Раздзел пятнаццаты

Уздоўж шашы № 66 стаяць прыдарожныя бары: «Дом Эла і Сузі», «Снеданне ў Карла», «Джо і Міні», «Закусачная Ўіла». Халупкі з лямцавай пракладкай між дошак. Дзве бензінавыя калонкі каля ўвахода, дзверы з драцяной сеткай, доўгая стойка, высокія табурэты, рэйка для ног. Каля дзвярэй тры гульнёвыя аўтаматы, праз шкло відаць, якое багацце ў пяціцэнтавых манетах можна выйграць за тры жэтоны. А побач з імі патэфон, які іграе за пяціцэнтавік, і наваленыя горкай, як бліны, пласцінкі, гатовыя ў любы момант слізгануць на дыск, і тады загучыць танцавальная музыка — факстроты «Ці-пі-ці-пі-цін», «Дзякуй за памяць», шлягеры Бінга Кросбі, джаз Бені Гудмэна. На адным канцы стойкі пад шкляным каўпаком — дражэ ад кашлю, серна-кафеінавыя таблеткі пад назвай «Бяссонныя», «Не драмаць»; цукеркі, цыгарэты, лёзы для брытваў, аспірын, белыя шарыкі «Брома-Сельтэр» і «Алька-Сельтэр» для шыпучкі. На сценах плакаты: купальшчыцы — пышнагрудыя, вузкабёдрыя бландзінкі з васковымі тварамі, у белых купальніках, з бутэлькай кока-колы ў руках, усміхаюцца: вось што абяцае вам кока-кола. Стойка доўгая, на ёй сальніцы, перачніцы, гарчычніцы і папяровыя сурвэткі. За стойкай піўныя краны, а каля самай сцяны бліскучыя, ахутаныя парай кававаркі з зашклёнымі акенцамі, якія паказваюць узровень вады. Тарты пад драцянымі накрыўкамі, апельсіны пірамідамі па чатыры штукі. Невысокія слупкі кардонак з крэкерамі і кукурузнымі шматкамі — раскладзены ўзорам.

Надпісы на картках меню з вялікімі бліскучымі літарамі са слюды: «Такія пірагі пякла твая мама». «Крэдыт вядзе да сваркі, лепш застанемся сябрамі». «Дамам можна курыць, толькі акуркі глядзіце, куды кладзяце». «Абедайце ў нас, шкадуйце сваю жоначку».

На другім канцы стойкі — сталовы посуд, бляхі з запечаным мясам, бульбай, тушаным мясам, смажанай ялавічынай, шэрай бужанінай — засталося толькі скрылікамі нарэзаць.

Міні, ці Сузі, ці Мэй старыцца за стойкай — валасы завітыя, на спацелым твары пудра і румяны. Бярэ заказы, размаўляе з кліентам ціха, мякка, повару заказы паўтарае скрыпучым, як у паўліна, голасам. Выцірае стойку анучай кругамі, начышчае вялікія бліскучыя кававаркі. Повару — Джо, ці Карлу, ці Элу — горача ў белым кіцелі і фартуху: на белым ілбе пад белым каўпаком пацеркі поту; ён пахмурны, гаворыць мала, мяльком паглядае на новых наведнікаў. Націрае патэльню, шлёпае на яе катлету ў цесце. Ціха паўтарае за Мэй заказы, скрабе патэльню, працірае джутавай анучкай. Пануры, маўклівы.

Мэй ажыццяўляе сувязь з наведнікамі, усміхаецца ім, а сама ледзь стрымлівае раздражненне; усміхаецца, а вочы глядзяць міма, калі госць не вадзіцель грузавіка. Шафёры — касцяк усяго. Там, дзе спыняюцца шафёры, там кліенты. Іх не абдурыш, яны разбіраюцца, што да чаго. Шафёры — гэта заказы. Яшчэ ого як разбіраюцца! Паспрабуйце падаць ім спітую каву, і больш нагі іхняй у вас не будзе. А абслужыце як след, яны зноў наведаюцца. Вадзіцеляў грузавікоў Мэй сустракае шырокай усмешкай. Крыху выгнуўшы стан, папраўляе на патыліцы валасы, і ўслед за рукамі крыху падымаюцца пад сукенкай угору і грудзі; ветла вітае гасцей, быццам абяцаючы вясёлае баўленне часу, вясёлую гутарку, вясёлыя досціпы. Эл ніколі ні з кім з наведнікаў не загаворвае. Не кантактуе з імі. Бывае, адкажа ўсмешкай на анекдот, а смяяцца, не, не смяецца. Часам гляне на Мэй, пачуўшы гуллівыя ноткі ў яе голасе, і зноў скрабе патэльню лапаткай, перакладзе застылы тлушч у латочак каля пліты. Ён прыціскае лапаткай катлету, яна шыпіць. Кладзе на патэльню разрэзаную напалам булачку, падаграе, падсмажвае. Зграбае з патэльні колцы цыбулі, кладзе на фарш, прыціскае лапаткай, накрывае паловай булачкі, другую палову змазвае растопленым маслам і вострай прыправай. Прытрымліваючы пакладзеную на катлету паўбулачкі, падчэплівае лапаткай тонкую катлетку, пераварочвае яе, накрывае другой паловай і скідае на маленькую талерку. Туды ж кладзе чвэртку марынаванага агурка і дзве чорныя масліны. Пускае талерку па стойцы, як кідальнае кальцо. Тады зноў скрабе патэльню і панура пазірае на жароўню з тушаным мясам.

Легкавыя машыны імкліва праносяцца па шашы № 66. Нумарныя знакі з Масачусетса, з Тэнесі, Род-Айленда, з Нью-Ёрка, Верманта, Агаё. Кіруюць на захад. Шыкоўныя машыны, хуткасць — шэсцьдзесят пяць міль у гадзіну.

Вунь «корд» ідзе. Труна на колах.

Але ж, глянь, які ход! Бачыш «ласаль»? Мне б такую. Я не з ганарлівых. Узяў бы і «ласаль».

Калі ты ўжо так разышоўся, дык чаму б не «кадзілак»? Ён трохі большы і хутчэйшы.

А сабе я выбраў бы «зефір». Не такі ўжо і шык, затое клас, хуткасць! Мне дай «зефір».

І ўсё ж, сэр, можаце смяяцца, толькі я стаю за «б'юік-п'юік». Даволі добрая машына.

Дык яна ж, халера, цаной, як «зефір», а цягне слабавата.

Ну і няхай. Мне ад гэтага Генры Форда нічога не трэба. Не люблю я Форда. Ніколі не любіў. У мяне брат працаваў у яго на заводзе. Ты б толькі паслухаў, што ён расказваў.

І ўсё-такі «зефір» — сіла!

На шашы вялікія легкавыя аўтамашыны. Стомлена-пяшчотныя, разамлелыя ад гарачыні дамы, вакол іх, як вакол цэнтра прыцяжэння, круціцца безліч аб'ектаў: крэмы, ласьёны, бутэлечкі з фарбамі — чорнай, ружовай, чырвонай, белай, зялёнай, сярэбранай, з іх дапамогай мяняецца колер валасоў, вачэй, губ, пазногцяў, броваў, веек, павек. Рознае семя, алеі, пілюлі — каб добра працаваў страўнік. Сумка з бутэлечкамі, спрынцоўкамі, таблеткамі, прысыпкамі, растворамі, мазямі — каб унікнуць усякай рызыкі пры інтымных зносінах, зняць пахі, засцерагчыся ад нежаданых вынікаў. А яшчэ адзенне… Адна марока!

Маршчынкі стомы вакол вачэй, складкі раздражнення па кутках рота, грузныя грудзі ў цесных ячэйках бюстгальтараў, тугія жываты і клубы пад гумавымі гарсэтамі. Цяжка ловяць спякотнае паветра раты, у пахмурных вачах нялюбасць да сонца, ветру, да зямлі, агіда да ежы, злосць на знямогу, нянавісць да самога часу, які рэдка калі маладзіць, а старыць — заўсёды.

Побач з жанчынамі кароткія пузатыя мужчыны ў светлых касцюмах і панамах — чысценькія ружовыя мужчыны з неспакойнымі, разгубленымі вачамі, поўнымі трывогі. Ім неспакойна таму, што не працуюць прывычныя формулы: яны прагнуць бяспекі, але адчуваюць, што яна знікае з твару зямлі. На лацканах пінжакоў у іх значкі розных суполак і клубаў — тых месцаў, куды можна пайсці і ў натоўпе такіх жа занепакоеных чалавечкаў пераканаць сябе, што камерцыя — занятак высакародны, а не асвячонае рытуалам зладзейства; што яны шчодрыя і дабрачынныя, часта нават сабе ў шкоду, насуперак прынцыпам камерцыі; што жыццё ў іх паўнацэннае, а не ўбогая і стомная руціна; і што блізкі ўжо той час, калі нічога ім не будзе страшна.

Гэта сямейная пара таксама едзе ў Каліфорнію; там, у холе галівудскага гатэля «Беверлі Ўілтмар» яны з зайздрасцю будуць глядзець на людзей, будуць пазіраць на горы — вы разумееце, на горы! — і на высокія дрэвы, ён з ранейшым неспакоем у вачах, а яна — з апаскай, каб сонца не апаліла скуру. Будуць пазіраць на Ціхі акіян, і стаўлю сто тысяч супраць нічога, што ён скажа: «Я думаў, ён большы». А яна будзе кідаць зайздрослівыя позіркі на круглявыя маладыя дзявочыя целы на пляжы. Яны едуць у Каліфорнію толькі дзеля таго, каб потым, вярнуўшыся дамоў, сказаць: «Такая вось і такая сядзела ў Тракадэра побач з намі, за суседнім столікам. Ну і страшыдла! Але апранаецца з густам». А ён скажа: «Я там гутарыў з саліднымі дзелавымі людзьмі. Яны лічаць, што пакуль мы не збавімся ад гэтага тыпа ў Белым доме, дабра не чакай». І яшчэ: «Ад аднаго дасведчанага чалавека я чуў, што ў яе сіфіліс. Яна здымалася ў фільмах братоў Уорнераў. Кажуць, спала з кім папала, абы ролю атрымаць. Што ж, знайшла, чаго шукала». Але ўстрывожаныя вочы ўсё роўна не ведаюць спакою, надзьмутыя губы не ведаюць радасці. Вялікая легкавая машына імчыцца з хуткасцю шэсцьдзесят міль у гадзіну.

Я выпіла б чаго-небудзь халодненькага.

Вунь наперадзе нешта віднеецца. Спыніцца?

Думаеш, у іх чыста?

Не брудней, чым дзе ў іншым месцы ў гэтым богам забытым краі.

Ну, бутэльку содавай, я думаю, можна.

Вялікая машына скрыгоча тармазамі і спыняецца. Неспакойны таўстун дапамагае жонцы вылезці з кабіны.

Калі яны ўваходзяць, Мэй глядзіць спярша на іх, потым паўз іх. Эл на імгненне адрывае вочы ад пліты. Мэй ведае, што будзе далей. Яны вып'юць бутэльку содавай за пяць цэнтаў і бурчліва паскардзяцца, што вада цеплаватая. Жанчына скамечыць шэсць папяровых сурвэтак і кіне на падлогу. Мужчына папярхнецца і зваліць віну на Мэй. Жанчына пачне прынюхвацца, быццам пачула пах тухлага мяса, а пасля яны пойдуць і да канца сваіх дзён будуць усім гаварыць, што народ на Захадзе няветлы. А Мэй, зноў застаўшыся адна з Элам, падбярэ ім адпаведнае слоўца — абзаве іх задрыпамі.

Вадзіцелі грузавікоў — гэта людзі!

— Вось едзе вялікі грузавы фургон. Добра было б, каб яны тут спыніліся — адаб'юць пах гэтых смярдзючак. Калі я працавала ў вялікім гатэлі ў Альбукерку — як яны кралі, Эл! Бралі ўсё, што дрэнна ляжыць. І чым больш шыкоўныя ў іх машыны, тым яны болей крадуць — ручнікі, сталовае срэбра, мыльніцы. Проста розуму не дабяру — навошта.

А Эл змрочна:

— А як, па-твойму, адкуль у іх такія машыны і гэтулькі дабра? Што, можа, нарадзіліся з усім гэтым? А ў цябе ніколі нічога не будзе.

Вялікі грузавік, шафёр і зменны.

— Можа, спынімся тут, кавы вып'ем. Забягалаўку гэту я ведаю.

— А як у нас з графікам?

— Ідзём з апярэджаннем.

— Тады пад'язджай. Тут ёсць баявая кабылка з перчыкам. І кава добрая.

Машына спыняецца. Двое шафёраў у брыджах колеру хакі, у высокіх шнураваных чаравіках, кароткіх куртках і вайсковых фуражках з бліскучымі брылямі. Дзверы з сеткай — бразь!

— Здарова, Мэй!

— Няўжо гэта ты, Вялікі Біл Пацук? Даўно перавялі зноў на гэты маршрут?

— Тыдзень таму.

Яго напарнік кідае пяціцэнтавік у адтуліну прайгравальніка, глядзіць, як выслізгвае пласцінка і кладзецца на дыск. Голас Бінга Кросбі — чыстае золата. «Зноў залаціцца пляж, і хвалі плешчуць глуха… Ты — у скронях боль, але не скруха…» А Вялікі Біл напявае на вушка Мэй: «Ты ў скрынях соль, але не шлюха…»

Мэй смяецца.

— А хто гэта з табой, Біл? Ён першы раз на гэтым маршруце?

Напарнік Біла апускае пяць цэнтаў у аўтамат, выйграе чатыры жэтоны і зноў кідае іх у шчыліну. Падыходзіць да стойкі.

— Што ж вам падаць? — пытаецца Мэй.

— Ну, па кубку кавы. А тарты якія?

— З бананавым крэмам, з ананасным крэмам, шакаладны, ну і яблычны.

— Давай яблычны… Чакай… а вунь той, вялікі і пышны, з чым?

Мэй падымае торт, нюхае.

— Бананавы.

— Адрэж кавалак, ды не шкадуй.

Шафёр, што каля аўтамата, кажа:

— Рэж два.

— Наце вам два. Што-небудзь такое новенькае чуў, Біл?

— Ага, вось паслухай.

— Ты пры даме не вельмі…

— Ды тут нічога такога. Вучань спазніўся ў школу. Настаўніца пытаецца: «Чаму спазніўся?» Хлопчык адказвае: «Я вадзіў цялушку да быка». Настаўніца кажа: «Няўжо твой бацька сам не мог справіцца?» А малы ёй: «Вядома ж, мог, толькі дзе яму цягацца з быком».

Мэй вішчыць ад смеху, ледзь не хрыпне. Эл акуратна рэжа цыбулю, узнімае на іх позірк, усміхаецца і зноў апускае вочы. Вадзіцелі грузавікоў — гэта людзі! Кожны з іх пакіне Мэй па чвэрці даляра. Пятнаццаць цэнтаў за торт і каву і дзесяць — «чаявыя». І не чапляюцца да яе.

Сядзяць на высокіх табурэтах, п'юць каву, з кубкаў вытыркаюцца лыжачкі. Гутараць пра свае справы. Эл скрабе патэльню, слухае, але заўваг не робіць ніякіх. Бінг Кросбі раптам змаўкае. Дыск апускаецца, і пласцінка зноў займае сваё месца сярод іншых пласцінак. Ліловае святло гасне. Пяціцэнтавік, што прывёў увесь гэты механізм у дзеянне, прымусіў Кросбі спяваць, а аркестр яму акампанаваць, саслізгвае з кантактаў і падае ў манетнік. Манета гэтая, у адрозненне ад мноства іншых, сапраўды папрацавала, вымусіла аўтамат падпарадкавацца сабе.

З клапана кававаркі выбіваецца пара. Кампрэсар халадзільніка пачынае ціха гусці, потым сціхае. Электрычны вентылятар у куце паволі паварочваецца з боку ў бок, абвяваючы пакой цёплым ветрыкам. Па шашы № 66 з шумам праносяцца аўтамашыны.

— У нас незадоўга перад вамі машына з Масачусетса спынялася, — сказала Мэй.

Вялікі Біл абхапіў кубак зверху далонню так, што лыжачка тырчыць у яго паміж вялікім і ўказальным пальцамі. Ён шумна ўцягнуў у рот каву разам з паветрам, каб астудзіць яе.

— Паездзіла б ты цяпер па шэсцьдзесят шостай. Машыны з усёй краіны. Усе на Захад ідуць. Раней ніколі гэтулькі машын не бачыў. Сярод іх такія трапляюцца прыгажуні!

— Сёння раніцай мы бачылі аварыю, — сказаў яго зменны. — Вялікая машына — «кадзілак», зроблены, відаць, па спецыяльным заказе, прыгожы такі. Нізкая пасадка, крэмавы колер. На грузавік наляцеў. Радыятар умяла проста ў вадзіцеля. Гнаў пад дзевяноста міль. Рулявой калонкай наскрозь прапарола, курчыўся, як жаба на круку. Была шык, а не машына, адна любата. А цяпер што — хоць задарма бяры. Адзін ехаў, без нікога.

Эл падымае вочы ад пліты:

— А з грузавіком што?

— Божа мой, які там грузавік! Проста машына з адрэзаным верхам, набітая ўсялякім кухонным начыннем — пліта, рондалі, а яшчэ матрацы, дзеці, куры. Ну ведаеце ж — на Захад едуць. «Кадзілак» прамчаўся паўз нас з хуткасцю мо дзевяноста міль, — абагнуў на двух колах, а насустрач машына. Ён — убок, а тут грузавічок гэты. Урэзаўся ў яго на ўсім хаду. Вадзіцель п'яны быў, ці што. Коўдры, куры, дзеці — усё ўзляцела ў паветра. Аднаго малога забіла, проста раздушыла. Жудаснае відовішча. Мы пад'ехалі. Чалавек, што вёў грузавік, стаіць як укапаны, пазірае на сынка мёртвага. Ні слова з яго не выцягнулі. Маўчыць, як знямеў. Мноства людзей на шашы — цэлымі сем'ямі на Захад едуць. І з кожным днём іх усё больш і больш. Адкуль яны толькі бяруцца?

— Лепш спытайцеся — куды едуць? — сказала Мэй. — Бывае, заязджаюць да нас па бензін і, акрамя яго, нічога не купляюць. Кажуць, яны на руку не чыстыя. Але ў нас нідзе нічога лішняга не валяецца. Нас не абкрадалі.

Жуючы на поўны рот торт, Вялікі Біл глянуў праз зацягнутае сеткай акно на шашу.

— Ну вось, прывязвай сваё дабро мацней. Здаецца, едуць сюды.

З шашы стомлена збочыў «нэш» выпуску 1926 года. Задняе сядзенне ў яго было высока завалена мяхамі, рондалямі і патэльнямі, а на самым версе, амаль упіраючыся макаўкамі ў дах, сядзелі два хлопчыкі. На даху ляжалі прывязаныя да яго матрац і палатка, слупкі ад яе былі прымацаваны да падножкі. Машына пад'ехала да бензінавых помпаў і спынілася. З кабіны вылез цёмнавалосы чалавек з вострым скуластым і насатым тварам. Абодва малыя ссунуліся з паклажы на зямлю.

Мэй абагнула стойку і стала ў дзвярах. На чалавеку былі шэрыя шарсцяныя штаны і сіняя кашуля, пацямнелая ад поту на спіне і пад пахамі. На хлопчыках — камбінезоны на голае цела, патрапаныя, залатаныя. Валасы ў малых былі светлыя, стрыжаныя «пад вожык» і тырчалі, як шчаціна. Твары ў брудных плямах. Дзеці адразу пабеглі да лужыны пад водаправодным шлангам і засунулі пальцы босых ног у гразь.

Чалавек запытаўся:

— У вас можна вады ўзяць, мэм?

Цень нездавальнення мільгануў на твары Мэй.

— Пэўна ж, налівайце, — адказала яна і ціха кінула цераз плячо: — Я пасачу за шлангам. — Яна глядзела, як чалавек няспешна адкручваў каўпачок радыятара і ўсунуў у адтуліну наканечнік шланга.

Бялявая жанчына, што сядзела ў кабіне, сказала:

— Спытайся, можа, тут дадуць.

Чалавек выняў шланг з радыятара і прыкруціў каўпачок. Хлопчыкі ўзялі з рук бацькі шланг, павярнулі яго наканечнікам угору і пачалі прагна піць. Чалавек зняў з галавы цёмны запэцканы капялюш, падышоў да драцяных дзвярэй бара і стаў перад імі з нейкім дзіўным, прыніжаным выглядам.

— Ці не прадасце нам буханку хлеба, мэм?

Мэй адказала:

— Тут не бакалейная крама. Хлеб у нас ідзе на сандвічы.

— Ведаю, мэм. — У яго прыніжанасці адчувалася ўпартасць. — Нам трэба хлеб, а да крамаў, кажуць, ехаць яшчэ і ехаць.

— Прадасі, і сама без нічога застанешся. — У голасе Мэй прагучала нотка нерашучасці.

— Мы галодныя, — сказаў чалавек.

— Дык чаму ж не купіце сандвічаў з катлетамі?

— Мы б радыя купіць гамбургеры, мэм. Ды не можам. Нам трэба абысціся дзесяццю цэнтамі на ўсіх. — І, сумеўшыся, чалавек дадаў: — Грошы зусім канчаюцца.

Мэй сказала:

— За дзесяць цэнтаў буханкі хлеба не купіш. У нас толькі па пятнаццаць.

Ззаду буркнуў Эл:

— Госпадзі, Мэй, дай ім хлеба.

— Да прывозу самім можа не хапіць.

— І няхай не хопіць, чорт з ім, — сказаў Эл і пахмурна глянуў на бульбяную салату, якую ён перамешваў.

Мэй паціснула круглявымі плячамі і азірнулася на шафёраў, нібы кажучы: бачыце, як бывае.

Яна адчыніла дзверы, і чалавек увайшоў, уносячы з сабой пах поту. Следам за ім у бар шмыгнулі хлапчукі і адразу пайшлі да прылаўка з цукеркамі — утаропіліся на іх, але ў вачах у іх не загарэлася ні прага, ні надзея, ні нават жаданне іх пакаштаваць, а было толькі здзіўленне, што ёсць такія рэчы на свеце. Хлопчыкі былі аднаго росту і на адзін твар. Адзін з іх стаяў, паскрэбваючы пальцамі нагі брудную шчыкалатку. Другі раптам нешта шапнуў яму на вуха, і абое ўсунулі рукі ў кішэні, і тонкую сінюю тканіну іх камбінезонаў адтапырылі сціснутыя ў кулакі далоні.

Мэй высунула шуфляду і выняла адтуль буханку хлеба ў васкаванай паперы.

— Вось за пятнаццаць цэнтаў.

Чалавек зноў надзеў капялюш і сказаў усё гэтак жа прыніжана:

— А ці нельга… Можа, вы адрэжаце на дзесяць цэнтаў?

Эл сярдзіта рыкнуў:

— Госпадзі, Мэй! Аддай ім усю.

Чалавек павярнуўся да Эла:

— Не, нам трэба толькі на дзесяць цэнтаў. Даводзіцца ўсё дакладна разлічваць, містэр, інакш не дабяромся да Каліфорніі.

Мэй пакорліва прамовіла:

— Бярыце ўсю за дзесяць цэнтаў.

— Гэта ж як рабаваць вас, мэм.

— Бярыце. Раз Эл сказаў, бярыце. — Яна пусціла па стойцы загорнуты ў васкаваную паперу хлеб. Чалавек дастаў з задняй кішэні скураны капшук, развязаў шнуркі і раскрыў яго. Капшук быў туга набіты сярэбранымі манетамі і залапанымі грашовымі паперкамі.

— Вам, відаць, дзіўна, што я так скуплюся, — выбачлівым тонам сказаў ён. — Але наперадзе ў нас яшчэ тысяча міль дарогі, і невядома, ці дабяромся яшчэ. — Ён пакорпаўся ўказальным пальцам у капшуку, намацаў дзесяціцэнтавую манету і выцягнуў яе. Калі паклаў на стойку, убачыў, што выпадкова прыхапіў яшчэ адзін цэнт. Ён хацеў ужо схаваць яго назад у капшук, але раптам позірк яго ўпаў на хлопчыкаў, што застылі перад прылаўкам з цукеркамі. Ён паволі падышоў да іх, паказаў пальцам на доўгія палачкі ледзянцоў пад шклом у паласатых абгортках. — Гэтыя — цэнт за штуку, мэм?

Мэй нахілілася і глянула пад шкло.

— Якія?

— Вось гэтыя, паласатыя.

Малыя паднялі на яе вочы і перасталі дыхаць — замерлі, крыху раскрыўшы раты і напружыўшы паўголыя цельцы.

— Гэтыя? Не. Яны на цэнт пара.

— Дык дайце дзве штучкі, мэм. — Чалавек беражліва паклаў медную манетку на прылавак. Хлопчыкі ледзь чутна перавялі дух. Мэй дастала два мятныя ледзянцы.

— Бярыце, — сказаў бацька дзецям.

Хлопчыкі нясмела працягнулі рукі, узялі па адной ледзянцовай палачцы і апусцілі ўніз, не кінуўшы на іх позірку. Але зірнулі адзін на аднаго, куточкі іх губ ледзь варухнуліся ад бянтэжлівай усмешкі.

— Дзякуй вам, мэм. — Чалавек узяў бохан і выйшаў за дзверы; хлопчыкі неяк ненатуральна чынна пайшлі следам, і кожны прыціскаў да нагі доўгую цукерку ў абгортцы з чырвонымі палоскамі. А ў машыне яны, як бурундукі, скокнулі з пярэдняга сядзення на самы верх паклажы і зашыліся, як у норку, сярод клункаў.

Чалавек сеў у машыну, завёў матор, і лядашчы «нэш», равучы і выпусціўшы клуб масляністага дыму, уз'ехаў на шашу і пакіраваў на захад.

З бара глядзелі яму ўслед абодва шафёры, Мэй і Эл.

Вялікі Біл павярнуўся да Мэй.

— Такія ледзянцы каштуюць не цэнт за пару, — сказаў ён.

— А табе што? — агрызнулася Мэй.

— Ім цана кожнаму пяць цэнтаў.

— Ну паехалі, — сказаў другі вадзіцель. — А то час трацім.

Абодва палезлі ў кішэню. Біл кінуў на стойку манету, другі шафёр, глянуўшы на яе, зноў палез у кішэню і паклаў сваю манету побач. Потым яны павярнуліся і пайшлі да дзвярэй.

— Бывай, — сказаў Біл.

Мэй аклікнула іх:

— Гэй! Пачакайце! Рэшту вазьміце.

— Ідзі ты к чорту, — сказаў Біл, і сеткаватыя дзверы бразнулі за ім.

Мэй глядзела, як вадзіцелі садзіліся ў вялікую грузавую машыну, як яна з грукатам цяжка кранулася з месца, потым, заскрыгатаўшы перадачамі і набраўшы газ, пайшла сваёй звычайнай рэйсавай хуткасцю.

— Эл… — ціха паклікала Мэй.

Повар адвёў вочы ад катлеты, якую ён спляскваў лапаткай, збіраючыся абкласці яе васкаванымі паперкамі.

— Што там у цябе?

— Зірні сюды, — яна паказала на грошы, што ляжалі каля кубкаў, — дзве манеты па паўдаляра.

Эл падышоў да стойкі, глянуў на іх і вярнуўся да сваіх гамбургераў.

— Вадзіцелі грузавікоў, — паважліва прамовіла Мэй, — гэта вам не задрыпы.

Мухі раз-пораз натыкаліся на драцяныя сеткі і з гудзеннем адляталі прэч. Кампрэсар халадзільніка павуркатаў і сціх. Па шашы № 66 міма бара са зласлівым віскам праляталі машыны — і грузавыя, і зграбныя абцякальныя легкавыя, і нехлямяжыя драндулеты; і ўсе пранізліва вішчалі. Мэй сабрала талеркі і счысціла з іх у вядро крошкі ад торта. Потым узяла мокрую анучу і пачала кругамі выціраць стойку. А вочы яе былі прыкаваныя да шашы, па якой віхрам праносілася міма жыццё.

Эл выцер рукі аб фартух і паглядзеў на паперку, прышпіленую да сцяны над плітой. На ёй былі нейкія кропкі — радкамі ў тры слупкі. Эл падлічыў самы доўгі радок. Тады пайшоў уздоўж стойкі да касы, націснуў на кнопку «Выкл.» і ўзяў з высунутай шуфлядкі жменю манет па пяць цэнтаў.

— Што ты там робіш? — запыталася Мэй.

— Трэці павінен ужо хутка выплаціць, — сказаў Эл. Ён падышоў да трэцяга гульнёвага аўтамата і пачаў апускаць у яго проразь манеты; пасля таго як у машыне пяты раз закруціліся нейкія колцы, у акенцы паявіліся тры палоскі, і ў коўшык высыпаўся галоўны выйгрыш. Эл згроб манеты жменяй і вярнуўся да стойкі, кінуў грошы ў шуфлядку касы і замкнуў яе. Потым вярнуўся да пліты і закрэсліў на паперцы самы доўгі радок. — Да трэцяга часцей за ўсё падыходзяць, — сказаў ён. — Можа, іх месцамі памяняць? — Ён падняў накрыўку і пачаў памешваць у рондалі, дзе тушылася мяса.

— І што яны будуць рабіць у Каліфорніі? — сказала Мэй.

— Хто?

— Ды гэтыя, ну што толькі што да нас заязджалі.

— Аднаму богу вядома, — адказаў Эл.

— Думаеш, знойдуць там працу?

— Я адкуль ведаю?

Мэй паглядзела на шашу.

— Едзе грузавік з прычэпам. Ці спыніцца тут? Няхай бы спыніўся.

І калі грузавік цяжка з'ехаў з шашы і стаў каля бара, Мэй зноў схапілася за сваю анучку і працерла з канца ў канец усю стойку. Хуценька правяла ёю разы два па бліскучай кававарцы і крыху больш адкруціла вентыль газавага балона. Эл паклаў перад сабой некалькі невялікіх рэпак і пачаў іх абіраць. Мэй адразу павесялела, калі адчыніліся дзверы і ў бар увайшлі два шафёры ў аднолькавым форменным адзенні.

— Хэло, сястрычка!

— У мяне брацікаў няма, — адрэзала Мэй. Госці засмяяліся, засмяялася і Мэй. — Што вам падаць, хлопцы?

— Ну, па кубку кавы. А тарты якія?

— Ананасны, бананавы, шакаладны і яблычны.

— Давай яблычны. Не, чакай… а вунь той, вялікі і пышны, які?

Мэй падняла торт, панюхала:

— Ананасны.

— Адрэж кавалак.

А па шашы № 66 са зласлівым віскатам праносіліся машыны.

Загрузка...