Наступным днём я прачнулася да будзільніка ― я рэдка хварэю на пана. Свежа ў пакоі ― дождж? Я павярнулася да акна: стукае і стукае ― па шкле, па карнізе. Крыху паглядзела на кроплі, а потым згадала. Сёння ў маёй пошце павінна быць…
Прачыніла акно. Мммм… Пахла свежасцю. «Ммммммммммммм», ― пачала я рабіць практыкаванне для голасу, уяўляючы самалёт, што набліжаецца і аддаляецца. Мне казытала ў вуснах. Гук нарастаў, паглынаў усе астатнія гукі ― я бачыла кропелькі на авальных пасажырскіх вокнах ― і паступова аддаляўся. Самае складанае ― гэта захаваць дыханне, каб ён заціхаў паступова, столькі ж, колькі нарастаў. «Ммммммммммм», ― яшчэ раз. І яшчэ. Вусны казыча, казыча дзёсны! Гэта добра ― я помніла, ― гэта правільны гук! Адэля што-раз мяне абсякае: «Расціскайце сківіцы!» Але ў мяне няправільны прыкус. «У мяне таксама», ― кажа яна і сыходзіць. Я намагаюся расслабіць сківіцу.
«Рррррррррр!» Збілася на паніжэнні, гук праслізнуў. Калі ён атрымліваецца ідэальна, Алесь думае, што я пыласошу. Ён аднойчы спытаў мяне: «Ты кожны дзень пыласосіш? Да працы?» Удых. «Рррррррррр!» Удых.
«Шшшшшшшшш», ― вось што пасуе сённяшняму надвор’ю. Яшчэ раз, яшчэ раз ― без свісту, калі ласка!
Цяпер пажаваць язык. Ён яшчэ зусім сонны. Весялей. Абудзіць вусны. «Кпці-кптэ-кпта-кпто-кпты…» Дождж паліў мацней ― таксама натрэніраваўся. «Кпці-кптэ-кыпыты…». «Кпці-кптэ-кпта-кпто-кпты…». «Шпак шапоча пра шыпулькі, шалік шоўкавы ў шыпульках…» Дыханне пайшло глыбокае, энергічнае…
У маршрутцы па звычцы заканчвала гімнастыку: кожны выдых павольны, быццам задзімаю свечку. Падлятала на выбоінах.
Абяцанае свяцілася новым лістом у маёй пошце. Я раздрукавала далучаны файл і яшчэ раз прачытала ― усё супадала. Кабінет быў ужо пусты, я схапіла цёплыя аркушы ― і ў рэдактарскую.
― Усе расхапалі твае талеркі, ― пачаў планёрку Улад. ― Час іх палюбіць. Але Купалаўскі, Аля, давядзецца пакуль адкласці ― сёння…
― У мяне ёсць тэма, як вы і прасілі, ― перапыніла я і працягнула свае пяць аркушаў.
Тэмы з жыцця ― галоўныя. Яны самыя цікавыя, свежыя, яшчэ нікім не кранутыя, і гэта значыць, што нас усе прачытаюць, перадрукуюць і расставяць спасылкі. Людзі любяць такія тэмы. Але тут… На плошчы, у краіне, якая адчувае Чарнобыльскія падзеі як учорашнія, дзе мае сябры з Краснаполля атрымліваюць вялізную сацыяльную стыпендыю і сапраўды трацяць яе ўсю на лекі, дзе ў дзяцей павялічаная шчытападобная залоза…
― На плошчы Незалежнасці… паўгода ўжо… радыеактыўная плітка.
Я сама не паверыла ў тое, што сказала. У галаву лезлі думачкі: «Раптам зараз з паперы ўсё знікне?» «Гэта быў падман зроку?» «Ці надрукавана шпіёнскім чарнілам, якое знікае?» «Але ж не можа быць ― прэзідэнцкая праграма! Можа, са мной нешта не тое?» Па твары рэдактара нельга было зразумець, ці знікла чарніла.
― Няўжо ў цябе экспертыза?
Я кіўнула.
― Такі радыеактыўны фон, ― рэдактар пачаў чытаць уголас, ― недапушчальны пры будаўніцтве. Выпраменьванне ад пліткі на новай плошчы… у два разы перавышае норму.
― І дагэтуль там! Паўгода! ― абурыўся наш праграміст.
― І людзям нядаўна на ёй лавачкі паставілі, марозіва, фантан. Адпачывайце, касацікі!
― А я жыву там паблізу, ― прамовіў яшчэ нехта.
― Толькі ўчора там з хлопцам сядзелі… Усе змоўклі.
― Прыйшлі капцы, ― падсумаваў Сямёныч.