27.


Так я піла гарбату з задавальненнем яшчэ некалькі месяцаў. Здала, каб закрыць навучальны год, іспыты. Ездзіла на ровары на Цнянку глядзець познія летнія заходы. Прабіралася ў самую глыб выспы, дзе то знойдзеш выбудаваны кімсьці лабірынт, то святога, намаляванага на камяні… Талеркі ў горадзе так і не знялі ― гэта выявілася немагчымым. Я пісала рэпартаж за рэпартажам ― іх перадрукоўвалі, абмяркоўвалі і забывалі. Лёс не зводзіў мяне больш з Ірынай. Я зрабіла ўсяго адзін званок: кароткі, удакладніць нешта пра яе мужа, ― і ўсё. Мне хацелася набраць яе нумар проста так, ад сябе ― але што я скажу ёй, дваццацігадовая дзяўчына? Часам я расказвала камусьці яе гісторыю, згадвала наша інтэрв’ю, але чула: «Цікава, а на што яна жыве?» ― і я змаўкала. Мяне мала займала гэтае пытанне. І вось аднойчы, на выходных ― вестка.

Алесь з Палінай спыталіся, ці не чытала я навіны.

― Не. Я чытаю навіны па буднях.

― Ірына Казуліна памерла.

Наступным ранкам на працы Цімох, Наста і Мацвіеня падышлі да мяне рана, да планёркі, з тымі ж навінамі. Выявілася, наша інтэрв’ю было апошнім.

У гэты час Казулін стукаў кулакамі ў дзверы камеры і патрабаваў вызвалення. Дзеці сказалі, што будуць адкладаць пахаванне, пакуль яго не адпусцяць. Хаця б на некалькі дзён. Ніхто не ведаў, калі пахаванне.

― Мы думаем адправіць толькі фатографа, ― сказаў рэдактар. ― Ці ты таксама хочаш?

― Не, ― закруціла галавой я.

Вядома, мне хацелася пайсці, але толькі без дыктафона ў кішэні. Я б не змагла вылоўліваць у натоўпе знакамітасцяў і родных і прасіць сказаць нешта незнаёмаму чалавеку. Мне было шкада фатографа, якому давядзецца парушаць маўчанне шчоўканнем затвора.

― «Рыба» ёсць у цябе на сёння?

― Якая рыба?

― Ясна. Зрабі тады да абеду радыёнекралог. З яе голасам. Можа, ёсць кавалкі, якія не пайшлі ў эфір. Цяпер могуць прагучаць.

Пасля планёркі я спытала Цімоха, і ён прасвяціў мяне, што «рыба» ― гэта матэрыял-нарыхтоўка, напрыклад, з людзьмі, якім нядоўга засталося. Яго пускаюць у эфір адразу пасля смерці. «А адкуль, ― сказаў ён, ― бяруцца тоўстыя біяграфіі, выдадзеныя адразу пасля смерці? Пішуцца за некалькі начэй?»

Загрузка...