Раздзел восьмы

Неба між зорак зрабілася шэрым, ушчэрбны месяц здаваўся бязважкім і празрыстым. Том Джоўд і прапаведнік шпарка крочылі па дарозе, праўдзівей — па каляінах, пракладзеных праз баваўнянае поле коламі і гусеніцамі трактароў. Толькі няўстойлівы стан неба выдаваў набліжэнне досвітку — на захадзе яно злівалася з зямлёй, на ўсходзе яго аддзяляла ад зямлі ледзь прыкметная лінія. Абодва ішлі моўчкі, уцягваючы праз ноздры пыл, які ўзнімалі ў паветры іх чаравікі.

— Спадзяюся, ты добра ведаеш дарогу? — сказаў Джым Кейсі. — А то развіднее, і акажацца, што мы забрылі к чорту на балота.

Баваўнянае поле ажывала разам з жыццём, якое паступова абуджалася, — раннія птушкі перапырхвалі з месца на месца ў пошуках корму, патрывожаныя трусы паспешліва ўцякалі па камякаватай зямлі. Прыглушаныя пылам гукі крокаў і пахрустванне сухіх камякоў пад нагамі падарожнікаў зліваліся з таемнымі шолахамі блізкага ўжо світання.

Том сказаў:

— Я з заплюшчанымі вачамі дайду куды трэба. Уся штука ў тым, каб не думаць пра дарогу. Проста забыцца, што яна існуе, і тады я дайду цюцельку ў цюцельку. Я ж тут як-ніяк нарадзіўся. Малым бегаў па гэтых мясцінах. Тут павінна быць дрэва — ага, вунь яно, бачыш? Ужо разглядзець можна. Бацька на ім мёртвага каёта некалі павесіў. Доўга вісеў, поўсць як расплавілася, а потым адпала. Зусім высах. Эх, можа, мама там ужо снеданне гатуе! У жываце бурчыць.

— У мяне таксама, — сказаў Кейсі. — Хочаш табакі пажаваць? Голад не так чуваць. Дарэмна мы пусціліся ў дарогу ў такую рань. Пры святле лепш ісці. —Ён змоўк і адгрыз кавалак жавальнага тытуню. — Так добра спалася.

— Гэты вар'ят М'юлі мяне падняў, — сказаў Том. — Я з перапуду як ускочу! Пабудзіў і кажа: «Бывай, Том, мне пара. Трэба сюды-туды наведацца. А вы, кажа, таксама збірайцеся, каб, як разднее, вас ужо тут не было». Баязлівы зрабіўся, як суслік, ад такога жыцця. Нібыта за ім індзейцы гоняцца. Па-твойму, ён крануўся з розуму?

— А хто яго ведае. Ты ж бачыў, як учора машына прыкаціла на наш агеньчык. Развернуты дом бачыў? Тут нядобрыя справы творацца. Не без таго — М'юлі трохі крануўся. Шнырыць, крадучыся, па наваколлі, як каёт, — мімаволі чокнешся. Яшчэ заб'е каго і дачакаецца, што яго сабакамі зацкуюць. Можаш лічыць гэта прароцтвам. Чым далей, тым ён усё горшы робіцца. Кажаш, адмовіўся з намі ісці?

— Наадрэз, — адказаў Джоўд. — Па-мойму, ён людзей стаў баяцца. Яшчэ дзіва, што ён да нас падышоў. Да світання будзем у дзядзькі Джона. — Колькі часу яны ішлі моўчкі, і запозненыя совы праляталі ў іх над галавой, спяшаліся да свірнаў, да дуплаў, да сваіх гнёздаў на цыстэрнах для вады, каб паспець схавацца ад дзённага святла. Неба на ўсходзе пасвятлела, і ўжо можна было разглядзець кусты бавоўніку абапал дарогі і яшчэ шэрую зямлю пад нагамі. — Проста розуму не дабяру, як яны там у дзядзькі Джона ўсе размясціліся, дзе спяць. У яго ўсяго адзін пакой з летняй кухняй і хляўчук. Цяпер там, пэўна, і не павернешся.

Прапаведнік сказаў:

— Я не памятаю, ці была ў Джона сям'я. Па-мойму, ён жыў адзін. Я мала што помню пра яго.

— Самы адзінокі чалавек на свеце, — сказаў Джоўд. — Вар'ят неймаверны — накшталт М'юлі, толькі, бадай што, яшчэ ў сім-тым горшы. Дзе толькі ты яго не ўбачыш — то ён у Шоўні аб'явіцца п'яны, то да адной удавы завітае за дваццаць міль ад дому, а то раптам пачне капацца ў сябе на ўчастку ноччу з ліхтаром. Зусім ачмурэў. Ніхто не думаў, што ён так доўга пражыве. У такіх адзінокіх людзей век кароткі. Дзядзька Джон старэйшы за майго бацьку. Год ад году толькі больш жылісты робіцца і наравісты. Ён круцейшы норавам, чым нават дзед.

— Глядзі, віднее ўжо, — сказаў прапаведнік. — Як срэбра. А што, у Джона ніколі жонкі не было?

— Была. І вось слухай, да чаго давяла яго ўпартасць. Бацька расказваў. Узяў дзядзька сабе маладую жонку. Пражыў з ёю месяцы чатыры. Яна зацяжарала. Неяк ноччу ёй зрабілася дрэнна, нешта ўсярэдзіне забалела, і просіць яна Джона: «Прывядзі доктара», а ён сядзіць сабе і не шманае. «У цябе, кажа, проста расстройства жывата. Аб'елася. Выпі чаго-небудзь болесуцішальнага. Набіла жывот, вось і баліць». Раніцай пачала трызніць і сканала да чатырох дня.

— Што з ёю было? — папытаўся Кейсі. — З'ела што-небудзь?

— Не, у яе лопнула нешта ўнутры. Нейкі ап… апендзік. Ну, дзядзька Джон наогул душой добры і цяжка перажываў. Не мог дараваць сабе. Доўга ні з кім ні слова не прамовіў. Ходзіць, як сляпы, і ўсё малітвы пад нос сабе мармыча. Толькі праз два гады ачомаўся, але з тае пары зусім перамяніўся. Як ашалеў. Спакою ад яго не было. Ледзь толькі ў каго з малых глісты завядуцца ці там рэзь у жываце, ён зараз жа доктара цягне. Нарэшце бацька сказаў яму канчаць. У дзяцей, маўляў, жываты заўсёды баляць. Джон лічыў, што жонка па яго віне памерла. Дзівак. Увесь час выкупляў сваю віну — то малым падарункі нясе, то каму-небудзь на ганак мукі мех падкіне. Амаль усё нажытае раздаў, а на душы лягчэй у яго не стала. Бывала, начамі ўсё ходзіць і ходзіць адзін. А гаспадар ён добры. Зямлю спраўна даглядае.

— Няшчасны чалавек, — сказаў прапаведнік. — Няшчасны і адзінокі. А ў царкву ён часта пасля смерці жонкі хадзіў?

— Не, не хадзіў. Ён людзей цураўся. Шукаў адзіноты. А малыя проста ў захапленні ад яго былі. Бывала, ціхенька прыйдзе да нас ноччу, і мы раніцай адразу здагадваліся, што ён прыходзіў, бо кожнаму ўсуне ў ложак пачак жавальнай гумкі — прачнемся, а гумка збоку ляжыць на пасцелі. Мы яго за госпада бога лічылі.

Прапаведнік ішоў, апусціўшы галаву. Ён нічога не адказаў. У першых ранішніх промнях лоб яго нібы ззяў, а рукі, якімі ён размахваў пры хадзе, то высвечвала святло, то паглынаў паўзмрок.

Том таксама маўчаў, быццам засаромеўся сваёй залішняй шчырасці. Ён прыспешыў крок, і прапаведнік падладзіўся пад яго хаду. Цяпер у шэрым сутонні яны маглі бачыць крыху далей перад сабой. З радоў бавоўніку, паволі выгінаючыся, выпаўзла на дарогу змяя. Том адразу спыніўся і пачаў прыглядацца да яе.

— Такія на суслікаў палююць, — сказаў ён. — Няхай сабе паўзе.

Яны абышлі змяю і пакрочылі далей. Неба на ўсходзе злёгку паружавела, і амаль адразу над зямлёй разаслалася панылае святло золку. Сям-там зазелянеліся кусты бавоўніку, зямля набыла буры колер. З твараў людзей сышло шараватае адценне. Пры святле твар Джоўда здаўся цямнейшым.

— Цудоўная пара! — сказаў Том Джоўд ціха. — Хлапчуком я, бывала, падымаўся на золку і паходжваў адзін. Што гэта там наперадзе?

На дарозе ў гонар сучкі сабралася сабачая хеўра. Пяць сабак — нечыстакроўныя аўчаркі, шатландскія колі і іншыя сабакі, чыю пароду нельга вызначыць з прычыны свабоды нораваў у сабачым племені, — былі занятыя заляцаннем да сучкі. Кожны далікатна абнюхваў яе, потым цырымонна адыходзіў да куста здзеравянелай хадою, урачыста падымаў заднюю нагу, паліваў яго і вяртаўся назад. Падарожнікі спыніліся панаглядаць, і Джоўд раптам весела засмяяўся.

— О божа! Вось дык відовішча!

Сабакі сышліся ў кучку, поўсць у іх на хібах натапырылася, яны пачалі гыркаць, не кранаючыся з месца, чакаючы, хто першы пачне грызню. Раптам адзін сабака асядлаў сучку, і астатнія адступілі перад неабвержным фактам і сталі з цікавасцю назіраць, высунуўшы языкі, з якіх капала сліна.

— Вось дык відовішча, — паўтарыў Джоўд. — Гэта ж, здаецца, наш Стракаты. А я думаў, ён даўно ўжо здох. Стракаты, да мяне! — Джоўд зноў засмяяўся. — Чорт! Калі б мяне паклікалі ў такі момант, я таксама не пачуў бы. Прыгадаўся мне выпадак з Уілі Філі — быў ён тады яшчэ хлапчуком. А сарамлівы быў! Страшэнна сарамлівы. Дык аднаго дня загадалі яму завесці цялушку да Грэйузавага быка. Дома ў іх нікога не было, акрамя Элсі, дачкі Грэйуза, а Элсі сарамлівасцю пахваліцца не магла. Уілі стаіць перад ёю, а сам рота раскрыць не можа. Элсі кажа: «Я ведаю, чаго ты прыйшоў. Бык у хляве, на заднім двары». Ну, завялі яны туды цялушку, самі на паркан палезлі і цікуюць. Неўзабаве Ўілі пачаў ёрзаць на паркане. Элсі зірнула на яго і пытаецца, быццам ёй няўцям: «Што гэта з табой, Уілі?» А таго так разабрала, ледзь на паркане трымаецца. «Эх, кажа, вось бы мне гэтак!» А Элсі яму: «Ну дык чаго ты? Цялушка ж твая».

Прапаведнік ціха засмяяўся.

— Паверыш, — сказаў ён, — я вельмі рады, што больш ужо не прапаведнік: ніхто пры мне падобных гісторый не расказваў, а калі, здаралася, хто-небудзь і расказваў, дык я пасмяяцца не мог. І нават вылаяцца не мог. А цяпер магу аблаяць усё, што хачу і калі хачу, і ад сэрца ў мяне неяк адлягае.

Небакрай на ўсходзе азарыўся чырванню, на зямлі заскакалі і гучна зацвыркалі птушкі.

— Глянь, — сказаў Джоўд. — Вунь, наперадзе. Дзядзькава цыстэрна. Ветрака не відаць, а цыстэрна вунь стаіць. Бачыш на фоне неба? — Ён пайшоў шпарчэй. — Толькі б дома былі ўсе.

З-за ўзгорка выступілі абрысы вадзяной цыстэрны. Ад паспешлівых крокаў Джоўда клубы пылу ўзнімаліся яму да самых калень.

— Хоць бы мама…

Завіднеліся ўжо распоркі цыстэрны, дом — маленькі, падобны да скрыні, нейкі голы, нефарбаваны, і свіран — нізенькі, пахілы. З бляшанага коміна ішоў дым. Двор быў увесь беспарадкава застаўлены: зваленая ў кучу мэбля, крылы і механізм ветрака, ложкі, сталы, крэслы…

— Э! Яны ладзяцца ехаць! — выгукнуў Джоўд.

На двары стаяў грузавік з высокімі бартамі — нейкі дзіўны з выгляду грузавік: пярэдняя частка ў яго была, як у лімузіна, а ззаду верх быў зняты, і кузаў прыстасаваны для перавозкі грузаў. Падышоўшы бліжэй, падарожнікі пачулі стук, і, калі над гарызонтам выплыў асляпляльны абадок сонца і яго промні ўпалі на машыну, яны ўбачылі чалавека, у руках у якога, узлятаючы ўгору і апускаючыся, пабліскваў малаток. Сонца ярка гарэла на шыбінах вокнаў. Пацямнелыя ад часу сцены дома зрабіліся светлыя. Дзве рыжыя курыцы быццам запалалі пад адлюстраваным святлом.

— Не гавары моцна, — сказаў Джоўд. — Непрыкметна падкрадзёмся, — і так пашыбаваў, што клубы пылу падымаліся цяпер яму да пояса.

Яны апынуліся на краі баваўнянага поля. Увайшлі ў двор. Зямля тут была цвёрдая, утаптаная, як ток, і толькі дзе-нідзе на ёй прабівалася трава. Джоўд пайшоў цішэй, нібы баючыся чаго. Гледзячы на яго, і прапаведнік збавіў крок. Потым Том паволі пасунуўся наперад і нерашуча збочыў да машыны — шасціцыліндравага легкавога «гудзона», верх якога быў рассечаны на дзве паловы простым, відаць, зубілам. Стары Том Джоўд стаяў у кузаве і прыбіваў верхнія планкі бартоў. Твар яго з пасівелай шчэццю нізка схіліўся над дошкай, з рота тырчаў пучок цвікоў. Ён прыставіў цвік і з грукатам увагнаў яго малатком у дрэва. У доме бразнула канфорка пліты, пачуўся дзіцячы плач. Джоўд падышоў да машыны і прыхіліўся да борта. Бацька глянуў на яго невідушчымі вачыма. Тады паставіў другі цвік і ўбіў у дошку. Галубы чародкай узляцелі з цыстэрны, зрабілі вакол яе круг, вярнуліся на месца і, важна ступаючы, падышлі да самага краю, глянулі ўніз — белыя галубы, блакітнаватыя, шэрыя, з вясёлкавым адлівам на крылах.

Джоўд абхапіў пальцамі ніжнюю планку борта. Глянуў на пастарэлага, з сівізною, чалавека, што стаяў на грузавіку. Лізнуў губы і ціха прамовіў:

— Тата…

— Ну чаго там? — буркнуў стары Том, не вымаючы цвікоў з рота. На ім былі заплямлены капялюш з чорнага фетру з шырокімі абвіслымі палямі і сіняя кашуля пад камізэлькай без гузікаў; штаны падпярэзваў шырокі рэмень з вялікай меднай спражкай — і скура, і метал блішчэлі ад заўсёднай носкі; чаравікі былі патрэсканыя, падэшвы растаптаныя і загнутыя ўгору — шмат гадоў пахадзілі ў спёку, у слоту, па пыле. Пад рукавамі кашулі, якая шчыльна абцягвала яго плечы, напяліся мускулы. Жывот і сцёгны яго былі худыя, а ногі — кароткія, масіўныя і моцныя. Абрамлены шчаціннем твар звужаўся да вытырклага валявога падбародка, калючая шэрсць на якім яшчэ не паспела зусім пасівець, што надавала яму большую цвёрдасць і рашучасць. Скулы ў старога Тома былі цёмныя, як пяньковае валакно, скура разбягалася ад куточкаў вачэй праменьчыкамі маршчынак, бо ён жмурыў вочы, цёмна-карыя, як карычневая кававая гушча; прыглядаючыся да чаго-небудзь, ён выцягваў шыю, бо гэтыя некалі зоркія вочы пачыналі ўжо здаваць. Губы, што сціскалі доўгія цвікі, былі тонкія і чырвоныя.

Ён занёс руку з малатком, збіраючыся ўвагнаць у дрэва яшчэ адзін цвік, і глянуў цераз борт грузавіка на Тома, глянуў зласліва, нездаволена, што яму перашкаджаюць працаваць. І раптам падбародак яго выпнуўся яшчэ больш, вочы ўтаропіліся на твар Тома, і мала-памалу мозг старога Тома Джоўда ўсвядоміў тое, што ўспрынялі яго вочы. Рука з малатком паволі апусцілася, другая выняла з рота цвікі, і ён здзіўлена прамовіў, нібы паведамляючы сабе жыццёвы факт:

— Гэта Томі… — І зноў паведаміў сам сабе: — Наш Томі вярнуўся дамоў. — Рот яго зноў раскрыўся, у вачах мільгануў спалох. — Томі, — ледзь не шэптам сказаў ён, — уцёк? Ты хаваешся? — Ён напружана чакаў адказу.

— Не, — адказаў Том. — Я даў падпіску. Мяне выпусцілі. Дакументы пры мне. — Ён схапіўся за ніжнія планкі борта.

Стары Том акуратна паклаў малаток на дно кузава і ўсунуў цвікі ў кішэню. Перакінуў нагу цераз борт і спрытна саскочыў з машыны, але, апынуўшыся побач з сынам, нерашуча замяўся.

— Томі, — сказаў ён, — мы едзем у Каліфорнію. Збіраліся напісаць табе пісьмо. — І дадаў, быццам не верачы вачам сваім: — Але ты вярнуўся. Можаш ехаць з намі. Паедзеш з намі! — У доме бразнулі накрыўкай кафейніка. Стары Том азірнуўся цераз плячо. — Зробім ім сюрпрыз, — сказаў ён, і вочы яго заблішчалі ад захаплення. — Маці ўсё мучыцца прадчуваннем, што больш цябе не ўбачыць. Вочы ў яе сталі сумныя, быццам у доме нябожчык. І ў Каліфорнію не вельмі хоча ехаць, бо тады, кажа, я ўжо яго ніколі больш не ўбачу. — На кухні зноў грукнулі нейкай накрыўкай. — Зробім ім сюрпрыз, — паўтарыў стары Том. — Увойдзем так, быццам ты ніколі з дому не адлучаўся. Паглядзім, што маці скажа. — Нарэшце ён дакрануўся да Тома, але толькі да яго пляча, баязліва, і зараз жа адхапіў руку. Ён зірнуў на Джыма Кейсі.

— Та, ты памятаеш нашага прапаведніка? — запытаўся Том. — Ён са мной прыйшоў.

— Ён таксама з турмы?

— Не, мы з ім у дарозе стрэліся. Ён даўно ўжо тут не быў.

Бацька паважна падаў прапаведніку руку.

— З добрым прыбыццём, сэр.

Кейсі сказаў:

— Я рады, што прыйшоў да вас. Як цудоўна, калі сын вяртаецца дадому. Цудоўнае відовішча!

— Дадому… — ціха прамовіў бацька.

— Да сваіх родных, — паспешліва паправіўся Кейсі. — Мы пераначавалі на старым месцы.

Бацька выпнуў падбародак і якую хвіліну пазіраў на дарогу. Потым павярнуўся да сына.

— Ну дык як мы гэта зробім? — усхвалявана загаварыў ён. — Можа, я зайду і скажу: «Вось тут прыйшлі двое, хацелі б паснедаць у нас». А што, калі ты зойдзеш адзін і будзеш стаяць, пакуль яна цябе не ўбачыць? Можа, так і зробім? — Твар яго радасна ззяў.

— Гэтак можна і напужаць, — сказаў Том. — Пужаць яе не трэба.

Дзве даўганогія аўчаркі з лагодным выглядам прыбеглі ў двор, але, ледзь толькі пачулі чужы пах, яны прадбачліва адступілі, насцярожыліся і паволі, у нерашучым чаканні, памахвалі хвастамі, напружыўшы зрок і нюх, гатовыя да любых варожых выпадаў незнаёмцаў, да небяспекі. Адна аўчарка, выцягнуўшы шыю, асцярожна пасунулася да Тома, падкралася да яго ног і шумна абнюхала іх. Потым адышла ўбок і, пазіраючы на старога Тома, стала чакаць яго знаку. Другі сабака, яшчэ шчанюк, не меў такой смеласці. Ён агледзеўся навокал, шукаючы, на што пераключыць сваю ўвагу без шкоды сваёй годнасці, убачыў рыжае кураня, якое тэпала міма, і наляцеў на яго. Пачулася пранізлівае кудахтанне разгневанай квактухі, у паветра паляцела рыжае пер'е, і курыца кінулася наўцёкі, лопаючы куртатымі крыламі. Шчанюк з гордасцю паглядзеў на людзей і разлёгся ў пыле, задаволена паляпваючы хвастом па зямлі.

— Дык пайшлі, — сказаў бацька. — Пайшлі, чаго чакаць. Хай яна ўбачыць цябе. А я пагляджу, які ў яе зробіцца твар. Гайда. Праз якую хвіліну яна пакліча ўсіх снедаць. Я даўно ўжо чуў, як яна пляснула саланіну на патэльню.

Ён пайшоў да дома па мяккім пыле. Ганка не было — адна прыступка, і адразу дзверы; каля іх стаяла калода, пасечаная і рыхлая — многа гадоў праслужыла. Драўляная абшыўка сцен крышылася, праедзеная пылам. У паветры патыхала паленым вярбовым голлем, а падышоўшы да самых дзвярэй, трое мужчын пачулі пах смажанага мяса, жытніх праснакоў і востры пах кавы, што клекатала ў кафейніку. Стары Том стаяў на парозе, загарадзіўшы сваім каржакаватым целам уваход.

— Ма, — сказаў ён, — тут двое падарожнікаў пытаюцца, ці не знойдзецца ў цябе чаго перакусіць.

Том пачуў матчын голас, памятны яму, — спакойны, стрыманы, працяжны, які гучаў прыязна і ціхмяна:

— Няхай зойдуць. Ежы хопіць. Скажы, каб рукі памылі. Хлеб гатовы. Зараз я мяса зніму. — І на пліце пачулася сярдзітае сквірчэнне сала.

Бацька ступіў з парога на кухню, Том зазірнуў туды і ўбачыў маці. Яна знімала з патэльні выгінастыя скваркі. Духоўка была адкрытая, і там відаць была шырокая патэльня з ужо гатовымі жытнімі праснакамі. Маці глянула праз дзверы на двор, але сонца свяціла Тому ў спіну, і маці ўбачыла толькі цёмны сілуэт, выразна акрэслены на яркім сонечным святле. Гаспадыня гасцінна кіўнула галавой і сказала:

— Заходзьце. Добра, што я сёння спякла многа хлеба.

Том стаяў, зазіраючы ў кухню. Маці была грузная, але не тлустая — проста пацяжэла ад родаў і працы. На ёй была свабодная сукенка — некалі ў рознакаляровыя кветачкі на шэрым полі, але цяпер кветачкі злінялі, і ад іх засталіся толькі светлыя плямкі. Сукенка спадала ёй да шчыкалатак, і яе моцныя, шырокія голыя ступні лёгка і жвава ступалі па падлозе. Рэдкія сівыя валасы з блакітнаватым адлівам былі сабраныя на патыліцы ў кволы жмуток. Моцныя, спярэшчаныя рабаціннем рукі былі адкрытыя да локцяў, кісці — поўныя і далікатныя, як у пухлявенькай дзяўчынкі. Яна глядзела на заліты сонцам двор, і на яе шырокім твары адбівалася не ласкавасць, а спакойная добразычлівасць. Цёмныя карыя вочы быццам зведалі ўсе чалавечыя бядоты і трагедыі, і, адолеўшы боль і пакуты, яна паднялася па іх, як па прыступках, да найвышэйшага спакою і разумення. Яна ўсведамляла, прызнавала і з радасцю прымала сваё становішча ў сям'і: яна была яе апорай, цвярдыняй, якой ніхто не мог авалодаць. І паколькі стары Том і дзеці не пранікаліся болем і страхам, пакуль боль і страх не апаноўвалі яе саму, яна не давала пачуццям гэтым авалодаць яе сэрцам. А калі здаралася што-небудзь радаснае, яны чакалі яе радасці, бо ў яе ўвайшло ў звычку выклікаць вясёлы смех, нават калі асаблівых прычын для весялосці не было. Але стрыманасць лепш за весялосць. Вытрымка — рэч больш надзейная. І высокае і сціплае становішча маці ў сям'і надало ёй годнасць і чыстую, ціхмяную душэўную прыгажосць. Яе роля сямейнай лекаркі надала яе рукам упэўненасць, цвёрдасць і размеранасць; яе роля сямейнага трацейскага суддзі зрабіла яе бесстаронняй і бездакорнай у сваіх прысудах, як багіня. Яна, відаць, ведала: калі яна пахіснецца, сямейныя ўстоі таксама пахіснуцца, а калі яна завагаецца або ўпадзе ў роспач, сям'я разваліцца, страціць волю да жыцця.

Яна глядзела на заліты сонечным святлом двор, на цёмны сілуэт мужчыны. Бацька стаяў побач і ўвесь калаціўся ад нецярплівасці.

— Заходзьце ж! — крыкнуў ён. — Чаго стаіце, заходзьце, містэр.

Том збянтэжана пераступіў парог.

Маці ветліва паглядзела на яго, падняўшы галаву ад патэльні, над якой яна зноў схілілася. І тут рука яе паволі апусцілася, відэлец грукнуўся на дашчаную падлогу. Вочы яе шырока расплюшчыліся, зрэнкі расшырыліся. Яна цяжка задыхала, раскрыўшы рот. Потым заплюшчыла вочы.

— Дзякуй богу, — прамовіла яна. — Ой, дзякуй богу! — Вочы яе раптам затуманіліся трывогай. — Томі, цябе не шукаюць? Ты не ўцёк?

— Не, ма. Я даў падпіску. Тут у мяне дакументы, — ён дакрануўся да грудзей.

Яна падышла да яго, лёгка і бясшумна ступаючы босымі нагамі, і на твары ў яе адбілася здзіўленне. Маленькая далонь кранулася яго рукі вышэй локця, адчула яго мускулы. Потым маці, як сляпая, прыклала пальцы да яго шчакі. Радасць яе межавала са смуткам. Том моцна прыкусіў ніжнюю губу. Яе здзіўленыя вочы глянулі на заціснутую між зубоў губу, убачылі нітачку крыві, што праступіла скрозь зубы і тоненькім струменьчыкам пабегла па падбародку. Яна зразумела ўсё, самавалоданне зноў вярнулася да яе, і яна адняла руку ад яго твару. Дыханне гучна вырвалася з яе грудзей.

— Ну вось! — усклікнула яна. — А мы ледзь без цябе не паехалі. Усё галаву ламалі, як ты нас знойдзеш. — Яна падняла з падлогі відэлец, памяшала гарачае сала, падхапіла з патэльні падгарэлую скварку. Потым адставіла на край пліты кафейнік з успененай кавай.

Стары Том рагатнуў:

— Абдурылі мы цябе, ма, га? Так і задумалі. Спецыяльна. А яна стаіць, як авечка, якую абухом агрэлі. Шкада, дзеда тут не было. Цябе быццам хто па лбе кувалдай гакнуў. Дзед надарваў бы жывот са смеху, зноў бядро сабе вывіхнуў бы, як тады, калі Эл пальнуў у той вялізны армейскі самалёт. Тут, ведаеш, Том, аднаго разу пралятаў такі вялікі — з паўмілі, можа, даўжынёй, дык Эл як схопіць сваю трыццаціміліметроўку ды як смальне! Дзед крычыць: «Не страляй на галапупках, Эл, пачакай, пакуль дарослыя птушкі прыляцяць!» — і так з рогату выкручваўся, што бядро сабе вывіхнуў.

Маці ціхенька хіхікнула і зняла з паліцы горку алавяных талерак.

Том запытаўся:

— А дзе ён, дзед? Я гэтага старога чорта яшчэ не бачыў.

Маці паставіла талеркі на кухонны стол і каля кожнай — кубак. Сказала, панізіўшы голас:

— Яны з бабкай у свірне спяць — ім часта даводзіцца падымацца па начах, на дзяцей натыкаюцца.

Умяшаўся бацька:

— Ага. Дзед кожную ноч як шалеў. Спатыкнецца аб Уінфілда, той — у крык, а дзед з перапуду ў споднікі напусціць і ад злосці закіпіць, а там, глядзіш, такі гвалт у доме ўзнімецца, што хоць вушы затыкай. — Ён гаварыў пасмейваючыся. — О, тут у нас вясёленька бывала. Адной ноччу раскрычаліся ўсе, завяліся, і брацік твой Эл, цяпер ён у нас красамоўны стаў, кажа: «Чаму ты, каб цябе чорт, у піраты не падаўся?» Ну, стары зусім азвярэў і па стрэльбу пабег. І давялося Элу спаць той ноччу ў полі. А цяпер дзед з бабкай у свірне начуюць.

Маці сказала:

— Цяпер яны па патрэбе ўстаюць і на двор ідуць. Тата, скажы ім, што Томі вярнуўся. Дзеда наш Том заўсёды любіў.

— Зараз, — сказаў бацька. — Зусім з галавы выпусціў. — Ён выйшаў з кухні і, энергічна размахваючы рукамі, пайшоў цераз двор.

Том глядзеў яму ўслед і раптам пачуў голас маці.

— Томі, — прамовіла яна нерашуча і бянтэжліва.

— Што? — Яе збянтэжанасць толькі ўзмацніла збянтэжанасць яго самога, прывяла ў нейкае незразумелае замяшанне. Кожны з іх здагадваўся пра душэўны стан другога, і іх гэта яшчэ больш бянтэжыла.

— Томі, я хачу ў цябе запытацца… ты не азлобіўся?

— Азлобіўся?

— Злосць не заслала табе вочы? Ты ні да кога не пранікся нянавісцю? Турма не давяла цябе да таго, што ты зусім страціў розум?

Том паглядзеў на яе скоса, дапытліва, і вочы яго быццам пыталіся, адкуль яна ўсё гэта ведае.

— Н-не, — адказаў ён. — Можа, толькі спачатку. Я не такі горды, як іншыя. З мяне як з гусі вада. А чаму ты пытаешся, ма?

Цяпер ужо яна глядзела на яго, крыху раскрыла рот, быццам так было лепш чуваць, і ўпілася ў яго вачамі, каб лепш разабрацца ў ім. Яна шукала таго адказу, які словы часта ўтойваюць. І нясмела загаварыла:

— Тут у нас быў Красунчык Бой Флойд. Я маці яго ведала. Добрыя былі людзі. Бой быў страшэнны свавольнік, не без таго, ну, як кожны здаровы хлопчык. — Яна памаўчала, потым словы яе паліліся патокам: — Пра ўсіх іх мне невядома, але пра яго я ведаю ўсё. Ён нешта там натварыў, і яго моцна пабілі — злавілі і збілі, і ён азлобіўся і зноў нешта такое ўчыніў, ужо са зла, дык яго зноў пабілі. Да таго давялі, што ён зусім ашалеў. У яго стралялі, як у драпежнага звера, а ён адстрэльваўся. Цкавалі сабакамі, як каёта, а ён скаліў зубы і агрызаўся, як воўк. Зусім розум страціў. І не хлопец, і не мужчына — не чалавек, а жывёліна нейкая. Але хто яго ведаў, той не крыўдзіў. На такіх у яго злосці не было. Нарэшце яго зацкавалі сабакамі і забілі. У газетах бог ведае што пра яго пісалі, а на справе вось як было. — Яна змоўкла, аблізнула перасохлыя губы. На ўсім яе твары было напісана, што яе мучыць. — Я хачу ведаць, Томі. Цябе жорстка білі? Ты таксама сам не свой ад злосці?

Поўныя губы Тома былі шчыльна сцятыя. Ён зірнуў на свае шырокія гладкія далоні.

— Не, — адказаў ён. — Я не з такіх. — Ён памаўчаў, разглядаючы свае абламаныя пазногці, шурпатыя, як ракавінкі. — У турме я стараўся ні ў што не ўблытвацца. У мяне такой злосці няма.

Яна ўздыхнула і амаль шэптам прамовіла:

— Дзякуй богу.

Ён ускінуў на яе вочы.

— Калі я ўбачыў, ма, што зрабілі з нашым домам…

Маці падышла да яго зусім блізка і з хваляваннем сказала:

— У адзіночку нельга біцца, Томі. Цябе зацкуюць, як каёта. Вось, Томі, я ўсё думала, меркавала, гадала. Такіх, кажуць, сагнаных з месца сотні тысяч. Калі б мы ўсе, як адзін, узгневаліся, Томі… нас не зацкавалі б… — Яна змоўкла.

Том паволі апусціў павекі, і цяпер яго вочы толькі ледзь паблісквалі між веек.

— І шмат хто так думае? — запытаўся ён.

— Не ведаю. Людзі ўсе цяпер як ашаломленыя. Ходзяць нібы ў сне.

З дальняга канца двара данёсся скрыпучы старэчы голас:

— Хвала богу, наша ўзяло! Наша ўзяло!

Том зірнуў у той бок і ашчэрыўся ўсмешкай:

— Вось і бабка ўжо ведае, што я дома. А цябе, ма, раней я такой ніколі не бачыў.

Матчын твар пасуравеў, вочы зрабіліся халодныя.

— Раней мне ніколі не даводзілася бачыць, як дом мой рушаць. Раней мне ніколі не даводзілася бачыць, як сям'ю маю выганяюць на дарогу. Ніколі не даводзілася распрадаваць… усё… Вось, ідуць ужо. — Яна вярнулася да пліты і вываліла з патэльні на дзве алавяныя талеркі пышныя праснакі. Падбіла мукой густое сала для падліўкі, і рука яе пабялела ад мукі. Хвіліну Том глядзеў на яе, тады падышоў да дзвярэй.

Праз двор ішлі чацвёра. Наперадзе ішоў дзед. Хударлявы, жвавы, неахайна апрануты стары паспешліва чыкільгаў, прыпадаючы на правую вывіхнутую нагу. На хаду ён зашпільваў штаны, і яго старэчыя пальцы ніяк не маглі разабрацца ў гузіках, бо ён усунуў верхні гузік у другую пятлю і гэтым парушыў увесь парадак. Штаны былі пашарпаныя, падраная сіняя кашуля расхрыстаная, доўгая шэрая ніжняя сарочка таксама была расшпіленая. З-пад яе вызіралі кашчавыя белыя грудзі, зарослыя сівой шэрсцю. Дзед страціў надзею зашпіліць прарэх, пакінуў яго незашпіленым і нялоўка заняўся гузікамі сарочкі, потым кінуў і гэта, не давёўшы справы да канца, і пачаў падцягваць карычневыя падцяжкі. Твар у яго быў худы, нервовы, з маленькімі жвавымі вочкамі, хітраватымі, як у свавольнага хлапчука. Сварлівы, капрызны, гарэзлівы, смяшлівы твар. Дзед быў задзірака і спрачальнік, аматар салёных анекдотаў. Як быў у маладосці, так і застаўся стары грахаводнікам. Зласлівы, жорсткі і нецярплівы, як шкадлівае дзіця, і да таго ж весялун. Калі дарываўся да спіртнога, ён не ведаў меры, праз меру еў, калі было што, і безупыну малоў языком.

За дзедам кандыбала бабка; яна ўмудрылася дажыць да глыбокай старасці толькі таму, што была такая ж злосніца, як і яе стары. Яна ахоўвала сваю незалежнасць з лютасцю фанатычкі, не ўступаючы дзеду ў грахоўнасці і буйстве. Аднойчы, яшчэ не прыйшоўшы ў сябе пасля малення і галосячы ўрыўкі псалмаў, яна разрадзіла ў мужа абодва ствалы драбавіка і амаль ушчэнт разнесла яму адну ягадзіцу. Пасля гэтага стары прасякся такой павагай да жонкі, што больш ніколі ўжо не мучыў яе, як дзеці мучаюць казюлек. Яна ішла, падабраўшы да калень прасторную сукенку, і тонкім галаском, падобным на бляянне, выкрыквала свой баявы кліч: «Хвала богу, наша ўзяло!»

Дзед з бабкай кульгалі па шырокім двары навыперадкі. Яны вечна змагаліся адно з адным — ніхто не хацеў ні ў чым уступаць другому. Яны любілі гэтае змаганне, без яго не маглі існаваць.

За імі няспешнай хадой ішлі бацька і Ной, яго першынец — высокі, нейкі дзіўнаваты з выгляду, з неўразумелым выразам на твары, звычайна спакойным і задумлівым. Ной ніколі ні на кога не злаваў. Ён глядзеў на тых, хто злаваў, са здзіўленнем і пачуццём няёмкасці, як глядзіць здаровы чалавек на душэўнахворага. Рухі ў Ноя былі няспешныя, гаварыў ён рэдка, а калі гаварыў, дык так марудна, што людзі, якія яго ведалі, часам лічылі Ноя за дурня. Але Ной не быў дурны, толькі дзівакаваты. Ён мала думаў пра гордасць, не адчуваў цягі да жанчын. Праца і сон па чарзе змянялі адно другое надзіва пунктуальна, і гэта задавальняла яго. Ён любіў сваіх блізкіх, але ніколі не выказваў гэтай любові. Хоць старонняму цяжка было сказаць чаму, але Ной рабіў уражанне чалавека, у якім ёсць нешта ненармальнае — ці то ў форме галавы, ці то ў тулаве, ці ў нагах, а можа, нават і ў розуме; толькі прыдрацца да чаго-небудзь пэўнага было нельга. Бацька, той ведаў, чаму Ной быў не такі, як усе астатнія яго дзеці, але саромеўся расказваць. Бо той ноччу, калі яго першынец з'яўляўся на свет, бацька застаўся ў доме адзін з парадзіхай, з яго няшчаснай жонкай, якая заходзілася ад немага крыху, і ён ашалеў ад страху. Яго рукі, моцныя яго пальцы, як абцугі, выцягнулі, выкруцілі дзіця з чэрава маці і памялі яго. Павітуха, што крыху запазнілася, убачыла бясформенную галоўку нованароджанага, яго выцягнутую шыю, перакрыўленае цельца і ўправіла яму шыю і нібы нанава вылепіла сваімі рукамі яго цела. Бацька ўвесь час памятаў гэтае здарэнне, і яму было сорамна. З Ноем ён быў ласкавейшы, чым з іншымі дзецьмі. Па шырокім твары Ноя, па яго далекавата расстаўленых адно ад аднаго вачах, па доўгім вузкім падбародку бацька пазнаваў памятую, знявечаную галоўку дзіцяці. Ной рабіў усё, што ад яго патрабавалася, мог чытаць і пісаць, умеў працаваць і ацэньваць зробленае, але ўсё гэта ён, здавалася, рабіў без цікавасці; ён зусім абыякава ставіўся да ўсяго таго, чаго людзі дамагаліся, да чаго імкнуліся. Быццам жыў у нейкім дзіўным, маўклівым доме і спакойнымі вачамі паглядаў адтуль на свет. Ён быў чужы ў гэтым доме, але самоты не адчуваў.

Усе чацвёра ішлі праз двор, і дзед крычаў:

— Дзе ён? Дзе ён, чорт на вас? — Яго пальцы зноў пачалі перабіраць гузікі на штанах, потым у забыўлівасці палезлі ў кішэню. І тут у дзвярах ён убачыў Тома. Дзед раптам спыніўся і затрымаў астатніх. Вочкі яго злосна заблішчалі. — Вось, палюбуйцеся, — сказаў ён. — Арыштант! Джоўды чорт ведае колькі па турмах не сядзелі. — Яго розум пераскочыў на другую тэму: — Ніхто не меў права саджаць яго ў турму! Я на яго месцы тое самае зрабіў бы. Якое гэтыя сукіны дзеці мелі права? — І зноў пераскочыў на другое: — А гэты Тэрнбул, старая смярдзючка, яшчэ хваліўся: застрэлю яго, хай толькі з турмы выйдзе. Ува мне, кажа, цячэ кроў Хэтфарда. А я загадаў яму перадаць: «З Джоўдамі не звязвайся. У мяне, кажу, кроў, можа, самога Маккоя». І яшчэ кажу: «Ты толькі пакажыся дзе блізка ад Тома, і я смальну табе ў задніцу». Напужаў яго страх як.

А бабка тым часам вішчала, не слухаючы дзеда:

— Хвала богу, наша ўзяло!

Дзед падышоў да дзвярэй і паляпаў Тома па грудзях, вочы яго заблішчалі любоўю і гордасцю.

— Ну як ты, Томі?

— Парадак, — адказаў той. — А ты як маешся?

— На двор яшчэ сам хаджу. — І зноў яго розум скочыў убок. — Казаў я — Джоўда ў турме не ўтрымаеш! Яшчэ тады сказаў: «Том уцячэ, праб'ецца, як бык праз загарадку». Вось і ўцёк. Прапусці, я згаладаўся. — Ён праціснуўся ў дзверы, сеў за стол, наваліў сабе ў талерку свініны, паклаў наверх два вялікія праснакі, заліў густой падліўкай, і не паспелі астатнія ўвайсці ў кухню, рот у яго ўжо быў поўны.

Том замілавана ўсміхнуўся яму.

— Во стары чорт! — сказаў ён. А ў дзеда быў такі набіты рот, што ён і гуку вымавіць не мог, але яго маленькія лютыя вочкі ўсміхаліся, галава ярасна заківалася.

Бабка з гордасцю сказала:

— Другога такога грахаводніка і шэльмы на свеце не знойдзеш. У пекла проста на качарзе ўедзе, ну і дзякуй богу! — І з'едліва дадала: — Захацелася яму, бач, грузавіком кіраваць. Дык вось, не выйдзе!

Дзед папярхнуўся, вываліў сабе на калені недажаваны кавалак праснака і квола закашляўся.

Бабка зларадна ўсміхнулася Тому:

— Во неахайнік, га?

Ной стаяў на прыступцы перад Томам, але яго шырока расплюшчаныя вочы нібы глядзелі міма. Твар у яго быў абыякавы. Том сказаў:

— Ну, як ты, Ной?

— Добра, — адказаў Ной. — А ты як? — І ўсё. Але Тому і гэтага было досыць.

Маці сагнала з падліўкі мух і сказала:

— За сталом усім месца не хопіць. Бярыце талеркі і ўладкоўвайцеся дзе папала. Ці на дварэ, ці дзе.

І тут Том спахапіўся:

— Гэ! А дзе ж прапаведнік? Толькі што быў тут. Куды ён дзеўся?

Бацька сказаў:

— Я бачыў, ён некуды пайшоў.

Пачуўся вісклівы голас бабкі:

— Прапаведнік? З табой прапаведнік? Вядзі яго сюды. Памолімся перад ядой. — Яна паказала пальцам на дзеда: — А гэты ўжо паспяшаўся есці. Схадзі прывядзі прапаведніка.

Том апусціўся на прыступку.

— Гэй! Кейсі! Джым Кейсі! — гукнуў ён і пайшоў па двары. — А, Кейсі, вось ты дзе!

Прапаведнік вылез з-пад цыстэрны, сеў на зямлі, пасля падняўся і пайшоў да дома.

Том запытаўся:

— Ты што, хаваўся?

— Ды не. Толькі навошта чужому совацца ў сямейныя справы. Я проста ляжаў і думаў.

— Пайшлі паямо, — сказаў Том. — Бабка хоча, каб ты малітву сказаў.

— Дык я ж ужо больш не прапаведнік, — запратэставаў Кейсі.

— Кінь, пойдзем. Скажы ёй малітву. Табе нічога не станецца, а ёй гэта люба. — Яны ўвайшлі ў кухню разам.

Маці спакойна сказала:

— Сардэчна запрашаем.

І бацька сказаў:

— Сардэчна запрашаем. Паснедайце з намі.

— Спярша малітву, — рашуча прамовіла бабка.

Дзед ушрубаваў свае лютыя вочкі ў Кейсі і нарэшце пазнаў яго.

— А-а, той самы прапаведнік, — сказаў ён. — Ну, ён нічога сабе. Я ўпадабаў яго, яшчэ як толькі першы раз вока на яго кінуў… — Дзед пахабна падміргнуў яму, а бабцы пачулася нейкая непрыстойнасць, і яна прыкрыкнула на яго:

— Змоўкні, стары юрлівы казёл!

Кейсі нервова правёў пальцамі па валасах.

— Павінен сказаць вам, што я ўжо больш не прапаведнік. Мне прыемна быць у вас і хацелася б чым-небудзь аддзячыць добрым гасцінным людзям, і, калі гэтага дастаткова… што ж, я скажу малітву. Але я даўно ўжо не прапаведнік.

— Гаварыце, — сказала бабка. — І не забудзьцеся ўзгадаць пра тое, што мы ў Каліфорнію едзем.

Кейсі схіліў галаву, і ўслед за ім усе астатнія. Маці апусціла галаву і склала рукі на каленях. Бабка нагнулася так нізка, што ледзь не ўткнулася носам у залітыя падліўкай праснакі. Том, які стаяў, прыхінуўшыся да сцяны з талеркай у руцэ, крышачку нагнуў галаву, а дзед выкруціў яе ўніз і ўбок, каб сваім калючым і вясёлым вокам сачыць за прапаведнікам. На твары ў прапаведніка была не набожнасць, а задуменнасць, і словы яго гучалі не як малітва, а як роздум.

— Я ўсё думаў і разважаў, — пачаў ён. — Блукаў сярод узгоркаў і думаў, амаль, сказалі б вы, як Ісус, калі ён адышоў у пустыню, каб разабрацца ва ўсіх сваіх турботах і нягодах.

— Хвала госпаду! — прабляяла бабка, і прапаведнік здзіўлена глянуў на яе.

— Ісуса так адолелі турботы і нягоды, што Ён не мог вырашыць, як яму быць далей, і Яго ўзяло сумненне: на чорта яму ўсё гэта наогул, якая карысць ламаць сабе галаву — усё думаць і думаць? Знямогся Ён дужа, знямогся і духам упаў. Яшчэ трохі, дык так і вырашыў бы: к чорту ўсё! І тады адышоў Ён у пустыню.

— Ама-ан, — прабляяла бабка. Шмат гадоў устаўляла яна свае рэплікі ў час паўз у малітвах. І шмат ужо гадоў не даводзілася ёй слухаць іх і дзіву давацца.

— Я не хачу сказаць, што я раўня Ісусу, — гаварыў далей Кейсі. — Але я стаміўся, як і Ён, і заблытаўся ў сваіх думах, як і ён, і пайшоў, як і Ён, у пустыню, не ўзяўшы з сабой нічога для прывалу. Ноччу ляжаў я на спіне і пазіраў на зоркі, раніцай сядзеў і сачыў, як узыходзіць сонца; удзень глядзеў з пагорка на ўзгорыстую зямлю; вечарам праводзіў вачмі сонца. Часам маліўся, як і раней. Толькі не мог зразумець, за што малюся, чаго. Навокал узгоркі, я сярод іх, і мы ўжо не існавалі асобна. Мы зліліся ў адно. І гэтае адзінства святое.

— Алілуя, — сказала бабка і заківалася ўзад і ўперад, стараючыся ўвесці сябе ў рэлігійны экстаз.

— І я задумаўся. Толькі разважаў ужо цяпер не так, як раней, цяпер думы мае былі глыбейшыя. Я думаў пра тое, што ва ўсіх у нас была святасць, калі мы жылі адной грамадой, і ўсё чалавецтва было святое, пакуль яно было адзінае. Але святасць пакінула нас, калі адзін нікчэмны чалавек ухапіў зубамі ладны кавалак і пабег з ім, адбіваючыся рукамі і нагамі. Вось такі чалавек і загубіў нашу святасць. А калі мы ўсе працавалі талакой, не адзін на аднаго, а гуртам, як бы ў адной вупражцы, тады было добра, у такой працы была святасць. Вось так я разважаў і раптам спахапіўся: а ці ведаю я наогул, што такое святасць? — Прапаведнік змоўк, але яго слухачы не паднялі галоў, бо, як выдрэсіраваныя сабакі, чакалі знаку: «аман». — Цяпер я не магу ўжо маліцца, як бывала. Мне прыемна быць на вашай ціхай трапезе. Я радуюся, што між вамі ёсць любоў. — Схіленыя галовы не падняліся. Прапаведнік агледзеўся навокал. — Праз мяне снеданне ваша стыне, — сказаў ён і раптам успомніў: — Аман, — сказаў ён, і ўсе разам паднялі галовы.

— Ама-ан, — сказала бабка і ўзялася за ежу, разгрызаючы прамочаныя падліўкай праснакі сваімі бяззубымі і цвёрдымі старэчымі дзяснамі. Том еў паспешліва, бацька паволі жаваў з поўным ротам. Пакуль снедалі, ніхто не вымавіў ні слова, чулася толькі, як хрумсцяць на зубах праснакі і як з хлюпатам сёрбаюць гарачую каву. Маці глядзела на прапаведніка, які таксама еў, і ў яе позірку была цікаўнасць, дапытлівасць і разуменне. Яна глядзела на яго, быццам гэта быў дух, голас якога данёсся да яе аднекуль з-пад зямлі.

Скончыўшы есці, мужчыны паставілі на стол талеркі, дапілі рэшткі кавы ў кубках і выйшлі на двор — бацька, прапаведнік, Ной, дзед і Том пакрочылі да грузавіка, абыходзячы зваленую ў кучу мэблю, драўляныя ложкі, механізм ветрака, стары плуг. Пакраталі рукамі новыя барты з сасновых дошак.

Том падняў капот і пачаў разглядаць вялікі, запэцканы маслам матор. Да яго падышоў бацька:

— Калі мы куплялі, брат твой Эл усё праверыў. Казаў, парадак.

— А што ён разумее, гэты сапляк? — сказаў Том.

— Летась ён працаваў у адной фірме. Грузавік вадзіў. У сім-тым разбіраецца. Бойкі хлопец. З галавой. Матор сам можа сабраць — яму гэта раз плюнуць.

Том запытаўся:

— А дзе ён цяпер?

— Швэндаецца недзе. Блудзіць, як кот памаўзлівы, сябе не шкадуе. Шалапуту гэтаму ўжо за шаснаццаць, ну, прырода яго і падганяе. У галаве толькі дзеўкі адны і машыны. Шалапут. Дома ўжо тыдзень не начаваў.

Дзед усё важдаўся з гузікамі на грудзях і нарэшце ўхітрыўся прасунуць гузікі сіняй кашулі ў прарэшкі нацельнай сарочкі. Пальцы адчувалі, што нешта не тое, але не сталі шукаць прычыны. Рука пацягнулася ўніз, зрабіўшы яшчэ адну спробу справіцца з мудрагелістым прарэхам на штанах.

— Я быў горшы, — сказаў ён радасна. — Нашмат горшы. Я быў, можна сказаць, сарвігалава. У Салісе, памятаю, сабраліся на маленне пад адкрытым небам, яшчэ малы я тады быў, крыху, праўда, старэйшы за Эла. А ён яшчэ сапляк, малакасос. Я быў старэйшы гадамі. Вось пайшлі мы на маленне. А там чалавек пяцьсот, а дзевак маладых — хоць гаць гаці!

— Ты, дзед, і цяпер яшчэ такі ж адчайны, — сказаў Том.

— Не без таго. Толькі не, да ранейшага далёка. Вось пачакайце, прыеду ў Каліфорнію, буду там апельсіны есці — захочацца, і сарву апельсінчык. Ці там вінаград. Нічога такога ніколі ў рот не браў. Сарву цэлую гронку з куста, ці там з чаго, раздушу на твары, і сок пацячэ па падбародку.

Том запытаўся:

— А дзядзька Джон дзе? Дзе Разашарна? А Рут, а Ўінфілд? Пра іх ніхто слова не сказаў.

— А ніхто і не пытаўся, — адказаў бацька. — Джон паехаў у Саліса распрадаць сёе-тое з нашага набытку: помпу, інструмент, курэй — усё, што мы прывезлі сюды з нашай фермы. Узяў з сабой Руці і Ўінфілда. Яшчэ на досвітку паехалі.

— Дзіўна, як гэта мы не стрэліся з імі на дарозе, — сказаў Том.

— Дык ты ж, пэўна, па шашы дабіраўся, а яны паехалі ў аб'езд праз Каўлінгтан. А Разашарна і Коні ў ягоных бацькоў. Э-э, ды ты ж не ведаеш, што яна выйшла за Коні Рыверса! Павінен памятаць яго. Хлопец добры. А ёй ужо радзіць месяцы праз тры-чатыры ці, можа, пяць. З дня ў дзень пышнейшай робіцца. Прыемна глянуць.

— Вось яно як! — сказаў Том. — Разашарна пры мне была яшчэ дзяўчо малое. І вось на табе — радзіць збіраецца. Калі не жывеш дома, чаго толькі не здарыцца за чатыры гады. На Захад калі рушыць думаеш, та?

— Ды вось дабро трэба прадаць. Думаў, як Эл вернецца, пагрузім усё на машыну, і ён завязе ў горад на продаж, а заўтра ці паслязаўтра і паедзем. З грашыма ў нас тугавата, а тут адзін казаў, што да Каліфорніі цэлыя дзве тысячы міль набярэцца. Чым раней паедзем, тым лепш. А то грошы так і цякуць. У цябе ёсць што з сабой?

— Два даляры. А ты як раздабыў?

— Ну, мы прадалі ўсё, што маглі, — адказаў бацька, — а потым усім гуртам бавоўну акучвалі, нават дзед.

— А чаго ж, — сказаў дзед.

— Усё разам склалі — дзвесце даляраў. Семдзесят пяць вось за гэту машыну аддалі, мы з Элам знялі верх і насціл зрабілі.

Сонца вісела проста над галавой і нясцерпна паліла. Ад грузавіка падалі на зямлю цёмныя палосы ценю, ад яго патыхала нагрэтым маслам, цыратай і фарбай. Куры пайшлі з двара і схаваліся ад спёкі ў павеці. Свінні, лежачы ў хлеўчуку ля самай перагародкі, дыхалі цяжка і раз-пораз пранізліва, нібы скардзячыся, вішчалі. Абодва сабакі расцягнуліся ў чырванаватым пыле пад кузавам грузавіка, высунуўшы запыленыя языкі. Бацька насунуў капялюш на вочы і прысеў на кукішкі. У гэтай, відаць, прывычнай яму позе для роздуму і назірання ён акінуў Тома крытычным вокам, паглядзеў на яго новую, але ўжо са слядамі старэння кепку, на касцюм, на новыя чаравікі.

— Усе грошы на гэта патраціў? — запытаўся ён. — Намучышся ў такім уборы.

— Мне выдалі, — адказаў Том. — Перад выхадам. — Ён зняў з галавы кепку, замілавана паглядзеў на яе і выцер ёю лоб, потым зухавата насунуў яе на вуха і пацягнуў за брылёк.

Бацька зазначыў:

— Чаравікі далі табе нішто.

— Ага, — пагадзіўся Том. — Даволі добрыя, толькі ў такую спёку ў іх многа не находзіш. — Ён таксама прысеў побач з бацькам.

Ной паволі прагаварыў:

— Можа, калі б ты да канца абладзіў барты, маглі б ужо і грузіцца. Пагрузім, а тут, можа, і Эл падыдзе, дык мы…

— Я ўмею грузавіком кіраваць, — сказаў Том, — калі толькі ў гэтым справа. У Макалестары я вадзіў грузавік.

— Вось і добра, — сказаў бацька і раптам уставіў вочы на дарогу. — Калі не памыляюся, гэта ён, шалапут, дадому хвост свой цягне. Ледзь ногі перастаўляе.

Том і прапаведнік глянулі ў той бок, і шкадлівы Эл, убачыўшы, што за ім сочаць, расправіў плечы і фанабэрлівай паходкай, перакідваючыся з нагі на нагу, як певень, што сабраўся закукарэкаць, увайшоў на двор. Ганарліва падышоў да людзей зусім блізка і толькі тады пазнаў Тома. Пыхлівасць імгненна сышла з яго твару, у вачах заззялі захапленне і глыбокая павага, і ад яго фанабэрыстай паставы нічога не засталося. Ні каляныя джынсы, падкасаныя на восем цаляў, каб відаць былі боты на высокіх абцасах, ні рэмень тры цалі шырынёй з меднымі фігурнымі бляхамі, ні нават чырвоныя рызінкі на рукавах сіняй кашулі і хвацка ссунуты набакір стэтсанаўскі капялюш не маглі паставіць яго на адну дошку з братам, бо брат яго забіў чалавека, а гэта ніколі не забудзецца. Эл ведаў, што нават ім самім захапляюцца яго равеснікі, бо брат яго забіў чалавека. У Салісе ён неяк раз пачуў: «Гэта Эл Джоўд. Яго брат улажыў аднаго рыдлёўкай».

І цяпер, ціхмяна падыходзячы да брата, Эл убачыў цёмныя хмурныя вочы і турэмны спакой худога голенага твару, які прывык нічым не выдаваць пачуццяў, не выказваць ні супраціўлення, ні рабскай пакорлівасці. І Эл адразу перамяніўся. Падсвядома падрабіўся пад брата, і прыгожы яго твар нахмурыўся, плечы апалі. Ён не памятаў, які Том быў раней.

Том сказаў:

— Здарова, Эл! Вырас, як ляшчына! Я цябе не пазнаў бы.

Трымаючы руку напагатове на выпадак, калі Том захоча яе паціснуць, Эл збянтэжана ўсміхнуўся. Том працягнуў руку, і рука Эла тарганулася насустрач. Яны яўна спадабаліся адзін аднаму.

— Кажуць, ты грузавік здорава водзіш, — сказаў Том.

Эл зразумеў, што пахвальбой брату не дагодзіш, і адказаў:

— Ды не, не вельмі.

Бацька сказаў:

— Швэндаешся ўсё недзе. Зусім, бачу, выматаўся. Ладна, трэба адвезці сёе-тое ў Саліс на продаж.

Эл паглядзеў на брата.

— Паедзеш? — папытаўся ён як мага больш абыякава.

— Не, не магу, — адказаў Том. — Трэба тут памагчы. Яшчэ будзем разам… у дарозе.

Эл не стрымаўся, запытаў:

— Ты… ты ўцёк? З турмы?

— Не, — адказаў Том. — Адпусцілі па падпісцы.

— А-а… — Эл быў крышачку расчараваны.

Загрузка...