Раздзел семнаццаты

Машыны перасяленцаў выпаўзалі з бакавых дарог на аўтастраду, што ішла праз горы і долы, і кіравалі на Захад. Удзень яны, як кузуркі, паспешліва беглі ў заходнім напрамку, а калі ў дарозе іх заспяваў вячэрні змрок, збіваліся, як кузуркі, у кучкі, бліжэй да жытла і вады. Людзі ціснуліся адзін да аднаго, бо іх даймала адзінота і разгубленасць, бо ўсе яны ўцякалі з тых месцаў, дзе іх спасціглі смутак, нядоля і паражэнне, бо ўсе яны імкнуліся дабрацца да новага таямнічага краю; яны гутарылі адзін з адным, дзяліліся перажытым, і ежай, і спадзяваннямі на нешта добрае ў новых краях. І бывала так, што якая-небудзь сям'я рабіла прывал каля ручая, потым другая спынялася там дзеля вады і людской кампаніі, а тады і трэцяя далучалася да тых, хто выбраў гэту стаянку і быў, відаць, задаволены ёю. І да захаду сонца там маглі сабрацца да дваццаці сем'яў, дваццаці машын.

Дзіўныя рэчы здараліся вечарамі: дваццаць сем'яў рабіліся адной сям'ёй, дзеці — агульнымі дзецьмі. Страта роднага кута рабілася агульнай стратай, шчаслівае жыццё там, на Захадзе, — агульнай марай. І бывала так, што хвароба аднаго дзіцяці ўводзіла ў роспач дваццаць сем'яў, сто чалавек. І сто чалавек усю ноч захоўвалі поўную цішыню, ахопленыя набожным страхам, калі ў адной з палатак раджала жанчына, а раніцай сто чалавек радаваліся нараджэнню дзіцяці. Сям'я, якая, можа, яшчэ толькі папярэдняй ноччу пакутавала ў адзіноце і страху, цяпер капалася ў сваім скарбе, шукаючы, што падарыць нованароджанаму. Вечарам каля вогнішча дваццаць сем'яў зліваліся ў адну. І гэтая аб'яднаная сям'я была бівачнай адзінкай, якая існавала адзін вечар, адну ноч. Даставалася загорнутая ў коўдру гітара, яе настройвалі, і ўначы гучалі песні — песні аб народзе. Мужчыны спявалі іх словамі, а жанчыны з закрытымі ратамі цягнулі мелодыю.

Штоноч ствараліся маленькія сукупнасці людзей — мініяцюрныя грамадствы, і ў такім «грамадстве», у такім свеце было ўсё — і дружба, і варожасць; у ім былі выхвалякі і баязліўцы і былі ціхія, сціплыя, добрыя людзі. Кожную ноч між імі завязваліся адносіны, без якіх не існуе чалавечае грамадства, і кожную раніцу яны разам знімаліся з месца, як вандроўны цырк.

Напачатку ў гэтых грамадствах, што ўзнікалі і рушыліся, людзі паводзілі сябе нерашуча, нясмела, але паступова стварэнне іх рабілася прывычнай справай. Наперад выступалі важакі, узнікалі правілы, нараджаліся законы. І чым далей на захад забіраліся гэтыя грамадствы, тым больш дасканалымі і добраўпарадкаванымі яны рабіліся, бо стваральнікі іх усё больш набіраліся вопыту.

Сем'і даведваліся, якія правы павінны захоўвацца: права пабыць у адзіноце ў сваёй палатцы; права схаваць у сэрцы памяць аб горкім мінулым; права ўдзельнічаць у гутарцы ці толькі слухаць; права адхіліць альбо прыняць дапамогу; права прапанаваць дапамогу альбо адмовіць у ёй; права сына пазаляцацца да дзяўчыны і права дачкі прыняць заляцанне; права галоднага быць накормленым і пераважныя правы цяжарных і хворых перад усімі іншымі правамі.

Сем'і таксама даведваліся, хоць ніхто іх гэтаму не вучыў, якія правы тояць у сабе зло і падлягаюць вынішчэнню: права парушаць чыю-небудзь адзіноту, узнімаць шум, калі лагер спіць, права спакусіць дзяўчыну, гвалціць, права на пралюбадзейства, крадзеж і забойства. Гэтыя правы няшчадна душыліся, бо калі іх не выкараніць, гэтыя маленькія грамадствы і ночы адной не праіснавалі б.

І па меры таго як грамадствы гэтыя ўсё далей пасоўваліся на захад, правілы самі сабой атрымлівалі сілу законаў. Незаконна пэцкаць каля лагера; незаконна брудзіць пітную ваду; незаконна сытна і смачна есці на вачах у галоднага і не падзяліцца з ім ежай.

А з узнікненнем законаў узнікалі і кары — кары ўсяго двух відаў: кароткае, але жорсткае збіванне ці выгнанне; выгнанне было больш суровай карай. Бо калі хто пераступаў закон, імя яго і твар заўсёды былі з ім, і не было яму месца ні ў якім з гэтых грамадстваў, дзе б яно ні стваралася.

Маральныя асновы ў такіх грамадствах былі цвёрда акрэсленыя і строгія: мужчына абавязкова павінен быў паздароўкацца пры сустрэчы, мужчына мог жыць з жанчынай, калі начаваў разам з ёю ў палатцы, калі стаў бацькам і абаронцам яе дзяцей. Але ён не мог спаць сёння з адной, а заўтра з другой, бо гэта пагражала бядой грамадству.

Сем'і ўсё далей забіраліся на Захад, спосабы стварэння гэтых грамадстваў усё больш удасканальваліся, і людзі адчувалі сябе ў бяспецы, бо нормы супольнага жыцця былі цвёрдыя і непарушныя, і сям'я, якая выконвала ўсе правілы, магла нічога не баяцца.

Самі сабой паяўляліся органы ўлады, з важакамі, са старэйшынамі; дурны не мог прапанаваць сваю дурноту грамадству. Гэтае начное жыццё было нечым накшталт страхоўкі. Чалавек, у якога была ежа, карміў галоднага і тым страхаваў ад голаду самога сябе. А калі памірала малое, каля ўвахода ў палатку вырастала кучка сярэбраных манет, бо дзіця трэба было хоць пахаваць па-чалавечы, раз яно не ўзяло ад жыцця нічога іншага. На могілках для беднякоў і бадзяг можна пахаваць якога-небудзь старога, толькі не немаўля.

Для стварэння такіх грамадстваў патрэбны былі пэўныя матэрыяльныя ўмовы, асабліва вада — рэчка, ручай, крыніца ці хоць бы водаправодны кран, пакінуты без нагляду. І яшчэ каб участак быў роўны — для палатак, крыху сухога галля ці дроў на вогнішча. А калі паблізу яшчэ і звалка была, дык зусім добра: там можна знайсці вельмі патрэбныя да ўжытку рэчы — пячную трубу, пагнутае аўтамабільнае крыло, каб загарадзіць ім агонь ад ветру, бляшанкі з-пад кансерваў, каб у іх згатаваць ежу і есці з іх.

Грамадствы ўтвараліся вечарамі. Людзі збочвалі з шашы і аддавалі што ў каго было — палаткі, сэрцы, мозг.

Раніцай палаткі разбіралі, брызент згортвалі, жэрдкі прывязвалі да падножак, матрацы клалі ў машыну на сваё месца, посуд — на сваё. І, едучы ўсё далей на Захад, сем'і мала-памалу асвойвалі тэхніку пабудовы жытла ўвечары і яго разбурэння на золку. І з цягам часу кожны член сям'і звыкаўся са сваім месцам, са сваімі абавязкамі, і стары і малы ведаў, дзе яму сядзець у машыне, а стомнымі, душнымі вечарамі, калі пад'язджалі да стаянкі, кожны ведаў свае абавязкі і выконваў іх, не чакаючы нічыіх указанняў, — дзеці збіралі ламачча на вогнішча, прыносілі ваду; мужчыны ставілі палаткі, раскладалі матрацы; жанчыны гатавалі вячэру, кармілі сям'ю. І ўсё гэта рабілася без пануквання. У сем'яў, жыццё якіх раней было абмежавана ўначы сценамі дома, а ўдзень — сваёй фермай, цяпер паявіліся новыя межы. І доўгімі спякотнымі днямі яны моўчкі сядзелі ў машынах, што паволі пасоўваліся на Захад, а начамі зліваліся з групай людзей, з якімі ім выпала стаць на прывал.

Яны перамянілі сваё жыццё так, як яго можа перамяніць толькі чалавек. Яны ўжо былі не фермеры, а вандроўнікі. І думы, разлікі, засяроджанае маўчанне, якія раней прызначаліся палям, цяпер прызначаліся дарозе, адлегласці, Захаду. Чалавек, думкі якога раней былі скіраваны на акры, цяпер лічыў мілі вузкай стужкі бетону. І ў думках яго, у яго клопатах не было ўжо месца дажджу, ветру, пылу і палявым усходам. Вочы пільна сачылі за шынамі, вушы ўслухоўваліся ў стукат матора, галава пухла ад думак пра масла, бензін, пра станчэлы слой гумы паміж паветрам у камеры і бетонам шашы. Зламаная шасцярня была трагедыяй. Самае моцнае жаданне вечарамі— вада. І кацялок з вячэрай над вогнішчам. Здароўе — залог імкнення ехаць далей, здольнасці ехаць далей і волі ехаць да канца. Жаданні рваліся на Захад, абганяючы людзей, а былыя страхі перад засухай ці паводкай цяпер уступілі месца страху перад усім, што магло спыніць іх марудны рух на Захад.

Месцы прывалаў цяпер ужо былі пастаянныя — ад аднаго да другога адзін дзень шляху.

У дарозе некаторыя сем'і паддаваліся паніцы і ехалі дзень і ноч, спалі ў машынах — спяшаліся на Захад, імкнуліся хутчэй уцячы ад дарогі, ад самога руху. Ім карцела як мага хутчэй дзе-небудзь асесці, і яны, утаропіўшы вочы на захад, гналі і гналі туды свае бразгатлівыя машыны.

Але большасць сем'яў хутка прыстасавалася і ўвайшла ў рытм новага жыцця. І на захадзе сонца…

Пара ўжо месца для прывалу пашукаць.

Вунь, наперадзе, палаткі.

Машына з'язджала з шашы, спынялася, і з тае прычыны, што не яны сталі там першыя, трэба было не забываць пра далікацтва.

У вас тут можна стаць на начлег?

Калі ласка, нам гэта вялікі гонар.

З якога вы штата?

З самага Арканзаса.

Вунь, у чацвёртай палатцы, таксама арканзасцы.

Праўда? І самае галоўнае пытанне: як з вадой?

Яе тут колькі хочаш, толькі на смак не вельмі.

Дзякуй вам.

Няма за што.

Без далікацтва не абысціся. Машына з грукатам пад'язджала да крайняй палаткі і спынялася. Стомленыя пасажыры вылазілі з яе, распраўлялі замлелае цела. Вырастала яшчэ адна палатка; малыя беглі з вёдрамі па ваду, старэйшыя дзеці секлі голле, збіралі ламачча. Успыхвала вогнішча, гатавалася вячэра — варылася ці смажылася. Падыходзілі тыя, што прыехалі раней, усе дазнаваліся адзін у аднаго, хто з якога штата, знаходзіліся агульныя знаёмыя, а бывала, і сваякі.

Аклахома? Якая акруга?

Чэрокі.

Гэ! У мяне там радня. Эленаў ведаеце? Іх там, у Чэрокі, дзе толькі няма. А Ўілісаў?

А як жа, ведаю.

Стваралася новая бівачная адзінка. Пачынала змяркацца, але яшчэ дацямна новыя начлежнікі паспявалі ўвайсці ў жыццё лагера, перакінуцца словам з кожнай сям'ёй. Свае людзі, добрыя людзі.

Я Эленаў, колькі сябе помню, ведаю. Сайман Элен, стары Сайман, з першай жонкай не ладзіў. Паўкроўка з племені чэрокі. Прыгожая, як… вараная жаробка.

Малодшы Сайман, што ажаніўся з дачкой Рудольфаў, так? Ага, ён самы. Пераехалі ў Элід і добра зажылі там — як людзі.

З усіх Эленаў яму аднаму пашчасціла. Гараж займеў.

Калі прыносілі вады і галля, дзеці пачыналі нясмела пахаджваць між палатак. На якія толькі хітрыкі не ішлі, каб пазнаёміцца! Хлопчык спыняўся каля незнаёмага хлопчыка і пільна ўглядаўся ў каменьчык на зямлі, падбіраў яго, старанна разглядаў, пляваў на яго, праціраў і аглядаў з усіх бакоў, пакуль другі хлопчык нарэшце не пытаўся: што гэта ў цябе?

А ўладальнік каменьчыка абыякава, безуважна адказваў: а нічога, проста каменьчык.

Чаму ж ты так яго разглядаеш?

А мне здалося, у ім золата.

Як ты ўбачыў золата? У камянях золата не залатое, а чорнае.

Кожны гэта ведае.

Мусіць, залатая падманка, а ты — золата!

Яшчэ чаго. Тата столькі золата пазнаходзіў і навучыў мяне, як шукаць.

А табе вельмі хочацца знайсці цэлы самародак?

Пытаешся! Я купіў бы сабе, чорт вазьмі, такую цукерку, што табе і ў сне не снілася.

Мне не дазваляюць лаяцца, а я ўсё роўна.

І я лаюся. Гайда да ручая.

Дзяўчаты таксама знаходзілі сабе сябровак і бянтэжліва расказвалі пра свае поспехі і надзеі. Жанчыны ўвіхаліся каля вогнішчаў, спяшаліся накарміць сям'ю. Калі ў іх быў запас грошай — свінінай з бульбай і цыбуля; праснакамі з жароўні ці пшанічнымі пампушкамі са шчодрай падліўкай; смажанай грудзінкай ці адбіўной і чорным гаркаватым чаем у бляшанцы з-пад кансерваў. Калі з грашыма было туга — маісавымі блінамі, румянымі, хрумсткімі, залітымі салам, у якім яны смажыліся.

Сем'і, што мелі запас грошай ці проста пускалі грошы на вецер, елі кансерваваныя бабы і персікі, куплёны хлеб і кексы. Але яны ласаваліся гэтым у сваіх палатках, бо есці такія смачныя рэчы на людзях нягожа. Зрэшты, дзеці, жуючы свае маісавыя бліны, усё роўна чулі пах гарачых бабоў, і ім было крыўдна.

Толькі паспявалі павячэраць, памыць і выцерці посуд, наставала начная цемра, і мужчыны прысаджваліся на кукішкі пагутарыць. Гаварылі пра зямлю, якую яны пакінулі. Што будзе далей, невядома, казалі яны. Сапсавалася наша краіна.

З часам усё паправіцца, толькі нас там ужо не будзе.

Відаць, яны рашылі, што мы што-небудзь парушылі, самі таго не ведаючы.

Адзін чалавек мне казаў, блізкі да ўрада, і ён мне казаў: вас яры даканалі. Блізкі да ўрада чалавек. Калі б, кажа, вы ўпоперак контураў аралі, тады ў зямлі яроў не павымывала б. Але праверыць мне не давялося. А прышлыя гэтыя таксама ўпоперак не аруць. Як павядуць баразну, дык мілі на чатыры без спыну і нідзе ўбок не звернуць, хоць бы там сам бог стаяў.

Яны ціха расказвалі пра свой дом. У мяне склеп быў пад ветраком. Ставілі там малако на смятанку, кавуны трымалі. Залезеш туды, бывала, у поўдзень, у самую спёку, а там халадок на любы густ. Разрэжаш кавун — такі халодны, аж зубы заходзяцца. А з бака вада кап-кап…

Расказвалі пра свае трагедыі. Быў брат у мяне, Чарлі. Валасы жоўтыя, што тая кукуруза. Дарослы ўжо хлопец быў. На акардэоне цудоўна іграў. І вось баранаваў ён аднойчы ў полі, нахіліўся пастронак выслабаніць, а тут змяя грымучая як зашыпіць! Коні памчалі, і барана прайшла па Чарлі, прапарола зубамі жывот, вырвала кішкі, знявечыла твар… Ох, госпадзі!

Гаварылі і пра будучыню. Цікава, як там будзе, у Каліфорніі?

На малюнках усё так цудоўна — залюбавацца можна. Я бачыў адзін — гарачае сонца, прыгажосць наўкол, дрэвы арэхавыя, ягаднікі, а ззаду, зусім блізка, проста рукой падаць — высокія горы са снежнымі вяршынямі. Вачэй не адарваць.

Толькі каб работу знайсці, і ўсё будзе добра. Халадоў зімою там не бывае. Дзеці па дарозе ў школу не замерзнуць. Сам я ўмею чытаць, але мне з гэтага няма радасці, не прывык я чытаць, як іншыя.

А іншы раз хто-небудзь выходзіць з палаткі з гітарай. Садзіцца на скрыню каля ўвахода, і людзі з усяго лагера няспешна падыходзяць да яго, быццам іх нечым прыцягвае. Шмат хто брынкае на гітары, але гэты, здаецца, умелец. Ёсць што паслухаць — акорды густыя, мерныя, рытмічныя, а мелодыя бяжыць па струнах лёгкімі крокамі. Цяжкія, грубыя пальцы ходзяць па ладах. Чалавек іграў, а людзі паволі падыходзілі, пакуль не абступалі яго цесным колам, і тады ён зацягваў: «Бавоўна па дзесяць, а мяса па сорак». І людзі падхоплівалі словы. Ён спяваў: «Навошта, дзяўчаты, вы косы рэжаце?» І людзі падцягвалі. Ён з надрывам спяваў: «Пакідаю я родны Тэхас» — жудасную песню, якую спявалі яшчэ да прыходу гішпанцаў, толькі словы тады былі індзейскія.

Гэта згуртоўвала людзей, яднала, і ў цемры позіркі іх скіроўваліся ўсярэдзіну, думкі адбягалі назад, у мінулае, і сум, які апаноўваў іх, быў адпачынкам, выратавальным сном. Чалавек спяваў «Блюзы Макалестара», а потым, каб дагадзіць старым, — «Мяне гасподзь наш кліча да сябе». Музыка навявала на дзяцей дрымоту, яны ішлі ў палаткі спаць, але песні ўваходзілі ў іхнія сны.

Нарэшце гітарыст падымаўся і пазяхаў. Добрай ночы, людзі, казаў ён.

І чуўся шэпт у адказ: добрай табе ночы.

І кожнаму хацелася самому ўмець іграць на гітары — гэта ж так прыемна. Людзі разыходзіліся, клаліся спаць, лагер заціхаў. А над палаткамі насіліся совы, удалечыні гаўкалі каёты, у лагер пракрадваліся скунсы, шукаючы, чым пажывіцца, — расхаджвалі ўперавалку, нахабныя, дзёрзкія смярдзючкі.

Мінала ноч, і з першым пробліскам зары жанчыны выходзілі з палатак, распальвалі вогнішчы і варылі каву. Следам выходзілі мужчыны і ціха перамаўляліся між сабой у перадсвітальным сутонні.

Пераедзеш раку Каларада, а далей, кажуць, пустыня. Сцеражыся пустыні. Глядзі, не засядзь там. На ўсякі выпадак вазьмі як больш вады.

Цераз пустыню я паеду ноччу.

І я. Яна з каго хочаш дух выб'е.

Таропка снедалі, мылі і выціралі посуд. Разбіралі палаткі. Усе спяшаліся хутчэй рушыць у дарогу. І калі сонца выплывала над гарызонтам, на стаянцы ўжо было пуста, толькі дзе-нідзе валялася пакінутае людзьмі смецце. Але мясціна гатова была прыняць новых падарожнікаў наступнай ноччу.

А машыны перасяленцаў, як кузуркі, паўзлі па шашы, і перад імі вузкай стужкай распасціраліся мілі і мілі бетону.

Загрузка...