Раздзел шаснаццаты

Джоўды і Ўілсаны як адна сям'я прабіраліся на Захад — Эль-Рэна і Брыджпарт, Клінтан, Элк-Сіці, Сэйр і Тэксала. Тут праходзіла мяжа штата, і Аклахома засталася ззаду. Цэлы дзень абедзве машыны паўзлі ўсё далей і далей па Тэхаскім выступе. Шэмрак і Эланрыд, Грум і Ярнал. Пад вечар мінулі Амарыльё, пасля доўга яшчэ ехалі і на змярканні зрабілі прывал. Усе страшэнна знемагліся, прапыліліся, перагрэліся. У дарозе ад гарачыні ў бабкі зрабіліся сутаргі, і, калі машына нарэшце спынілася, старая ледзь ліпела.

Позна вечарам Эл выламаў з нейкай агароджы перакладзіну, паклаў упоперак грузавіка пад брызент і замацаваў яго з абодвух бакоў. Вячэралі аднымі аладкамі, што засталіся ад снедання, — халоднымі і цвёрдымі. Усе, як былі ў адзенні, так і паваліліся на матрацы і заснулі. Уілсаны нават палаткі не раскінулі.

Ратуючыся ўцёкамі, Джоўды і Ўілсаны ехалі па Тэхаскім выступе — узгорыстай шэрай мясцовасці, удоўж і ўпоперак спаласаванай рубцамі былых паводак. Аклахома засталася ззаду, перад імі быў Тэхас. Па пыле паўзлі чарапахі, сонца паліла зямлю, вечарамі неба астывала, але ўжо сама зямля дыхала жарам.

Уцёкі доўжыліся ўжо два дні, і на трэці дзень прастора нарэшце адолела ўцекачоў і вымусіла іх падладзіцца пад нязвыклыя жыццёвыя абставіны — шаша стала іх домам, а рух — сродкам самавыяўлення. Спакваля яны прынаравіліся да новага ладу жыцця. Спачатку Руці з Уінфілдам, потым Эл, за імі Коні з Ружай Сарона і нарэшце — дарослыя. Зямля выгіналася ўзгоркамі, падобнымі на вялікія застылыя хвалі. Уілдарада, Вега, Боўзі, Гленрыё. Тэхас скончыўся. Цяпер — Нью-Мексіка і горы. Далёка наперадзе на фоне неба ўзвышаліся грабяні гор. Колы машын віскліва круціліся, маторы перагрэліся, з-пад каўпачкоў радыятараў выбівалася пара. Машыны дайшлі да рэчкі Пекас і перабраліся цераз яе каля Санта-Росы. А там праехалі яшчэ дваццаць міль.


Эл Джоўд вёў легкавую машыну, поруч з ім сядзела маці, а каля яе — Ружа Сарона. Наперадзе паволі сунуўся грузавік. Распаленае паветра ішло хвалямі над зямлёю, далёкія горы ад спёкі трымцелі. Сутула адкінуўшыся назад, Эл апатычна кіраваў машынай, слаба абхапіўшы пальцамі адной рукі спіцу рулявога кола; шэры капялюш яго неяк залішне зухавата ссунуўся на адно вока; раз-пораз ён паварочваў галаву да акенца кабіны і сплёўваў на дарогу.

Маці ўпарта змагалася са стомай. Склаўшы рукі на каленях, яна сядзела свабодна, цела і галава пагойдваліся ў такт рухам машыны. Прыжмурыўшы вочы, яна пазірала на далёкія горы. Ружа Сарона, наадварот, супраціўлялася штуршкам і гайданню — уперлася нагамі ў насціл кабіны, перакінула правы локаць за раму акенца. Ад гэтых намаганняў мускулы на яе пухлявым твары напружыліся, галава рэзка паторгвалася, бо мускулы шыі ў яе таксама былі напятыя. Яна старалася заняць такую позу, каб цела, як цвёрдае ёмішча, ахоўвала плод яе чэрава ад штуршкоў.

— Ма… — павярнулася яна да маці.

Матчын позірк ажыў, скіраваўся на дачку. Вочы, слізгануўшы па стомленым пухлявым твары, усміхнуліся.

— Ма, — паўтарыла Ружа Сарона, — калі мы прыедзем туды, усе вы пойдзеце на збор фруктаў і там жыць застаняцеся?

Лёгкая іронія пачулася ў голасе маці, калі яна з усмешкай адказала:

— Туды мы яшчэ не прыехалі. І не ведаем, як там усё. Прыедзем, пабачым.

— Мы з Коні не хочам больш жыць на ферме, — сказала Ружа Сарона. — Мы ўжо абдумалі, як жыць будзем.

Па твары маці прабег цень трывогі.

— Хіба вы не хочаце застацца з намі… з сям'ёй? — запыталася яна.

— Ну мы ўжо ўсё абгаварылі, мы з Коні. Ма, мы хочам жыць у горадзе, — адказала Ружа Сарона і ўсхвалявана загаварыла: — Коні работу сабе знойдзе ў якой-небудзь майстэрні ці на фабрыцы. А дома вечарамі вучыцца будзе, ну там па радыё, стане знаўцам сваёй справы, а потым, можа, і сам майстэрню завядзе. Мы ў кіно хадзіць будзем. І яшчэ Коні кажа, ён доктара пакліча, калі мне прыйдзе час радзіць; і кажа, гледзячы, як там выйдзе, што, можа, і ў бальніцу мяне пакладзе. І свая машына ў нас будзе, маленькая. А калі ён скончыць вучыцца… вось цудоўна было б! Ён ужо нават старонку з часопіса «Любоўныя апавяданні Захаду» выразаў з аб'явай і выпіша праграму курсаў — яе высылаюць бясплатна. Там так і напісана. Сама бачыла. А як пройдзеш поўны курс па радыё, дык табе нават працу даюць. Работа добрая, чыстая і надзеі дае на будучыню. І зажывём мы ў горадзе, у кінатэатры будзем часта хадзіць, а я… я куплю сабе электрычны прас, а дзіцяці зусім новае прыданае. Коні кажа, прыданае купім новенькае… беленькае і… Ну ты ж бачыла ў каталогах, якое ёсць дзіцячае прыданае. На першым часе, пакуль Коні яшчэ вечарамі дома вучыцца будзе, нам, можа, і нялёгка давядзецца, але… калі ў мяне народзіцца дзіця, тады ён, магчыма, ужо скончыць вучобу і ў нас свая кватэра будзе. Ніякай ужо такой асаблівай нам не трэба, абы дзіцяці добра было… — Твар у Ружы Сарона разгарэўся ад хвалявання. — І яшчэ я падумала, можа, нам усім у горад пераехаць, і, калі ў Коні будзе свая майстэрня… Эл будзе працаваць у яго.

Маці не зводзіла вачэй з разрумяненага твару дачкі, з цікавасцю сачыла, як расце гмах яе планаў.

— Нам не хацелася б вас адпускаць, — сказала яна. — Сям'ю разбіваць нядобра.

Эл фыркнуў:

— Гэта каб я пайшоў працаваць на Коні? Можа, Коні на мяне папрацуе? Думае, акрамя яго, такога малайца, ніхто вечарамі вучыцца не здольны.

Маці раптам зразумела, што ўсё гэта адны мары. Яна зноў перавяла позірк на дарогу, села вальней, але слабая ўсмешка ў вачах згасла не адразу.

— Каб хоць ведаць, як бабка сябе адчувае, — праз нейкі час сказала яна.

Эл мацней абхапіў абаранак руля — у маторы пачуўся слабы стук. Ён даў большую скорасць, і стук зрабіўся гучнейшы. Тады ён перавёў запальванне на больш позняе, прыслухаўся, зноў прыбавіў скорасць і зноў прыслухаўся.

Стук перайшоў у металічны ляскат. Эл націснуў на сігнал і з'ехаў на край шашы. Грузавік наперадзе спыніўся і паволі даў задні ход. Паўз іх на захад прамчаліся тры легкавыя машыны, і кожная пасігналіла, а вадзіцель апошняй крыкнуў, высунуўшыся з акенца:

— Дзе ты стаў, чорт!

Том падвёў грузавік зусім блізка, вылез і пайшоў да машыны Эла. Усе, хто сядзеў на паклажы ззаду грузавіка, павярнуўшы галовы, пазіралі ўніз. Эл зноў пераставіў запальванне і прыслухаўся да матора, які працаваў на халастых абаротах.

— Ну што там у цябе? — запытаўся Том.

Эл прыбавіў абароты.

— Вось паслухай.

Заляскатала яшчэ мацней. Том прыслухаўся.

— Дай ранняе запальванне і збаў абароты, — сказаў ён, падняў капот і ўсунуў пад яго галаву. — Цяпер дай газу. — Ён зноў прыслухаўся і апусціў капот. — Так, здаецца, твая праўда, Эл.

— Шатунны падшыпнік?

— Па гуку падобна на тое, — адказаў Том.

— Я масла не шкадаваў, — недаўменна прамовіў Эл.

— Значыць, яно не даходзіць. Перасохла ўсё к чорту! Нічога не зробіш, трэба мяняць. Я праеду крыху наперад, знайду роўнае месца для стаянкі. А ты цішэй едзь. Не гані, а то зусім кардан сапсуеш.

Уілсан запытаўся:

— Кепскія справы?

— Радасці мала, — адказаў Том, вярнуўся да грузавіка і паволі паехаў наперад.

Эл не мог супакоіцца:

— Розуму не дабяру, чаму такое здарылася. Масла я падаваў удосталь. — Але ён ведаў, што вінаваты. Сам адчуваў, што даў маху.

Маці сказала:

— Віна не твая. Ты ўсё рабіў як след. — І нясмела папыталася: — Што-небудзь сур'ёзнае?

— Туды цяжка дабрацца, і трэба дастаць недзе новы падшыпнік ці гэты заліць бабітам. — Ён глыбока ўздыхнуў. — Добра, што Том тут. Я падшыпнікаў яшчэ ніколі не рамантаваў. Адна надзея на Тома.

Наперадзе збоч дарогі стаяў вялізны чырвоны рэкламны шчыт, ад якога падаў на зямлю шырокі доўгі цень. Том звярнуў машыну з шашы, пераехаў неглыбокі кювет і спыніў грузавік у цяні. Потым вылез з кабіны і стаў чакаць Эла.

— Цішэй, цішэй! — крыкнуў яму Том. — Не гані, вядзі асцярожна, а то яшчэ і рысору зламаеш.

Эл пачырванеў ад злосці і заглушыў матор.

— Ідзі ты к чорту! — крыкнуў ён. — Я падшыпніка не расплаўляў. А ты яшчэ кажаш — «і рысору зламаеш»!

Том ашчэрыўся ўсмешкай:

— Во завёўся. Я нічога такога сказаць не хацеў. Проста каб ты цераз кювет цішэй ехаў.

Асцярожна ведучы машыну па схілах кювета, Эл бурчаў:

— Яшчэ каму-небудзь у галаву ўваб'еш, што па маёй віне падшыпнік паляцеў. — Стук у маторы перайшоў ужо ў грукат. Эл накіраваў машыну ў цень і выключыў запальванне.

Том падняў капот і замацаваў яго.

— Пакуль не астыне, пачынаць нельга, — сказаў ён.

Усе пасажыры павылазілі з машын і збіліся ў кучку каля легкавушкі.

Бацька запытаўся:

— Вельмі сур'ёзна? — і прысеў на кукішкі.

Том павярнуўся да Эла:

— Калі-небудзь шатунныя падшыпнікі мяняў?

— Не, — адказаў Эл. — Ніколі не даводзілася. Але паддон знімаў.

Том сказаў:

— Трэба зняць паддон, потым шатун, раздабыць новы падшыпнік, падкласці пракладкі і падагнаць. Працы на цэлы дзень. Па падшыпнік давядзецца з'ездзіць назад у Санта-Росу. Да Альбукерка міль семдзесят пяць, не меней… А чорт, заўтра ж нядзеля! Нідзе нічога заўтра не купіш. — Усе маўчалі. Руці праціснулася да самай машыны і пільна ўзіралася пад адкінуты капот, стараючыся ўбачыць зламаную дэталь. Том ціха гаварыў: — Заўтра нядзеля. У панядзелак купім, а рамонт скончым, відаць, не раней як у аўторак. Без патрэбнага інструменту цяжка давядзецца. Работка яшчэ тая.

Па зямлі праплыў цень сарыча, і ўсе задралі ўгору галовы, пазіраючы на чорную птушку, што лунала ў паветры.

Бацька сказаў:

— Чаго я больш за ўсё баюся, дык гэта застацца пасярод дарогі без грошай. І есці ўсім трэба, і бензін, і масла купляць. Калі грошы кончацца, проста не ведаю, што рабіць будзем.

Уілсан сказаў:

— Бадай, я тут вінаваты. Няшчасная гэта разваліна ўсю дарогу мне жыць не давала. Вы і так шмат добрага нам зрабілі. Перакладзіце свае рэчы на грузавік і едзьце далей. Мы з Сэйры тут застанемся, што-небудзь прыдумаем. Не хочам, каб вы праз нас пацярпелі, хоць адзін з вас.

Бацька няспешна прагаварыў:

— Не, гэтак рабіць не будзем. Мы амаль парадніліся з вамі. Дзед у вашай палатцы памёр.

Сэйры стомлена прамовіла:

— Вам з намі адны турботы, адны турботы…

Том павольна скруціў цыгарку, агледзеў яе з усіх бакоў і запаліў. Зняў з галавы памятую кепку і выцер ёю лоб.

— Вось што я надумаў, — сказаў ён. — Можа, вам і не спадабаецца, але справа такая: чым хутчэй усе вы даберацеся да Каліфорніі, тым хутчэй грошы да вас пойдуць. Ход у легкавой машыны разы ў два хутчэйшы, чым у грузавіка. І вось я што прапаную: здыміце частку рэчаў з грузавіка, тады вы ўсе ў ім размесціцеся без мяне і прапаведніка, і — наперад. А мы з Кейсі застанемся тут, адрамантуем машыну і таксама паедзем. Ехаць будзем дзень і ноч і дагонім вас, а калі не дагонім, што ж, затое вы ўжо пры рабоце будзеце. Калі ж якая паломка ў дарозе ў вас здарыцца, не страшна, стаўце каля шашы палаткі і нас чакайце. Як добра ўсё абыдзецца, вы даедзеце да месца, працу знойдзеце, і грошы пойдуць. Кейсі мне з рамонтам дапаможа, мы ўсё зробім і да вас прыкацім.

Члены аб'яднанай сям'і задумаліся. Дзядзька Джон апусціўся на кукішкі побач з братам.

Эл запытаўся:

— А мая дапамога пры рамонце не патрэбна?

— Ты ж сам казаў, што ніколі шатунных падшыпнікаў не мяняў.

— Правільна, — пагадзіўся Эл. — Тут трэба моцную спіну мець. А прапаведнік, можа, і не захоча застацца з табою.

— Ну дык хто-небудзь іншы, мне ўсё адно, — сказаў Том.

Бацька паскроб указальным пальцам сухую зямлю.

— На маё разуменне, Том правільна кажа, — сказаў ён. — Усім тут заставацца ніякай карысці. А дацямна можна яшчэ міль пяцьдзесят зрабіць, а то і сто.

Маці з трывогай запыталася:

— А як вы знойдзеце нас?

— Шаша ж тут адна, — адказаў Том. — Шэсцьдзесят шостая — да самага канца. А там Бейкерсфілд. Я па карце глядзеў. Проста туды і прыедзеце.

— А калі ўжо ў Каліфорніі мы з яе дзе-небудзь збочым?

— Не хвалюйся, — супакоіў Том маці. — Мы вас знойдзем. Каліфорнія ж не на ўвесь свет.

— На карце яна страшэнна вялікая.

Бацька вырашыў параіцца з братам:

— Ну як, Джон, ёсць сэнс гэтак рабіць, га?

— Ёсць, — адказаў Джон.

— Містэр Уілсан, машына ваша. Вы нічога не маеце супраць таго, каб мой сын адрамантаваў тут яе, а потым прыгнаў вам?

— Не маю нічога, — адказаў Уілсан. — Вы ўжо зрабілі нам шмат добрага. Я вашаму сыну цалкам давяраю.

— Калі мы вас і не так хутка дагонім, што ж, вы паспееце ўжо дзе-небудзь на працу прыстроіцца і грошай крыху ў кішэню пакласці, — сказаў Том. — А што будзе, калі ўсе мы тут засядзем? Вады паблізу няма, машыну гэту з месца не скранеш. А вось, дапусцім, усе вы даедзеце і на работу ўладкуецеся. Грошы ў вас завядуцца, дамок нават, можа, які сабе купіце. Кейсі, ты як? Застаешся са мной, паможаш?

— Як вам, людзі, лепш, так я і зраблю, — адказаў Кейсі. — Вы мяне пасадзілі ў машыну, везлі. Я што заўгодна зраблю.

— Глядзі, застанешся — будзеш валяцца на спіне пад машынай, твар увесь маслам перамажаш, — папярэдзіў Том.

— Не страшна.

Бацька сказаў:

— Ну, раз цяпер усё ясна, давайце ў дарогу. Да начлегу можна яшчэ сотню міль выціснуць.

Маці ступіла крок і стала перад ім:

— Я не еду.

— Як гэта — не едзеш? Што гэта значыць? Якраз табе і трэба ехаць. Уся сям'я на табе. — Бацька не чакаў такога бунту.

Маці падышла да легкавой машыны, прасунула руку ў дзверцы, памацала пад заднім сядзеннем, выцягнула адтуль рычаг ад дамкрата і лёгенька ўзважыла яго ў руцэ.

— Я не еду, — паўтарыла яна.

— Кажу ж табе, трэба ехаць. Так вырашана.

Губы ў маці моцна сцяліся, і яна спакойна сказала:

— Мяне толькі сілай адсюль павязеш. — Яна зноў крыху павяла жалезным стрыжнем. — Глядзі, бацька, сораму не абярэшся. Біць сябе я не дазволю, плакаць і літасці прасіць не буду. Я табе так засвячу! Ці ты справішся са мной? А калі наб'еш, дык, бог сведка, я свайго часу дачакаюся — павернешся да мяне спінай ці на кукішкі дзе прысядзеш, я цябе ззаду вядром! Госпадам богам прысягаю, так будзе.

Бацька бездапаможна абвёў вачамі прысутных.

— Во расхрабрылася! — сказаў ён. — Ніколі яе такой яшчэ не бачыў.

Жалезны стрыжань злавесна пагойдваўся ў руцэ ў маці.

— Давай падыходзь! — сказала маці. — Ты ж ужо вырашыў. Падыходзь, бі. Ну, паспрабуй, што атрымаецца. Толькі я не паеду, а калі сілай пацягнеш, дык ты ніколі ўжо ўначы вока не звядзеш, бо я буду цярпліва чакаць, доўга чакаць, і як толькі сон стуліць табе павекі, я паленам — трах!

— Гэта ж трэба, якая баявая, — прабурчаў бацька. — Здаецца, і не маладая ўжо.

Астатнія моўчкі сачылі за гэтым бунтам. Пазіралі на бацьку, чакаючы, што ён вось-вось увойдзе ў злосць. Яны сачылі за яго рукамі, якія раптоўна маглі сціснуцца ў кулакі. Але бацька не даў волі гневу, рукі яго спакойна віселі па баках. І неўзабаве ўсе зразумелі, што маці перамагла. І сама яна зразумела гэта.

Том сказаў:

— Якая цябе, ма, муха ўкусіла? Навошта ты ўсё гэта распачала? Што з табой такое? Табе боязна за нас стала?

Твар у маці крыху палагаднеў, але ў вачах у яе яшчэ быў суровы бляск. Яна сказала:

— Вы вырашылі, а як след не падумалі. Што ў нас на свеце засталося? Нічога, толькі мы самі. Толькі сям'я і засталася, больш нічога. Ледзь з месца зрушылі, і дзед лёг у зямлю. А цяпер вось вы самі сям'ю разбіваеце.

Том усклікнуў:

— Мы ж вас дагонім, ма! Мы тут нядоўга затрымаемся.

Маці павяла рычагом ад дамкрата.

— Дапусцім, мы зробім прывал, а вы міма праедзеце, што тады? Дапусцім, прыехаўшы туды, мы не знойдзем, дзе вам вестку пакінуць, дык адкуль вы будзеце ведаць, дзе нас шукаць? — Памаўчаўшы, маці дадала: — Горкая нас чакае дарога. Бабка зусім хворая. Ляжыць там наверсе, на грузавіку, чаго добрага, за дзедам пойдзе. Сілы яе пакідаюць. Доўгая, горкая нас чакае дарога.

Умяшаўся дзядзька Джон:

— Але ж там можна грошай зарабіць. Паспелі б крыху нават і сабраць, пакуль астатнія пад'едуць.

Позіркі ўсіх зноў скіраваліся на маці. Цяпер яна была галоўная. Стырно ўлады перайшло да яе.

— Адны тыя грошы, што мы заробім, нам мала шчасця прынясуць. Самае дарагое, што ў нас ёсць, гэта сям'я. Калі ваўкі нападаюць на статак, каровы трымаюцца кучкай, ціснуцца адна да адной. Мне нічога не страшна, пакуль мы ўсе разам, — усе, хто жывы яшчэ, і разбіваць сям'ю я не дазволю. З намі Ўілсан, з намі прапаведнік. Калі яны захочуць ехаць, што я ім скажу? Але калі дзеці мае пачнуць адбівацца ад сям'і, дык мяне не ўтрымаеш, пушчу ў ход вось гэту жалезіну. — У голасе яе гучалі жорсткасць і рашучасць.

Том супакойліва сказаў:

— Тут нам, ма, усім нельга заставацца. Вады няма. І нават ценю мала. А бабку ж трэба ў цяні пакласці.

— Ну што ж, добра, — сказала маці, — паедзем далей. Спынімся там, дзе будзе цень і вада. Грузавік вернецца і павязе цябе ў горад. Купіш там тое, што трэба, і на грузавіку прыедзеш назад. Не тупаць жа пеша ў такую спёку. І наогул аднаго цябе я не адпушчу — раптам арыштуюць, а заступіцца не будзе каму.

Том падціснуў губы і гучна цмокнуў. Бездапаможна развёў рукамі і ляпнуў сябе па бёдрах.

— Та, — сказаў ён, — калі б ты падхапіў яе з аднаго боку, а я з другога, а астатнія навалілся б на яе ўсёй кучай ды яшчэ бабка скочыла б на яе зверху, тады мы, можа, і справіліся б з ёю, перш чым яна ўлажыла б гэтай жалязякай, ну там двух ці трох з нас, не больш. Але ж табе, зразумела, не хочацца дзірку ў галаве атрымаць, а мама, глянь, як кіпіць. Ого, на што здольны адзін, але рашучы чалавек — цэлы натоўп раскідае. Перамога за табой, ма. Толькі штучку гэтую кінь, пакуль каго-небудзь не пакалечыла.

Маці са здзіўленнем глянула на жалезны рычаг у руцэ, пальцы яе ўздрыгнулі, і яна кінула сваю зброю на зямлю. Том з падкрэсленай асцярогай падняў рычаг ад дамкрата і паклаў на ранейшае месца.

— Ты, тата, выпусці пару, ты, Эл, саджай усіх на грузавік, знайдзі месца для прывалу, дапамажы і вяртайся сюды. А мы з прапаведнікам знімем паддон. Пабачым, як работа пойдзе, можа, яшчэ дацямна зганяем у Санта-Росу і дастанем там шатунны падшыпнік. Магчыма, і ўдасца — яшчэ ж субота. Толькі давай не марудзь, каб нам паспець. Прынясі з грузавіка развадны ключ і пласкагубцы. — Том прасунуў руку пад ніз машыны і памацаў замаслены паддон. — І яшчэ дай мне сюды бляшанку якую ці вядро — я масла спушчу. Яго трэба берагчы. — Эл прынёс вядро, Том падставіў яго пад машыну і пласкагубцамі аслабіў каўпачок. Пакуль ён адкручваў яго пальцамі, чорнае масла залівала яму руку, а потым бясшумным струменем хлынула ў вядро. Да таго часу, як налілася палова вядра, Эл паспеў ужо ўсіх пасадзіць на грузавік. Запэцканы маслам Томаў твар вызірнуў між двух колаў легкавой машыны. — Хутчэй вяртайся! — крыкнуў Том і пачаў адкручваць балты паддона. Грузавік тым часам асцярожна пераехаў неглыбокі кювет і пайшоў па шашы. Балты Том адкручваў па чарзе толькі на адзін абарот, каб не папсаваць пракладкі. Прапаведнік апусціўся каля колаў на калені.

— А мне што рабіць?

— Пакуль што нічога. Сцячэ масла, я выкручу балты, і ты паможаш мне апусціць паддон. — Том зусім запоўз пад машыну, аслабляючы балты развадным ключом і выкручваючы іх пальцамі. Бакавыя балты ён адкруціў не да канца, каб паддон не зваліўся. — Зямля тут, пад машынай, яшчэ гарачая, — зазначыў Том і запытаўся: — Што гэта ты, Кейсі, апошнія дні такі маўклівы стаў? Чаму? Калі мы з табой першы раз стрэліся, ты ледзь не кожныя паўгадзіны прамовы гаварыў. А за гэтыя два дні і дзесяці слоў не вымавіў. Што з табой — занудзіўся?

Кейсі ляжаў на жываце, зазіраючы пад машыну. Зарослы рэдкай шчэццю падбародак апіраўся на тыльны бок рукі. Капялюш ссунуўся на патыліцу, прыкрыўшы ззаду шыю.

— Я на ўсё жыццё нагаварыўся, як быў прапаведнікам, — сказаў ён.

— Ну так, але ж часам ты слушна гаварыў.

— Я ўвесь растрывожаны, — сказаў Кейсі. — Калі быў прапаведнікам, я надта не задумваўся, а цяпер вось дайшло: здорава распуснічаў я тады. А цяпер, раз я не буду больш прапаведаваць, мне трэба ажаніцца. Ведаеш, Томі, вельмі ўжо кроў зайграла.

— У мяне таксама, — сказаў Том. — У той дзень, як я выйшаў з Макалестара, я проста дыміўся. Падчапіў нейкую дзеўку, шлюху. Што потым было, табе не скажу. Гэтага я нікому сказаць не магу.

Кейсі засмяяўся:

— Што было потым, я ведаю. Неяк раз я адышоў у пустыню папасціцца, а калі выйшаў, са мной тое самае было.

— Чорт ведае што! — сказаў Том. — Грошай я не патраціў ні цэнта, але дзеўцы той здорава дасталося. Відаць, падумала, я чокнуты. Трэба было, безумоўна, заплаціць. Толькі ў мяне за душой нічога не было, акрамя пяці зялёненькіх. Яна сказала, што грошай ёй не трэба. Ну, залазь сюды, трымай. Зараз я яго выслабаню. Ты адкруці вось гэты болт, а я той, што з майго боку, тады пойдзе лёгка. Асцеражней з пракладкай. Цяпер увесь цалкам і выйдзе. Стары «додж» — усяго чатыры цыліндры. Ужо раз неяк такі разбіраў. Карэнныя падшыпнікі вялізныя, як мускатныя дыні. Ну апускай… мацней трымай. Прасунь руку, там пракладка задзёрлася… лягчэй. Ну вось! — Замаслены паддон ляжаў між імі на зямлі, і ў карытцах яго яшчэ заставалася крыху масла. Том выняў з аднаго карытца кавалак бабіту. — Вось, — сказаў ён і пакруціў абломак пальцамі. — Вал стаіць каленам угору. Там, ззаду, у машыне завадная ручка, вазьмі яе. Пакруці, пакуль я не крыкну.

Кейсі падняўся, знайшоў завадную ручку і прыладзіў да матора.

— Ну, можна?

— Давай крутні… цішэй… яшчэ трохі… яшчэ крышачку, ага, вось… Хопіць.

Кейсі апусціўся на калені і зазірнуў пад машыну. Том пабразгаў шатунным падшыпнікам па каленчатым вале.

— Так яно і ёсць.

— А чаму, па-твойму, гэта здарылася? — пацікавіўся Кейсі.

— Чорт яго ведае. Драндулет гэты гадоў ужо трынаццаць па дарогах бегае. На спідометры шэсцьдзесят тысяч міль накручана. Значыць, на самай справе тысяч сто шэсцьдзесят — колькі разоў лічбы назад пераводзілі, аднаму богу вядома. Моцны перагрэў — можа, хто з маслам недагледзеў ці яго проста не хапіла. — Том выцягнуў шплінты і захапіў ключом адзін з балтоў, што трымалі падшыпнік. Рэзка павярнуў ключ, і ён сарваўся з галоўкі балта. На тыльным баку рукі з'явіўся доўгі і глыбокі парэз. Том глянуў на ранку — з яе выступіла кроў і, змешваючыся з маслам, закапала ў паддон.

— Дрэнь справа, — сказаў Кейсі. — Дай я буду адкручваць балты, а ты чым-небудзь рану завяжы.

— А, дробязь! Яшчэ ніколі не бывала, каб я разок не параніўся, калі з машынай важдаюся. Цяпер ужо больш няма чаго баяцца. — Том зноў прыладзіў ключ. — Шкада, тарцовага няма, — сказаў ён і, пастукваючы асновай далоні па дзяржанні ключа, адзін за адным аслабіў усе балты на падшыпніку, выцягнуў іх і паклаў у паддон разам са шплінтамі і балтамі ад паддона. Зняў шатун з поршнем і таксама паклаў у паддон. — Ну, дзякуй богу! — Том вылез з-пад машыны, абцёр руку аб мешкавіну і агледзеў рану. — Свішча, сволач! — сказаў ён. — Зараз спынім. — Ён памачыўся, згроб з зямлі жменю мокрага пяску і прыклаў да раны. Неўзабаве кроў спынілася. — Лепшага сродку спыніць кроў няма, — сказаў Том.

— Павуцінне таксама памагае, — зазначыў Кейсі.

— Правільна, але павуціння не заўсёды дастанеш, а мачу — калі заўгодна. — Том сеў на падножку і пачаў разглядаць расплаўлены падшыпнік. — Цяпер каб знайсці дзе «додж» дваццаць пятага года. Знімем з яго шатун з пракладкамі і, можа, наладзім. А Эл, пэўна, заехаў чорт ведае куды.

Цень ад рэкламнага шчыта выцягнуўся цяпер футаў на шэсцьдзесят. Ужо было далёка за поўдзень. Кейсі таксама сеў на падножку і паглядзеў на захад.

— Хутка мы апынемся сярод высокіх гор, — прамовіў ён і змоўк. Потым паклікаў:

— Том!

— Што?

— Я, Том, увесь час прыглядаўся да машын — да тых, якія мы абміналі, і да тых, што ехалі паўз нас. Я лічыў.

— Што ты лічыў?

— Том, гэта ж такія самыя сем'і, як ваша, цэлымі сотнямі на захад едуць. Я пільна сачыў. На ўсход ніхто не едзе — усе, цэлымі сем'ямі, толькі на захад. Заўважыў?

— Ну заўважыў.

— Дык яны ж… быццам… быццам ад войска якога ўцякаюць. Як быццам уся краіна знялася з месца.

— Яно так і ёсць, — пагадзіўся Том. — Уся чыста знялася. Мы таксама кінулі свой дом.

— Ну, а што будзе, калі… калі людзі гэтыя… і яны, і ўсе іншыя працы там не знойдуць, што тады?

— Ідзі ты да д'ябла! — гаркнуў Том. — Адкуль мне ведаць, што будзе? Я адно толькі ведаю — ногі перастаўляць, спачатку адну наперад, потым другую. Гэтак і ў Макалестары рабіў чатыры гады запар — у камеру, з камеры, у сталоўку, са сталоўкі… Госпадзі, а як я спадзяваўся, што на волі ўсё будзе іначай! У турме стараўся ні пра што не думаць, каб мазгі не перакруціліся, і цяпер таксама ні пра што думаць не хачу. — Том павярнуўся да Кейсі. — Вось падшыпнік расплавіўся. Мы гэтага не ведалі, і нам было спакойна. Цяпер мы ўбачылі — паляцеў, што ж, адрамантуем. І, далібог, гэтак трэба заўсёды рабіць. Я дарэмна хвалявацца не буду. Не хачу. Во, бачыш, кавалак жалеза і бабіт? Бачыш? Вось і ўвесь мой клопат, больш мяне нічога на свеце не турбуе… Куды гэта, чорт, Эл праваліўся?

Кейсі сказаў:

— Не, Том, ты паслухай… Што за ліха! І словы нават патрэбныя на язык не ідуць…

Том зняў засохлую гразь з рукі, кінуў на зямлю. Па краях ранкі засталася брудная палоска. Том перавёў позірк на прапаведніка.

— Ты, я бачу, настройваешся на прамову, — сказаў ён. — Што ж, давай. Люблю слухаць прамовы. У нас там наглядчык безупынна красамоўнічаў. Нам шкоды ніякай, а яму ўцеха. Ну давай, выкладвай, што там у цябе.

Адной рукой Кейсі пашчыкваў вузлаватыя пальцы другой.

— Нешта творыцца ў краіне, народ заварушыўся. Людзі, як ты кажаш, перастаўляюць па чарзе ногі і не задумваюцца, куды ідуць, але дарога ў іх адна, ва ўсіх адна. Як прыслухаешся, чуеш нейкі рух, таемнае шастанне, шоргат і… і нейкі неспакой. Нешта творыцца ў краіне, і людзі, тыя, каго гэта тычыцца, нічога яшчэ не ведаюць… пакуль што не ведаюць. Народ зрушыў з месца, кіруе на Захад… пакідае за сабой пустыя фермы. Усё гэта немінуча прывядзе да нечага такога, што пераменіць усю краіну.

Том сказаў:

— Я адно ведаю: перастаўляю па чарзе свае хадулі.

— Так. Ну, а калі табе страчаецца загарадзь, ты і цераз яе палезеш?

— Чаму ж не? Калі трэба, палезу.

Кейсі ўздыхнуў:

— Бадай, гэтак лепей. Я згодзен з табою. Але ж загарадзі бываюць розныя. І людзі розныя. Ну накшталт мяне: загарадзі яшчэ не паставілі, а яны ўжо лезуць… іначай не могуць.

— Ці не Эл гэта едзе? — ажывіўся Том.

— Ага, відаць, Эл.

Том падняўся на ногі, загарнуў шатун і абедзве часткі падшыпніка ў кавалак мешкавіны.

— Вазьму з сабой за ўзор, каб не памыліцца, — сказаў ён.

Грузавік спыніўся на краі шашы. Эл высунуўся з акенца.

Том сказаў:

— Дзе цябе чэрці насілі? Далёка заехалі?

Эл уздыхнуў.

— Зняў шатун?

— Ага. — Том падаў яму скрутак. — Бабіт паляцеў.

— Я тут ні пры чым, — сказаў Эл.

— Ясна. Куды ты іх завёз?

— О, у нас там такое! Бабка раптам зараўла, і Разашарна таксама, на яе гледзячы. Уткнула галаву пад падушку і плача. Бабка рот разявіла і вые, як сабака на месяц. Быццам дае яму прачуханца. Ага, вось бацька загадаў не адказвае, нікога не пазнае. Толькі нешта балбоча і балбоча, быццам да дзеда звяртаецца.

— Дзе ты іх пакінуў?

— Мы да лагера пад'ехалі. Там і цень ёсць, і вада водаправодная. За дзень стаянкі паўдаляра бяруць. Але ўсе так стаміліся, проста з ног валіліся, і мы вырашылі застацца там. Ма кажа: што зробіш — бабка зусім нямоглая. Раскінулі палатку Ўілсана, наш брызент таксама нацягнулі. Бабка, думаю, зусім з розуму выжыла.

Том паглядзеў на сонца, якое ўжо прыкметна хілілася на захад.

— Кейсі, —сказаў ён, — каму-небудзь аднаму трэба застацца пры машыне, а то з яе ўсё здзяруць. Ты як?

— Добра, застануся.

Эл узяў з сядзення папяровы мяшочак.

— Во мама прыслала хлеба з мясам, і ў мяне яшчэ тут збан з вадой ёсць.

— Яна нікога не забудзе, — сказаў Кейсі.

Том залез у кабіну да Эла.

— Значыць, так, — сказаў ён. — Мы пастараемся як найхутчэй вярнуцца. Але загадзя не скажаш калі.

— Я буду тут, — сказаў Кейсі.

— Добра. Толькі не выступай тут сам перад сабой. Паехалі, Эл. — Грузавік рушыў па шашы. Вечарэла. — Добры ён хлопец, — сказаў Том. — Увесь час усё думае, усё думае…

— Што ж, каб ты быў прапаведнікам, і табе б давялося. А наш бацька ўвесь ажно кіпіць ад злосці — пяцьдзесят цэнтаў толькі за тое, каб машыну паставіць пад дрэва! Ніяк у толк узяць не можа. Сядзіць, лаецца. Хутка, кажа, паветрам у бочках пачнуць гандляваць. А мама яму: бабцы трэба паляжаць у цяні і каб вада была блізка.

Грузавік з грукатам ехаў па шашы: цяпер, калі з яго знялі паклажу, усё ў ім ляскатала і бразгала — барты, абрэзаны кузаў. Ён ішоў хутка і лёгка. Эл даў скорасць трыццаць восем міль у гадзіну, матор тарахцеў, праз шчыліны ў дне кабіны прабіваўся шызы дымок.

— Збаў трохі, — сказаў Том. — Перапаліш усё чыста. А што ж гэта з бабкай?

— Не ведаю. Памятаеш, апошнія два дні яна дулася на ўсіх, ні з кім слова не прамовіла? А цяпер крычыць, усё балбоча нешта, усё роўна як да дзеда звяртаецца. Гэта яна на яго крычыць. Хоць вушы затыкай. Быццам ён на самай справе сядзіць перад ёю і ўхмыляецца, як калісьці, — пачухваецца і ўхмыляецца. Яна нібы бачыць: вось ён сядзіць. Быццам дае яму прачуханца. Ага, вось бацька загадаў перадаць табе на ўсякі выпадак дваццаць даляраў. Не ведаю, колькі спатрэбіцца. Раней ты калі бачыў, каб ма так накінулася на яго, як сёння?

— Нешта не прыпомню. Што і казаць, добры я выбраў час выходзіць з турмы. Вярнуўся, думаў, дамоў, пашвэндаюся на волі, спаць позна буду, есці колькі ўлезе. Гуляць буду, на вечарынках скакаць, за спадніцамі бегаць. А выйшла так, што на гэта і хвілінкі вольнай няма.

Эл сказаў:

— Я і забыўся. Ма шмат чаго загадала табе перадаць: каб ты не піў, у спрэчкі не ўвязваўся, біцца ні з кім не лез. Баіцца, каб цябе ў турму зноў не запраторылі.

— Ёй і без мяне клопатаў хапае, я падбаўляць не буду, — сказаў Том.

— Ну, куфлі два ўсё-такі вып'ем? Жах, як піва захацелася.

— Не варта, — сказаў Том. — Калі бацька даведаецца, што мы патраціліся на піва, пер'е з нас паляціць.

— Але паслухай, Том. У мяне свае шэсць даляраў ёсць. Вып'ем і пойдзем да дзяўчат. Ніхто пра гэтыя грошы не ведае. Эх, і пагулялі б мы з табой!

— А ты сваю касу прыберажы, — сказаў Том. — Вось прыедзем на ўзбярэжжа, мы з табой такога жару зададзім! Можа, калі ўжо працаваць будзем… — Ён глянуў на Эла. — А я і не ведаў, што ты да дзяўчат ходзіш. Думаў, ты проста так, на словах.

— Тут я нікога не ведаю. І наогул, калі будзем вось так матацца па дарогах, не іначай, жаніцца прыйдзецца. Вось толькі каб у Каліфорнію прыехаць, я там пакажу!

— Добра было б, — сказаў Том.

— Ты ўжо, здаецца, веру страціў.

— Страціў я веру.

— Калі ты забіў таго чалавека… табе потым не снілася… ці што-небудзь такое? Ты мучыўся?

— Не.

— І ніколі пра гэта не думаў?

— Думаў. Мне шкада яго было.

— А ты не каяўся?

— Не. Я за гэта сядзеў. Сядзеў жа я, ніхто іншы.

— Вельмі там… кепска было?

Том занерваваўся:

— Паслухай, Эл. Я свой тэрмін адседзеў, і канец. Няма чаго ўвесь час вяртацца ў мінулае. Вунь там рэчка, а за ёю горад. Давай дастанем шатун, і к чорту ўсё астатняе.

— Маці душы ў табе не чуе, — сказаў Эл. — Так ужо гаравала, так гаравала, калі цябе пасадзілі. І ўсё ўпотайкі. Быццам слёзы ў яе ў горле захрасалі. Але мы ўсё роўна разумелі, што з ёю творыцца.

Том ссунуў кепку на самыя вочы.

— Паслухай, Эл, давай пра што іншае пагаворым.

— Я проста расказваю, што з маці было.

— Яно так… яно так… Але ж лепш пра гэта не думаць. Лепш… знай сабе — перастаўляй па чарзе ногі.

Эл пакрыўджана змоўк.

— Я проста хацеў расказаць табе, — прамовіў ён праз хвіліну.

Том зірнуў на яго, але Эл глядзеў на дарогу. Парожні грузавік з грукатам падскокваў на няроўнасцях шашы. Доўгія губы Тома саслізнулі з зубоў, і ён ціха засмяяўся.

— Я разумею, Эл. Відаць, у мяне ў галаве ўсё перамяшалася ад турмы. Калі-небудзь я раскажу табе, можа, усё. Табе проста, разумееш, хочацца ведаць. Цікавасць разбірае. Але ў мяне цяпер адно жаданне — забыцца на ўсё гэта хоць на хвілінку. Можа, потым будзе ўсё інакш. А цяпер, як прыгадаю, усе кішкі перакручваюцца і мне моташна робіцца. Я табе, Эл, адно толькі скажу: турма — гэта сродак паволі звесці чалавека з розуму. Ясна? Там усе ненармальныя. Ты іх бачыш, чуеш і неўзабаве пачынаеш ужо сумнявацца, нармальны ты сам ці не. Іншы раз узнімуць немы крык ноччу, а табе здаецца, гэта ты крычыш… і так і сапраўды бывае.

Эл сказаў:

— Не буду больш, Том.

— Трыццаць дзён — гэта нічога, — гаварыў далей Том. — І паўгода таксама нічога. А калі пераваліць за год, тады… не ведаю. Гэта ні з чым на свеце параўнаць нельга. Так нельга рабіць, наогул нельга садзіць людзей пад замок. Ды к чорту ўсё гэта! І гаварыць не хачу. Глянь, як сонца гарыць на вокнах.

Грузавік пад'ехаў да выстраеных у рад заправачных калонак; справа ад дарогі быў склад аўтамабільнага лому — участак плошчай у акр, абнесены высокай агароджай з калючага дроту; бліжэй да дарогі — павець з рыфленага жалеза і груда езджаных шын каля ўвахода, на якіх былі напісаны цэны. За павеццю віднелася халупа, збітая з рознага ламачча — абрэзкаў дошак і кавалкаў бляхі. Вокны — ветравое шкло ад машын, устаўленае ў сцены. На зарослай травой зямлі — аўтамабільны лом: машыны з пакарабачанымі, памятымі радыятарамі, зраненыя машыны ляжалі на баку без колаў. Паўсюль на траве і каля сцяны павеці валяліся ржавыя маторы, узвышаліся груды хламу — крылы, барты грузавікоў, колы, восі; і над усім гэтым лунаў дух тла, цвілі і ржы. Пакарабачанае жалеза, напаўвыпатрашаныя рухавікі, кучы рознай непатрэбшчыны, падабранай на дарогах.

Эл пад'ехаў па залітай маторным маслам дарожцы да павеці. Том вылез з кабіны і зазірнуў у цёмны праём дзвярэй.

— Нікога не відаць, — сказаў ён і гукнуў: — Ёсць тут хто-небудзь?

— Хоць бы знайшоўся ў іх «додж» дваццаць пятага года.

У глыбіні павеці бразнулі дзверы. Са змроку выйшаў чалавек, падобны на прывід. Кашчавы, брудны, з запэцканым маслам жылістым тварам, туга абцягнутым скурай. Аднаго вока ў яго не было, а калі ён паводзіў другім, здаровым, мускулы пустой вачніцы паторгваліся. Джынсы і кашуля на ім ільсніліся ад засохлага масла; рукі былі ўсе ў ранках і рубцах; тоўстая ніжняя губа злавесна выступала наперад.

Том запытаўся:

— Вы гаспадар?

Адзінае вока бліснула ў яго бок.

— Я працую на гаспадара, — буркнуў ён у адказ. — А што трэба?

— Які-небудзь разбіты «додж» дваццаць пятага ў вас ёсць? Нам патрэбен шатун.

— Не ведаю. Каб быў гаспадар, ён сказаў бы. Але яго цяпер няма. Дадому паехаў.

— А самім можна глянуць?

Чалавек смаркнуў у далонь і абцёр яе аб штаны.

— Вы з гэтых краёў?

— Не, з Усходу. На Захад едзем.

— Ну пашукайце. Хоць двор увесь спаліце, мне што.

— Ты, я бачу, не вельмі гаспадара свайго любіш.

Валочачы ногі, чалавек падышоў бліжэй і зноў бліснуў сваім адзіным вокам.

— Цярпець яго не магу, — вымавіў ён ціха. — Цярпець не магу гэту сволач! Цяпер во дамоў падаўся. Паехаў сабе дадому. — Словы вывальваліся з яго вуснаў, налятаючы адно на адно. — Такую прывычку сабе завёў… такую прывычку чапляцца і дражніцца. Ён… ён сволач! Дачка ў яго, дзевятнаццаць гадоў, прыгожанькая з твару. Дык ён пытаецца: «Як ты наконт таго, каб ажаніцца з ёю?» Гэта ён у мяне пытаецца! А сёння кажа: «Вечарам танцы будуць. Ну як, пойдзеш?» Гэта ён мне кажа — мне! — На вачах у яго выступілі слёзы, пакаціліся з пустой чырвонай вачніцы па шчацэ. — Далібог, калі-небудзь вазьму і схаваю трубны ключ у кішэні. Такое мне гаворыць і на маё выбітае вока зырыцца. Я… я гэтым ключом галаву яму адкручу… накіну і проста з шыі скручу, гэтак лёгенька буду паварочваць. — Ён задыхаўся ад шаленства. — Лёгенька паварочваць буду і з шыі скручу.

Сонца схавалася за горы. Эл паглядзеў на двор, завалены разбітымі машынамі.

— Вунь, Том, глянь! Здаецца, «додж» дваццаць пятага ці дваццаць шостага.

Том павярнуўся да аднавокага:

— Зірнуць можна?

— Чорт з вамі, бярыце што трэба.

Прабіраючыся між мёртвых аўтамабіляў, Том з Элам накіраваліся да закрытай іржавай машыны, што стаяла на спушчаных шынах.

— Так і ёсць, дваццаць пятага! — усклікнуў Эл. — Зняць паддон можна, містэр?

Том апусціўся на калені і зазірнуў пад машыну.

— Ужо зняты. Аднаго шатуна няма. Ага, ужо няма. — Ён запоўз пад машыну. — Эл, вазьмі ручку і пакруці. — Ён пахістаў шатун на валу. — Усё застылым маслам залеплена. — Эл паціху паварочваў завадную ручку. — Цішэй! — крыкнуў Том. Ён падабраў з зямлі трэску і саскроб з падшыпніка і балтоў засохлае масла.

— Моцна расхістаўся? — запытаўся Эл.

— Не, толькі крышачку, не страшна.

— Вельмі зношаны?

— Пракладкі ёсць, амаль усе. Ага, парадак. Яшчэ крышачку крутні. Зараз апусціцца, цішэй! Ага, вось, хопіць. Цяпер збегай да грузавіка, ключ прынясі.

Аднавокі сказаў:

— Я дам вам скрынку з інструментам. — Ён зашкандыбаў паміж іржавых машын да павеці і неўзабаве вярнуўся з бляшанай скрынкай. Том узяў з яе тарцовы ключ і перадаў Элу.

— Адкручвай. Толькі пракладак не згубі, не пазрывай балтоў, са шплінтамі асцеражней. Не марудзь, хутка зусім сцямнее.

Эл падлез пад машыну.

— Абавязкова трэба абзавесціся тарцовымі ключамі, — пачуўся голас знізу. — З развадным ні да чога не дабярэшся.

— Пакліч, калі адзін не справішся.

Аднавокі з бездапаможным выглядам стаяў каля машыны.

— Я падмагу, калі трэба, — сказаў ён. — А ведаеце, што гэты сукін сын яшчэ прыдумаў? Прыходзіць раз у белых штанах і кажа мне: «Хадзем пакатаемся на маёй яхце». Далібог, я трахну яго калі-небудзь. — Ён цяжка дыхаў. — З тае пары, як я вока страціў, у мяне не было ніводнай жанчыны. А ён мне такое гаворыць! — І буйныя слёзы пацяклі з яго вачэй, прамываючы баразёнкі на брудным твары каля носа.

Том з раздражненнем сказаў:

— Дык чаму ж ты тут тырчыш? Цябе ж пад вартай ніхто не трымае.

— Табе лёгка казаць. Не так проста работу знайсці, ды яшчэ калі ў цябе аднаго вока няма.

Том крута павярнуўся да яго:

— Слухай, дружа. Ты хоць гэтым сваім адным вокам на сябе паглядзі. Ты брудны ўвесь, ад цябе смярдзіць. Сам нарываешся на непрыемнасці. Табе так хочацца. А потым сам сябе шкадуеш. Дзе табе, сляпому, думаць пра жанчын. Хоць павязку начапі, твар памый. Выкінь з галавы — ніякім ты ключом нікога не заб'еш.

— Пажыў бы ты сам з адным вокам. І бачыш не так, як усе, і адлегласць правільна не вызначыш — не можаш. Усё плоскім здаецца.

Том сказаў:

— Галава ты яловая! Я вось шлюху ведаў адну без нагі. Дык, думаеш, яна па дзяшоўцы давала? Ого! Дзе там! Ёй яшчэ звыш паўдаляра прыплочвалі. Яна казала: «Ці шмат табе разоў даводзілася з аднаногай спаць? Ні разу! Ну вось, кажа, атрымаеш асаблівае задавальненне, а каштаваць табе гэта будзе ўсяго на паўдаляра больш». І плацілі, далібог, праўда, і нават лічылі яшчэ, што ім пашанцавала. Запэўнівалі, што гэта ўдачу прыносіць. А яшчэ гарбуна ведаў… у адным месцы. Зарабляў сабе на жыццё тым, што даваў пакратаць свой горб за грошы. Гэта таксама нібыта ўдачу прыносіла. А ў цябе ж, госпадзі, аднаго толькі вока няма.

Аднавокі, запінаючыся, сказаў:

— Дык жа ж усе цябе староняцца, нехаця такім станеш.

— А ты завяжы чым-небудзь вока. А то выстаўляеш усім напаказ, як карова задніцу. Вельмі любіш шкадаваць самога сябе. А з табой нічога ж такога. Штаны сабе белыя купі. Ты, відаць, найболей п'яны ў ложку валяешся і плачаш. Эл, табе памагчы?

— Не, — пачуўся адказ. — Падшыпнік я ўжо зняў. Хачу поршань ссадзіць.

— Галавой не стукніся.

Аднавокі ціха прамовіў:

— Думаеш… я магу яшчэ… каму-небудзь спадабацца?

— Абавязкова, — адказаў Том. — Кажы ўсім, што пасля таго, як ты страціў вока, у цябе нешта іншае добра адрасло.

— Куды вы, хлопцы, едзеце?

— У Каліфорнію. Усёй сям'ёй. Думаем на працу там прыстроіцца.

— А як па-твойму, такому, як я, работа там знойдзецца? У мяне ж будзе чорная павязка.

— Чаму не? Ты ж не калека.

— Дык… можа, вы падвезяце мяне?

— О не! Мы самі так напакаваліся, што ледзь валачомся. Знайдзі нейкі іншы спосаб. Прывядзі да ладу якую-небудзь з гэтых развалін і едзь.

— Што ж, магчыма, так і зраблю, далібог.

Пад машынай нешта бразнула.

— Гатова, — пачуўся голас Эла.

— Дык вылазь, паглядзім.

Эл падаў Тому поршань з ніжняй галоўкай падшыпніка. Том працёр бабітавую паверхню і ўважліва агледзеў падшыпнік.

— Здаецца, усё ў парадку, — сказаў ён. — Каб быў у нас ліхтар, мы сёння і паставілі б.

— Ведаеш, Том, пра што я падумаў? — сказаў Эл. — У нас няма заціскачкі. І паваждаемся ж мы з кольцамі, асабліва з ніжнімі, пакуль поршань уставім!

Том сказаў:

— Мне неяк раз параілі абкруціць кольцы тонкім латунным дротам, і ён зацісне.

— А як яго потым зняць?

— Знімаць не трэба. Сам расплавіцца.

— Тады лепш медны.

— Медзь слабейшая, — сказаў Том і павярнуўся да аднавокага: — У цябе знойдзецца тонкі латунны дрот?

— Хто яго ведае. Здаецца, адна шпуля недзе валяецца. А дзе, па-твойму, можна дастаць такую павязку на вока?

Шпулю яны знайшлі ў павеці, пакапаўшыся ў скрынях. Том уставіў шатун у ціскі і старанна абкруціў дротам поршневыя кольцы, заганяючы іх глыбей у пазы; там, дзе дрот быў сагнуты, падраўняў яго малатком, потым, паварочваючы поршань, лёгенька пастукваў па ўсёй паверхні, каб дрот нідзе не выпіраў. Нарэшце правёў па поршні пальцам, правяраючы, ці ўсё легла ўпоравень з паверхняй поршня. У павеці хутка цямнела. Аднавокі прынёс кішэнны ліхтарык і накіраваў прамень святла на ціскі.

— Ну вось, гатова! — сказаў Том. — Паслухай, колькі возьмеш за ліхтарык?

— Ён ужо добра выгараў. За новую батарэйку я заплаціў пятнаццаць цэнтаў. Ну бяры ўсё за… трыццаць пяць.

— Згодзен. А колькі з нас за шатун з поршнем?

— Проста не ведаю, што вам сказаць. Калі б гаспадар тут быў, ён праверыў бы па прэйскуранту, колькі каштуе новая запчастка, і, пакуль ты тут важдаешся, паспеў бы выведаць, ці сур'ёзна ты засеў і колькі ў цябе манеты, і за тое, што па прэйскуранту каштуе восем зялёненькіх, запрасіў бы пяць. Пачнеш таргавацца, да трох збавіць. Вось ты ва ўсім мяне вінаваціш, але ж, далібог, ён сволач. Бачыць, што табе да зарэзу трэба. Бывае, за дыск счаплення здзярэ больш, чым уся машына яму каштавала.

— Во як! Ну, а ўсё-такі, колькі з мяне?

— Каля даляра, думаю.

— Добра. І яшчэ за тарцовы ключ чвэрць даляра дам. З ім удвая лягчэй пойдзе. — Том перадаў аднавокаму грошы. — Дзякуй. А вока сваё чым-небудзь прыкрый.

Том з Элам селі ў машыну. Было ўжо зусім цёмна. Эл запусціў матор і ўключыў фары.

— Ну, бывай, — крыкнуў Том. — Можа, у Каліфорніі ўбачымся. — Грузавік развярнуўся на шашы і паехаў.

Аднавокі пастаяў, пазіраючы яму ўслед, потым пайшоў цераз павець у сваю халупку. Там было цёмна. Ён вобмацкам прабраўся да матраца на падлозе, лёг і заплакаў, а машыны, што з віскатам праносіліся па шашы, толькі шчыльнейшымі рабілі сцены яго адзіноты.

Том сказаў Элу:

— Калі б ты мне напачатку сказаў, што мы дастанем гэту штуковіну і сёння ж паставім, я цябе вар'ятам абазваў бы.

— Сёння абавязкова скончым, — сказаў Эл. — Толькі ты сам усё рабі. Я баюся, зацягну падшыпнік крыху тужэй, ён расплавіцца, недацягну — стукаць будзе.

— Пастаўлю, — сказаў Том. — Паляціць дык паляціць. Што зробіш.

Эл углядаўся ў густы змрок. Святла фар было недастаткова, каб разагнаць яго; спераду, на дарозе, трапіўшы на імгненне ў прамень рэфлектара, зялёным агнём бліснулі вочы кошкі, што выйшла на начное паляванне.

— А здорава ты яго прапясочыў, — сказаў Эл. — Управіў яму мазгі.

— Сам, дурань, напрасіўся. Усё пад'юджвае сябе, ные, усе свае беды звальвае на вока. Абібок, неахайнік. Можа, і возьмецца за розум, калі зразумее, што людзі наскрозь яго бачаць.

— Я, Том, не вінаваты, што падшыпнік згарэў.

Хвіліну памаўчаўшы, Том адказаў:

— У мяне проста рукі свярбяць на цябе, Эл. Заладзіў адно і тое, баішся, што цябе будуць лічыць вінаватым. Але не станавіся ў позу, калі цябе не чапаюць. І ўсё добра будзе.

Эл нічога не адказаў. Ён глядзеў проста перад сабой. Грузавік з грукатам і ляскам каціў па дарозе. Збоку на шашу выбегла кошка, Эл крута павярнуў на яе, але колы пранесліся міма, і кошка адскочыла назад у траву.

— Крыху прамахнуўся, — сказаў Эл. — Слухай, Том, ты чуў, як Коні гаварыў, што вечарамі будзе вучыцца? Я падумаў, можа, і мне ўзяцца. Ну радыё там, тэлебачанне альбо дызелі. З гэтым дарога можа адкрыцца.

— Можа, — сказаў Том. — Але перш даведайся, колькі з цябе за навучанне здзяруць. І падумай, ці зможаш ты вучыцца. У нас у Макалестары былі такія, што вучыліся па пошце. Толькі не прыпомню, каб хто з іх да канца ўсё адолеў. Надакучыць, і кідаюць.

— Эх, чорт, есці забыліся купіць.

— Нічога, ма нам многа прыслала. Усё прапаведнік не з'есць. Нам пакіне. Колькі яшчэ ехаць у гэту Каліфорнію?

Яны змоўклі, настала начная цемра, і зоркі на небе загарэліся яркім белым святлом.

Кейсі падняўся з задняга сядзення «доджа» і падышоў да краю дарогі, куды пад'ехаў грузавік.

— Я вас так хутка не чакаў, — сказаў ён.

Том узяў з кабіны загорнутыя ў мешкавіну часткі.

— Нам пашанцавала, — сказаў ён. — І ліхтар раздабылі. Адразу і адрамантуем.

— Вы ежу забыліся з сабой узяць, — сказаў Кейсі.

— Зробім усё, тады і падмацуемся. Давай, Эл, з'язджай з дарогі і ідзі пасвяці мне. — Том падышоў да «доджа», лёг на спіну і падлез пад машыну. Эл запоўз пад яе на жываце і пачаў свяціць ліхтарыкам. — Проста ў вочы свеціш, вышэй падымі. — Том уставіў поршань у цыліндр і, пакручваючы яго, пачаў засоўваць глыбей. Драцяная абмотка на кольцах зачапілася за сценкі цыліндра. Хуткім рухам рукі Том падштурхнуў поршань, і ўсе кольцы ўвайшлі ў цыліндр. — Добра, што зазор ёсць, а то кампрэсія выпіхвала б яго.

— Толькі каб дрот не заклініў кольцаў.

— Таму я малатком яго і расплюшчыў. Нічога, не з'едзе. А там латунь расплавіцца і, можа, яшчэ і сценкі пакрые.

— А драпін не застанецца?

Том засмяяўся:

— Сценкам гэтым нічога ўжо не страшна. Масла прапускае, як рэшата. Адной драпінай больш, адной менш, якая розніца. — Ён насадзіў шатун на вал і памацаў яго ніжнюю галоўку. — Трэба пракладак больш. Гэй, Кейсі!

— Га?

— Я зараз замацую падшыпнік. Вазьміся за завадную ручку і пакруціш, калі я табе крыкну. — Ён падцягнуў балты. — Ну, давай. Цішэй. цішэй! — Калі каленчаты вал паварочваўся, Том пахістваў падшыпнік. — Пракладак мнагавата, — сказаў ён. — Стой, Кейсі! — Том выкруціў балты, зняў некалькі пракладак і зноў паставіў балты. — Ну, Кейсі, крутні яшчэ разок. — Ён зноў пахістаў шатун. — Крышачку ходзіць. А калі яшчэ выняць пракладку, баюся, каб не заела. Зараз паспрабуем. — Том зноў адкруціў балты і зняў два слаі тонкай фольгі. — Цяпер, Кейсі, давай!

— Здаецца, парадак, — сказаў Эл.

Том крыкнуў:

— Цяжэй стала круціць, Кейсі?

— Не, па-мойму.

— Ну, здаецца, падагнаў. Дай бог, каб прыцерлася. Без інструменту бабіт не прышабрыш. А праўда, з тарцовым ключом куды лягчэй працаваць.

Эл сказаў:

— Гаспадар хопіцца — дзе ключ, а яго няма. Во разыдзецца!

— Не наша справа, — сказаў Том. — Мы ключа не кралі. — Ён лёгенька пастукаў па шплінтах і развёў іх канцы. — Цяпер, думаю, усё ў парадку. Гэй, Кейсі, ты пасвяці тут, а мы з Элам паддон пасадзім.

Кейсі апусціўся на калені, узяў ліхтарык і накіраваў пучок святла на рукі, якія асцярожна ставілі на месца пракладку і ўстаўлялі балты ў гнёзды паддона. Том з Элам паднялі цяжкі паддон, усадзілі канцы крайніх балтоў у адтуліны, потым астатнія, і тады Том патроху, адзін за адным, пачаў закручваць усе балты і, калі паддон роўна лёг на пракладку, туга зацягнуў іх ключом.

— Ну, як быццам гатова, — сказаў Том. Ён завінціў масляны каўпачок, уважліва агледзеў паддон, потым узяў з рук Кейсі ліхтарык і пасвяціў вакол сябе. — Вось і ўсё. Цяпер толькі зальём назад масла.

Том з Элам вылезлі з-пад машыны і ўлілі з вядра масла ў картэр. Том праверыў, ці няма ўцечкі.

— Ну вось, Эл, цяпер запускай, — сказаў ён.

Эл сеў у кабіну і націснуў на стартэр. Матор загрукатаў, з выхлапной трубы паваліў сіні дым.

— Збаў газ! — крыкнуў Том. — Масла будзе гарэць, пакуль дрот не расплавіцца. Во, ужо мякчэй ідзе. — Ён уважліва ўслухоўваўся ў абароты рухавіка. — Дай ранняе запальванне і збаў абароты. — Том зноў прыслухаўся. — Добра, Эл. Думаю, зроблена. Ну, дзе гэтае мяса?

— З цябе механік што трэба, — зазначыў Эл.

— Дзіва што. Я цэлы год у аўтамайстэрні працаваў. Першыя сотні дзве міль паедзем на малым газе. Няхай прытрэцца.

Пучкамі травы яны выцерлі запэцканыя маслам рукі і абцерлі аб штаны. Потым прагна накінуліся на вараную свініну, запіваючы яе вадой з бутэлькі.

— Я галодны, як воўк, — сказаў Эл. — Што цяпер рабіць будзем — паедзем у лагер?

— Сам не ведаю, — адказаў Том. — З нас там могуць здзерці яшчэ паўдаляра лішніх. Але пад'едзем, пагаворым з нашымі, скажам, што машыну адрамантавалі. А калі з нас запатрабуюць за стаянку, рушым далей. Нашы ж, вядома, хочуць ведаць, як там у нас. А добра, што ма настояла на сваім. Вазьмі, Эл, пасвяці навокал. Глянь, нічога не забыліся? Вунь тарцовы ключ падбяры. Яшчэ спатрэбіцца.

Святлом ліхтарыка Эл пашарыў па зямлі.

— Як быццам нічога.

— Добра. Я павяду легкавую. Ты, Эл, садзіся ў грузавік. — Том запусціў матор. Прапаведнік сеў да яго. Том вёў «додж» паволі, на самай малой скорасці. Эл ехаў следам. Легкавая асцярожна перабралася цераз неглыбокі кювет. Том сказаў: — Гэтыя «доджы» могуць цэлы дом на малым газе пацягнуць. Гаручае паступае скупа. Нам гэта на руку — памаленьку абкатаем падшыпнік.

«Додж» паволі ішоў па шашы. Дванаццацівольтавыя фары кідалі на палатно дарогі блікі жаўтаватага святла.

Кейсі павярнуўся да Тома:

— Проста дзіву даюся, як вы, хлопцы, умела паправілі машыну. Пасвяціў ліхтарыкам — і гатова. Я хоць і бачыў, як вы рамантавалі, але і цяпер нізашто б сам гэтага не зрабіў.

— Да машын трэба з маленства прывыкаць, — сказаў Том. — Справа не толькі ва ўмельстве. Тут патрэбна нешта большае. Цяпер хлапчукі жартам разбіраюць машыну да шрубкі.

У святло фар трапіў заяц. Ён імкліва і лёгка нёсся наперад, і яго доўгія вушы ўзляталі ўгору пры кожным скачку. Раз-пораз ён рабіў спробу збочыць з дарогі, але сцяна цемры нібы адштурхоўвала яго назад. Далёка наперадзе ярка засвяціліся аўтамабільныя фары, і неўзабаве сноп святла ўпаў на іх машыну. Заяц у нерашучасці спыніўся, потым павярнуўся і адскочыў да менш яркіх фар «доджа». Колы прайшлі па ім, мякка падкінуўшы машыну. Сустрэчны аўтамабіль са свістам пранёсся міма.

— Раздушыла, — зазначыў Кейсі.

Том сказаў:

— Некаторыя любяць іх душыць. А ў мяне кожны раз мароз па скуры. На слых матор працуе добра. Дрот на кольцах, відаць, расплавіўся. Не так дыміць.

— Вы здорава ўсё зрабілі, — сказаў Кейсі.


У цэнтры лагера стаяў невялікі драўляны дамок, на яго ганку з шыпеннем гарэў бензінавы ліхтар, які адкідваў шырокі круг белага святла. Непадалёк ад дамка былі разбіты з паўтузіна палатак, каля іх стаялі машыны. Вячэра ўжо была згатаваная, але на вогнішчах каля стаянак усё яшчэ тлела вуголле. Каля ганка, дзе гарэў ліхтар, сабралася невялікая купка мужчын; у яркім белым святле твары іх здаваліся грубымі і жылістымі, і ад таго, што лбы і вочы іх хаваліся ў густым цяні ад капелюшоў, падбародкі рэзка выдаваліся наперад. Хто сядзеў на прыступках, хто стаяў каля ганка, абапіраючыся локцямі на яго насціл. На ганку, адкінуўшыся да сцяны на нахіленым крэсле, сядзеў гаспадар, барабанячы пальцамі па калене. У пакоі гарэла газавая лямпа, але яе кволы агеньчык прападаў у яркім святле ліхтара, што шыпеў на ганку. Гаспадар быў цэнтрам усёй групы.

Том падвёў «додж» да краю дарогі і выключыў запальванне. Эл праехаў на грузавіку ў вароты.

— Заязджаць не буду, — сказаў Том, вылез з машыны і пайшоў праз вароты на яркае святло ліхтара.

Гаспадар апусціў пярэднія ножкі крэсла на дошкі ганка і нахіліўся наперад.

— Хочаце ў нас стаць на прывал?

— Не, — адказаў Том. — Мае тут спынілся. Гэй, та!

Бацька, які сядзеў на ніжняй прыступцы, сказаў:

— Я думаў, вы там на тыдзень засядзеце. Адрамантавалі?

— Нам моцна пашанцавала, — адказаў Том. — Яшчэ засветла дасталі што трэба. Як развіднее, адразу і рушым.

— Вось і добра, — сказаў бацька. — Маці непакоіцца — у бабкі ў нашай зусім розум памуціўся.

— Мне Эл ужо казаў. Ёй не лепш?

— Заснула, і то добра.

Гаспадар сказаў:

— Калі заедзеце і спыніцеся, плаціце пяць манет. Атрымаеце месца, ваду і галлё на вогнішча. І ніхто вас не патрывожыць.

— На чорта нам гэта, — сказаў Том. — Праспім ноч у кювеце бясплатна.

Гаспадар забарабаніў пальцамі па калене.

— Начамі тут шэрыфаў памагаты ходзіць. Можа прыдрацца. У нашым штаце начаваць пад адкрытым небам законам забаронена. І супраць бадзяжніцтва таксама ёсць закон.

— А калі я вам заплачу пяцьдзесят цэнтаў, дык я ўжо не бадзяга, так?

— Правільна.

Вочы ў Тома загарэліся злосцю:

— Шэрыфскі памагаты выпадкам вам не швагер?

Гаспадар падаўся наперад:

— Не, не швагер. І не настаў яшчэ той час, калі ўсякія бадзягі няшчасныя вучыць нас тут будуць.

— Браць па паўдаляра вы і самі ўмееце, гэтаму вучыць вас не трэба. Але з якой пары мы папалі ў бадзягі? Ніхто ў вас тут нічога не просіць. Значыць, усе мы бадзягі? Мы ж не клянчым у вас грошай і не просімся на начлег.

Людзі на ганку і каля яго замерлі ў напружаным маўчанні. На іх тварах не адбівалася нічога, але вочы, зацененыя палямі капелюшоў, крадком пазіралі ўгору, на гаспадара.

Бацька буркнуў:

— Перастань, Том.

— Добра, перастану.

Мужчыны, што сядзелі на прыступках і стаялі вакол высокага ганка, маўчалі. Вочы іх паблісквалі, адбіваючы святло бензінавага ліхтара. У яго яркіх промнях рысы іх твараў былі рэзка акрэсленыя. Людзі застылі ў нерухомасці, толькі позіркі іх пераходзілі то на гаспадара, то на Тома, але твары іх былі непранікальныя і абыякавыя. Начны матылёк наляцеў на ліхтар, разбіўся і ўпаў у цемру.

У адной палатцы жаласна заплакала дзіця, і мяккі жаночы голас пачаў супакойваць яго, потым ціха зацягнуў калыханку: «Цябе любіць наш гасподзь уначы. Спі, засні. Беражэ цябе гасподзь уначы, спі, засні».

Ліхтар на ганку шыпеў. Гаспадар запусціў руку ў выраз кашулі і пачухаў зарослыя сівымі валасамі грудзі. Ён увесь насцярожыўся ў прадчуванні сваркі. Прыглядаўся да людзей, што яго абкружалі, узіраўся ў іхнія твары. Але людзі застылі ў нерухомасці.

Том доўга маўчаў. Потым паволі падняў свае цёмныя вочы на гаспадара.

— Скандаліць я не збіраюся, — сказаў ён. — Калі цябе абзываюць бадзягам, цяжка сцярпець. Я не баюся, — дадаў ён ціха. — Кулакоў не пашкадую ні на вас, ні на шэрыфскага памагатага — пабачым яшчэ, хто каго. Толькі якая ад гэтага карысць?

Людзі заварушыліся, перамянілі позы, іх вочы, пабліскваючы, паволі ўзняліся, скіраваліся на гаспадара, сочачы за яго губамі. Гаспадар асмялеў. Ён адчуваў, што перамог, але не дастаткова для таго, каб перайсці ў наступленне.

— Няўжо ў цябе пяцідзесяці цэнтаў няма? — запытаўся ён.

— Ёсць. Але яны мне яшчэ спатрэбяцца. Я не буду траціць іх на начлег.

— На пражытак трэба ўсім зарабляць.

— Правільна. Толькі лепш так зарабляць, каб не забіраць яго ў другіх.

Людзі зноў перамянілі паставы. Бацька сказаў:

— Мы паедзем заўтра раным-рана. Паслухайце, містэр, мы ж вам заплацілі. Хлапец гэты з нашай сям'і. Дазвольце яму застацца. Мы ж заплацілі.

— Пяцьдзесят цэнтаў з машыны, — сказаў гаспадар. — Гэтак кожны зробіць — пакіне машыну за варотамі, а сам будзе карыстацца ўсім бясплатна.

Том сказаў:

— Мы далей паедзем. Раніцай стрэнемся. Будзем вас чакаць. Эл няхай застаецца, а мы возьмем з сабой дзядзьку Джона. — Ён глянуў на гаспадара: — Гэтак згодны?

Гаспадар імгненна прыняў рашэнне, пайшоў на ўступку:

— Калі застанецца столькі чалавек, за колькі заплачана, дык згодзен.

Том выняў з кішэні капшук, які паспеў ужо ператварыцца ў пакамечаны, зашмальцаваны мяшэчак з адсырэлым тытунёвым пылам на дне. Ён скруціў тонкую цыгарку і шпурнуў капшук убок.

— Мы хутка паедзем, — сказаў ён.

Бацька загаварыў, ні да кога з прысутных не звяртаючыся асабіста:

— Нялёгка вось так сарвацца з месца. У нас быў дом, гаспадарка. Мы не галота бяздомная. Мы жылі на сваёй ферме, пакуль нас трактарамі не прагналі.

Хударлявы малады чалавек з выгаралымі да жаўцізны брывамі паволі павярнуў да яго галаву:

— Баваўнаробы?

— Так, здольнікі. Раней самі былі гаспадарамі.

Малады чалавек адвярнуўся ад яго.

— Мы таксама, — прамовіў ён.

— Добра хоць, што нядоўга ўжо засталося цярпець, — сказаў бацька. — Прыедзем на Захад — будзем працаваць, займеем зямельку з вадой.

Каля самага ганка стаяў чалавек у падранай адзежы. Чорны пінжак звісаў лахманамі, штаны на каленях былі працёртыя да дзірак. На твары ў яго, там, дзе пыл змяшаўся з потам, былі брудныя палосы. Ён матнуў галавой у бок бацькі:

— У вас, відаць, прыхаваны невялічкі глечык з грашыма.

— Не, грошай у нас зусім мала, — сказаў бацька. — Але нас шмат, і ўсе мы працавітыя. Добра заробім, і ўсе грошы пойдуць у агульны кацёл. Зажывём.

Чалавек у лахманах выслухаў бацьку, шырока расплюшчыўшы вочы, і раптам засмяяўся, потым смех яго перайшоў у вісклівае хіхіканне. Усе павярнулі да яго галовы. Хіхікаючы, ён пачаў захліпацца і закашляўся. Калі ён нарэшце адолеў прыступ кашлю, вочы ў яго былі чырвоныя, на іх выступілі слёзы.

— Ты думаеш, там… а божухна! — ён зноў захіхікаў. — Ты думаеш, там табе… будуць добра плаціць… ой, смех! — І, перастаўшы смяяцца, іранічна сказаў: — На збор, можа, пойдзеце апельсінаў? Грушы, можа, будзеце збіраць?

Бацька з годнасцю адказаў:

— Будзем рабіць тое, што нам прапануюць. У іх там работы шмат.

Чалавек у лахманах ціхенька рагатнуў. Том з раздражненнем павярнуўся да яго.

— А што тут такога смешнага?

Абадранец сцяў губы і панура ўтаропіўся на масніцы ганка.

— Вы, няйначай, у Каліфорнію едзеце?

— Я табе сам гэта сказаў, — адказаў бацька. — Падумаеш, які здагадлівы знайшоўся!

Абадранец паволі прагаварыў:

— А я… я вяртаюся адтуль. Пабыў ужо там.

Твары людзей імгненна павярнуліся да яго. Усе напружана чакалі. Ліхтар на ганку перастаў шыпець і ціха пыхкнуў. Гаспадар апусціў пярэднія ножкі крэсла на падлогу, падняўся, падпампаваў ліхтар, і той зноў гучна і тонка зашыпеў. Гаспадар вярнуўся на месца, але ўжо не адкінуўся да сцяны. Чалавек у лахманах абвёў позіркам твары людзей.

— Еду назад паміраць галоднай смерцю. Лепш ужо адразу з голаду памерці.

Бацька сказаў:

— Што ты вярзеш? У мяне вось рэкламны лісток ёсць — там пра добрыя заробкі пішацца, а надоечы я і ў газеце чытаў: ім зборшчыкі фруктаў патрэбныя.

Абадранец павярнуўся да бацькі:

— А ў цябе ёсць куды вярнуцца?

— Няма. Нас сагналі з зямлі. Прайшліся трактарамі аж да самага дома.

— Назад, значыць, не павернеш?

— Вядома, не.

— Тады не буду цябе расстройваць.

— А ты мяне і не расстроіш. У мяне лісток ёсць, там сказана, што людзі патрэбны. Дарэмна ж не будуць пісаць такія лісткі. Яны вялікіх грошай каштуюць. Іх не друкавалі б, каб не было патрэбы ў людзях.

— Не буду цябе расстройваць.

Бацька сярдзіта сказаў:

— Дурасць нейкую ляпнуў, а адрачыся не хочаш. У лістку ж ясна напісана: людзі патрэбныя. А ты на смех мяне падымаеш, кажаш: не, не патрэбныя. Хто ж з нас ілжэ?

Абадранец паглядзеў у сярдзітыя вочы бацькі, і позірк яго пахмурнеў.

— У лістку ўсё правільна, — сказаў ён. — Людзі патрэбныя.

— Якога ж ты чорта бударажыш нас сваім смехам?

— Бо вы не ведаеце, якія ім людзі патрэбныя.

— Куды ты хіліш?

Сабраўшыся з духам, абадранец сказаў:

— Слухай, колькі ім там чалавек трэба?

— Восемсот напісана, а гэта ж толькі ў адным маленькім месцы.

— Аранжавы такі лісток?

— Аранжавы.

— Там і прозвішча стаіць… такі і такі агент па найме?

Бацька палез у кішэню і выцягнуў з яе складзены папалам лісток.

— Правільна. Адкуль ты ведаеш?

— Паслухай, — сказаў абадранец, — усё гэта лухта. Яму трэба восемсот рабочых. Ён бярэ і друкуе пяць тысяч лісткоў, і яны трапляюць на вочы, можа, дваццаці тысячам чалавек. Тысячы дзве-тры з іх зрываюцца з месца — тыя, у каго розум памутнеў ад гора.

— Дык гэта ж нейкая бязглуздзіца! — усклікнуў бацька.

— А ты спярша стрэнься з чалавекам, які выпускае такія лісткі. З ім самім альбо з тым, хто на яго працуе. Пажыві ў лагеры ля прыдарожнай канавы разам з паўсотняй такіх самых сем'яў, як твая. Чалавек гэты зазірне ў тваю палатку, гляне, ці засталося ў цябе што ў рот пакласці, і, калі ўбачыць, што пуста, запытае: «Хочаш работу атрымаць?» Ты ўзрадуешся: «Вядома, хачу, містэр. Вялікі вам дзякуй за такую прапанову». А ён скажа: «Я вазьму цябе». Ты запытаеш: «Калі выходзіць?» Ён табе ўсё расталкуе — і куды прыходзіць, і а якой гадзіне — і далей пойдзе. Яму, можа, усяго дзве сотні рабочых патрэбныя, а ён пагаворыць з пяццю сотнямі, а тыя яшчэ і іншым раскажуць, і, калі ты прыйдзеш, куды табе сказана, там іх ужо тысяча. Тады чалавек гэты абвесціць: «Я плачу дваццаць цэнтаў у гадзіну». Каля паловы з тых, што прыйшлі, назад пойдзе, але чалавек пяцьсот застанецца — яны так згаладаліся, што гатовыя і за сухі праснак працаваць. У агента гэтага кантракт на збор персікаў альбо на збор бавоўны. Цяпер дайшло? Чым больш набяжыць народу і чым людзі галаднейшыя, тым менш ён плаціць будзе. А калі яму трапляюцца шматсямейныя, з дзецьмі малымі… дык… Ах, чорт! Я ж казаў, што не буду расстройваць цябе.

Людзі пазіралі на чалавека ў лахманах халоднымі вачамі, ацэньваючы кожнае яго слова. Ён сумеўся.

— Сказаў, што не буду расстройваць, але ж вось не стрымаўся. Ты ўсё роўна паедзеш. Назад не павернеш.

На ганку запанавала цішыня. А ліхтар шыпеў, і вакол яго вяночкам кружыліся начныя матылі. Чалавек у лахманах усхвалявана загаварыў:

— Я параю табе, што рабіць; калі такі вось агент пачне на працу зазываць. Слухай! Ты спытайся ў яго, колькі ён плаціць будзе. Скажы яму, няхай на паперцы табе напіша. Папрасі, няхай напіша. Я ўсім вам кажу: вас абдураць, калі вы гэтага не зробіце.

Гаспадар, седзячы на крэсле, падаўся наперад, каб лепш разгледзець гэтага абадранага, бруднага чалавека. Ён пачухаў зарослыя сівымі валасамі грудзі і халодным тонам запытаўся:

— А ты часам не з бунтаўшчыкоў гэтых? Не з рабочых-падбухторшчыкаў?

Чалавек у лахманах выгукнуў:

— Не, бог сведка!

— Іх шмат развялося цяпер, — сказаў гаспадар. — Швэндаюцца тут, людзей баламуцяць. Народ з толку збіваюць. У злосць уводзяць. Іх шмат бадзяецца тут. Але хутка мы прыбяром іх да рук, усіх баламутаў гэтых. Прагонім з краіны. Хочаш працаваць — цудоўна. Не хочаш — чорт з табой. Падбухторваць мы не дазволім.

Чалавек у лахманах выпрастаўся.

— Я хацеў перасцерагчы вас, людзі, — сказаў ён. — Цэлы год прайшоў, пакуль я разабраўся ва ўсім гэтым. Спачатку двух дзяцей пахаваў і жонку, і толькі тады зразумеў. Але вам не ўтлумачыш, я ведаю. Мне таксама не ўтлумачылі ў свой час. Хіба ж раскажаш пра тое, як малыя ляжаць у палатцы з успушанымі жыватамі, а самі — скура ды косці, дрыжаць і скавычуць, як шчанюкі, а я бегаю, работы шукаю… не за плату, не за грошы! — выкрыкнуў ён. — Госпадзі, хоць за кубак мукі і лыжку здору! А потым прыходзіць следчы. Смерць дзяцей настала ад сардэчнай недастатковасці, кажа. Так і запісаў. Іх калаціла, а жываты надзьмутыя, як пузыры парасячыя.

Навокал яго ўсе маўчалі, трохі раскрыўшы раты. Амаль стаіўшы дыханне, пазіралі на чалавека ў лахманах.

Ён абвёў позіркам кола твараў, павярнуўся і шпарка пайшоў прэч, у цемру. Яна праглынула яго, але доўга яшчэ чулася шарканне крокаў, шоргат ног па дарозе. Па шашы прамчалася легкавая машына, і фары яе на міг вырвалі з цемры постаць чалавека: ён ішоў, валакучы ногі, нізка апусціўшы галаву, засунуўшы рукі ў кішэні чорнага пінжака.

Людзі каля ганка неспакойна заварушыліся. Нехта прамовіў:

— Ну што ж, час ужо позні. Трэба спаць класціся.

Гаспадар сказаў:

— Лайдак нейкі. Цяпер па дарогах шмат такіх бадзяецца. — І змоўк. Адкінуўся разам з крэслам да сцяны, пачухаў шыю пад падбародкам.

Том сказаў:

— Зайду на хвілінку да маці, а тады крыху далей ад'едзем.

Джоўды пайшлі ад ганка. Бацька сказаў:

— А што, калі ён праўду казаў?

Яму адказаў прапаведнік:

— Вядома, праўду. Сваю праўду. Ён нічога не выдумляў.

— А мы як? — запытаўся Том. — Для нас гэта таксама праўда?

— Не ведаю, — сказаў Кейсі.

— Не ведаю, — сказаў бацька.

Яны падышлі да палаткі — перакінутага цераз вяроўку брызенту. Усярэдзіне было цёмна і ціха. Калі яны падышлі блізка, нешта шэрае заварушылася на зямлі каля ўвахода і паднялося на ўзровень чалавечага росту. Гэта маці выйшла ім насустрач.

— Усе спяць, — сказала яна. — І бабка нарэшце задрамала. — Тут яна ўбачыла Тома і занепакоена запыталася: — Як ты тут апынуўся? Усё абышлося шчасліва?

— Наладзілі, — адказаў Том. — Можам ехаць далей разам з вамі.

— Дзякуй богу, — сказала маці. — Мне ўжо тут не сядзіцца. Хутчэй бы туды, дзе зеляніна вакол, прыволле. Хутчэй бы даехаць.

Бацька адкашляўся.

— А тут адзін расказваў…

Том таргануў яго за локаць.

— Ага, цікава было паслухаць, — сказаў ён. — Народу туды, кажа, едзе процьма.

Маці прыглядалася да іх у змроку. Пад брызентавым навесам кашлянула і засапла ў сне Руці.

— Я іх памыла. За ўсю дарогу першы раз вады на купанне хапіла. І вам яшчэ засталося, можаце памыцца. У дарозе хутка пэцкаешся.

— Усе на месцы? — запытаўся бацька.

— Усе, акрамя Коні з Разашарнай. Захацелі спаць на паветры. Сказалі, горача пад брызентам.

Бацька прабурчаў:

— Гэтая Разашарна дужа капрызная стала і пераборлівая.

— Першае дзіця, — сказала маці. — Яны абое проста трасуцца над ім. Ты сам такі быў.

— Ну, мы паехалі, — сказаў Том. — Збочым з дарогі дзе-небудзь непадалёк. Можа, мы вас прамаргаем, дык вы паглядайце. З правага боку будзем.

— А Эл застаецца?

— Ага. Замест яго дзядзька Джон паедзе з намі. Добрай ночы, ма.

Яны прайшлі праз сонны лагер. Каля адной палаткі няроўным агнём гарэла маленькае вогнішча, ля кацялка, у якім варылася ранняе снеданне, сядзела жанчына. У нос ударыла смачным пахам фасолі.

— Вось каб з'есці талерачку, — далікатна прамовіў Том, праходзячы міма.

Жанчына ўсміхнулася:

— Яшчэ не згатавалася, а то пачаставала б. Прыходзьце рана-раненька.

— Дзякуй, мэм, — адказаў Том.

Ён, Кейсі і дзядзька Джон прайшлі паўз ганак. Гаспадар усё яшчэ сядзеў на сваім крэсле, ліхтар шыпеў і час ад часу ярка ўспыхваў. Гаспадар павярнуўся да іх тварам.

— Бензін канчаецца, — зазначыў Том.

— Ага, час ужо закрываць.

— Манеткі па шашы, здаецца, ужо не коцяцца, — сказаў Том.

Ножкі крэсла грукнулі аб насціл ганка.

— Ты кінь задзірацца. Я цябе запомніў. Ты таксама з бунтаўшчыкоў.

— Трапіў у самую кропку. Я — бальшавік.

— Дужа многа вас развялося апошнім часам.

Том засмяяўся і, выйшаўшы разам з Кейсі і дзядзькам Джонам за вароты, палез у «додж». Сядаючы, ён прыхапіў камяк зямлі і кінуў яго ў святло. Яны пачулі, як стукнула па сцяне, убачылі, што гаспадар ускочыў з крэсла і пачаў узірацца ў цемру. Том уключыў запальванне і выехаў на шашу. Ён уважліва прыслухоўваўся да работы матора — ці не стукае. Шаша бегла перад ім, ледзь бачная ў слабым святле фар.

Загрузка...