Раней Каліфорнія належала Мексіцы, а землі яе — мексіканцам; потым у краіну хлынула арда абадраных, разгарачаных, нецярплівых амерыканцаў. І так моцна адольвала іх цяга да зямлі, што яны завалодалі ёю — прысвоілі зямлю Сатэра, зямлю Герэра, захапілі вялікія маёнткі, пашкуматалі іх, сварыліся паміж сабою, рыкалі адзін на аднаго і біліся за свой кавалак — гэтыя ашалелыя, згаладалыя людзі, і пільнавалі захопленыя ўчасткі са стрэльбай у руках. Яны пабудавалі там дамы, свірны і адрыны, узаралі зямлю і засеялі. І так у іх паявілася нерухомая маёмасць, а нерухомая маёмасць — гэта ўжо ўласнасць.
Мексіканцы былі народ слабы і сыты. Яны не аказалі супраціўлення, бо не было на свеце нічога такога, да чаго б у іх была такая неўтаймаваная прага, як у амерыканцаў да зямлі.
І з цягам часу скватэры перасталі ўжо лічыцца захопнікамі і сталі паўнаўладнымі гаспадарамі; дзеці іх выраслі і парадзілі сваіх дзяцей на гэтай зямлі. І яны прагналі свой голад, люты голад, які смактаў і грыз ім нутро, і наталіць яго маглі толькі гэты край, вада, зямля і жыватворнае сонца над ёю, зялёныя ўсходы і набрынялае сокам карэнне. Яны валодалі ўсім гэтым так непадзельна, што перасталі бачыць што-небудзь вакол сябе. Іх ужо не даймала туга па акры ўрадлівай зямлі і па бліскучым нарогу плуга, па насенні і па ветраку, што памахваў крыламі ў паветры. Яны ўжо не падымаліся да святла, каб паслухаць першае цырыканне яшчэ сонных птушак, адчуць ранішні ветрык каля дома, пакуль чакалі, як выблісне сонца і можна будзе ісці на дарагое іх сэрцу поле. Усё гэта адышло ў мінулае, і ўраджай падлічваўся цяпер на даляры, зямля ацэньвалася як асноўны капітал плюс працэнты, ураджаі купляліся і прадаваліся яшчэ да сяўбы. І цяпер неўрадлівы год, засуха ці паводка ўжо не прыводзілі да замірання плыні жыцця, а ўсяго толькі да грашовых страт. І праз грошы змізарнела іх любоў да зямлі, а неўтаймаваную энергію кропля за кропляй высмакталі працэнты, і фермеры гэтыя сталі ўжо не фермерамі, а дробнымі крамнікамі — гандлярамі сваім ураджаем, дробнымі прамыслоўцамі, што прадаюць, перш чым вырабляюць. А потым фермерам, якія аказаліся няўдачлівымі крамнікамі, прыйшлося развітацца са сваёй зямлёй і ўступіць яе ўмелым крамнікам. Якім бы разумным ні быў чалавек, якой бы любоўю ні любіў ён зямлю і тое, што на ёй расце, ён не мог выжыць, калі не быў яшчэ і добрым гандляром. І з цягам часу іх гаспадаркамі завалодалі дзялкі і плошча зямельных участкаў усё большала, а колькасць іх меншала.
Цяпер земляробства стала прамысловасцю, і ўласнікі пайшлі па шляху Старажытнага Рыма, хоць самі таго і не ведалі. Яны прывозілі рабоў, хоць і не называлі іх рабамі: кітайцаў, японцаў, мексіканцаў, філіпінцаў. Людзі гэтыя могуць працаваць на адным рысе, бабах, казалі такія дзялкі. Ім надта нічога не трэба. І плаціць ім добра не трэба — яны ведаць не будуць, на што грошы траціць. Вы гляньце, як яны жывуць. Гляньце, што яны ядуць. А пераборлівымі зробяцца — гнаць іх у шыю.
Зямельныя ўчасткі буйнелі, а шэрагі ўласнікаў радзелі. Дробных фермераў зрабілася да мізэрнага мала. Пабоі, страх і голад давялі прывезеных нявольнікаў да таго, што некаторыя пачалі ўцякаць на радзіму, іншыя пачалі агрызацца, і іх перастралялі або выгналі з краіны. А зямельныя ўладанні ўсё шырэлі, гаспадароў стала яшчэ менш.
І ўраджаі пачалі збіраць ужо іншыя. Гаі фруктовых дрэў занялі месца збожжавых палёў, і ў нізінах цяпер расла гародніна на патрэбу ўсяму свету — салата, каляровая капуста, артышокі і бульба — культуры, збіраць якія даводзіцца сагнуўшыся. З касой, за плугам, з віламі чалавек працуе стоячы, але яму даводзіцца поўзаць, як казюлька, між градак салаты, гнуць спіну і цягнуць з сабой доўгі мех між радоў бавоўны і, як грэшніку на пакаянні, кленчыць перад каляровай капустай.
І цяпер гаспадары ўжо не працавалі на сваіх землях. Яны вялі гаспадарку на паперы, яны забыліся, што такое зямля, які ў яе пах, якая яна навобмацак, памяталі толькі, што яна іх уласнасць, памяталі толькі пра прыбыткі і страты. І некаторыя фермы разрасліся да такіх памераў, што аднаму чалавеку было ўжо не пад сілу абняць іх сваім розумам, так разрасліся, што спатрэбілася ўжо цэлая армія рахункаводаў, якія падлічвалі працэнты, прыбыткі і страты, хімікаў, якія даследавалі глебу і абагачалі яе, наглядчыкаў, якія сачылі, каб сагнутыя ў тры пагібелі людзі рухаліся ўздоўж градак з такой хуткасцю, на якую былі здольныя. І такі фермер сапраўды рабіўся гандляром і адкрываў краму. Ён плаціў людзям грошы, прадаваў ім прадукты, і грошы зноў вярталіся да яго. Неўзабаве ён пераставаў ім плаціць і гэтым эканоміў на рахункаводстве. На такіх фермах прадукты адпускаліся ў крэдыт. Чалавек працаваў і карміўся, а калі працу сваю канчаў, высвятлялася, што ён завінаваціўся кампаніі. А ўласнікі не толькі кінулі гаспадарыць на сваіх фермах — шмат хто з іх нават і ў вочы ніколі не бачыў іх.
А потым на Захад пацягнуўся разораны люд — з Канзаса, Аклахомы, Тэхаса, Нью-Мексіка, з Невады і Арканзаса — цэлымі сем'ямі, радамі, сагнаныя з месцаў пыльнымі бурамі, выцесненыя трактарамі. У бітком набітых машынах, цэлымі караванамі, бяздомныя, галодныя — дваццаць тысяч, пяцьдзесят тысяч, сто тысяч, дзвесце тысяч. Яны патокам пераліваліся цераз горы, згаладалыя, растрывожаныя, як мурашкі: спяшаліся хутчэй знайсці работу — падымаць, штурхаць, цягаць, палоць, капаць, збіраць — любую працу, любое ярмо, абы атрымаць ежу. Дзеці галадаюць. Нам няма дзе жыць. Снавалі, як мурашкі, спяшаліся дарвацца да працы, да ежы, а галоўнае — да зямлі.
Мы не чужынцы. Мы ўжо ў сёмым калене амерыканцы, а па паходжанню — ірландцы, шатландцы, ангельцы, немцы. Адзін з нашых продкаў змагаўся ў вайне за незалежнасць, а колькі іх удзельнічала ў грамадзянскай вайне і на тым, і на другім баку! Мы амерыканцы.
Яны былі галодныя, злосныя. Яны спадзяваліся знайсці тут дом, а знайшлі адну толькі нянавісць. Окі… Гаспадары ненавідзелі іх, бо ведалі, што Окі народ моцны, а самі яны слабыя, што Окі згаладаліся, а самі яны раз'еліся; і, магчыма, гаспадары чулі яшчэ ад прадзедаў сваіх, як лёгка захапіць зямлю ў слабасільнага чалавека, калі ты ўзлаваны і галодны і ў руках у цябе зброя. Гаспадары гарэлі да іх нянавісцю. А ў гарадках іх ненавідзелі крамнікі, бо ведалі, што ў Окі няма грошай, каб расплаціцца. Гэта самы пэўны спосаб заслужыць пагарду крамніка, бо яго сімпатыю выклікае якраз процілеглае. Гараджане, дробныя банкіры ненавідзелі Окі таксама — на іх не разжывешся. У гэтых Окі нічога няма. А работнікі на фермах ненавідзелі Окі таму, што галодны чалавек павінен працаваць, а калі ён вымушаны працаваць, не можа не працаваць, значыць, наймальнік аўтаматычна зніжае плату, і тады на вышэйшую ты ўжо і не разлічвай.
А пазбаўленыя сваіх гаспадарак фермеры-перасяленцы наваднялі Каліфорнію — дзвесце пяцьдзесят тысяч, трыста тысяч. Там, ззаду, усё новыя і новыя трактары паўзлі па зямлі і зганялі з яе арандатараў. І новыя хвалі выплюхваліся на дарогі, новыя хвалі беззямельнага, бяздомнага люду, узлаванага, упартага і таму небяспечнага.
Каліфарнійцы шмат чаго патрабавалі ад жыцця — прымнажэння капіталу, поспеху ў грамадстве, уцех і забаў, раскошы, надзейнага змяшчэння грошай у банках, а новыя варвары патрабавалі толькі дзвюх рэчаў — зямлі і хлеба; на іх разуменне гэтыя дзве рэчы зліваліся ў адну. І ў той час як патрабаванні каліфарнійцаў былі туманныя, неакрэсленыя, тое, да чаго імкнуліся Окі, ляжала проста пры дарозе, цвяліла вока, распальвала зайздрасць: урадлівыя палі, дзе можна выкапаць калодзежы, — урадлівыя зялёныя палі; зямля, якую можна раскрышыць пальцамі на далоні; трава, пах якой можна ўдыхнуць у сябе; сцяблінкі аўса — пажуеш іх і адчуеш у горле даўкаватую слодыч. Чалавек пазіраў на абложную зямлю і ведаў, у думках бачыў, што гнуць спіну і натужвацца тут можна нямарна — тут вырасце капуста і залацістая цукровая кукуруза, рэпа і морква.
Бяздомны, галодны чалавек ехаў па дарогах, побач з ім яго жонка, на заднім сядзенні схуднелыя дзеці, і глядзеў на абложныя палі, якія маглі б даць яму не прыбыткі, не — ежу, і ён ведаў, што няўробленае поле — грэх, а незасеяная зямля — злачынства супраць яго згаладалых дзяцей. І калі такі чалавек праязджаў па дарогах, кожнае такое поле было яму спакусай, і яго разбірала жаданне ўзяць сабе гэтыя палі і вырасціць на іх тое, што дасць сілу яго дзецям і прынясе супакаенне жонцы. Спакуса ўвесь час была перад яго вачыма. Палі вабілі яго, арашальныя канавы з чыстай праточнай вадой дражнілі яго ўяўленне.
А на поўдні ён бачыў залатыя апельсіны на дрэвах, маленькія залатыя апельсіны на цёмнай зелені дрэў, і вартаўнікоў з драбавікамі ў прысадах — каб чалавек не мог сарваць плада свайму схуднеламу дзіцяці, хоць апельсіны пойдуць на звалку, калі цана іх упадзе.
Ён уязджаў на сваёй старой калымазе ў гарадок. Ён бегаў па фермах у пошуках працы. Дзе нам можна тут пераначаваць?
А вунь, у Гувервілі, ля самай рэчкі. Там ужо цэлая плойма гэтых Окі.
Ён пад'язджаў на сваёй старой машыне да Гувервіля. І потым ужо ніколі не пытаўся пра начлег, бо на ўскраіне кожнага горада быў свой Гувервіль.
Хламны пасёлак звычайна ўзнікаў каля вады; замест дамоў тут былі палаткі, буданы з бур'яну, загарадкі з кардону — кучы рознай непатрэбшчыны. Чалавек прывозіў сям'ю ў гэты пасёлак і лічыўся грамадзянінам Гувервіля — усе такія пасёлкі называліся Гувервілямі. Чалавек ставіў палатку як мага бліжэй да вады; а калі палаткі ў яго не было, ён ішоў на гарадскую звалку, прыносіў адтуль старыя кардонныя скрынкі і з гэтай гафрыраванай паперы будаваў сабе прыстанішча. А калі ліў дождж, яно размакала і зносілася вадой. Чалавек атабарваўся ў Гувервілі і снаваў на машыне па наваколлі, па фермах, шукаючы працы, і тыя мізэрныя грошы, што ў яго яшчэ заставаліся, ён траціў на бензін. Вечарамі мужчыны збіраліся разам і гутарылі. Седзячы на кукішках, яны гаварылі пра зямлю, якую бачылі ўсцяж дарог.
Вунь там, далей на захад, — трыццаць тысяч акраў. Ляжаць сабе проста так. Госпадзі, што я зрабіў бы з такой зямлёю — хоць з пяццю яе акрамі! Эх, чорт, на стале ў мяне было б усё!
А ты заўважыў? На фермах ні гародніны не садзяць, ні курэй не трымаюць, ні свіней. Разводзяць толькі адно — бавоўну або персікі ці салату. А на другой ферме адны куры. Усё астатняе купляюць, а маглі б хоць у агародчыках вырасціць.
Госпадзі, што б я зрабіў з парачкай свіней!
Ну, гэта ўсё не тваё і ніколі тваім не будзе.
Што ж рабіць? Гэтак дзяцей не выгадуеш.
У лагерах шэптам перадавалі адзін аднаму чуткі. У Шэфтары ёсць работа. І сярод ночы грузіліся машыны, на дарогах цесната — пагоня за работай, як залатая ліхаманка. У Шэфтары стоўпатварэнне, народу наехала ў пяць разоў больш, чым трэба. Пагоня за працай, як залатая ліхаманка. Яны выязджалі цішком ноччу, апанаваныя нястрымным імкненнем атрымаць работу. А ўздоўж дарог былі спакусы — палі, якія маглі даць хлеб.
На гэта ёсць гаспадар. Гэта не наша.
Што ж, можа, усё ж пашанцуе атрымаць тут невялічкі ўчастачак. Няхай самы маленькі. Вунь там — хоць лапік зямлі. Цяпер там адзін смярдзючы дурнап'ян. Госпадзі, з гэтага лапіка я столькі бульбы сабраў бы — на ўсю сям'ю хапіла б!
Яно не наша, Дурнап'ян дык дурнап'ян, няхай сабе расце. Час ад часу хто-небудзь набіраўся смеласці, пракрадаўся на лапіну зямлі і расчышчаў яе, спрабуючы па-зладзейску прысвоіць сабе крыху яе багацця. Патаемныя агароды, схаваныя сярод пустазелля. Пакецік маркоўнага насення і трохі рэпавага. Саджалі шалупінне ад бульбы, увечары крадком прабіраліся матычыць захопленую зямлю.
Пакінь пустазелле па краях — і ніхто не ўбачыць, што мы тут робім. І пасярэдзіне таксама пакінь буйны, высокі бур'ян.
Вечарамі ўпотай працавалі на агародах, насілі ваду з рэчкі ў іржавай бляшанцы.
І вось адным днём — шэрыфскі памагаты: ты што тут робіш?
Нічога дрэннага.
Я за табой даўно сачу. Зямля не твая. Ты парушаеш чужое права ўласнасці.
Тут зямля неўзараная, нікому ніякай шкоды я не раблю.
Во чортавы скватэры, самачынцы! Як бачыш гаспадарамі сябе адчуеце. Ды горка пашкадуеце. Падумаеш, гаспадар знайшоўся. Ану, давай адсюль!
І маленькія зялёныя макаўкі морквы пазбіваны нагой, націнне рэпы затаптана. І зноў забуяў дурнап'ян. Але прадстаўнік закону меў рацыю. Ураджай — гэта ўжо ўласнасць. Калі зямля ўскапана і морква з'едзена, чалавек, бадай, будзе біцца за зямлю, што дала яму харч. Хутчэй гнаць яго ў шыю! Яшчэ ўявіць сябе гаспадаром! Можа, нават насмерць будзе біцца за гэты лапік зямлі сярод смуроднага пустазелля.
Ты бачыў, якая ў яго была фізія, як мы рэпу тапталі? Чаго добрага і забіць мог. Такіх трэба трымаць у струне, а то ўсю зямлю тут у нас захопяць. Усю краіну.
Прышлыя, чужынцы.
Гавораць, праўда, па-нашаму, але ўсё роўна зусім іншы народ. Глядзі, як яны жывуць. Хіба хто з нашых стаў бы гэтак жыць? Чорта лысага!
Вечарамі сядзелі на кукішках, гутарылі. І чый-небудзь усхваляваны голас: а чаму б чалавекам дваццаці з нас не заняць які ўчастак? У нас ёсць стрэльбы. Зоймем і скажам: зганяйце, калі зможаце. Чаму б так не зрабіць?
Як пацукоў, усіх перастраляюць.
А што, па-твойму, лепш, памерці ці гэтак жыць? Накрыцца зямлёй або буданамі з джутавых мяхоў? Які лёс ты выбераш сваім дзецям — памерці цяпер або праз два гады — ад недастатковага харчавання, як пішуць. Ведаеш, што мы ямо ўвесь гэты тыдзень? Крапіўны адвар і скавароднікі. А мука адкуль у нас на скавароднікі, ведаеш? З падлогі таварнага вагона пазмяталі.
Гутаркі ў лагерах, а шэрыфскія памочнікі — таўстазадыя, з рэвальверамі на тоўстых сцёгнах — пахаджваюць па лагеры: народ гэты трэба ў страху трымаць. Яго трэба добра прыструніць, а то адзін бог ведае што тут натвораць! Людзі гэтыя небяспечныя, як чарнамазыя на поўдні. Калі даць ім аб'яднацца, нічым іх не спыніш.
Вытрымка з газеты: «Памочнік шэрыфа ў Лорэнсвілі паспрабаваў выселіць з горада скватэра. Той аказаў супраціўленне і вымусіў прадстаўніка закону ўжыць зброю. Адзінаццацігадовы сын перасяленца забіў палісмена з дваццацідвухкалібернай стрэльбы».
Змеі падкалодныя! З імі трымай вуха востра, а пачнуць спрачацца — страляй у іх першы. Калі хлапчанё забівае палісмена, чаго ж тады чакаць ад дарослых? У іх нораў круты, дык з імі трэба яшчэ больш крута. Няма чаго цырымоніцца. Прыстрашыць іх як след.
А што, калі яны не з палахлівых. Што, калі яны заўпарцяцца і пачнуць адстрэльвацца? Гэтыя людзі з малых год прывыклі да зброі. Стрэльба для іх — частка цела. Возьмуць і не спалохаюцца. І што будзе, калі яны аднаго дня пойдуць вайной на нашу краіну, як лангабарды на Італію, як германцы на Галію, як туркі на Візантыю? Гэта былі орды людзей, згаладалых па зямлі і, да таго ж, дрэнна ўзброеных, а ўсё ж спыніць іх не маглі легіёны. І не спынілі ні крывавыя бойні, ні расправы. Чым можна запалохаць чалавека, які не толькі сам курчыцца з голаду, але і бачыць успушаныя жываты сваіх дзяцей? Такога не запалохаеш — ён ведае такое, страшней за што няма нічога.
У Гувервілі гаманілі мужчыны: дзед мой адабраў зямлю ў індзейцаў.
Не, гэтак няможна, мы пра гэта ўжо гаварылі. Гэта зладзейства. А я не злодзей.
Няўжо? Пазаўчора ноччу ты ўкраў з ганка бутэльку малака. А яшчэ ты ўкраў медны дрот, прадаў яго і на гэтыя грошы купіў кавалак мяса.
То праўда, але ж дзеці былі галодныя.
Што ні кажы, гэта крадзеж.
А ведаеце, як Ферфілды займелі сваю ферму? Зараз раскажу. Зямля тады ўся была дзяржаўная, бяры хто хоча. Стары Ферфілд падаўся ў Сан-Францыска, пахадзіў па шынках і набраў тры сотні п'яных бадзяг. І зброд гэты нарэзаў сабе ўчасткі. Ферфілд карміў іх, паіў іх віскі, а калі прыйшлі паперы на зямлю, ён забраў іх сабе і перавёў на сваё імя. Пасля расказваў, што кожны акр абышоўся яму ў пінту сівухі. І як гэта назваць — таксама зладзействам?
Добрага тут, вядома, мала, але ў турму яго не запраторылі.
Не, у турму не пасадзілі. І таго чалавека, што паставіў лодку на фургон і потым даводзіў, што ўвесь участак быў пад вадой, — вось нават тая лодка, у якой я плыў, — яго таксама не пасадзілі. І тых, хто дае хабар вашынгтонскім кангрэсменам і заканадаўцам у штатах, таксама яшчэ нікога не пасадзілі.
Такую гамонку можна было пачуць у кожным Гувервілі, па ўсім штаце.
А тут яшчэ налёты — раптоўнае ўварванне ўзброеных шэрыфскіх памочнікаў у лагер перасяленцаў. Выбірайцеся адгэтуль. Загад аддзела аховы здароўя. Ваш лагер — рассаднік заразы.
А куды нам падзецца?
Не наша справа. У нас загад вас выселіць. Праз паўгадзіны мы лагер падпалім.
У нас пачаўся тыфус. Хочаце, каб зараза пайшла далей?
Нам загадана вас выселіць. Ну, хутчэй! Праз паўгадзіны мы спалім лагер.
Праз паўгадзіны ад кардонных халупак і зробленых з бур'яну буданоў у неба ўзняўся дым, і людзі зноў пагналі свае машыны па дарогах у пошуках новага Гувервіля.
А ў Канзасе і Арканзасе, у Аклахоме, Тэхасе і Нью-Мексіка трактары ўрываліся на фермы і выганялі арандатараў.
У Каліфорніі іх ужо трыста тысяч, а яны ўсё прыбываюць. Дарогі Каліфорніі забіты ашалелымі людзьмі, што, як мурашкі, бягуць усё далей і далей, гатовыя накінуцца на любую працу — цягаць, піхаць, падымаць, несці. Да кожнага цяжару, падняць які пад сілу аднаму чалавеку, цягнуцца пяць пар рук, на кожную порцыю ежы разяўляюцца пяць ратоў.
А буйныя ўласнікі — ім пагражае страта іх земляў пры сацыяльным перавароце; буйныя ўласнікі — ім даступныя ўрокі гісторыі, яны вывучалі яе і ведаюць бясспрэчную ісціну: калі ўласнасць сканцэнтроўваецца ў руках невялікай кучкі людзей, яе адбіраюць. І адпаведная ёй ісціна: калі большасць людзей жыве ў голадзе і холадзе, яны бяруць сілай тое, у чым яны маюць патрэбу. І яшчэ адна кідкая ісціна крычыць праз гісторыю: расправы толькі гуртуюць тых, з кім распраўляюцца, памнажаюць іх сілу. Буйныя ўласнікі ігнаравалі гэтыя тры гучныя поклічы гісторыі. Зямля канцэнтравалася ў руках усё меншай і меншай кучкі людзей, колькасць разораных расла, а буйныя ўласнікі ведалі толькі адно — задушэнне. Грошы траціліся на зброю, на газ для абароны буйных маёнткаў, паўсюль рассылаліся шпіёны, якія падслухоўвалі нараканні незадаволеных, каб у самым пачатку выкараніць бунтарскі дух. На перамены ў эканоміцы не звярталі ўвагі, планамі эканамічнага аднаўлення грэбавалі, разглядалі толькі меры для вынішчэння бунту, а самі прычыны, што яго параджалі, засталіся некранутымі.
Трактары, што пазбаўлялі людзей працы, стужачныя транспарцёры, што перамяшчалі груз, машыны, што самі выраблялі, выпускаліся ўсё ў большай і большай колькасці, і сем'і адна за адной гойсалі на машынах па дарогах, стараючыся падабраць хоць крошкі ад незлічонага багацця і прагна пазіраючы на зямлю ўсцяж дарог. Буйныя ўласнікі аб'ядналіся для самаабароны і на сходах сваіх асацыяцый абмяркоўвалі спосабы, з дапамогай якіх можна запалохваць, забіваць, атручваць газамі. І галоўнае, чаго яны баяліся, — гэта трыста тысяч… а калі яшчэ ў гэтых трох соцень тысяч знойдзецца завадатар… тады канец. Трыста тысяч галодных і няшчасных; калі б яны зразумелі саміх сябе, зямля перайшла б да іх, і ніякія газы, ніякія вінтоўкі не спынілі б іх. А буйныя ўласнікі — тыя, каго багацце зрабіла большымі і меншымі за простага чалавека, сталі на пагібельны шлях, хапаючыся за любыя сродкі, якія ўрэшце маглі знішчыць іх саміх. Кожны іх крок, кожны гвалтоўніцкі акт, кожны налёт на Гувервіль, кожны шэрыфскі памагаты, што важна пахаджваў па хламным лагеры, хоць крыху і аддаляў дзень помсты, але рабіў яшчэ больш непазбежным надыход гэтага дня.
Людзі прысаджваліся на кукішкі, мужчыны з завостранымі тварамі, схуднелыя ад голаду, азлобленыя ад змагання з ім, — пахмурныя вочы і сцятыя сківіцы. А навокал іх рассцілалася ўрадлівая зямля.
Чуў, што здарылася з дзіцем з той вунь палаткі, чацвёртай з краю?
Не, я толькі што прыехаў.
Малы кідаўся ў сне, плакаў; Бацькі падумалі — глісты. Прамылі яму страўнік, і ён памёр. А гэта быў так званы «чорны язык». Хвароба такая ад дрэннай ежы.
Бедненькі.
А ў бацькоў няма грошай на пахаванне. Давядзецца хаваць як жабрака.
Чорт ведае што!
І рукі запускаліся ў кішэні, даставалі дробную манету. Каля ўвахода ў палатку вырасла кучка серабра. І бацькі знайшлі яе там.
Народ наш — добры народ; народ наш — сардэчны народ. Госпадзі, няхай хутчэй прыйдзе той час, калі добрыя людзі не ўсе будуць беднякамі. Госпадзі, няхай хутчэй прыйдзе той дзень, калі малым дзецям будзе што есці.
А аб'яднаныя ў асацыяцыі ўласнікі ведалі, што прыйдзе той дзень, калі малітвы гэтыя змоўкнуць.
І на тым — канец.