28.


У той кватэры ― з вялікай залай, з вазай з тоўстага крышталю на нізкім століку, бэжавай канапай ― былі людзі: дочкі, некалькі сваякоў, сяброў. Дзіўнае пачуццё: я размаўляла тут некалькі гадзін з Ірынай у поўнай цішыні, і вось цяпер гэтая цішыня засталася з ёй, а мы ― хто з дыктафонамі, хто з тэлефонамі, хто як ― працягвалі размаўляць. З другога пакоя пачуўся голас Аляксандра, які прасіў прабачэння, што не сустракае нас, казаў, што хутка выйдзе. Зайшлі ў кухню ― я адчула рэзкі водар прыпраў і шолах фольгі. Адна з дачок апускала ў духоўку вялізнага карпа, фаршаванага ўсім на свеце.

― Праз колькі гадзін трэба быць у калоніі? ― спыніў хтосьці яе рух.

― Праз чатыры. Ужо праз паўгадзіны яму трэба выязджаць.

Мы глядзелі на карпа, на рукі дачкі. Усе разумелі, што Казулін нічога не паспее ― хутчэй за ўсё, з’есць кавалачак у машыне, а астатняе прападзе.

― Добры дзень, паважаныя, ― ён з’явіўся ў дзвярах, высокі, апрануты ў чорны спартовы касцюм. Заняў сабой увесь дзвярны праём.

― Я адразу пераапрануўся, як ехаць, каб мы не гублялі потым часу, ― усміхнуўся.

Ён займаў пасаду рэктара ўніверсітэта, калі я паступіла на журфак. Памятаю, як першага верасня на свяце для першакурснікаў у парку атракцыёнаў вядучы абвясціў: «А сейчааас ― ррректор!» Але ніхто не падняўся на сцэну. Ужо некалькі хвілін высока над намі гуў верталёт. Ён апусціўся, гук паграмчэў, і мы задралі галовы. Тут дзверкі адчыніліся, і з верталёта выпала і разматалася вяровачная лесвіца. Хтосьці пачаў спускацца па ёй. Лесвіца пагойдвалася, фігура спускалася ўсё ніжэй і ніжэй, і ўжо бачная была белая кашуля, і гальштук цярэбіла ветрам. Гэта і аказаўся рэктар.

І вось я бачыла яго зноў ― без гальштука, без зухаватасці ў абліччы, са складкамі на шчоках, як быццам хтосьці прарэзаў іх ножыкам для паперы. Высокі, лысы. З іскрыстымі вачыма. Не рэктар, а палітык. Мы пазнаёміліся, паціснулі адзін аднаму рукі. Карп запякаўся ў духоўцы, дочкі стаялі, абдымаючы бацьку з двух бакоў, і відаць, што, калі б не было нас, журналістаў, яны віселі б у яго на шыі і сядзелі на яго каленях. З’явілася віно ў вялікіх келіхах ― я ж не п’ю віна!.. ― Казулін папрасіў усіх частавацца. Адзін з яго сяброў, у якім таксама адгадваўся былы кіраўнік, ці, можа быць, вучоны ― з годнасцю у паставе, з «радыйным» голасам, падняў тост за хутчэйшае вызваленне ― да дна. Што рабіць ― я выпіла ўсё са свайго келіху.

Дзіўна было ўсё гэта: Казуліна з вялікім скандалам выпусцілі на тры дні пахаваць жонку, і ён за гэты час даў некалькі прэс-канферэнцый, сустрэўся са сваёй партыяй. А цяпер стаяў ― сцішаны, спакойны, і я магла толькі згадваць яго ранейшага. Мы, вядома, не паспелі нічога з задуманага: нават дастаць сямейны альбом, які хацелі пагартаць разам. Задавалі пытанні. Ён адказваў, але не як на інтэрв’ю, а проста, неафіцыйна. Глядзеў у вочы. Я памятала, што ён палітык, і спрабавала разгадаць, сапраўдная ці напаўсапраўдная яго шчырасць. Спыталі яго, чаму ён рабіў такія дзіўныя рэчы ў гэтыя дні. Ён маўчаў. А потым аднекуль з глыбіні засяроджанасці прамовіў:

― Калі я даведаўся аб яе смерці, я ледзь не разнёс турму. Я біўся ў дзверы, у сцены, я крычаў, што калі мяне не выпусцяць, гэта застанецца назаўсёды на іх сумленні. Зноў абвясціў галадоўку. Абвінавачваў прэзідэнта ў гэтай смерці. Я не мог больш там сядзець! І калі мяне нарэшце адпусцілі на гэтыя тры кароткія дні ― спачатку я працягваў шалець. Я даваў інтэрв’ю, у якіх усё гэта казаў. Але цяпер, пасля пахавання… У мяне няма больш ніякіх крыўдаў. Я не ведаю, можа, яны з’явяцца зноў. Але вось ужо суткі, як я не злуюся нават на прэзідэнта. Я дараваў усім. Як можа быць інакш у такія дні? Ува мне больш няма лютасці. Толькі…

«Пакора?» ― падумала я.

― Толькі мір. І каханне да маёй жонкі. Вядома, шкада, што мы так доўга былі ў расстанні і яна памерла не ў мяне на руках. Але на ўсё воля… Божая. Ведаеце, мяне ўразіла, што людзі прыехалі на пахаванне з усёй краіны. Я нават не магу ўспомніць раёна, з якога да мяне не падыходзілі б. І, ведаеце, яны падыходзілі, казалі пра Ірыну, а потым… прасілі не галадаць больш. Казалі, што і я ім патрэбны. І ўва мне прачнулася нейкае іншае пачуццё, адчуванне глыбіннай адказнасці за людзей. Я ўжо як быццам не вольны распараджацца сваім жыццём сам. Я раней казаў розныя словы… Напрыклад, што калі людзі хочуць, каб я быў жывы, яны павінны нешта для гэтага зрабіць. Цяпер я магу сказаць, што ніхто нічога не павінен рабіць. Гэта я ўжо людзям абавязаны. Я жыў дзякуючы ім. Калі прачытаць лісты, якія мне пісалі, то можна расплакацца. Пісалі дзеці, мне нават напісаў 86-гадовы чалавек!

Казаў ён ад душы ці не ад душы, я не ведаю, але яго словы клаліся ў мікрафон, які я перад ім трымала, і ішлі па кабелі, і па руцэ да майго сэрца. Я ніяк не магла запомніць, растлумачыць сабе, што Ірына памерла. Мне здавалася, што трагізму было нават больш, калі мы гаварылі з ёй, яшчэ жывой. Погляд мой выхапіў маленькі будзільнік на халадзільніку. Гэта ён звінеў падчас інтэрв’ю, калі Ірыне быў час прымаць лекі.

Загрузка...