24.


У самым цэнтры (мінчукі называюць цэнтрам мноства месцаў), у двары дома «Панарама», выявілася ўтульна, прасторна. Прыемнай і бяззбройнай была яго савецкасць. Нягледзячы на тое, што тут жыў Казулін, на лесвічных пляцоўках не ляжалі дываны, як гэта можна было сабе ўявіць, а кнопкі дамафона не былі якімі-небудзь бамбукавымі. Ліфт прыехаў са звыклым грукатам. Я ўжо разумела, што ўсё будзе не так страшна, як мне ўяўлялася, хоць яшчэ хвалявалася, што дваццацігадовая дзяўчына будзе распытваць пра рак бліскучую свецкую даму.

Я патэлефанавала. Худы падлетак з кароткай стрыжкай адчыніў мне дзверы.

― Добры дзень. Я журналіст з радыё.

― Я Ірына.

Яна была ў чорным і праз гэта падавалася нейкай пластычнай, нядаўна вылепленай. Яе слабы хрыплаваты голас гучаў па-радыйнаму сабрана, накіравана. Я ўвайшла.

― Гэта вам.

Кветкі адлюстраваліся здзіўленнем на яе твары. Яна прыняла іх жэстам жанчыны, якая ведае, як гэта робіцца. Тут я заўважыла яе рукі. Яны былі тонкімі і лёгкімі, як ніткі, але рухаліся плаўна, мякка. Калі б глядзець толькі на тое, як рухаюцца гэтыя рукі, можна было б падумаць, што яны царскія. Гэта былі жэсты першай лэдзі, балетныя жэсты, жэсты чалавека, які валодае сваім целам і жыццём. Але скура абцягвала жылы, і кісці былі танюткімі, бязважкімі. Крохкая іх лінія ішла да локця, які здаваўся асобным органам ― настолькі ён быў узбуйнены.

Рукі паставілі кветкі ў вазу: якраз па памеры. «У гэтым доме хапае ваз», ― падумала я. Я села на канапу, дастала дыктафон, мікрафон, нататнік і запасныя батарэйкі. На століку, дзе цяпер стаялі мае кветкі, быў фотаздымак сям’і ў рамачцы. Ірына на ёй была ўжо такой, як цяпер ― з кароткімі хлапечымі валасамі, у чорным. Яна села каля мяне:

― З чаго мы пачнем? ― спытала яна наўпрост.

― З таго, што мы рады, што вы пагадзіліся на інтэрв’ю.

― Дзякуй, ― усмешка.

Я націснула чырвоную кнопку «Маранца» і перайшла на журналісцкі тон.

― Нядаўна вы публічна сказалі пра сваю хваробу. Вы ўдзельнічаеце ў канферэнцыі, у групах дапамогі. Чаму вы вырашылі дапамагаць іншым зараз, калі вам самой патрэбна дапамога?

Яна кіўнула, як бы кажучы: я зразумела вашае пытанне і зразумела вашае хваляванне, кажыце смела.

― Таму што мы ўсе ў адной лодцы. Я памятаю, як гэта ― калі даведваешся, што хворая. І як няма куды пайсці, акрамя дома. Мне пашанцавала з сям’ёй: нада мной ніхто не гараваў. І мне даў Бог такую ж аптымістычную натуру. Але я бачыла на канферэнцыях жанчын, чые мужы пайшлі ад іх у гэты момант. «Цяпер у мяне ёсць права пайсці», ― вось так яны рэагавалі. А ў жанчын у гэты час, ведаеце, так шмат пытанняў і рэакцый. Спачатку гэтыя думкі: «Чаму я?» Потым: «Дзе купіць грудны пратэз?» Усе гэтыя гонкі за інфармацыяй, чытанне тонаў літаратуры, ― яна закашлялася. ― Прабачце, я часам буду кашляць.

― Не турбуйцеся, гэта ўсё выразаецца.

― Выразаецца… Ведаеце, калі ў лякарню прыходзяць сваякі, сябры, лекары… Гэта адно. А калі прыходзіць здаровая жанчына, прыгожая, і кажа: «Я таксама была тут»… «Я таксама была, і я паправілася. Я перамагла». Гэта дае сілы больш, чым псіхолагі. Вось гэта, напрыклад, робяць жанчыны з нашай групы дапамогі.

― А вы?..

― Я ляжала. Хадзіла. І потым зноў ляжала. Вы ведаеце, што хвароба вярнулася да мяне праз восем гадоў. Я прайшла хіміятэрапію, радыетэрапію. Усе гэтыя штучкі з аблысеннем мне знаёмыя. Гэта цяжка. Я нават папрасіла, каб мяне загадзя пастрыглі нагала. І, ведаеце, я памятаю адзін момант, пра маю сям’ю. Вось мы сядзім усе разам на гэтай канапе, а мае дзеці гладзяць мяне па галаве і кажуць: «Якая ўсё ж у цябе прыгожая чарапушка!»

Я згадала цэлы спіс фільмаў, у якіх героі стрыгліся нагала перад хіміятэрапіяй. Але вось перада мною быў жывы чалавек у такой сітуацыі, і я гэты штамп пражывала ўпершыню. Ірына працягвала казаць, трохі ўсміхалася ў канцы кожнай фразы, падвышала інтанацыю, як францужанка.

― Калі праходзіш хіміятэрапію, трэба есці шмат ― тады падвышаецца ўзровень лейкацытаў у крыві. І я набрала кілаграмаў трынаццаць за год. І кароткая стрыжка. Я выглядала тады зусім па-іншаму. Нават на навагоднім свяце я гэта адчула. Я там была з мужам, яго знаёмы падышоў і кажа: «Ну, Казулін зусім знахабіўся. Цяпер ён з жонкай, значыць, летась з палюбоўніцай быў?» Такая была розніца. Потым, калі хвароба вярнулася праз восем гадоў, быў, натуральна, шок. Я не магла паверыць: усё было ў парадку ― і раптам тыя ж праблемы. Але што тут зробіш? Збярэш сябе ў ахапак і пойдзеш лячыцца.

Яна ізноў закашлялася. Узнялася, каб прынесці шклянку вады так лёгка, канапа нібыта нават не прымялася. Мы пагаварылі пра канферэнцыю, пра валанцёраў, пра тое, як можна да іх далучыцца і чым дапамагчы.

― У групах пераймаеш досвед тых, у каго такія праблемы ўжо былі і вырашаныя. Нават, напрыклад, такія пытанні: як дапусціць, каб не ацякала рука, каб лімфадэма не развілася? Пасля хіміятэрапіі ёсць аблысенне ― дзе ўзяць парык? Як пабудаваць адносіны ў сям’і? Бо і інтымныя адносіны вельмі часта парушаюцца: мужчына баіцца неяк пакрыўдзіць жанчыну, не турбуе, клапоціцца пра яе здароўе, а яна расцэньвае гэта як тое, што яе менш любяць. Увесь гэты досвед неацэнны.

Яна змоўкла. Мы паглядзелі адна на адну, яна кіўнула і ўсміхнулася.

― Ці ёсць у вас чалавек, якога вы ставіце сабе ў прыклад? ― напісана ў мяне ў апытальніку.

Усмешка, якая ўжо збіралася знікнуць, раскрылася шырэй.

― Адразу мне ўспамінаецца адна дама, Вікторыя. І імя ў яе таксама такое… пераможнае. Калісьці ёй зрабілі аперацыю, потым другую. Яна потым так сказала: «Я зразумела, што цяпер усю па кавалачках мяне і парэжуць. Спачатку адзін кавалачак выдаляць, потым другі, потым трэці, і ад мяне нічога не застанецца». І яна пачала дзейнічаць, мяняцца. Яна пенсіянерка, працуе псіхолагам-кансультантам у Кіеве і ўвесь час спрабуе нешта новае: новыя метады цялеснай тэрапіі, новую сістэму харчавання… Цяпер ужо не для сябе, а каб дапамагаць. Я была ў яе на трэнінгах, яна цудоўна працуе. Дазнаешся так шмат новага пра сябе. І вось яна, Вікторыя, для мяне ўзор дзейнай, энергічнай жанчыны. Яна ўмее прыслухоўвацца да сябе і трываць. І дапамагаць.

«А што вы чуеце, калі прыслухоўваецеся да сябе?» ― захацелася спытаць мне. А яшчэ лепей ― памаўчаць, седзячы з ёй на гэтай канапе. Хацела б я працаваць на радыё, дзе ставяць часам цішыню ў эфір.

Мне давялося вымавіць нязграбнае і недарэчнае:

― Скажыце, як жывецца з гэтай праблемай у Беларусі?

Ірына кіўнула, гледзячы мне ў вочы і ўсміхаючыся, лёгка ўздыхнула і сказала:

― Шчыра кажучы (яна як бы папрасіла прабачэння за гэта), ёсць праблемы з пратэзамі, з некаторымі рэчамі. Іх трэба недзе прасіць, заказваць. Гэта магло б лёгка вырашыцца, але чамусьці стаіць на месцы. У тым жа басейне, у санаторыі, на моры… вельмі нязручна. Купальнікаў няма. Пратэз гэты вялікі, ён плавае… Такія дыскамфортныя дробязі. Можна зрабіць спецыяльныя абанементы ў басейн для жанчын, хворых на рак. Каб яны не саромеліся. Бо не заўсёды ёсць пратэзы ці купальнікі. Проста адвесці спецыяльны час, у які купаюцца толькі праапераваныя жанчыны. І яны маглі б там без пратэзаў паплаваць, адчуваючы сябе вольна і камфортна. Ніхто не глядзеў бы на іх і не здзіўляўся.

― Прабачце, але, можа, лепей было б вашаму мужу не ўдзельнічаць у выбарах?

― Я б ніколі не даравала сабе гэтага. У кожнага сваё жыццё і свая мэта. І Аляксандр ― ваяр, я заўсёды гэта ведала. Не хачу такой ахвяры. Не ведаю, як бы я гэта перажывала. Мне было б складаней.

Мне ўсё больш хацелася паглядзець на яе мужа. І на іх удваіх.

― І, вы ведаеце, нам жа прапаноўвалі свабоду. Аляксандра маглі адпусціць, калі б ён эміграваў. Мы адмовіліся.

― Але як вытрымаць чаканне?

― Мне ўвесь час здаецца, што яго вось-вось адпусцяць. Часам такая ўпэўненасць… Улетку аднойчы я прачнулася і зразумела: сёння ўвечары ён будзе дома. Я кінулася здымаць усе гардзіны, мыць вокны. Бо ён дакладна сёння прыязджае! Маё пачуццё і дапамагае мне, і падводзіць мяне. Але ж ясна, што ўсё адбываецца правільна. Мы не павінны былі паводзіцца інакш.

Зазвінеў тэлефон.

― Вам тэлефануюць.

― Гэта будзільнік, ― яна падышла да яго і выключыла. ― Нагадвае, што час прымаць лекі.

― Я пачакаю, прыміце.

― Усё нармальна, давайце працягнем.

― Вы ўпэўненыя? Апошняе, пра што я вас спытаю: вы пішаце кнігу. Пра што?

― Што вы, гэта не кніга! Нататкі. Я не ведаю, у які момант яны вырастаюць у кнігу.

― Усе просяць вас напісаць кнігу…

― Я імкнуся. Там гісторыя майго лячэння альтэрнатыўнымі метадамі і шмат успамінаў. Усё сплятаецца. Гэта будзе таксама часткай праграмы для хворых на рак. Я б хацела паказаць ім, што трэба змагацца ў любой сітуацыі. І што гэта нялёгка, ― яна памаўчала. ― Скажыце, гэта дыктафон называецца? Я так шмат вам расказала, я б уставіла гэта туды. Калі не складана, вы б маглі…

― Вядома, я прынясу вам запісы.

― Мне, бывае, хочацца пісаць, але сіл няма. А тут так зручна ― голас. Дочкі мае маглі б перадрукаваць.

― Я і сама вам прынясу тэкст. Тым больш, мы робім расшыфроўку для сайта. Нас жа цяжка «злавіць», нас чытаюць… Заўтра вы будзеце дома?

Я зразумела недарэчнасць пытання, але Ірына вельмі проста адказала:

― Буду.

Загрузка...