Ва ўніверсітэце ішла пара па ідэалогіі. Колішняга выкладчыка, маладога доўгавалосага беларускамоўнага лектара, змяніла на гэтай пасадзе паўнаватая жанчынка з нерухомай прычоскай-інсталяцыяй. Жанчынка млява вяла ўрок і, калі ёй задавалі пытанні, віскатала:
― Не правакуйце мяне! Гэта не тычыцца майго курсу! ― пры гэтым твар яе змяняўся.
― Гэта тычыцца, ― з розных кутоў даносілася да яе. Яна прыкрывала павекі і працягвала надыктоўваць, не чуючы нас.
Яна адмыслова не рэагавала на «правакацыі», з-за якіх і прагналі яе папярэдніка з аспірантуры і адусюль з запісам у асабістую справу. Дарэчы, ён ужо другі «прафесійна непрыдатны» чалавек, які сустрэўся мне.
Слухаць было нудотна, пакутліва, а з адчыненай форткі цягнула нядушным, вольным паветрам ― і мы шапталіся з Наташай, маёй сяброўкай.
― І калі вяселле?
― У жніўні. Так цяжка ― усё на маіх плячах.
― Сукенку абрала ўжо?
― Хацела цнатлівую, а мне пасуюць толькі адкрытыя. Давялося браць з дэкальтэ… Дарагія яны, вядома. Працую за дваіх.
― А Вася яшчэ не знайшоў працу?
― Праспаў сумоўе. Хоць гэта да лепшага, напэўна. Інакш бы іншая праца не знайшлася. Вось ён хадзіў ужо ўчора, далі выпрабавальны тэрмін, а потым мусяць узяць.
«Можа быць, пасталее», ― падумала я. Васю я бачыла толькі ля камп’ютара, у камп’ютары ― бесперапынна страляе аўтамат. Вочы цацачныя, справа ― паўтарашка піва. Так ён мне і ўяўляўся ― або з півам і мышкай, або цалуецца з Наташай. Таму я ўзрадавалася поспеху з працай.
Вочы Наташы, яе твар напоўніліся зараз дзявочай верай у вельмі шчаслівую будучыню.
― І праца цікавая, з гукам. Расшыфроўка, усё сучаснае.
― Расшыфроўка чаго?
― Тэлефонных размоў. Ім там, у органах, патрэбна. І ўяўляеш ― такая праца, такі заробак, і нават не патрабуецца закончаная вышэйшая адукацыя. Якраз для майго Васі.
― Чыіх размоў?
― Не ведаю, якая розніца. Ён шмат чаму навучыцца, гэта ж так цікава. Новыя тэхналогіі, усё сучаснае.
― Вы мяне тут не правакуйце! ― высокім голасам аглушыла кагосьці выкладчыца. Але мы сядзелі далёка і не чулі, пра што ў яе спыталі.
Гутарка змялася.
Наташа, соладка пацягнуўшыся, улеглася на парту.
― Як падумаю, што мой муж будзе ваенным…
Прыгожыя гладкія валасы ўпалі на твар, і яна заплюшчыла вочы, працягваючы летуценна ўсміхацца.