12.


Нібы месца, з якога назіраеш, раптам перамясцілася ўверх: адлегласці зрабіліся нязначнымі, сцены ― тонкімі і ўмоўнымі. У розных частках Мінска ― па яго ўскраінах і праспекце, на розных паверхах ― спалі людзі. Іх атулялі коўдры ― з кветачкамі, проста белыя, з геаметрычнымі фігурамі. Пад адну коўдру сыходзіла сіваватая барада Сямёныча, і было раскрыта яго татуіраванае плячо. У іншай кватэры, на іншым паверсе з-пад пледа выглядвала акуратненькая Адэліна ножка. Вялікая ступня Паленава звісала з ложка, як з паліцы ў плацкартным вагоне. Накрыўшыся да носа спальным мяшком, пахропваў Мацвіеня з сабранымі аранжавай гумкай калматымі дрэдамі. Сапла Наста са свежай, лёгкай стрыжкай, у чорнай масачцы на вачах. Злёгку падрыгвалі светлыя вейкі Цімоха. На начным століку адпачывалі на кнізе рэдактарскія акуляры, і Улад спаў мёртвым сном, набіраючыся сіл для мітусні дня.

Людзі гэтыя прачыналіся каля паловы на восьмую, рэзка садзіліся на ложку, спакойна сцягвалі павязку з вачэй, ішлі ў душ, мудрагеліста закручвалі дрэды, ставілі чайнікі, выкладвалі тварог на сподак, закурвалі, уключалі музыку, разміналі голас, раніліся голячыся, цалавалі каханых, думалі: «Што ж сёння будзе?», шапацелі газетай, правяралі пошту, слізгалі пяткай па лыжцы для абутку, бразгалі дзвярыма і прыязджалі ў рэдакцыю.

Потым увесь дзень працавалі і прыслухоўваліся, як да навальніцы, як разыходзіцца па сайтах тое, што яны замералі і запісалі. Як абмяркоўваюць іх рэпартаж і ляцяць у іх першыя паклёпныя стрэлы.

Уся гэтая гісторыя здаралася са мной упершыню ― і мае нервы скакалі лявоніху на вуголлі. Калі ў інтэрнэце дзяліліся спасылкамі, прасілі сяброў не хадзіць на плошчу і патрабаваць невядома ў каго перакласці плітку, я радавалася, ганарылася, верыла, як школьніца, у лепшае.

Але былі і скептыкі, у асноўным мужчыны, ― яны рэзка і нецэнзурна ўскрыквалі. Без стомы назалялі яны з’едлівасцю з недарэчнымі памылкамі: «Да они соченили коментарии! И составили документы в фоташопе!» Я нервова круцілася на крэсле. «А как же печать?» ― пісала я ім са спехам створанага акаўнта, эмацыйна жэстыкулюючы, перад тым, як набраць каментар. «А галасы ў аўдыёрэпартажы?» «А фатаграфія дазіметра на плошчы?» Непрымірэнчыя і ўпартыя адказы-нападкі ішлі кулямётнай чаргой. Сэрца маё зусім упала, калі пачалі страляць беларускай мовай. Мае аргументы не пераконвалі, і здавалася, што я гуляю ў тэніс, але па той бок сеткі нікога няма.

Праз паўгадзіны гэтай знясільваючай гульні і я, і мае праціўнікі аціхлі. Выцершы слёзы, я ўвайшла ў рэдактарскую.

Лічбы зіхацелі і бегалі на твары Улада ― ён сказаў мне, колькі чалавек ужо прачыталі навіну.

― Напэўна, дазіметр памыліўся.

Ён маўчаў, чакаў.

― …Мне падаецца, што я хлушу. Бо ніхто не верыць. Я адказваю, што…

― Не адказвай.

― Але яны кажуць, што мы ўсё выдумалі, ― я расплакалася.

― Плятуць з дуба вецце. Аля, гэта ўжо не твая адказнасць. Не ўвязвайся ў спрэчкі. Мы журналісты, мы даем факты. А што людзі з імі робяць, слухаюць ці затыкаюць вушы, ― гэта людзі самі вырашаюць. Трэба паважаць чужыя меркаванні.

― Крыўдна.

― Эй…

― Што?

― За кдбшнікаў крыўдна? Ім за гэта плацяць, ну, хіба ты не разумееш? Іх нават па айпішніках відаць. Паглядзі, яны праколваюцца, ― і ён пачаў тлумачыць мне, як яны «праколваюцца».

Нейкая дурата, і спустошанасць, і абнадзеенасць, і жудасць ― усё разам. І ўсё-ткі рэдактар дадаў мне сіл, я пайшла ўдзячная яму. Тэлефанаваць, задаваць пытанні, усміхацца, а пасля зноў ездзіць з Паленавым і вымяраць радыяцыйны фон на іншых плошчах.

Загрузка...