14.


Пасля спектакля я вярнулася дамоў. Паліна з Алесем купілі вялікі крэмавы торт і ад ганка пачалі віншаваць мяне з сенсацыйным рэпартажам. Казалі, што іх калегі абмяркоўваюць маю навіну, што інтэрнэт цытуе нашае радыё і што гэта сапраўдная журналістыка, на якую я дарма нядаўна нагаворвала.

― Мы спадзяемся, цяпер плітку памяняюць, ― сказала Паліна, працягваючы мне торт.

― Нават я спадзяюся, Таня, ― падміргнуў Алесь праз тоўстыя лінзы.

― Мне страшна, ― шчыра сказала я.

― Так.

― Мы вырашылі пакуль не ўключаць званок. Добра і без яго.

Прасядзелі за гарбаткай мы нядоўга: размова не ішла, я вадзіла носам, а Паліна назаўтра з’язджала ў Польшчу на тэатральны фестываль. Толькі Алесь бадзёра дапытваўся, як нам прыйшло ў галаву праверыць радыеактыўны фон. Але мая крыніца папрасіла мяне нікому гэтага не адкрываць.

Загрузка...