Раздзел васемнаццаты

Сям'я Джоўдаў паволі рухалася на захад, па гарах Нью-Мексіка, міма востраканечных скал і пірамідальных вяршынь. Яны ўзабраліся на Арызонскае нагор'е і цераз прасветліны між уцёсаў зазіралі ўніз, на Каляровую пустыню. Іх спыніў пагранічны інспектар.

— Куды едзеце?

— У Каліфорнію, — адказаў Том.

— Колькі часу прабудзеце ў Арызоне?

— Пакуль не праедзем.

— Расліны з сабой везяце?

— Раслін няма.

— Трэба праверыць.

— Кажу ж вам, раслін ніякіх няма.

Інспектар наляпіў на ветравое шкло ярлычок.

— Добра. Едзьце, толькі не спыняйцеся.

— А мы і не збіраемся.

Яны падымаліся па схілах, на якіх раслі крывыя карлікавыя дрэвы. Холбрук, Джозеф-Сіці, Уінслаў. Дрэвы тут былі ўжо высокія. Вывяргаючы дым, абедзве машыны адольвалі пад'ёмы. І вось ужо Флагстаф — самы высокі пункт. Ад Флагстафа дарога пабегла ўніз, з аднаго шырокага плато на другое, і нарэшце знікла ўдалечыні. Вады не хапала, яе даводзілася купляць па пяць, па дзесяць, па пятнаццаць цэнтаў за галон. Сонца высмактала ўсю вільгаць з бязводнага скалістага краю. Наперадзе завіднеліся няроўныя, вострыя выступы гор — заходні вал Арызоны. Цяпер ужо Джоўды ўцякалі ад сонца і сушы. Ехалі ўсю ноч і ноччу заехалі ў горы. У цемры машыны паўзлі між зубчастых скалістых бастыёнаў, і слабае святло фар цьмяна мігацела на шэрых каменных сценах абапал дарогі. Перавал адолелі ў цемры і глыбокай ноччу пачалі паволі спускацца сярод бязладнага россыпу каменных абломкаў каля Оўтмена. На золку ўбачылі ўнізе раку Каларада. Даехалі да Топака, пастаялі каля моста, пакуль інспектар змываў ярлык з ветравога шкла. Тады пераехалі мост і апынуліся ў няроўнай камяністай пустыні. І хоць усе страшэнна стаміліся і ўсё мацней прыпякала ранішняе сонца, падарожнікі спыніліся пасярод дарогі. Бацька выгукнуў:

— Прыехалі!.. Вось яна, Каліфорнія!

Усе тупа пазіралі на каменныя глыбы, што блішчалі на сонцы, і на страшныя цвярдыні Арызоны за ракой.

— Перад намі пустыня, — сказаў Том. — Трэба дабрацца да вады і трохі адпачыць.

Дарога цягнулася ўздоўж ракі, і познім ранкам машыны з перагрэтымі маторамі дабраліся да Нідлса, дзе рака імкліва несла свае воды між зараснікаў чароту.

Джоўды і Ўілсаны з'ехалі да берага і, седзячы ў машынах, скіравалі позіркі на празрыстую ваду, што праплывала міма, і на зялёны чарот, які паволі пагойдваўся ў плыні. Каля самай ракі на заліўным лужку, зарослым сакавітай травой, быў невялікі лагер — адзінаццаць палатак. Том высунуўся з кабіны.

— Нічога, калі мы тут станем?

Поўная жанчына, якая мыла ў вядры бялізну, падняла галаву.

— Мы тут не гаспадары, містэр. Станавіцеся, калі хочаце. Пазней да вас палісмен прыйдзе. — І яна зноў пачала церці бялізну на самым санцапёку.

Абедзве машыны заехалі на свабоднае месца на густой траве. Адразу ўзяліся за палаткі — паставілі палатку Ўілсанаў, навесілі на вяроўку брызент Джоўдаў.

Уінфілд і Руці няспешна пайшлі праз вербалоззе да зарасніку чароту. З ціхай радасцю Руці сказала:

— Каліфорнія. Вось мы і прыехалі ў самую Каліфорнію!

Уінфілд надламаў чарацінку, пакруціўшы, адарваў яе і, узяўшы ў рот, пачаў жаваць белую мякаць сцябла. Яны ўвайшлі ў ваду па лыткі.

— Далей паедзем па пустыні, — сказала Руці.

— А якая яна, пустыня?

— Сама не ведаю. Толькі на малюнку раз бачыла. Паўсюль косці валяюцца.

— Чалавечыя?

— Можа, і чалавечыя, але больш каровіныя.

— А мы іх убачым?

— Можа, і ўбачым, хто ведае. Мы паедзем па ёй ноччу. Так Том сказаў. Том кажа, згарыш к чорту, калі днём паедзеш.

— Тут так прыемна, такі халадок, — сказаў Уінфілд і грабянуў нагой пясок на дне.

Здалёку пачуўся голас маці:

— Руці! Уінфілд! Вяртайцеся!

Дзеці павярнуліся і, прабіраючыся праз чарот і вербалоз, паволі пайшлі назад.

У лагеры было ціха, нідзе нікога. Толькі калі машыны пад'ехалі, з некалькіх палатак на момант высунуліся галовы. Зрабіўшы сабе прыстанішча, мужчыны абедзвюх сем'яў сабраліся разам.

Том сказаў:

— Пайду пакупаюся. Асвяжуся — і спаць. Цяпер бабка пад навесам. Што з ёй?

— Не ведаю, — адказаў бацька. — Усё спіць, так і не прачнулася. — Ён павярнуў галаву ў бок брызенту. З-пад яго данеслася жаласнае мармытанне. Маці паспяшалася туды.

— Прачнулася нарэшце, — сказаў Ной. — На грузавіку ўсю ноч трызніла. Пэўна, з розуму кранулася.

Том сказаў:

— Дзіва што. Зусім замучылася. Калі не даць ёй паляжаць спакойна, яна нядоўга працягне. Здарожылася. Ну, хто са мной? Пакупаюся і залягу ў цяні… дзень цэлы спаць буду.

Ён пакіраваў да берага, астатнія мужчыны пайшлі следам. Усе раздзеліся ў кустах вербалозу, зайшлі ў рэчку і селі на дно. Яны доўга сядзелі так, упіраючыся пяткамі ў пясок, толькі галовы тырчалі над вадой.

— Вось гэта па мне! — сказаў Эл. Ён зачарпнуў жменю пяску з дна і стаў націраць цела.

Яны сядзелі ў рацэ і пазіралі на горныя пікі — «Іголкі», як іх называлі, — Нідлс, і на белыя скалістыя горы Арызоны.

— Мы прабраліся праз іх, — сказаў, сам яшчэ не верачы сабе, бацька.

Дзядзька Джон акунуў галаву ў ваду.

— Нарэшце мы тут. Вось яна, Каліфорнія. Але нешта раскошы я ніякай не бачу.

— Яшчэ пустыня наперадзе, — сказаў Том. — Паганая, кажуць, штука.

Ной пацікавіўся:

— Сёння ў ноч паедзем?

— Што скажаш, та? — запытаўся Том.

— Не ведаю. Няблага было б адпачыць, асабліва бабцы. А з другога боку, было б добра хутчэй перабрацца праз гэту пустыню і на працу ўладкавацца. Усяго сорак даляраў засталося грошай. Мне спакайней будзе, калі мы пачнём працаваць і зарабляць хоць трохі.

Яны сядзелі ў рацэ, адчуваючы напор плыні. Прапаведнік паклаў выцягнутыя рукі на паверхню імклівай вады. Целы ва ўсіх былі белыя да шыі і да запясцяў, твары, трохвугольнік грудзіны і кісці рук — карычневыя ад загару. Усе старанна націраліся пяском.

Ной ляніва прамовіў:

— Застацца б тут назусім. Ляжаць вось так вечна і не ведаць ні голаду, ні бяды ніякай. Увесь свой век так праляжаць і песціцца, як свіння ў гразі.

А Том, пазіраючы на зубчастыя вяршыні за ракой і на вострыя пікі ў тым баку, куды яна цякла, сказаў:

— Такіх стромых гор я зроду не бачыў. Гіблы край. Усё роўна як косці шкілета. Ці даедзем мы калі-небудзь туды, дзе можна жыць, не ваюючы з каменнем і скаламі? На малюнках мясцовасць роўная, зялёная, куды ні глянь домікі, як ма кажа, беленькія. Ма спіць і бачыць такі беленькі домік. А я ўжо і не веру, што ёсць такі край. Хіба толькі на малюнках.

Бацька сказаў:

— Пачакай, вось прыедзем у Каліфорнію, тады і ўбачыш прыгажосць.

— Ты што, та? Мы ж ужо ў Каліфорніі!

З вербняку выйшлі двое ў джынсах і сініх прапацелых кашулях і спыніліся, пазіраючы на голых людзей у вадзе.

Старэйшы запытаўся:

— Паплаваць тут можна?

— Хто яго ведае, — адказаў Том. — Мы яшчэ не спрабавалі. А пасядзець у вадзе прыемна.

— І нам дазволіце?

— Рэчка не наша. Але так і быць, мы ўступім вам кавалачак.

Прышлыя знялі штаны, сцягнулі з плячэй кашулі і ўвайшлі ў ваду. Ногі ў іх да калень былі ў пыле, ступні бледныя, размоклыя ад поту. Яны вяла апусціліся ў ваду, ленавата апалоскваючы сабе жменямі бакі. Гэта былі бацька і сын, моцна прасмаленыя сонцам. Яны фыркалі і стагналі, плёскаючыся ў вадзе.

Бацька Джоўд далікатна пацікавіўся:

— На Захад кіруеце?

— Не. Вяртаемся адтуль. Дадому едзем. Там немагчыма на хлеб зарабіць.

— А дом ваш дзе? — запытаўся Том.

— Пэнхендл у Тэхаскім выступе, непадалёк ад Пампы.

Запытаўся бацька:

— А дома што, пражыць можна?

— Дзе там! Толькі калі ўжо з голаду паміраць, дык хоць сярод сваіх. А галадаць і адчуваць нянавісць да сябе мы не хочам.

Бацька сказаў:

— Ад другога ўжо чалавека такое чую. За што яны нас там так ненавідзяць?

— Хто іх ведае, — адказаў чалавек, зачарпнуў далонямі ваду і пачаў мыць галаву і твар, крэхчучы і пырхаючы. З валасоў палілася на шыю брудная вада.

— А ўсё ж цікава было б паслухаць, — сказаў бацька.

— Нам таксама, — далучыўся Том. — Чаму яны там, на Захадзе, такую нянавісць адчуваюць да нас?

Мужчына пільна паглядзеў на Тома.

— Вы на Захад едзеце?

— Туды.

— Ніколі яшчэ ў Каліфорніі не былі?

— Не, не даводзілася.

— Дык што ж вам маё слова. Едзьце і самі ўбачыце.

— То так, — сказаў Том, — але ўсё ж такі хацелася б ведаць, на што едзем.

— Добра, раз вы абавязкова хочаце ведаць, я раскажу — я і сам распытваў людзей і нямала разважаў. Краіна цудоўная. Толькі яе даўно ўжо ўсю раскралі. Праедзеце пустыню, а там Бейкерсфілд, і вакол яго такая мясцовасць прыгожая — вачэй не адарвеш: фруктовыя сады, вінаграднікі. Прыгажэйшага краю на свеце няма. Далей — мясціны роўныя, прыгожыя, вада не глыбейшая, як трыццаць футаў — і ўся зямля ляжыць неўзараная. Але ты ні кавалачка яе не атрымаеш. Яна цалкам належыць Зямельна-жывёлагадоўчай кампаніі. Не захочуць яе апрацоўваць, так і застанецца ўся няўробленая. А паспрабуй засей які ўчастачак кукурузай — у турму запратораць!

— Зямля добрая, кажаш? І нічога на ёй не сеюць?

— Так, сэр! Добрая зямля, а не сеюць! Ну, цябе, вядома, злосць адразу бярэ, але зямля пустая стаіць. Людзі глядзяць там такімі вачамі — зірнуць на цябе, а ў саміх на тварах нібы напісана: «Бачыць цябе не магу, сукін ты сын!» А тут яшчэ шэрыфавы памагатыя — яны паганяюць цябе з месца на месца! Зробіш прывал пры дарозе, а яны гоняць далей. Там у кожнага па твары відаць, як ён цябе ненавідзіць. І вось што я вам скажу: нянавісць у іх ад страху. Бо ведаюць: калі ў галоднага няма чаго есці, ён і на зладзейства пайсці можа. Яны ведаюць, што грэх трымаць зямлю пустой — каму-небудзь захочацца яе сабе прыбраць. Чорт ведае што! Вас ніхто яшчэ не абзываў «Окі»?

Том запытаўся:

— Окі? А што гэта значыць?

— Раней азначала аклахомца. А цяпер — проста «сволач». Окі — гэта падонак. Само па сабе ў слове гэтым нічога такога няма, уся соль у тым, як там яго вымаўляюць. Ды хіба ўсё раскажаш? Трэба самому там пабыць. Кажуць, такіх, як мы, туды трыста тысяч наехала… жывуць, як быдла, бо ў Каліфорніі ўсё скрозь ужо каму-небудзь належыць. І нічога не засталося. А людзі, якія ўсім гэтым валодаюць, так учапіліся за сваё дабро, што забіць за яго каго хочаш на свеце гатовыя. Страх іх разбірае, таму і кіпяць злосцю. Гэта вам на свае вочы ўбачыць трэба. Самім усё пачуць. Надзіва прыгожы край, а людзі нядобрыя, зласлівыя. І так ужо ім страшна, што нават адзін аднаго гатовыя з'есці.

Том глядзеў у ваду і разграбаў пяткамі пясок.

— Ну, а калі знойдзеш працу і збярэш крыху грошай, можна ўсё-такі невялікі ўчастак купіць?

Мужчына засмяяўся і глянуў на сына, і твар маўклівага хлопчыка расплыўся ў амаль пераможнай усмешцы. Мужчына сказаў:

— Сталай работы вы не знойдзеце. Кожны дзень давядзецца думаць, як зарабіць сабе на абед. І працаваць будзеце з людзьмі, якія на вас коса глядзяць. А бавоўну збіраць будзеце, вам здасца, што вагі няправільныя. Вагі бываюць і правільныя і няправільныя. Вы ж будзеце думаць, што ўсе яны махлярскія, а як праверыш? І нічога з гэтым не зробіш.

Бацька нерашуча запытаўся:

— Там што… там зусім нічога добрага няма?

— Чаму ж, ёсць, паглядзіш — вочы разбягаюцца, толькі вам з таго нічога не перападзе. Вось, напрыклад, цэлы гай стаіць апельсінавых дрэў з жоўтымі пладамі, а там чалавек расхаджвае са стрэльбай, і, як толькі дакранешся да апельсіна, ён цябе прыстрэліць — такое яму дадзена права. А на ўзбярэжжы ёсць адзін гаспадар, газетчык нейкі, дык у яго зямлі гэтай мільён акраў…

Кейсі стрэльнуў у яго вачамі:

— Цэлы мільён? Што ж ён робіць з мільёнам акраў?

— Хто яго ведае. Валодае імі, і ўсё. Трымае трохі жывёлы. Паўсюль у яго вартаўнікі, нікога не пускаюць. Раз'язджае ў куленепрабівальнай машыне. Я бачыў яго партрэты. Тлусты такі, друзлы, вочкі маленькія, злосныя, а рот, як паддувала. Баіцца, каб не забілі. У самога мільён акраў зямлі, а ён смерці баіцца.

Кейсі зноў запытаўся:

— На чорта яму мільён акраў? Што ён з імі рабіць будзе?

Мужчына развёў рукамі з пабялелымі, зморшчанымі ад вады далонямі, прыкусіў ніжнюю губу і нахіліў набок галаву.

— А я ведаю? — адказаў ён. — Відаць, з розуму крануўся. Пэўна, вар'ят. І на партрэце такі. З выгляду вар'ят. Вар'ят і зласлівец.

— Смерці, кажаш, баіцца? — сказаў Кейсі.

— Так ад людзей чуў.

— Баіцца, што да яго бог дабярэцца?

— Хто ведае. Баіцца, і ўсё.

— Што ж ён сабе думае? — сказаў бацька. — Не можа ж ён усё жыццё так пражыць — без ніякіх радасцей.

— А вось дзед наш нікога не баяўся, — сказаў Том. — Яму самая радасць была, калі яго вось-вось маглі ўкакошыць. Раз уначы ўдваіх з прыяцелем яны пайшлі на індзейцаў навахаў. Цудам жывымі засталіся, затое пацешыліся ўволю.

Кейсі сказаў:

— Так, відаць, заўсёды бывае. Калі чалавеку радасць, пляваць яму на ўсё, а вось зласліўцы, адзінокія, старыя і расчараваныя баяцца смерці.

Бацька запытаўся:

— Чаго гэта ён раптам расчараваўся, калі зямлі ў яго мільён акраў?

Прапаведнік усміхнуўся, але ў вачах у яго мільганула нерашучасць. Ён пляснуў далонню па вадзе, адганяючы вадзянога жука.

— Калі чалавеку патрэбен мільён акраў, каб адчуць сваё багацце, значыць, душа яго ўбогая, а з такой душой ніякія мільёны не дапамогуць. Пэўна, таму ён і расчараваўся — адчувае, што няма ў яго багацця… таго багацця, што было ў місіс Уілсан, калі яна дала сваю палатку, як паміраў дзед. Я вам не пропаведзь чытаю, але калі чалавек цягне ўсякае дабро ў сваю нару, як лугавы сабачка, дык, урэшце, ён ва ўсім расчаруецца. — Кейсі шырока ўсміхнуўся: — Мімаволі, здаецца, як пропаведзь атрымалася.

Сонца паліла ўжо неміласэрна.

Бацька сказаў:

— Лепей зусім схавацца пад вадой. Так прыпякае — згарыш. — І ён адкінуўся назад, і лёгкая плынь абняла яго шыю. — А калі цяжкай працы не баішся, можна яе знайсці? — запытаўся ён.

Чалавек прыўзняўся ў вадзе і павярнуўся да яго тварам:

— Бачыце, містэр, я не ўсё ведаю. Магчыма, прыедзеце туды і адразу знойдзеце сталую работу, і тады я акажуся брахуном. А магчыма, ніякай не знойдзеце і скажаце: ён нас папярэдзіў. Адно толькі ведаю: народ там большай часткай жыве ў бядоце. — Ён зноў апусціўся ў ваду. — А ўсяго ведаць нельга.

Бацька павярнуў галаву і глянуў на дзядзьку Джона. Сказаў:

— Ты ў нас гаваркі ніколі не быў, а як паехалі з дому, я ад цябе і двух слоў не пачуў. Ну, што ты думаеш пра ўсё гэта?

Дзядзька Джон насупіўся:

— Анічога не думаю. Мы едзем туды, так? І ніякімі расказамі нас назад не павернеш. Прыедзем — пабачым. Знойдзем работу, будзем працаваць, а не, дык хвост падціснем. Ад размоў гэтых толку мала.

Том адкінуўся назад, набраў у рот вады, выпусціў яе фантанам і засмяяўся:

— Дзядзька Джон гаворыць рэдка ды метка. Далібог, разумна гаворыць. Ноччу далей паедзем, та?

— Што ж, можна. Хоць бы ўжо пустыню пераехаць.

— Тады я пайду ў кусты і трохі пасплю. — Том падняўся і пайшоў па вадзе да пясчанага берага. Там накінуў на мокрае цела кашулю, надзеў штаны, паморшчыўся ад дотыку прапаленай сонцам адзежы. Астатнія пабрылі за ім.

Бацька і сын, застаўшыся ў вадзе, пазіралі ўслед Джоўдам, пакуль усе яны і прапаведнік не зніклі ў вербалоззі. Хлопчык сказаў:

— Хацеў бы я паглядзець на іх праз якія шэсць месяцаў. Ох, госпадзі!

Яго бацька працёр куткі вачэй указальным пальцам.

— Дарэмна я ім усё гэта нагаварыў, — сказаў ён. — Вось жа хочацца чалавеку паказаць, які ён разумны, другіх вучыць.

— Ну што ты, та! Яны ж самі прасілі.

— Яно так. Але ж ён сказаў, што ўсё роўна паедуць. Ад маіх слоў нічога не перамянілася, а ім ад іх толькі лішняе засмучэнне паперад часу.


Том увайшоў у зараснік вербалозу і лёг у густы цень пад кустом. Ной палез за ім.

— Тут і пасплю, — сказаў Том.

— Том!

— Што табе?

— Я далей, Том, не паеду.

Том прыўзняўся і сеў.

— Што ты надумаў?

— Я каля гэтай рэчкі застануся, Том. Пайду па беразе ўніз па цячэнні.

— Ты звар'яцеў!

— Завяду сабе вуду. Лавіць буду рыбу. Каля такой рэчкі з голаду не памрэш.

Том сказаў:

— А сям'я? А мама?

— Што зробіш. Не магу я расстацца з такой цудоўнай ракой. — Шырока расстаўленыя вочы Ноя былі прыплюшчаныя. — Ты ж сам ведаеш, Том. Ты ведаеш, да мяне ўсе добра ставяцца, але ім усё роўна, што я ёсць, што мяне няма.

— Ты звар'яцеў.

— Не, Том. Я ўсё разумею. Я разумею, што ім будзе шкада мяне. Але… Не, не паеду з вамі. Ты маме скажы, Том.

— Ной, ну паслухай ты… — пачаў Том.

— Не. Ты мяне не адгаворыш. Я пабыў у гэтай рацэ і цяпер ужо яе не пакіну. Пайду берагам уніз па ёй, Том. Рыбай буду карміцца ці яшчэ чым, а раку гэту не пакіну. Не магу. — Ной паўзком выбраўся з-пад цяністых кустоў. — Ты маме скажы, Том. — Ён пакрочыў да рэчкі.

Том правёў яго да берага.

— Слухай, пудзіла ты гарохавае…

— Дарэмна ўсё, — сказаў Ной. — Мне самому горка, але нічога з сабой зрабіць не магу. Я мушу ісці.

Ной крута павярнуўся і пайшоў уздоўж берага ўніз па рацэ. Том пайшоў за ім, але раптам спыніўся. Ён бачыў, як Ной знік у кустоўі, потым зноў паказаўся, ідучы краем ракі. Том глядзеў яму ўслед, а Ной рабіўся ўсё меншы і меншы і нарэшце зусім знік з вачэй за вербалозамі. Том зняў з галавы кепку і пачухаў патыліцу. Тады вярнуўся ў сваё сховішча ў кустах і лёг спаць.


На матрацы пад перакінутым цераз вяроўку брызентам ляжала бабка, а побач з ёю сядзела маці. Там было душна, горача, назойліва гулі мухі, хаваючыся ў цяні навеса. Бабка ляжала голая, прыкрытая доўгай ружовай занавескай. Старая неспакойна паводзіла галавой, нешта мармытала і цяжка дыхала. Маці сядзела проста на зямлі, адганяючы ад бабкі мух кавалкам кардону, авявала гарачым паветрам старэчы маршчыністы твар. Ружа Сарона сядзела насупраць і пазірала на маці.

Раптам бабка ўладна закрычала:

— Уіл! Уіл! Хадзі сюды, Уіл. — Вочы яе расплюшчыліся і злосна зірнулі па баках. — Скажыце, хай сюды ідзе, — гаварыла яна. — Я да яго дабяруся. Усе валасы павыдзіраю. — Яна заплюшчыла вочы і, ківаючы галавой, хрыпла замармытала. Маці абмахвала яе кардонам.

Ружа Сарона разгублена глянула на старую і ціха сказала:

— Зусім расхварэлася.

Маці ўзняла на дачку вочы. Позірк у яе быў спакойны, але лоб збаразнілі маршчыны стомы. Яна махала і махала кардонам, змагаючыся з мухамі.

— У маладосці, Разашарна, усё, што з табой ні здарыцца, здаецца нечым адлучаным ад усяго. Быццам асобна стаіць. Я гэта ведаю, Разашарна, я добра памятаю. — Губы яе любоўна вымаўлялі даччыно імя. — Прыйдзе час табе радзіць, Разашарна, і здасца табе, што ты зусім адна, далёка ад дому, ад усяго свету. І ты адчуеш боль, і боль твой будзе толькі тваім, ты адчуеш сябе адзінокай, як вось гэтая палатка, што стаіць асобна ад усяго свету. — Маці энергічна памахвала кардонкай, каб прагнаць мясную муху, якая моцна гула, і вялікая бліскучая сіняя муха двойчы пакружыла пад брызентам і вылецела на сляпучае сонечнае святло. Маці зноў загаварыла: — Але з часам усё мяняецца, і тады смерць аднаго чалавека ўспрымаецца ў сувязі з усімі іншымі смерцямі і нараджэнне дзіцяці — з нараджэннем усіх іншых дзяцей. А нараджэнне і смерць — гэта як паловы адной рэчы. І тады табе ўжо не здаецца, што беды твае і радасці стаяць асобна адно ад аднаго. Тады, Разашарна, не так ужо і цяжка трываць боль, бо баліць не толькі табе. Мне так хацелася пра ўсё гэта табе расказаць, але ж вось не ўмею. — Апошнія словы прагучалі так мякка, і было ў яе голасе столькі любові, што да вачэй Ружы Сарона падкраліся слёзы, залілі іх і асляпілі яе. — Вазьмі памахай над бабкаю, — сказала маці і падала дачцэ кардон. — Ёй лягчэй ад гэтага. Шкада, што не магла табе ўсё растлумачыць.

Бабка ссунула бровы над заплюшчанымі вачамі і завішчала:

— Уіл! Зноў увесь выпацкаўся! Ніколі чысты не ходзіш. — Яе маленькая, скурчаная, маршчыністая рука паднялася і пацерла шчаку. Рыжая мурашка перабегла з занавескі на азызлую шыю, папаўзла па згібах скуры. Маці зрэагавала імгненна, зняла насякомае, раздушыла пальцамі і выцерла іх аб сукенку.

Ружа Сарона замахала кардонінай. Падняла вочы на маці:

— Яна?.. — Астатнія словы нібы спякліся ў горле.

— Ногі вытры, Уілі… брудная свіння! — закрычала бабка.

Маці сказала:

— Не ведаю. Можа, калі б давезлі яе туды, дзе не так горача… хто ведае. Ты не хвалюйся, Разашарна. Дыхай свабодна — удых, выдых, не стойвай дыхання.

Да іх пад брызентавы навес зазірнула мажная жанчына ў чорнай парванай сукенцы. Позірк у яе быў мутны, туманны, друзлыя шчокі абвіслі складкамі абапал падбародка. Губы былі рыхлыя, нястуленыя: верхняя, як занавескай, закрывала зубы, а з-пад адвіслай ніжняй віднеліся дзясны.

— Добрай вам раніцы, мэм, — сказала яна. — Добрай раніцы і хвала госпаду богу.

Маці азірнулася.

— Добрай раніцы, — адказала яна.

Жанчына, сутулячыся, пралезла пад брызент і нахіліла галаву над бабкай.

— Мы чулі, што ў вас ёсць душа, гатовая ўзнесціся да госпада. Хай славіцца імя яго!

Твар у маці стаў жорсткі, вочы — калючыя.

— Яна стамілася, толькі і ўсяго, — сказала яна. — Ад дарогі і спёкі. Яна проста змучылася. Крыху адпачне і ачуняе.

Жанчына нахілілася да самага твару бабкі — здалося, панюхала яго. Тады павярнулася да маці і хутка пакруціла галавой, шчокі яе затрэсліся і захісталіся губы.

— Добрая душа імкнецца да госпада, — сказала яна.

Маці закрычала:

— Няпраўда!

Жанчына зноў пакруціла галавой, цяпер ужо не так хутка, і паклала азызлую руку на лоб бабцы.

— Гэта праўда, сястра, — сказала яна. — У нас у палатцы шасцёра вернікаў. Зараз я іх паклічу сюды, і мы наладзім малітоўны сход — памолімся і звернемся да міласці боскай. Усе іегавісты. Са мной шэсць. Пайду прывяду іх.

Маці ўся напялася.

— Не, не! — сказала яна. — Не трэба. Бабка змучылася, малітвы не вытрывае.

Жанчына сказала:

— Не вытрывае малітвы? Не вытрывае салодкага дыхання госпада нашага? Што ты гаворыш, сястра?

Маці сказала:

— Не. Тут нельга. Яна змучылася.

Жанчына з дакорам паглядзела на маці.

— Вы няверуючая, мэм?

— Не, мы людзі набожныя, але бабка вельмі змучылася. Мы ўсю ноч былі ў дарозе. Нам не хочацца турбаваць вас.

— Якія ж гэта турботы? А калі нават і так, мы ўсё зробім для душы, што імкнецца далучыцца да бязгрэшнага ягняці.

Маці прыўзнялася з зямлі і стала на калені.

— Дзякуй вам, — сказала яна холадна. — Мы не хочам, каб у нашай палатцы быў малітоўны сход.

Жанчына доўга пазірала на яе.

— Што ж, але мы не адпусцім сястру нашу без малітвы. Маленне будзе ў нашай палатцы, мэм. І няхай даруецца вам такая душэўная жорсткасць.

Маці зноў апусцілася на зямлю і павярнулася да бабкі тварам, з якога не сыходзілі цвёрдасць і суровасць.

— Яна змучылася, — паўтарыла яна зноў. — Проста змучылася.

Бабка кідалася галавой па падушцы і нешта ледзь чутна мармытала.

Жанчына пагардліва выйшла з-пад брызенту. Маці не зводзіла вачэй са старэчага твару.

Ружа Сарона махала кавалкам кардону, гонячы гарачае паветра хвалямі. Сказала:

— Ма!

— Што?

— Чаму ты не дазволіла ім тут памаліцца?

— Сама не ведаю. Наогул іегавісты — людзі добрыя. Але, молячыся, завываюць і скачуць. Не ведаю. Нешта найшло на мяне. Я гэтага цяпер не стрывала б. Сіл маіх не хапіла б.

Аднекуль зблізку данесліся гукі малення — манатонныя распевы пропаведзі. Слоў было не разабраць, чуўся толькі матыў. Голас то сціхаў, то набіраў сілу, і кожны распеў пачынаўся на больш высокай ноце. Вось у паўзе прапаведніку адказалі іншыя галасы, і яго голас набыў урачыстасць і ўладнасць. Тон усё павышаўся, і ў паўзах гукі падхопу паступова перайшлі ў лямант. Мала-памалу фразы пропаведзі рабіліся ўсё карацейшымі, адрывістымі, як каманды, і ў галасах, што на іх адгукаліся, загучалі жалобныя ноткі. Рытм малення ўсё разганяўся. Мужчынскія і жаночыя галасы гучалі суладна, але раптам, пасярод падхопу, адзін жаночы голас вырваўся, узляцеў увысь і выліўся ў роспачны крык, дзікі і шалёны, як звярыны; яму пачалі ўторыць больш нізкі жаночы голас, перарывісты, як брэх, і мужчынскі, які паступова танчэў, як воўчае выццё. Словы малітвы абарваліся, і з палаткі чуліся толькі жалобнае завыванне і тупат ног па зямлі. Маці кінула ў дрыжыкі. Ружа Сарона дыхала цяжка і перарывіста, а дзікі лямант не змаўкаў, і здавалася, вось-вось у людзей разарвуцца лёгкія.

Маці сказала:

— Нервы не вытрымліваюць. Нешта са мною сталася.

Раптам высокі голас перайшоў у істэрычны віск, як завыванне гіены; тупат зрабіўся гучнейшы. Галасы ламаліся і зрываліся, і нарэшце ўвесь хор загучаў роўна, і чуліся толькі рыданні і хрыплыя стогны, гукі ўдараў па целе і прытупванне па зямлі; потым рыданне перайшло ў ціхае скуголенне, накшталт скавытання шчанюкоў каля міскі з ежай.

Знерваваная Ружа Сарона ціха плакала. Бабка раптам збіла занавеску з ног, падобных на дзве шэрыя вузлаватыя палкі, і таксама заскуголіла пад такія ж гукі, што даносіліся з палаткі іегавістаў. Маці зноў прыкрыла ёй ногі занавескай. І тут бабка глыбока ўздыхнула, дыханне яе стала роўнае і свабоднае, прыплюшчаныя павекі перасталі пацепвацца. Старая заснула моцным сном і, крыху адкрыўшы рот, пахрапвала. Жаласнае скуголенне ў палатцы іегавістаў рабілася ўсё цішэйшым і нарэшце зусім сціхла.

Ружа Сарона зірнула на маці поўнымі слёз вачамі.

— Дапамагло, — сказала яна. — Бабцы дапамагло. Яна заснула.

Маці сядзела прысаромленая, апусціўшы галаву.

— Я, можа, дарэмна пакрыўдзіла добрых людзей, — сказала яна. — Бабка спіць.

— Можа, табе схадзіць пакаяцца прапаведніку нашаму?

— Пайду… Толькі ён нейкі дзіўны. Магчыма, гэта я праз яго не дазволіла тым людзям памаліцца тут. Прапаведнік наш думае: што людзі ні зробяць, усё добра. — Маці паглядзела на свае рукі. — А цяпер спаць, Разашарна. Калі паедзем ноччу, дык трэба выспацца. — Яна выцягнулася на траве каля матраца.

Ружа Сарона запыталася:

— А бабку не трэба абмахваць?

— Яна спіць. Кладзіся, дачушка.

— Куды гэта Коні дзеўся? — незадаволена сказала Ружа Сарона. — Ужо колькі часу яго не бачыла.

Маці сказала:

— Ш-ш… Паспі.

— Ма, Коні будзе вучыцца вечарамі і ў людзі выйдзе.

— Ага, ты мне ўжо казала. Кладзіся спаць.

Ружа Сарона прымасцілася з краю бабчынага матраца.

— Коні ўжо новае задумаў. Ён увесь час думае. Вось вывучыць пра электрычнасць і майстэрню сваю завядзе, а тады ведаеш, што ў нас будзе?

— Што?

— Лёд… колькі душа пажадае. Купім ледзяную шафу. Напакуем яе даверху. Нічога псавацца не будзе.

— Коні ўвесь час думае, — усміхнулася маці. — Вось і добра, а цяпер спаць.

Ружа Сарона заплюшчыла вочы. Маці павярнулася на спіну і падклала рукі пад галаву. Яна прыслухоўвалася да дыхання бабкі і дачкі. Махнула рукой, каб прагнаць муху з ілба. Лагер заціх пад пякучым сонцам, і гукі, якія даносіліся з нагрэтай травы, — строкат конікаў, гудзенне мух — толькі падкрэслівалі цішыню. Маці глыбока перавяла дыханне, пазяхнула і заплюшчыла вочы. Праз дрымоту пачула чыесьці крокі, але прачнулася не ад іх, а ад моцнага мужчынскага голасу.

— Тут хто ёсць?

Маці хуценька адарвала спіну ад зямлі, села. Нейкі мужчына з моцна загарэлым тварам нахіліўся і зазірнуў пад брызент. На ім былі высокія шнураваныя чаравікі, штаны колеру хакі і такога ж колеру форменная кашуля. На шырокай скураной партупеі вісела рэвальверная кабура, а злева на грудзях да кашулі была прышпілена вялікая сярэбраная зорка. Фуражка з мяккім верхам была ссунута на патыліцу. Ён паляпаў далонню па туга нацягнутым брызенце, і той загуў, як барабан.

— Тут ёсць хто-небудзь? — настойліва паўтарыў ён.

Маці запыталася:

— Што вам трэба, містэр?

— А як вы думаеце, што мне трэба? Хачу ведаць, хто тут ёсць.

— Тут нас трое: я, бабка і дачка мая.

— А мужчыны дзе?

— Пайшлі пакупацца. Мы ўсю ноч ехалі.

— Адкуль вы?

— З-пад самага Саліса ў Аклахоме.

— Тут вам заставацца нельга.

— Мы сёння позна вечарам паедзем далей, містэр, праз пустыню.

— І добра зробіце. Калі заўтра ў гэты час будзеце тут, я пасаджу вас. Мы такім не дазваляем тут надоўга спыняцца.

Твар у маці пацямнеў ад гневу. Яна памалу паднялася на ногі, падышла да скрыні з кухонным начыннем і выцягнула за доўгую ручку чыгунную патэльню.

— Містэр, — сказала яна, — у вас бляшаная цэшка і рэвальвер. Там, адкуль я прыехала, такія, як вы, голасу не павышаюць. — Яна пачала наступаць на яго з патэльняй у руцэ. Ён расшпіліў кабуру. — Страляй, — сказала маці. — Жанчын запалохваеш? Добра, што мужчын нашых тут няма. Яны б цябе на шматкі разадралі. У нашых краях такія, як ты, не вельмі плешчуць языком.

Чалавек адступіў назад на два крокі.

— Краі вашы засталіся далёка. Цяпер вы ў Каліфорніі, і ўсякім Окі мы не дазволім тут затрымлівацца.

— Окі? — ціха перапытала маці. — Окі?

— Ага, Окі! І калі я заўтра вас тут застану, не мінуць вам турмы. — Чалавек крута павярнуўся, падышоў да суседняй палаткі і паляпаў далонню па брызенце:

— Ёсць тут хто-небудзь?

Маці не спяшаючыся вярнулася пад брызент. Паклала патэльню назад у скрыню. Потым паволі апусцілася на зямлю, села. Ружа Сарона ўпотайкі сачыла за ёю. Убачыўшы, што маці стараецца стрымаць слёзы, яна заплюшчыла вочы і прытварылася, што спіць.


Сонца ўжо добра схілілася на захад, а спёка не спадала. Том прачнуўся пад вярбой. У роце ў яго засмягла, цела змакрэла ад поту, галава была цяжкая пасля сну. Ён вяла падняўся на ногі і пайшоў да берага. Скінуў з сябе адзежу, палез у рэчку. Ледзь толькі вада абняла яго, смага знікла. Ён лёг на мелкім месцы, упёршыся локцямі ў пясчанае дно, і цела яго плавала ў вадзе. І так ён ляжаў, пазіраючы на пальцы ног, якія пагойдваліся над паверхняй.

Бледны хударлявы хлопчык выпаўз, як звярок, з чароту і хуценька раздзеўся. Ён шмыгнуў у ваду, як хахуля, і, як хахуля, паплыў, пакінуўшы толькі вочы на паверхні. Раптам ён убачыў над вадой галаву Тома, заўважыў, што за ім сочаць. Хлопчык кінуў сваю гульню і сеў на дно.

Том сказаў:

— Хэло!

— Хэло!

— У хахулю гуляеш?

— Ага. — Хлопчык пасоўваўся ўсё бліжэй да берага, быццам проста так, незнарок, і раптам выскачыў з вады, згроб у ахапак сваё адзенне і знік у вербалоззі.

Том ціха засмяяўся і раптам пачуў рэзкі крык:

— Том! Гэй, Том!

Ён сеў на дно і свіснуў праз зубы, пранізліва, з хвацкім прысвістам у канцы. Кусты варухнуліся, і з іх выйшла Руці. Спынілася, пазіраючы на яго.

— Цябе мама кліча, — сказала яна. — Ідзі хутчэй.

— Зараз. — Том падняўся і пайшоў па вадзе да берага, а Руці глядзела на яго голае цела са здзіўленнем і цікавасцю.

Заўважыўшы на сабе яе позірк, Том сказаў:

— Ну бяжы. Давай адсюль!

І Руці ўцякла. Том пачуў, як яна ўсхвалявана кліча Ўінфілда. Ён нацягнуў гарачае адзенне на сваё халаднаватае, мокрае цела і няспешнай хадою пайшоў праз лазняк да палаткі.

Маці расклала агонь з сухога вярбовага голля і кіпяціла на ім ваду ў рондалі. Убачыўшы Тома, адразу адчула палёгку.

— Што тут у вас, ма? — запытаўся Том.

— Я баялася за цябе, — адказала яна. — Тут палісмен прыходзіў. Нам, кажа, нельга тут заставацца. Я баялася, каб ён з табой не загаварыў. Баялася, ты наб'еш яго, як толькі ён рот расчыніць.

Том сказаў:

— Чаго гэта я раптам палісменаў біць буду?

Маці ўсміхнулася:

— Ну… ён тут такога нагаварыў… я сама ледзь не набіла яго.

Том схапіў яе за плячо і размашыста і грубавата трасянуў яе і засмяяўся. І яшчэ смеючыся, апусціўся на траву.

— Божа мой, ма. Я такой цябе не ведаў, раней ты была больш далікатная. Што з табою стала?

Маці спахмурнела.

— Не ведаю, Том.

— Спярша на нас дамкратнай ручкай замахвалася, цяпер палісмена ледзь не збіла. — Том ціха засмяяўся, выцягнуў руку і ласкава паляпаў маці па голай ступні. — Сапраўдная ведзьма.

— Том…

— Што?

Маці доўга вагалася, перш чым загаварыць.

— Том, палісмен гэты… ён абазваў нас… Окі. Кажа: «Мы не дазволім усякім Окі тут затрымлівацца».

Том пільна паглядзеў на маці, рука яго ўсё яшчэ ласкава ляжала на яе ступні.

— Адзін чалавек нам ужо гаварыў. Сказаў, як яны вымаўляюць гэтае слова. — Том задуменна памаўчаў. — Ма, як па-твойму, я ўжо зусім адпеты? Месца маё ў турме?

— Не, — адказала яна. — Цябе давялі да забойства. Не. А чаму ты пытаешся?

— Проста так. Я палісмену гэтаму ўляпіў бы як мае быць.

Маці лагодна ўсміхнулася:

— Магчыма, я цябе на гэта і падбіла б. Я сама яго ледзь патэльняй не агрэла.

— А што ён гаварыў, ма? Чаму нам нельга тут заставацца?

— Сказаў, не дазволім усякім Окі тут затрымлівацца. Калі, кажа, я вас тут заўтра застану, у турму пасаджу.

— Мы не прывыклі, каб палісмены нас у карак гналі.

— Я так і сказала яму. А ён кажа, вы тут не дома. Вы ў Каліфорніі, а тут мы гаспадары.

Том нерашуча прамовіў:

— Мне трэба табе нешта сказаць, ма. Ной… пайшоў уніз па рацэ. Далей ён з намі не паедзе.

Сэнс яго слоў дайшоў да маці не адразу.

— Чаму? — праз нейкі момант ціха запыталася яна.

— Не ведаю. Кажа, так трэба. Што яму лепш застацца каля гэтай ракі. Прасіў сказаць табе.

— А што ён есці будзе?

— Не ведаю. Рыбу, кажа, лавіць буду.

Маці доўга маўчала.

— Распадаецца наша сям'я, — нарэшце прамовіла яна. — Проста не ведаю, не прыдумаю, што рабіць. У галаве ўсё перамяшалася. Гэтага мне ўжо занадта.

Том няўпэўнена сказаў:

— А нічога з ім не зробіцца, ма. Наогул, ён у нас з дзівацтвамі.

Маці кінула неўразумелы позірк на раку.

— Проста ў галаве ўсё перамяшалася.

Том глянуў на рады палатак і каля адной з іх убачыў Руці з Уінфілдам — яны стаялі каля ўвахода і з кімсьці далікатна размаўлялі. Руці мяла пальцамі сукенку, а Ўінфілд босай нагой калупаў пясок. Том крыкнуў:

— Гэй, Руці! — Дзяўчынка падняла галаву, убачыла брата і падбегла да яго, за ёю — Уінфілд. Том сказаў: — Збегай, Руці, пакліч нашых. Яны спяць пад вербамі. Сюды вядзі. А ты, Уінфілд, скажы Ўілсанам, што мы хутка едзем, няхай збіраюцца.

Дзеці мігам разбегліся. Том запытаўся ў маці:

— А як бабка, ма?

— Заснула. Здаецца, ёй лепш. І цяпер яшчэ спіць.

— То добра. Колькі ў нас свініны засталося?

— Малавата. Адна маленькая бочачка.

— Тады ў другую вады набяром. Ваду трэба ўзяць у дарогу.

З вербняку пачуліся гучныя крыкі Руці, якая склікала мужчын.

Маці падкінула сухога вярбовага голля ў вогнішча, і агонь з трэскам абхапіў рондаль. Сказала:

— Дай нам, божа, хутчэй адпачыць. Дай нам, госпадзі, знайсці сабе добры прыстанак!

Сонца хілілася да ламанай рысы абпаленых ім узгоркаў. Вада ў рондалі шалёна бурліла. Маці пайшла пад брызентавы навес, выйшла адтуль з поўным фартухом бульбы і ўсыпала яе ў вар.

— Дай, божа, хутчэй памыць бялізну. Ніколі мы яшчэ такія брудныя не хадзілі. Бульбу і то нямытую вару. А чаму — не разумею. Быццам сэрца з мяне вырвалі.

Мужчыны купкай выйшлі з кустоў. Вочы ў іх былі сонныя, твары расчырванелыя, азызлыя ад сну сярод дня. Бацька папытаўся:

— Што тут у вас?

— Трэба ехаць, — адказаў Том. — Палісмен прыходзіў, гоніць далей. Лепш хутчэй пераехаць пустыню. Выедзем чым раней і, можа, адолеем яе адразу. Нейкіх трыста міль засталося.

Бацька сказаў:

— Эх, думаў, адпачнём тут добра.

— Нельга, трэба ехаць, та, — сказаў Том. — Ной з намі не едзе. Пакіраваў уніз па рацэ.

— Не едзе? Што яму, чорту, у галаву ўзбрыло? — сказаў бацька і запнуўся. Потым паныла прамовіў: — Мая віна. Ной — гэта мая віна.

— Ды кінь ты, та.

— Няма чаго і гаварыць. Віна мая.

— Трэба збірацца, — сказаў Том.

Уілсан, падыходзячы, пачуў апошнія словы Тома.

— Мы ехаць не можам, — сказаў ён. — Сэйры зусім знемаглася. Ёй патрэбен спакой. Жывая яна з гэтай пустыні не выберацца.

Яго выслухалі моўчкі; потым Том сказаў:

— Палісмен гразіўся ўсіх нас у турму загнаць, калі мы да заўтра застанемся.

Уілсан пакруціў галавой. Вочы яго заслаліся пялёнкай трывогі, праз загар на твары праступіла бледнасць.

— Тады едзьце адны. Сэйры не можа. У турму дык у турму. Сэйры трэба адпачыць, набрацца сілы.

Бацька сказаў:

— Можа, мы пачакаем вас? А тады ўсе і паедзем.

— Не, — адказаў Уілсан. — Вы і так шмат нам зрабілі. А тут заставацца вам нельга. Вам трэба ехаць, знайсці работу, працаваць. Мы вас не хочам затрымліваць.

Бацька ўсхвалявана сказаў:

— Але ж у вас нічога няма.

Уілсан усміхнуўся:

— Калі мы з вамі стрэліся, у вас таксама нічога не было. Вас гэта не датычыць. Будзеце спрачацца са мной, я ўзлавацца магу. Вы едзьце, а то я сапраўды зазлую і пасваруся з вамі.

Кіўком галавы маці паклікала бацьку пад брызент і нешта шапнула яму.

Уілсан павярнуўся да Кейсі:

— Сэйры прасіла вас зайсці да яе.

— Добра, — адказаў прапаведнік. Ён пайшоў да маленькай шэрай палаткі Ўілсанаў, адхінуў полкі і ўвайшоў. У палатцы было цёмна і душна. На зямлі ён убачыў матрац, астатнія рэчы, як былі скінуты з грузавіка, так і валяліся дзе папала. Сэйры ляжала на матрацы, шырока расплюшчыўшы бліскучыя вочы. Кейсі спыніўся, глянуў на яе, апусціўшы сваю вялікую галаву, і мускулы на яго жылістай шыі напяліся. Ён зняў з галавы капялюш і стаяў, трымаючы яго ў руцэ.

Сэйры спыталася:

— Муж сказаў, што мы не едзем?

— Сказаў.

Зноў пачуўся нізкі прыгожы голас Сэйры:

— Я хацела ехаць з вамі. Ведаю, мне з гэтай пустыні жывой не выбрацца, затое муж перабярэцца цераз яе. А ён не хоча. Ён не ведае. Думае, я папраўлюся. Ён не ведае.

— Ён сказаў: не паедзем.

— Ага. Ён упарты. А вас я паклікала, каб малітву прачыталі.

— Я не прапаведнік ужо, — ціха прамовіў Кейсі. — Малітвы мае не памогуць.

Сэйры правяла языком па сасмяглых губах.

— Калі памёр іх дзед, я была ў палатцы. Тады вы прачыталі малітву.

— Гэта была не малітва.

— Малітва, — сказала Сэйры.

— Не такая, якія чытаюць прапаведнікі.

— Малітва была добрая. Прачытайце і мне такую.

— Я не ведаю, што гаварыць.

Сэйры заплюшчыла вочы і праз хвіліну зноў паглядзела на Кейсі.

— Тады памаліцеся моўчкі. Без слоў. Мне большага не трэба.

— Ува мне няма бога, — сказаў Кейсі.

— У вас ёсць бог. Вы не ведаеце, які ён, але гэта няважна. — Прапаведнік схіліў галаву. Сэйры баязліва сачыла за ім. І калі ён падняў галаву, твар яе пасвятлеў. — Гэтага я і хацела. Адчуць, што ёсць нехта побач… і моліцца.

Кейсі матнуў галавой, быццам адганяючы сон.

— Я гэтага не разумею, — сказаў ён.

А Сэйры сказала:

— Але вы… вы ведаеце, праўда?

— Ведаю, — адказаў Кейсі, — ведаю, але не разумею. Можа, міне некалькі дзён, вы адпачняце і паедзеце далей.

Сэйры паволі пакруціла галавой:

— Ува мне ўжо нічога не засталося, акрамя болю. Я ведаю, што гэта, толькі яму гаварыць не хачу. Ён вельмі засмуціцца. А зрабіць усё роўна нічога не зможа. Магчыма, ноччу, калі ён засне… Прачнецца, усё ж лягчэй.

— Хочаце, я не паеду, застануся з вамі?

— Не, — сказала Сэйры. — Не. Ведаеце, дзяўчынай я добра спявала. У нашых краях усе гаварылі, што я спяваю не горш за саму Джэні Лінд. Бывала, прыйдуць паслухаць мяне. І вось… пяеш, а людзі стаяць побач, і здаецца, быццам ты з імі адно цэлае. Так мне рабілася добра тады. Не кожнаму дадзена такое адчуць — такую паўнату ў сэрцы і блізкасць да людзей, што стаяць і слухаюць. Тады я ўсё думала, што некалі буду спяваць у тэатрах, ды не збылося. То і добра. Калі я спявала, нікога паміж намі не было, нічога. Вось чаму я папрасіла вас памаліцца. Захацелася яшчэ раз адчуць такую блізкасць. Песня і малітва — адно і тое. Шкада, што вы не чулі, як я спявала.

Кейсі заглянуў ёй у самыя вочы.

— Бывайце, — сказаў ён.

Яна кіўнула яму галавой і моцна сцяла губы. І прапаведнік выйшаў з паўзмроку палаткі на сляпучае сонечнае святло.

Мужчыны рабілі пагрузку. Дзядзька Джон стаяў на кузаве, а астатнія падавалі яму рэчы. Ён акуратна расстаўляў іх, стараючыся, каб было як мага раўней. Маці выняла салёную свініну з бочачкі і паклала ў рондаль, а Том з Элам схадзілі да ракі і памылі абедзве бочачкі. Потым прывязалі іх да падножак грузавіка, налілі вадой, якую прынеслі ў вёдрах. Зверху завязалі бачуркі парусінай, каб вада не расплюхалася ў дарозе. Засталося яшчэ толькі ўкласці брызент і матрац, на якім спала бабка.

Том сказаў:

— З такім грузам калымага наша моцна перагрэецца. Вялікі запас вады трэба мець.

Маці раздала ўсім вараную бульбу, вынесла з-пад брызенту астатнія паўмяха бульбы і паставіла яго ля рондаля са свінінай. Усе елі стоячы, пераступаючы з нагі на нагу і перакідаючы з далоні на далонь гарачыя бульбіны, каб яны астылі.

Маці пайшла ў палатку Ўілсанаў, прабыла там хвілін дзесяць і ціхенька выйшла.

— Пара ехаць, — сказала яна, падышоўшы да мужчын.

Мужчыны зайшлі пад брызентавы навес. Бабка спала з шырока раскрытым ротам. Яны асцярожна паднялі матрац і паклалі яго на самы верх грузавіка. Бабка падабрала свае кашчавыя ногі, але не прачнулася.

Дзядзька Джон з бацькам перакінулі брызент цераз верхнюю перакладзіну так, што атрымалася нешта накшталт стрэшкі, і прывязалі яго да бакавых планак бартоў. Цяпер усё было гатова. Бацька дастаў з кішэні кашалёк і выняў з яго дзве пакамечаныя паперкі. Ён падышоў да Ўілсана і падаў яму грошы.

— Вось, прыміце ад нас і… — ён паказаў на рондаль са свінінай і мяшок з бульбай, — і гэта.

Уілсан панурыўся і рашуча пакруціў галавой.

— Не, я гэтага не зраблю, — сказаў ён. — У вас у саміх мала.

— На дарогу нам хопіць, — сказаў бацька. — Не апошняе аддаём. А прыедзем на месца, у нас работа будзе.

— Не, я гэтага не зраблю, — паўтарыў Уілсан. — Лепш не ўгаворвайце, зазлую.

Маці ўзяла з рук бацькі абедзве паперкі, акуратна перагнула іх напалам і паклала на зямлю, а зверху паставіла рондаль са свінінай.

— Вось дзе яно будзе, — сказала яна. — Не возьмеце вы, возьмуць іншыя.

Уілсан павярнуўся, не падымаючы галавы, і пайшоў да сваёй палаткі, і за ім захінуліся полкі.

Джоўды пачакалі яшчэ некалькі хвілін, і тады Том сказаў:

— Трэба ехаць. Цяпер ужо, пэўна, каля чатырох.

Усе забраліся на грузавік, маці наверх — бліжэй да бабкі. Том з Элам і бацькам селі ў кабіну, Уінфілд — на калені да бацькі. Коні і Ружа Сарона прымасціліся каля пярэдняй сценкі. Прапаведнік, дзядзька Джон і Руці паселі хто дзе сярод паклажы.

Бацька крыкнуў:

— Місіс Уілсан, містэр Уілсан, бывайце!

З палаткі не адказалі. Том завёў матор, і грузавік цяжка зрушыў з месца. І калі яны папаўзлі па разбітай дарозе, што вяла да Нідлса і да шашы, маці азірнулася. Уілсан стаяў з капелюшом у руцэ і пазіраў ім услед. Сонца біла яму проста ў твар. Маці памахала яму рукой, але ён не адказаў ёй.

Том вёў грузавік на другой скорасці, каб не папсаваць рысоры. На ўскраіне Нідлса ён спыніўся каля заправачнай станцыі, праверыў, ці не спускаюць камеры і ці моцна прывязаны запасныя шыны. Заправіў гаручым бак, купіў яшчэ дзве пяцігалонавыя каністры бензіну і адну двухгалонавую бляшанку масла. Ён заліў у радыятар вады, папрасіў даць яму карту і пачаў яе вывучаць.

Малады чалавек у белай форме прыкметна нерваваўся, абслугоўваючы Тома, і супакоіўся толькі тады, калі яму заплацілі па рахунку.

— Храбры вы народ, — сказаў ён.

Том адарваў вочы ад карты.

— Гэта чаму ж?

— Праз пустыню ў такім драндулеце?

— А ты сам праз яе пераязджаў?

— І не адзін раз, толькі не ў гэтакай скрыні.

Том сказаў:

— Калі будзе паломка, хто-небудзь нас, думаю, выручыць.

— Што ж, можа, і выручыць. Але сярод ночы людзі баяцца спыняцца. Я нізашто б не спыніўся. Храбрасці не хапіла б.

— Думаеш, мы храбрыя? Нам проста нічога больш не застаецца. Ну, дзякуй табе. Пацягнемся далей. — Том сеў у кабіну і паехаў ад станцыі.

Малады чалавек у белым увайшоў у домік з рыфленага жалеза, дзе яго памочнік праглядаў папку з рахункамі.

— О божа, ну й адчайны народ!

— Хто — Окі? Яны ўсе адчайныя.

— На такім драндулеце я пабаяўся б і з месца скрануцца.

— У нас з табой здаровы розум. А ў гэтых чортавых Окі ні разумення ніякага няма, ні чалавечых пачуццяў. Яны і не людзі. Сапраўдны чалавек не будзе так жыць, як яны. Сапраўдны чалавек не прымірыўся б з такім брудам і ўбоствам. Яны не нашмат лепшыя за гарыл.

— А ўсё ж добра, што мне не трэба ехаць праз пустыню на такім дапатопным «гудзоне». Тарахціць, як малатарня.

Памочнік паглядзеў на папку, што ляжала перад ім. Буйная кропля поту скацілася з яго пальца і ўпала на ружовыя лісткі.

— Ведаеш, іх нічым не напалохаеш. Яны такія бязмозгія, нават не ўяўляюць сабе, як гэта небяспечна. І, далібог, далей свайго носа нічога не бачаць. Ёсць за каго перажываць!

— Я не перажываю. Проста ўявіў сябе на іх месцы. Не, нізашто не хацеў бы!

— Бо ты разумееш, што да чаго. А яны нічога не разумеюць, — сказаў памочнік і выцер рукавом кроплю з ружовага рахунка.


Грузавік выехаў на шашу і пачаў узбірацца на пакаты ўзгорак між абламаных, выветраных скал. Вада ў радыятары неўзабаве закіпела, Том прыняў гэта як належнае і паехаў цішэй. Вышэй і вышэй па доўгім схіле, дарога выгіналася і пятляла па мёртвай мясцовасці, выпаленай сонцам да шэрасці, да белізны, без ніякіх прыкмет жыцця. Том зрабіў кароткі прыпынак, каб астыў матор, потым рушыў далей. Яны ўзняліся на перавал яшчэ да захаду сонца і зірнулі ўніз на пустыню — чорныя, як сажа, горы ўдалечыні і жоўтыя блікі сонца на шэрай пустэльнай зямлі. Маленькія чэзлыя пучкі травы, быльнёг і кусцікі жорсткага хмызу кідалі рэзкія цені на пясок і на абломкі скал. Сляпучае сонца свяціла ім проста ў вочы. Том прыкрыў іх рукой, каб відаць была дарога. Яны перавалілі цераз грэбень і пакаціліся ўніз з выключаным маторам, каб даць яму астыць. Так яны спускаліся па доўгім схіле да пустыні, а вентылятар круціўся, халодзячы ваду ў радыятары. Том, Эл і бацька з Уінфілдам на каленях глядзелі на яркае сонца над гарызонтам, і вочы ў іх былі як шкляныя, загарэлыя твары блішчалі ад поту. Выпаленая зямля і чорныя, як сажа, горы парушалі роўную далеч пустыні і рабіліся яшчэ страшнейшымі ў пачырванелых промнях заходняга сонца.

Эл сказаў:

— Ну і мясцовасць! А што, калі б давялося ісці пеша?

— Хадзілі і пеша, — адказаў Том. — Шмат народу хадзіла, а раз іншыя маглі, значыць, і мы змаглі б.

— Шмат, пэўна, загінула іх, — сказаў Эл.

— У нас ужо таксама не без страт.

Эл змоўчаў. Пустыня, якая ўсё больш чырванелася, пралятала міма.

— Як думаеш, мы калі-небудзь убачым зноў гэтых Уілсанаў? — папытаўся Эл.

Том пакасіўся на індыкатар узроўню масла і адказаў:

— У мяне такое адчуванне, што ні мы, ні хто іншы больш не ўбачыць місіс Уілсан. Проста адчуванне такое.

Уінфілд сказаў:

— Та, я хачу злезці.

Том глянуў на яго.

— Не шкодзіла б усіх спусціць да цемнаты. — Ён збавіў хуткасць і спыніў машыну. Уінфілд саскочыў на зямлю і памачыўся на краі шашы. Том высунуўся з кабіны. — Яшчэ каму трэба?

— Пацерпім, — адгукнуўся дзядзька Джон.

Бацька сказаў:

— Ты, Уінфілд, лезь наверх. У мяне ногі знямелі цябе трымаць. — Хлопчык зашпіліў штаны, паслухмяна ўскараскаўся на грузавік па заднім борце і пералез на карачках цераз бабчын матрац бліжэй да Руці.

Машына ішла насустрач нізкаму сонцу, якое ўжо дакранулася краем да няроўнай рысы гарызонту, заліўшы густой чырванню ўсю пустыню.

Руці сказала Ўінфілду:

— Што, прагналі?

— Я сам не захацеў. Тут лепш. Там легчы няма дзе.

— Толькі сядзі ціха, не балбачы, — сказала Руці, — бо я хачу заснуць — прачнуся, а мы ўжо на месцы! Так Том сказаў. Цікава будзе паглядзець — прыгожы, кажуць, край.

Сонца зайшло, пакінуўшы на небе вялікі зіхатлівы круг. Пад брызентам стала цёмна, як у тунелі з прасветлінамі ў абодвух канцах, трохвугольнымі прасветлінамі.

Коні і Ружа Сарона сядзелі, прыхінуўшыся да кабіны, і гарачы вецер, які ўрываўся пад навес, біў ім у патыліцу, а брызент ляпаў і гуў, як барабан, у іх над галавой. Яны ціха перамаўляліся пад ляпанне брызенту, каб ніхто іх не чуў. Коні паварочваў галаву і шаптаў жонцы на вуха, і Ружа Сарона, адказваючы, рабіла тое самае. Яна сказала:

— Мы адно толькі робім — едзем і едзем, і, здаецца, ніколі канца гэтаму не будзе. Мне надакучыла.

Коні павярнуўся да яе вуха:

— Можа, раніцай… Ты б хацела, каб мы пабылі адны? — У змроку ён пагладзіў рукою яе бядро.

Яна сказала:

— Не трэба. А то я завядуся, як шлюха. Кінь. — І павярнулася вухам да яго, каб пачуць, што ён адкажа.

— Можа… калі ўсе заснуць.

— Можа… — сказала Ружа Сарона, — Толькі пачакай, пакуль заснуць.

— Я больш не магу, — сказаў Коні.

— Ведаю. Я таксама. Давай пагаворым, як там усё будзе, а ты адсунься, пакуль галава ў мяне не закружылася.

Коні крыху адсунуўся.

— Значыць, адразу, як прыедзем, я пачну вучыцца вечарамі, — сказаў ён. Ружа Сарона глыбока ўздыхнула. — Я дастану кніжачку такую, дзе ўсё пра гэта гаворыцца, выражу з яе падпісны бланк і адразу пашлю.

— А чакаць доўга давядзецца?

— Чаго чакаць?

— Калі ты пачнеш зарабляць вялікія грошы і ў нас будзе лёд.

— Гэта цяжка сказаць, — важна прамовіў Коні. — Загадзя сказаць не магу. Да Каляд, а то і раней, думаю, вывучуся.

— Ты вывучышся, і мы купім сабе лёд і ўсё астатняе, так?

Коні хмыкнуў:

— Гэта ў цябе ад спёкі. Нашто табе лёд на Каляды?

Ружа Сарона ўсміхнулася:

— І праўда. Але так хочацца, каб ён у нас заўсёды быў. Ну, перастань. А то я завядуся!

Сутонне перайшло ў цемру, і лагоднае неба над пустыняй усыпалі зоркі — калючыя, вострыя, з рэдкімі кароткімі і доўгімі промнямі. І гарачыня стала іншая. Пакуль сонца стаяла ў небе, гарачыня хвастала, працінала наскрозь, а цяпер яна падымалася знізу, ад зямлі, і шчыльна ахінала людзей. Загарэліся фары, і цьмяна завіднеўся наперадзе кавалак шашы і паласа пустыні абапал яе. Час ад часу ўдалечыні паблісквалі вочы якой-небудзь жывёліны, але самой яе не было відаць. Пад брызентам цяпер зрабілася зусім цёмна. Дзядзька Джон і прапаведнік ляжалі, скурчыўшыся і апіраючыся на локці, пасярэдзіне грузавіка і глядзелі на дарогу праз задні трохкутны праём навеса. Бліжэй да задняга борта яны бачылі два няясныя выступы — гэта былі бабка і маці; маці раз-пораз варушылася, і ў праёме мільгалі абрысы яе рукі.

Дзядзька Джон загаварыў з прапаведнікам.

— Кейсі, — сказаў ён, — ты павінен ведаць, што з гэтым рабіць.

— З чым?

— Не ведаю, — адказаў дзядзька Джон.

Кейсі сказаў:

— Нялёгкую ты мне задачу задаў!

— Ты ж быў прапаведнікам.

— Паслухай, Джон, усе мне тыцкаюць — прапаведнік, прапаведнік… А прапаведнік такі самы чалавек, як і ўсе іншыя.

— То так, але… ён… чалавек асаблівы, інакш які ж ён прапаведнік. Я вось што хацеў спытацца… як па-твойму, можа так быць, што прыносіш людзям няшчасце?

— Не ведаю. Не ведаю.

— Ну, разумееш… была ў мяне жонка… прыгожая, добрая. Неяк ноччу забалеў у яе жывот. І папрасіла яна: «Прывядзі доктара». А я кажу: «Яшчэ чаго. Ты проста аб'елася». — Дзядзька Джон паклаў руку на калена прапаведніку і пачаў узірацца ў цемры ў яго твар. — Як яна на мяне паглядзела! Усю ноч стагнала і назаўтра днём памерла. — Прапаведнік нешта прамармытаў. — Разумееш? — гаварыў далей Джон. — Я забіў яе. І з таго дня ўсё стараўся выкупіць сваю віну, рабіць дабро… усё больш дзецям. І жыць захацеў дабром, а не магу. Напіваюся, распуснічаю.

— Усе распуснічаюць, — сказаў Кейсі. — Я таксама.

— То так, але ў цябе няма грэху на душы.

Кейсі мякка сказаў:

— Як няма — ёсць. Усе не без грэху. Грэх — гэта тое, у чым ты не адчуваеш упэўненасці. А тых, хто ва ўсім упэўнены і не ведае за сабой грахоў, тых сукіных сыноў я, на месцы бога, гнаў бы выспяткам у зад з царства нябеснага. Цярпець іх не магу!

Дзядзька Джон сказаў:

— У мяне такое адчуванне, быццам я сваім родным няшчасце прыношу. Думаю, ці не пайсці ад іх. Гэтак жыць больш не магу.

Кейсі адказаў адразу:

— Мне гэта вядома… Што чалавеку трэба рабіць, няхай тое і робіць. Параіць табе нічога не магу. Не ведаю, ці можа чалавек прыносіць другому шчасце або няшчасце. Адно толькі добра ведаю: ніхто не мае права лезці ў чужое жыццё. Няхай чалавек вырашае сам за сябе. Памагчы яму можна, а ўказваць — не.

Дзядзька Джон расчаравана сказаў:

— Дык ты не ведаеш, што мне рабіць?

— Не, не ведаю.

— Па-твойму, гэта грэх, што я даў жонцы вось гэтак памерці?

— Разумееш, — сказаў Кейсі, — у каго іншага гэта была б проста памылка, але раз ты лічыш, што гэта грэх… значыць, грэх. Чалавек сам стварае сабе грахі.

— Мне трэба добра падумаць, — сказаў дзядзька Джон, павярнуўся на спіну і лёг, падняўшы калені.

Грузавік ішоў па гарачай пустыні гадзіна за гадзінай. Руці і Ўінфілд спалі. Коні выцягнуў аднекуль з паклажы коўдру, накрыў сябе і Ружу Сарона, і, стрымліваючы дыханне, яны пачалі валтузіцца ў духаце. Потым Коні адкінуў коўдру, і гарачы скразняк абвеяў прахалодай іх змакрэлыя целы.

Каля задняга борта маці ляжала на матрацы побач з бабкай, і, хоць нічога ў цемры не бачыла, яна адчувала сутаргавае паторгванне цела, няроўнае сэрцабіццё і перарывістае дыханне бабкі. І ўсё паўтарала:

— Супакойся. Усё будзе добра. — І потым дадала зрывістым голасам: — Ты ж ведаеш, нам трэба пераехаць гэту пустыню. Ты ж гэта ведаеш.

Дзядзька Джон аклікнуў яе:

— Што там у вас?

Толькі праз якую хвіліну маці адказала:

— Ды гэта я так. Пэўна, у сне.

Потым бабка заціхла, і маці знерухомела побач з ёю.

Ноч цягнулася, міналі гадзіны, цемра ляцела насустрач грузавіку. Часам іх абганялі легкавыя аўтамашыны, што беглі на захад, у ноч; часам насустрач ім імчаліся вялізныя грузавікі і з грукатам праляталі міма, на ўсход. Зоркі марудным каскадам струменіліся ў бок заходняга гарызонту. Каля паўночы Джоўды пад'ехалі да інспектарскай станцыі на ўскраіне Дэгета. Шаша ў гэтым месцы была залітая электрычнасцю, а каля канторы стаяў ярка асветлены шчыт з надпісам: «Бяры ўправа. Стоп». Том спыніў машыну, і інспектары, што сланяліся без справы па канторы, зараз жа выйшлі і сталі пад доўгай драўлянай паветкай. Адзін з іх запісаў нумар машыны і падняў века капота.

Том запытаўся:

— Гэта навошта?

— Агранамічная інспекцыя. Зараз агледзім вашу машыну. Расліны, насенне ёсць?

— Няма, — адказаў Том.

— Усё роўна агледзім. Разгружайцеся.

Маці з цяжкасцю злезла з грузавіка. Твар у яе быў апухлы, вочы глядзелі сурова.

— Паслухайце, містэр, у нас старая хворая жанчына. Вязём яе да доктара. Нам марудзіць нельга. — Яна, відаць, ледзь стрымлівалася, каб не закаціць істэрыку. — Вы не маеце права нас затрымліваць.

— Не маю права? Без агляду нельга.

— Богам прысягаю, у нас нічога гэтага няма! — закрычала маці. — Прысягаю. Бабцы зусім дрэнна.

— У вас у самой выгляд нездаровы, — сказаў інспектар.

Маці ўзялася за край борта і з усяе сілы падцягнулася да бабкі.

— Вось, зірніце, — сказала яна.

Інспектар накіраваў прамень электрычнага ліхтарыка на стары зморшчаны твар.

— Далібог, праўда, — сказаў ён. — Дык вы прысягаеце, што нічога няма — ні насення, ні фруктаў, ні гародніны, ні кукурузы, ні апельсінаў?

— Няма, няма. Прысягаю.

— Што ж, едзьце. У Барстаў ёсць доктар. Усяго восем міль адсюль. Давайце наперад!

Том сеў у кабіну, і машына зрушыла з месца.

Інспектар павярнуўся да свайго таварыша:

— Не мог я іх затрымліваць.

— Можа, маняць, — сказаў той.

— Што ты, не! Ты бачыў бы твар гэтай старой! Не, не маняць.

Том павялічыў хуткасць, каб хутчэй дабрацца да Барстаў, і, калі яны пад'ехалі да гэтага маленькага гарадка, ён спыніў машыну, вылез з кабіны і падышоў да задняга борта. Маці вызірнула яму насустрач.

— Усё ў парадку, — сказала яна. — Я проста не хацела там часу траціць, баялася, не паспеем да раніцы пераехаць пустыню.

— Гэта добра. А з бабкай што?

— Нічога. Едзь далей. Трэба хутчэй пераехаць пустыню.

Том пакруціў галавой і вярнуўся ў кабіну.

— Эл, — сказаў ён, — зараз заправімся, а далей ты трохі павядзеш.

Грузавік пад'ехаў да заправачнай станцыі, якая працавала круглыя суткі, і Том наліў бак і радыятар і падліў масла ў картэр. Эл перасунуўся да руля, а Том сеў на крайняе месца справа, бацька сядзеў пасярэдзіне. Яны зноў акунуліся ў цемру, і невысокія ўзгоркі вакол гарадка засталіся ззаду.

Том сказаў:

— Не разумею, што гэта з мамай? Якая яе муха ўкусіла? Не так ужо і доўга агледзець паклажу. Сказала, што з бабкай зусім дрэнна, а цяпер кажа — нічога. Розуму не дабяру. Нешта нядобрае з ёю. Мазгі, ці што, перакруціліся за дарогу.

Бацька сказаў:

— Яна цяпер як у маладосці. Адчайная была дзяўчына. Нічога не баялася. Здаецца, ужо час ёй уціхамірыцца — гэтулькі ж дзяцей нараджала. А праца якая цяжкая. Ды дзе там! А калі той жалязякай размахвала, памятаеш! Паспрабуй забяры ў яе — я нізашто б не адважыўся.

— Зразумець не магу, што з ёю, — сказаў Том. — Пэўна, проста стамілася.

Эл сказаў:

— Вось ужо не буду гараваць, калі падарожжа наша скончыцца. Усе нервы выматала гэтая праклятая машына.

Том сказаў:

— Ты малайчына, Эл. Добрую выбраў. З ёю амаль ніякага клопату не было.

Усю ноч машына ўгрызалася ў душную цемру, і зайцы збягаліся на святло фар і ўцякалі доўгімі пругкімі скачкамі. І калі наперадзе бліснулі агеньчыкі форта Махаве, ззаду пачало ўжо світаць. У перадранішнім сутонні на захадзе паказаліся высокія горы. У Махаве, на граніцы між Арызонай і Каліфорніяй, залілі ў машыну вады і масла і паволі папаўзлі ў горы. Досвітак цяпер акружаў іх з усіх бакоў.

Том сказаў:

— Дзякуй богу, праехалі! Та, Эл, радуйцеся! Пустыню праехалі!

— Я так змарыўся, што мне ўсё роўна, — сказаў Эл.

— Можа, я павяду?

— Не, пачакай.

Тачапі праехалі, калі неба ўжо заірдзелася — ззаду падымалася сонца. І раптам перад іх вачамі разаслалася шырокая даліна. Эл націснуў на тормаз, і машына спынілася пасярод дарогі.

Бацька сказаў:

— А божачкі!

Гарадкі ўдалечыні, пасёлкі сярод фруктовых садоў і ў золата афарбаваная ранішнім сонцам даліна. Ззаду пачуўся сігнал аўтамабіля. Эл адвёў грузавік да краю шашы і там стаў.

— Хачу на ўсё гэта паглядзець, — сказаў ён.

Залацістыя ўранні збожжавыя палі, вербы радамі, цэлыя шарэнгі эўкаліптаў.

Бацька ўздыхнуў:

— І не снілася мне, што такое бывае на свеце.

Персікавыя дрэвы, арэхавыя гаі, цёмна-зялёныя плямы апельсінаў. І чырвоныя дахі сярод дрэў, і адрыны — прасторныя адрыны. Эл выйшаў з кабіны і крыху прайшоўся, каб размяць ногі. Потым крыкнуў:

— Ма, глянь! Прыехалі!

Руці з Уінфілдам скаціліся з машыны і моўчкі замерлі на месцы, зачаравана і палахліва пазіраючы на бязмежную даліну. Лёгкая смуга засцілала даль, і, здавалася, зямля, чым далей, рабілася ўсё мякчэйшай і мякчэйшай. Недзе далёка пабліскваў на сонцы крыламі вятрак — як маленькі геліёграф, што перадае светлавыя сігналы. Руці і Ўінфілд не адрывалі вачэй ад яго. Руці прашаптала:

— Вось яна — Каліфорнія.

Уінфілд бязгучна паварушыў губамі, паўтараючы гэтае слова па складах.

— Тут фрукты, — сказаў ён уголас.

Кейсі і дзядзька Джон, Коні і Ружа Сарона спусціліся ўніз. І таксама стаялі моўчкі. Ружа Сарона пачала прыгладжваць рукой валасы, раптам убачыла даліну, і рука яе паволі апусцілася.

Том сказаў:

— А дзе ма? Няхай і яна паглядзіць. Ма, глянь! Сюды ідзі.

Маці памалу, цяжка пералезла цераз задні борт. Том глянуў на яе.

— Госпадзі, ма, ты што, захварэла?

Твар у яе быў ацёклы, нейкі застылы, вочы глыбока запалі, вакол іх — чырвоныя кругі стомы. Ногі яе дакрануліся да зямлі, і яна ўхапілася за планку борта, каб не ўпасці.

Пачуўся яе хрыплы голас:

— Пустыню, кажаце, праехалі?

Том паказаў рукой на даліну:

— Глянь!

Яна павярнула галаву ў той бок, і рот яе крыху раскрыўся. Пальцы пацягнуліся да горла, ухапілі складку скуры і слаба сціснулі яе.

— Дзякуй богу, — сказала маці. — Прыехала наша сям'я. — Калені ў яе падагнуліся, і яна апусцілася на падножку.

— Ты захварэла, ма?

— Не, стамілася.

— Ты ноччу не спала?

— Не.

— Бабцы было дрэнна?

Маці паглядзела на свае рукі, якія ляжалі ў яе на каленях, як стомленыя палюбоўнікі.

— Я хацела пачакаць, не гаварыць адразу. Каб не сапсаваць вам… Хацела як лепш.

Бацька сказаў:

— Значыць, бабцы зусім дрэнна.

Маці ўзняла вочы і доўгім поглядам абвяла даліну.

— Бабка памерла.

Усе моўчкі пазіралі на яе, і бацька нарэшце запытаўся:

— Калі?

— Яшчэ да таго, як інспектары нас спынілі.

— Таму ты і не дала ім паклажу праверыць.

— Баялася, не паспеем пустыню пераехаць, — адказала маці. — Я сказала бабцы, што зрабіць нічога нельга. Сям'і трэба праехаць праз пустыню. Я сказала ёй, усё ёй сказала, калі яна была ўжо пры смерці. Нам нельга спыняцца сярод пустыні. У нас малыя дзеці… і Разашарна чакае дзіцяці. Я ёй усё сказала. — Яна падняла рукі і на момант закрыла імі твар. — Пахаваем яе ў прыгожым, зялёным месцы, — ціха прамовіла маці. — Навокал будуць дрэвы, і месца будзе прыгожае. Няхай хоць прах яе спачывае ў Каліфорніі.

Усе спалохана пазіралі на маці, дзівячыся сіле яе духу.

Том сказаў:

— Госпадзі божа! Ты ўсю ноч ляжала з ёю побач!

— Трэба было пераехаць пустыню, — прагаварыла маці жаласна.

Том ступіў да яе — хацеў пакласці ёй руку на плячо.

— Не чапай мяне, Том, — сказала яна. — Я саўладаю з сабой, толькі не чапай. А то не стрываю.

Бацька сказаў:

— Час ехаць. Будзем спускацца.

Маці глянула на яго:

— Мне можа… можна мне сесці ў кабіну? Я там, ззаду, больш не магу. Я знясілела. Страшэнна знясілела.

Яны зноў узабраліся на грузавік, адводзячы вочы ад нерухомай доўгай постаці, старанна захінутай з усіх бакоў, нават з галавой, у коўдру. Усе забраліся на свае месцы, стараючыся не глядзець у той бок — на грудком выпнутую коўдру — там яе нос, на востры клін пад коўдрай — там яе падбародак. Стараліся не глядзець туды — і не маглі. Руці і Ўінфілд прымасціліся ў пярэднім куце кузава — як мага далей ад нябожчыцы, але не адводзілі вачэй ад старанна загорнутага цела.

Руці прашаптала:

— Гэта бабка. Яна цяпер мёртвая.

Уінфілд сумна паківаў галавой:

— Яна больш не дыхае. Яна зусім мёртвая.

А Ружа Сарона ціха сказала Коні:

— Яна памерла, якраз як мы…

— Хто ж ведаў? — суцішыў ён яе.

Эл палез наверх, уступіўшы маці месца ў кабіне. Ён крыху казырыўся, каб прыглушыць сум. Бухнуўся на паклажу побач з Кейсі і дзядзькам Джонам.

— Ну што ж, — сказаў ён, — яна была старая. Свой век пражыла. Смерці нікому не мінуць. — Кейсі і дзядзька Джон глянулі на Эла пустымі вачамі, нібы Эл быў не чалавекам, а гаворачым дрэвам. — Што, няпраўда? — не здаваўся Эл. Але вочы адвярнуліся ад яго, і ён насупіўся і прыгнечана змоўк.

Кейсі са здзіўленнем сказаў:

— Усю ноч, адна… — І дадаў: — Такое вялікае сэрца ў гэтай жанчыны, Джон, столькі любові… што мяне страх бярэ. І страх, і пачуццё сваёй нікчэмнасці.

Дзядзька Джон запытаўся:

— А гэта не грэх? Няма ў гэтым крышачку граху, па-твойму?

Кейсі недаўменна глянуў на яго:

— Грэх? Не, ніякага грэху тут няма.

— А я што ні раблю, дык хоць крышачку саграшу, — сказаў Джон і глянуў на захутанае ў коўдру цела.

Том, маці і бацька селі ў кабіну. Том адпусціў тармазы і завёў матор. Цяжка нагружаная машына, пафыркваючы, пастрэльваючы выхлапамі і трасучыся ўсім кузавам, пайшла па схіле гары ўніз. Сонца было ў іх ззаду, а спераду — залацістая, зялёная даліна. Маці ківала з боку ў бок галавой:

— Якая прыгажосць. Шкада, што яны не ўбачылі!

— І мне шкада, — сказаў бацька.

Том мякка паляпаў па штурвале далонню.

— Яны былі ўжо вельмі старыя, — сказаў ён. — Нічога б тут не ўбачылі. Дзед пачаў бы прыгадваць сваю маладосць, індзейцаў і прэрыі. А бабка ўспомніла б свой першы дамок. Яны былі ўжо вельмі старыя. Вось хто сапраўды ўсё ўбачыць, дык гэта Руці з Уінфілдам.

Бацька сказаў:

— Бач, як наш Томі гаварыць пачаў — як зусім дарослы, быццам прапаведнік казань на карысць бедных кажа.

А маці сумна ўсміхнулася:

— Так. Наш Томі дарослы стаў, вырас… так вырас, што да яго і не дацягнешся.

Яны спускаліся па схіле, крута паварочваючы, пятляючы, і то гублялі з поля зроку даліну, то зноў знаходзілі яе вачамі. Да іх падымаўся гарачы подых даліны з густым пахам зеляніны, смалістым водарам шалфею і грындэлій. Уздоўж шашы стракаталі цвыркуны. Праз дарогу паўзла грымучая змяя. Том наехаў на яе, раздушыў пасярэдзіне коламі і пакінуў курчыцца на шашы.

Ён сказаў:

— Думаю, трэба знайсці следчага, ён недзе там ёсць. Пахаваць яе трэба прыстойна. Колькі ў нас грошай засталося, та?

— Даляраў сорак, — адказаў бацька.

Том зарагатаў:

— Госпадзі, давядзецца пачынаць з пустымі рукамі! Ні з чым прыехалі, — прагігікаў ён, і твар яго раптам зрабіўся суровы. Ён нацягнуў брыль кепкі на самыя вочы. А грузавік каціўся з гары да шырокай даліны.

Загрузка...