Раздзел другі

Каля прыдарожнага рэстаранчыка-бара стаяў вялізны грузавы аўтафургон. Вертыкальная выхлапная труба глуха вуркатала, над ёю слаўся ледзь бачны воку шызаваты дымок. Зусім новенькі грузавік пабліскваў свежай чырванню, футавыя літары па баках абвяшчалі: ТРАНСПАРТНАЯ КАМПАНІЯ АКЛАХОМА-СІЦІ. Шыны на падвойных колах былі новыя, на засаўцы шырокіх задніх дзверцаў стаяў тарчком медны вісячы замок. За загароджанымі сеткамі дзвярыма і вокнамі бара іграла радыё — спакойная танцавальная музыка, уключаная зусім ціха, як бывае, калі няма каму слухаць. Маленькі вентылятар бязгучна круціўся ў круглым гняздзе над уваходам, мухі зласліва гулі, б'ючыся аб металічныя сеткі. У бары быў толькі адзін наведнік — вадзіцель грузавога фургона. Ён сядзеў на табурэце каля стойкі, абапершыся на яе локцямі, і паўзверх шклянкі з кавай глядзеў на хударлявую буфетчыцу, якая нудзілася ад самоты. Ён вяла перакідваўся з ёю словамі, пераскокваючы з аднаго на другое, — такія гутаркі часта заводзяцца між людзьмі ў прыдарожных барах. Шафёр сказаў:

— Я стрэў яго месяцы тры назад. Пасля аперацыі. Яму там нешта выразалі. Запамятаваў што.

А яна:

— Толькі ж на тым тыдні яго бачыла. Здаровы быў з выгляду. Хлапец нядрэнны, пакуль не набярэцца.

Мухі раз-пораз з ціхім гудзеннем наляталі на металічную сетку дзвярэй. Кававы агрэгат за спінай буфетчыцы запыхкаў парай, і жанчына, не азіраючыся, працягнула руку назад і выключыла яго.

Па абочыне шашы ішоў чалавек. Убачыўшы грузавік, павярнуў да яго. Не спяшаючыся, падышоў, крануў рукой бліскучае крыло і зірнуў на наклейку на ветравым шкле: «Пасажыраў браць забаронена». Ён намерыўся ўжо ісці далей сваёй дарогай, але раптам перадумаў і сеў на падножку грузавіка, якая была схавана ад бара кабінай. З выгляду яму было не болей за трыццаць. Цёмна-карыя вочы з жаўтаватымі бялкамі, рэзкія шырокія скулы, дзве глыбокія маршчыны на шчоках і па кутках рота. Верхняя губа ў яго выцягнулася, бо зубы выдаваліся наперад, а ён стараўся трымаць рот закрытым. Рукі былі агрубелыя, з шырокімі пальцамі і тоўстымі, цвёрдымі, як створкі ракавінак, пазногцямі. На западзіне паміж вялікім і ўказальным пальцамі і на падушачках далоняў святлелі мазалі.

На ім было ўсё новае — новае і таннае. Брылёк шэрай кепкі не паспеў яшчэ пагнуцца, гузік на ёй яшчэ не адарваўся. Кепка не страціла формы, не абвісла, як бывае, калі служыць дадаткова яшчэ і сумкай, і ручніком, і насоўкай. Танны гарнітур з шэрай шорсткай баваўнянай тканіны таксама быў такі новы, што на штанах трымалася складка. Сіняя кашуля была гладкая і каляная ад яшчэ не вымытага крухмалу. Пінжак мехавата вісеў на ім, штаны былі не па росце, кароткія, а ён чалавек быў высокі. Плечавыя швы апускаліся занізка, але рукавы ўсё роўна не даставалі да запясцяў, а крыссе пінжака матлялася на жываце. На нагах у яго былі новыя карычневыя чаравікі апошняга армейскага ўзору, падбітыя цвікамі і з жалезнымі падкоўкамі на абцасах. Седзячы на падножцы, ён зняў з галавы кепку, выцер ёю твар, зноў надзеў, пацягнуў за брылёк, і з гэтага моманту пачала набліжацца пагібель яго галаўнога ўбору. Потым ён глянуў на свае чаравікі, нахіліўся, аслабіў шнуркі і так, незавязанымі, пакінуў. Над галавой з выхлапной трубы дызель-матора борзда, адзін за адным, вынырвалі лёгкія шызыя воблачкі дыму.

Музыка ў бары сціхла, з дынаміка пачуўся мужчынскі голас, але буфетчыца прыёмнік не выключыла — не заўважыла, што музыка скончылася. Толькі што яна намацала пальцам прышчык за вухам. Намагалася разгледзець яго ў люстры, што вісела ззаду над стойкай, ды так, каб наведнік не заўважыў, і таму рабіла выгляд, што папраўляе пасмачку валасоў. Шафёр сказаў:

— У Шоні вялікія танцы былі. Кажуць, забілі там некага ці штосьці такое. Нічога не чулі?

— Не, — адказала буфетчыца і пяшчотна памацала прышчык за вухам.

Чалавек падняўся з падножкі, паглядзеў цераз капот на бар. Потым зноў сеў і дастаў з бакавой кішэні капшук з тытунём і кніжачку курыльнай паперы. Не спяшаючыся, умелымі пальцамі скруціў цыгарку, з усіх бакоў агледзеў яе, акуратна падраўняў табачынкі, нарэшце запаліў і ўтыцнуў непатушаную запалку ў пыл пад нагамі. Набліжаўся поўдзень, сонца пакрысе паглынала цень ад грузавіка.

У бары шафёр расплаціўся за каву і ўсунуў здачу — дзве пяціцэнтавыя манеты — у проразь ігральнага аўтамата. Цыліндры закруціліся, але нічога не выдалі.

— Яны так хітра зроблены, што ніколі не выйграеш, — сказаў шафёр буфетчыцы.

Яна адказала:

— Аднаму тут вялікі выйгрыш выпаў. Не болей як гадзіны дзве таму. Калі назад праедзеце?

Ужо адчыніўшы дзверы, шафёр адказаў:

— Праз тыдзень ці дзён праз дзесяць. У Талсу еду, а там заўсёды замінка.

Буфетчыца буркліва сказала:

— Мух напусціце. Ідзіце ці дзверы зачыніце.

— Да хуткага, — сказаў шафёр і выйшаў.

Дзверы за ім з грукатам зачыніліся. Стоячы на санцапёку, ён здзіраў абгортку з жавальнай гумкі, грузны, плячысты, ужо з прыкметным жывоцікам. Румяны твар, вочы блакітныя і вузкія, як шчылінкі, ад прывычкі жмурыцца на яркім святле. На ім былі армейскія штаны і чаравікі з высокай шнуроўкай. Паднёсшы жавальную гумку да губ, ён крыкнуў буфетчыцы праз сеткаватыя дзверы:

— Ну дык паводзь сябе добра, а то да мяне ўсё роўна дойдзе.

Буфетчыца стаяла тварам да люстра. Яна нешта буркнула ў адказ. Шафёр паволі пачаў раскусваць гумку, шырока адкрываючы рот і энергічна працуючы сківіцамі. Потым пайшоў да грузавіка, на хаду размінаючы жвачку зубамі, нарэшце засунуў яе пад язык.

Падарожнік, які стараўся ехаць на спадарожных машынах, падняўся з падножкі і скрозь акенцы кабіны паглядзеў на шафёра.

— Можа, падкінеце, містэр?

Шафёр глянуў на бар.

— Хіба не бачыш, што ў мяне на ветравым шкле?

— Ну ясна — бачу… Але прыстойны чалавек заўсёды застаецца прыстойным, нават калі якая-небудзь багатая сволач прымушае яго ездзіць з такой наклейкай.

Шафёр марудна палез у кабіну, разважаючы над гэтымі словамі. Адмовіш, дык не толькі абняславіш сябе, але яшчэ і прызнаеш, што цябе прымушаюць ездзіць з такой наклейкай, пазбаўляючы людской кампаніі ў дарозе. А возьмеш пасажыра, дык прылічыш сябе да людзей прыстойных, якія да таго ж не дазваляюць усякай багатай сволачы распараджацца табой, як ёй захочацца. Ён разумеў, што трапіў у пастку, але выйсця з яе не бачыў. А яму вельмі хацелася быць чалавекам прыстойным. Нарэшце ён зноў глянуў на бар.

— Як-небудзь прымасціся на падножцы да таго вунь павароту, — сказаў ён.

Чалавек нырнуў уніз і ўхапіўся за дзвярную ручку. Матор зароў, счапленне бразнула, і вялізны аўтафургон скрануўся з месца — першая скорасць, другая, трэцяя, потым машына пранізліва заскрыгатала і перайшла на чацвёртую скорасць. Перад вачамі чалавека, што прыпаў да падножкі, з галавакружнай хуткасцю праносілася дарога, зліваючыся ў мутную пляму. Першы паварот быў за мілю ад бара, там грузавік збавіў ход. Чалавек на падножцы выпрастаўся, прачыніў дзверцы і прабраўся ў кабіну. Шафёр зірнуў на яго праз шчылінкі вачэй, не перастаючы жаваць гумку, быццам думкі яго і ўражанні прыводзіліся ў належны парадак з дапамогай сківіц і толькі пасля гэтага пранікалі ў мозг. Яго позірк затрымаўся спачатку на новай кепцы, потым на новым касцюме і нарэшце слізнуў да новых чаравікаў пасажыра. Той усеўся ямчэй, зняў кепку і прамакнуў ёю пот на лбе і падбародку.

— Дзякуй, дружа, — сказаў ён. — А то капыты мае забаставалі.

— Новыя чаравікі, — прамовіў шафёр. У голасе ў яго была тая ж змоўніцкая хітрынка, што і ў позірку. — Хіба ж можна пускацца ў дарогу ў новых чаравіках, ды яшчэ такой спёкай!

Чалавек глянуў на свае запыленыя жоўтыя чаравікі.

— Другіх не было, — сказаў ён. — Што ёсць, тое і носіш.

Шафёр уважліва паглядзеў праз ветравое шкло на дарогу і крыху павялічыў скорасць.

— Далёка выбраўся?

— Ага. Я асіліў бы дарогу да канца, каб капыты не забаставалі.

Шафёр распытваў яго так, быццам вёў тонкі допыт. Закідваў сеткі, ставіў пасткі.

— Шукаеш працы?

— Не. У майго старога тут участак — сорак акраў. Ён арандатар-здольнік, але сям'я наша даўно ўжо ў гэтых месцах.

Шафёр шматзначна паглядзеў на палі ўздоўж дарогі, на палеглую, занесеную пылам кукурузу. З-пад пласта пылу сям-там вызіраў дробны пясчанік. Шафёр сказаў быццам сам сабе:

— Так і сядзіць на сваіх сарака акрах? І пыл яго не засыпаў, і трактары не сагналі?

— Апошні час я з дому вестак не меў.

— Значыць, даўнавата не меў, — сказаў шафёр. У кабіну заляцела пчала і з гудзеннем пачала біцца аб ветравое шкло. Шафёр працягнуў руку і асцярожна пасунуў пчалу да акенца кабіны, і там яе падхапіў вецер. — Здольнікам цяпер хана, — зноў загаварыў шафёр. — Адным трактарам адразу дзесяць сем'яў зганяюць. Трактары такога нарабілі! Заворваюць участак, а арандатара — прэч. Як гэта толькі стары твой утрымаўся? — Яго язык і сківіцы зноў заняліся забытай ужо гумкай, сталі жаваць яе і перакідваць з боку на бок. Кожны раз, як ён адкрываў рот, між губамі ў яго відаць быў язык, які ганяў гумавую жвачку з месца на месца.

— Я даўно не меў вестак з дому. Сам пісаць не люблю, бацька таксама не аматар. — Пасажыр паспешліва дадаў: — Але пісаць мы ўмеем, была б толькі ахвота.

— Працаваў дзе-небудзь? — Зноў такі ж дапытлівы, хітравата дагодлівы і быццам абыякавы тон. Шафёр зірнуў на палі скрозь паветра, якое трымцела ад спёкі, і, засунуўшы гумку за шчаку, каб не перашкаджала, плюнуў у акно.

— Канешне, працаваў, — адказаў пасажыр.

— Так я і думаў. Па руках відаць — мазолістыя. Кірка ці сякера, а то і кувалда. Я такое заўважаю. Ганаруся гэтым.

Пасажыр пільна паглядзеў на шафёра. Колы грузавіка, коцячыся па шашы, напявалі сваю бясконцую песню.

— Цябе яшчэ што-небудзь цікавіць? Дык я раскажу. Чаго табе дарма галаву ламаць.

— Ну вось, ужо і зазлаваў. Я ў чужыя справы не соваюся.

— Я сам усё раскажу. Мне таіць няма чаго.

— Ды кінь ты, не злуй. Проста я люблю да ўсяго прыглядацца. Хутчэй час ідзе.

— Я ўсё раскажу. Зваць мяне Джоўд, Том Джоўд. Бацька таксама Том Джоўд. — Вочы пасажыра заслала смугой, калі ён глянуў на шафёра.

— Кінь злаваць. Я гэта проста так.

— Я таксама проста так, — сказаў Джоўд. — Стараюся жыць ціха, нікога не крыўдзіць. — Ён змоўк, паглядзеў на сухія палі, на змардаваныя спёкай купкі дрэў, што віднеліся ўдалечыні скрозь гарачае паветра. Тады дастаў з бакавой кішэні капшук і паперу і скруціў цыгарку — між каленяў, там не так цягнула ветрам.

Шафёр жаваў сківіцамі мерна і задумліва, як карова. Ён моўчкі чакаў, калі згладзіцца ўражанне ад таго, што было сказана, і ледзь толькі пачуццё няёмкасці рассеялася, сказаў:

— Хто не сядзеў цэлымі днямі за рулём, той не ведае, што гэта такое. Гаспадары не дазваляюць браць спадарожнікаў. Вось і ганяеш з канца ў канец адзін, як пракляты, калі не хочаш нарвацца на звальненне. А з табой я, чаго добрага, нарвуся.

— Цаню, — сказаў Джоўд.

— Некаторыя хлопцы ў дарозе чорт што вырабляюць. Адзін, паверыш, вершы складае, каб хутчэй ішоў час. — Ён крадком глянуў на Джоўда, ці не зацікавіць яго такое незвычайнае паведамленне. Джоўд маўчаў, утаропіўшыся на дарогу, на белую дарогу, што бегла ўдалячынь мяккай хвалістай лініяй па ўзгорках. Не дачакаўшыся адказу, шафёр пачаў гаварыць далей: — Адзін яго верш я крыху памятаю. Там пра яго самога і двух яго прыяцеляў — раз'язджаюць па свеце, п'янствуюць, дэбашыраць. Шкада, не магу ўсё пераказаць. Ён там такіх доўгіх слоў накруціў, сам гасподзь бог не разбярэцца. Памятаю толькі адно месца: «Нам раз стрэўся афрыканец, у яго пратуберанец, нібы хобат у слана». Пратуберанец — гэта выступ такі. Ён сам мне ў слоўніку паказваў. Ні на момант са сваім слоўнікам не расставаўся. Пад'едзе да закусачнай, закажа кавы з пірагом, а сам уткнецца носам у слоўнік. — Шафёр замаўчаў. Гаварыць аднаму так доўга было не вельмі прыемна. Краем вока ён глянуў на пасажыра. Той сядзеў моўчкі. Шафёру стала ніякавата, і ён зрабіў яшчэ адну спробу ўцягнуць Джоўда ў гутарку. — Ты чуў ад каго-небудзь такія даўжэзныя словы?

— Ад прапаведніка, — адказаў Джоўд.

— Проста шалееш, калі чуеш такія слоўцы. Прапаведнік — справа іншая, з ім лясы тачыць не будзеш. Наогул, злосць бярэ, калі так гавораць, але хлопец той быў весялун. Усе ведалі, што ён смехам гэта робіць, а не дзеля выхвальства: вось які я разумны! — Шафёр супакоіўся — цяпер, прынамсі, пасажыр яго слухаў. Ён зрабіў круты паварот, ажно шыны віскнулі. — Вось я і кажу, — працягваў ён гаварыць, — некаторыя хлопцы немаведама якія штукі адпальваюць. Даводзіцца. Здурэць можна — сядзіш увесь час адзін, і толькі дарога перад вачамі мільгае. Пра вадзіцеляў грузавікоў балбочуць, нібыта яны толькі і робяць, што жаруць. Ездзяць з аднаго бара ў другі і булачкі з катлетамі ядуць.

— І днююць і начуюць у барах, — уставіў Джоўд.

— Прыпынкі мы, вядома, робім, але не дзеля таго, каб есці. Нам есці рэдка калі хочацца. Едзеш-едзеш — абрыдне дарэшты. Спыняцца можна толькі каля бараў, а раз ужо спыніўся, дык трэба што-небудзь заказаць. Пачэшаш язык з дзяўчынай за стойкай, папросіш кубак кавы, пірага кавалак. Трохі адпачнеш. — Шафёр паволі жаваў гумку, падпраўляючы яе языком.

— Цяжка вам даводзіцца, — абыякава прамовіў Джоўд.

Шафёр падазрона зірнуў на пасажыра — у яго словах яму пачулася насмешка.

— Вядома, нялёгка, — раздражнёна сказаў ён. — Здаецца, што тут такога: адседзеў за абаранкам свае восем, дзесяць ці чатырнаццаць гадзін у дзень — і ўсё. Але дарога табе ў душу ўядаецца. Даводзіцца нешта рабіць. Хто спявае, хто насвіствае. Радыёпрыёмнікі ставіць кампанія не дазваляе. Некаторыя бяруць з сабой бутэльку, але гэты сорт людзей у нас доўга не трымаецца. — Крыху фанабэрліва ён дадаў: — Я ў дарозе ніколі не п'ю.

— Ніколі? — перапытаў Джоўд.

— Ніколі! Трэба ў людзі выбіцца. Задумаў я паступіць на завочныя курсы. Механікам буду. Справа няцяжкая. Сядзі сабе дома ды вучыся, урокі лёгкія. Я гэта сур'ёзна надумаў. Тады ўжо не буду вадзіць грузавікі. Няхай іх хто іншы водзіць.

Джоўд дастаў з бакавой кішэні пляшку віскі.

— Можа, глынеш, хочацца ж? — падражніў шафёра Джоўд.

— Не, слова даў. І не дакрануся. Што-небудзь адно: альбо піць, альбо вучыцца.

Джоўд адкруціў каўпачок, два разы пацягнуў з рыльца, зноў закрыў бутэльку і засунуў яе ў кішэню. Па кабіне разліўся моцны і рэзкі пах віскі.

— Ты ўвесь нейкі ўзбуджаны, — сказаў Джоўд. — Што з табой — дзяўчыну завёў?

— Гэта само сабой. Але галоўнае — трэба ў людзі выбівацца. Свае мазгі я даўно ўжо трэнірую.

Ад віскі Джоўд адчуў сябе вальней. Ён скруціў яшчэ адну цыгарку і запаліў.

— Цяпер ужо мне недалёка, — сказаў ён.

Шафёр таропка загаварыў:

— Мне піць няма як. Я ўвесь час трэнірую сваю памяць. Два гады назад спецыяльны курс прайшоў. — Ён паляпаў правай рукой па абаранку руля. — Дапусцім, я праязджаю міма пешахода. Я да яго ўважліва прыглядаюся, а як праеду, стараюся прыгадаць усё — і якая ў яго адзежа, якія чаравікі, галаўны ўбор, яго паходку, рост, колькі ён прыблізна важыць, і асаблівыя прыкметы на яго твары, калі яны ёсць. У мяне гэта нядрэнна атрымліваецца. Іншы раз думаю, ці не заняцца мне яшчэ вывучэннем дактыласкапіі, тады можна сапраўдным экспертам стаць. Проста дзіва, колькі чалавек можа ўсяго ў памяці ўтрымаць.

Джоўд хуценька глынуў з бутэлькі. Апошні раз зацягнуўся дымам разлезлай самакруткі і мазольнымі пальцамі раздушыў гарачы кончык. Старанна расцёршы недакурак, высунуў руку ў акенца, і вецер садзьмуў труху з яго далоні. Вялікія шыны бадзёра спявалі сваю песню, коцячыся па шашы. Джоўд утаропіўся на дарогу, і ў яго спакойных цёмных вачах зайграла хітраватая ўсмешка. Шафёр замаўчаў, насцярожана пакасіўся на пасажыра. Доўгая верхняя губа Джоўда расцягнулася, агаліўшы зубы, і плечы яго затрэсліся ад бязгучнага смеху.

— І доўга ж ты падбіраешся, прыяцель.

Шафёр не павярнуў у яго бок галавы.

— Да чаго я падбіраюся? Пра што ты?

Губы Джоўда зноў стуліліся, схаваўшы яго вялікія зубы, ён аблізнуў іх, як сабака, двума заходамі, ад сярэдзіны да куткоў рота.

— Сам ведаеш, пра што, — у голасе ў яго пачуліся рэзкія ноткі. — Ты мяне з ног да галавы вокам абвёў, як толькі ўбачыў. Думаеш, не заўважыў?

Пазіраючы праз ветравое шкло, шафёр з такой сілай сціснуў рулявое кола, што пабялелі кісці рук.

— Ты добра ведаеш, адкуль я іду, — сказаў Джоўд.

Шафёр маўчаў.

— Ведаеш, ці ж не так? — не сунімаўся Джоўд.

— Ну ведаю… Праўдзівей, здагадваюся. Толькі мяне гэта не тычыцца. Мне сваіх клопатаў хапае. Што мне да таго? — адным духам выпаліў шафёр. — Я ў чужыя справы не лезу. — Ён змоўк, відаць, чакаючы адказу. Пабялелыя рукі ўсё яшчэ моцна сціскалі абаранак руля.

Праз акенца ў кабіну заляцеў конік, апусціўся на прыборны шчыток і пачаў чысціць крыльцы сваімі каленчатымі спружыністымі ножкамі. Джоўд працягнуў руку, раздушыў пальцамі цвёрдую, падобную на чэрап, галоўку насякомага і выкінуў яго за акно, на вецер. Зноў бязгучна засмяяўшыся, ён пацёр пальцамі, каб сцерці з іх рэшткі раздушанага коніка.

— Памыляецеся, містэр, — сказаў ён. — Нічога я хаваць не збіраюся. Так, я сядзеў у Макалестары. Чатыры гады адседзеў. Адзежу мне гэтую далі там перад выхадам. Пляваць мне, няхай усе ведаюць. Цяпер я дадому іду, да бацькі, на працу мне наймацца не трэба, дык навошта адмоўчвацца?

Шафёр сказаў:

— Мяне гэта не тычыцца. У чужыя справы я носа не соваю.

— Не соваеш? У цябе ж нос на восем міль наперад вытыркнуўся. Ты мяне ім так абнюхаў, як авечка капусту.

Шафёр насупіўся.

— Ты мяне не так зразумеў… — пачаў ён вяла.

Джоўд засмяяўся:

— Ты хлопец што трэба — падвёз мяне. Ну, адбыў я тэрмін. Дык што? Хочаш ведаць, за што мне далі?

— Мяне гэта не тычыцца.

— Цябе нічога не тычыцца — ганяеш сваю чортаву махіну ўзад і ўперад і больш ведаць нічога не хочаш. А цяпер глянь — бачыш палявую дарогу?

— Ну.

— Там я выйду. Ты, пэўна, у штаны напусціў — так карціць даведацца, за што мяне пасадзілі. Ну, не буду мучыць цябе. — Рокат матора стаў глушэйшы, песенька шын паніжэла тонам. Джоўд дастаў сваю бутэльку і зноў разок прыклаўся да рыльца. Грузавік пад'ехаў да грунтавой дарогі, якая пад прамым вуглом адыходзіла ад шашы, і затармазіў. Джоўд вылез і стаў каля акна кабіны. Выхлапная труба ленавата выпускала свой шызаваты дымок. Джоўд нахіліўся да шафёра. — Чалавеказабойства, — скорагаворкай прагаварыў ён. — Вось табе яшчэ адно доўгае слова. А прасцей кажучы, забіў я чалавека. Атрымаў сем гадоў. Мне скінулі да чатырох, бо сядзеў я ціха, як мыш.

Шафёр правёў позіркам па твары Джоўда, стараючыся запомніць яго рысы.

— Ні пра што такое я ў цябе не пытаўся, — сказаў ён. — Мая справа старана.

— Можаш раззваніць па ўсіх забягалаўках, адсюль і да самай Тэксалы. — Джоўд усміхнуўся: — Ну, бывай, дружа! Хлопец ты неблагі. Толькі памятай: хто пасядзеў у каталажцы, той здалёку пачуе, куды вецер вее. Ты і рота яшчэ раскрыць не паспеў, а мне было ўжо ўсё ясна. — Джоўд пляснуў далонню па металічных дзверцах: — Дзякуй, што падвёз. Бывай! — Ён павярнуўся і пайшоў на палявую дарогу.

Хвіліну шафёр моўчкі глядзеў яму ўслед, потым крыкнуў:

— Шчасліва!

Не азіраючыся, Джоўд памахаў рукой. Матор зароў, заскрыгатала перадача, і вялікі чырвоны аўтафургон скрануўся з месца.

Загрузка...