Раздзел дваццаць першы

Людзі, што зняліся з месца ў пошуках прыстойнага жыцця, сталі цяпер вандроўнікамі. Перад сем'ямі, якія раней мелі невялікія ўчасткі зямлі, жылі і паміралі на сваіх сарака акрах, карміліся ці галадалі, беручы з гэтых акраў усё, што яны давалі, — перад гэтымі сем'ямі цяпер рассцілаўся ўвесь Захад. І яны шнарылі ўсюды, шукаючы працы; патокі людзей хлынулі на шашэйныя дарогі, уздоўж прыдарожных канаў бясконцай чарадой цягнуліся людзі. Следам ішлі іншыя. Няспынная людская плынь захліснула вялікія бетонныя дарогі. Раней на Сярэднім Захадзе і на Паўднёвым Захадзе жыў просты люд — земляробы, і яны зусім не перамяніліся з прыходам індустрыі, яны абраблялі зямлю без машын і не ведалі, якой грознай сілай рабілася машына ў руках прыватніка. Яны жылі, не знаёмыя з парадоксамі індустрыі. Яны не страцілі здольнасці востра адчуваць недарэчнасці індустрыяльнага веку.

І раптам машыны сагналі гэтых людзей з месца, і людзі павалілі на дарогі. Вандроўнае жыццё перамяніла іх; шашэйныя дарогі, прыдарожныя лагеры, страх перад голадам і сам голад іх перамянілі. Дзеці, якіх не было чым карміць, перамянілі іх, няспынны рух перамяніў іх. Яны былі вандроўнікі. І людская варожасць перамяніла іх, спаяла, з'яднала — тая варожасць, што прымусіла жыхароў маленькіх гарадкоў збірацца ў групы, брацца за зброю і сустракаць іх як захопнікаў — атрады, узброеныя ручкамі ад кірак, канторшчыкі і крамнікі, узброеныя стрэльбамі, ахоўвалі свой свет ад свайго ж народа.

На Захадзе ўзнялася паніка, калі вандроўнікі запаланілі дарогі. Уласнікі спалохаліся за сваю ўласнасць. Людзі, якія ніколі не галадалі, убачылі вочы галодных. Людзі, якія ніколі не ведалі моцных жаданняў, убачылі прагны бляск у вачах вандроўнікаў. І жыхары гарадкоў, жыхары ціхіх навакольных мясцін аб'ядналіся для самаабароны; яны пераканалі сябе, што самі яны добрыя грамадзяне, а захопнікі гэтыя — дрэнныя. Яны гаварылі: гэтыя праклятыя Окі — брудныя, цёмныя людзі. Яны дэгенераты, сексуальныя маньякі. Гэтыя праклятыя Окі — зладзеі. Яны крадуць усё, што трапіцца пад руку. У іх няма павагі да ўласнасці.

І апошняе адпавядала праўдзе, бо адкуль чалавеку немаёмнаму адчуваць сверб уласніцтва? А абараняючыся, людзі гаварылі: яны разносяць заразу, яны неахайныя. Дзяцей іх нельга пускаць у школы. Яны чужынцы. Ці хацелі б вы, каб сястра ваша гуляла з кім-небудзь такім?

Мясцовыя жыхары ўсімі сіламі распальвалі ў сабе жорсткасць. Яны фарміравалі атрады, часці і ўзбройвалі іх — дубінамі, стрэльбамі, газавымі бомбамі. Краіна належыць нам. Мы не дазволім усякім Окі выйсці з-пад улады. Але тыя, каму далі зброю, зямлёй не валодалі, а думалі, што валодаюць. І канторшчыкі, што хадзілі вечарамі на ваенную муштру, таксама нічога не мелі, а ў дробных крамнікаў былі толькі поўныя шуфляды даўгавых распісак. Але нават доўг — гэта ўжо нешта такое, і пісарства таксама не дробязь. Канторшчык думаў: я атрымліваю пятнаццаць даляраў на тыдзень. А што, калі які-небудзь пракляты Окі пойдзе на тую ж работу за дванаццаць? І дробны крамнік думаў: хіба магу я раўняцца з чалавекам, у якога няма даўгоў?

А вандроўнікі сцякаліся з усіх бакоў на вялікія дарогі, і ў вачах у іх быў голад, у вачах у іх былі іхнія патрэбы. Яны не валодалі логікай доказаў, не мелі сістэмнага плана дзеянняў, за імі не было нічога, акрамя іхняга мноства і іхніх патрэб. Калі дзе-небудзь паяўлялася работа беднаму чалавеку, за яе ваявалі дзесяць чалавек — ваявалі ў тым сэнсе, што збівалі плату за працу. Калі гэты намерыўся працаваць за трыццаць цэнтаў, дык я згодзен за дваццаць пяць.

Калі ён згодзен за дваццаць пяць, я пайду за дваццаць.

Не, вазьміце мяне, я галадаю. Я буду працаваць за пятнаццаць. Буду працаваць за харч. У мяне малыя дзеці. Вы паглядзелі б на іх! Цела ў іх пачало пакрывацца болькамі, яны не могуць бегаць. А дасі ім якога ападу, у іх успушваюцца жываты. Мяне бярыце, мяне. Я буду працаваць хоць за кавалак мяса.

І шмат каму гэта было на руку, бо аплата працы падала, а цэны заставаліся ранейшыя. Буйныя ўласнікі радаваліся і рассылалі яшчэ больш лісткоў, завабліваючы яшчэ больш людзей. І плата падае, а цэны ранейшыя. І ўжо недалёка той час, калі да нас вернецца рабства.

Неўзабаве буйныя ўласнікі і кампаніі вынайшлі новы спосаб. Буйны ўласнік набываў кансервавы завод. Калі выспявалі персікі і грушы, ён збіваў цану на фрукты ніжэй сабекошту. І, будучы гаспадаром кансервавага завода, браў сам у сябе фрукты па нізкай цане, а цану на кансервы ўзнімаў і на гэтым нажываўся. А дробныя фермеры, у якіх не было кансервавых заводаў, трацілі свае грошы, і фермы іх пераходзілі да буйных уласнікаў і да банкаў і кампаній, што таксама мелі кансервавыя заводы. З цягам часу дробных фермаў рабілася ўсё менш і менш. Дробныя фермеры перабіраліся ў гарады і хутка вычэрпвалі свае крэдыты і цярпенне сяброў сваіх і сваякоў. І тады яны таксама выязджалі на шашу. І ўсе дарогі былі забітыя людзьмі, што прагнулі працы і гатовыя былі пайсці дзеля яе нават на забойства.

А кампаніі і банкі рыхтавалі сабе пагібель, толькі не ведалі гэтага. На палях абапал дарог вырас добры ўраджай, а па дарогах ехалі галодныя людзі. Клеці былі поўныя, а дзеці беднякоў раслі рахітыкамі, і на целе ў іх высыпалі пелагрычныя прышчы. Буйныя кампаніі не ведалі, што мяжа між голадам і гневам вельмі тонкая. І грошы, якія маглі б пайсці на аплату працы, ішлі на газы, зброю для іх агентаў і шпегаў, на чорныя спісы, на муштру. Людзі, як мурашкі, распаўзаліся па дарогах у пошуках працы, хлеба. І гнеў пачаў брадзіць у душах людзей.

Загрузка...