Першая пальчатка Польшчы


Зноў усплывае Перадзелкіна. З другога курса жыў я ў загарадам інтэрнаце ў чатырохмесным пакоі. Кампанію складалі аднакурснікі: асецінец Георгій Гагіеў і двое русакоў — калінінец Аляксандр Гевелінг і ленінградзец Барыс Нікольскі. Слаўныя хлопцы, добрыя таварышы, азартныя гульцы. Ноччу, адарваўшыся ад літаратуры, забівалі „трызубца”, часам і „казла”, а зімою прышпілялі да ног лыжы і імчаліся ў лес, на ўзгорысты бераг завілістай рэчкі, пад рэзідэнцыю праваслаўнага патрыярха ўсяе Русі, або ў бок Унукава, у чароўную бярозавую рощу. А тут Кірыл Іванавіч (а мо Іван Кірылавіч?), наш сяброўскі фізрук, падкінуў нам дзве пары баксёрскіх пальчатак.

— Учитесь боксу, ребята, в жизни пригодится!

Мы гэта ведаем, адным талентам у літаратуру не праб'ешся. На трэніроўку! Перамагае той, хто найдаўжэй выстаіць на нагах. Не хапае сіл, лезь пад стол. А я ў жыцці не меў на руках скураных пальчатак. Без бою лезці пад стол? Палез бы, але як на тое, у Маскве чэмпіянат Еўропы па боксу, і палякі выйшлі на першае месца. Трэба трымаць марку, я ж іх „амбасадар”.

Сябры выскачылі са штаноў, скінулі кашулі. У адных трусах і майках размінаюцца. А я начапляю на тулава амартызатар — польскі кажух, які здабыў на канікулах, а на рукі — агромністыя скураныя куксы. І пускаю ў вір верхнія канечнасці. Ніколі не думаў, што так лоўка можна імі віраваць.

— Польская школа! — пасля мінутнай паказухі заявіў я з выклікам:

— Кто первый?

Ахвочых не аказалася. Пальчаткі так і не згулялі адведзенай ім ролі.

Ажно прыехалі завочнікі. Выбіраюцца ў Ясную Паляну. І мы з імі. Ходзім па музеі-сядзібе, усё цікаўнае. Тут Леў Мікалаевіч пісаў, там араў, купаўся, адпачываў, назіраў ваколле. Згадваем, у якіх творах адлюстраваў і намі бачанае. А да мяне прыліп мядзведзіна сібірскі, на крок не адступае. Ахоўніка прыставілі? Непрыемнае адчуванне. Урэшце, калі ён на хвіліну адвярнуўся, дзялюся з Гагіевым сваім „адкрыццём”:

— Чего этот тип возле меня ветрится?

А Жора смяецца:

— Это боксёр. И я сказал ему, что ты — первая перчатка Польши...

Жартаўніком быў Жора. А я спазнаў смак баксёрскай славы. Ну і, выходзіць, фізрук меў рацыю.

Загрузка...