На наступны дзень я выправілася да «Панарамы» пехатою. Сэрца маё білася гучна, не цішэй, чым грукатаў ліфт. «Яшма ў замшы замшэла, яшма ў замшы замшэла, яшма ў замшы замшэла, яшма ў замшы замшэла». Патэлефанавала ў дзверы.
― Добры дзень!
― Добры дзень, Аля! Заходзьце.
Мяне кальнула гэтае імя. «Не Аля!» ― хацелася сказаць мне. ― «Яе не існуе, а я, я існую!»
― Я вам аддаць… Вось дыск, на ім усё ёсць: і гук, і тэкст. А тут раздрукоўкі. Вось тое, што будзе ў эфіры і спасылка на наш сайт, ― «цішэй, голас, цішэй, не будзь таропкім…»
― Дзякуй.
― Ірына. Паслухайце…
― Так?
― У мяне ёсць дыктафон. Маленькі, зручны. Устаўляецца адразу ў камп’ютар, ― мне здалося, яна зрабіла рух галавой, што як бы значыла «не», і я пачала гаварыць хутчэй. ― Дазвольце, я вам падару яго. Вы напішаце кнігу. Калі ласка?
Яна паглядзела мне ў вочы ― я зразумела, што яна шукала мой погляд. Адна спакойная секунда.
― Такі дарагі падарунак. Але вам ён, напэўна, патрэбны для працы…
― У мяне два.
Яна здзівілася.
― Мне падаецца, усё гэта здарылася… не проста так.
Не ведаю, ці ўсміхалася Ірына, якімі былі яе рукі і гэтак далей. Але вочы яе былі спакойнымі і прамяністымі.
― Дзякуй, ― вось і ўсё, што яна сказала ўголас. ― Цяпер я не змагу не напісаць кнігу.
― Тут навушнікі, інструкцыя, батарэйкі. Нічога складанага.
― У мяне таксама для вас падарунак.
Яна дастала зялёны даўгаваты кораб з салатавым бантам. Унутры быў прыгожы, тонкай, выдатнай працы кубак з вечкам і сітам. Усярэдзіне ляжала запіска: «Алі Яснай. Не забывайцеся на сябе. Нават на працы піце гарбату з задавальненнем».
Я не магла захаваць такую запіску: у ёй згадвалася імя дзяўчыны, якую я не павінна ведаць.