Раніцай трэба было абавязкова ва ўніверсітэт, на абарону курсавой. Хоць заява пра сыход і напісаная, я яшчэ не аддала яе. А курсавая была пра ўлюбёнага паэта.
На першым жа паверсе мы сутыкнуліся з намесніцай дэкана, але яна мяне не заўважыла ― і я расслабілася. Я ішла па калідоры, усміхаючыся, бо Аля Ясная тут у шапцы-няўгледцы, інкогніта, а я ― адкрыта.
Сканчаўся семестр і ўвесь навучальны год. Усё дыхала гультайствам і паэзіяй. Мы прадчувалі доўгае расставанне перад апошнім курсам. «Не заўважыце, як скончыце», ― казалі выкладчыкі, і мы поўніліся пяшчотай адно да аднаго.
Абарона ішла нетаропка, па спісе, у якім маё прозвішча было перадапошнім. Выходзілі да кафедры нашы прыгожыя студэнткі і студэнты ў бруістых блузках і атласных пінжаках. Пастаўленымі галасамі шчабяталі тыя, хто круціўся на тэлебачанні. Ім было ўжо не пазбавіцца ад эфірнага голасу ― і таму кожную цытату яны зачытвалі як падводку ў навінах. Выкладчыкі ўсміхаліся: ім было прыемна чуць гэтыя інтанацыі.
Большасць курсавых былі пра свае ж каналы, серыі перадач, «праекты». Хіба што пра структуру выпуску навінаў ніхто прадбачліва не пісаў. Яна была ўсім вядомая: «прэзідэнт ― гаспадарка ― катастрофа за мяжой», але негалосна забароненая да разбору.
Лічаным творчым працам выкладчыкі ўсё адно задавалі «журналісцкія» пытанні, якія здзьмувалі натхненне з твараў.
― Если бы вы брали интервью у Шукшина… Вот завтра у вас ― интервью. Придумайте мне сейчас пять вопросов, которые вы бы задали Шукшину.
― Вы дважды подчеркнули, что лучшие интервью с Бродским записали его коллеги ― литературоведы, писатели. Значит, вы отказываете журналистам в праве приближаться к творческим личностям такого масштаба, как Бродский?
Пасля перапынку засталіся ўсяго некалькі старых выкладчыкаў. Студэнтаў, якія яшчэ не выступалі, прасілі ўкладвацца ў пару хвілін. Не задавалі пытанняў. Прапаноўвалі не выступаць, калі згодныя на «чатыры». Але нас усё роўна было шмат, і час пераваліў за поўдзень, а потым і за абед.
Падчас маёй абароны ў «прэзідыуме» сядзеў адзін старэнькі дацэнт. Іншыя разышліся, смешна прыўздымаючы абцасы і ўсё ж тупаючы, паказваючы на тварах спешку, занятасць і шкадаванне. Выступ не клеіўся, я некалькі разоў збівалася, але не бачыла нават профілю выкладчыка, а толькі сівую патыліцу. Мне паставілі «выдатна» таму, што яно ўжо стаяла як папярэдняя адзнака куратара. Я вярнулася на сваё месца ― даслухваць апошнюю працу.
І нечаканы падарунак ― яна была прысвечаная ваеннай прозе Васіля Быкава! Я зусім забылася на сваю плітку. Можа быць, гэта адлюстравалася на маім твары, бо калі аднакурсніца расказвала, яна глядзела мне ў вочы. Але амаль тут жа нас перапыніў голас дацэнта, захрыпеўшы гучна і абурана:
― Пачакайце-пачакайце. Нешта я не зразумею. З кім вы ўзгаднялі гэтую тэму?
― Навуковы кіраўнік, ― студэнтка назвала імя і загаварыла паспешліва, ― якога мне прызначылі, ― запрошаны выкладчык, не нашага ўніверсітэта. Ён з’яўляецца рэдка, і мне не ўдалося яго знайсці. Я выбрала тэму сама. Напісала і пакінула на кафедры. Два тыдні таму. Няўжо ён не паспеў праверыць?
― Я не бачу ў тэксце ніякіх пазнак, ― голас дацэнта счарсцвеў. ― І на тытульным лісце адсутнічае адзнака. Вы ведаеце, што на ўзгадненне тэмы курсавой трэба пісаць заяву? І як мне вам верыць, што вы прынеслі за два тыдні?
Студэнтка разгубілася. Я пачала разумець, у чым соль.
― Ну… я не ведаю. Можа, у метадыста спытаць?
― «Ну!» «Ну!» Вы за чатыры гады не маглі пазбавіцца ад слоў-паразітаў?
― Прабачце.
― Вы нікуды не ўладкуецеся з такой мовай. За што вам дыплом увогуле выдаваць?
― Даруйце, ― умяшалася я, ― але словы-паразіты былі і ў іншых выступоўцаў.
― Прынесла нейкую працу, яна нідзе не значыцца, нікім не праверана…
― А хіба кіраўнік не мусіў з’явіцца хаця б на абароне? ― спыталі з аўдыторыі.
― Што вы мне загадаеце з ёй рабіць? Мне самому адзнаку ставіць? ― Ён трос рукой, сціскаючы аркушы ― і тыя сагнуліся, пераламіўшыся. ― На якіх падставах?
― Ну… ― студэнтка пачырванела. ― Прабачце. Можа быць, можна паставіць на падставе майго выступлення?
― І тэму выбралі ж! Як спецыяльна! Падвесці мяне хочаце?
― Давайце паслухаем выступленне, ― сказаў нехта са студэнтаў.
― Давайце паслухаем! ― далучылася і я.
― Добра, давайце хутка ― асноўныя тэзісы.
Але выступ быў сапсаваны. Студэнтка скамечана пераказвала ўступ і заключэнне, пакрываючыся чырвонымі плямамі і вельмі баючыся сказаць «ну». Калі яна цытавала, угадвалася, што праца напісана цікава, але ніякай складнасці ўжо не было. Выкладчык слухаў адным вухам, грэбліва гартаў тэкст і думаў сваё. Я спрабавала зноў злавіць яе погляд, каб абнадзеіць маёй зацікаўленасцю, але яе вочы мітусіліся і супакойваліся толькі на аркушах курсавой.
― Журналістыка, дарагая мая, — гэта чацвёртая ўлада. Праходзілі такое?
― Праходзілі.
― А ўсе ўлады мусяць дзейнічаць зладжана.
― Але ж у мяне літаратурная тэма…
― Вы разумееце, пра што я. А калі не разумееце, то і адзнаку вам ставіць няма за што. Дапускаеце тут самавольства. Чацвёрты курс! Вы павінны выдатна ведаць, як ставіцца да гэтага вашага Быкава… Вы ведаеце пра яго апошнія творы?
― Ну… ведаю. Але ў мяне не па іх.
― Нельга вось так выдзіраць з кантэксту. Ваша задача як журналіста, у першую чаргу, — дапамагаць існуючай уладзе і не разгойдваць лодку. Я зразумела выражаюся? ― Мы сядзелі збянтэжаныя і не рэагавалі. ― Зыходзячы з гэтага, у вашага Быкава там няма чаго аналізаваць. Яго нават выключаюць са школьнай праграмы, вам гэта вядома? Вы што думаеце, там дурні сядзяць? Разумнейшыя за вас людзі выключаюць. А вы сваім розумам жывяце? Накрапалі тут…
Аўдыторыя, хоць ужо і нешматлікая, выйшла са здранцвення і запярэчыла:
― Што вы такое кажаце наогул? Гэта ж стылістыка. Аналізаваць можна што заўгодна! ― абуралася выдатніца з першай парты.
― Дзе вось яе куратар? Чаму яго няма? ― далучыўся Толік.
― Ну, пачалася ідэалогія! Нават у «саўку» Быкава не забаранялі! ― загулі заднія рады.
― Мы Быкава ў школе праходзілі. Гэта наша літаратура, беларуская. Вы ад мамы сваёй таксама адмовіцеся?
― Цццц-ццц-ццц, затрашчалі, абаронцы! Вы пакуль на маім крэсле не сядзіце.
― Дый у вас не крэсла…
― А што у мяне, па-вашаму?
― Зэдлік!
― Пагумарылі? Цяпер сур’ёзна. Мы ўжо выйшлі за рэгламент. Праца дрэнная, мы ўсе гэта пачулі. Тэма не ўзгодненая. Выступленне няўдалае. Словы-паразіты. Рэцэнзіі кіраўніка няма. Я вам праз сваю велікадушнасць стаўлю найніжэйшы бал, а не адпраўляю на пераздачу.
― Што? Гэтая праца хоць самастойная, а не спампаваная з інтэрнэту! Вы ж яе нават не чыталі! ― пачуліся адзінокія выкрыкі.
― А я не яе кіраўнік, ― ён паказаў пальцам, ― каб чытаць. Са мной бы яна такога не напісала, запэўніваю вас. І спыніце гэты базар. Было б з-за чаго. Мы і так засядзеліся, вы адбіраеце і мой час. Прашу ўсіх разыходзіцца.
Студэнтка ціха пайшла ад кафедры да свайго стала.
У чарговы раз зрабілася ясна, што час рабіць выбар. Да канца працоўнага дня заставалася яшчэ некалькі гадзін, і я паехала ў рэдакцыю, пракручваючы ў галаве загаловак: «Студэнтам зніжаюць бал за курсавыя паводле Васіля Быкава»…