Раздзел трынаццаты

Дапатопны, перагружаны «гудзон» са скрыпам і крактаннем дабраўся каля Саліса да аўтастрады і пад сляпучым сонцам скіраваў на захад. Але на бетанаванай шашы Эл паддаў газу, бо аслабелым рысорам цяпер нішто не пагражала. Ад Саліса да Гора дваццаць адна міля, і «гудзон» ішоў з хуткасцю трыццаць пяць міль у гадзіну. Ад Гора да Ўорнера трынаццаць міль, ад Уорнера да Чакоты чатырнаццаць, потым доўгі прабег да Генрыэты — трыццаць чатыры мілі, затое ў канцы — сапраўдны горад. Ад яго да Касла дзевятнаццаць міль, а сонца стаяла ў зеніце, і над чырвонымі палямі дрыжэла распаленае сонцам паветра.

Эл засяроджана сядзеў за рулём і ўсёй сваёй істотай прыслухоўваўся да машыны, раз-пораз пераводзячы позірк з палатна дарогі на прыборны шчыток. Ён нібы зліўся з машынай, кожным сваім нервам ловячы яе хібы, глухія стукі ці віск, хмыканне і шчоўканне — любыя перамены ў яе ходзе пагражалі паломкай. Эл стаў душой машыны.

Бабка, якая сядзела побач з ім, жаласна хныкала ў паўсне, раптам расплюшчвала вочы, утароплівалася на дарогу і зноў упадала ў забыццё. А каля бабкі сядзела маці, высунуўшы ў акенца кабіны сагнутую ў локці руку, на якой пад гарачым сонцам пачырванела скура. Маці таксама ўставіла вочы наперад, але яны былі цьмяныя і не бачылі ні дарогі, ні палёў, ні заправачных станцый, ні павільёнчыкаў закусачных. Яна не глядзела на тое, міма чаго праязджаў іхні «гудзон».

Эл пакруціўся на праседжаным сядзенні і перамясціў рукі на абаранку руля. Уздыхнуў:

— Здорава тарахціць, але, думаю, нічога страшнага. А вось калі прыйдзецца браць пад'ёмы з такім грузам, адзін бог ведае, што яна выкіне. Ма, а на дарозе да Каліфорніі ёсць узгоркі?

Маці паволі павярнула да яго галаву, і вочы яе ажывіліся.

— Думаю, павінны быць, — адказала яна. — Напэўна не ведаю. Але помніцца, людзі казалі, узгоркі ёсць і нават горы. Высокія горы.

Бабка працяжна застагнала ў сне.

Эл сказаў:

— На першым пад'ёме расплавім падшыпнікі. Добра было б сёе-тое скінуць. Можа, не варта было браць гэтага прапаведніка.

— Ты яшчэ не раз парадуешся, што мы яго ўзялі, — сказала маці. — Гэты прапаведнік паможа нам. — Яна зноў перавяла вочы на бліскоткую стужку дарогі.

Эл кіраваў адной рукой, другая ляжала на дрыгатлівым рычагу пераключэння скорасцей. Ён усё хацеў нешта сказаць, але не рашаўся. Нарэшце, спачатку бязгучна паварушыўшы губамі, вымавіў:

— Ма… — Маці паволі скіравала на яго позірк, галава яе ледзь пагойдвалася ў такт пагойдванню машыны. — Ма, а табе не страшна? Не страшна ехаць на новае месца?

Вочы ў яе зрабіліся задуменныя, мяккія.

— Не, — рашуча адказала яна. — Пра гэта не думала. Так немагчыма. Мне нельга так думаць. Гэта вышэй чалавечых сіл — для гэтага трэба пражыць некалькі жыццяў, а жыццё толькі адно. А думаць наперад на некалькі жыццяў мне не пад сілу. Ты малады, ты глядзі наперад, а я… у мяне цяпер толькі дарога перад вачамі. І думаю я толькі пра тое, ці хутка ўсе прагаладаюцца і папросяць свіных костак. — Твар у яе звяў. — Гэта ўсё, пра што я магу думаць. Больш ні пра што. А забяруся ў думках далёка, вас устрывожу. Вы ўсе тым і трымаецеся, што я думаю толькі пра вас.

Бабка віскліва пазяхнула і расплюшчыла вочы. Здзіўлена азірнулася па баках.

— Мне злезці трэба, хвала богу, — сказала яна.

— Зараз да кустоў пад'едзем, — адказаў Эл. — Вунь наперадзе зараснік.

— Кусты-кусты, навошта мне ў кусты. Мне вылезці трэба, кажу, — заенчыла бабка. — Злезці мне трэба, злезці.

Эл газануў і каля нізкага кустоўя рэзка затармазіў. Маці шырока расчыніла дзверцы, выцягнула мітуслівую старую з кабіны і павяла ў зараснік.

На версе грузавіка таксама заварушыліся. Твары ва ўсіх ільсніліся і пачырванелі ад сонца, ад якога не было дзе схавацца. Том, Кейсі, Ной і дзядзька Джон стомлена саскочылі на зямлю. Руці і Ўінфілд пералезлі цераз барты і гайсанулі ў кусты. Коні асцярожна зняў з машыны Ружу Сарона. Дзед прачнуўся, высунуў галаву з-пад брызенту, але вочы ў яго былі п'яныя, слязлівыя і няўцямныя. Ён утаропіў іх на людзей, ды наўрад ці пазнаў каго.

Том крыкнуў яму:

— Хочаш, дзед, злезці?

Старэчыя вочы безуважна павярнуліся да Тома.

— Не, — адказаў дзед. На міг у вачах у яго ўспыхнула лютасць. — Казаў, не паеду. Застануся, як М'юлі. — І ён зноў страціў усякую цікавасць да навакольнага.

Маці памагла бабцы падняцца па насыпе на шашу.

— Том, — сказала яна, — вазьмі там, у самым задзе, пад брызентам, патэльню з косткамі. Трэба падсілкавацца.

Том дастаў патэльню і абнёс усіх па чарзе. І сям'я, стоячы на абочыне шашы, пачала згрызаць са свіных костак хрумсткае мяса.

— Шчасце, што хоць гэта з сабой узялі, — сказаў бацька. — У мяне ногі як драўляныя, ледзь ступаю. А вада дзе?

— Хіба не ў вас там? — устрывожылася маці. — Я цэлы галонавы збан наліла.

Бацька палез на борт грузавіка і зазірнуў пад брызент.

— Тут няма. Мусіць, забыліся.

Усіх імгненна апанавала прага. Уінфілд захныкаў:

— Піць хачу. Хачу піць.

Мужчыны аблізнулі губы — ім раптам страшэнна захацелася вады. Усчалася лёгкая паніка.

— Вады на першай заправачнай дастанем, — заспакойліва сказаў Эл. — Нам і гаручае трэба.

Тыя, што ехалі наверсе, зноў палезлі на свае месцы; маці пасадзіла бабку ў кабіну і сама села побач. Эл запусціў матор, і ўся грамада паехала далей.

Ад Касла да Падэна — дваццаць пяць міль, а сонца толькі-толькі прайшло зеніт і пачало хіліцца на захад. Каўпачок радыятара бразгацеў, пара з шыпеннем выбівалася з-пад яго. Непадалёк ад Падэна спыніліся каля заправачнай станцыі; перад хацінай дзве бензінавыя калонкі, ля агароджы — водаправодны кран з доўгім шлангам. Эл падвёў носам да яго свой «гудзон». З крэсла ззаду калонак падняўся таўстун з загарэлым да чырвані тварам і такімі ж рукамі і пайшоў насустрач. На ім былі карычневыя вельветавыя штаны на падцяжках і спартовая кашуля з кароткімі рукавамі, на галаве — серабрыстага колеру кардонны шлем ад сонца. Пот пацеркамі выступіў у яго на носе і пад вачамі і струменьчыкамі сцякаў па складках шыі. Ён перавальваючыся падышоў да грузавіка з непрыязным, суровым выразам на твары.

— Што-небудзь купляць будзеце? — запытаўся ён. — Бензін ці дэталі?

Эл ужо вылез на падножку і кончыкамі пальцаў пачаў адвінчваць каўпачок радыятара, раз-пораз адхопліваючы руку, каб не апячыся.

— Нам патрэбен бензін, містэр.

— Грошы ёсць?

— А то ж. Вы што думалі, мы пабіраемся?

Твар таўстуна адразу палагаднеў.

— Ну, тады парадак, хлопцы. Налівайце вады. — І таўстун паспяшаўся растлумачыць: — А то цяпер столькі рознага народу тут праязджае — нальюць вады, набрудзяць у прыбіральні, ды яшчэ сцягнуць што-небудзь, а купіць нічога не купляюць. Клянчаць, дай ім хоць галон бензіну, каб з месца зрушыць.

Том гнеўна саскочыў з машыны і падышоў да таўстуна.

— Мы на свае грошы едзем, — са злосцю сказаў ён. — Ты што гэта нас з галавы да ног азіраеш? Мы задарма ў цябе нічога не просім.

— Я ж нічога такога, — паспешліва адказаў таўстун. Праз кашулю ў яго праступіў пот. — Налівайце вады, а прыбіральня — вунь яна, каму трэба.

Уінфілд схапіў шланг, напіўся, потым падставіў пад струмень галаву і твар і адскочыў убок увесь мокры.

— Зусім не халодная, — сказаў ён.

— Што ў нас у краіне робіцца, проста розуму не дабяру, — загаварыў таўстун. Ён ужо знайшоў іншую тэму для скаргаў і пакінуў Джоўдаў у спакоі. — Кожны дзень па пяцьдзесят — шэсцьдзесят машын праязджае, народ падаўся на захад з малымі, з усім сваім скарбам. Куды ўсе яны едуць? Што там будуць рабіць?

— Туды ж, куды і мы, — адказаў Том. — Едуць на новыя месцы. Трэба ж неяк жыць. Толькі і ўсяго.

— Ну, не ведаю, што ў нас у краіне творыцца. Проста не магу зразумець. Вось і я таксама стараюся неяк жыць. Думаеш, новыя вялікія машыны тут спыняюцца? Не, сэр! Яны ідуць далей, у горад, да жоўценькіх заправачных станцый, што належаць кампаніі. Шыкоўныя машыны праязджаюць міма такіх халуп, як мая. Сюды большай часткай адна голь пад'язджае.

Эл адкруціў каўпачок радыятара, і струмень пары падкінуў каўпачок угору, а ў радыятары пачулася ціхае бульканне. На версе грузавіка змардаваны сабака падпоўз да самага краю паклажы і заскавытаў, пазіраючы ўніз на ваду. Дзядзька Джон палез на борт і зняў яго адтуль за загрывак. Спачатку сабака няўпэўнена пераступіў здранцвелымі нагамі, потым падышоў да лужыны пад водаправодным кранам і пачаў хлябтаць з яе. Па шашы, пабліскваючы на яркім сонцы, з шумам праносіліся аўтамашыны, і падняты імі гарачы вецер далятаў да двара заправачнай станцыі. Эл наліў са шланга вады ў радыятар.

— Не тое каб я стараўся зарабіць на багатых кліентах, — гаварыў сваё таўстун. — Я проста хачу, каб справа ішла. Але тыя, што заязджаюць, альбо клянчаць бензін, альбо выменьваюць яго на што-небудзь. Хочаце, гляньце там, у заднім пакоі, колькі ў мяне назбіралася непатрэбшчыны, якую мне ўпёрлі за бензін і масла, — ложкі, дзіцячыя каляскі, рондалі, патэльні… Адна сям'я дык ляльку дала за галон бензіну — у дачкі забралі. А што мне з усім гэтым хламам рабіць? Старызнікам стаць? Адзін чалавек за галон бензіну чаравікі з сябе гатовы быў зняць. І каб я быў, як некаторыя, дык мог бы… — Ён зірнуў на маці і не дагаварыў.

Джым Кейсі змачыў сабе валасы, і па яго высокім ілбе ўсё яшчэ беглі кропелькі вады, жылістая яго шыя была мокрая, кашуля мокрая. Ён падышоў і стаў каля Тома.

— Людзі не вінаватыя, — сказаў ён. — Табе самому было б прыемна абмяняць ложак, на якім ты спіш, на бензін?

— Ведаю, што не вінаватыя. З кім ні пагаворыш, без дай прычыны з месца ніхто не знімаецца. Але ж куды ідзе краіна? Вось што я хачу ведаць. Куды яна ідзе? Цяпер чалавек не можа сябе пракарміць. Зямля людзей таксама не корміць. І я ў вас пытаюся: куды мы ўсе ідзём? Нічога не разумею! І ў каго ні спытайся, ніхто нічога не разумее. Чалавек гатовы чаравікі з ног зняць, абы праехаць лішнюю сотню міль. Розуму не дабяру! — Ён зняў свой серабрысты трапічны шлем і выцер лоб далонню. Том таксама зняў з галавы кепку і выцер ёю лоб. Тады падышоў да шланга, намачыў кепку, адціснуў яе і зноў надзеў. Маці прасунула руку між планак борта, дастала алавяную конаўку, наліла ў яе вады і панесла да грузавіка. Напаіла бабку ў кабіне і пайшла да дзеда, які ляжаў на грузавіку. Стаўшы на ніжнюю планку, яна падала конаўку старому, той толькі змачыў губы і пакруціў галавой — не захацеў піць. Ён недаўменна паглядзеў на нявестку тужлівымі старэчымі вачамі і праз момант зноў упаў у забыццё.

Эл запусціў матор і заднім ходам пад'ехаў да бензакалонкі.

— Налівай, — сказаў ён. — Наогул у яе ідзе каля сямі галонаў, але больш як шэсць не трэба, а то выплюхвацца будзе.

Таўстун уставіў бензінавы шланг у адтуліну бака.

— Не, сэр, — сказаў ён. — Проста не ведаю, куды ідзе краіна. Дапамога па беспрацоўю і ўсё такое іншае.

Кейсі сказаў:

— Я шмат пахадзіў па краіне. Усе задаюць такое пытанне. Куды мы ідзём? Куды коцімся, спыніцца не можам? Чаму б людзям сур'ёзна не падумаць пра гэта? Усё ў руху. Людзі едуць і едуць. Мы ведаем, чаму яны едуць і як едуць. Едуць, бо інакш нельга. Даводзіцца ехаць. Так заўсёды бывае, калі людзі шукаюць лепшага. Седзячы на месцы, нічога не даб'ешся. Людзі цягнуцца да лепшага жыцця, шукаюць яго і знойдуць. Крыўда прымушае людзей змагацца за свае правы. Я многа пахадзіў па краіне, мне часта даводзілася чуць тое, што вы гаварылі.

Таўстун пампаваў бензін, стрэлка на лічыльніку круцілася.

— Дык усё ж такі, куды мы ідзём? Вось што я хачу ведаць.

Том сярдзіта перабіў яго:

— Ну і ніколі не даведаешся. Кейсі стараецца табе растлумачыць, а ты дзяўбеш адно і тое. Я такіх не першы раз сустракаю. Нічога цябе не цікавіць. Заладзіў адну і тую песеньку. «Куды мы ідзём?» А ты і ведаць не жадаеш. Уся краіна на колах, людзі едуць кудысьці. А колькі іх памірае навокал? Можа, і ты хутка канцы аддасі, а нічога толкам не дазнаешся. Шмат мне такіх траплялася. Нічога і ведаць не хочуць. Закалыхваеце сябе песенькай «Куды мы ідзём?». — Том паглядзеў на бензінавую помпу, старую, іржавую, і на халупу, збітую з ужываных дошак з дзіркамі ад старых цвікоў, што праступалі праз фарбу, — некалі бадзёрую жоўтую фарбу, якая храбра намагалася падрабіць сваю заправачную пад выгляд вялікіх фірменных заправачных станцый у горадзе. Але фарба не змагла схаваць ні старых дзірак ад цвікоў, ні трэшчын у дошках, а зноў фарбаваць халупу гаспадару ўжо не давядзецца. Падробка не ўдалася, і гаспадар гэта добра ведаў. Праз расчыненыя дзверы халупы Том убачыў бляшанкі са змазачным маслам — усяго дзве — і прылавак з заляжалымі цукеркамі, пацямнелымі ад часу лакрычнымі ледзянцамі і пачкамі цыгарэт. Убачыў зламанае крэсла і сетку ад мух з дзіркай пасярэдзіне, абведзенай іржой. Ён паглядзеў на гразкі дворык, які трэба было б пасыпаць жвірам, на кукурузнае поле ззаду яго, якое высыхала і памірала пад сонцам. Каля хаціны — горка езджаных і падноўленых шын. І толькі цяпер ён заўважыў на таўстуну старыя, замытыя штаны, танную спартовую кашулю і кардонны шлем. Том сказаў: — Я не хацеў вас пакрыўдзіць, містэр. Гэта ўсё ад спёкі. У вас таксама небагата. Хутка і вы апыняцеся на дарозе. Толькі выганяць вас не трактары. Вас выганяць жоўценькія станцыі ў горадзе. Людзі здымаюцца з месцаў, —ціха дадаў ён, — і вы таксама, містэр, падасцеся ўслед за імі.

Таўстун слухаў Тома, і рука яго ўсё марудней круціла ручку помпы, пакуль зусім не замерла. Ён з трывогай пазіраў на Тома.

— Адкуль ты ведаеш? — разгублена запытаўся ён. — Адкуль табе вядома, што мы пагаворваем ужо пра гэта — хочам сабраць усе пажыткі і падацца на Захад?

Яму адказаў Кейсі:

— Так усе робяць. Я зацята змагаўся з д'яблам, бо ў д'ябле мне ўяўляўся наш агульны вораг. Але цяпер нашай краінай завалодаў яшчэ горшы вораг, і ён не адступіцца, пакуль яго не пасякуць на кавалкі. Вы бачылі, як яшчарка-ядазуб трымае здабычу, містэр? Учэпіцца, ты рассячэш яе напалам, а яна зубоў не расціскае. Адсячэш галаву, яна ўсё трымае. Даводзіцца адвёрткай расшчапляць ёй сківіцы, толькі тады адпусціць. А пакуль трымае сваю здабычу, атрута прасочваецца праз рану кропля за кропляй. — Ён змоўк і скоса глянуў на Тома.

Таўстун збянтэжана ўтаропіў позірк некуды ўдалячынь. Рука яго пачала паволі круціць каленчаты рычаг помпы.

— Проста не ведаю, куды мы ідзём, — ціха прамовіў ён.

Коні і Ружа Сарона стаялі каля вадзянога шланга і па-змоўніцку перамаўляліся. Коні спаласнуў алавяную конаўку і, перш чым наліць у яе вады, паспрабаваў струмень пальцам. Ружа Сарона глядзела на машыны, што праносіліся па шашы. Коні паднёс ёй конаўку.

— Хоць і цеплаватая, ды ўсё ж вада, — сказаў ён.

Ружа Сарона глянула на яго і таямніча ўсміхнулася. З тае пары, як яна зацяжарала, таямнічасць ахінула ўсю яе істоту, тайны і недамоўкі, здавалася, мелі для іх абаіх нейкі асаблівы сэнс. Яна была вельмі задаволеная сабой і пераборлівая ў самых малаважных дробязях. Яна вымагала ад Коні безліч непатрэбных паслуг, і абое ведалі, што і без іх можна абысціся. Коні таксама быў задаволены Ружай Сарона і ніяк не мог нацешыцца з яе цяжарнасці. Яго радавала, што ён падзяляў з ёю ўсе яе таямніцы. Калі яна хітра ўсміхалася, ён адказваў ёй такою самаю хітрай усмешкаю, і яны перашэптваліся між сабой. Свет самкнуўся вакол іх у цеснае кола, і яны былі яго цэнтрам, праўдзівей — Ружа Сарона была яго цэнтрам, а Коні круціўся вакол яе на маленькай арбіце. Усё, пра што яны гаварылі, было ахутана таямніцай.

Ружа Сарона адвяла вочы ад шашы.

— Мне піць не дужа хочацца, — сказала яна манерна. — Але, магчыма, мне трэба піць.

Коні сцвярджальна кіўнуў галавой, бо зразумеў, што яна мела на ўвазе. Яна ўзяла ў яго з рук конаўку, прапаласкала рот, сплюнула і выпіла цеплаватую ваду да дна.

— Яшчэ адну? — запытаўся Коні.

— Палову. — І ён наліў паўконаўкі і падаў ёй. Па шашы прашугаў «лінкольн» мадэлі «зефір» — серабрысты, нізкай пасадкі. Ружа Сарона азірнулася, ці далёка астатнія члены сям'і, і, убачыўшы, што яны стаяць усе каля грузавіка, ціха сказала: — Ты хацеў бы раз'язджаць на такой машыне?

Коні ўздыхнуў:

— Чаму не… але гэта потым. — І яны абое зразумелі, што мелася на ўвазе. — Калі будзем добра зарабляць у Каліфорніі, займеем машыну. Але вось такія, — ён паказаў рукой на «зефір», які знікаў удалечыні, — такія каштуюць не менш за вялікі дом.

— А мне хацелася б мець і дом, і такую машыну, — сказала Ружа Сарона. — Толькі, вядома, спярша дом, бо… — І абое зразумелі, што яна хацела сказаць. Іх увесь час хвалявала яе цяжарнасць.

— Як ты сябе адчуваеш — добра? — запытаўся Коні.

— Стамілася. Цяжка ехаць пад такім сонцам.

— Нічога не зробіш. Іначай мы ніколі не дабяромся да Каліфорніі.

— Ведаю, — сказала Ружа Сарона.

Сабака, прынюхваючыся, абмінуў грузавік, падбег да лужыны пад вадзяным шлангам і пачаў хлябтаць мутную ваду. Потым адышоў убок, апусціў нос да зямлі і звесіў вушы. Абнюхваючы пыльную траву, ён дайшоў да самага краю дарогі, падняў галаву, паглядзеў на шашу і пайшоў упоперак яе. Раптам Ружа Сарона пранізліва закрычала. Міма, віскочучы шынамі, імкліва імчалася вялікая машына. Сабака бездапаможна шарахнуўся назад і, ледзь паспеўшы скавытнуць, апынуўся пад коламі. У акенцах з'явіліся твары, павярнуліся назад, машына на імгненне сцішыла ход, потым зноў набрала хуткасць і знікла з вачэй. А сабака з вываленымі вантробамі ляжаў акрываўленым камяком на зямлі, слаба падрыгваючы нагамі.

Ружа Сарона ўтаропілася на яго шырока расплюшчанымі вачамі.

— Мне гэта не пашкодзіць? — жаласна запыталася яна. — Як ты думаеш, не пашкодзіць?

Коні абняў яе.

— Ідзі пасядзі, —сказаў ён. — Гэта нічога.

— Але я адчула боль. Калі я закрычала, нешта ў мяне ўсярэдзіне нібы абарвалася.

— Ідзі пасядзі. Гэта нічога. З табой нічога не будзе. — Ён падвёў яе да грузавіка, далей ад сабакі, і пасадзіў на падножку.

Том і дзядзька Джон падышлі да акрываўленага камяка. Пакалечанае цела сабакі апошні раз сутаргава страпянулася і замерла. Том узяў яго за заднія лапы і адцягнуў на абочыну. Дзядзька Джон стаяў збянтэжаны, быццам на ім ляжала віна за тое, што здарылася.

— Няхай бы я прывязаў яго, — сказаў ён.

Бацька глянуў на сабаку і адвярнуўся.

— Паехалі далей, — сказаў ён. — Мы ўсё роўна не пракармілі б яго. Так, можа, і лепш.

З-за грузавіка вынырнуў гаспадар заправачнай.

— Вось шкада, людзі, — сказаў ён. — Каля вялікай шашы сабачае жыццё кароткае. За год у мяне тут трох раздушыла. Больш іх не трымаю. — І дадаў: — Вы не трывожцеся. Я ўсё зраблю. Адцягну ў кукурузу і там закапаю.

Маці падышла да Ружы Сарона, якая сядзела на падножцы, усё яшчэ калоцячыся з перапуду.

— Ну што з табой, Разашарна? — запыталася яна. — Табе нядобра?

— Усё было на маіх вачах. Я вельмі перапужалася.

— Я чула твой крык. Але цяпер пара ўжо супакоіцца.

— Думаеш, мне гэта не пашкодзіць?

— Не, — адказала маці. — Калі будзеш глядзець насупай, ад усяго нюні распускаць і цацкацца сама з сабой, вось тады добрага не чакай. А зараз падымайся, памажы бабку ўсадзіць. І хоць на хвіліну кінь думаць пра сваё дзіця. Яно само пра сябе паклапоціцца.

— А дзе яна, бабка?

— Не ведаю. Недзе тут. Можа, у прыбіральні.

Ружа Сарона пайшла да будкі і неўзабаве вярнулася, ведучы за руку бабку.

— Яна там заснула, — сказала Ружа Сарона.

Бабка шырока ўсміхнулася:

— А як там добра! Такое ўсё фірменнае, і вада яшчэ ліецца згары. — І радасна дадала: — Мне вельмі спадабалася. Я б там добра выспалася, ды вось жа пабудзілі…

— Не самае гожае месца для спання, — сказала Ружа Сарона і падсадзіла бабку ў кабіну. Тая задаволена апусцілася на сядзенне і сказала:

— Гожае ці нягожае, а што добра, дык добра.

— Ну, паехалі, — сказаў Том. — Яшчэ шмат міль наперадзе.

Бацька паклаў два пальцы ў рот і пранізліва свіснуў.

— Во, цяпер малыя недзе зашыліся, — сказаў ён і яшчэ раз свіснуў.

Праз момант дзеці выскачылі з кукурузы — Руці наперадзе, Уінфілд за ёю.

— Яйкі! — крыкнула Руці. — Я мяккія яйкі знайшла! — Яна падбегла да грузавіка, Уінфілд не адставаў. — Гляньце! — На мурзатай далоні ляжаў з дзесятак маленькіх светла-шэрых яек. І калі яна працягнула руку, каб паказаць знаходку, позірк яе ўпаў на здохлага сабаку, які ляжаў з краю дарогі. — Ой! — крыкнула яна і разам з Уінфілдам асцярожна падышла да сабакі. Абое пачалі разглядаць яго.

Бацька паклікаў малых:

— Ну, хутчэй, а то без вас паедзем.

Дзеці моўчкі павярнуліся і пайшлі да грузавіка. Яшчэ раз глянуўшы на маленькія яйкі нейкай рэптыліі, Руці скінула іх з далоні і разам з Уінфілдам ускараскалася па борце на машыну.

— У яго яшчэ вочы адплюшчаныя, — здушаным голасам прагаварыла яна.

Але Ўінфілд вырашыў трымацца малайцом і храбра сказаў:

— У яго кішкі ўсе так і вываліліся, так і вываліліся… — І, крыху памаўчаўшы, зноў: — Вываліліся… усе кішкі. — Раптам ён упаў на жывот над самым краем борта і званітаваў. Калі зноў сеў, вочы яго слязіліся, з носа цякло. — Калі свіней рэжуць, тады зусім іншае, — апраўдваўся ён.

Эл падняў капот «гудзона» і змераў узровень масла ў маторы. Потым дастаў з-пад сядзення ў кабіне бляшанку ёмістасцю адзін галон, падліў у картэр таннага чорнага масла і зноў праверыў яго ўзровень.

Падышоў Том.

— Хочаш, цяпер трохі я павяду? — запытаўся ён у Эла.

— Я не стаміўся, — адказаў той.

— Але ж ты ноччу зусім не спаў. Я хоць крышачку прыкархнуў раніцай. Залазь наверх. Я пакірую.

— Ну давай, — неахвотна згадзіўся Эл. — Толькі за маслам сачы. Не гані. Я ўсё баюся кароткага замыкання. Паглядай на стрэлку амперметра. Калі яна скокне на нуль, значыць, замыканне. І, Том, не гані. Машына вельмі перагружаная.

Том засмяяўся:

— Я буду сама ўвага. Можаш спаць спакойна.

Верхнія пасажыры занялі свае месцы. Маці зноў уселася каля бабкі, Том сеў за руль, націснуў стартэр.

— Ледзь ліпее, — прамармытаў ён, адпусціў счапленне і выехаў на шашу.

Матор гуў роўна, сонца свяціла ў ветравое шкло, хілячыся на захад. Бабка моцна спала, і нават маці задрамала, апусціўшы галаву. Том насунуў кепку на вочы, каб не сляпіла сонца.

Ад Падэна да Мікера — трынаццаць міль; ад Мікера да Хары — чатырнаццаць, а потым Аклахома-Сіці — вялікі горад. Том павёў машыну напрасткі праз горад. Маці прачнулася і стала глядзець на вуліцы, па якіх яны праязджалі. І тыя, што сядзелі наверсе, таксама глядзелі на ўсе вочы на крамы, на высокія жылыя дамы, на будынкі розных кантор і ўстаноў. А потым дамы і службовыя будынкі пачалі сустракацца радзей, рабілася ўсё менш крамаў. Пацягнуліся аўтамабільныя звалкі, сасісачныя, загарадныя дансінгі.

Руці і Ўінфілд пазіралі на ўсё гэта і дзівіліся, моцна ўражаныя, — які вялікі горад, як тут усё незвычайна, колькі на вуліцах прыгожа апранутых людзей! Стаіўшы дыханне, яны не перакінуліся ніводным словам. Потым нагаворацца, а цяпер маўчалі. Нафтавыя вышкі і ў горадзе, і на ўскраіне — чорныя нафтавыя вышкі, і пах нафты і бензіну. Дзеці нават ні разу не ўскрыкнулі ад здзіўлення: усё тут было такое вялізнае і такое незвычайнае, што іх узяў страх.

На адной вуліцы Ружа Сарона ўбачыла чалавека ў светлым касцюме. На ім былі белыя чаравікі і пляскаты саламяны капялюш. Яна тыкнула Коні ў бок і вачамі паказала на гэтага дзіўнага чалавека, і абое сталі перасмейвацца між сабой, спачатку ціха, а потым мацней. Яны заціскалі сабе рот далонню. Ім так было забаўна, што яны пачалі шукаць вачамі, з каго б яшчэ пасмяяцца. Руці з Уінфілдам убачылі, як яны душацца ад смеху, і таксама паспрабавалі пахіхікаць, але нічога не выйшла — проста не маглі. А Ружа Сарона і Коні сядзелі чырвоныя і ледзь пераводзілі дух, стараючыся стрымацца. Пад канец варта было ім толькі глянуць адно на аднаго, як яны зноў пырскалі ў кулак.

Прыгарад раскінуўся шырока. Том вёў грузавік паволі, асцярожна праз густы вулічны рух і нарэшце выехаў на вялікі заходні шлях — шашу № 66, да палатна якой апускалася сонца. Ветравое шкло зацерушылася пылам. Том насунуў кепку яшчэ ніжэй на вочы, і цяпер яму даводзілася задзіраць галаву назад, каб бачыць дарогу. Бабка так і не прачыналася, хоць сонца біла ёй проста ў заплюшчаныя павекі; жылы на скронях былі блакітныя, а тонкія прожылкі на шчоках чырвоныя, як віно, застарэлыя карычневыя плямы на твары яшчэ больш пацямнелі.

Том сказаў:

— Па гэтай дарозе так да канца і паедзем.

Маці доўга маўчала і нарэшце сказала:

— Можа, пашукаем зручнага месца для прыпынку, пакуль сонца яшчэ не зайшло. Трэба свініны зварыць і хлеба спячы. На гэта пойдзе час.

— Ата, — пагадзіўся Том. — Адным махам такую адлегласць не адолееш. Разварушыцца таксама не шкодзіць.

Ад Аклахома-Сіці да Бэтані — чатырнаццаць міль.

Том сказаў:

— І праўда, пакуль не зайшло сонца, трэба зрабіць прывал. Эл абяцаў паставіць тую штуку наверсе. А то яны там зусім спякуцца.

Маці зноў задрамала, але раптам ускінула галаву, сказала:

— Трэба вячэру прыгатаваць. — І дадала: — Том, бацька казаў, што табе нельга пераступаць мяжу штата.

Ён доўга не адказваў ёй.

— Праўда? Ну і што ж, ма? — нарэшце сказаў ён.

— Я баюся за цябе. Выходзіць, ты ўцякаеш. Цябе могуць злавіць.

Том засланіў далонню вочы ад сонца, якое апускалася ўсё ніжэй.

— Ты не хвалюйся, — сказаў ён. — Я ўсё абдумаў. Адпушчаных па падпісцы шмат, а ў турму садзяцца яшчэ больш. Калі там, на Захадзе, я за што-небудзь пападуся, тады запатрабуюць з Вашынгтона мой здымак і адбіткі пальцаў. Зноў запратораць у турму. А калі за мной ніякіх правінак не будзе, дык ім на мяне напляваць.

— І ўсё ж я баюся. Бывае, што-небудзь такое зробіш і нават не ведаеш, што гэта караецца законам. Можа, у Каліфорніі многае такое лічыцца злачынствам, а мы нават не ведаем. Ну вось ты хочаш што-небудзь зрабіць, думаеш, усё законна, а ў Каліфорніі за гэта караюць.

— Тады ўсё роўна, што з падпіскай, што без, — сказаў Том. — Праўда, такім, як я, больш перападае, чым каму. Але кінь непакоіцца. У нас і без таго клопату па вушы, навошта прыдумляць лішні.

— А як магу я быць спакойнай? Перайшоў мяжу — вось табе і злачынства.

— Усё ж лепш, чым бадзяцца вакол Саліса і з голаду здыхаць, — сказаў Том. — Давай пашукаем месца для прывалу.

Праехалі Бэтані з канца ў канец. За горадам, у тым месцы, дзе пад насыпам праходзіла маставая труба, стаяла старая легкавая машына, а каля яе была раскінута палатка, над якой з коміна, прасунутага праз брызент, віўся дымок. Том паказаў на палатку.

— Вунь нехта спыніўся. Бадай што, нядрэннае месца.

Ён збавіў газ і затармазіў на абочыне. Капот старэнькай легкавушкі быў падняты, чалавек сярэдняга веку разглядаў матор. На ім былі таннае саламянае самбрэра, сіняя кашуля, чорная, у крапінку, камізэлька і зашмальцаваныя, злубянелыя джынсы. Глыбокія і доўгія маршчыны на худых шчоках рабілі больш кідкімі яго вострыя скулы і падбародак. Ён падняў галаву і паглядзеў на грузавік Джоўдаў, і ў яго позірку адлюстраваліся заклапочанасць і раздражненне.

Том высунуўся з акенца:

— Тут спыняцца нанач не забаронена?

Дагэтуль чалавек бачыў толькі грузавік. Цяпер яго позірк перабег на Тома.

— Не ведаю, — адказаў ён. — Мы спыніліся тут толькі таму, што далей ехаць не можам.

— А вада тут паблізу ёсць?

Чалавек паказаў на хібарку заправачнай, што віднелася мо за чвэрць мілі наперадзе.

— Вада вунь дзе — вядро наліць дадуць.

Том быў у нерашучасці.

— А нічога, калі мы таксама тут спынімся?

Хударлявы чалавек крыху замяшаўся.

— Я тут не гаспадар, — адказаў ён. — Мы толькі таму тут сталі, што вось гэтая старая скрыня далей ехаць не захацела.

Том не здаваўся:

— Усё ж такі вы ўжо тут, а мы толькі прыехалі. Ваша права вырашаць — перашкодзяць вам суседзі ці не.

Заклік да гасціннасці падзейнічаў імгненна.

— Ну як жа, вядома, з'язджайце з дарогі. Вельмі будзем радыя. — І паклікаў: — Сэйры, тут людзі спыніцца каля нас хочуць. Выйдзі паздароўкайся. Сэйры ў мяне хварэе, — паведаміў ён Тому.

Полкі палаткі расхінуліся, і з яе выйшла худая, ссохлая жанчына. Твар у яе быў зморшчаны, як завялы ліст, і на ім гарэлі вочы — чорныя вочы, у глыбіні якіх затаіўся страх. Маленькую жанчыну калаціла. Яна трымалася за адкінутую полку палаткі, і рука яе нагадвала руку шкілета, абцягнутую сухой скурай.

Яна загаварыла нізкім, прыгожым, мяккім пявучым голасам, у якім прабіваліся звінючыя ноткі.

— Скажы ім: з добрым прыбыццём, — прамовіла яна. — Скажы: сардэчна запрашаем.

Том з'ехаў з шашы і паставіў машыну ў полі побач з легкавой. Пасажыры выплюхнуліся з грузавіка, як кіпень з гаршка. Руці і Ўінфілд так паспешліва саскочылі, што ў іх ледзь не падкасіліся замлелыя ногі, і ўзнялі віск, калі ў лытках пачало паколваць, як іголкамі. Маці адразу ўзялася за справу. Адвязала вялікае вядро, што было прывязана ззаду грузавіка, і падышла з ім да дзяцей, якія ўсё яшчэ вішчалі.

— Ідзіце па ваду — вунь туды. Папрасіце далікатна. Скажыце: «Будзьце ласкавыя, ці нельга нам наліць вядро вады?» І не забудзьцеся, скажыце: «Вялікі дзякуй». Назад панесяце ўдваіх, толькі не расплюхайце па дарозе. А трапіцца на вочы сухое голле, захапіце з сабой — касцёр распалім.

Дзеці патупалі да хаціны.

А каля палаткі адбылася маленькая замінка, гутарка завязалася не адразу. Першы пачаў бацька:

— Вы не з Аклахомы?

Эл, які стаяў каля легкавушкі, паглядзеў на нумарны знак.

— Канзас, — сказаў ён.

Хударлявы чалавек растлумачыў:

— Мы з Галены, з яе наваколля. Уілсан, Айві Ўілсан.

— А мы Джоўды. З-пад самага Саліса.

— Што ж, мы вельмі радыя пазнаёміцца, — сказаў Айві Ўілсан. — Сэйры, гэта Джоўды.

— Я адразу здагадаўся, што вы не аклахомцы. У вас гаворка нейкая дзіўная, я гэта не ў крыўду вам, разумееце.

— Гавораць усе па-рознаму, — сказаў Айві. — Арканзасцы па-свойму, аклахомцы па-свойму. А неяк раз нам стрэлася жанчына з Масачусетса, дык яна ўжо зусім дзіўна гаварыла. Ледзь разумелі яе.

Ной, дзядзька Джон і прапаведнік узяліся разгружаць машыну. Спачатку памаглі дзеду злезці і пасадзілі яго на траву. Стары сядзеў млявы, уставіўшы вочы проста перад сабой.

— Табе што, дзед, нядобра? — запытаўся Ной.

— Вельмі, — слабым голасам адказаў стары. — Страх як дрэнна.

Паволі і асцярожна ступаючы, да яго падышла Сэйры Ўілсан.

— Можа, вам лепш зайсці ў палатку? — запыталася яна. — Паляжыце там на матрацы, адпачніце.

Пачуўшы яе мяккі голас, дзед падняў галаву.

— Хадзем, — сказала Сэйры. — Вам трэба адпачыць. Мы вас давядзём.

Стары раптам расплакаўся. Падбародак у яго дрыжэў, губы шчыльна сцяліся, ён хрыпла ўсхліпваў. Маці кінулася да яго і абняла за плечы. Памагла яму падняцца, напружыўшы сваю шырокую спіну, і павяла, пацягнула яго ў палатку.

Дзядзька Джон сказаў:

— Відаць, сапраўды дзед наш расхварэўся. Раней з ім гэтага не бывала. У жыцці не бачыў, каб ён слязу пусціў. — Джон хуценька залез на грузавік і скінуў уніз матрац.

Маці выйшла з палаткі і падышла да Кейсі.

— Вам даводзілася даглядаць хворых, — сказала яна. — Дзед занядужаў. Можа, пойдзеце глянеце на яго?

Кейсі паспешліва пайшоў у палатку. На зямлі ляжаў двухспальны матрац, акуратна засланы коўдрамі, у маленькай жалезнай печцы на ножках няроўна гарэў агонь. Вядро вады, драўляная скрынка з харчам, яшчэ адна замест стала — і ўсё. Заходняе сонца прасвечвала ружовым скрозь сцены палаткі. Сэйры Ўілсан стаяла на каленях каля матраца, на якім расцягнуўся на спіне дзед. Яго шырока расплюшчаныя вочы глядзелі ўгору, на твары гарэў румянец. Ён цяжка дыхаў.

Кейсі ўзяў яго кашчавае запясце ў пальцы.

— Крышачку стаміўся, дзед? — сказаў ён.

Шырока расплюшчаныя вочы пакасіліся на голас і не знайшлі таго, хто гаварыў. Вусны заварушыліся, бязгучна вымаўляючы нейкія словы. Кейсі памацаў дзеду пульс, адпусціў яго руку і паклаў яму на лоб далонь. У целе старога ішло змаганне, ногі безупынна варушыліся, рукі не ведалі спакою. З вуснаў зрывалася неразборлівае мармытанне, шчокі пад белай шчэццю наліліся чырванню. Сэйры Ўілсан ціха запыталася ў Кейсі:

— Вы ведаеце, што з ім?

Кейсі глянуў на яе маршчыністы твар і агністыя вочы.

— А вы?

— Здаецца, ведаю.

— Што?

— Магчыма, я памыляюся. Не хочацца дарэмна гаварыць.

Кейсі азірнуўся на старога, у якога ўвесь час паторгваўся твар.

— Думаеце… можа… апаплексічны ўдар?

— Думаю, што так, — адказала Сэйры. — Мне тры ўжо разы даводзілася бачыць такое.

А звонку даносіліся гукі бівачнага жыцця — секлі сухое голле, бразгалі посудам. Маці ўсунула галаву між полкамі палаткі.

— Бабка хоча зайсці. Можа, ёй не варта?

Прапаведнік сказаў:

— Не пусціш, яна разнервуецца.

— Як ён — нічога?

Кейсі паволі пакруціў галавой. Маці кінула хуткі позірк на дзедаў наліты крывёю твар, які скажалі пакутлівыя грымасы. Яна адышла ад палаткі, і пачуўся яе голас:

— Яму лепш, бабка. Цяпер няхай крыху адпачне.

Але бабка зласліва сказала:

— А я ўсё роўна гляну. Ён хітры чорт. Ад яго праўды ніколі не дазнаешся, — і хуценька прашмыгнула ў палатку. Яна спынілася каля матраца і глянула ўніз на дзеда. — Што з табой? — Дзед зноў павёў вачамі на голас, і губы яго скурчыліся. — Гэта ён ад злосці, — сказала бабка. — Я ж гаварыла вам, ён хітры, як чорт. Раніцай надумаў уцячы, каб не ехаць. Але раптам бядро ў яго разбалелася, — з пагардай прамовіла бабка. — Гэта ён проста ад злосці. З ім і раней такое бывала, калі ён не захоча ні з кім размаўляць.

Кейсі далікатна сказаў:

— Гэта не ад злосці, бабка. Ён захварэў.

— А! — яна зноў глянула ўніз на старога. — Цяжка захварэў, ты думаеш?

— Вельмі цяжка, бабка.

На хвіліну яна завагалася.

— Ну дык чаго ты не молішся? — таропка загаварыла яна. — Ты прапаведнік ці не?

Моцныя пальцы Кейсі нерашуча пацягнуліся да дзедавага запясця і абхапілі яго.

— Я ўжо казаў табе, бабка. Не прапаведнік я.

— Усё роўна маліся, — загадала старая. — Ты справу гэту на памяць ведаеш.

— Не магу, — сказаў Кейсі. — Я не ведаю, за што маліцца і каму маліцца.

Бабка адвяла ад яго вочы і спыніла позірк на Сэйры.

— Ён не хоча маліцца, — сказала яна. — А я не гаварыла вам, як малілася Руці, калі была яшчэ зусім маленькая? «У пасцельцы спачываю, богу душу ўручаю. А туды як прыляціць, там буфет пусты стаіць, а бедны сабачка галодны сядзіць. Аман». Вось як яна малілася.

Па брызенце палаткі з сонечнага боку пасунуўся цень — нехта прайшоў міма.

А дзедава цела ўсё яшчэ змагалася, б'ючыся ў сутаргах. Раптам яно здрыганулася, быццам ад раптоўнага ўдару, і дзед заціх і перастаў дыхаць. Кейсі глянуў на твар старога і ўбачыў, што ён робіцца чарнавата-барвовы. Сэйры дакранулася да пляча прапаведніка:

— Язык, хутчэй язык!

Кейсі кіўнуў галавой.

— Засланіце яго ад бабкі, — сказаў ён ціха і разняў дзеду сцятыя сківіцы, прасунуў пальцы ў самае горла, каб дастаць язык. І калі ён адцягнуў яго, з горла вырваўся раскацісты хрып і дзед перарывіста ўздыхнуў, як усхліпнуў. Кейсі падабраў з зямлі тонкую палачку і прыціснуў ёю язык, услухоўваючыся ў вуркатлівае, няроўнае дыханне.

Бабка насілася па палатцы, як напалоханая курыца.

— Маліся! — патрабавала яна. — Маліся ж! Маліся, табе кажуць! — Сэйры дарэмна спрабавала яе суняць. — Маліся, каб цябе чорт! — закрычала бабка.

Кейсі глянуў на яе. Вуркатлівае дыханне рабілася ўсё гучнейшым і больш перарывістым.

— Ойча наш, які ёсць у небе, свяціся Імя Тваё…

— Слава! — выгукнула бабка.

— …прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая… як у небе… так і на зямлі.

— Аман.

З адкрытага рота старога вырваўся сутаргавы ўсхліп і хрыплы працяглы выдых.

— Хлеба нашага штодзённага… дай нам сёння… і адпусці нам грахі нашы. — Дыхання не стала чуваць. Кейсі глядзеў на дзедавы вочы — яны былі ясныя, глыбокія, праніклівыя, у іх затаілася спакойная ўсёведнасць.

— Алілуя! — крыкнула бабка. — Гавары далей.

— Аман, — сказаў Кейсі.

Бабка маўчала. З таго боку палаткі панавала цішыня. Толькі па шашы прашумела коламі машына. Каля матраца Кейсі не падымаўся з кален. Звонку людзі ў напружаным маўчанні прыслухоўваліся да гукаў, што абвяшчалі смерць. Сэйры ўзяла бабку пад руку і вывела з палаткі. Старая ішла, поўная годнасці, з высока ўзнятай галавой. Яна ішла так напаказ усёй сям'і. Сэйры падвяла яе да матраца, што ляжаў на зямлі, і ўсадзіла яе. І бабка сядзела, пазіраючы проста перад сабой, сядзела горда, бо ведала, што ўсе позіркі скіраваны на яе. У палатцы было ціха. Нарэшце Кейсі рассунуў брызент і выйшаў.

Бацька ціха запытаўся:

— Што з ім было?

— Апаплексічны ўдар, — адказаў Кейсі. — Удар, і адразу канец.

А жыццё ішло па сваіх законах. Сонца дакранулася да лініі гарызонту і сплюшчылася. Доўгая калона вялікіх чырвоных грузавікоў паказалася на шашы. Машыны ішлі з грукатам, скаланаючы зямлю, а іх вертыкальныя выхлапныя трубы выплёўвалі сіні дым дызельнага паліва. У кабіне сядзеў толькі вадзіцель, яго зменны спаў на ложку, падвешаным пад самым верхам. Грузавікі грукаталі няспынна, пад іх цяжкім поступам увесь дзень і ўсю ноч дрыжэла зямля.

Сям'я з'ядналася ў адно цэлае. Бацька апусціўся на кукішкі, побач з ім прысеў дзядзька Джон. Галавой сям'і цяпер быў бацька. Ной, Том і Эл таксама селі на кукішкі, а прапаведнік апусціўся проста на зямлю і потым лёг, абапёршыся на локаць. Руці і Ўінфілд бадзёра прытупалі з вядром вады, але адразу адчулі нядобрае, запаволілі крок і, паставіўшы вядро на зямлю, ціха падышлі да маці.

Бабка сядзела горда, спакойна, пакуль уся сям'я не сабралася, пакуль на яе не перасталі глядзець, а тады лягла, закрыла твар сагнутай у локці рукой. Чырвонае сонца схавалася, і над зямлёй разлілося мігатлівае сутонне; твары людзей здаваліся зусім светлымі, а вочы паблісквалі, адлюстроўваючы вячэрняе неба. Вечар збіраў святло адусюль — дзе толькі мог.

Бацька сказаў:

— Гэта здарылася ў палатцы містэра Ўілсана.

Дзядзька Джон пацвярджальна кіўнуў галавой:

— Ён уступіў сваю палатку.

— Добрыя, сардэчныя людзі, — ціха прамовіў бацька.

Уілсан стаяў каля сваёй папсаванай машыны, а Сэйры сядзела каля бабкі на матрацы, стараючыся не дакранацца да яе.

Бацька паклікаў:

— Містэр Уілсан!

Уілсан няспешна падышоў да іх і апусціўся на кукішкі. Сэйры таксама падышла і стала каля яго.

Бацька сказаў:

— Мы вам вельмі ўдзячныя, людзі.

— Мы радыя, што хоць чым-небудзь змаглі памагчы вам, — адказаў Уілсан.

— Мы вельмі абавязаныя вам, — сказаў бацька.

— Перад тварам смерці не варта лічыцца, — прамовіў Уілсан, і Сэйры падхапіла:

— Не варта лічыцца.

Эл сказаў:

— Я адрамантую вам машыну… мы з Томам яе адрамантуем. — І Эл адчуў прыліў гордасці, што ён можа заплаціць доўг, які лёг на яго сям'ю.

— Ад дапамогі мы не адмовімся. — Уілсан прызнаў, што прымае такую плату.

— Трэба вырашыць, як нам быць далей, — сказаў бацька. — Ёсць закон: пра нябожчыкаў неабходна паведаміць уладам, а яны возьмуць сорак даляраў для гаспадара пахавальнага бюро або пахаваюць яго як жабрака.

— У нас у сям'і жабракоў ніколі не было, — умяшаўся дзядзька Джон.

Том сказаў:

— Можа, і не тое яшчэ будзе. З зямлі нас раней таксама ніколі не зганялі.

— Мы дрэннага нічога не рабілі, — сказаў бацька. — Нас няма чым папракнуць. Без грошай нічога не бралі, чужой ласкаю ніколі не карысталіся. Калі з Томам здарылася бяда, мы галаву трымалі высока. На яго месцы кожны так зрабіў бы.

— Дык што ж рабіць будзем? — запытаўся дзядзька Джон.

— Зробіш па закону, цела забяруць. У нас усяго паўтары сотні даляраў. Сорак пойдзе на пахаванне, і тады мы не даедзем да Каліфорніі. А не заплаціш, яго пахаваюць як жабрака.

Мужчыны заварушыліся і ўставілі вочы ў зямлю, што цямнела ў іх пад нагамі.

Бацька ціха сказаў:

— Дзед пахаваў свайго бацьку сам, сваімі рукамі, зрабіў усё, як належыць, і сам рыдлёўкаю зрабіў магільны насып. У тыя часы чалавек меў права легчы ў магілу, выкапаную яго сынам, а сын меў права пахаваць свайго бацьку.

— Цяпер законы ўжо не тыя, — сказаў дзядзька Джон.

— Часам цяжка прытрымлівацца закону, — сказаў бацька. — Асабліва калі хочаш, каб усё было па сумленні. Такіх выпадкаў хапае. Калі Флойд хаваўся, як дзікі звер, закон патрабаваў, каб мы выдалі яго, але ніхто не выдаў. Іншы раз даводзіцца абыходзіць закон. Вось я і кажу: я маю права пахаваць роднага бацьку. Хто-небудзь хоча што сказаць?

Прапаведнік прыўзняўся на локці.

— Законы мяняюцца, — сказаў ён, — а людскія патрэбы застаюцца. Ты маеш права рабіць тое, што табе трэба рабіць.

Бацька павярнуўся да дзядзькі Джона:

— Гэта і тваё права, Джон. Ты маеш што-небудзь супраць?

— Нічога, — адказаў дзядзька Джон. — Толькі атрымліваецца так, быццам мы хочам хаваць яго пад сховай начной цемры. Пры жыцці дзед рабіў усё адкрыта.

Крыху прысаромлены, бацька сказаў:

— Гэтак, як ён рабіў, нам цяпер нельга. Трэба даехаць да Каліфорніі, пакуль грошы яшчэ ёсць.

І Том уставіў сваё слова:

— Бываюць выпадкі, калі дзе-небудзь капаюць зямлю, знаходзяць нябожчыка і ўзнімаюць гвалт — забілі чалавека. Нашы ўлады цікавяцца мёртвымі больш, чым жывымі. Пачнуць дазнавацца, хто ён такі і як памёр. Я вось што прапаную: давайце пакладзём у бутэльку запіску і закапаем разам з ім. Там усё будзе сказана — хто ён, як памёр і чаго яго тут пахавалі.

Бацька ў знак згоды паківаў галавой.

— Правільна. Толькі трэба прыгажэй напісаць. І дзеду не так самотна будзе, калі з ім будзе яго імя, а то закапалі — і ляжы адзін, стары, пад зямлёй. У каго-небудзь ёсць яшчэ што сказаць?

Усе маўчалі.

Бацька павярнуўся да маці:

— Ты ўбярэш яго?

— Убяру, — адказала маці. — А хто вячэру згатуе?

— Я прыгатую вячэру, — сказала Сэйры Ўілсан. — Мы з вашай старэйшай дачкой усё зробім.

— Вялікі дзякуй. Ты, Ной, пайдзі дастань з якой бачуркі свініны. Яна як след яшчэ не прасалілася, але есці можна.

— А ў нас ёсць паўмяшка бульбы, — сказала Сэйры.

— Дай мне дзве манеты па паўдаляра, — папрасіла маці ў бацькі; той пакапаўся ў кішэні і падаў ёй срэбра.

Маці адшукала таз, наліла ў яго вады і панесла ў палатку. Там было амаль зусім цёмна. Сэйры ўвайшла следам, запаліла свечку, прыткнула яе на скрынку і пакінула маці адну. Маці паглядзела на нябожчыка, і ў яе сціснулася сэрца. Яна адарвала палоску ад свайго фартуха і падвязала дзеду ніжнюю сківіцу. Выпрастала яму ногі, склала рукі на грудзях. Потым апусціла яго павекі і паклала на іх па сярэбранай манеце, зашпіліла яму кашулю і абмыла твар.

Сэйры зазірнула ў палатку:

— Можа, чым дапамагчы?

Маці паволі падняла галаву.

— Зайдзіце, — сказала яна. — Хацела б з вамі пагаварыць.

— Старэйшая дачка ў вас упраўная, — сказала Сэйры. — Колькі ўжо бульбы абабрала! Дык кажыце, што трэба рабіць?

— Я хацела абмыць яго, ды вось няма ў што пераапрануць. А коўдра ваша цяпер сапсаваная. Мёртвы дух нічым з яе не вытравіш. Памятаю, у нас сабака панюхаў матрац, на якім памерла мая маці, і аж затросся і пачаў гыркаць, хоць два гады прайшло пасля яе смерці. Мы загорнем яго ў вашу коўдру, а вам аддадзім другую, у нас ёсць.

Сэйры сказала:

— Навошта вы так гаворыце. Мы памагаем вам ад шчырага сэрца. У мяне ўжо даўно не было… так спакойна на душы. У людзей ёсць такая патрэба — памагаць адзін аднаму.

Маці кіўнула галавой.

— Ёсць, — адказала яна і доўга глядзела на зарослы шчэццю стары твар з падвязанай сківіцай і сярэбранымі вачніцамі, якія паблісквалі пры святле свечкі. — Так ён сам на сябе не падобны, — сказала яна. — Трэба закруціць яго з галавой.

— Ваша старая добра трымалася.

— Яна зусім старэнькая. Магчыма, і не разумее толкам, што здарылася. І, можа, не хутка зразумее. Акрамя таго, гонар нам не дазваляе адчайвацца. Бывала, мой бацька казаў: «Зламацца кожны можа. А каб саўладаць з сабой, трэба быць чалавекам». У любых выпадках мы не паддаёмся адчаю. — Маці акуратна захутала ногі і плечы нябожчыка, закінула адзін ражок коўдры яму на галаву, як капюшон, і насунула на твар. Сэйры падала ёй некалькі вялікіх ангельскіх шпілек, і яна старанна і акуратна зашпіліла з усіх бакоў гэты доўгі пакунак. Нарэшце паднялася з кален. — Пахаванне будзе прыстойнае, — сказала яна. — З намі едзе прапаведнік, ён адпяе яго, і сям'я ўся ў зборы. — Яна пахіснулася. Сэйры падскочыла да яе, не дала ёй упасці. — На хаду засынаю… — сумелася маці. — Не, нічога, пройдзе. Перад ад'ездам нам шмат давялося пакруціцца.

— Выйдзем на паветра, — сказала Сэйры.

— Ага, я ўсё, што трэба, зрабіла.

Сэйры задзьмула свечку, і жанчыны выйшлі з палаткі.

На дне неглыбокага яра ярка гарэла вогнішча. Том убіў у зямлю калкі, падвесіў на дроце два кацялкі, і вада цяпер у іх бурна кіпела, з-пад накрывак выбівалася пара. Ружа Сарона стаяла на каленях крыху ўбаку ад гарачага полымя з доўгай лыжкай у руцэ. Убачыўшы, што маці выйшла з палаткі, яна паднялася і падышла да яе.

— Ма, — сказала яна, — хачу ў цябе пра нешта спытацца.

— Зноў спалохалася? — запыталася маці. — Дзевяць месяцаў без гора не пражывеш, даражэнькая.

— А дзіцяці не пашкодзіць?

Маці адказала:

— Ёсць такая прымаўка: «Дзіця, што ў смутку родзіцца, у жыцці са шчасцем водзіцца». Здаецца, так, місіс Уілсан?

— Чула такую, — адказала Сэйры. — А яшчэ я ведаю і другую: «У залішняй радасці радзіцца, увесь свой век смуціцца».

— У мяне ўсё ўсярэдзіне падскочыла ад страху, — сказала Ружа Сарона.

— Ад весялосці ў нас нічога не скача, — прамовіла маці. — Ты лепш глядзі кацялкі.

Мужчыны сабраліся на краі светлага круга ад вогнішча. З прылад у іх была рыдлёўка і матыка. Бацька адмераў месца для магілы — восем футаў у даўжыню і тры футы ў шырыню. Працавалі па чарзе. Бацька ўскопваў зямлю матыкай, а дзядзька Джон адкідаў яе ўбок рыдлёўкай. Потым крышыў зямлю Эл, а выграбаў Том. Тады крышыў Ной, выграбаў Коні. Работа ішла без перапынку, і магіла рабілася ўсё глыбейшай. Рыдлёўка за рыдлёўкай вылятала адтуль зямля. Стоячы па плечы ў прамавугольнай яме, Том запытаўся:

— На якую глыбіню капаць, та?

— Глыбей. Яшчэ футы на два. Ты вылазь, Том, пайдзі напішы тую запіску.

Том вылез, і яго месца заняў Ной. Том падышоў да маці, якая падтрымлівала агонь.

— У нас, ма, ёсць папера і пяро?

Маці пакруціла галавой:

— Н-не. Што іншае, а гэтага з сабой не ўзялі. — Яна глянула на Сэйры, і маленькая жанчына паспешліва пайшла ў палатку. Вярнулася яна з Бібліяй у руках і напалову спісаным алоўкам.

— Вось, — сказала яна. — Тут, у пачатку, ёсць чыстая старонка. Напішы на ёй і вырві. — Сэйры падала Біблію і аловак Тому.

Том сеў каля вогнішча. Ён засяроджана прыплюшчыў вочы і нарэшце няспешна вывеў буйнымі выразнымі літарамі на чыстай частцы старонкі: «Тут спачывае Ўільям Джэймс Джоўд, памёр ад удару зусім старым. Радня закапала яго тут, бо не было грошай на пахаванне. Яго ніхто не забіваў. З ім здарыўся ўдар, і ён памёр». — Том адняў аловак ад паперы. — Паслухай, ма, — сказаў Том і паволі прачытаў услых напісанае.

— Што ж, гучыць нядрэнна, — ухваліла маці. — А ты яшчэ што-небудзь і набожнае падабраў бы з Пісання. Пагартай Біблію, пашукай якое выслоўе.

— Трэба, каб карацей, — сказаў Том. — А то месца амаль не засталося.

Сэйры сказала:

— А што, калі напісаць: «Супакой, госпадзі, душу яго»?

— Не, — запярэчыў Том. — Атрымліваецца, быццам ён вісельнік. Я спішу што-небудзь адсюль. — Ён гартаў старонкі Бібліі і чытаў сам сабе, бязгучна варушачы губамі. — Ну вось, і добра, і коратка, — сказаў ён уголас. — «І Лот сказаў ім: не, Уладыка».

— Ніякага сэнсу, — сказала маці. — Калі ўжо пісаць, дык каб хоць сэнс які быў.

Сэйры параіла:

— Пагартай далей, там, дзе псалмы. З іх заўсёды ёсць што выбраць.

Том хутка перагортваў старонкі і прабягаў вачамі вершы.

— Ёсць! — нарэшце сказаў ён. — І прыгожа, і так і дыхае набожнасцю: «Шчаслівы той, каму адпушчаны беззаконні і чые грахі выкупленыя». Ну як?

— Сама раз, — сказала маці. — Спішы.

Том старанна перапісаў радок на паперу. Маці спаласнула і выцерла фруктовы слоік. Том шчыльна закруціў крышку.

— Можа, лепш было прапаведніку пісаць, — сказаў ён.

— Не, прапаведнік нам не сваяк, — сказала маці, узяла ў яго слоік і пайшла ў цёмную палатку. Там яна выцягнула некалькі шпілек з шарсцяной коўдры, усунула слоік пад халодныя тонкія рукі і зноў зашпіліла. Тады вярнулася да вогнішча.

Мужчыны адышлі ад ямы, твары ў іх блішчалі ад поту.

— Гатова, — сказаў бацька і разам з дзядзькам Джонам, Ноем і Элам зайшоў у палатку. Яны вынеслі адтуль доўгі, зашпілены з усіх бакоў скрутак і панеслі да магілы. Бацька скочыў уніз, пераняў цела і асцярожна апусціў на зямлю. Дзядзька Джон памог яму вылезці.

— А як быць з бабкай? — запытаўся бацька.

— Я зараз прывяду яе, — адказала маці, пайшла да матраца і нейкі час глядзела на старую. Потым вярнулася да магілы.

— Спіць, — сказала яна. — Можа, бабка і закрыўдуе на мяне, але я не буду яе будзіць. Ёй спакой патрэбен.

Бацька запытаўся:

— А прапаведнік дзе?

Том адказаў:

— Я бачыў, ён пайшоў па дарозе. Не хоча больш маліцца.

— Не хоча маліцца?

— Не. Ён больш не прапаведуе. Кажа, навошта ашукваць людзей і выдаваць сябе за прапаведніка, калі на самай справе я не прапаведнік. Б'юся аб заклад, што ён уцёк, каб мы не прасілі яго маліцца.

Кейсі, прыходу якога яны не заўважылі, чуў словы Тома.

— Нікуды я не ўцёк, — сказаў ён. — Я памагу вам, людзі, але ашукваць вас не буду.

Бацька сказаў:

— Можа, усё-ткі скажаш некалькі слоў? У нас у сям'і нікога яшчэ не хавалі без малітвы.

— Добра, скажу, — згадзіўся прапаведнік.

Коні вёў да дзедавай магілы Ружу Сарона, тая ішла неахвотна.

— Трэба, — угаворваў яе Коні. — Іначай непрыстойна. Гэта ж нядоўга.

Святло ад вогнішча падала на людзей, што акружылі магілу, азарала іх твары і вочы і меркла на цёмным адзенні. Мужчыны стаялі, зняўшы капелюшы. Языкі полымя ў вогнішчы скакалі, кідаючы трапятлівыя блікі на людзей.

Кейсі сказаў:

— Гаварыць буду коратка. — Ён схіліў галаву, і астатнія таксама схілілі галовы. Кейсі ўрачыста сказаў: — Стары, які тут ляжыць, пражыў жыццё і памёр. Я не ведаю, які ён быў чалавек, — добры ці дрэнны, але гэта няважна. Важна тое, што ён быў жывы. А цяпер памёр, і цяпер гэта таксама няважна. Я раз чуў, як адзін чытаў вершы, і там было сказана: «Усё жывое — святое». Я задумаўся і неўзабаве зразумеў, што ў словах у гэтых сэнсу больш, чым на першы погляд здаецца. І я не буду маліцца за гэтага старога, якога ўжо няма сярод жывых. З ім усё як мае быць. У яго ёсць адна мэта, і яна стаіць перад ім, да яе вядзе толькі адзін шлях. У нас таксама ёсць свая мэта, але ў нас сотні шляхоў да яе, і мы не ведаем, па якім пайсці. І калі б мне выпала памаліцца, я памаліўся б за тых, хто не ведае, на які шлях ступіць. У дзеда дарога прамая. А цяпер укрыйце яго зямлёй, і няхай ён робіць сваю справу. — Кейсі падняў галаву.

Бацька сказаў:

— Аман.

І астатнія прамармыталі хорам:

— Аман.

Бацька ўзяў рыдлёўку, набраў паўштыха зямлі і асцярожна скінуў у чорную яму. Тады перадаў рыдлёўку дзядзьку Джону, і той кінуў зямлі поўны штых. Рыдлёўка пераходзіла з рук у рукі, пакуль не абышла ўсіх мужчын. Калі ўсе яны выканалі свой абавязак і зрабілі тое, што ім належала зрабіць па праву, бацька накінуўся на кучу зямлі, што ляжала з краю, і пачаў таропка засыпаць магілу. Жанчыны адышлі да вогнішча гатаваць вячэру. Руці і Ўінфілд, як зачараваныя, стаялі каля магілы. Руці ўрачыста прамовіла:

— Цяпер дзед там, унізе, ляжыць.

Уінфілд спалохана вытрашчыў на яе вочы і пабег да вогнішча, там сеў на зямлю і заплакаў.

Бацька засыпаў магілу да паловы і спыніўся, цяжка пераводзячы дух, а рэшту зямлі скінуў дзядзька Джон. Калі Джон пачаў рабіць насып, Том затрымаў яго руку.

— Паслухай, — сказаў ён. — Калі магілка будзе з насыпам, яе як бачыш знойдуць. Трэба, каб не было прыкметна. Зраўняй з зямлёй, а зверху мы накідаем травы. Што зробіш, інакш нельга.

Бацька сказаў:

— Я пра гэта і не падумаў. Але без насыпу няможна.

— Нічога не зробіш, — сказаў Том. — Яго адразу адкапаюць, і нас абвінавацяць у парушэнні закону. Ты ведаеш, што мне будзе, калі я пераступлю закон.

— Правільна, — пагадзіўся бацька. — Я зусім забыўся. — Ён узяў у Джона рыдлёўку і зраўняў магілу. — Ледзь зіма, і праваліцца, — сказаў ён.

— Нічога не зробіш, — сказаў Том. — Да зімы мы будзем далёка. Утапчы добра, а зверху мы чаго-небудзь накідаем.


Калі свініна і бульба зварыліся, абедзве сям'і селі вячэраць вакол вогнішча. Усе елі моўчкі, пазіраючы на агонь. Уілсан запусціў зубы ў кавалак мяса і задаволена ўздыхнуў.

— Цудоўная свініна, — сказаў ён.

— У нас былі дзве свінкі, — паясніў бацька, — і мы вырашылі іх з'есці. За іх нічога не давалі. Вось крыху асвоімся з дарогай, маці спячэ хлеба, тады адно задавальненне — едзеш сабе, пазіраеш па баках, а ў грузавіку ў цябе яшчэ і дзве бачуркі свініны. Колькі часу вы ўжо ў дарозе?

Уілсан прачысціў языком зубы і глынуў.

— Нам не пашчасціла, — адказаў ён. — Трэці ўжо тыдзень, як мы паехалі з дому.

— Божа літасцівы! А мы мяркуем за дзесяць дзён дабрацца да Каліфорніі, а то і хутчэй.

У гутарку ўмяшаўся Эл:

— Не, та, наўрад ці. З такім грузам мы, можа, і ніколі не дабяромся. Асабліва калі давядзецца ехаць праз горы.

Вакол вогнішча запанавала цішыня. Галовы ва ўсіх апусціліся, і агонь асвятляў ім толькі валасы і лоб. Над невысокім купалам святла скупа паблісквалі летнія зоркі, дзённая спёка памалу спадала. На сваім матрацы, убаку ад вогнішча, ціха захныкала бабка, нібы шчанюк заскавытаў. Твары ўсіх павярнуліся ў той бок.

Маці сказала:

— Разашарна, будзь разумненькай, ідзі паляжы з бабкай. Яе цяпер нельга пакідаць адну. Яна ўжо ўсё зразумела.

Ружа Сарона паднялася на ногі, пайшла да матраца і лягла побач са старой, і да вогнішча данесліся няясныя гукі іх галасоў. Ружа Сарона і бабка перашэптваліся, лежачы на матрацы.

Ной сказаў:

— Дзіўна неяк — дзеда няма, а быццам нічога не здарылася. Смутку мне не прыбавілася.

— Гэта ўсё адно, — сказаў Кейсі. — Зямля ваша і дзед — адно непадзельнае.

Эл сказаў:

— Вельмі крыўдна за яго. Памятаеце, ён гаварыў, што там будзе рабіць, як ён вінаградныя гронкі аб галаву будзе расціскаць, каб усю бараду сокам заліло, і ўсякае такое.

Кейсі сказаў:

— Гэта ён так, дурыўся. Думаю, ён усё разумеў. Дзед ваш памёр не сёння. Ён памёр, як толькі вы яго з месца знялі.

— Ты гэта напэўна ведаеш? — усклікнуў бацька.

— Ну, не зусім так. Дыхаць ён дыхаў, але жыцця ў ім ужо не было. Дзед і зямля ваша — адно цэлае, і ён гэта разумеў.

Дзядзька Джон запытаўся:

— А ты ведаў, што ён памірае?

— Так, — адказаў Кейсі. — Ведаў.

Джон утаропіўся на прапаведніка, і ў вачах у яго рос жах.

— І нікому не сказаў?

— А якая карысць?

— Мы… мы зрабілі б што-небудзь.

— Што?

— Ну што-небудзь, але…

— Не, — сказаў Кейсі, — зрабіць вы не змаглі б нічога. Ваш шлях быў вызначаны, а дзеду з вамі было не па дарозе. Ён і не мучыўся. Хіба, можа, толькі раніцай, у першыя хвіліны. Ён астаўся з зямлёй. Не мог яе кінуць.

Дзядзька Джон глыбока ўздыхнуў.

Уілсан сказаў:

— А нам прыйшлося майго брата кінуць. — Усе павярнуліся да яго. — У нас з ім былі ўчасткі-саракоўкі побач. Ён старэйшы за мяне. Машыны ніхто з нас ніколі не вадзіў. І вось мы прадалі ўсё, што ў нас было. Уіл купіў сабе машыну, і да яго прыставілі нейкага падлетка — вучыць кіраваць. За дзень перад ад'ездам Уіл з цёткай Міні паехалі папрактыкавацца. Раптам перад Уілам калдобіна, ён як гаркне: «Тпру!» — і як дасць задні ход. Урэзаўся ў агароджу. Зноў крыкнуў: «Тпру, каб на цябе!» — тупнуў нагой па педалі газу і перакуліўся ў канаву. І застаўся ён ні з чым: ні на продаж нічога, ні машыны. Але ж, дзякуй богу, сам вінаваты. І так узлаваўся, з сябе аж выходзіць, з намі ехаць не захацеў — сядзіць, лаецца апошнімі словамі.

— Што ж ён будзе рабіць?

— Каб я ведаў. Чалавек зусім крануўся ад злосці. А нам чакаць няможна. У нас толькі восемдзесят даляраў на ўсю дарогу. Не сядзець жа нам і чакаць, пакуль і тыя разыдуцца. Але дарога ўжо амаль усе іх з'ела. Не праехалі і сотні міль, зуб у заднім мосце паляцеў, а рамонт абышоўся трыццаць даляраў. А там спатрэбілася пакрышка, і запальная свечка трэснула, а яшчэ Сэйры занядужала. Давялося прыпыніцца, вось ужо дзесяць дзён стаім. А цяпер машына, няхай яна спрахне, зноў паламалася, а грошай ужо — кот наплакаў. Проста не ведаю, калі мы дабяромся да гэтай Каліфорніі. Трэба рамантаваць, а я ў гэтым нічога не кемлю.

Эл дзелавіта запытаўся:

— Што з машынай?

— Ды проста ісці не хоча. Завядзецца, чхне разок — і заглухне. Праз момант зноў завядзецца, і перш чым паспееш тармазы адпусціць, зноў як мёртвая.

— Матор працуе хвіліну і глухне?

— Ага, так. Прыбаўлю газу, усё роўна не ідзе. Чым далей, тым усё горш, а вось цяпер зусім ужо не запускаецца.

Выгляд у Эла зрабіўся горды, па-даросламу салідны.

— Відаць, у яе бензаправод забіўся, — прамовіў ён. — Я прадзьму яго.

І бацька таксама заганарыўся:

— Эл у гэтых справах разбіраецца.

— Вось за дапамогу я скажу вам дзякуй. Вялікі дзякуй. Не ўмееш паправіць, проста дзіцём сябе адчуваеш. Калі дабяромся да Каліфорніі, куплю добрую машыну. Яна, можа, псавацца не будзе.

Бацька сказаў:

— Калі дабяромся… Не так і лёгка дабрацца туды.

— Затое Каліфорнія! — сказаў Уілсан. — Я бачыў лісткі — там патрэбны людзі на збор фруктаў, і заробкі добрыя. Толькі падумаць! Фрукты збіраеш у цяні дрэў, прыхваткамі ў рот пакладзеш што-небудзь. Ды там, чорт вазьмі, столькі гэтага дабра — хоць аб'ядайся, ніхто табе слова не скажа. А плаціць будуць добра, купім невялікі ўчастак і яшчэ падрабляць будзем на старане. Я ў заклад, чорт вазьмі, іду, што і двух гадоў не міне, як мы прыдбаем свой участак.

Бацька сказаў:

— Мы бачылі гэтыя лісткі. У мяне адзін нават з сабой ёсць. — Ён выняў кашалёк і дастаў з яго складзены папалам аранжавы рэкламны лісток. Чорныя літары гаварылі: «У Каліфорніі Патрабуюцца Зборшчыкі Гароху. Добрая Плата Круглы Год. Патрэбна 800 Чалавек».

Уілсан з цікавасцю паглядзеў на лісток.

— Ага, ага! Я бачыў такі самы. Акурат як той. А як вы думаеце… васемсот чалавек ужо, можа, набралася?

Бацька сказаў:

— Гэта ж толькі ў адной невялікай частцы Каліфорніі. А Каліфорнія ў нас другі па велічыні штат. Дапусцім, у адным месцы васемсот чалавек і набралася. А там шмат такіх месцаў. Мне ўсё роўна дзе фрукты збіраць. Вы ж самі сказалі, працаваць будзем у цяні дрэў. На такую работу і малыя з ахвотай пойдуць.

Раптам Эл падняўся і падышоў да легкавой машыны.

— Сёння ўжо не адрамантуеш, — сказаў Уілсан.

— Вядома. Заўтра з раніцы вазьмуся.

Том ва ўпор паглядзеў на свайго малодшага брата.

— Я таксама пра гэта падумаў, — сказаў ён.

— Пра што вы там, хлопцы? — запытаўся Ной.

Том з Элам маўчалі, чакаючы, што скажа другі.

— Кажы ты, — нарэшце прамовіў Эл.

— Ну, можа, з гэтага нічога не выйдзе, можа, Эл зусім пра іншае думае. А справа вось якая. У нас перагрузка, а містэр і місіс Уілсан едуць без цяжкага грузу. Калі хто-небудзь з нашых перасядзе да іх, а іхнія лягчэйшыя рэчы мы перакладзём на грузавік, тады ў нас і рысоры будуць цэлыя, і пад'ёмы нам не страшныя. Машынай мы з Элам абодва ўмеем кіраваць, значыць, хто-небудзь з нас павядзе легкавую. На дарозе будзем разам трымацца, і ад гэтага нам усім лепш будзе.

Уілсан ускочыў на ногі.

— Вядома, вядома! Мы будзем толькі радыя. Так і зробім. Ты чула, Сэйры?

— Проста цудоўна, — адказала Сэйры. — А мы не наробім вам лішніх турбот?

— Ну што вы, далібог! — сказаў бацька. — Якія турботы? Наадварот, вы нас выручыце.

Уілсан зноў сеў на зямлю, крыху сумеўшыся.

— Не ведаю, як быць.

— Што, раздумалі?

— Разумееце… У мяне ўсяго даляраў трыццаць засталося, і я не хацеў бы быць вам цяжарам.

Маці сказала:

— Вы і не будзеце нам цяжарам. Будзем дапамагаць адзін аднаму, і разам даедзем да Каліфорніі. Сэйры Ўілсан дапамагла мне прыбраць дзеда… — яна раптам змоўкла. Сувязь паміж тым і другім была ўсім зразумелая.

Загаварыў Эл:

— У легкавую свабодна сядзе шэсць чалавек. Скажам, так: я за рулём, місіс і містэр Уілсаны, Разашарна з Коні і бабка. Вялікія рэчы, лягчэйшыя, перакладзём на грузавік. У дарозе будзем мяняцца месцамі. — Ён гаварыў голасна, радуючыся, што з плячэй зваліўся такі клопат.

Астатнія бянтэжліва ўсміхаліся, апусціўшы вочы долу. Бацька правёў кончыкамі пальцаў па пыле. Сказаў:

— Маці наша марыць пра беленькі домік сярод апельсінавых дрэў. Яна бачыла вялікі такі малюнак у календары.

Сэйры сказала:

— Калі я зноў расхварэюся, вы нас не чакайце, едзьце адны. Мы не хочам быць вам цяжарам.

Маці пільна паглядзела на яе і быццам упершыню ўбачыла яе пакутніцкія вочы і змарнелы, змучаны болем твар. І сказала:

— Нічога, даедзеце, мы пра вас паклапоцімся. Вы ж самі сказалі: ад дапамогі нельга адмаўляцца.

Сэйры глянула на свае маршчыністыя рукі, асветленыя агнём вогнішча.

— Трэба класціся спаць. — Яна ўстала.

— А дзед… як быццам ужо год, як ён памёр, — прамовіла маці.

Абедзве сям'і няспешна разышліся класціся спаць, смачна пазяхаючы. Маці спаласнула талеркі і сцерла з іх тлушч мяшком з-пад мукі. Агонь у вогнішчы патух, зоркі нібы апусціліся ніжэй. Легкавыя аўтамашыны толькі зрэдку прабягалі цяпер па шашы, але грузавікі час ад часу з грукатам праносіліся міма, ажно дрыжэла зямля. Абедзве машыны, якія стаялі ў лагчынцы каля дарогі, ледзь віднеліся пры святле зорак. Каля заправачнай станцыі выў прывязаны нанач сабака. Людзі ўгаманіліся і ціха спалі, і асмялелыя палявыя мышы снавалі каля матрацаў. Адна Сэйры Ўілсан не спала. Яна глядзела ў неба і стойка змагалася з болем.

Загрузка...