Раздзел трыццаты

Лагер вакол таварных вагонаў патанаў у лужынах, а дождж усё плюхаў і плюхаў па гразі. Рэчка спакваля падымалася па беразе, падбіраючыся да паляны.

На другі дзень пасля пачатку дажджу Эл зняў брызент, які вісеў пасярод вагона. Ён панёс яго да грузавіка, прыкрыў ім капот, вярнуўся ў вагон і сеў на матрац. Цяпер, калі не стала брызентавай перагародкі, абедзве сям'і з'ядналіся. Мужчыны сядзелі разам, змрочныя, прыгнечаныя. Маці падтрымлівала невялікі агонь у печцы, зрэдку падкідваючы галінкі, — яна берагла паліва. Патокі дажджу залівалі амаль зусім плоскі дах вагона.

На трэці дзень Уэйнрайты затрывожыліся.

— Можа, нам лепш паехаць адсюль? — сказала місіс Уэйнрайт.

Але маці хацела іх утрымаць.

— Куды вы паедзеце, дзе знойдзеце надзейны дах над галавой?

— Сама не ведаю, але нешта мне падказвае, што трэба адсюль выбірацца.

Жанчыны заспрачаліся; маці крадком паглядала на Эла.

Руці і Ўінфілд распачалі нейкую гульню, але неўзабаве і яны панура прыціхлі, а дождж без спыну барабаніў па даху.

На трэці дзень скрозь пошчак дажджу пачуўся гул вады. Бацька з дзядзькам Джонам стаялі ў дзвярах, пазіраючы на ўспучаную рэчку. З абодвух канцоў лагера вада падабралася зусім блізка да шашы, але самі вагоны яна агінала, так што яны былі абкружаныя ззаду дарожным насыпам, а спераду рэчкай. Бацька запытаўся:

— Ну, Джон, што скажаш? Калі рэчка выйдзе з берагоў, каб хоць нас не затапіла.

Дзядзька Джон раскрыў рот і пацёр далонямі шчаціністы падбародак.

— Эге… — сказаў ён. — Усё можа быць.

Ружа Сарона ляжала моцна прастуджаная, шчокі ў яе гарэлі, у вачах стаяў ліхаманкавы бляск. Маці падсела да яе з кубкам гарачага малака ў руцэ.

— Вось выпі, — сказала яна. — Я свінога сала туды падліла, сілы падмацоўвае. Ну, пі ж!

Ружа Сарона квола пакруціла галавой:

— Не хочацца.

Бацька правёў пальцам крывую лінію ў паветры.

— Выйсці б нам усім сюды з рыдлёўкамі і насыпаць плаціну. Ручаюся, усю ваду затрымалі б. Толькі трэба вунь адтуль і дагэтуль.

— Ага, — пагадзіўся дзядзька Джон. — Можна было б. Але не ведаю, ці пойдзе хто. Хутчэй захочуць выбірацца адсюль.

— Але ж тут у вагонах суха, — стаяў на сваім бацька. — Сушэйшае месца наўрад ці дзе знойдзем. Пачакай. — Ён выцягнуў з кучы ламачча пруток, збег па сходках уніз, заплюхаў па гразі да берага рэчкі і ўваткнуў пруток у зямлю каля самага краю бурлівай вады. Паспешліва вярнуўся ў вагон, сказаў: — Во каб яго, наскрозь прамок.

Абодва сачылі за тонкай галінкай, якая тырчала каля самай вады. Яны бачылі, як вада паволі акружала яе і папаўзла яшчэ вышэй па беразе. Бацька сеў на кукішкі ў дзвярах.

— Хутка прыбывае, — сказаў ён. — Па-мойму, трэба пагаварыць. Можа, згодзяцца вал насыпаць. А не, дык давядзецца ехаць. — Бацька кінуў позірк на другі канец вагона, дзе мясціліся Ўэйнрайты. Эл быў у іх — сядзеў побач з Эгі. Бацька пайшоў на тую палову. — Вада падымаецца, — сказаў ён. — А што, калі насыпаць плаціну? Толькі трэба, каб усе ўзяліся.

Уэйнрайт сказаў:

— А мы тут якраз раімся. Бадай што, лепш выбірацца адсюль.

Бацька не здаваўся:

— Вы тут шмат дзе пабылі. Самі ведаеце, які ёсць шанц знайсці сухое месца для жылля.

— Яно так. А ўсё ж такі…

Загаварыў Эл:

— Калі яны паедуць, я з імі, та.

Бацька атарапеў.

— Табе нельга, Эл. А грузавік?.. Ніхто з нас не ўмее яго вадзіць.

— А мне што? Мы з Эгі павінны быць разам.

— Не, пачакай. Вось хадзіце сюды, — сказаў бацька. Уэйнрайт з Элам падняліся з матраца, і ўсе трое падышлі да дзвярэй. — Бачыце? — Бацька паказаў рукой: — Мы зробім насып ад таго вунь месца і дасюль. — Ён глянуў на сваю вешку. Вада бурліла вакол яе, падкрадаючыся да краю берага.

— Тут працы шмат, а вада, можа, усё роўна перальецца, — не згаджаўся Ўэйнрайт.

— Чаму ж не папрацаваць, усё роўна сядзім склаўшы рукі. А такога добрага прыстанішча больш нідзе цяпер не знойдзем. Пайшлі. Пагаворым з суседзямі. Калі ўсе возьмемся, справімся.

Эл сказаў:

— Калі Эгі паедзе, я з ёю.

— Паслухай, Эл, — сказаў бацька. — Калі ніхто не згодзіцца, усім давядзецца ехаць. Ну, пайшлі пагаворым. — Яны ўцягнулі галовы ў плечы і хуценька спусціліся па сходках, падышлі да суседняга вагона і падняліся да адчыненых дзвярэй.


Маці сядзела каля печкі, падкладаючы сучча ў слабы агонь. Падышла Руці, прыціснулася да яе.

— Хачу есці, — заныла Руці.

— Ты не галодная, — сказала маці. — Толькі што добра паела кашы.

— Я хачу яшчэ такога печыва. Гуляць ні ў што нельга. Мне сумна.

— Хутка будзе весела, — сказала маці. — Пачакай крышку. Цяпер ужо зусім хутка. У нас будзе домік і ферма, ужо хутка.

— Я хачу сабаку.

— Будзе ў нас і сабака і кошка.

— Рыжая?

— Не прыставай, — узмалілася маці. — Перастань мяне мучыць, Руці. Бачыш, Разашарна хворая. Пасядзі смірна хоць хвілінку. Хутка зноў будзе весела.

Руці нездаволена адышла ад яе.

З таго кута, дзе на матрацы ляжала ўхутаная ў коўдры Ружа Сарона, данёсся рэзкі крык, які раптоўна абарваўся. Маці ўскочыла і падышла да яе. Ружа Сарона стаіла дыханне, у вачах у яе стаяў жах.

— Што з табой? — трывожна запыталася маці. Ружа Сарона перадыхнула і зноў стрымала дыханне. Маці раптоўна засунула руку пад коўдры і выпрасталася. — Місіс Уэйнрайт! — крыкнула яна. — Даражэнькая місіс Уэйнрайт!

Маленькая тоўстая жанчына пайшла па вагоне да іх.

— Вы клікалі?

— Гляньце! — Маці паказала на твар дачкі. Ружа Сарона прыкусіла ніжнюю губу, на лбе ў яе выступілі кропелькі поту, вочы блішчалі ад жаху.

— Відаць, пачынаецца, — сказала маці. — Раней часу.

Ружа Сарона глыбока ўздыхнула і расслабілася. Яна расціснула зубы і заплюшчыла вочы. Місіс Уэйнрайт нахілілася над ёю.

— Цябе ўсю схапіла — адразу? Глядзі на мяне, адказвай. — Ружа Сарона квола кіўнула галавой. Місіс Уэйнрайт павярнулася да маці. — Так і ёсць, — сказала яна. — Пачалося. Раней часу, кажаце?

— Можа, гэта ад гарачкі.

— Ёй трэба ўстаць. Няхай трохі паходзіць.

— Яна не зможа. У яе сілы няма.

— Але ж трэба, трэба. — Місіс Уэйнрайт паспакайнела, трымалася строга і дзелавіта. — Я не ў адной прыняла, — сказала яна. — Ну так, давайце прыкрыем дзверы. Каб не было скразняку. — Абедзве жанчыны налеглі на цяжкія дзверы і засунулі іх, пакінуўшы нешырокую шчыліну. — Зараз прынясу і нашу лямпу, — сказала місіс Уэйнрайт. Твар у яе гарэў ад узбуджэння. — Эгі! — крыкнула яна. — Адвядзі адсюль малых, займіся імі.

Маці згодна кіўнула галавой.

— Правільна. Руці! Пайдзіце з Уінфілдам да Эгі. Ну, хуценька!

— А чаму? — запыталіся дзеці.

— Таму што так трэба. У Разашарны будзе дзіця.

— Я хачу паглядзець, ма. Ну дазволь.

— Руці! Ідзі зараз жа. Хутчэй! — Калі гавораць такім тонам, спрачацца не даводзіцца. Руці і Ўінфілд нехаця папляліся ў другі канец вагона. Маці запаліла ліхтар. Місіс Уэйнрайт прынесла сваю лямпу-«маланку», паставіла яе на падлогу, і круглы язычок полымя ярка асвятліў вагон. Руці і Ўінфілд прытаіліся за кучай сухога галля і асцярожна вызіралі адтуль.

— У яе дзіця народзіцца, і мы ўсё ўбачым, — шапнула Руці Ўінфілду. — Ты стой ціха, а то ма не дасць нам глядзець. Калі яна гляне ў наш бок, ты затаіся за суччам. Мы ўсё ўбачым.

— Мала хто з дзяцей гэта бачыў, — сказаў Уінфілд.

— З дзяцей ніхто не бачыў, — з гордасцю заявіла Руці. — Толькі мы ўбачым.

А каля ярка асветленага лямпай матраца маці раілася з місіс Уэйнрайт. Даводзілася гаварыць голасна, бо па даху гулка барабаніў дождж. Місіс Уэйнрайт выняла з кішэні фартуха кухонны сякач і засунула яго пад матрац.

— Можа, і дарэмна гэта, — прабачлівым тонам сказала яна. — У нас заўсёды так рабілі. Але шкоды таксама ніякай.

Маці кіўнула галавой у знак згоды.

— А мы клалі лямеш. Але гэта ўсё роўна, абы востра было, каб схваткі абрэзала. Дай бог, не доўга будзе мучыцца. Ну як, крыху палягчэла?

Ружа Сарона нервова кіўнула галавой.

— Пачынаецца?

— Канешне, — адказала маці. — Народзіш добрае дзіця. Ты толькі нам памажы. Можаш падняцца і трохі пахадзіць?

— Паспрабую.

— Вось разумніца, — пахваліла місіс Уэйнрайт. — Ну што за разумніца! Мы цябе падтрымаем, золатка. Мы з табой паходзім.

Яны памаглі ёй падняцца і закалолі шпількай коўдру, накінутую на плечы. Потым маці падхапіла яе пад руку з аднаго боку, а місіс Уэйнрайт з другога. Яны падвялі яе да кучы сучча, паволі павярнулі і пайшлі назад, і так некалькі разоў, а дождж моцна барабаніў па даху.

Руці і Ўінфілд нецярпліва сачылі за імі.

— А калі яна пачне раджаць? — запытаўся Ўінфілд.

— Ш-ш!.. А то пачуюць і прагоняць нас.

Да іх далучылася Эгі, стала за суччам. Святло лямпы падала на худы твар і бялявыя валасы Эгі, а на сцяне скакаў цень ад яе галавы з доўгім вострым носам. Руці прашаптала:

— Ты калі-небудзь бачыла, як родзіцца дзіцяня?

— А то, — адказала Эгі.

— А хутка ўжо?

— О не, не хутка.

— Усё ж калі?

— Можа, толькі заўтра раніцай.

— Гэ! — сказала Руці. — Тады і падглядаць цяпер няма чаго. Ой! Гляньце!

Яна ўбачыла, што жанчыны раптам спыніліся, Ружа Сарона ўся напялася і застагнала ад болю. Яе паклалі на матрац і выцерлі ёй лоб, а яна толькі пакрэктвала, сціскаючы рукі ў кулакі. Маці ціха супакойвала яе:

— Нічога. Усё будзе добра, будзе добра. Сцісні рукі. Цяпер губу прыкусі. Вось так, вось так.

Схваткі спыніліся. Ёй далі крыху паляжаць і зноў паднялі, і ўсе трое сталі хадзіць узад і ўперад, узад і ўперад, перапыняючыся на час схватак.

Бацька прасунуў галаву ў шчыліну дзвярэй. З капелюша збягала вада.

— Чаго гэта вы дзверы засунулі? — запытаўся ён і ўбачыў жанчын, якія хадзілі сюды-туды па вагоне.

Маці сказала:

— Яе час прыйшоў.

— Значыць… хочаш не хочаш застаёмся.

— Ага.

— Значыць, трэба рабіць плаціну.

— Трэба.

Бацька вярнуўся, плюхаючы па гразі, да рэчкі. Вада паднялася па беразе на чатыры цалі вышэй яго вешкі. Каля рэчкі пад дажджом стаялі дваццаць чалавек. Бацька крыкнуў ім:

— Давядзецца рабіць плаціну. У дачкі маёй схваткі. — Яго акружылі з усіх бакоў.

— Родзіць?

— Ага. Цяпер мы не зможам ехаць.

Высокага росту мужчына сказаў:

— Родзяць не ў нас. Нам ехаць можна.

— Канешне, — сказаў бацька. — Вам можна. Едзьце. Вас ніхто не трымае. Рыдлёвак усяго восем штук.

Ён падбег да самай нізкай часткі берага і ўсадзіў рыдлёўку ў раскіслую зямлю. Паддзетая штыхом, яна, падымаючыся, чвякнула. Ён капнуў яшчэ раз і кінуў штых гразі на самае нізкае месца на беразе. А побач з ім выстраіліся і іншыя. Яны навальвалі доўгі насып, і тыя, каму рыдлёвак не хапіла, секлі вярбовае вецце, спляталі яго ў маты і ўтоптвалі нагамі ў насып. Ярасць працы, ярасць бітвы апанавала ўсіх. Кінутую рыдлёўку падхоплівалі іншыя. Працавалі, скінуўшы пінжакі і капелюшы. Мокрыя кашулі і штаны шчыльна прыліплі да целаў, чаравікі ператварыліся ў бясформенныя камякі гразі. Раптам з вагона Джоўдаў данёсся пранізлівы крык. Мужчыны спыніліся, трывожна прыслухаліся і зноў узяліся за працу. Невысокі земляны вал даўжэў і нарэшце прымкнуў з двух бакоў да шашэйнага насыпу. Усе стаміліся, рух рыдлёвак запаволіўся. І таксама павольна падымалася вада ў рэчцы. Яна пакрыла ўжо тое месца, куды былі кінуты першыя штыхі зямлі. Бацька пераможна засмяяўся.

— Каб не наш вал, рэчка ўжо выйшла б з берагоў! — закрычаў ён.

Вада паволі падступала ўшчыльную да свежага насыпу, вымываючы з яго вярбовыя маты.

— Вышэй! — крыкнуў бацька. — Трэба яшчэ вышэй!

Змерклася, але праца не спынялася. Людзі ўжо зусім выбіліся з сілы. Твары ў іх былі застылыя, змярцвелыя. Рухі сутаргавыя, як у аўтамата. Калі сцямнела, жанчыны паставілі ў дзвярах ліхтары, выставілі конаўкі з гарачай кавай, а самі адна за адной беглі да Джоўдавага вагона і праціскаліся ў яго праз вузкую шчыліну.

Цяпер схваткі зачасцілі, з прамежкамі ў дваццаць хвілін. Ружа Сарона ўжо страціла над сабой уладу. Яна моцна ўскрыквала ад нясцерпнага болю. А суседкі прыходзілі зірнуць на яе, гладзілі яе па валасах і вярталіся ў свае вагоны.

Маці добра распаліла печку і грэла ваду, наліўшы ва ўсе свае пасудзіны. Раз-пораз у дзверы зазіраў бацька.

— Усё добра? — пытаўся ён.

— Ага, здаецца, добра, — супакойвала яго маці.

Калі стала зусім цёмна, нехта прынёс да рэчкі кішэнны электрычны ліхтарык. Дзядзька Джон шалёна арудаваў рыдлёўкай, кідаў і кідаў зямлю на верх насыпу.

— Ты лягчэй, лягчэй, — стрымліваў яго бацька. — Пагубіш сябе.

— Іначай не магу. Чуць не магу яе крыкаў. Гэта… гэта як тады…

— Разумею, — сказаў бацька. — А ўсё ж такі ты лягчэй.

Дзядзька Джон усхліпнуў:

— Я ўцяку куды-небудзь. Далібог, уцяку, калі тут працы не будзе.

Бацька павярнуўся да яго спінай.

— Як там мая адзнака?

Чалавек з электрычным ліхтарыкам накіраваў прамень на вешку. Дождж белымі палоскамі заблішчаў на святле.

— Прыбывае.

— Цяпер будзе не так хутка, — сказаў бацька. — На тым беразе разальецца.

— А ўсё ж прыбывае.

Жанчыны зноў налілі кавы ў конаўкі і паставілі іх у дзвярах. З кожнай начной гадзінай рухі людзей рабіліся ўсё больш маруднымі, людзі з цяжкасцю, як ламавыя коні, выцягвалі ногі з глыбокай гразі. Яшчэ і яшчэ адна рыдлёўка зямлі на насып, яшчэ і яшчэ адзін мат з вярбовага вецця. А дождж упарта ліў. Калі прамень ліхтарыка падаў на чый-небудзь твар, ён выхопліваў з цемры ўтаропленыя ў пустату вочы і выступы жаўлакоў на шчоках.

З вагона Джоўдаў яшчэ доўга даносіліся крыкі, і раптам яны сціхлі.

Бацька сказаў:

— Каб нарадзіла, мяне паклікалі б. — І хмурна зноў узяўся за рыдлёўку.

Вада каля насыпу клекатала і віравала. Раптам непадалёк, на рэчцы, крыху вышэй за лагер, пачуўся рыплівы трэск. Ліхтарык асвятліў магутную таполю, якая нізка схілілася над рэчкай. Усе кінулі працу і сталі пазіраць у той бок. Голле таполі апусцілася ў ваду і выцягнулася па плыні, а вада ўсё падмывала і падмывала яе кароткае карэнне. Таполю паступова выцягнула з зямлі, і яна паволі паплыла ўніз па цячэнні. Знясіленыя людзі сачылі за ёю, раскрыўшы раты. Дрэва плыло паволі. Раптам адна галіна зачапілася за корч і не дала дрэву плысці далей. Цячэнне развярнула яго, і карэнне ўперлася ў свежы насып. Вада ў запрудзе ўвесь час прыбывала, і дрэва зноў паплыло і прабіла зверху насып. У прабоіну рынуўся струмень вады. Бацька кінуўся наперад і стаў закідаць зямлёй прабоіну. Запруджаная дрэвам вада пачала падымацца. І неўзабаве насып змыла, і вада хлынула на людзей, заліла іх да шчыкалатак, да каленяў. Людзі не вытрымалі і пабеглі, а вада роўным патокам разлілася па паляне, пайшла пад вагоны, пад аўтамашыны.

Дзядзька Джон бачыў, як вада прарвала плаціну. У змроку ён разгледзеў гэта. Непасільны цяжар цела пацягнуў яго ўніз. Ён паваліўся на калені і апынуўся па грудзі ў бурлівай вадзе, якая напірала на яго.

Бацька ўбачыў, як ён упаў.

— Гэй, Джон! Што з табой? — Ён памог яму падняцца на ногі. — Галава закружылася? Хадзем, вагон высокі.

Да дзядзькі Джона вярнуліся сілы.

— Сам не ведаю, як гэта здарылася, — сказаў ён выбачлівым тонам. — Ногі падкасіліся. Падкасіліся, і ўсё. — Бацька павёў яго да вагонаў.

Калі плаціну змыла, Эл павярнуўся і пабег. Бегчы было цяжка. Калі ён дабраўся да грузавіка, вада даставала яму да лытак. Ён сарваў брызент з капота і ўскочыў у кабіну. Адразу націснуў на кнопку стартэра. Той закруціўся, але матор не падаў голасу. Эл націснуў да канца на газ. Акумулятар усё павальней і павальней круціў падмоклы стартэр, рухавік маўчаў. Яшчэ некалькі ўжо зусім павольных абаротаў стартэра. Эл паставіў запальванне на самае ранняе, намацаў рукой пад сядзеннем завадную ручку і выскачыў з кабіны. Вада ўжо залівала падножку. Эл падбег да носа машыны. Картэр матора быў пад вадой. Як ашалелы, Эл прыладзіў завадную ручку і некалькі разоў пакруціў ёю, і пры кожным павароце яго рука, апускаючыся, расплёсквала ваду, якая ўсё прыбывала. І нарэшце шаленства яго выдыхлася. Ён здаўся. Матор заліты вадой, акумулятарная батарэя выйшла са строю… Непадалёк, на крыху вышэйшай мясціне, запрацавалі маторы дзвюх машын, успыхнулі фары. Машыны буксавалі ў гразі, колы грузлі ўсё глыбей, і нарэшце вадзіцелі выключылі маторы і знерухомелі за рулём, пазіраючы на святло фар. А дождж белымі палоскамі рассякаў іх промні. Эл не спяшаючыся падышоў да кабіны, працягнуў руку і выключыў запальванне.

Калі бацька дабраўся да свайго вагона, ён убачыў, што ніжні канец сходак плавае ў вадзе. Ён наступіў на яго, утапіў пад ваду і ўтаптаў у гразь.

— Ну, Джон, ты сам падымешся? — запытаўся бацька.

— Падымуся. Ідзі першы.

Бацька асцярожна падняўся па мастку і праціснуўся ў вузкую шчыліну дзвярэй. Кноты ў ліхтары і лямпе былі нізка прыкручаныя. Маці сядзела на матрацы побач з Ружай Сарона і абмахвала яе кавалкам кардону. Місіс Уэйнрайт пхала ў печку сучча, і сыры дым выбіваўся з-пад канфорак і разносіў па вагоне пах гарэлай анучы. Калі бацька ўвайшоў, маці ўзняла на яго вочы і зараз жа апусціла.

— Ну… як яна? — запытаўся бацька.

Маці не падняла галавы.

— Як быццам нічога. Спіць.

Паветра ў вагоне было цяжкае, нечым непрыемна пахла. Дзядзька Джон ледзьве пралез у вагон і прыхінуўся да сцяны. Місіс Уэйнрайт кінула свой занятак і падышла да бацькі. Яна кранула яго за локаць і павяла ў кут вагона. Там узяла з падлогі ліхтар і падняла яго над скрынкай з-пад яблыкаў. У скрынцы на газеце ляжала пасінелае, зморшчанае цельца.

— Так ні разу і не дыхнула, — ціха прамовіла місіс Уэйнрайт. — Нарадзілася мёртвае.

Дзядзька Джон павярнуўся і, цягнучы ад стомы ногі, пайшоў у цёмны кут вагона. Цяпер ужо дождж ціха лапатаў па даху, так ціха, што ўсе чулі стомленае сапенне дзядзькі Джона, якое даносілася з цемры.

Бацька паглядзеў на місіс Уэйнрайт, узяў ліхтар у яе з рук і паставіў на падлогу. Руці і Ўінфілд спалі на сваім матрацы, прыкрыўшы сагнутымі ў локцях рукамі вочы.

Бацька паволі падышоў да Ружы Сарона. Хацеў прысесці каля яе матраца на кукішкі, але стомленыя ногі не паслухаліся, і ён стаў на калені. А маці ўсё памахвала над дачкой кардонкай. Яна глядзела на бацьку, вочы ў яе былі вялікія, позірк нерухомы, як у лунаціка.

Бацька сказаў:

— Мы… усё зрабілі… што маглі.

— Я ведаю.

— Мы працавалі ўсю ноч. А дрэва разнесла нашу плаціну.

— Ведаю.

— Чуеш? Вада пад вагонам.

— Ведаю. Я ўсё чула.

— Думаеш, з ёю ўсё абыдзецца?

— Не ведаю.

— Можа… мы маглі… што-небудзь зрабіць?

Губы ў маці былі сухія, бяскроўныя.

— Не. У нас заставалася толькі адно… і мы гэта рабілі.

— Мы там працавалі, ледзь з ног не валіліся, і раптам дрэва… Цяпер дождж ужо аслабеў. — Маці глянула на столь і зноў апусціла галаву. Бацька працягваў гаварыць, быццам гэта быў яго абавязак. — Не ведаю, як высока падымецца. Можа і вагон заліць.

— Я ведаю.

— Ты ўсё ведаеш.

Яна прамаўчала, а кардонка ў яе ў руцэ паволі хадзіла ўзад і ўперад.

— Мы што-небудзь зрабілі не так? — шукаў сабе апраўдання бацька. — Маглі што-небудзь зрабіць інакш?

Маці неяк дзіўна паглядзела на яго. Яе пабялелыя губы расцягнуліся ў задумлівую, спагадлівую ўсмешку.

— Ты ні ў чым не вінаваты. Перастань. Усё будзе добра. Цяпер усё мяняецца… паўсюль.

— Можа, вада… Можа, трэба зараз жа ехаць адсюль.

— Прыйдзе час — паедзем. Што трэба будзе рабіць, тое і зробім. А цяпер памаўчы. А то разбудзіш яе.

Місіс Уэйнрайт ламала галінкі і падсоўвала іх у агонь, ад якога ішоў густы сыры дым.

Знадворку пачуўся злосны голас:

— Я сам пагавару з гэтым сукіным сынам.

І ўслед — голас Эла каля самых дзвярэй:

— Куды лезеш?

— Я дабяруся да гэтай сволачы Джоўда!

— Не пушчу. Што табе трэба?

— Каб не яго дурная плаціна, нас бы даўно ўжо тут не было. А цяпер машына стаіць, як мёртвая.

— А ты думаеш, наша дужа жывая?

— Прапусці.

Голас Эла прагучаў холадна:

— Паспрабуй прабіцца.

Бацька не спяшаючыся падняўся з каленяў і пайшоў да дзвярэй.

— Спакойна, Эл. Я іду. Спакойна. — Бацька спусціўся ўніз. Маці пачула, як ён сказаў: — У нас хворая. Пройдзем вунь туды.

Дождж лёгенька стукаў па даху, а вецер, які нядаўна ўзняўся, размятаў яго ў бакі. Місіс Уэйнрайт адступіла ад печкі і глянула на Ружу Сарона.

— Хутка заднее, мэм. Вы паспалі б. Я пасяджу каля яе.

— Не, — адказала маці. — Я зусім не стамілася.

— Так я вам і паверыла, — сказала місіс Уэйнрайт. — Кладзіцеся, адпачніце хоць крыху.

Маці паволі разганяла кардонкай паветра.

— Вы па-сяброўску паставіліся да нас, місіс Уэйнрайт, — сказала яна. — Мы вам вельмі ўдзячныя.

Поўная нізенькая жанчына ўсміхнулася:

— Дзякаваць няма за што. У нас ва ўсіх адна доля. А калі б што з намі здарылася? Вы нам памаглі б.

— Безумоўна. Мы памаглі б.

— Ці каму другому.

— Безумоўна. Раней кожны клапаціўся толькі пра сваю сям'ю. Цяпер не так. Цяпер нам да ўсіх ёсць справа. І чым горш людзям, тым больш у нас клопату.

— Яго нельга было ўберагчы.

— Я ведаю, — сказала маці.

Руці глыбока ўздыхнула і зняла руку з твару. Святло лямпы асляпіла яе, яна павярнула галаву і паглядзела на маці.

— Нарадзілася? — запыталася Руці. — Дзіця ўжо ёсць?

Місіс Уэйнрайт падняла з падлогі мяшок і прыкрыла ім скрынку з-пад яблыкаў.

— Дзе дзіця? — дапытвалася Руці.

Маці правяла языком па губах.

— Дзіцяці няма. Яго і не было. Мы памыляліся.

— Гэ! — Руці пазяхнула: — А я думала, будзе дзіця.

Місіс Уэйнрайт села каля маці, узяла ў яе кардонку і сама пачала ёю махаць. Маці склала на каленях рукі, яе стомленыя вочы не адрываліся ад твару Ружы Сарона, якая ад знямогі забылася моцным сном.

— Ну дык прыляжце, — сказала місіс Уэйнрайт. — Вы ж каля яе будзеце. Варта ёй глыбей уздыхнуць, і вы прачняцеся.

— Добра. — Маці прылегла на матрац побач з дачкой. А місіс Уэйнрайт сядзела каля іх на варце.

Бацька, Эл і дзядзька Джон сядзелі ў дзвярах, пазіраючы, як займаецца светла-шэры золак. Дождж сціх, але хмары па-ранейшаму спрэс засцілалі неба. Першыя пробліскі святла адбіваліся ў вадзе. З дзвярэй была відаць імклівая плынь рэчкі, якая несла з сабой цёмныя галіны дрэў, скрыні, дошкі. Круцячыся вірам, вада вылівалася на паляну. Ад насыпу і следу не засталося. На самой паляне вада была спакойная, як у завадзі. Разліў акаймоўвала жоўтая пена. Бацька нахіліўся і паклаў сучок на сходкі, крыху вышэй узроўню вады. Яны бачылі, як вада паціху падабралася да сучка, лёгенька падхапіла яго і паволі панесла з сабой. Бацька паклаў другую галінку на цалю вышэй вады і сеў, не спускаючы з яе вачэй.

— Думаеш, і ў вагон прабярэцца? — запытаўся Эл.

— Хто ведае. Яшчэ да чорта вады з гор хлыне. Хто ведае. Можа, і дождж зноў палье.

Эл сказаў:

— Я ўсё думаю: калі вада прабярэцца ў вагон, усё падмочыць, але…

— Канешне, падмочыць.

— Але больш як на тры-чатыры футы над падлогай не падымецца, бо вада перальецца цераз шашу і разальецца ўшыркі.

— Чаму ты так думаеш?

— А я там, за вагонам, добра ўсё разгледзеў, — Эл выцягнуў руку. — Вось на колькі падымецца, не больш.

— Ну і няхай, — сказаў бацька. — Што нам да гэтага? Нас тут не будзе.

— Не, мы тут будзем. Тут грузавік. Як сыдзе паводка, цэлы тыдзень яшчэ давядзецца сушыць яго і выціраць.

— А што ты прыдумаў?

— Можна разабраць барты грузавіка і зрабіць насціл у вагоне — пакладзём на яго ўсё, што ў нас ёсць, і самім будзе дзе сядзець.

— Во як? А гатаваць як будзем, што будзем есці?

— Затое нічога не падмочыцца.

Навокал шэрае святло мацнела, набыло металічны водсвет. Плынь злізнула са сходак і другую галінку. Бацька паклаў яшчэ адну, крыху вышэй.

— Прыкметна прыбывае, — сказаў ён. — Відаць, так і зробім.

Маці неспакойна заварушылася ў сне. Раптам яна шырока расплюшчыла вочы і крыкнула, нібы перасцерагаючы:

— Том! Ой, Том, Том!

Місіс Уэйнрайт сказала ёй нешта супакойлівае. Павекі ў маці адразу сплюшчыліся, і яна пакурчылася ў сваім трывожным сне. Місіс Уэйнрайт паднялася і падышла да дзвярэй.

— Паслўхайце, — ціха сказала яна. — Мы адсюль не хутка выберамся. — Яна паказала рукой на той кут, дзе стаяла скрынка з-пад яблыкаў: — Так нядобра. Лішняе гора і лішнія слёзы. Можа, вы б… вынеслі яго і пахавалі дзе-небудзь?

Мужчыны маўчалі. Нарэшце бацька сказаў:

— Па-мойму, правільна. Лішнія слёзы. Але па закону так проста нельга пахаваць.

— Ці мала мы робім супраць закону, калі нічога больш не застаецца?

— Гэта праўда.

Эл сказаў:

— Пакуль вада не паднялася яшчэ вышэй, трэба разабраць барты грузавіка.

Бацька павярнуўся да дзядзькі Джона:

— Можа, ты яго пахаваеш, а мы з Элам перацягаем сюды дошкі?

Дзядзька Джон панура адказаў:

— Чаму я павінен гэта рабіць? Чаму не вы? Мне гэта не па душы. — Памаўчаўшы, сказаў: — Добра. Зраблю. Добра, пахаваю. Ну, нясіце сюды, дайце мне яго. — І, павышаючы голас, паўтарыў: — Нясіце! Дайце мне яго!

— Ш-ш… Пабудзіце ўсіх, — сказала місіс Уэйнрайт. Яна прынесла скрынку да дзвярэй і беражліва расправіла зверху мяшок.

— Рыдлёўка там, за табой, — сказаў бацька.

Дзядзька Джон узяў рыдлёўку. Ён саслізнуў па дошках уніз і апынуўся амаль па пояс у вадзе, у павольнай плыні. Свабоднай рукой ён прыняў скрынку і ўзяў яе пад паху.

Бацька сказаў:

— Пайшлі, Эл. Прынясём дошкі.

У шэрым світальным сутонні дзядзька Джон, ідучы ў вадзе, абагнуў вагон, мінуў грузавік Джоўдаў і па слізкім дарожным насыпе падняўся на шашу. Ён пакрочыў па ёй міма вагоннага лагера і дайшоў да месца, дзе бурлівая рэчка паварочвала амаль да самай дарогі, уздоўж якой тут рос лазняк. Ён кінуў на дол рыдлёўку і, трымаючы скрынку перад сабой, прадраўся скрозь зараснік, да імклівага рачнога патоку. Пастаяў там з хвіліну, пазіраючы на вірлівую плынь, на камякі жоўтай пены, што аселі ў кустах. Ён падняў скрынку да грудзей. Потым нахіліўся, апусціў яе на ваду і прытрымаў рукой. Ён гнеўна сказаў:

— Плыві, раскажы ім усё. Плыві па вуліцах, ператварыся ў тлен і раскажы ім хоць так. Толькі так і можаш гаварыць. Я нават не ведаю, хто ты — хлопчык ці дзяўчынка. І не хачу ведаць. Плыві, спыніся дзе-небудзь сярод вуліцы. Можа, тады яны зразумеюць. — Мяккім рухам рукі дзядзька Джон падпіхнуў скрынку ў самае цячэнне і адпусціў. Скрынка нізка асела ў вадзе, пайшла бокам, закруцілася ў вірлівай вадзе і паволі перавярнулася ўверх дном. Мяшок паплыў, і, падхопленая імклівым цячэннем, скрынка шпарка паплыла ўслед за ім і знікла з вачэй за кустоўем. Дзядзька Джон вярнуўся да шашы, схапіў рыдлёўку і пакрочыў назад, да лагера. Ён з плёскатам увайшоў у ваду і дайшоў да грузавіка, з якога бацька з Элам знімалі бартавыя дошкі — адна цаля на шэсць.

Бацька азірнуўся на дзядзьку Джона:

— Ну што, зрабіў?

— Ага.

— Тады вось што — ты дапамажы Элу, а я схаджу ў краму, куплю што-небудзь з ежы.

— Вазьмі свіной грудзінкі, — папрасіў Эл. — Я мяса хачу.

— Добра, — сказаў бацька і саскочыў з грузавіка, а дзядзька Джон палез на яго месца.

Калі ўцягнулі дошкі ў вагон, маці прачнулася і села на матрацы.

— Што вы надумалі рабіць? — запыталася яна.

— Хочам збіць памост, каб не заліло.

— Навошта? Тут у нас суха.

— А хутка не будзе. Вада прыбывае.

Маці цяжка паднялася з матраца і падышла да дзвярэй.

— Трэба адсюль выбірацца.

— Нельга, — запярэчыў Эл. — Усё наша дабро тут. Грузавік тут. Усё, што ў нас ёсць.

— А бацька дзе?

— Пайшоў купіць што-небудзь на снеданне.

Маці зірнула ўніз, на ваду. Да падлогі вагона засталося ўжо толькі шэсць цаляў. Маці вярнулася да матраца і паглядзела на дачку. Іх позіркі сустрэліся.

— Ну, як ты сябе адчуваеш? — запыталася маці.

— Стамілася. Зусім без сіл.

— Зараз накармлю цябе снеданнем.

— Мне есці не хочацца.

Місіс Уэйнрайт падышла і стала каля маці.

— Выгляд у яе цяпер добры. Зусім малайчына.

Вочы Ружы Сарона пыталіся аб нечым у маці, але тая старалася ўнікнуць гэтага пытання. Місіс Уэйнрайт адышла ад печкі.

— Ма…

— Ну што табе?

— Усё… добра?

Маці не стрывала. Яна апусцілася каля дачкі на калені.

— У цябе яшчэ будуць дзеці, — сказала яна. — Мы зрабілі ўсё, што маглі.

Ружа Сарона пачала кідацца па матрацы і прыўзнялася на локці.

— Ма!

— Ты невінаватая.

Ружа Сарона зноў адкінулася назад і закрыла вочы сагнутымі ў локцях рукамі. Руці падабралася блізка да сястры і з жахам пазірала на яе. Потым хрыпла прашаптала:

— Яна хворая, ма? Яна памрэ?

— Ну што ты. Яна паправіцца. Паправіцца.

У вагон увайшоў бацька з пакункамі ў руках.

— Ну, як яна?

— Усё добра, — адказала маці. — Усё будзе добра.

Руці далажыла Ўінфілду:

— Яна не памрэ. Так ма сказала.

А Ўінфілд, калупаючы ў зубах трэсачкай, прамовіў, зусім як дарослы:

— Мне гэта і так вядома.

— Адкуль?

— Не скажу, — адказаў Уінфілд і выплюнуў з рота абломак трэсачкі.


Маці распаліла агонь у печцы апошнім суччам, падсмажыла грудзінкі і зрабіла да яе падліўку. Сярод бацькавых пакупак быў і заводскі хлеб. Убачыўшы яго, маці нахмурылася:

— Грошы яшчэ засталіся?

— Не, — адказаў бацька. — Але ж вельмі есці хочацца.

— І ты купляеш хлеб, — папракнула яго маці.

— Мы вельмі прагаладаліся. Усю ж ноч працавалі.

Маці ўздыхнула:

— А як далей будзем жыць?

Пакуль яны елі, вада падымалася ўсё вышэй і вышэй. Эл паспешліва праглынуў сваю порцыю і разам з бацькам пачаў збіваць памост. Пяць футаў шырынёй, шэсць футаў даўжынёй, чатыры футы ад падлогі. А вада падабралася ўжо да дзвярэй, доўга стаяла там, нібы ў нерашучасці, і нарэшце патроху прасачылася ў вагон, пачала заліваць падлогу. І зноў паліў дождж — цяжкія, буйныя кроплі запляскалі па вадзе, як і раней, гулка барабанілі па даху.

Эл сказаў:

— Ну, давайце падымем матрацы. І коўдры туды ж, а то намокнуць.

Яны навалілі ўвесь свой скарб на высокі памост; вада ўсё больш залівала падлогу. Бацька, маці, Эл і дзядзька Джон з чатырох рагоў паднялі матрац, на якім ляжала Ружа Сарона, і паклалі паверх рэчаў.

Ружа Сарона запратэставала:

— Я сама. Я здаровая.

А вада празрыстай плёнкай распаўзалася па падлозе. Ружа Сарона шапнула нешта маці, і тая ўсунула руку пад коўдру, памацала грудзі і кіўнула галавой.

У другім канцы вагона Ўэйнрайты стукалі малаткамі, майструючы і сабе памост. Дождж памацнеў, але неўзабаве сціх зусім.

Маці паглядзела сабе пад ногі. Вада ў вагоне паднялася ўжо на паўцалі.

— Гэй, Руці, Уінфілд, — спалохана закрычала маці, — залязайце наверх. Прастудзіцеся. — Яна падсадзіла дзяцей наверх, і яны нязручна прымасціліся каля матраца Ружы Сарона. І раптам маці сказала: — Трэба выбірацца адсюль.

— Нельга, — запярэчыў бацька. — Эл правільна кажа: усё наша дабро тут. Мы зараз дзверы знімем і пакладзём наверх — больш месца будзе.


Джоўды ўсёй сям'ёй згрудзіліся на памосце, маўклівыя, панурыя. Паводка затапіла вагон на шэсць цаляў вышэй падлогі, і толькі тады яе воды пераліліся цераз дарожны насып і залілі бавоўнішча па другі бок шашы. Астатак дня і ўсю ноч мужчыны спалі, прамоклыя, бок у бок адзін з адным на знятых з пазоў дзвярах. Маці ляжала разам з Ружай Сарона. Яна то перашэптвалася з дачкой, то ціха сядзела на матрацы ў глыбокім роздуме. Рэшткі куплёнага хлеба яна хавала пад коўдрай.

Дождж цяпер ішоў перагонамі — кароткія шквалы змяняліся зацішшам. Раніцай бацька пайшоў, плюхаючы па вадзе, па лагеры і вярнуўся з дзесяткам бульбін у кішэнях. Маці хмура пазірала, як ён выламаў некалькі дошак з унутранай абшыўкі вагона, распаліў печку і зачарпнуў вады ў кацялок. Потым усе елі рукамі гарачую бульбу, ад якой ішла пара. І калі гэтая апошняя іх ежа была з'едзена, усе моўчкі ўтаропіліся на шэрую ваду пад імі, а ноччу доўга не клаліся спаць.

Наступнай раніцай яны прачнуліся змрочныя. Ружа Сарона нешта шапнула маці на вуха, і тая паківала галавой і сказала:

— Ага. Самая пара. — І павярнулася да мужчын, якія ляжалі на знятых вагонных дзвярах. — Мы ідзём адсюль, — з суровай рашучасцю абвясціла яна. — Пашукаем дзе вышэйшага месца. Вы як хочаце — заставайцеся тут ці не, а я забяру з сабой Разашарну і малых.

— Нельга нам ісці, — слаба запратэставаў бацька.

— Дык не ідзіце. Данясіце толькі Разашарну да шашы і вяртайцеся. Дажджу ўжо няма, мы пойдзем.

— Добра. Мы таксама ідзём.

Эл сказаў:

— Я, ма, не пайду.

— Чаму гэта?

— Дык жа ж… Эгі… ну, мы з ёю…

Маці ўсміхнулася:

— Ну, канешне, канешне. Ты заставайся, Эл. Панаглядаеш тут за нашымі пажыткамі. Як спадзе вада, мы… вернемся. Давайце ж хутчэй, пакуль дажджу няма, — сказала яна бацьку. — Падымайся, Разашарна. Знойдзем сухое месца.

— Толькі я сама.

— Потым пройдзеш крыху там, на шашы. Ну, падстаўляй спіну, бацька.

Бацька саслізнуў па сходках у ваду і стаў чакаць каля вагона. Маці памагла Ружы Сарона злезці з памоста і падвяла яе да дзвярэй. Бацька ўзяў яе на рукі, падняў як мага вышэй і, асцярожна ступаючы ў глыбокай вадзе, абагнуў вагон і пайшоў да шашы. Там ён апусціў дачку на бетон, моцна трымаючы яе. Дзядзька Джон ішоў за ім следам з Руці на руках. Маці таксама саслізнула ў ваду, і спадніца на ёй узнялася пузыром.

— Ну, Уінфілд, садзіся мне на плечы. Эл… як вада спадзе, мы вернемся. Эл… — Маці памаўчала. — Калі… калі, можа, прыйдзе Том… скажы яму, што мы вернемся. Скажы, каб ён быў асцярожны. Уінфілд, садзіся на плечы… ага, вось так. Не матляй нагамі. — Пахістваючыся, яна пайшла па вадзе, якая даставала ёй да грудзей. Мужчыны памаглі ёй узабрацца на дарожны насып і знялі з яе плячэй Уінфілда.

Стоячы на шашы, яны паглядзелі на лагер — цёмна-чырвоныя прамавугольнікі таварных вагонаў, грузавікі і легкавыя машыны глыбока сядзелі ў вадзе, якая паволі калыхалася. Пакуль яны стаялі, замжэў дробны дожджык.

— Трэба ісці, — сказала маці. — Ты зможаш ісці сама, Разашарна?

— Галава крыху кружыцца. І ўсё цела баліць, як пабітае.

Бацька незадаволена буркнуў:

— Ісці… А куды ісці?

— Не ведаю. Ну, пайшлі, вазьмі Разашарну пад руку. — Маці ўзяла дачку пад правую руку, бацька пад левую. — Пашукаем сухога месца. А што рабіць? Вы ўжо другі дзень ходзіце ў мокрым.

Яны паволі пайшлі па шашы. Ім чуваць было, як недалёка ад насыпу шуміць імклівая рэчка. Руці і Ўінфілд ішлі разам крыху наперадзе, плюхаючы чаравікамі па мокрым бетоне. Джоўды доўга ішлі, не паскараючы кроку. Неба пацямнела, дождж памацнеў. Па шашы не праехала ніводнай машыны.

— Трэба спяшацца, — сказала маці. — Калі Разашарна моцна прамокне, проста не ведаю, што з ёю будзе.

— А куды нам спяшацца, ты не сказала, — з'едліва прамовіў бацька.

Дарога павярнула ўбок разам з лукавінай рэчкі. Маці акінула позіркам затопленыя палі. Далёка наперадзе, злева ад дарогі, на пакатым грудку стаяла пачарнелая ад дажджу адрына.

— Гляньце! — зарадавалася маці. — Вунь, вунь! Ручаюся, там суха. Пойдзем туды, перачакаем дождж.

Бацька ўздыхнуў:

— Каб гаспадар нас не прагнаў.

Наперадзе, на абочыне, Руці заўважыла чырвоную плямку. Яна кінулася туды. Кволая сцяблінка дзікай герані з адной толькі кветкай, пабітай дажджом. Руці сарвала яе. Яна асцярожна адшчыкнула адзін пялёстак і прыляпіла яго сабе на нос. Да яе падбег Уінфілд.

— Дасі мне адзін? — патрабавальна запытаўся ён.

— Не, сэр! Усё маё. Я сама знайшла, — адказала Руці і наляпіла сабе на лоб другі пялёстак, падобны на пунсовае сэрца.

— Дай мне, Руці, адзін, ну дай! — Уінфілд працягнуў руку, каб вырваць у яе кветку, але прамахнуўся, і Руці заляпіла яму аплявуху. Ён застыў на месцы, потым губы ў яго задрыжалі і да вачэй падступілі слёзы.

У гэты момант падышлі астатнія.

— Ну, што такое? — захвалявалася маці. — Што тут у вас?

— Ён хацеў забраць у мяне кветку.

Скрозь слёзы Ўінфілд сказаў:

— Мне толькі адзін пялёстак… Я таксама хачу на нос.

— Дай яму, Руці.

— Няхай сам знойдзе. Гэта маё.

— Руці! Дай яму адзін пялёстак.

У матчыным тоне дзяўчынка пачула пагрозу і перамяніла тактыку.

— На, калі ласка, — сказала яна, прытварыўшыся добранькай. — Толькі я сама табе прыляплю. — Дарослыя пайшлі далей. Уінфілд падставіў ёй твар, Руці наслініла языком пялёстак і балюча прыпляснула яго да носа Ўінфілда. — Ах ты, сволач! — ледзь чутна сказала яна. Уінфілд пакратаў пялёстак пальцам і прыціснуў яго яшчэ шчыльней. Дзеці пабеглі даганяць дарослых. Руці ўжо страціла ўсякую цікавасць да кветкі. — На, бяры, — сказала яна Ўінфілду. — Вось табе яшчэ. Наляпі на лоб.

Раптам справа ад дарогі на рэчку са свістам наляцеў дождж. Маці закрычала:

— Хутчэй! Зараз як ліне! Лезьце праз агароджу. Тут бліжэй. Спяшайцеся! Пацярпі, Разашарна, ужо блізка.

Бацька з маці ледзь не волакам пацягнулі Ружу Сарона цераз прыдарожную канаву і памаглі ёй пралезці праз агароджу. І тут лівень дагнаў іх. Патокі вады абрынуліся на іх. Яны пайшлі па гразкай зямлі і падняліся на грудок. Цёмнай адрыны амаль не было відаць за шчыльнай завесай дажджу. Ён свістаў і гучна плюскатаў, і парывы ветру гналі яго перад сабой. Ружа Сарона раптам паслізнулася і павісла на чужых руках.

— Бацька, можа, ты яе данясеш?

Бацька нахіліўся і падхапіў Ружу Сарона на рукі.

— Усё роўна ўжо прамоклі, — сказаў ён. — Уінфілд, Руці, хутчэй! Бяжыце наперад.

Цяжка дыхаючы, яны дабраліся да адрыны, якая добра прамокла ад дажджоў, і, пахістваючыся ад стомы, зайшлі пад павець. З гэтага боку дзвярэй не было. На зямлі валяліся ржавыя сельскагаспадарчыя прылады, дыскавы плуг, паламаны культыватар, жалезнае кола. Дождж калаціў па даху і, як полагам, закрываў уваход. Бацька беражліва апусціў Ружу Сарона на запэцканую маслам скрынку.

— Божа літасцівы! — выгукнуў ён.

Маці сказала:

— Можа, дзе тут ёсць сена. Гляньце, вунь дзверы. — Яна расчыніла дзверы, якія зарыпелі на ржавых завесах. — Сена! — закрычала яна. — Ідзіце сюды.

У адрыне было цёмна. Святло прабівалася толькі праз шчыліны ў дашчанай сцяне.

— Кладзіся, Разашарна, — сказала маці. — Кладзіся адпачні. Трэба цябе як-небудзь абсушыць.

Раптам пачуўся голас Уінфілда:

— Ма!.. — але стукат дажджу заглушыў яго словы. — Ма!

— Ну што там? Што табе?

— Глянь! Вунь туды, у кут.

Маці паглядзела ў той бок. У паўзмроку віднеліся дзве чалавечыя постаці — у куце ляжаў на спіне мужчына, каля яго сядзеў хлопчык і вялікімі вачамі пазіраў на прышлых. Потым ён паволі падняўся на ногі, падышоў да маці і запытаўся хрыплым голасам:

— Вы тут гаспадары?

— Не, — адказала маці. — Проста мы хаваемся ад дажджу. У нас хворая. Ці няма ў вас сухой коўдры, каб накінуць на яе, пакуль не прасушым яе адзежу?

Хлопчык пайшоў у свой кут, прынёс адтуль брудную ватовую коўдру і падаў яе маці.

— Дзякуй, — сказала яна. — А што з тым чалавекам?

Хрыплым голасам хлопчык прагаварыў на адной ноце:

— Спачатку ён хварэў… а цяпер памірае з голаду.

— Што?

— З голаду памірае. Захварэў на зборы бавоўны. Шэсць ужо дзён нічога не еў.

Маці пайшла ў кут адрыны і паглядзела на чалавека, які там ляжаў. Яму было гадоў пяцьдзесят. Зарослы шчаціннем худы, нібы абцягнуты скурай твар, адсутны, застылы погляд шырока расплюшчаных вачэй. Хлопчык стаў побач з ёю.

— Твой тата? — запыталася маці.

— Ага… То казаў, есці не хочацца, то — толькі што паеў. Усё мне аддаваў. А цяпер зусім аслабеў. Варухнуцца не можа.

Стукат дажджу па даху цяпер перайшоў у супакойлівае шастанне. На высахлым твары чалавека варухнуліся губы. Маці апусцілася каля яго на калені і падставіла яму вуха. Яго губы зноў варухнуліся.

— Ага, так, так, — сказала маці. — Вы не трывожцеся. З ім усё будзе добра. Пачакайце, я толькі зніму мокрую сукенку з дачкі.

Маці вярнулася да Ружы Сарона.

— Скідай усё, — загадала яна і загарадзіла яе падшыванай коўдрай. Ружа Сарона зняла з сябе ўсё, і маці абкруціла яе коўдрай.

Хлопчык зноў падышоў да маці.

— Я нічога не ведаў. Ён гаварыў, што паеў ці што есці не хоча. Учора позна вечарам я пайшоў, разбіў акно і ўкраў хлеба. Даў яму трохі пажаваць. А яго вырвала, і пасля гэтага ён яшчэ больш аслабеў. Яму каб супу ці малака. У вас няма грошай на малако?

Маці сказала:

— Ты памаўчы, хлопчык. Супакойся. Што-небудзь прыдумаем.

Хлопчык закрычаў:

— Ён памірае, я ж кажу вам! Я кажу вам, ён з голаду памірае.

— Памаўчы, — паўтарыла маці і паглядзела на бацьку і дзядзьку Джона, якія разгублена і бездапаможна пазіралі на нямоглага. Матчыны вочы на момант сустрэліся з вачамі дачкі, потым зноў іх позіркі сышліся. І абедзве жанчыны глыбока зазірнулі ў душу адна адной. Ружа Сарона дыхала цяжка, перарывіста. Яна сказала:

— Добра.

Маці ўсміхнулася:

— Я так і ведала. Я ведала! — Яна апусціла галаву і ўтаропілася на свае моцна сашчэпленыя на каленях рукі.

Ружа Сарона прашаптала:

— Вы… усе вы… выйдзеце?

Дождж цяпер біў па даху з мяккім шапатлівым шумам.

Маці падалася наперад і далонню адкінула зблытаныя валасы з ілба дачкі і пацалавала яе ў лоб, потым рашуча ўстала.

— Пойдзем адсюль усе, — сказала яна. — Пойдзем усе ў павець.

Руці раскрыла рот, каб нешта сказаць.

— Маўчы, — загадала маці. — Маўчы і ідзі. — Яна прапусціла ўсіх міма сябе, павяла з сабой хлопчыка і зачыніла рыплівыя дзверы.

З хвіліну Ружа Сарона нерухома сядзела ў шапатлівай адрыне. Потым цяжка падняла сваё стомленае цела і захуталася ў коўдру. Яна марудна прайшла ў кут і спынілася, пазіраючы на змарнелы твар, на шырока расплюшчаныя спалоханыя вочы чалавека. Потым паволі лягла каля яго. Ён слаба пакруціў галавой. Ружа Сарона адкінула край коўдры і агаліла грудзі.

— Так трэба, — сказала яна, прыціснулася да яго і прыгарнула яго галаву да грудзей. — Ну вось… — прамовіла яна, — вось так… — Рука яе прасунулася яму за галаву, падтрымліваючы яе. Пальцы ласкава гладзілі яго валасы. Яна падняла вочы, скіравала позірк у глыбіню адрыны, губы яе стуліліся і застылі ў таямнічай усмешцы.

Загрузка...