Паркінсан даказаў: кабінетныя пацукі размнажаюцца самазараджэннем. Цурком выкідае іх чорная адтуліна неарганічнай матэрыі. Упадуць на чатыры лапкі і тут жа нараджаюць сабе падобных.
— Як мой урад! — жахнуўся наш прэм'ер, зглыбіўшы тэорыю вучонага і даў указанні шэфу кабінета рыхтавацца да вайны з пародзістымі пацукамі. Мэта — кастрацыя мышападобных. Тактыка — маланкавае скарачэнне юрлівых хвастоў.
— Першы агонь выклікаю на сябе! — заявіў драматычна.
Даручана — выконвай. Шэфкаб склаў план бою ў канцылярыі гаспадара (644 пацукі!). З міністэрскіх чыноў стварыў корпус хуткага рэагавання АББ (адбюракрацім бюракратаў бюракратамі) і запрасіў штаб корпуса на рэпетыцыю.
Уключылі запраграмаваныя камп'ютэры, сыплюцца адсечаныя хвасты і тут жа сігаюць на новых уласнікаў. Пайшлі мутанты з двума, а то і трыма хвастамі, залежна ад рангу носьбітаў азадкавых канечнасцей. Штабісты напружылі мазгавыя звіліны, загадалі камп'ютэру правесці матэматычную аперацыю аналізу і сінтэзу — выскачыў шыфр:
644 + 26 = EUROPA
Клічуць дэшыфранта. Той тлумачыць:
— Каб канцылярыя прэм'ера працавала па-еўрапейску, патрабуецца 26 новых пацукоў.
— Капцы нам! — з горыччу канстатуе міністр унутраных спраў. — Тэрмапілы! Гаспадар хоча падпісаць мір І красавіка 1999 года, да ўступлення ў NATO.
— Толькі без панікі! — супакойвае генерал Глудзь, адказны за сувязь з часапрасторай. — Сёння кантачыў з вялікімі стратэгамі. Цікава адрэагаваў Мао. Высылае факс Бузку: „Не пераймай мяне. Мая вайна з вераб'ямі пацярпела фіяска — насякомыя з'елі ўраджай. Глядзі, каб цябе не з'елі пацукі”,
— Вось дылема! — цяжка ўздыхнуў шэф кабінета.
— Пацукі — не вераб'і, — рэзюміраваў міністр абароны.
Канчатковае рашэнне прыме „Дучэ”, які загарае ў Аўстраліі.