Рэдактар глядзеў паперы, мы маўчалі.
― Трэба ўсё праверыць. І сфатаграфаваць. Хто мае дазіметр?
― Толькі раніцай выклаў! ― пляснуў Сямёныч па кішэні.
― Што, ніхто?
― У маёй бабулі быў, але яна ў Нясвіжы, ― сказала Наста.
― Дый што, давайце пакуль без дазіметра зробім. Гэта ж бомба! ― спяшаўся, як заўсёды, Пінчук. Мы заківалі.
― Так, і ў наступным матэрыяле сфатаграфуем дазіметр. Там жа ў дакументах усё замерана.
― Не-не, гэта трэба спраўдзіць.
― Вы думаеце, плітка ўсё ўжо выфаніла?
― Я думаю, ― сказаў рэдактар, ― фаніць яна не менш, чым паўгода таму. Але ўсё адно трэба праверыць і паставіць здымак.
― Але столькі часу змарнуем!
― А як вы сабе ўяўлялі працу журналіста? І з чаго б тады чытачу нам давяраць? ― Улад пастаянна казаў «чытачу», а не «слухачу». Але яго праўда ― нас больш чытаюць, чым слухаюць. Мы нават прыдумалі слоган на адной з планёрак: «Нас не зловіш!»
― Нясвіж ― гэта далекавата, вядома. Але калі не знойдзем, блаславім тваю бабулю. Найперш трэба пазваніць чалавеку з Соснаў, чый подпіс тут стаіць. Турбаваць МУС, напэўна, не мае сэнсу, але трэба. Адмовяцца каментаваць ― не забудзьцеся гэта запісаць. Адмова ― таксама каментар.
― Мусім прымусіць МУС! ― засмяяўся Сямёныч. ― МУС ― гэта ад Мусаліні?
― Здаецца, Сямёныч хоча дапамагчы. Возьмеш, Аля?
― Было б не залішне мець мужчынскі голас, каб з іх нешта вытрасці. Можа, мы з Паленавым маглі б рабіць?
― Паленаў таксама баіцца талерак? У вас змова?.. Сур’ёзна, калі ўсё пацвердзіцца ― а яно пацвердзіцца, не дарма ж гэта замова МУСу ― трэба даведацца, чаму. Хто вінаваты і які яго лёс. Здаецца, мяняць плітку не збіраюцца. Што сказаць: будзе серыял, ― рэдактар глядзеў у дакумент і пачухваў алоўкам светлую галаву.