25.


Я прайшла пад аркай і выйшла да набярэжнай Свіслачы. Рабізна яе паблісквала на сонцы. Сямейства качак роўна плыло, амаль не калыхаючыся на хвалях ― з берага не было ясна, у які бок. Вось ён, стары Менск ― прыгожы твар горада. «На Нямізе снапы сцелюць галовамі, малоцяць цапамі булатнымі, жыццё на таку кладуць, веюць душу ад цела…» Каля выхаду з метро ― сорак бронзавых руж і трынаццаць цюльпанаў, помнік загінулым у даўцы ў дзевяноста дзявятым. «Сустрэнемся каля ружачак?..» ― дамаўляюцца мінчукі.

Дзесьці тут па падземнай трубе ў поўнай цемры цячэ і не спіць схаваная рэчка. Здаецца, з літоўскай яе назва «Няміга» перакладаецца як «бессань».

Раз на год гэтую частку горада займае верхняя вада ― летнія дажджы. Вада спускаецца ў метро, затапляе падворак Петрапаўлаўскага сабора, не дае круціцца аўтамабільным колам на шашы.

Вокны Ірынінага дома выходзяць на Свіслач. Напэўна, з іх яна бачыць лукавіну ракі і Выспу Слёз з капліцай. Там на сценах ― спісы беларусаў, загінулых у Афганістане. Бяссонны цэнтр Менска прасякнуты смерцю.

Праспектам Менск працягнуўся з Варшаўскага боку ў кірунку Масквы, і ўсе плошчы, нанізаныя на гэтае верацяно, ― цэнтральныя: Незалежнасці, Кастрычніцкая, Перамогі, Якуба Коласа. Свіслач перакрэслівае гэтую вось горада і стварае сваю: Камсамольскае возера, Старажоўка, Верхні горад, парк Янкі Купалы, парк Горкага.

Чаму ж тут, у Траецкім, нейкае прастадушнае запаволенне, паўсон, і не верыш, што на дарагіх машынах, якія праязджаюць міма, ― менскія нумары? Менск ― як бестурботная, разамлелая пад сонцам, нячулая да гора першакурсніца. Калі пра хворую жанчыну, чый муж за палітыку ў турме, пра падпольнае радыё пачаць камусьці расказваць вось тут, у чыстым, выцалаваным, высланым смерцю цэнтры горада ― сама засумняешся ў сваіх словах.

Рэдактар ухваліў шматстаронкавы тэкст для вялікай перадачы, сказаўшы толькі:

― Дай крыху больш слёз.

Я не адразу зразумела яго, але потым выправіла сёе-тое ў падводках (я пісала іх у тралейбусе па дарозе назад, везучы з сабой непарушны Траецкі спакой) ― і атрымалася драматычней.

Цімох не наракаў, што працоўны дзень яго ўжо скончыўся. «Дзякуй», ― і ён працягнуў назад аркушы ў закавыках выпраўленняў. Выявілася, што ён ведае Казуліных. Рэдактар аднойчы быў у іх у гасцях цэлы вечар. Пінчук галасаваў за Казуліна на выбарах. Мацвіеня вучыўся з іх дачкой. А Наста студэнткай падпрацоўвала афіцыянткай у бары, дзе часам бываў муж Ірыны.

Загрузка...