Раздзел шосты

З вяршыні ўзгорка прапаведнік Кейсі і Том Джоўд пазіралі ўніз, на сядзібу Джоўдаў. Маленькі нефарбаваны дамок з праламаным вуглом ляжаў на баку, ссунуты з падмурка, і сляпымі пярэднімі вокнамі глядзеў у неба значна вышэй рысы далягляду. Агароджы як не было, і бавоўна расла на самым двары, шчыльна падступала да паваленага дома, акружала свіран. Прыбіральня таксама валялася на баку сярод кустоў бавоўны. Двор, колісь утаптаны босымі нагамі дзяцей, конскімі капытамі і шырокімі коламі фургона, быў цяпер узараным, уробленым полем, што зарасло цёмна-зялёным запыленым бавоўнікам. Том Джоўд доўга глядзеў на касмыкаватую вярбу каля рассохлага вадапойнага карыта для коней, на бетонную аснову, на якой раней стаяла помпа вадакачкі.

— О, Езус! — нарэшце вымавіў ён. — Чорт ведае што тут было! Нідзе ні жывой душы.

Ён паспешліва спусціўся па схіле, следам за ім — Кейсі. Зазірнуў у свіран — пуста, на падлозе рассыпана сечка. Глянуў у кут на стойла мула; калі зазірнуў туды, нешта зашаргацела па падлозе — гэта мышыны вывадак шмыгнуў, хаваючыся ад яго, пад салому. Джоўд спыніўся каля ўвахода ў паветку для гаспадарчых прылад — нічога, акрамя зламанага лемяша, клубка зблытанага вязальнага дроту ў кутку, жалезнага кола ад сенавалакушы, згрызенага мышамі хамута для мула, пляскатай бляшанкі з-пад машыннага масла, пакрытай засохлай сумессю масла і гразі, і падранага камбінезона на цвіку.

— Нічога не засталося, — сказаў Джоўд. — А ў нас было добрае гаспадарчае начынне. Не засталося нічога.

Кейсі сказаў:

— Калі б я быў яшчэ прапаведнікам, я вось бы як разважыў: гэта рука божая вас пакарала. А цяпер проста не ведаю, што і казаць. Даўно я тут не быў. І нічога такога не чуў.

Яны пайшлі да бетоннага века калодзежа — проста праз бавоўнік, на якім завязаліся ўжо каробачкі, усё дварышча было ўзарана і засеяна ім.

— Мы тут ніколі нічога не садзілі і не сеялі, — сказаў Джоўд. — Двор быў як двор. А цяпер тут з канём і не павернешся, адразу ўсё патопча.

Яны спыніліся каля сухога вадапойнага карыта; травы, што звычайна расце ў такіх месцах, ужо не было, і тоўстая старая калода рассохлася і патрэскалася. На веку калодзежа тырчалі балты, да якіх раней мацавалася помпа, разьба заржавела, гаек не было. Джоўд зазірнуў у калодзеж, плюнуў і прыслухаўся.

— Добры быў калодзеж, — прамовіў ён. — А цяпер без вады. — Яму, відаць, не хацелася падыходзіць да дома. Стоячы ля калодзежа, ён кідаў у яго камяк зямлі за камяком. — Можа, усе памерлі? Дык я пачуў бы пра гэта. Хто-небудзь сказаў бы мне.

— А можа, яны пакінулі ў доме пісьмо ці што-небудзь такое. Ці маглі яны дазнацца, што цябе выпускаюць?

— Не ведаю, — адказаў Джоўд. — Малаверагодна. Мне самому толькі тыдзень назад сказалі.

— Давай глянем у дом. Вунь як ён скасабочыўся. Здорава яго дзеўбанулі!

Яны паволі пайшлі да пахіленага дамка. Два слупы, што падпіралі стрэшку над ганкам, былі вывернуты, і стрэшка ўткнулася адным краем у зямлю. Вугал дома быў праламаны, праз расшчэпленыя дошкі віднеўся кутні пакой. Уваходныя дзверы адвіслі ўсярэдзіну, а нізкая моцная загарадка перад імі адкінулася на скураных завесах у другі бок.

Джоўд ступіў на ніжнюю прыступку ганка — тоўсты брус дванаццаць на дванаццаць цаляў.

— Ганак на месцы, — сказаў Джоўд. — Але ў доме нікога… ці, можа, маці памерла. — Ён паказаў на загарадку. — Калі б маці была недзе тут, загарадка была б на засаўцы, — позірк яго пацяплеў. — Усё з таго дня, як у Джэйкабсаў свіння з'ела дзіцянё. Мілі Джэйкабс пайшла па нешта ў свіран. Вяртаецца, а свіння дзіця ўжо даядае. Мілі была цяжарная і так зайшлася ад крыку і енку, што з розуму кранулася. Так і засталася ненармальная. А маці нашай гэта паслужыла перасцярогай. Ніколі загарадку зачыніць не забывалася. Значыць, так… з'ехалі або памерлі. — Ён падняўся на развернуты ганак і глянуў у кухню. Шыбы ўсе паразбіваныя, на падлозе каменне, масніцы і сцены перакошаныя, на ўсім тонкі пласт пылу. Джоўд паказаў рукой на асколкі шкла і каменне. — Дзеці, — сказаў ён. — Яны дваццаць міль прабягуць, абы акно дзе выбіць. Я сам такі быў. Яны нюхам чуюць, дзе пустуе дом. Ледзь толькі хто выедзе, яны — раз! — і там. — На кухні было пуста — ні стала, ні табурэткі, ад пліты толькі след, праз круглую адтуліну коміна свіціцца неба. На палічцы над зліўной ракавінай — штопар і відэлец без тронкаў. Асцярожна ступаючы, Джоўд прабраўся ў пакой, і пад ім застагналі дошкі. Каля самай сцяны на падлозе валяўся стары нумар штотыднёвіка «Леджэр» з пажаўцелымі, загнутымі ў ражках старонкамі. Джоўд зазірнуў у спальню — ні ложка, ні крэслаў. На сцяне каляровая ілюстрацыя — дзяўчына-індыянка, подпіс: «Чырвонае Крыло». Каля сцяны жалезная перакладзіна ад ложка, у куце — высокі жаночы чаравік на гузіках з задраным угору наском і дзіркай у пад'ёме. Джоўд падняў яго, з усіх бакоў агледзеў.

— Яго я памятаю, — сказаў ён. — Ён мамін. Зусім разваліўся. Яна яго шмат гадоў насіла. Яе любімыя чаравікі. Цяпер ясна — яны паехалі… і ўсё з сабой пазабіралі.

Сонца апусцілася нізка, і цяпер яго промні пранікалі ў пакой праз верх нахіленых вокнаў і паблісквалі на вострых тарцах пабітых шыб. Нарэшце Джоўд павярнуўся і выйшаў. Спусціўся з ганка, сеў на яго, паставіўшы ногі на шырокую ніжнюю прыступку. Па палях разлівалася вячэрняе святло, ад кустоў бавоўны падалі на зямлю доўгія цені, палыселая вярба таксама адкідала выцягнуты цень.

Кейсі прысеў каля Джоўда.

— Няўжо яны зусім нічога табе не пісалі? — запытаўся ён.

— Не. Я ж казаў табе. Яны не з тых, што пішуць пісьмы. Бацька мог бы, але не хацеў. Ён не аматар пісаць. Ад адной толькі думкі пра гэта яго ў дрыжыкі кідала. Бланк якога-небудзь заказу ён запоўніць табе не горш, чым хто іншы, а каб ліст напісаць — нізашто.

Яны сядзелі побач, пазіраючы ўдалячынь. Джоўд паклаў свой згорнуты пінжак каля сябе. Рукі яго машынальна скруцілі цыгарку, разгладзілі яе і запалілі; ён глыбока зацягнуўся і пусціў дым праз нос.

— Нешта тут нядобрае, — сказаў ён. — А што такое, даўмецца не магу. Розная дрэнь у галаву лезе. Дом павалены, нікога няма…

Кейсі сказаў:

— Вунь там канава была, у якой я вас хрысціў. Ты хлопчык някепскі быў, толькі дужа натурысты. Учапіўся дзяўчынцы той у коскі, як бульдог. Я вас — хрысціць у імя духа святога, а ты яе не адпускаеш. Стары Том кажа: «Ты яго з галавой». Я і піхнуў цябе пад ваду, і ты, толькі калі ўжо бурбалкі пачаў пускаць, пальцы расчапіў. Нядрэнны ты быў, толькі вельмі ўпарты. З такіх вось малых часцяком адчайныя мужчыны вырастаюць.

Худая кошка, крадучыся, выйшла са свірна, прабралася праз кусты бавоўніку і падышла да ганка, бясшумна скокнула на яго і, нізка прынікшы да насцілу, падпаўзла да людзей. Спынілася між імі крыху ззаду і распластала на дошках хвост, паторгваючы кончыкам. Яна сядзела, пазіраючы ўдалячынь, — туды ж, куды глядзелі людзі. Джоўд азірнуўся.

— А божухна! — усклікнуў ён. — Глянь, хто тут! Выходзіць, усё ж такі нехта застаўся. — Джоўд працягнуў руку да кошкі, але тая адскочыла, села крыху далей, падняла лапку і пачала лізаць падушачкі. Джоўд здзіўлена пазіраў на яе. — Цяпер я ведаю, што тут было, — раптам сказаў ён. — Кошка падказала мне, якая ў нас тут бяда ўчынілася.

— Калі б толькі тут… — прамовіў Кейсі.

— Ага. Не толькі ў нас, на нашай ферме. Чаму кошка не пайшла да суседзяў — да Рэнсаў? І чаму ніхто не садраў абшыўкі з дома? Ён ужо тры ці чатыры месяцы пустуе, а ніхто ні дошчачкі не ўзяў. Свіран з добрых тоўстых дошак, на доме не горшыя, аконныя рамы на месцы — ніхто не паквапіўся. Так не бывае. Гэта мне і было дзіўна, і я ўсё галаву ламаў — што такое здарылася?

— І да чаго дадумаўся? — Кейсі нахіліўся, зняў з ног туфлі, паставіў босыя ступні на прыступку і паварушыў доўгімі пальцамі.

— Толкам ні да чога. Думаю, і суседзяў нікога не засталося. Ці ж уцалела б уся гэтая габлёўка, калі б хто з іх астаўся? Дзе там! Неяк раз на Каляды паехаў Альберт Рэнс у горад Аклахому — з усім кодлам: з жонкай, дзецьмі, з сабакамі і ўсякай там усячынай. У госці да стрыечнага брата выбраўся. А суседзі падумалі, што Альберт зусім з'ехаў, нікому ні слова не сказаўшы, — можа, ад крэдытораў ратаваўся ці ад якой помслівай жанчыны ўцёк. Праз тыдзень вяртаецца, а ў хаце пусценька — ні пліты, ні ложкаў, вокны без рам, у сцяне з паўднёвага боку прарэха ў восем футаў — пакой проста з двара ўвесь перад вачамі. Пад'язджае Альберт да дома, а М'юлі Грэйуз дзверы і калодзежную помпу вывозіць. Потым Альберт тыдні два хадзіў па суседзях — дабро сваё збіраў.

Кейсі з асалодай пачухаў голыя пальцы ног.

— А ніхто не заўпарціўся? Так усё і аддалі?

— Аддалі, а што? Яны ж не кралі. Думалі, што ён зусім паехаў, ну і ўзялі хто што. Ён назад усё ў іх забраў, акрамя падушкі ад канапы з вышытым індзейцам. Альберт усё казаў, што дзед наш яе ўзяў. Маўляў, у жылах у яго індзейская кроў, вось і пацягнула яго на падушку тую. Што ж, дзед наш і праўда ўзяў яе, толькі напляваць яму было, што там індзеец. Проста старому яна дужа спадабалася. Паўсюль цягаў яе з сабой — дзе сядзе, там пад сябе і падсоўвае. Так і не аддаў Альберту. Кажа: «Калі яму без падушкі гэтай жыццё не міла, няхай прыходзіць. Толькі каб са стрэльбай, а не, дык я мазгаўню яму знясу, калі сунецца да мяне па сваю падушку». Пад канец Альберт здаўся і падарыў дзеду падушку. А неяк раз дзеду яшчэ ўбілася ў галаву. Пачаў курынае пер'е збіраць. Надумаў пярыну сабе на ложак зрабіць. Ды толькі ў яго з гэтага нічога не выйшла. Якраз завёўся ў нас пад домам скунс — бацька ашалеў ад злосці. Гакнуў яго брусом два на чатыры, каб не смярдзеў, а маці ўсё пер'е дзедава спаліла, каб дух паганы адбіць, а то проста хоць з дому ўцякай. — Джоўд засмяяўся. — Дзед у нас крутога нораву. Сядзіць, бывала, на падушцы і кажа: «Няхай Альберт толькі заявіцца. Я, кажа, блазнюка гэтага навыварат выверну, як споднікі».

Кошка зноў падкралася да людзей і села між імі, выцягнуўшы на дошках ганка хвост і паторгваючы вусамі. Сонца зусім нізка апусцілася да гарызонту, пыльнае паветра здавалася залаціста-чырвоным. Кошка асцярожна выцягнула лапку і кранула Джоўдаў пінжак. Джоўд азірнуўся.

— Чорт! Зусім забыўся пра чарапаху. Навошта яна мне цяпер?

Ён раскруціў чарапаху і засунуў яе пад дом. Але яна адразу вылезла адтуль і папаўзла, як і раней, на паўднёвы захад. Кошка скокнула і ўдарыла чарапаху лапай па выцягнутай галаве, драпанула кіпцюрамі па нагах. Старая насмешлівая лускаватая галава схавалася, тоўсты хвост шуснуў убок пад панцыр, і, калі кошка, знудзіўшыся ад чакання, адышла ад яе, чарапаха зноў пакіравала на паўднёвы захад.

Том Джоўд і прапаведнік Кейсі глядзелі, як чарапаха ідзе, — няспешна перабірае нагамі і штурхае свой цяжкі выпуклы панцыр дакладна ў адным кірунку. Кошка нейкі час кралася за ёю, потым тугім лукам выгнула спіну, пазяхнула і, тоячыся, вярнулася да людзей, што сядзелі на ганку.

— І куды яе панесла? — запытаўся Джоўд. — Колькі я ўжо гэтых чарапах пабачыў на сваім вяку! Заўсёды некуды паўзуць. Заўсёды ім кудысьці трэба.

Шэрая кошка зноў села між імі, крыху ззаду. Павекі яе раз-пораз зліпаліся. Шкурка на спіне торгнулася да шыі ад блышынага ўкусу і паволі адышла назад. Кошка падняла лапку, абнюхала яе, выпусціла кіпцюры, схавала іх і лізнула падушачкі бледна-ружовым языком. Чырвонае сонца кранулася гарызонту і распаўзлося, як медуза, небасхіл над ім пасвятлеў і нібы ажыў. Джоўд разгарнуў пінжак і ўзяў свае новыя жоўтыя чаравікі. Перш чым надзець іх на ногі, ён змахнуў далонню пыл з голых ступняў.

Раптам прапаведнік, які ўглядаўся праз палі ўдалячынь, сказаў:

— Сюды нехта ідзе. Глядзі! Вунь, проста праз бавоўнік.

Джоўд павярнуў галаву ў той бок, куды паказваў пальцам Кейсі.

— Ага, праўда нехта ідзе, — сказаў ён. — Такі пыл падняў, што і не разгледзіш. Каго гэта чорт нясе? — Яны сачылі за постаццю, што набліжалася да іх у вячэрнім святле, і пыл, які ўзнімаўся з-пад яе ног, заходняе сонца афарбавала ў чырвань. — Мужчына, — сказаў Джоўд. Чалавек падыходзіў усё бліжэй, і, калі ён параўняўся са свірнам, Джоўд сказаў: — Гэ, я яго ведаю. І ты яго ведаеш — гэта М'юлі Грэйуз. — І гукнуў: — Гэй, М'юлі! Здарова!

Чалавек раптам спыніўся — спалохаўся вокліку, а потым пайшоў шпарчэй. Ён быў худы, нізкаваты ростам. Рухі яго былі рэзкія і хуткія. У руцэ ён трымаў джутавы мех. Сінія джынсы на каленях і ззаду злінялі, стары чорны пінжак ад былога гарнітура быў увесь у плямах, рукавы на плячах выдраліся з проймаў, на локцях працерліся да дзірак. Чорны капялюш быў такі ж брудны, як і пінжак, і стужка трымалася толькі адным канцом — другі матляўся пры кожным кроку. Твар у М'юлі быў гладкі, без маршчын, але насуплены, як у капрызнага дзіцяці, губы сцяліся ў вузкую шчылінку, у маленькіх вочках ці то гнеў, ці то горыч.

— Ты памятаеш М'юлі? — запытаўся Джоўд у прапаведніка.

— Вы хто такія? — крыкнуў ім на хаду М'юлі Грэйуз. Джоўд не адказаў. М'юлі падышоў бліжэй, яшчэ бліжэй і нарэшце разгледзеў твар тых, хто сядзеў на ганку. — Тфу ты, чорт! — выгукнуў ён. — Гэта ж Томі Джоўд! Калі цябе выпусцілі, Томі?

— Два дні назад, — адказаў Джоўд. — Дабіраўся дамоў на спадарожных машынах. І глянь, што я ўбачыў. Дзе ўсе мае, М'юлі? Чаму дом развернуты, а двор бавоўнай засеяны?

— Дзякуй богу, што я міма ішоў, — сказаў М'юлі. — Стары Том вельмі непакоіўся за цябе. Калі твае сабраліся выязджаць, я тут у вас на кухні сядзеў. Сказаў Тому, што адсюль нікуды не пайду, так і сказаў, далібог, праўда, а Том мне кажа: «Баюся я дужа за Томі. Раптам ён вернецца, а нас нікога няма. Што ён падумае?» Я кажу: «Можа б, ты яму пісьмо напісаў?» А Том мне: «Можа, і напішу. Падумаю. А калі не, дык ты ўжо на ўсялякі выпадак паглядай, калі застанешся: Томі, можа, вернецца». «Я застануся тут, кажу, аж пакуль усе чэрці ў пекле не перамерзнуць. Яшчэ не нарадзіўся той чалавек, які згоніць М'юлі Грэйуза з гэтай зямлі». І так і не сагналі пакуль што.

Джоўд нецярпліва перабіў яго:

— Дзе ж мае ўсе? Як ты тут ваяваў, потым раскажаш. Куды мае падзеліся?

— Калі банк пачаў усё заворваць трактарамі, яны таксама вырашылі не здавацца. Дзед твой выйшаў са стрэльбай, пачаў страляць і пацэліў у фару, а трактар усё роўна ідзе. Хлопца, што сядзеў за штурвалам, стары забіваць і не думаў, а гэта быў Уілі Філі, і Ўілі ведаў, што баяцца яму няма чаго — папёр проста на дом і як дзеўбане яго, як трасяне, ну як сабака пацука. Тут старога Тома ўсяго і перакруціла. Нешта з ім сталася. З таго часу сам не свой зрабіўся.

— Дзе ж яны цяпер?

— Дык я ж расказваю. Тры разы ганялі фургон дзядзькі твайго Джона. Пліту вывезлі, помпу і ўсе ложкі. Ты толькі паглядзеў бы, як ложкі везлі, — разам з малымі, бабка з дзедам прымасціліся ў галавах, а брат твой Ной сядзіць сабе, пакурвае цыгарэтку і сплёўвае цераз борт, быццам гэта яго не тычыцца. — Джоўд адкрыў рот, каб нешта сказаць, але М'юлі апярэдзіў яго: — Яны ўсе ў дзядзькі Джона.

— А-а!.. у Джона! А што яны там робяць? Пачакай жа хвілінку, М'юлі, не лапачы, спачатку адкажы мне, а потым гавары сабе што хочаш. Што ж яны там робяць?

— Бавоўну акучваюць — усе, нават малыя і дзед твой. Грошы збіраюць, машыну хочуць купіць і на Захад ехаць — там лягчэй жывецца. Тут зусім кепска. За акучванне пяцьдзесят цэнтаў з акра, ды яшчэ і такую работу трэба вымольваць.

— Яны яшчэ не паехалі?

— Не, — адказаў М'юлі. — Думаю, не. Апошні раз чуў пра іх дні чатыры назад: Ноя сустрэў — ён паляваў на трусоў, сказаў, што яны збіраюцца ехаць тыдні праз два. Джона таксама папярэдзілі, каб выязджаў. Ты да Джона ідзі — усяго восем міль. Усе яны там — набіліся ў хату, як на зіму суслікі ў нару.

— Ну добра, — сказаў Джоўд. — Цяпер садзіся на свайго канька і давай. Ты ні кропелькі не перамяніўся, М'юлі. Пачнеш расказваць пра адно, а цябе цягне на другое — тыцкаешся то туды, то сюды.

М'юлі агрызнуўся:

— І ты ж не перамяніўся. Малым як быў развязны нахаба, такі і застаўся. Ці не вучыць мяне, як жыць, сабраўся?

— Не, ані. Калі табе закарціць усунуцца галавой у кучу бітага шкла, ніхто ўжо цябе не адгаворыць — усё роўна палезеш. А прапаведніка нашага ты пазнаеш, М'юлі? Гэта ж яго прападобнасць Кейсі.

— А як жа, вядома, пазнаю. Я на яго адразу проста не паглядзеў. Добра яго памятаю.

Кейсі падняўся з ганка, і яны паціснулі адзін аднаму рукі.

— Рады бачыць цябе, — сказаў М'юлі. — Чорт ведае колькі часу ты ў нашых краях не паказваўся.

— Я пайшоў адсюль, каб разабрацца ў некаторых сумненнях, — адказаў Кейсі. — А што тут такое нарабілася? Чаму людзей з зямлі зганяюць?

У М'юлі так моцна сцяліся губы, што верхняя, як дзюбка папугая, навісла над ніжняй. Бровы насупіліся.

— Мярзотнікі! Сукіны дзеці! — сказаў ён. — Будзьце пэўныя, я з месца не скрануся. Ад мяне яны так проста не збавяцца. Як прагоняць, я зноў вярнуся, а калі яны думаюць уціхамірыць мяне, загнаўшы на той свет, дык добра, я прыхаплю з сабой дваіх-траіх гэтай сволачы за кампанію. — Ён паляпаў рукой па выпнутай кішэні пінжака. — Нікуды адсюль я не пайду. Бацька мой прыйшоў сюды пяцьдзесят гадоў таму назад. І я адсюль нікуды не пайду.

Джоўд запытаўся:

— А навошта спатрэбілася ім зганяць людзей з зямлі?

— О, яны тут шмат чаго нагаварылі! Ты ж памятаеш, як было апошнія гады. Пыл узнімаўся такі, што ўсё скрозь засыпаў і паганіў, і ўраджаю не хапала нават на тое, каб заткнуць зад аслу. Усе ў даўгі залезлі да бакалейшчыка. А ты ведаеш, што гэта такое. Тады тыя, каму належыць зямля, пачалі гаварыць: «Арандатары нам больш не па кішэні. Тая доля, якая ідзе ім, — гэта той мінімальны прыбытак, які мы не можам дазволіць сабе страціць». І яшчэ: «Калі мы збяром усю нашу зямлю ў адно, дык і тады яна ледзь-ледзь акупіцца». І трактарамі ўсіх здольнікаў з фермаў сагналі, усіх, акрамя мяне, і, далібог, праўда, я адсюль не пайду. Ты мяне ведаеш, Томі. Колькі жывеш, мяне ведаеш.

— Чыстая праўда, — сказаў Джоўд, — колькі жыву.

— Дык вось, разумееш, я не дурань. Канешне, зямля тут не вельмі добрая. І ніколі добрай не была, на ёй толькі скаціну пасвіць. Цаліну тут дарма разворвалі. А пад бавоўнай яна амаль зусім як мёртвая стала. Калі б мяне ніхто адсюль не гнаў, я, можа, даўно ўжо з'ехаў бы ў Каліфорнію — вінаград там еў бы і апельсінчыкамі, як захочацца, ласаваўся. Але калі сукіны гэтыя сыны загадваюць мне выбірацца… дык Хрыстом-богам клянуся, не падпарадкуюся я такому загаду!

— Правільна, — сказаў Джоўд. — Проста розуму не дабяру, чаму гэта бацька так лёгка скарыўся. І дзіўна, што дзед нікога не падстрэліў. Ён нікому не дазваляў над сабой верхаводзіць. І маці не цярпела ніякіх указчыкаў. Я раз бачыў, як яна вандроўнага гандляра рондалямі жывой курыцай біла за тое, што ён ёй слова насуперак сказаў. У адной руцэ курыца, у другой сякера — збіралася галаву ёй адсекчы. Пайшла на чалавека з сякерай, але забылася, што ў якой руцэ, і давай яго курыцай лупіць. Курыца гэтая нам так у талерку і не трапіла. Нічога ад яе не засталося — адны ногі ў руцэ. Дзед ледзьве са смеху не лопнуў. Дык чаму ж гэта мае так адразу з месца зняліся?

— Ды вось прыехаў да нас сюды адзін малойчык і пачаў угаворваць і мазгі нам круціць. «Вам, кажа, трэба ехаць адсюль. Толькі я тут не вінаваты». — «Дык хто ж, пытаюся, вінаваты? Скажыце хто, і я ведаю, што з ім зраблю». — «Гэта ўсё Зямельна-жывёлагадоўчая кампанія Шоўні. А я ўсяго толькі загад выконваю». — «А хто ён такі, гэты Шоўні?» — «Чалавека такога няма. Гэта кампанія». Проста да шаленства давёў. Выходзіць, і скардзіцца няма на каго. Шмат хто страціў надзею знайсці каго-небудзь, на кім можна было б гнеў свой спагнаць, а я стаю на сваім. У мяне ўся кроў кіпіць. Я нікуды адсюль не пайду.

Вялізная чырвоная кропля сонца памарудзіла над гарызонтам, потым упала ўніз і знікла, неба над тым месцам заззяла, і рванае воблачка акрываўленай анучкай павісла на небакраі. Усходнюю частку неба зацягнула празрыстай імглой, і на зямлю з усходу папоўз змрок. Скрозь сутонне трымцела, пабліскваючы, першая вячэрняя зорка. Шэрая кошка пракралася да свірна і ценем шмыгнула ў адчыненыя дзверы.

Джоўд сказаў:

— Ну, восем міль да дзядзькі Джона мы сёння ўжо не асілім. Капыты мае агнём гараць. Можа, пойдзем да цябе, М'юлі? Гэта ж усяго каля мілі.

— Ніякага толку. — Выгляд у Грэйуза зрабіўся збянтэжаны. — Мае ўсе ў Каліфорнію паехалі — і жонка, і дзеці, і швагер. Не было чаго есці. Яны не так азлобіліся, як я, сабраліся і паехалі. Нідзе тут няма ніякай ежы.

Прапаведнік нервова заёрзаў на месцы.

— Табе таксама трэба было ехаць, М'юлі, — сказаў ён. — Сям'ю нельга разбіваць.

— Не мог я. Ну вось быццам нешта ўчапілася ў мяне і не пускае.

— Божа, як я прагаладаўся, — сказаў Джоўд. — Цэлыя чатыры гады еў па гадзінах — хвіліна ў хвіліну. А цяпер кішкі марш іграюць. Ты што будзеш есці, М'юлі? Як ты цяпер кормішся?

М'юлі сарамліва адказаў:

— Спачатку еў жаб, вавёрак, зрэдку сабачак лугавых. А што было рабіць? Але цяпер я стаўлю драцяныя сілкі на праторынах у сухім хмызе каля ручая. Зайцы трапляюць, а то і цяцерка пападзецца. Здараецца — скунсы, яноты. — Ён нахіліўся, падняў свой мяшок і вываліў з яго ўсё на ганак. Два трусы і заяц глуха шмякнуліся на дошкі мяккімі пушыстымі камячкамі.

— Божа мілы! — усклікнуў Джоўд. — Я ўжо больш за чатыры гады ў рот не браў свежай дзічыны.

Кейсі падняў аднаго труса і спытаўся, трымаючы яго ў руцэ:

— Падзелішся з намі, М'юлі Грэйуз?

М'юлі неяк няёмка пакруціўся.

— Выбіраць не даводзіцца, — сказаў ён і змоўк, збянтэжаны недалікатнасцю сваіх слоў. — Не тое хацеў я сказаць. Не тое. Я меў на ўвазе… — ён запнуўся, — я вось што меў на ўвазе: калі ў аднаго чалавека ёсць харч, а другі стаіць побач галодны… дык тут выбіраць не даводзіцца. Ну дапусцім, я забяру сваіх трусоў, адыду ўбачок і сам іх праглыну, адзін… Разумееш?

— Разумею, — адказаў Кейсі. — Яшчэ як разумею. Бачыш, Том, М'юлі да нечага дадумаўся. За нешта такое ўхапіўся, толькі яно задужа цяжкое яго разуменню, і майму таксама.

Том радасна пацёр рукі:

— У каго ножык ёсць? Зараз мы возьмемся за гэтых небарак грызуноў. Ужо ж мы іх разбяром!

М'юлі ўсунуў руку ў кішэню штаноў і выняў вялікі складаны нож з рагавымі тронкамі. Том Джоўд узяў яго, адсланіў адно лязо і панюхаў. Потым некалькі разоў ткнуў лязом у зямлю, зноў паднёс да носа, выцер аб калашыну і паспрабаваў вастрыё вялікім пальцам.

З задняй кішэні штаноў М'юлі дастаў вялікую пляшку з вадой і паставіў на ганак.

— На ваду не вельмі налягайце, — сказаў ён. — Гэта ўсё, што ёсць, а калодзеж тут завалілі.

Том узяў труса.

— Схадзіце хто ў свіран, пашукайце там дроту пакавальнага. Агонь распалім з паламаных дошак абшыўкі. — Ён агледзеў труса. — Труса разабраць няма лягчэй. — Ён адцягнуў шкурку на спінцы, крыху падрэзаў яе, усунуў у дзірку пальцы і рвануў. Скура знялася, як панчоха, — саслізнула з цельца да самай шыі, да лапак. Тады паклаў шкурку на зямлю, успароў трусу жывот; вываліў на шкурку вантробы і кінуў усё ў бавоўнік. На ганку ляжала амаль гатовае да смажання маленькае цельца з аголенымі мышцамі. Джоўд адсек усе чатыры нагі і разрэзаў удоўж мясістую спінку. Калі ён ужо ўзяўся за другога труса, да ганка падышоў Кейсі са зблытаным скруткам дроту. — Цяпер раскладзіце агонь і ўваткніце ў зямлю калю, — сказаў Джоўд. — Божа, які ў мяне апетыт разыграўся на гэтых звяркоў! — Ён выпатрашыў другога труса і зайца, парэзаў іх і нанізаў кавалкі мяса на дрот. М'юлі з Кейсі адарвалі ад развернутага вугла некалькі дошак, распалілі вогнішча і з двух яго бакоў усадзілі ў зямлю па калку для дроту.

М'юлі падышоў да Джоўда.

— Глянь, ці няма на зайцы гнайнікоў, — сказаў ён. — Не люблю есці зайцоў са скуламі. — Ён выняў з кішэні маленькі мяшэчак і паклаў на ганак.

Джоўд сказаў:

— Заяц чысценькі, як яблычак. Ох, М'юлі, ты і соллю запасся! У цябе ў кішэні, можа, і талеркі выпадкам знойдуцца і палатка? — Ён адсыпаў сабе на далонь солі і пасаліў кавалкі мяса, насаджаныя на дрот.

Затрапяталіся высокія языкі полымя, адкідваючы цені на сцены дома, сухое дрэва патрэсквала і страляла. Неба ўжо амаль зусім пачарнела, на ім выразна вылучаліся зоркі. Шэрая кошка выйшла са свірна і, мяўкаючы, пабегла да агню, але каля самага вогнішча скіравала ў кусты бавоўніку, да кучкі вантробаў. Яна кусала і прагна глытала, і з яе рота звісалі доўгія кішкі.

Кейсі сеў каля вогнішча, кідаў у агонь трэскі і падсоўваў у яго доўгія дошкі, калі яны абгаралі на канцах. Кажаны гойсалі ўзад і ўперад у слупе святла над вогнішчам. Кошка, нізка прыпаўшы да зямлі, выйшла з кустоў, села і пачала аблізвацца, мыць пыску, чысціць вусы.

Джоўд узяў аберуч дрот з нанізанымі на яго кавалкамі мяса і падышоў да вогнішча.

— Ану, М'юлі, бярыся за адзін канец. Накруці вунь на гэты калок. Ага, вось так, добра. Цяпер давай тужэй нацягнем. Лепш было б пачакаць, пакуль касцёр не выгарыць, але ў мяне ніякага ўжо цярпення. — Ён напяў дрот, падняў з зямлі палачку і перасунуў кавалкі мяса так, каб яны апынуліся над самым агнём. Агонь пачаў лізаць мяса, яно зацвярдзела і пакрылася глянцавітай скарынкай. Джоўд сеў на зямлю і стаў палачкай паварочваць мяса, каб яно не прыпяклося да дроту. — Зараз пабалюем! — сказаў ён. — У М'юлі ўсё ёсць — і соль, і вада, і трусяціна. Вось каб яшчэ і гаршчэчак мамалыгі знайшоўся ў яго ў кішэні! Гэта верх майго жадання.

М'юлі сказаў цераз вогнішча:

— Вы, хлопцы, пэўна, думаеце, што я ненармальны і што гэтак жыць нельга.

— Яшчэ чаго — ненармальны! — сказаў Джоўд. — Калі ты ненармальны, дык хай бы ўсе былі такія.

М'юлі гаварыў далей:

— Вось што дзіўна, панове. Калі мне загадалі з месца знімацца, са мной сам не ведаю што такое зрабілася. Спачатку вырашыў: пайду і пераб'ю ўсіх без разбору. Потым мае ўсе паехалі на Захад. Пачаў я бадзяцца па наваколлі. Усё недзе тут. Далёка не адыходзіў. Спаў дзе папала. Сёння надумаў у вас заначаваць. З гэтым і прыйшоў сюды. Бадзяюся з месца на месца, а сам сабе кажу: «Трэба і наглядаць за чужым дабром, каб усё было ў парадку, калі людзі вернуцца». Але я ведаў, што гэта няпраўда. Няма за чым тут наглядаць. І ніхто сюды ўжо не вернецца. А я блукаю тут, як здань на могілках.

— Чалавек прывыкае да месца, яму з ім цяжка расстацца, — сказаў Кейсі. — І да думак сваіх таксама прывыкаеш, ніяк ад іх не пазбавішся. Я ўжо больш не прапаведнік, але бясконца лаўлю сябе раптам на тым, што, сам таго не ведаючы, малітвы кажу.

Джоўд перавярнуў кавалкі мяса на дроце. З іх ужо капаў сок, і ў тым месцы, куды падалі кроплі, успыхваў язычок полымя. Гладкая паверхня мяса пачала маршчыніцца і рабіцца бледна-карычняватай.

— Панюхайце, — сказаў Джоўд. — Вы толькі гляньце і панюхайце!

М'юлі не замаўкаў:

— Як здань на могілках. Абышоў усе памятныя мне месцы. Вось ёсць за нашым надзелам кустоўе ў лагчынцы. Я там першы раз з дзяўчынай лёг. Было мне тады чатырнаццаць, і я тупаў, тузаўся і соп, як рагач, і быў настырны, як казёл. Прыйшоў я туды, лёг на зямлю, і быццам зноў са мной усё гэта адбылося. А яшчэ ёсць месца каля павеці, дзе бацьку бык насмерць забадаў. Там яго кроў на зямлі, і цяпер яна там засталася. Ніхто ніколі не змываў. І я паклаў руку на зямлю, што насыцілася крывёю майго таты. — Ён памаўчаў. — Вы думаеце, я ненармальны?

Джоўд паварочваў мяса, позірк у яго быў задумлівы. Кейсі падцягнуў калені да падбародка і ўтаропіўся на агонь. Крокаў за пятнаццаць ад людзей сядзела сытая ўжо кошка, акуратна абвіўшы хвастом пярэднія лапкі. Вялікая сава з крыкам праляцела над вогнішчам, і агонь асвятліў знізу яе белае пер'е і распасцёртыя крылы.

— Не, — сказаў Кейсі. — Проста ты нудзішся ад адзіноты, але ты нармальны.

Маленькі, туга абцягнуты скурай твар М'юлі быццам скамянеў.

— Я паклаў руку на тое самае месца на зямлі, дзе яшчэ і цяпер яго кроў. Убачыў бацьку з дзіркай у грудзях і адчуў, як ён дрыжыць, прыціснуўшыся да мяне. Потым ён паваліўся на спіну і выцягнуў рукі і ногі. Вочы памутнелі ад болю, пасля ён заціх, вочы зноў сталі ясныя… і ў неба глядзяць. Я быў яшчэ зусім малы, сяджу, не плачу, не крычу, проста сяджу і маўчу. — М'юлі таргануў галавой. Джоўд усё важдаўся з мясам на дроце. — А яшчэ я зайшоў у пакой, дзе нарадзіўся наш Джо. Ложка няма, але пакой як быў, такі і застаўся. Усё, што было, не знікла — засталося там, дзе адбылося. Там з'явіўся на свет Джо. Шырока раскрыў рот, уцягнуў паветра і як закрычыць — за мілю чуваць было, а бабка стаіць побач і ўсё прыгаворвае: «Красачка ты мая, ах ты мая красачка!» Паўтарае і паўтарае. І так заганарылася ўнукам сваім, што за адзін вечар тры кубкі разбіла.

Джоўд адкашляўся.

— Думаю, можна ўжо есці.

— Няхай прасмажыцца як след, дай яму падрумяніцца амаль да чарнаты, — сярдзіта сказаў М'юлі. — Мне пагаварыць ахвота. Даўно ўжо я ні з кім не гаварыў. Ненармальны… ну і хай ненармальны — і канец. Як здань на могілках, блукаю начамі ад аднаго суседскага дома да другога. Да Пітэрсаў, да Джэйкабсаў, да Рэнсаў, да Джоўдаў… Дамы стаяць цёмныя, як пацуковыя норы, а быў час — госці з'язджаліся, скакалі. Маленні, воклічы на славу гасподню. Былі вяселлі — і ўсё тут, у гэтых дамах. І ўзяло мяне жаданне пайсці ў горад і забіць каго трэба. Прагналі людзей трактарамі, а што ім дасць гэтая зямля? Што яны возьмуць з яе, каб забяспечыць сабе «мінімальны прыбытак»? Яны возьмуць майго бацьку, што загінуў на гэтай зямлі, нашага Джо, які з крыкам зрабіў свой першы ўдых, мяне, які торгаўся ноччу, як казёл, пад кустом. Што яшчэ яны возьмуць? Зямля спустошаная, бог сведка. У нас тут ужо колькі гадоў ва ўсіх быў недарод. А гэтыя сволачы за пісьмовымі сталамі — яны рассеклі людзей на дзве паловы дзеля сваіх «мінімальных прыбыткаў». Проста рассеклі папалам. Людзі і зямля, на якой яны жывуць, — адно цэлае. А калі яны блукаюць бяздомныя па дарогах у набітай хатнім скарбам машыне, дык яны ўжо толькі напалову людзі. Яны мерцвякі. Іх забілі гэтыя сукіны дзеці. — М'юлі змоўк, але яго тонкія губы яшчэ варушыліся, грудзі цяжка ўздымаліся. Ён сядзеў, уставіўшыся на свае асветленыя вогнішчам рукі. — Я… я даўно ўжо ні з кім не гаварыў, — сказаў ён ціха выбачлівым тонам. — Усё шастаю па наваколлі, як здань на могілках.

Кейсі падсунуў доўгія дошкі ў вогнішча, і агонь лізнуў іх і зноў шугануў угору, да падвешанага на дроце мяса. Сцены дома звонка патрэсквалі, астываючы ў начным паветры. Кейсі спакойна сказаў:

— Трэба пабачыць людзей, што пусціліся ў дарогу. Адчуваю, мне абавязкова трэба іх пабачыць. Ім патрэбна дапамога — не пропаведзі, а дапамога. Спадзявацца на царства нябеснае, калі яны яшчэ і на зямлі не пажылі? Які ўжо тут святы дух, калі ўласны іх дух зрынуты ў смутак і скруху? Ім патрэбна дапамога. Яны павінны жыць, бо паміраць ім яшчэ рана.

Джоўд нервова крыкнуў:

— Госпадзі, давайце ўжо есці, а то мяса зробіцца меншае за вараную мыш! Вы толькі гляньце. Панюхайце, які пах! — Ён ускочыў на ногі і перасунуў падсмажанае мяса далей ад агню. Тады ўзяў нож, які даў яму М'юлі, падрэзаў адзін кавалак і зняў з дроту. — Гэта прапаведніку, — сказаў ён.

— Казаў жа табе, што я ўжо больш не прапаведнік.

— Ну добра, не прапаведніку, дык чалавеку. — Джоўд адрэзаў яшчэ адзін кавалак. — А гэта табе, М'юлі, калі яшчэ не расхацеў ад засмучэння есці. Зайчаціна. Цвярдзейшае за буйвалінае мяса. — Ён сеў і ўсадзіў свае доўгія зубы ў мяса, адхапіў імі вялікі кавалак і пачаў жаваць. — Ого, як храбусціць! — Ён з прагнасцю адкусіў яшчэ.

М'юлі сядзеў, пазіраючы на сваю долю ежы.

— Можа, мне не трэба было так гаварыць, — сказаў ён. — Такое лепш трымаць у галаве.

Набіўшы поўны рот мясам, Кейсі глянуў на яго цераз вогнішча. Прапаведнік жаваў і глытаў, і ў яго на шыі пад скурай энергічна працавалі мускулы.

— Не, гаварыць трэба, — сказаў ён. — Часам апанаваны горам чалавек вылівае ўвесь свой боль у словах. Часам чалавек, які рашыўся на забойства, вылівае сваю злосць словамі, і тым усё і канчаецца. Ты правільна зрабіў, М'юлі. Нікога не забівай, перасіль сябе, калі можаш. — Кейсі зноў адкусіў мяса.

Джоўд кінуў косткі ў агонь, ускочыў і зрэзаў з дроту яшчэ адзін кавалак. М'юлі жаваў паволі, і яго маленькія неспакойныя вочкі прабягалі з аднаго свайго сутрапезніка на другога. Джоўд еў з прагнасцю звера, вакол яго рота пабліскваў тлушч.

М'юлі доўга глядзеў на яго ледзь не з бояззю. Потым апусціў руку, у якой трымаў мяса.

— Томі, — сказаў ён.

Джоўд падняў вочы, не перастаючы ўгрызацца ў мяса і жаваць.

— Га? — сказаў ён з поўным ротам.

— Томі, ты не злуеш на мяне за тое, што я загаварыў пра забойства? Ты не пакрыўдзіўся, Том?

— Не, — адказаў Том, — не пакрыўдзіўся. Што было, тое было.

— Мы ўсе ведалі, што ты невінаваты, — сказаў М'юлі. — Стары Тэрнбул гразіўся адпомсціць табе пасля турмы. Ён, кажа, забіў майго сына, і я яму не спушчу. Але суседзі адгаварылі яго, абразумілі.

— Мы п'яныя былі, — ціха сказаў Джоўд. — Падпілі на танцульках. Сам не ведаю, з чаго ўсё пачалося. Раптам пачуў, што мяне нажом пырнулі, і працверазеў. Бачу, Херб зноў замахваецца на мяне нажом. А тут ля сцяны школы рыдлёўка стаяла, і я схапіў яе і ўдарыў Херба па галаве. Я ніколі не меў нічога супраць яго. Хлопец быў добры. Яшчэ малым увіваўся вакол сястры маёй Разашарны. Не, мне Херб нават падабаўся.

— Ну, ягонаму бацьку ўсе так і казалі і нарэшце ўціхамірылі. Ад некага чуў, быццам у яго роднасць з Хэтфардам па маці, вось ён і фанабэрыцца. Не ведаю, праўда гэта ці не. Яны ўсёй сям'ёй паехалі ў Каліфорнію яшчэ паўгода таму.

Джоўд зняў з дроту апошнія кавалкі мяса і раздаў іх сваім субяседнікам. Тады зноў сеў каля вогнішча і еў ужо не так паспешліва, як раней, разжоўваў мяса старанна і выціраў рукавом тлушч з губ. А яго цёмныя прыплюшчаныя вочы задумліва глядзелі на ачахлы агонь.

— Усе падаліся на Захад, — сказаў ён. — А я падпіску даў нікуды адсюль не адлучацца. Мне ў іншы штат нельга.

— Падпіску? — запытаўся М'юлі. — Я нешта чуў пра іх, пра гэтыя падпіскі. А што гэта азначае?

— Ну, я выйшаў датэрмінова — на тры гады раней. І падпісаў умовы, якія я павінен выконваць, а калі парушу іх, мяне зноў засадзяць. Час ад часу трэба наведвацца ў паліцыю.

— Як там з вамі абыходзяцца, у Макалестары? У маёй жонкі стрыечны брат пабыў у гэтай турме, дык яму там не соладка давялося.

— Не так ужо там і блага, — адказаў Джоўд. — Не горш, як у іншых турмах. Буяніць будзеш, спуску не дадуць, гэта праўда. Але там жыць можна, калі толькі наглядчык не прыдзіраецца, бо тады ўжо справа дрэнь. Я жыў сабе нічога. Не соваў носа, куды не трэба. Навучыўся здорава арудаваць пяром. Ну птушкі там розныя і ўсякае такое — не толькі словы пісаць. Старэча мой зазлуе, калі ўбачыць, як я птушку адным росчыркам пяра малюю, а то і зусім ашалее. Не любіць ён такіх фокусаў. Калі проста пішуць яму, і то не любіць. Баіцца, думаю. Бо кожны раз, як ён убачыць што-небудзь напісанае, з яго хто-небудзь абавязкова нешта спаганяе.

— І не білі цябе ці што-небудзь такое?

— Не, я нікуды не лез. Вядома, калі цягнеш такую лямку з дня ў дзень цэлыя чатыры гады, дык гэта каго хочаш да ачмурэння давядзе. Калі ты натварыў такога, што і ўспамінаць сорамна, ёсць пра што падумаць. Але, чорт вазьмі, калі б Херб Тэрнбул палез на мяне з нажом вось хоць бы цяпер, я зноў бы гваздануў яго рыдлёўкай.

— Кожны на тваім месцы зрабіў бы так, — сказаў М'юлі.

Прапаведнік утаропіў вочы на вогнішча, і ў змроку, які рабіўся ўсё гусцейшы, яго лоб здаваўся зусім белым. Блікі ад маленькіх язычкоў полымя ігралі на яго жылістай шыі. Ён сядзеў, абняўшы калені, і патрэскваў суставамі пальцаў.

Джоўд кінуў у агонь апошнія аб'едзеныя косткі, аблізаў пальцы і выцер іх аб штаны. Тады падняўся, прынёс з ганка бутэльку з вадой, ашчадліва адпіў і, перш чым сесці зноў, перадаў бутэльку па крузе.

— Мяне вось што больш за ўсё непакоіць, — зноў загаварыў ён, — тое, што ва ўсім гэтым няма ніякага сэнсу. Калі карову маланка заб'е альбо палі залье разлівам — тут асаблівага сэнсу шукаць ніхто не будзе. Такое бывае, што зробіш? Але калі цябе бяруць і садзяць на замок на чатыры гады, тут ужо павінна быць нейкая рацыя. Людзям належыць да ўсяго сваім розумам даходзіць. Вось запраторылі мяне за краты, трымалі там, кармілі цэлыя чатыры гады. А з якой мэтай? Нібыта каб паставіць на правільны шлях і адвучыць закон пераступаць ці застрашыць карай і адбіць ахвоту другі раз рабіць такое… — Джоўд памаўчаў. — Але ўсё роўна я тое самае зраблю, калі Херб ці хто іншы палезе на мяне з нажом. Не паспею нават апамятацца. Асабліва на падпітку. Вось гэтая бязглуздзіца і трывожыць душу.

М'юлі зазначыў:

— Суддзя казаў: табе вынеслі такі мяккі прысуд таму, што не ты адзін быў ва ўсім вінаваты.

Джоўд гаварыў:

— У Макалестары сядзеў адзін пажыццёвік. Усё чытаў і вучыўся. Сакратаром пры начальніку хадзіў — перапіску за яго вёў і ўсё такое. Надта разумны, у законах разбіраўся і яшчэ ў сім-тым. Аднаго разу я з ім загаварыў пра тое, аб чым думаў, ён шмат з кніг навучыўся. І ён сказаў мне: кніжкі тут не памогуць. Я, кажа, пра турмы ўсё перачытаў — і пра сённяшнія, і пра даўнейшыя, і цяпер яшчэ менш разумею, чым калі толькі браўся чытаць. Тут, кажа, такая неразбярыха, сам чорт нагу зломіць, і ніхто рады даць не можа, а каб што-небудзь перамяніць, дык на гэта ні ў кога мазгоў не хапае. Толькі, крый божа, не ўздумай, кажа, за кніжкі засесці. Па-першае, заблытаешся яшчэ больш, а па-другое, страціш павагу да тых, хто пры ўладзе сядзіць.

— Я і так іх ні ў грош не стаўлю, — сказаў М'юлі. — Над намі тут адна толькі ўлада — «надзейны мінімальны прыбытак», ён і правіць намі. Але вось чаго і ніяк не магу ў розум узяць: як гэта Ўілі Філі згадзіўся сесці на трактар, ды яшчэ надумаў хадзіць за начальніка тут, на той самай зямлі, з якой сагналі яго сям'ю. Вось што грызе мне нутро. Калі б каго чужога прыслалі, тады, што ж, тады справа іншая, а то Ўілі ж тутэйшы. І так мяне разабрала, што я пайшоў і спытаўся ў яго ў самога. Ён проста ашалеў. У мяне, кажа, двое малых. У мяне, кажа, жонка і цешча. Ім есці трэба. Загарэўся, як чорт. Я, кажа, перш-наперш пра іх думаю. А іншыя няхай самі пра сябе паклапоцяцца. Яго, відаць, сорам узяў, вось ён і кіпеў ад злосці.

Джым Кейсі ўсё сядзеў, утаропіўшыся на апошнія язычкі полымя ў вогнішчы, вочы яго былі шырока расплюшчаныя, мускулы на шыі выпнуліся. Раптам ён усклікнуў:

— Цяпер зразумеў! Калі на чалавека можа сысці хоць каліва боскае шчырасці, дык я ўсё зразумеў! — Ён ускочыў на ногі і пачаў хадзіць узад і ўперад, ківаючы з боку ў бок галавой. — Адзін час у мяне была пераносная кафедра. Народу вечарамі находзіла чалавек з паўтысячы. Даўно гэта было, вы мяне яшчэ тады не ведалі. — Ён спыніўся, паглядзеў на Джоўда і М'юлі. — Наогул, вы заўважалі, што я ніколі не збіраў грошай пасля пропаведзі — і ў адрынах, і пад адкрытым небам?

— Бог сведка, ніколі, — сказаў М'юлі. — Тут нашы ўсе так да гэтага прывыклі, што іх злосць брала, калі іншыя прапаведнікі хадзілі па радах з капелюшом. Так, сэр, усё праўда.

— Ад ежы я не адмаўляюся, — гаварыў Кейсі. — Штаны браў, калі свае зносяцца, ці пару там старых чаравікаў, калі падэшвы ў маіх прадзіраліся так, што ходзіш амаль босы. Але з пераноснай кафедрай было інакш. Здаралася, за дзень дзесяць, а то і дваццаць даляраў збяру. Толькі радасці мне з таго не было ніякай, і я кінуў усё гэта, і як быццам на душы палягчэла. Цяпер я, здаецца, усё зразумеў. Толькі словамі выказаць не ведаю як. Бадай што, і спрабаваць не буду… але здаецца мне, што цяпер прапаведніку знойдзецца месца. Думаю, я зноў магу з пропаведзямі да людзей ісці. Яны блукаюць самотныя па дарогах, без зямлі, без прыстанішча. А калі няма даху над галавой, трэба даць ім нейкую іншую прыстань. Можа стацца… — Кейсі стаяў над вогнішчам. Шматлікія мускулы ў яго на шыі яшчэ больш напяліся, водбліскі агню глыбока пранікалі ў вочы і распальвалі там чырвоны жар. Ён стаяў і глядзеў на агонь, напружыўшы твар, нібы прыслухоўваўся да нечага, а рукі, заўсёды такія ўвішныя, гатовыя сваімі рухамі ўдакладніць, падкрэсліць або адхіліць свае ці чужыя думкі, цяпер вяла павіслі і паволі пасунуліся ў кішэні. Кажаны кружылі ў цьмяным святле вогнішча, здалёку, з палёў, глуха даносіўся ледзь чутны клёкат начной драпежнай птушкі.

Том Джоўд спакойна палез у кішэню, выняў адтуль свой капшук і пачаў рабіць самакрутку, пазіраючы паўз яе на вуголле. Ён ніяк не рэагаваў на ўсё, што гаварыў прапаведнік, быццам лічыў, што гэта асабістая справа Кейсі і абмеркаванню не падлягае.

— Начамі ляжыш на турэмным ложку, — загаварыў ён, — і ўсё думаеш: як там усё будзе, калі дамоў вярнуся? Напэўна, думалася, дзед ужо з бабкай памруць і, можа, яшчэ малыя народзяцца. Можа, нораў у бацькі крыху памякчэе. Можа, маці ўжо адпачынак сабе дасць і перакладзе хатнія клопаты на Разашарну. Я ведаў: як было, так ужо не будзе… Ну што ж, давайце спаць, а як развіднее, пойдзем да дзядзькі Джона. Я дык абавязкова пайду. А ты, Кейсі, што вырашыў — пойдзеш?

Прапаведнік усё яшчэ стаяў, пазіраючы на вуголле. Ён паволі прамовіў:

— Ага, пайду з табой. А калі твае рушаць у дарогу, паеду з імі. А там, дзе будуць людзі, буду і я.

— Калі ласка, — сказаў Джоўд. — Маці заўсёды ставілася да цябе з прыхільнасцю. Казала, такому прапаведніку можна давяраць. Разашарна тады яшчэ маленькая была. — Ён павярнуўся да М'юлі: — А ты, М'юлі, пойдзеш з намі? — Той глядзеў на дарогу, па якой прыйшлі Джоўд з Кейсі. — Дык як, пойдзеш, М'юлі? — зноў запытаўся Джоўд.

— Га? Не. Мне няма да каго ісці і няма каго пакідаць. Вунь, бачыш, святло скача ўверх і ўніз? Напэўна, аканом тутэйшага ўчастка едзе. Відаць, нехта заўважыў наша вогнішча.

Том скіраваў позірк на дарогу. Святло фар паўзло ў іх бок цераз грэбень узгорка.

— Мы нічога дрэннага не рабілі, — сказаў ён. — Пасядзелі тут трохі, толькі і ўсяго. Ніякай шкоды нікому.

М'юлі рагатнуў:

— Ха-ха! Адно тое, што мы прыйшлі сюды, ужо дрэнна. Парушэнне чужых правоў уласнасці. Тут аставацца нікому нельга. Мяне ўжо два месяцы ловяць. Вось што: калі гэтая машына едзе сюды, мы пойдзем у бавоўну і заляжам там. Далёка неабавязкова забірацца. Няхай паспрабуюць знайсці! Давядзецца ім кожны кусцік абшнарыць. Галавы толькі не падымайце.

Джоўд запытаўся:

— Што з табой сталася, М'юлі? Ты ж раней у хованкі гуляць не любіў. Злосны быў.

М'юлі пазіраў на святло фар, якое набліжалася да іх.

— Ха! — сказаў ён. — Я злосны быў, як воўк. А цяпер я злосны, як ласка. Калі ты палюеш на дзічыну, ты паляўнічы, а значыць, у цябе ёсць сіла. Такі нікога не баіцца. Але калі на цябе самога палююць — гэта ўжо зусім іншае. З табой нейкая перамена адбываецца. У цябе ўжо сілы няма. Злосць застаецца, а сілы няма. На мяне даўно ўжо палююць, я ўжо больш не паляўнічы. Можа, яшчэ і падстрэлю каго-небудзь у цемры, але кала з агароджы ўжо не вырву і нікога не пакалечу — гэта ўжо ў мінулым. І няма чаго нам з табою ашукваць адзін аднаго. Вось так.

— Што ж, — сказаў Джоўд, — ідзі хавайся. А мы тут з Кейсі пра сёе-тое пагаворым з гэтай сволаччу. — Палоска святла была ўжо зусім блізка — скокнула ў неба, знікла і зноў скокнула ўгору. Усе трое стаялі, сочачы за ёю.

М'юлі сказаў:

— Тут ёсць яшчэ адна асаблівасць, калі на цябе палююць: ты востра адчуваеш небяспеку. Калі сам палюеш, пра яе зусім не думаеш, нічога не баішся. Ты ж сам казаў: варта табе толькі ў чым-небудзь правініцца, цябе зноў запратораць у Макалестар, і прасядзіш ужо там ад званка да званка.

— Правільна. Так мне сказалі. Але хіба гэта парушэнне, калі сядзеш тут адпачыць ці ноч на голай зямлі захочаш пераначаваць? Нікому ніякай шкоды. Гэта ж не тое, што напіцца ці дэбашырыць.

М'юлі засмяяўся:

— Вось убачыш. Пасядзі тут, дачакайся машыны. Можа, гэта Ўілі Філі, ён тут цяпер за шэрыфскага наглядчыка. Ён запытаецца ў цябе: «Чаму парушаеш правы ўласнасці?» Ты ж ведаеш, ён добры паганец, і ты яму скажаш: «А табе што?» Тады Ўілі ўзлуецца і зараве: «Марш адсюль, а то арыштую». А ты ж не дазволіш кожнаму Ўілі Філі камандаваць табой і раз'юшвацца з перапуду. Ён ужо ўлез, і яму трэба неяк выблытвацца, а ты таксама цуглі закусіў і напралом ідзеш… Не, чорт, залегчы ў міжраддзі куды прасцей, няхай шукаюць. І да таго ж весялей, бо яны шалеюць ад злосці, а зрабіць нічога не могуць, а ты ляжыш сабе і толькі пасмейваешся. Паспрабуй пагавары з Уілі ці з якім іншым начальнікам, яны цябе давядуць, ты кінешся на іх, а яны цап! — і арыштуюць, і вернешся ты ў свой Макалестар яшчэ на тры гады.

— Талкова разважаеш, — сказаў Джоўд. — Кожнае тваё слова разумнае. Але вельмі ўжо не хочацца скакаць пад іхнюю дудку. Рукі так і свярбяць на гэтага Ўілі.

— У яго стрэльба, — сказаў М'юлі. — Уілі будзе страляць, бо ён шэрыфскі наглядчык. Значыць, альбо ён прыстрэліць цябе, альбо ты яго, калі стрэльбу ў яго адбярэш. Ну пайшлі, Томі. Ты проста скажы сабе: я схаваюся і яны ў дурнях застануцца. Галоўнае настроіць сябе — і ўся справа. — Яркае святло фар цяпер скіравалася проста ў неба, ужо выразна чуўся роўны гул матора. — Пайшлі, Томі. Далёка забірацца не будзем — радоў за чатырнаццаць-пятнаццаць. Адтуль пасочым за імі.

Том падняўся.

— Правільна кажаш, далібог, — сказаў ён. — Будзе так ці гэтак, мне ўсё роўна нічога не свеціць.

— Дык гайда. Вось сюды. — М'юлі абагнуў дом і вывеў іх крокаў за пяцьдзесят у баваўнянае поле. — Гэтага досыць, — сказаў ён. — Галаву толькі ніжэй апускайце, калі фары на вас накіруюць — і ўсё. Во будзе пацеха! — Усе трое разлегліся на ўвесь рост на зямлі і аблакаціліся. Раптам М'юлі ўскочыў на ногі, кінуўся да дома, праз момант-другі вярнуўся і кінуў у кусты скрутак — пінжак і загорнутыя ў яго чаравікі. — А то павязуць, каб у даўгу не заставацца, — паясніў ён. Святло фар паднялося па схіле, потым нырнула ўніз і скіравалася проста на дом.

Джоўд запытаўся:

— А не пойдуць яны з кішэннымі ліхтарыкамі шукаць нас тут? Шкада, палкі няма.

М'юлі хіхікнуў:

— Не, не пойдуць. Казаў жа я табе, што я злосны стаў, як ласка. Неяк раз ноччу Ўілі паспрабаваў сунуцца, дык я яго ззаду калом з агароджы агрэў. Зваліўся, як калода. Пасля ўсім расказваў, што на яго пяцёра напалі.

Машына пад'ехала да дома, успыхнуў пражэктар.

— Галовы ніжэй, — сказаў М'юлі. Паласа халоднага белага святла працягнулася над імі і пачала гойсаць па полі. Уцекачы не бачылі, што робіцца каля дома, але пачулі, як бразнулі дзверцы машыны, і галасы. — На святло пабаяцца выходзіць, — прашаптаў М'юлі. — Я разы два страляў па фарах. Цяпер Уілі асцярожны. Сёння не адзін прыехаў. — Яны пачулі скрып маснічын, потым убачылі святло ліхтарыка ў доме. — Можа, пальнуць? — шэптам спытаўся М'юлі. — Яны не ўбачаць, адкуль стралялі. Няхай галаву пачэшуць.

— Не трэба, — прашаптаў Кейсі. — Якая карысць? Пустая справа. Трэба так рабіць, каб ва ўсім сэнс быў.

Недзе каля дома пачуліся рыплівыя гукі і шолах.

— Жар топчуць падэшвамі, — шапнуў М'юлі. — Пяском засыпаюць. — Зноў бразнулі дзверцы машыны. Святло фар калыхнулася, зрабіла паўкруг і скіравалася на дарогу. — Ніжэй! — сказаў М'юлі, і ўсе трое ўткнуліся галовамі ў зямлю. Прамень пражэктара пралёг над імі і прачарціў поле ў розных напрамках, потым машына кранулася з месца, пачала аддаляцца, паднялася на грэбень узгорка і знікла з вачэй.

М'юлі сеў на градку.

— Уілі заўсёды робіць апошнюю спробу пражэктарам. Так не раз ужо было, і я прывык да гэтага. Ён думае, што неймаверна хітры.

Кейсі сказаў:

— Можа, хто-небудзь прытаіўся ў доме? Мы пойдзем, а нас схопяць.

— Усё можа быць, — адказаў М'юлі. — Вы тут пачакайце. Я ўсе іхнія штучкі ведаю. — Ён асцярожна пайшоў да дома — толькі лёгка пахруствалі сухія камякі зямлі пад нагамі. Кейсі і Джоўд напружана ўслухоўваліся, але там, куды пайшоў М'юлі, было ўсё ціха. Праз колькі хвілін з боку дома да іх данёсся яго голас: — Няма нікога! Ідзіце сюды!

Яны адарваліся ад зямлі, падняліся і пакіравалі да чорнай пляміны дома. М'юлі чакаў іх каля кучкі пяску, з якой выбіваліся струменьчыкі дыму, — усё, што засталося ад іхняга вогнішча.

— Я так і ведаў — нікога ў засадзе не пакінулі, — сказаў М'юлі з гордасцю. — Уілі я тады з ног збіў, па фарах разок-другі стрэльнуў — цяпер яны асцерагаюцца. Адкуль ім ведаць, хто тут хаваецца. А я ім так проста ў рукі не дамся. Каля жытла не начую. Калі хочаце, хадзем са мной, я пакажу вам, дзе можна пераначаваць. Там аб вас ніхто не спатыкнецца.

— Вядзі, — пагадзіўся Джоўд. — Мы пойдзем з табой. Ніколі і ў галаве не было, што на бацькаўскай ферме давядзецца хавацца ад каго-небудзь.

М'юлі выйшаў у поле, Джоўд з Кейсі пайшлі следам. Ступалі проста па кустах бавоўніку.

— Табе яшчэ шмат ад чаго і ад каго давядзецца хавацца, — сказаў М'юлі. Яны ішлі адзін за адным цераз грады. Неўзабаве апынуліся перад глыбокай прамыінай і саслізнулі на падэшвах на самае дно.

— Э! Я ведаю, куды ты нас завёў, галаву кладу! — усклікнуў Джоўд. — Пячора ў адхоне?

— Правільна. А як ты здагадаўся?

— Сам яе капаў, — адказаў Джоўд. — Разам з братам Ноем. Усім гаварылі, што золата шукаем, а на самай справе мы проста капалі пячоры, як усе малыя. — Берагі былі цяпер вышэй іх галоў. — Недзе тут, ужо блізка. Помніцца, павінна быць ужо зусім блізка.

М'юлі сказаў:

— Я прыкрыў яе ламаччам, каб не знайшлі. — Дно яра выраўнялася, ногі цяпер ступалі па пяску.

Джоўд сеў на чысты пясок.

— У пячору я спаць не пайду, — сказаў ён. — Лягу вось тут. — Ён згарнуў пінжак і падклаў пад галаву.

М'юлі рассунуў рукамі сухое галлё і запоўз у пячору.

— А мне добра тут! — крыкнуў ён адтуль. — Прынамсі, адчуваеш сябе ў бяспецы.

Джым Кейсі сеў на пясок каля Джоўда.

— Паспі крыху, — сказаў яму Джоўд. — Як толькі развіднее, рушым да дзядзькі Джона.

— Я спаць не буду, — адказаў прапаведнік. — Ёсць над чым галаву паламаць. — Ён сагнуў ногі ў каленях, абняў іх рукамі, падняў вочы ў неба і ўтаропіўся на яркія зоры. Джоўд пазяхнуў і закінуў руку за галаву. Абодва маўчалі, і мала-памалу зноў ажыло мітуслівае жыццё зямлі — норак, падземных хадоў і хмызу: зашнарылі суслікі, асцярожна падкрадаліся да зялёнага лісця трусы, снавалі мышы паміж камякамі зямлі, а крылатыя драпежнікі бязгучна ляталі ў небе.

Загрузка...