.

Дзядзька Джон падышоў да іх і прысеў на кукішкі перад маці.

— Нідзе нічога не знайшлі, — сказаў ён. — Ні з чым назад прыехалі. А цябе Эл кліча. Сказаў, пакрышку трэба мяняць. На старой усяго адзін слой застаўся, кажа.

Бацька ўстаў.

— Хоць бы ўдалося яму купіць як дзешавей. Грошы ўжо амаль зусім выйшлі. А дзе ён, Эл?

— Вунь там, за вуглом направа. Кажа, пакрышку трэба памяняць, а то камера пратрэцца і лопне.

Бацька ішоў між палатак, а вочы яго сачылі за вялікім клінам гусей, якія, аддаляючыся, усё ніжэй апускаліся па небасхіле.

Дзядзька Джон падабраў з зямлі каменьчык, скаціў яго з далоні і зноў падняў. На маці ён не глядзеў.

— Працы няма, — сказаў ён.

— Вы не ўсё яшчэ аб'ездзілі.

— Не аб'ездзілі, але аб'явы ўсюды аднолькавыя.

— А Том, пэўна, дагэтуль працуе. Яшчэ не вярнуўся.

Дзядзька Джон выказаў здагадку:

— Можа, ён таксама пайшоў ад нас… як Коні з Ноем.

Маці строга паглядзела яму ў твар, потым позірк яе памякчэў.

— Ёсць такое, у чым ты цвёрда ўпэўнены, — сказала яна. — Ёсць такія рэчы, у якіх ты ніколі не сумняваешся. Том атрымаў працу. І гэта чыстая праўда. — Яна ўсміхнулася шчаслівай усмешкай: — У мяне цудоўны сын. А што, хіба не так?

У лагер пачыналі з'язджацца легкавыя машыны і грузавікі, і мужчыны павалілі ў санітарны блок. І кожны нёс у руках чысты камбінезон і свежую кашулю.

Маці раптам схамянулася:

— Ідзі, Джон, знайдзі бацьку. Схадзіце з ім у краму, купіце бабоў і цукру… мяса на смажанку і морквы. І скажы яму, няхай возьме там што-небудзь такое… ну што-небудзь смачнае… усё роўна што… абы на смак прыемнае… на вячэру. Сёння… у нас будзе слаўная вячэра.

Загрузка...